|
|
№
3(97)/2021
У свеце Бібліі
Ксёндз доктар Сяргей СУРЫНОВІЧАСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ Інтэрв’ю
Постаці
Андрэй ШПУНТ
АРЦЫБІСКУП МАГІЛЁЎСКІ КАСПЕР КАЗІМІР КАЛОНА-ЦЕЦІШОЎСКІ, МІТРАПАЛІТ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні
Духоўная літаратура
Юлія КОСАВА
СКАРБ ЖАНОЧАЙ ДУХОЎНАСЦІ — ТЭРЭЗА АВІЛЬСКАЯ Святая Тэрэза Авільская ШЛЯХ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ Літаратурныя шэдэўры
Паэзія
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ХЛЕБА БУДНЯГА ДАЙ НАМ СЁНЕКА!», АБО ХРЫСЦІЯНСКІЯ АКОРДЫ «СКРЫПКІ БЕЛАРУСКАЙ» АЛАІЗЫ ПАШКЕВІЧ Да 145-годдзя з дня нараджэння Інтэрв’ю
Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з беларускім культуролагам Аляксандрам СУШАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
Найбольшае пашырэнне абразы святога Юзафа на Беларусі атрымалі ў каталіцкім і ўніяцкім алтарным жывапісе. Захаваныя помнікі айчыннага іканапісу належаць пераважна да XVIIІ–ХІХ стст. Шэраг твораў па-ранейшаму змяшчаецца ў розных храмах краіны і даступны для сузірання і малітвы вернікаў, але частка абразоў такога сюжэту трапіла ў музеі. Некаторыя з гэтых твораў экспанаваліся, а таму знаёмыя наведвальнікам музеяў, іншыя былі прадстаўлены толькі ў альбомах або ўвогуле ніколі не ўводзіліся ў навуковы ўжытак. У гэтым артыкуле засяродзімся на абразах святога Юзафа, якія захоўваюцца ў зборы Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (далей — МСБК). Калекцыя іканапісу названай установы з’яўляецца адным з найбольш значных збораў сярод музеяў краіны: яна налічвае больш за 700 помнікаў асноўнага, навукова-дапаможнага і эксперыментальна-рэстаўрацыйнага фондаў. Самыя старыя творы калекцыі датуюцца пачаткам XVI ст., а найбольш познія — сярэдзінай ХХ ст.1 У музеі захоўваюцца сем абразоў названага сюжэту, якія бытавалі ў каталіцкіх і ўніяцкіх храмах; яны належаць да іканапіснай спадчыны розных рэгіёнаў Беларусі — Брэстчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны. На жаль, не пра кожны з іх можна прывесці цікавыя звесткі адносна іканаграфіі, часу стварэння або акалічнасцяў бытавання. Пра большасць з іх такой інфармацыі няма, аднак гэтыя помнікі іканапісу цікава разгледзець у комплексе, бо яны даюць уяўленне пра розныя варыянты кампазіцыі твораў аднаго сюжэту. Адным з найбольш старых з іх і найбольш дасканалым з’яўляецца твор з касцёла в. Задарожжа Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл., які можна датаваць другой паловай XVIIІ ст.2. Гэты шэдэўр беларускага барочнага жывапісу апявае бацькоўства і ў перадачы пяшчоты да Сына не мае сабе роўных сярод айчынных твораў такога сюжэту. Верагодна, гэты твор быў выкананы пад уплывам тагачаснага еўрапейскага мастацва, і магчыма, што ў будучыні будзе адшукана яго іканаграфічная першакрыніца. Прыблізна да таго ж часу належыць і палатно з іншага рэгіёну — Брэстчыны3. Яно з’яўляецца красамоўным прыкладам колішняй алтарнай уніяцкай карціны. У кнігах паступленняў музея гэты твор, які паходзіць з Пакроўскай царквы в. Дзеткавічы Драгічынскага р-на, датаваны ХІХ ст., але пры першым апублікаванні ў альбоме пазначана XVIIІ ст.4, і гэтая дата больш верагодная. З апісання інтэр’еру названай царквы, якая ў той перыяд была ўніяцкай, нам удалося выявіць дакументы за 1759, 1784 і 1802 гг., аднак там згадак пра абраз такога сюжэту няма5. Праўда, у крыніцы за 1784 г. зафіксавана наяўнасць у храме 4-х абразоў на палатне, а ў 1802 г. — трох, сюжэт якіх не ўказаны. Можа, сярод іх і быў такі твор. Таму, на жаль, вядомыя нам пісьмовыя крыніцы атрыбуцыі гэтага помніка іканапісу не пасадзейнічалі. У дадзеным выпадку цікавасць выклікае і сам сюжэт, і яго іканаграфія. Трэба адзначыць, што ва ўніяцкім алтарным жывапісе, як і ў каталіцкім, выявы св. Юзафа з маленькім Хрыстом атрымалі дастатковае распаўсюджанне. Адносна іканаграфіі трэба сказаць, што на розных творах яна істотна адрозніваецца — агульны толькі склад персанажаў. Для разглядаемага твора нам удалося ўстанавіць іканаграфічную першакрыніцу: ёю з’яўляецца гравюра вядомага мастака і гравёра Аляксандра Тарасевіча, выкананая на заказ базыліянаў6. Такім чынам, друкаваны адбітак, зроблены для патрэбаў уніяцкай царквы, быў выкарыстаны іканапісцам для напісання абраза ў алтар грэка-каталіцкага храма. Астатняя група твораў належыць, па ўсёй верагоднасці, да першай паловы ХІХ ст. За выключэннем твора з царквы ў в. Голдава Лідскага р-на Гродзенскай вобласці, усе яны паходзяць з цэркваў Брэстчыны. Гэтыя храмы некалі былі грэка-каталіцкімі, і названыя абразы ў сваёй большасці належаць да іканапіснай спадчыны апошніх дзясяцігоддзяў існавання гэтай канфесіі. Згаданы абраз з Гродзеншчыны цікавы тым, што акрамя св. Юзафа з маленькім Хрыстом на палатне змешчана на дальнім плане Дзева Марыя7. Такое ўключэнне Яе постаці на палатно лічыцца даволі рэдкім. Акрамя гэтай дэталі, твор выглядае даволі трывіяльным паводле кампаноўкі фігураў. Гэта статычная роставая кампазіцыя, характэрная для пачатку ХІХ ст. Тым жа перыядам можна датаваць і твор з Пакроўскай царквы г. Іванава Брэсцкай вобл., які захоўваецца, з-за не вельмі добрага стану, не ў асноўным, а ў навукова-дапаможным фондзе МСБК8. Аднак, няглядзячы на асыпанні фарбавага слою, пацямненне і кракелюр, твор мае каштоўнасць як прыклад цікавай іканаграфіі. Тут, як і на абразе з Дзеткавічаў, маленькі Хрыстус знаходзіцца не на руках у св. Юзафа, а сядзіць на чырвонай падушачцы. Праз жэсты перададзена ўзаемадзеянне персанажаў. У кампазіцыю таксама ўведзены і херубімы, якія закампанаваныя ў правым верхнім куце. Увогуле, гэты твор, магчыма, належыць да больш ранняга перыяду, чым адзначана ў кнізе паступленняў музея (ХІХ ст.), аднак больш дакладна пра гэта можна будзе казаць толькі пасля праведзяння рэстаўрацыйных расчыстак. Ёсць падставы меркаваць, што ён, як і помнік з в. Дзеткавічы, быў напісаны ў другой палове ці ў канцы XVIIІ ст. У МСБК знаходзіцца цікавы помнік з царквы св. Пятра і Паўла г. Пружаны Брэсцкай вобл. — двухбаковы працэсійны алтарык — фератрон9. Такога кшталту помнікаў захавалася не вельмі шмат, а ў музеях іх увогуле адзінкі. Яны з’яўляюцца не проста творамі жывапісу, бо спалучаюць у сабе розныя віды мастацтва. Так, звычайна абразы, якіх было два (яны знаходзіліся на абодвух баках), устаўляліся ў дэкаратыўны разьбяны картуш. Аздобы маглі ўпрыгожваць і подыум (невысокі столік), да якога мацаваўся апошні. У гэтым фератроне змешчаны два абразы на сюжэты Беззаганнага Зачацця і св. Юзаф з Хрыстом. Цікава, што на першым з іх змешчаны дарчы надпіс: «Józef Eframowicz sporzondzil te obrazy». Відавочна, што Юзаф Эфрамовіч невыпадкова замовіў у майстроў выкананне такога сакральнага прадмета: на адным з бакоў прадстаўлены яго нябесны апякун. На жаль, у надпісе не ўказана дата, аднак верагодна, што гэты помнік быў выкананы ў пачатку ХІХ ст. Да такой думкі схіляе тая акалічнасць, што з яшчэ адной царквы таго ж рэгіёна — з в. Варанілавічы Пружанскага р-на — паходзіць вельмі падобны фератрон, на якім прыведзена дата выканання — 1807 г.: «Ten ołtarz sprawiony przez bractwo parafii cerkwi Woroniłowicz r. 1807 maia 13»10. Верагодна, яны ствараліся ў адзін перыяд, а магчыма, і аднымі і тымі ж майстрамі. Безумоўна, малюнак разьбы на абодвух прадметах мае пэўныя адрозненні, аднак ёсць агульныя дэталі: напрыклад, пад шчытом з жывапіснай выявай знаходзіцца разьбяны валан. Ад нізу картуша адыходзяць лісты-завіткі. У фарміраванні дэкору выкарыстаны аднолькавыя матывы: чатырохпялёсткавыя кветкі; «карункі», пафарбаваныя ў белы колер; лісце і сцябліны. Праўда, адрозніваецца спосаб кампаноўкі гэтых дэталяў. Завяршаюць усю кампазіцыю ў абодвух выпадках палі з манаграмамі. Для роспісу фератронаў выкарыстаны адны і тыя ж колеры, і на абодвух маюцца дарчыя надпісы. Ва ўніяцкіх храмах падчас працэсій акрамя фератронаў выкарыстоўваліся і звычайныя двухбаковыя абразы, якія адрозніваюцца тым, што тут не было рамы-картуша, у якую ўстаўляліся выявы, не было і подыума. Такога кшталту абраз, дзе на адным з бакоў прадстаўлены св. Юзаф, паходзіць з царквы Нараджэння Багародзіцы аг. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Тут, што цікава, св. Юзаф прадстаўлены адзін — маленькага Езуса побач з ім няма. Святы трымае ў руках разгорнутую кнігу з тэкстам на лаціне, падпахай у яго знаходзіцца лілея — сімвал цнатлівасці11. Трэба сказаць, што хоць гэтая кветка і з’яўляецца адным з атрыбутаў святога Юзафа, аднак не заўсёды мастакі яе ўключалі ў кампазіцыю, пра што сведчаць і вышэйназваныя выявы. Цікавасць выклікаюць тыя выпадкі, калі кветка напісана так, што яна нагадвае нейкую іншую расліну, а не лілею. Ці то мясцовыя майстры мелі цьмянае ўяўленне пра яе выгляд і пісалі па сваім разуменні, ці то не хапала навыкаў намаляваць яе падобнай да рэальнай (больш верагодны першы варыянт). Цікавым пацверджаннем з’яўляецца датаваны абраз з Пакроўскай царквы в. Мышчыцы (цяпер паселішча ў межах г. Жабінка) Брэсцкай вобл.12. На гэтым помніку 1847 г. вельмі своеасабліва паказана не толькі лілея, але і галоўны персанаж кампазіцыі: св. Юзаф тут у даволі маладым узросце, з доўгімі валасамі, а кветка тут больш падобная да квітнеючай галінкі дрэва. На завяршэнне прыгадаем яшчэ адзін самабытны датаваны твор, але са збору іншай установы — Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Тут захоўваецца двухбаковы абраз, які пісаўся, пра што сведчыць дарчы надпіс, у 1789 г. для царквы в. Мірацічы, а фундатарам быў Васіль Сак. Кампазіцыя твора даволі простая: роставая выява святога з маленькім Хрыстом на руках. Каларыт заснаваны на спалучэнні вохрыстага і блакітнага, а з цікавых дэталяў звяртае на сябе ўвагу кветка ў руцэ святога Юзафа, якая таксама не вельмі падобная да лілеі — яна ўвогуле нагадвае кветку дзядоўніка13. Абразы святога Юзафа, якія захоўваюцца ў музейных зборах, даюць уяўленне пра разнастайнасць трактоўкі вобразу святога, пра шырокую варыятыўнасць у пабудове кампазіцыі, дэманструюць цікавае ўвасабленне розных атрыбутаў і розных дэталяў. У якасці ўзору для беларускіх твораў сакральнага жывапісу маглі служыць гравюры мясцовых майстроў, а таксама, напэўна, работы заходнееўрапейскіх творцаў. Згаданыя помнікі іканапісу сведчаць і пра дзейнасць высокапрафесійных жывапісцаў, якія стваралі алтарныя карціны для храмаў у Задарожжы на Віцебшчыне і Дзеткавічах на Брэстчыне, і пра творчасць менш спрактыкаваных, а часам мясцовых народных майстроў.
|
|
|