Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Данута БІЧЭЛЬ

ДА МАЦІ БОЖАЙ УНЕБАЎЗЯТАЙ

На воблачку Ўнебаўзятай

Толькі на воблачку Ўнебаўзятай
Маці Божай Прачыстай — добра.
Ціша, самота, маўчанне, свята…
Цярпець — беларуская доля.

Толькі ў малітве знаходзім сябе,
наталенне на дне вадапою.
Малітва маўчання — найцудоўнейшы лек
ад беспрасвету, болю…

Аднойчы сустрэліся дзве душы,
адна другую пачулі,
лётаюць дзве душы-спарышы
ў адной палатнянай кашулі…

Маўчанне цішы — шчасце вялікае.
У мілосці — святое маўчанне…
Дрэвы ў балоце сохнуць ад крыку.
Змаўляйцеся, дзеці, вачамі.

І д’ябал крычаў, пакуль не аглох,
ствараючы зло чалавеку.
Дзікага крыку не слухае Бог.
Крык — папярэднік здзеку.

Вітай, Марыя, поўная ласкі!
Ратуй родны кут сялянскі!
Каралева Божага Валадарства!
Прымі пад сваё падданства!

17 ліпеня 2021 г.

Малітва жывой ружанцовай ружы
імя Маці Божай Унебаўзятай

Жывых таямнічак містычны танец
штомесячык след-у-след:
дзевятнаццаць жанчын
адмаўляюць Ружанец,
адну таямніцу — паэт.

Дзікая раць гібрыдных мігрантаў
штурмуе літоўскі плот…
Штодзень да Заступніцы Ўнебаўзятай
узносім кліч за народ.

Сёстры хварэюць, стомлены працай,
сямейных клопатаў град,
стаяць на каленях на адарацыі —
жывы ружанцовы дэсант.

Пакорным шэптам «Ave Maria…»
зганяем злыдняў на дол —
духоўныя сёстры рознага ўзросту,
Цётчын праўнук, паэт Анатоль.

На паратунак згубленых душаў
не пралівайма слёз, —
сплятайма вянкі ружанцовых ружаў
ад Будслава — да Нябёс.

14 ліпеня 2021 г.

Малітва за чытачоў і чытачак

Ойча наш!
Прымі словы шчырыя,
немаўляткі з Божага выраю!

Ёсць такое імгненне,
як бліскавіца,
стукае ў сэрца натхненне, —
пачынаю маліцца
непрыдуманымі экспромтамі,
шчырымі да Бога зваротамі, —
за вас, чытачы дарагія,
стамлёныя, маладыя…
і з наступнага пакалення, —
прыміце благаслаўленне!

Такія вы ўсе прыгожыя —
хто рыфмы, ягняткі Божыя, —
зразумеў, хто кароткі радок,
як першы з градкі гурок,
схрумстаў, не хрумстае больш…
Няхай беражэ вас Бог!

Рыфмаваць вы таксама аматары,
Музы маёй фундатары,
заўважаеце мае выбрыкі,
«конікі гнядыя ў яблыкі».

Няхай вам паэт Францішак
налье здароўя кілішак!
Узнёсла ў Бонавэнтуры
збярэм высокай культуры.

Духу Слова, райскі салоўка,
спявай, як шпачок і шчыглік!
Не замыкай Боскіх шчылінак
дзеля братоў і сястрыцаў,
натхнення жывых крыніцаў!

Дух розуму, пералі
слоўцы свае ў вушка правае,
няхай збаўленчаю лаваю
ачысціць залевы любві,
ды грэшныя думкі спалі…

10 ліпеня 2021 г.

Ягадкі

Сініцы, п’яніцы, ганобаль…
Буякі,
па-хахлацку — буйкі.
У Літве — шылявогэс
Незавершаны вобраз.

Як мне, вясковай дурніцы,
хочацца да вас прытуліцца,
есці ягадкі разам з лісткамі,
багуннікам ап’яніцца…
Балота буслінае сніцца,
адкуль іх збіралі збанкамі.

Толькі ў маім Загасцінцы
словаў набор невялічкі —
ягады называюць сініцы,
птушак называюць сінічкі.

Супакойвае Віка цвяроза:
— Балота і дзедаў лес
знішчыў сучасны прагрэс…
На градках расце шылявогэс!

7 ліпеня 2021 г.

У чарніцы

Калі зацвіталі ліпы,
чаборык і медуніцы,
мастак Аляксандар Ліпень
запрашаў мяне па чарніцы.

У балоце святым было поўна,
у Рыбніцы каля Парэчча…
Разгублена неяк, няроўна,
трымаючыся за парэнчы,
Ліпень выходзіў з кватэры,
браўся за руль, рукі трэсліся…
Жонка Вольга садзілася спераду,
я ззаду — не лішняя, трэцяя.

На балоце драмаў на папараці,
вачамі блукаў у просіні…
Мы яму — як малому дзіцяці,
без чаргі па жмені прыносілі.

Размаўляў сам з сабой ці з рэхам,
пасля замаўкаў ненадоўга…
Аднойчы адзін паехаў…
Не разбудзіўшы нікога…

Супакоіў разгубленых нас:
— Паклікаў мяне Апанас!

…Улетку зрэдку прыходзіць,
нібы ціхі дождж на мурог.
— Я тут ствараю з майстроў асяроддзе!
— На працу прыняў мяне Бог.

6 ліпеня 2021 г.

Сынок-самалёт

У сталярку ідзе на працу —
спартыўныя мінае палацы,
па вуліцы Валерыя Чкалава,
каля вінных падвалаў.

З гонарам носіць імя героя,
гэтак назваў яго тата.
Тата яго пра палёты мроіў,
паляцеў ад нас ранавата.

Колькі тых пробных палётаў
на планерах ды самалётах
сынам, спартыўным лётчыкам,
з падзеннямі і недалётамі!

Ідзе ў сталярку… Ад Чкалава
пераходзіць на Лізы Чайкінай.
Бывае, нехта, прыдбалы,
пачастуе хмельнаю чаркай.

Праз парк ад цудоўнай Каложы
зарабляе дробныя грошы.
Найболей яму прыемная
творчая праца, дарэмная.

Калі заробіць на свечку,
акунуцца захоча ў рэчку…
У царкве пацалуе абраз,
сцішыцца, увойдзе ў экстаз…

Блытаючы стагоддзі —
як Караткевіч Валодзя,
сустрэне ліцвінку Гражыну —
з ёй ідзе ваяваць за Айчыну.

Па зеллечку будзе вяртацца,
да белых бяроз прытуляцца.

У парку растуць платаны,
арэшкі звоняць, як слёзы.
Абгароджаныя платамі,
спеюць раннія абрыкосы…

Прынясе адзін абрыкос
вернай сяброўцы кар-карцы.
Пакаркаюць і супакояцца
у нябёсах на белай хмарцы.

Ачысці, Божа, яго дарогу
подыхам Духа Святога!
Ачысці ад грэшных апілак
істоту сынаву мілую!

7 ліпеня 2021 г.

Як Лейба Мялёгава здаўшы…

Вобраз «малой» радзімы
надуманы, не праўдзівы.

Вялікая і святая,
Радзіма ў тваім дакуменце…
Ўдыхнеш — яна ажывае,
ад першых крокаў да смерці.
З’яўляецца з анічога
подыхам Духа Святога.

Жывеш са смуткам і болеем,
калі не маеш любові.
Купіць любоў немагчыма.
Любоў натоліць Радзіма…

Зялёны і вірлавокі
Нёман, жвіровая Гаўя.
Аер. Рамонкі. Асокі.
Спіць стоячы чапля худая.

Ты спіш у мярложку на ложку
сярод барвенкаў і зёлак.
Тармосіць, кліча ў дарожку
саламяны анёлак.

Кожны дзень, як нядзеля.
Любоў трымае надзея,
што дзікім воўкам па следу
не ў мроях туды даеду.

З малітвачкай і натхненнем
таемных слёз назапашу
і там спалюся з імгненнем —
як Лейба Мялёгава здаўшы.

5 ліпеня 2021 г.

Святлане —

на зорнае ліставанне,
промнікаў месячных жменя

(12 чэрвеня — дзень нараджэння)

У мілай паэткі чырвоная дата!..
У галаве віруе тарнада,
над бяссоннем, над беспрасветам —
ў неспакойных сэрцах паэтаў —
Марыі Новік, Варонік Светы —
сінічак на жырандолі…
начных вандроўніц у Лету…

Марыя — з мары, Света —
з Паўлюка Багрыма натхнення,
у агні беларускага лета…
Віншуем вас з днём нараджэння

з прадоння аблокаў —
ад вас недалёка —
ад вас, каго немагчыма
блізка бачыць вачыма…

Гаспадынька Пушынка
будзе за вас маліцца!
Сашка ранкам жывую закуску
ўпалюе па-беларуску…

Птаха хрыпатая «каррр» вымаўляе,
злётае з братам на Гімалаі —
у даліну макаў.
Смажыць смага брата і птаху
Бог наталяе іх смагу…

Паэтка Святлана,
у жытнёвыя зоркі прыбрана, —
усім стракатым тарнада,
крыклівым, капрызным, бязмовым —
віншуем цябе са Словам!

12 чэрвеня 2021 г.

Верш да фатаграфіі
з Алесем Разанавым і Юркам Голубам,
якія адышлі ў вечнасць

Аўтограф на кнізе Алеся Разанава «Перавыбранае»:
«Данута тут: дзякуй за сустрэчу.
06.02.2018 Алесь Разанаў».

Праз вуліцу ў зале супраць Сабора
святы рой віраваў ад айца Георгія Роя.
Верш чытаю пра два дубы.
Два дубы, як два галубы!
Цяпер — гэта настаўнікі мае вялікія
Аляксей Карпюк і Васіль Быкаў!

Голуб Юрка з паэтаў, наіўных дзяцей,
проста ў аб’ектыў паглядзеў.

Паміж нас прызямліўся з сусветаў
Алесь Разанаў, з незагоеных ранаў паэта…
Адмыслова з высокім словам,
білакатар знутры
нам недасяжнай гары…
нешта такое зведаў,
чаго не ведалі
прысутныя тут святары…

…Але, за словам, нібы за святлом,
ушчэнт стаміўся…
Кажуць, так захацеў — і спапяліўся…

Не развейвайце сябе попелам
па сцяжынках нябёсаў тут, у Еўропе…
Давайце не будзем зямелькі мілай
рабіць суцэльнай магілай…
На магілах не сеюць пшаніцы!
На магілах трэба маліцца
паводле Божых Запаветаў…
З неспакойным дыханнем планетаў
новых выхоўваць Паэтаў!

Спачуваю жанчыне і дзецям.
За душу тваю малюся, Паэце, —
Данута тут: не ў Тыбеце.

Тут, дзе ў расінках чыстага гаю
душы нашых матуляў
рэчаньку калыхаюць!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY