Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(94)/2020

З СЯРЭБРАНЫМ ЮБІЛЕЕМ!
Асобы
Спадчына
Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ
ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Асобы
Тэалогія

БРАМЫ ДЛЯ ЗЛОГА ДУХА
Навука

ДЫРЫЖОР СКАРЫНАЗНАЎСТВА
Літаратуразнаўства
Да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча
Да 150-годдзя Фердынанда Рушчыца
Паэзія

ХАЙ СВЕЧКА ВЕЧНАСЦІ ГАРЫЦЬ
Інтэрв’ю

КАБ ВЕСЦІ ДЫЯЛОГ З БОГАМ
Прэзентацыя
Мастацтва

Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ

Зацемкі з падарожжа ў Рым

Заканчэнне. Пачатак у №1.

Базыліка Santa Maria Magiore ў Рыме. Фота пач. ХХ ст.

Нядзеля 15 кастрычніка, то быў хіба найбагацейшы ўражэннямі ды рожнымі перажываннямі дзень мае пельгрымкі.

Рана — Імша святая пад зямлёю, пры гробе майго патрона, аб якой лятуцеў усю дарогу. Ледзь туды дабіўся. Прышлося браць штурмам тое мейсца святое. Што за талака! Дык тут больш народу, як у верхняй базыліцы! А духоўнікі, гатовыя да Імшы, стаяць у «хвасце», не раўнуючы бы ў Расеі галодныя, чакаючы хлеба. Прашу аднаго з іх, стаячага перада мною, каб уступіў мне сваю чаргу, бо я, прыехаўшы аж з-за 3 тысячы кіломэтраў, вельмі ж мала маю часу.

— А я з-за 10 тысяч кіломэтраў — ветліва пэрсвадуе зачэплены законнік. — !?

Быў то місіонэр бэльгійскі з паўдзённай Афрыкі.

З-за 10 тысяч кіломэтраў! Бойцеся людзі Бога! Гэта ж ня жарты! Вот тут так сапраўдны інтэрнацыонал!..

І так у цярплівым задуменным чаканні ўцякае мне 3 гадзіны.

Урэшце з трывогай іду да алтара.

«Святы Пётра, — шапчу са слязьмі падчас Імшы, — Заступніку мой найвярнейшы, вымалі цудоўную помач вызвалення з ланцугоў гаротнай Бацькаўшчыне маей, як вымаліў калісь для цэлага Хрысціянства вызваленне з няволі паганшчыны лютое!.. А вызваліўшы Народ Родны, прымусь яго, Божа, служыць Табе! Служыць шчасцю ягонаму!..»

Такі вось вянок завёз я і злажыў сучасным звычаем на гробе Божага Ключніка ад твайго імені, Беларускі Народзе!

Снедаючы на тэрасе аднэй з цэнтральных рэстаўрацыяў Фараглія на Вэнэцкім Пляцы, углядаюся на святочны рух гораду. Сонца бярэцца ўжо ў сілу. Гараць блескам ды краскамі вітрыны пазамыканых магазынаў ды рожнакраскавыя строі моладзі, запаўняючай пляц. Рыхтуецца нейкі карагод.

Што гэта маецца быць?

— Сяння свята віна, — чую з боку.

Заводжу гутарку з сядзячымі ля мяне аркестрантамі. Талкуюць яны мне, якую карысць дае такое святкаванне: родзіць — кажуць — і падымае энтузіязм да працы, паглыбляе любоў да роднай старонкі, якая так шчодра дарыць нас пладамі свае прыроды.

Signore адкуль? — пытаюць вымоўна, мерачы мяне вачыма ад ног да галавы.

— З балот і пушчаў непраходных, дзе слаўныя жубры і мядзведзі жывуць згодна з людзьмі. Biancoruthenia завецца мой край (non Russia-Moscovia), даўней слаўны, устрымаўшы паход манголаў на Эўропу, а сяння бяздольны край, паняволены і ашуканы праз народы пабратымчыя…

Biancoruthenus! Se nella vostra patria tutti sono alti? (І такія ўсе рослые ў вашай старонцы?) — дзівяцца, ківаючы галавамі.

— Ёсць яшчэ раслейшыя за мяне.

Evviva, Biancoruthenia! — гратулююць, падносячы па-фашыстоўску далоні.

Evviva, Italia! — ветліва адказваю.

Па снеданні бадзяюся па высокай галерыі кругом Forum Romanum (брук старога Рыму ляжыць на мэтраў 4–5 ніжэй новага), лажу, разглядаючы слаўную Калюмну Траяна з пяцісот фігурамі плоскарэзьбы з гісторыі панавання гэнага цэзара ды іншыя забыткі. Сколькі ўспамінаў пышнай магутнасці старадаўнага Рыму лезе ў душу, калі глядзіш на гэныя разваліны, засяляныя калісь праз паноў светаўладных!.. Мімаволі збягаюць на думку ведамыя словы: «sic transit Gloria mundi» — так мінае слава свету...

А во? Што гэта? З глыбіні Piazza Venezia паўзуць нейкія два чорныя вузлы. Папы, каб я здароў, папы! І так, як бы нехта знаёмы? Падходзяць бліжэй — Эксцэленцыя Бп. Ч. і а. З. васіліянін! Evviva! Сардэчна вітаемся, дзівячыся так прыпадковаму шчасліваму спатканню на далёкай чужыне. Стаімо хвілінку ў сонцы сярод удараючых дзіваў старога і найнавейшага свету. А аб чым гутарым? Ані слова аб тых цудах свету, далёка ўцёк ён ад нас, так, як бы і ня было яго прад намі. Талкуем пра свае родныя балючыя адраджэнскія справы, быццам спаткаўшыся дзе ў Вільні ці Кіеве і гледзячы на румовішчы роднае славы... Такія думкі балючыя неадступна ляжаць на дне паняволеных душ... Асадзеце іх у самым раю, то і там яны сумавацьмуць, гледзячы з высяў ягоных на чорную крыўду братоў і Бацькаўшчыны...

Развітаўшыся, іду на слаўны Палятынат. І новая, цікавейшая, неспадзяванка! Сярод рожнамоўнай ды рожнастройна элеганцкай публікі здаецца мне ў ваччу нешта так як бы падобнае да нашай беларускай, у самадзелавай спадніцы сялянкі. Няўжо гэта наша паважаная «bianco rutenka»? Вачам трудна верыць. Тут, на Палятынаце, беларуская жанчына! Але рызыкну — думаю сабе — і спытаю па-беларуску.

— Адкуль, — кажу, — цётанька і як сюды забадзялася? І о, цудзе!

— З-пад Горадні, войчанка, — звініць найчысцейшая беларушчына тыпічнай нашай пабожненькай дэвоткі. — Ці ж мяне айчуляк не пазналі? То ж мы разам у пельгрымцы ехалі, я ж вам і Гадзінкі ў вагоне памагала спяваць.

Ну і дзень, — думаю, — байковы дзень: прыгода за прыгодай! Праўдзівы сяння з мяне Тарас на Парнасе!..

— Як жа ж, мілая, сюды забадзялася?

— Адбілася ад пельгрымаў, загледзіўшыся тут на хараство гэна. Я ўжо ня ведала і сама, куды мне дзецца і што рабіць, аж галава мне парвала балець, страх мяне агарнуў, як — думаю, — запаўзу ў тую сваю гасцініцу (от забыла ўжо, як яна і завецца). Ажно Бог вас, войчанка, прынёс. Сапраўды мусіць святы Антоні малітву маю выслухаў. Даруйце, я ўжо ад вас не астануся.

— Ну добра. А як жа табе ўсё тутака падабаецца?

— А хто ж яго тут судомае: от, стаяў бы ды глядзеў бы і глядзеў бы без канца. Думкі млеюць, словы ўцякаюць, нельга тога хараства і пераказаць. Гэта ж, войчанка, таксама нейкі мусі касцёл? — Пытае, паказваючы на цэнтральны павільён Палятынату.

— Гэта такі «касцёл», дзе багі даўней спраўлялі распусныя банкеты. Глядзіць баба, утаропіўшыся, натуральная здаровая лёгіка ейная ня можа згадзіцца з гэтым: каб то багі ды п’янствавалі.

— Даўнейшыя, — аб’ясняю, тутэйшыя цары паганскія з лішняе пыхі ўважалі сябе за багоў, ім кадзілі і кветкі перад імі сыпалі, помнікі ось гэтыя ім з каменняў вырэзвалі, гэты і палац ім выстраілі.

— Ой, каб іх ліха, ці ж гэта ім усё за тое, што яны распуставалі?

— Ну, вялікая п’янства і збыткі заўсёды ж людзей з глузду збіваюць.

Агледзілі старыя забыткі, арла і воўка ў клетцы, якога трымаюць тутака на памятку легэндарна- га пачатку Рыму, заснаванага ў 762 г. перад Хрыстом праз Рэма і Рэмулюса на тым мейсцы, дзе іх выкарміла ваўчыца. Мейсца гэна, знача, было калыбеллю сталіцы свету.

— Ксенжачку, мне вельмі спяшно на кватэру, баюся бо, каб не спазніцца да Папежа, хіба ж і вы разам выбіраяцеся...

— Э, яшчэ ня зараз. Паспеем.

Аўто!

Падкачывае таксоўка. Эх, пракатаю цябе — думаю — вяльможная матухна, як дастойную патрыцыанку па слаўных дарогах цэсаравых сталіцы свету! Ці ж не заслужыла ты, мурашка працавітая, карміцелька Эўропы, хоць кроплю скаштаваць прыемнасці, якой захлыстаецца цывілізаваны свет? Чым жа горша ты ад тых матронаў рымскіх і арыстакратак, якія ў лектыках залацістых і калясніцах, увенчаныя кветкамі, спацыравалі трыумфальна па гэных гістарычных бруках!?

І едзем. Едзем трыумфальна з Палятынату слаўнаю via dell Impero, мы, беларускія мужычкі, а з дарогі зыходзіць нам элеганцкая публіка. Хто ведае: мо сярод яе ёсць шляхотнаўроджаныя дастойнікі, ёсць князі ды бароны, выводзячыя даўны род свой з тых, што называлі сябе багамі... Эх, каб хто з блізкіх радзімцаў бачыў нас тады «трыумфуючых», ня ўтрымаўся б ад громкага прывету.

Мінаем Форум, Калізей. Затрымаемся пасля на хвілінку ды агледзім базыліку Маткі Боскае, т. зв. Santa Maria Magiore. Тымчасам дарогаю раскажу цікавую легенду аб гэнай слаўнай святыні.

У IV веку адзін багаты рымскі магнат маніўся аддаць на карысць Касцёлу сваю вялізную маёмасць. Тады ўва сне цудоўным, адначасна з тагдашнім Папежам Лібэрыем, атрымоўвае ад Найсвяцейшае Дзевы загад: на тым мейсцы, дзе заўтра спадзе снег, збудаваць на чэсць Яе святыню. І сапраўды — з 4 на 5-ы жніўня, у пару найбольшае спёкі ў Італіі, выпаў снег і пакрыў усё Эсквілінскае ўзвышша.

Ян (так зваўся той пабожны рымлянін) пабудаваў на гэным узвышшы святыню, якую на памятку цуду і празвалі Маткай Боскай Снежнай.

У вялікім алтары яе спачываюць косці св. Апостала Мацея. У крыпце прахоўваюцца астаткі бэтлеемскай стаенкі. Ёсць многа цэнных мозаік. Але найбольшай святасцю тут — гэта цудоўны абраз Маткі Божай, які аддавён цешыцца вялікім культам рымлян.

Аднак ня гэта ўсё астаўляе на душы нашай незаціральную пячаць уражэння. Ёсць у левай наве гэнай базылікі новая статуя Маці Божай: «Валадарыні Згоды».

— Глянь, — звяртаю дабітна ўвагу мае пабожнае спадарожніцы, жадаючы даследзіць сілу мастацкага ўплыву на простую душу. — Глянь уважна.

— Ах! Міленькі! — дзівіцца захопленая і стрывожаная жанчына. — Дык жа Матка Боская тут жывая!

Так, жывая. Надземная роўнавага, граза і павага жыва б’е з Яе прыхмуранага беласнежнага аблічча. Седзячы на троне, аднэй рукой падае збянтэжанаму свету стаячага на лоне Божага Сынка, а другою, энэргічна выцягнутай, як бы ўцішае ўзбураны свет. Гаючае і магутнае: «Супакойцеся, народы!» — чытаецца ў Яе Боскіх вуснах ды вымоўных жэстах.

Цуд мастацтва! Ці можна гэніальней прадставіць збаўчую ролю рэлігіі ў нашых часах!?

На гэтым і кончымо пабежныя нашы зведзіны слаўнае Ромы. Паспяшэмо ж адведаць урэшце яе Найдастойнейшага Гаспадара.

Аўдыенцыя ў Святога Айца вызначаецца загадзя, за некалькі дзён, а часамі і тыдняў. Нам прышлося чакаць чатыры дні. Багаты зместам дзень сяннешні і меў іменна закончыцца гэнай аўдыенцыяй.

А гадзіне шостай вечарам збіраемся ля Бронзавай Брамы; дамы, паводле Ватыканскай этыкеты, у чорных, паненкі ў белых доўгіх сукнях з вэлёнамі на галаве, мужчыны ў фраках, а духавенства ў сутанах з пасам.

У падножжа высокіх раскошных мармуровых сходаў, так званых Scala Regia, важна спацыруюуь у орыгінальных рознакраскавых уніформах, з галябардамі за плячом, папескія гвардзісты, пільнуючы ўходу. Эх, стройныя ж, рослыя хлопцы! Адзін з іх гаворыць за мною свабодна па-расейску. Не для самай парады толькі яны тут снуюць дзень і ноч. О, вялікая тут іхняя задача, асабліва падчас вялікага наплыву з усяго свету наведнікаў. Могуць быць сярод вечна кішучага тут мурашніку таго людзі з рознымі намерамі... Трэба тут расшыфраваць усякага і то спосабам, вымагаючым выжэйшай тактыкі.

Калі група наша памалу ўжо скомплетавалася, гвардзісты, запрашаючы, вядуць нас па тых трыумфальных сходах уверх. Мужчыны ўперад, жанчыны ззаду.

Ідзём праз нязлічаныя разлеглыя, свецячыя геніяльным мастацтвам і сплендорам салі, а ўсюды спатыкае нас штораз страйнейшая і ветлівейшая ганаровая служба. Цікавасць і радасць раздымае сэрца.

Урэшце размяшчаюць нас у так званай Салі Троновай. Простая структурай, але багатая старымі мастацкімі фрэскамі, змяшчаючымі ў сабе гісторыі Божага Рыбака. Пры аднэй са сцен стаіць на ўзвышэнні трон: звычайны, з кармазынавага плюшу ды з залочаным абрамаваннем фотэль пад балдахінам. Наабапал удоўж сцен справа і злева бягуць рады плюшовых, у падобным стылю, фотэлікаў, на якіх парадкам садзімося. Справа — мужчыны, злева — жанчыны. Чакаем больш-менш гадзіну. Разглядаемся. Кругом удараючая прастата і свойскасць. Чым бліжэй, знача, цэнтру, тым больш скромнасці. А каб дайшлі мы да самага памешкання Апостальскага Намесніка, знайшлі б там яшчэ большую прастату і скромнасць. На свой прыватны ўжытак Айцец Святы займае толькі чатыры пакоі. А ўвесь сплендор той ватыканскі патрэбен не яму, а для ягонага найвыжэйшага ўраду і стану.

Цікава асветлена саля, нідзе ня відно ані жырандолю, ані электрычных лямпаў; усё так містэрна ўкрыта, што, выдабываючы з сцен прыстарэлыя фрэскі нявідомай светляной сілай, выклікае сапраўды байковы настрой.

Куды я, паляшук мізэрны — думаю сабе — папаў? Ці гэта сон, ці ява?.. Скора збудуцца мае даўгалетнія лятуценні... Так за хвілінку аглядацімо яго дастойнае апостальскае аблічча.

На салі з’яўляюцца адзін за другім дастойнікі з світы папежавай, і свецкія і духоўныя, з пасярод якіх выдзяляецца паставай і значэннем так званы Majordomus Яго Святасці.

Чакаем далей. Прыцішны гоман пачынае напаўняць салю. Таварыства чуецца штораз смялей.

Раптам увагу прысутных электрызуе пяруновае: «Ідзе!». Усё на салі, як стаяла — замярло на мейсцы, уставіўшы вока ў дзверы налева ад трону.

Сэкунда, і — ціханька, паважна паказваецца белы, атулены пурпуровым плашчам. На салі адчуваецца такое ўражанне, як бы дух які нявідочны з’явіўся. Як бы ня ён адзін, а Пётр ці Хрыстус сам увайшоў у ягонай асобе. Сэрца трапечыцца штораз мацней.

Laudetur Jezus Christus, — вітае далікатным, надзвычай мілым голасам.

In seacula saeculorum. Amen, — грыміць з трохсотных грудзей, разносячы рэха па салях, адказ.

Ідзе ў бок трону, папераджаны асыстай. Але не садзіцца. Падходзіць да кожнага кленчучага пельгрыма паасобку, пачынаючы з правай стараны трону, благаславіць рэліквіямі св. Пётры, даючы да пацалавання «Персцень Рыбака», у якім яны знаходзяцца. Сяго-таго абдарыць ласкавым слаўцом. Асыста рэкомэндуе, каго знае. Я дрыжачымі вуснамі, цалуючы персцень, рэкомэндуюся сам: de finibus comunisticis sum, biancoruthenus…

Eco! — перарывае мяне з выразам здзіўлення.

Valde oppressi sumus… (Мы страшна прыгнечаныя.)

Perseverandum vobis est, fili mi!..

Багаславіць мяне змучанаю рукою і йдзе далей. Вот і па ўсім спатканні. Трывала яно толькі паўхвілінкі.

Абходзіць кругом так усіх і вяртаецца з другой стараны ў тое мейсца, адкуль выйшаў. Садзіцца на троне. І чулымі айцоўскімі славамі гаворыць да нас, акружаючых трон, паўгадзіны. Гаворыць па-італьянску, пераплятаючы лацінскімі цытатамі, больш-менш у такім сэнсе:

— Дзеці мае наймілейшыя! Як жа напоўнілі вы маё сэрца айцоўскаю радасцю ды ўдзячнасцю Богу, што з такім петызмам, накладам фатыгі і коштаў, у нашых так няспрыяючых часах, прышлі ў дом мой, дзеці — да айца свайго. Верым, што прывяла вас сюды прывязанасць і паслушэнства сыноўскае.

Аглядаючы беспасрэдна памяткі святыя па нашым Збаўцы, пры гробах святых апосталаў ды мучанікаў, распальвайце і ўзмагутняйце духа веры, любові і надзеі, карыстаючы з праўдзіўных сродкаў Хрыстовага Збаўлення ў гэтым юбілейным годзе.

А духам вашым ачышчаным ды распаленым ідзеце і запаляйце сваё серадовішча, дзе жывеце і працуеце. Старайцеся ахрысціць лад і правы вашай дзяржавы! Духам нашым шчыра хрысціянскім мусімо перарабіць свет, тады канец настане ўсякім крызысам!..

А найбольшай карысцю юбілейнай пельгрымкі вашай хай будзе ўдасканаленне і збаўленне вашае!..

Змест прамовы — ясны, звязлы. Ток мыслі — быстры, лёгкі, свабодны, — сведчыць аб выбітных здольнасцях дастойнага моўцы. Дыкцыя жывая, пабуджаючая ўвагу, хоць у жэстыкуляцыі відаць страшэннае перамучэнне. Тон — лагодны, прыемны, з лёгкім адценнем старчага трэмоля.

Дастойнае чало паарана ўжо разорамі старасці, ня так гладка выглядае, як на партрэце. Але на свае гады, судзячы з рухаў ягоных ды так разлеглай і вытрывалай дзейнасці — заэнэргічны. Сапраўды ў гэтым чалавеку дзее Дух Святы.

Пасля перакладу мовы на язык пельгрымаў устае, удзяляе апостальскага багаславенства і паважна адходзіць пад гукі «віватаў» і пабожнай песні.

Як прыкра разставацца з тою шчаснаю, памятнаю хвілінай! Хвілінай салодкай на ўтульным лоне Айца, якая ўжо мо ніколі ня вернецца ў жыцці!.. Так хутка прамінула яна, як сон, як байковая мара!..

Мой Божа, як жа бедныя людзі, асабліва тыя хрысціяне, якія не каштавалі салодкага айцоўства над сабою ў дні горкага бяздолля, сумнага сіроцтва!.. Ці хутка ім асалодзіць яго Бог міласэрны?..

І памчалася душа мая на крыллях думак гарачых з тых высокіх светлых апостальскіх харомаў далёка, далёка на разлеглыя лясістыя даліны родныя, пад хмарнае неба, да гарадоў і саламяных вёсак, дрэмлючых у паўночнай халоднай мгле, да братоў маіх сярмяжных каталікоў і некаталікоў...

І хацелася стацца духам вешчым быстракрылым, бы той Анел, будзячы Ізраэля з няволі Егіпскай, і ляцець, сагрэць сэрца, зняць заслону з вачэй сонных, лянівых, упярэджаных...

І хацелася крычаць, крычаць на ўвесь свет.

О, як мілыя прыбыткі Госпадавы! Тужыць і млее па іх душа мая!.. Прыдзеце і пакланецеся народы! Тут Праўда і Дарога, і Жыццё, і Сіла!..

Везувій, Пампеі. Фота пач. ХХ ст.

* * *

О, Неаполю, чароўны краю!
Хто цябе ня відзеў —
Не каштаваў раю!

— спяваем наступнае раніцы, пакуючыся да бруднага, як карчма жыдоўская, готэлю. Слугі заклінаюцца, што ён першакласны. Хай сабе. Няма часу спрачацца, бо на Нэаполітанскай затоцы ўжо чакаюць нас таксоўкі: а гадзіне 9-й ад’езд на Вэзувій, Помпэю, Сарэнта, Капры.

Горад з вузкімі бруднымі вуліцамі — перавулкамі (ня ведаю, чаму нас тудою вязлі), з капцанястым мурашнікам пролетарыяту адразу не зрабіў на нас уражання раю. Можа дзеля таго, што ўвесь чар яго закрывалі змары нягоды, якой, на наша фіаско, распачаўся той дзень.

Адсутнасць яснага сонца не дазваляе захапляцца нават чароўнай Нэаполітанскай затокай. Стаімо на паўночна-заходнім яе беразе. На захад — Міжземнае мора. На поўдзень — маляўнічае пабярэжжа аддалёнага Сарэнта, Капры, а на ўсходзе паўночным высіцца, моў вагромністы стог, цёмны, грозны Вэзувій, верхавіна якога пакрыта хмарамі.

Хуткабежныя таксоўкі нясуць нас асфальтавай, гладкай, моў сталь, шашою па маляўнічым, заросшым вінаграднікамі, паўднёва-ўсходнім пабярэжжы, праз Геркуланум, Помпэю, на вульканічную гару. Рух на дарозе яшчэ не вялікі. Сям-там спаткаем або мінём, як сабаку, малое аслянё, цягнучае вагромністую двуколку, нагружаную бочкамі або мяшкамі. Чым выжэй пасля падымаемся па склонах гары, тым расціннасць становіцца больш убогай, панурай, урэшце мігаюць толькі самыя карлаватыя жухлыя пініі ды шэры мох.

— А дзе ж дым? — пытаю.

— Які тут дым! — жартуе мой спадарожнік. — Італьянцы салому ў кратэры паляць, а наіўным турыстам здаецца, што гэта «вульканічныя цуды прыроды».

Але едзем вышэй. Шаша ўецца сэрпэнтынай штораз круцей. Урэшце — стоп: далей ехаць ня можна. Трэба йсці пяшком. Высядаем. Гляджу — сям-там на склонах гары дымяцца нейкія прадаўгаватыя, вогністыя, якраз як распаленыя, снапы саломы. Можа і праўду казаў мой правадыр? З другога боку шашы дыму ня відаць. Тудою ўецца вузкая сцежка аж па самы верх гары. Накладаем адумысловыя хадакі, каб не папаліць серкаю вобуві, і йдзём ключом, бы жураўлі, вышэй. Цёмная сырая імгла, змяшаная з дымам, ахінае нас штораз гусцей. Нігдзе ані кусціка, ані травінкі. Самая толькі цёмная зямная зындра, змяшаная з жоўтай серкай. Робіцца неяк жудасна. Урэшце даскрабліся да берагоў даўнейшага кратэру. Прагавітае вока бяжыць у сярэдзіну і — ох! Што за нетра, што за адхлань!

Над чорнымі, раскалочанымі на прасторы больш-менш квадратнае вярсты хвалямі, мясцамі астыўшай, мясцамі да чырвана расплаўленай масы, клубіцца пара, дым, смурод! За туманам нельга кругом далёка разглядзецца. І страх бярэ і цікавасць: што там далей? За правадніком, пабраўшыся за рукі, вобмацкам ідзём у глыб. Бачым, як раз-пораз то тут, то там чорная скарынка застыўшае мазі лопаецца і з шчалугі тае лезе, моў цеста, чырвоны агонь, пыхціць і зараз ад вільготнага холаду чарнее і цвярдзее. Падлазім да чырвонае вагністае кашы ды чэрпаем жалезнаю качаргою па кавалку сабе на памятку. Вось вецер падыхнуў у другі бок, адганяючы серчаны смурод. Эй, папробуйма падкрасціся пад самы цэнтр адкрытага кратэру! Храпе-клякоча, варыцца, стогне, душыць пякельным смуродам, дрыгатою жудаснаю праймае — нельга ўстаяць!

Як жа маленькім і супакораным тут чуецца чалавек! О, далёка ўцякае амбітная самапэўнасць і фанабэрыя! Што мізэрны чалавеча значыць у параўнанні да гэнай магутнай і страшнай сілы прыроды! Хай раз толькі сварухнецца, зяхне-харкане, а ня толькі па табе, камару ніштожным, але па гарадох, творах тысячалетніх і знаку не астанецца!..

Дзе падзелася Геркуланум, слаўная Помпэя — спытай гісторыі?.. Жах смяротны наводзяць агляданыя ахвяры скамянелыя страшэннага катаклізму, адкапаныя ў засыпанай Помпэі. Ах, слоў няма на апісанне таго роспачнага болю і жаху, які застыў на конвульсыйна выкрыўленым твары ў страшную мінуту!

Хто еў, хто спаў, хто маліўся, хто працаваў, хто грашыў — уцякаў, як каго смерць застала, — так і скамянеў у вульканічным прыску.

На паваротнай дарозе з вулькану неспадзявана із-за хмар паказалася блізкае нам сонца, цудоўна азараючы ваколіцу. Што за пэрспэктыва! Затока выглядае адсюль, бы шмарагдовае цудоўнае люстра, містэрна апраўленае ў фантастычныя рожнакраскавыя рамы маляўнічага пабярэжжа. Любуемся і налюбавацца ня можам. Во калі ўсмяхнуўся ты да нас захапляючым чарам красы, Нэаполітанскі Краю!

Так,

Хто цябе ня відзеў —
Не каштаваў раю!

Спусціўшыся з гары, едзем па высокім крутым беразе праз Сарэнта на Капры. Дарога над самай затокай штораз больш уецца крутымі дзівоснымі загібамі, адкрываючы кожную хвіліну штораз новыя, штораз чараўнейшыя краявіды. Жывы кінэматограф! Паказваецца час ад часу і Вэзувій далёкі, з воблакам дыму. О, інакш ён на асноведзі чыстага неба выглядае! Дым над кратэрам такі чысты, белы, густы, як свежапушчаны з цыгары. Між італьянцаў слыве і прымавіска: «Вэзувій цыгару курыць». Блакітныя хвалі (але сапраўды блакітныя) адна за другою коцяцца к берагу, шумна адбіваюцца, пеняцца, ліжуць, цалуюць скальныя маляўнічыя тэрасы, падымаюцца доўгімі выгібастымі грабянямі, дый зноў уцякаюць, гінуць у марской шыры, каб за момант зноў вярнуцца ды зноў, разагнаўшыся, паўтараць тое самае.

Злева красуюцца зялёныя цвітучыя прыгоркі. Часамі нагая скала высуне з-за зелені лысіну, часамі прыгожая стылёвая вілля ці кляштар блісне на шчыце гары.

Судзержываем бег самаходу — хай душа нап’ецца ўдосталь роскашы.

З высокага берагу Сарэнта маляўнічымі тэрасамі спушчаемся на мораплаве: трэба ж пакаштаваць крыху мора. Ну і... пакаштавалі: пасля 30 мінут гойданкі (затока, як бы наўмысне, страшэнна ўсхвалявалася) — замест Капры — «рыга»... Пазялянелі ўсе да таго, што ўжо і ў слаўную кудзебную «Гроту Капрыйскую» ехаць ня трэба было дый... немагчыма пасля падвойнага смакавітага абеду на ўпаяючых шумных, як тая затока, хвалях віна ды лірычнай італьянскай песні...

Капры — то маленькая, але высокая скала, маляўніча выглядаючая з мора ў пяці кілёмэтрах ад берагу. У пэўным мейсцы яе навылет пранізвае, моў тунэлік, орыгінальная пячора, праз якую працякае вада. Калі ўехаць лодкаю ў тую пячору, то ўсё ад воблеску сонца і сіняе вады становіцца блакітным, як пад каляровым шклом.

Э, жыццё, жыццё нэаполітанскае! Жыццё цыганскае, бястурботнае! І чар паэтычны і смех парывае, на цябе гледзячы.

З чаго жывуць тутэйшыя жыхары?

З хараства слаўнага свайго краю, якое ўмеюць прадаць бадай лепш, чым нашы жыды. Нэаполітанчык табе скажа слова, дзіва прыроды, памятку табе гістарычную пакажа, пальцам кіўне ўслужна і — ўжо далонь выстаўляю.

Una lira Signore! Bimbola галодныя дома чакаюць...

А зробіць гэта так праконываюча, беззаганна і бездакорна, а прытым гуморыстычна, што аддасі яму з усмехам апошнюю ліру.

Ня хцівец ён, не безамбітны (ого, пасмей зганіць што-небудзь італьянскае ў ягоных вачах!), не пэсыміст, заўсёды скрыўлены, як серада на пятніцу, ён заўсёды весел. Яму абы-толькі пражыць дзень да вечара. А да пражыцця яму многа ня трэба: крыху вінаграду, макарон, алівы каплю, слімакоў пару.

Mangiate, mangiate signore, — угаварвае мяне адзін прыбярэжны бадзяка, падаючы аслізлаю рукою раскоўчанага слімака.

А мне — ня есці, але рыгаць хочацца, на той прысмак гледзячы.

Чырвоны вагромністы круг сонца хаваўся ўжо за марскую далёкую шыр, сцелячы да нас агністую дарогу, як мы садзіліся на наш мараплаў, чула развітваючыся з Капры.

Пад канец паваротнай дарогі (каля 70 кілёмэтраў) ловіць нас навальніца (так хутка змяняецца тут пагода). Чорную цемень непраглядную раз-пораз раздзірае наглая маланка, а шум дажджу ды раскацісты гром з пярунамі зусім глушыць гук нашага мотору. Ці мы едзем, ці стаімо?

А вулькан! Божа! Як жа грозна цяпер ён выглядае на тле цёмнае навальнічнае ночы з пякельным чырвоным загаравам над кратэрам! Агібаем вось яго падножжа. Дрыгата жудасная праймае!

Агледзіўшы назаўтра Нэаполітанскі музэй, слаўны помпэянскімі і старогрэцкімі забыткамі, ды памаліўшыся ў базыліцы св. Януарага, дзе кожны год 19 верасня паказваецца цуд ажывання крыві гэнага мучаніка з першых вякоў хрысціянства, разстаёмся з Нэаполем.

 

* * *

Firenze! Перад намі спавітая радульным вуалем заранічнае мглы міла ўсюды ўспамінаная Флёрэнцыя.

Сонца яшчэ ня выкацілася із-за маляўнічых берагоў ракі Арно ды не азарыла выразна чорнай красы гораду «Краснае Лілеі» (гэрб места). Затое аўрэоля ейнае славы свяціла перад нашай, хоць не раскатурханай яшчэ ўявай, святлей гарачага тасканскага сонца. Стаяла цвітучая калісь пышнай збыткоўнасцю нэрвовая, вольнадумная, але і тыранская, крычачая ўсялякімі контрастамі слаўная калыбка вялікіх ідэалаў і гэніяў: трыбунаў, князёў, паэтаў мастакоў: фрэсак, слова, красак, бронзы, меча.

Агледзеўшы спешна катэдру з слаўнай мармуровай Компануляй, Галерыю Pitti, Uffizi, Palazzo Vecchio, Museo Nazionale і Капліцу Мэдычы, спяшым на маляўнічае ўзгор’е да Fiesole, мясціну Fra Angelica. Чароўны пагодны дзень. Перад намі скупаная ў чырвані заходзячага сонца панорама маляўнічае Тасканы. Горад — як на далоні з аддалёнаю копулай катэдры, на якой цудна іскрыцца апошні прамень сонца.

Якія пажагнальныя думкі сачацца разам з гэным прамянём у захопленую душу? Тут паказала хрысціянства, што магла вытварыць яго духовая шляхотнасць, ягона крышталёвая маральнасць для эстэтычнай візыі ўсёсвету ў розных галінах думкі людзкое. Тут у найпрыгажэйшых формах учалавечыўся догмат, увідавочніўся ідэал! У Флёрэнцыі далікатнее дух, шляхатнеюць думкі і жаданні!

І як разстацца з табою, цудоўная чараўніца мастацкая? Нават і сон усёўладны не зганяе з утомленых вачэй натхнёных візыяў... Пад мілагучныя прыцішныя тоны аддаленага фортэпіяну клеюцца вечарамі цяжкія павекі, а ў яві йшчэ стаяць, як жывыя, музэальныя мастацкія дзівы, а найбольш байковая Скопасава Ніёбэя... і сонныя вусны мімаволі шэпчуць вам чароўную аб ёй казку, нельга бо ніяк утаіць перад паважанымі чытачамі гэнага цуду старагрэцкага гэнія.

Была ў старадаўняй Грэцыі чароўнае красы жанчына Ніёбэя. Захапляючая ўсіх цудоўная тая краса яе разбудзіла трывожную зайздрасць у самых нават багінь. Зайздрасць зрадзіла помсту. І Парнас зсылае смяротнасць на яе патомства, каб раз і назаўсёды забяспечыцца ад непажаданай конкурэнцыі. Ніёбэя ў парыве заядлае роспачы горне, туліць пад сябе ўсей сілай матчынай любові прыгожыя, моў цуд, свае дочанькі і ў экстазе гэнага жалю-роспачы, любові ды гордасці выглядае так прыгожа, што крычаць, плакаць хочацца ад шчасця, яе аглядаючы! То не беласнежны нескаляны цвёрды мармур прад табою, а нябесная, моў пух ваблочны, жывая захапляючая мара!..

— Скуль такі ўраджай талентаў у Італіі і Грэцыі? — пытаю ў далейшай дарозе да Падвы аднаго з бывальцаў спадарожнікаў.

— Прыгожасць прыроды, пестлівы пагодны клімат, блізкія сардэчныя зносіны з Небам і з слаўнай мінуўшчынай родзяць тут таленты. Італьянцы, напрыклад, вельмі любяць памяць аб сваіх продках, сіляцца на найпрыгажэйшыя ім помнікі. Магільнікі ўсюды імі запоўнены. Часта выкрываюцца таленты пры конкурэнцыі кавання тых помнікаў. Знаю, напрыклад, адну ўбогую — кажа мой субяседнік — італьянскую вёску, у якой 600 убогіх пастухоў выставілі нядаўна нязнанаму рыцару вайны за 30 тысяч ліраў цуднай красы помнік.

 

* * *

А от урэшце і Падва. Хто ж ня чуў і ня ведае аб гэтым горадзе, большым за нашу Вільню, маючым каля 200 касцёлаў, разложаным над берагамі ракі Паду ў паўночнай Італіі! Тут дажыў свой працавіты век св. Антоні Падэўскі, тут знаходзіцца найстарэйшы ўнівэрсытэт з 1222 г. з найстаршым мэдыцынскім факультэтам ды катэдрай Галілея, дзе вучыўся і наш слаўны Франціш Скарына з Полацку.

Падва — гэта сапраўды каталіцкая Мэкка. Вечна перапоўнена яна наведнікамі гробу Вялікага св. Антоняга, які знаходзіцца ў тутэйшай базыліцы, аднэй з найпрыгажэйшых святынь свету. Але багатае мастацтва святыні не зрабіла на мяне такога дзіўнага ўражэння, як адна цікавая, здаецца, непазорная дробязь пры надгробным алтары святога: гэта — кіечнік мыліцаў, якія астаўляюць тут калекі з подпісамі свайго прозвішча і адрэсам пасля цудоўнага выздараўлення. Іду бліжэй, каб прыгледзіцца гэтаму арсэналу дакумэнтаў веры і надзеі і бачу: за алтаром — таўкатня малебнікаў: старыя і малыя, стройныя і крывыя, элеганцкія і абарванцы — ціснуцца бесперастанку да каменнае сцяны гробу, прыкладаюць руку, хворае места цела або дэвоцыоналіі, каб завезці іх хвораму. Чарнамазая бедная дзяўчынка, мабыць, сіротка, з слёзкамі на вачах, плешча дробнаю далонню па мармуровай пліце, быццам загневалася на Антоніяга, што не адзываецца на яе гора. Так, чаго тут толькі не вытварае простая дзіцячая вера! Тут умеюць часамі і пазлаваць сардэчна на свайго блізкага заступніка нябеснага, калі ня надта спяшыць з помачай. Падобныя — кажуць — сцэны бываюць і ў Нэаполі перад ажыўленнем крыві св. Януарага.

Мой Божа, хіба ж не бяз прычыны людзі з так гарачай набожнасцю штурмуюць гэта святое мейсца!

Але вось згінуў негдзе мой праваднік, шукаю і знаходжу яго ў кутку за алтаром, шэпчучага ражанец. Звяртаюся з нейкім пытаннем, а ён замест адказу адганяецца ад мяне рукою — усё, знача, набок! Няма важнейшай цяпер справы як разрахунак з сваім найдаражэйшым святым дабрадзеем!..

Жыццё яго так цікавае, так мілае, што сапраўды чытаецца з далёка большаю прыемнасцю, чым які найслаўнейшы раман. Гэта цудоўная паэма на славу Богу і людзтву! От, каб нам такіх людзей да нашага беларускага адраджэння!

— Ня родзяцца — кажаце?

— Ня думайце, што св. Антоні радзіўся святым. О, не! Пішуць хронікі, што гэта быў надта буйнага і гарачага тэмпэрамэнту юнак і пры сваім незвычайна прыгожым выглядзе мог мець больш спакусаў, чым наша моладзь. Якімі ж, аднак, сіламі ўтрымаўся на добрай дарозе? Шчырай адданасцю і любоўю ідэі!

Мей ідэю, Беларусь мая Маладая, і служы ёй непадзельна, а здалееш і Ты прайсці чыстай праз жыццё і адрадзіць Бацькаўшчыну! Калі ж і здарыцца няшчасце збрудзіць нагу-руку на гразкіх сучасных жыццёвых шляхох — мецімеш заўсёды, углядаючыся ў магічную зорку ідэі, сілы ўстаць, ачысціцца і спяшыць далей да святлейшай будучыні!

Плошча святога Марка, Венецыя. Фота пач. ХХ ст.

* * *

Ёсць у паўночна-ўсходняй Італіі багаты горад, сталіца даўнейшай дэмократычнай рэспублікі купцоў, горад, ня маючы сабе падобных на свеце, які завецца Вэнэцыя, а які трэба было б назваць байковым Цудгорадам. Разложаны ён над Адрыатыкам на 117 астраўкох над вадою.

Пасля парагадзіннай язды з Падвы, вечарком 21. Х., ціха прыносіць нас хуткацяг у мора святла — красак — вады. Бяжымо борзда на другі бок станцыі, скуль далятае звонкая песня з гітарай, пераступаем парог і — стоп: замест пляцу і вуліцы — вада, замест павозчыкаў, таксовак і трамваяў — гандолі (стройныя лодкі), вапарэтты (вадзяныя трамваі).

Едзем гандоляй у гасцініцу, весела гамонім і пяём, а звонкае рэха далёка разлягаецца па спакойнай воднай гладзі. Вуліцаў такіх, як у нас, тут нідзе няма — усюды каналы. Ані шуму, ані груку, як гэта ў другіх гарадох, — цішыня, роскаш! Зоркі над намі — зоркі пад намі. Дамы стройныя, высокія, моў багатыя палацы, але вельмі збітыя адзін ля другога, завулкі куды вузейшыя, чым нашы віленскія, ледзь можа размінуцца двух людзей, з вакон vis-avis можна смела з суседам вітацца. Зыходзім адразу з гандолі ў дзверы.

У гасцініцах люксус, комфорт, ветлівасць. Вітрыны гараць хараством і багаццем. Свецяць слаўныя вэнэцкія люстры.

Цэнтрум гораду — гэта абшырная, прыгожая, у вэнэцкім стылю, базыліка св. Марка. Перад ею — чысты элеганцкі пляц таго ж назову, замкнуты з усіх бакоў стройнаю колюмнадай камяніц, падобных да вагромністае салі, у якой замест скляпення — сіняе зорнае неба, а замест бруку — каменная шліфованая пасадзка, хоць танцуй. Ды тут фактычна і адбываюцца часта народныя забавы.

З базылікай суседуе слаўны (калісь дзяржаўны), багаты артыстычным зместам Палац Дожаў, даўнейшых уладароў Вэнэцыі. Цікавая іх гісторыя. Вэнэцкая констытуцыя была слаўная на ўвесь свет, яна волатна трымала ў строгім послуху і залежнасці бадай усе тагдышнія правінцыі, эксплёатуючы іх на сваё ўзбагачэнне. На ёй пераважна абаснованы і сяннешні фашызм.

Найбольшыя багацтвы свае культурна-мастацкія і матэрыяльныя Вэнэцыя заўдзячвае найбольш Грэцыі ды блізкаму і далёкаму Усходу, з якімі ад найдаўнейшых часаў таргавала.

Налюбаваўшыся забыткамі і мастацтвам у музэях ды набалаваўшыся на пляцы ўцешлівымі галубамі-ласунамі, што самі ў руку, у кішэнь лезуць, шукаючы гароху, едзем вапарэттам праз Canal Grande на Вэнэцкую рыв’еру — Лідо. Сонечна, цёпла, як у нас летам.

Вагромністая шкляная саля-кавярня стаіць над самюшкаю вадою. Людзей поўна, а гоману зусім ня чуваць — заглушае яго шум хваляў. П’ём віно і каву ды ў раскошным задуменні глядзімо на спакойны Адрыатык, багаславячы Неба і зямлю за гэныя раскошныя хвіліны...

Вэнэцыя — гэта раскошны адпачывальны «Hotel Эўропы». Сюды спяшаюць багатыя пястуны долі, а такжа і людзі, змучаныя жыццём, каб загаіць балючыя раны, забыць гора і турботы, утапіць іх у хвалях віна, гумару ды ласкавага гаючага Адрыатыку.

О, каб жа льга было тут навек аставіць свой сум і гора!?

* * *

Гадзіна 7-я, 25 кастрычніка. Горынь! — крычыць ахрыплы кандуктар! Адчыняю вагон. На дварэ хмары, холад, вецер, непагадзь, гразь ды шэрая жабрачая монотонія. Ох, як жа ня хочацца вылазіць! Саджуся, уздыхаючы, моў выгнаны з раю Адам, на друхлыя паляшуцкія драбінкі. Еду. А гора маё і сум — гляджу... чэшуць за мною. Нябось не асталіся ў Вэнэцыі!..

Канец.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY