|
|
№
3(97)/2021
У свеце Бібліі
Ксёндз доктар Сяргей СУРЫНОВІЧАСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ Інтэрв’ю
Постаці
Андрэй ШПУНТ
АРЦЫБІСКУП МАГІЛЁЎСКІ КАСПЕР КАЗІМІР КАЛОНА-ЦЕЦІШОЎСКІ, МІТРАПАЛІТ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні
Духоўная літаратура
Юлія КОСАВА
СКАРБ ЖАНОЧАЙ ДУХОЎНАСЦІ — ТЭРЭЗА АВІЛЬСКАЯ Святая Тэрэза Авільская ШЛЯХ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ Літаратурныя шэдэўры
Паэзія
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ХЛЕБА БУДНЯГА ДАЙ НАМ СЁНЕКА!», АБО ХРЫСЦІЯНСКІЯ АКОРДЫ «СКРЫПКІ БЕЛАРУСКАЙ» АЛАІЗЫ ПАШКЕВІЧ Да 145-годдзя з дня нараджэння Інтэрв’ю
Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з беларускім культуролагам Аляксандрам СУШАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
— Дарагі Георг Освальд, вялікі дзякуй Вам за тое, што знайшлі час для адказу на мае пытанні ў рамках інтэрв’ю для часопіса «Наша вера». Беларускія чытачы вельмі любяць Вашы творы і будуць рады больш даведацца про Вас і Вашу творчасць. І вось маё першае пытанне: як Вы пачалі пісаць? — Ужо ў дзяцінстве я размаўляў рыфмамі, потым, будучы школьнікам, пісаў вершы пра каханне. Творчасць, якая стала для мяне экзістэнцыяльнай, а менавіта складанне вершаў, праклала сабе дарогу падчас небяспечнага для жыцця захворвання, калі я быў маладым. З таго часу складанне вершаў вызначае маё жыццё.
— Вы працавалі ў тым ліку і настаўнікам прафесійнай школы, а таксама выкладалі ва ўніверсітэце ў Гановеры. У рамках праектаў па аказанні дапамогі Вы некаторы час працавалі настаўнікам у Афрыцы. Ці паўплывала гэта на Вашу творчасць? — Мая праца ў краіне і за мяжой у якасці майстра-рамесніка, настаўніка прафесійнай школы, выкладчыка ва ўніверсітэце адкрыла мне шматгранны свет жыццёвай мудрасці і вопыту. Гэты досвед накладвае адбітак і на маю паэзію.
— Вашы вершы маюць свой асаблівы стыль: яны вызначаюцца сцісласцю і дакладнасцю, глыбокаю змястоўнасцю і эмацыйнасцю, дарам тонкага назірання і гумарам, часта з падміргваннем. Ці маеце Вы асаблівыя адносіны да прыроды як крыніцы натхнення? — Паняцце «прырода» ўключае ў сябе шмат чаго: зямлю, паветра, ваду, расліны, жывёлаў, поры года, зоркі. На шчасце, я не развучыўся здзіўляцца, напрыклад, усходу сонца ці першаму куванню зязюлі вясною і папараці ўлетку... Такія цуды натхняюць мяне на вершы.
— Вы належыце да групы аўтараў «Паэзія і будні», якая з 1993 года сустракаецца, каб абменьвацца думкамі пра свае тэксты, і якую нават аднойчы назвалі «Ролінг Стоўнз нямецкай лірыкі». Не маглі б Вы нешта расказаць нашым чытачам пра яе? — «Паэзія і будні» — гэта сяброўская кампанія з васьмі аўтараў. Мы вось ужо на працягу 28-мі гадоў кожны год сустракаемся і размаўляем у рамках літаратурных майстэрняў, дыскутуем пра яшчэ не надрукаваныя працы, праводзім сумесныя чытанні, пішам артыкулы і эсэ для літаратурных дадаткаў розных часопісаў і газетаў і выдаём анталогіі з нашымі паэтычнымі творамі, у тым ліку і кнігі, якія маюць цікавасць для бібліяфілаў.
— Больш за трыццаць гадоў падчас Франкфурцкага кніжнага кірмашу Вы за ўсмешку раздавалі людзям Вашы вершы, напісаныя ад рукі, з любоўю скручаныя ў трубачкі і перавязаныя каляровымі шарсцянымі ніткамі, дастаючы іх з вялікага кошыка, і такім чынам гэта зрабілася неад’емнай часткай кірмашу. Як Вы прыйшлі да такой ідэі? І як рэагавалі на гэта людзі? — Падчас майго першага наведвання Франкфурцкага кніжнага кірмашу я быў напалоханы напорам масаў, гіганцкай мітуслівай людской плынню. Мне не хапала ціхіх гукаў. Таму я стаў шукаць месца для прыпынку — стварыў яго сам, седзячы на маленькім складным крэсле сярод мноства наведвальнікаў. Перада мною стаяў плецены лазовы кошык, поўны згаданых Вамі скручаных у трубачкі вершаў. Таго, хто спыняўся, апускаў руку ў кошык, я ў якасці платы прасіў аб усмешцы: пры гэтым чалавек раптам вылучаўся з агульнай масы і яго твар пачынаў свяціцца, і завязвалася размова. Гэтыя паэтычныя спатканні дзейнічалі так, як тая легендарная літаратура самвыдату: вершы разыходзіліся ва ўсе бакі свету, вандравалі з рук у рукі, іх перапісвалі і нават перакладалі на іншыя мовы. За гэтыя больш чым трыццаць гадоў мне ўдалося выклікаць усмешку ў тысяч людзей.
— У Вашым паэтычным зборніку «Дарога ўсляпую ў Клётцэ — вестастэльбскія вершы» Вы адлюстравалі падзел Германіі і яго пераадольванне. Вы таксама зрабілі вялікі ўклад у абмен з калегамі з Усходняй Германіі, дапамагалі ім з арганізацыяй чытанняў і публікацыяй іх твораў у Федэратыўнай Рэспубліцы Германія. Нядаўна святкавалася 30-годдзе нямецкага адзінства: такім чынам, Вашы вестастэльбскія вершы зноў актуальныя. Чаму Вы так грунтоўна займаліся праблемаю падзелу Германіі? — Мне яшчэ давялося бачыць Германію як адзінае цэлае. Падзел краіны быў ненатуральным, ён прынёс людзям гора і пакуты, хаваў у сабе небяспеку крывавай вайны. Вось чаму я спрабаваў сваімі сродкамі як пісьменнік праз кантакты і непасрэдныя сустрэчы людзей з Усходу і Захаду дапамагчы ім зблізіцца, зразумець адзін аднаго і тым самым спрыяць усталяванню міру.
— Вы таксама зрабілі вялікі ўклад у нямецка-польскае прымірэнне. Не маглі б Вы расказаць пра гэта? — Абодва народы былі траўмаваныя гаротнымі перажываннямі і перасталі размаўляць адзін з адным, упалі ў аняменне. Таму я лічыў сваім святым абавязкам спрыяць таму, каб нямецка-польскае суседства зноў здабыла мову, і каб дыялог прымірыў немцаў і палякаў. У якасці культурнага пасярэдніка я на працягу многіх гадоў дзейнічаў у дзяржаўнай нямецка-польскай камісіі. Я чытаў даклады ва ўніверсітэтах, у школах і ў іншых навучальных установах. Акрамя гэтага, як пісьменнік з чытаннямі і дыскусіямі быў удзельнікам нямецка-польскага парахода паэтаў: карабля, які шмат гадоў плаваў па рэках абедзвюх краінаў, і экіпаж якога складаўся з нямецкіх і польскіх аўтараў, мэтай якіх было на прыстанках уступаць з людзьмі ў размову пра літаратуру.
— У 2018 годзе Вы ў Дзяржаўным тэатры Браўншвайга ігралі Паэта ў легендарным музычным тэатры «Арыгіналы» нямецкага кампазітара Карлхайнца Штокхаўзэна. Якое значэнне меў для Вас гэты вопыт? — Тэатр я да таго часу бачыў толькі як глядач. Пасля таго як я сам пастаяў на сцэне, я за кулісамі пазнаёміўся з поўным фантазіі, крэатыўным, перш за ўсё міжнародным духоўным светам. Я сустрэў балерыну з Масквы, тэнара з Неапаля, піяністку з Токіа, танцора з Новага Арлеана. Мне стала зразумела: калі б культурны свет страціў тэатр, гэта было б незаменнай стратай, якую можна было б параўнаць з прыродным феноменам: там, дзе знішчаюць крапіву, разам з ёю знішчаюць сем відаў матылькоў.
— Вашы вершы ўжо часта друкавалі і вывешвалі ў Германіі на вялікіх плакатах. Увосень 2020 года іх можна было ўбачыць на палотнах у Браўншвайгскім саборы на выставе «Марыенборн/Матыерцоль» з нагоды ўспаміну пра 28 гадоў унутрыгерманскай мяжы (1961–1989). Ці займае Бог асаблівае значэнне ў Вашым жыцці? Ці ёсць у Вас асаблівыя адносіны да Бога? — Верш — гэта архетып паэтычных твораў. Ён жыве ў непасрэднай блізкасці да песні і да малітвы. Штодзённая малітва дае мне падтрымку і надзею, гэта мой дыялог з Богам, і з гэтага вырастае ўпэўненасць у тым, што Бог чуе мяне і ахоўвае.
— Чаго Вы пажадаеце беларускім чытачам? — Людзям у Беларусі я жадаю спакою і дастатку, і штодзённай працы бесперашкоднай чыгуначнай сувязі «Мінск — Брусэль», і каб гэты цягнік мог неўзабаве насіць назву «МАРК ШАГАЛ».
— Вялікі дзякуй Вам за цікавую размову і за тое, што знайшлі для яе час!
Размаўляла і пераклала
Георг Освальд Котт
З кнігі «Штодзённая праца» (Люнэбург, 1999).
Пераклала з нямецкай мовы
|
|
|