Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

Святлана АДАМОВІЧ

КАСЦЁЛ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ Ў РАДАШКОВІЧАХ

З гісторыі будаўніцтва

Дзень 19 мая 1853 года надоўга запомніўся жыхарам невялікага горада Радашковічы, які на той час уваходзіў у Вілейскі павет Віленскай губерні.

З рапарта радашковіцкага ксяндза Яна Драўдзіка Віленскаму біскупу Вацлаву Жылінскаму: «Мы ўжо не маем касцёла. Ад удару маланкі паміж 7 і 8 гадзінамі вечара ўчарашняга дня была знішчана найцудоўнейшая і найлюбімейшая мая [святыня], і цяпер я плебан без касцёла, святар без алтара, і парафія мая... цяпер засталася без малітвы...»

Калі загарэўся будынак касцёла, людзі кінуліся на яго ўратаванне, і дзякуючы намаганням парафіянаў — жанчын і дзяцей, а таксама паліцыі «пад кіраўніцтвам Буйвіда», шмат касцёльнай маёмасці было выратавана і нават ацалела званіца. «Толькі сігнатура з касцёльнай вежы і драўляная рама ад абраза святога Стэфана над вялікім алтаром згарэлі, але абраз паспелі выхапіць. Увесь астатні інвентар быў уратаваны. Адзінае, што было цалкам пашкоджана — арган і некаторыя драўляныя рэчы: менса, канфесіяналы, дробныя іконы, лаўкі, амбона»1.

Згарэлы драўляны касцёл быў пабудаваны ў 1734–1736 гг. у стылі барока. Ён быў узведзены на месцы старога касцёла Святой Тройцы, заснаванага яшчэ ў 1447 г. Пятром Гедыгольдавічам, віленскім кашталянам, і яго жонкаю Багумілаю. Падчас пажару, які знішчыў будынак першага касцёла, былі выратаваны партрэты яго заснавальнікаў, якія пасля пабудовы новага касцёла ў 30-я гады XVIII ст. разам з іншымі рэліквіямі ўпрыгожвалі інтэр’ер святыні. У маі 1853 г. па шчаслівым збегу абставінаў партрэты таксама былі ўратаваныя ад агню і ў апісаннях маёмасці касцёла, пабудаванага ўжо ў ХІХ ст., фігуруюць як «помнікі мінулага».

Усім было зразумела, што патрэбны новы будынак касцёла: парафія налічвала 3630 вернікаў, таму ў Радашковічах і яго ваколіцах быў арганізаваны збор сродкаў на будаўніцтва святыні. Нягледзячы на цяжкую хваробу, гэтую працу ўзначаліў ксёндз Ян Драўдзік. Галоўнымі фундатарамі касцёла былі Людвік і Антоній Валадковічы, але шчодрыя ўнёскі зрабілі таксама многія парафіяне, якія палічылі сваім абавязкам удзельнічаць у дабрачыннай акцыі. Значная дапамога прыйшла з Віленскай кансісторыі, дзе адначасова таксама вырашалася пытанне аб распрацоўцы праекта новага касцёла.

У Нацыянальным гістарычным архіве Літвы ў Вільнюсе захоўваецца вялікая колькасць дакументаў, у тым ліку перапіска Віленскай духоўнай кансісторыі з Віленскай губернскай будаўнічай і дарожнай камісіяй, у якой абмяркоўваліся пытанні аўтарства, месца размяшчэння і знешняга выгляду будучага касцёла, які, акрамя свайго асноўнага прызначэння, павінен быў стаць галоўным упрыгожваннем цэнтра Радашковічаў. Паводле архіўных звестак, распрацоўка праекта новага каменнага касцёла была прапанаваная мінскаму губернскаму архітэктару Казіміру Хршчановічу*. Доказам аўтарства гэтага архітэктара з’яўляюцца чарцяжы, захаваныя ў фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Літвы, па якіх, з некаторымі зменамі (тычацца ў асноўным фасадных вежаў і дэталяў вонкавага дэкору), у далейшым была праведзена пабудова новай радашковіцкай святыні.

Фрагмент плана горада з тэрыторыяй касцёла.
Архітэктар К. Хршчановіч, 1853 г.

Месца для будаўніцтва касцёла было гістарычна прадвызначанае: там, дзе раней існавалі згарэлыя храмы, але вось пытанне арыентоўкі касцёльнага будынка, нягледзячы на рэзалюцыю Віленскай рымска-каталіцкай духоўнай кансісторыi («Гэтая царква павінна быць звернутая пярэднім фасадам да гарадской плошчы»), было вырашана не адразу. На праектным плане К. Хршчановіча, датаваным 1853 г., можна бачыць, што будынак размешчаны да гарадской плошчы бакавым фасадам. Ёсць падставы лічыць, што такое рашэнне тлумачыцца тым, што дастаткова прасторная будаўнічая пляцоўка дазволіла аўтару праекта размясціць касцёл згодна з хрысціянскай традыцыяй — апсідай на ўсход (так на чарцяжы); па-другое, архітэктар, магчыма, разумеў, што некалькі габрэйскіх дамоў, якія ў той перыяд існавалі на Базарнай плошчы, пры іншым размяшчэнні касцёла перакрывалі б выгляд яго галоўнага фасада з боку асноўнай гарадской дарогі — Мінскай вуліцы (цяпер вул.Савецкая). Толькі пасля зносу гэтых будынкаў, пабудаваных насуперак пастановы, якая забараняла «мець дамы паблізу Божых храмаў», касцёл быў развернуты галоўным фасадам у бок плошчы і паштарскай дарогі, як і прадпісвалася кансісторыяй. Реальное размяшчэнне будынка касцёла можна ўбачыць на плане горада 1888 г.2

29 верасня 1853 г. Віленская губернская будаўнічая і дарожная камісія зацвердзіла фасады, план і разрэз касцёла, складзеныя архітэктарам К. Хршчановічам3.

13 мая 1854 г. Віленскі біскуп Вацлаў Жылінскі даслаў ксяндзу Яну Драўдзіку прадпісанне аб неабходнасці выканання, паводле рымска-каталіцкай традыцыі, рытуалу закладкі краевугольнага каменя новай Божай святыні. Урачыстая падзея адбылася 1 красавіка гэтага ж года, і, на радасць парафіянаў, пачалося будаўніцтва касцёла.

На жаль, ксёндз Ян Драўдзік неўзабаве памёр пасля працяглай хваробы, адпісаўшы ў тэстамэнце 4-ю частку сваёй маёмасці на будаўніцтва святыні. Ён быў пахаваны 21 снежня 1854 года. Абавязкі вілейскага дэкана ў гэты перыяд выконваў ксёндз Антоній Пузылевіч, які прыняў на сябе кіраўніцтва па ўзвядзенні новага касцёла.

Будаўнічымі працамі кіраваў каменшчык з Чарнігаўскай губерні Навазыбкаўскага павета Савелій Клімаў [сын] Влазнеў** па кантракце, заключаным яшчэ з ксяндзом Янам Драўдзікам у 1854 годзе. За пабудову касцёла Савелію Влазневу было абяцана 5 тысяч рублёў срэбрам4. Ён жа ўзяў на сябе абавязкі па вырабе цэглы, вытворчасць якой была наладжаная ва ўладаннях памешчыка Снітко.

Спачатку будаўніцтва касцёла вялося досыць хуткімі тэмпамі. У 1855 г. дэканам касцёла быў прызначаны ксёндз Пётр Жылінскі (1816–1887), аднафамілец ксяндза Вацлава Жылінскага (1803–1863), які займеў пазней кепскую славу: падчас паўстання 1863–1864 гг. ён служыў у Радашковічах, але хутка апынуўся ў Вільні, дзе атрымаў медаль «За подавление Январского восстания1863–64» і новую пасаду.

Праектныя чарцяжы радашковіцкага
каменнага касцёла.
План, галоўны і бакавы фасады,
папярэчны разрэз, 1853 г.

У лістападзе 1855 г. кс. П. Жылінскі паведамляў у Віленскую кансісторыю: «…Через целое лето до 21 октября все стены сделаны кирпичом в округ сего костела и внутри столбы тоже. Все строение вышиною аршин 7 ½ или по плану можно щитать [так у дакуменце. — С. А.] половину сего строения, где в количестве кирпича употреблено 500,000 тысяч, и таковое строение накрыто досками до время наступления весны». Але ўжо ў лютым 1856 г. высветлілася, што сродкі, сабраныя на ўзвядзенне святыні, скончыліся, і таму ксёндз Жылінскі звяртаецца у кансісторыю з просьбай аб дадатковым фінансаванні для заканчэння будаўніцтва касцёла. Сродкі былі выдзеленыя, і праца аднавілася. Між тым Савелій Влазнеў пакінуў Радашковічы («по невозможности окончания оной работы»), але дакладныя прычыны яго рашэння і імя яго пераемніка нам не вядомыя.

У рапарце ксяндза Пятра Жылінскага ў Віленскую рымска-каталіцкую духоўную кансісторыю ад 2 верасня 1860 г. паведамлялася, што будаўніцтва касцёла закончана, i 1 кастрычніка 1859 г. адбылося яго асвячэнне. Вядома, што касцёл быў асвечаны па даручэнні Віленскага біскупа Адама Станіслава Красінскага (1810–1891), але кім менавіта, у дакументах не паведамляецца. 3 верасня 1860 г. новая святыня была кансэкравана пад тытулам Святой Тройцы5.

Паводле кантракта на выраб для касцёла новага аргана мінскім майстрам Бяляўскім, яго праца мусіла быць завершанаю да 30 жніўня 1861 года з умоваю выканання шэрагу патрабаванняў: каб арган быў з сасновага дрэва, меў механізмы з настройкаю ўсіх 10-ці галасоў, клавіятуру з чатырох актаваў, фурнітура павінна быць натуральная (костка), мяхоў — тры, адпаведнага памеру і г.д. Арган быў зроблены датэрмінова, і яго майстар Бяляўскі, які жыў у Мінску, атрымаў за сваю працу 963 рублі6.

У інвентарным апісанні касцёла (прыблізна перш. пал. 1860-х гг.) паведамляецца: «Костёл… стоит передним фасадом на восток с двумя башнями, которые имеют четыре этажа, длиною 56 арш., шириною 35 арш., вышиною башен 40 арш. В середине своды на 6 столбах, крыша гонтом крыта, а башни — железною листовою бляхою…»7.

Фрагмент плана г. Радашковічы, 1888 г.

Пасля асвячэння касцёла працы ўнутры яго будынка і на яго тэрыторыі працягваліся яшчэ некалькі гадоў. У рапарце ад 29 жніўня 1863 г. дэкан П. Жылінскі паведамляў, што «ўсё патрэбнае для набажэнстваў і касцёльнага парадку» ў святыні ёсць, але яшчэ неабходна зрабіць каменную агароджу каля касцёла. Яе праект быў таксама распрацаваны Казімірам Хршчановічам, але, верагодна, з-за адсутнасці сродкаў (патрабавалася сума 1500 рублёў срэбрам) яго так і не рэалізавалі. У сакавіку 1868 г. адміністратар касцёла ксёндз Карвоўскі прасіў кансісторыю дазволіць «часова агарадзіць касцёл коллем, бо розныя жывёлы псавалі яго сцены»8. Праз шмат гадоў вілейскі дэкан Сульжынскі мусіў зноў узняць пытанне аб каменнай агароджы, без якой прыгожы будынак касцёла «много теряет на эфекте», бо агароджаны згніўшым драўляным коллем9. Толькі ў другой палове 1870-х гадоў пытанне нарэшце вырашылася.

У 1885 г. з ініцыятывы ксяндза Любавіцкага распачаўся збор сродкаў на рамонтныя працы ў касцёле: новую падлогу, ачыстку і афарбоўку сценаў, рамонт алтароў, замену вокнаў, даху і шмат чаго іншага.

З апытальнага ліста, складзенага пробашчам касцёла на пачатку ХХ ст., вядома, што: «Костел возведен в один ярус, из кирпича, покрыт гонтами… Есть хоры на 30 человек и орган. Имеет четыре алтаря: большой в честь Пресвятой Троицы, боковой 1-й в честь Пресвятой Богородицы, боковой 2-й в честь св. Анны и в костельной каплице в честь св. Антония». У касцёле наладжваліся фэсты ў дзень Святой Тройцы (у нядзелю пасля 26 ліпеня), а таксама на ўспамін святой Ганны і ў дзень гадавіны асвячэння касцёла10.

На пачатку ХХ ст. у касцёле і яго забудовах былі праведзены маштабныя будаўнічыя працы. У адрамантаванай каменнай агароджы, перад галоўным уваходам у храм, была ўзведзена каменная брама з трыма аркавымі праходамі, якія спачатку зачыняліся драўлянымі дзвярыма11.

На касцёльнай тэрыторыі, паводле звестак інвентарызацыі 1911 г., знаходзіліся два пахаванні (маці былога дэкана і кс. Ардынскага), хоць па сцверджанні ксяндза А. Белазора хаваць нябожчыкаў каля касцёла было забаронена12.

План-схема тэрыторыі
касцёла з рознымі
пабудовамі, 1910 г

На плане тэрыторыі касцёла, зробленым «ад рукі» ў 1910 г., бачна, як адносна храма размяшчаліся драўляныя забудовы, якія належалі касцёлу, — два жылыя дамы і пяць гаспадарчых13.

У адной са справаздачаў пробашча касцёла за 1911 год паведамляецца пра наяўнасць у касцёле пяці «достопримечательных памятников»: карціны з выяваю св. Юзафа (копія працы Сымона Чаховіча); выявы Маці Божай з Янам Хрысціцелем і Езусам (копія з працы Рафаэля); вітражы, партрэты віленскага кашталяна Пятра і яго жонкі Багумілы Гедыгольдавічаў, а таксама паведамляецца, што ў касцёле ёсць дзве капліцы — св. Антонія і Св. Дзевы Марыі14.

З канца ХІХ ст. у архіўных дакументах пра стан касцёльнага будынка адзначаецца праблема з галоўным фасадам храма, у якім лопнула сцяна. Аднак абследаванне будынка не выявіла небяспекі гэтага дэфекта і на стан яго «жыццяздольнасці» дадзеная праблема ніяк не паўплывала, але праз паўстагоддзя менавіта гэта стала прычынаю для закрыцця касцёла і спынення дзейнасці рэлігійнай супольнасці католікаў, нягледзячы на тое, што пасля Айчыннай вайны храм быў зарэгістраваны як «ранее действующий».

Па афіцыйных дакументах касцёл Святой Тройцы ў Радашковічах быў зняты з рэгістрацыі 1 красавіка 1960 года, але ўлады Мінскай вобласці пярэчылі правядзенню ў ім набажэнстваў значна раней. Як гэта часта здаралася ў Беларусі, касцёл і яго будынкі выкарыстоўваліся мясцовымі ўладамі «для использования по своему усмотрению»: у будынках гэтага касцёла былі размешчаныя цэхі вытворчага аб’яднання «Беларуская кераміка». Але гэта не стало канцом святыні і мясцовай парафіі, жыццё якіх і падчас актыўнага існавання касцёла, і пасля яго закрыцця было напоўненае многімі значнымі падзеямі, пра якія мы яшчэ раскажам…


      * Казімір Мельхіёравіч Хршчановіч (1794–1871) — выпускнік Віленскага імператарскага ўніверсітэта, кандыдат філасофіі, з іменем якога звязаны значныя пабудовы ў Мінску: адміністратыўны будынак на рагу пл. Свабоды і вул. Інтэрнацыянальнай; Гарадская бальніца і Ваенны шпіталь; комплекс збудаванняў Архіерэйскага дома; Пішчалаўскі замак; дом Гаўсмана (пазней — палац Чапскіх) і многія іншыя. Мінскі губернскі архітэктар (1825–1863).

      ** Цікава, што ў 1850 г. Лявон Ашторп, уладар Прылукаў, заключыў з Савеліем Влазневым кантракт на аднаўленне дома, вядомага цяпер як Прылуцкі палац, узвядзеннем якога апекаваўся Казімір Хршчановіч: магчыма, ён быў і аўтарам праекта рэканструкцыі дома. У. Дзянісаў «Сядзібна-паркавы комплекс у Прылуках. Жыццё Айчыне, гонар нікому», Мінск, 2010.


  1. Нацыянальны гістарычны архіў Літвы, Вільнюс. Ф. 604, воп. 4, д. 1280, л. 4, 125.
  2. Тамсама, воп. 1, д. 10247, л. 5.
  3. Тамсама, воп. 4, д. 1280, л. 114.
  4. Тамсама, л. 204.
  5. Тамсама, л. 85.
  6. Тамсама, л. 270.
  7. Тамсама, д. 2097, б/н.
  8. Тамсама, л. 5.
  9. Тамсама, воп. 5, д. 3108, л. 2.
  10. Тамсама, воп. 1, д. 10247, л. 21.
  11. Тамсама, воп. 4, д. 5618, б/н.
  12. Тамсама, воп. 1, д. 10247, б/н.
  13. Тамсама.
  14. Тамсама.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY