Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Эла ДЗВІНСКАЯ

ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Франчэско Маджотта.
«Святы Мясроп Маштоц»,
XVIII ст.

У чэрвені ў Арменіі праходзіў навуковы семінар рэстаўратараў і даследчыкаў каштоўных старажытных кніг «Лікі памяці».

У рамках семінара вядомы беларускі культуролаг і кнігазнавец, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша наведаў Матэнадаран у Ерэване — сховішча старажытных рукапісаў, дзе знаходзяцца тысячы старажытнагрэчаскіх і армянскіх хрысціянскіх дакументаў. Сёння — наша размова з ім.

— Алесь Аляксандравіч, падзяліцеся, калі ласка, уражаннямі ад Вашага незвычайнага падарожжа.

— Семінар «Лікі памяці» быў арганізаваны больш 10 гадоў таму менавіта армянамі. Некалькі ўстановаў аб’ядналіся і арганізавалі сапраўдную школу, семінар, практыкум у галіне рэстаўрацыі і кансервацыі кніжных помнікаў. Сёлета прайшоў 10-ы семінар «Лікі памяці» пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва. У ім удзельнічалі краіны Балтыі, СНД, Украіна, Грузія і іншыя. Кожны год, апрача мінулага, эксперты прыязджаюць у Ерэван, каб дзяліцца вопытам: расказваюць пра новыя дасягненні ў галіне рэстаўрацыі і кансервацыі кніжных помнікаў, дэманструюць розныя тэхналогіі ўзнаўлення аб’ектаў. Удзельнікамі мерапрыемства з’яўляюцца прадстаўнікі рэстаўрацыйных майстэрняў, музеяў, бібліятэк, навуковых інстытутаў, якія займаюцца захаваннем культурнай спадчыны. Нацыянальная бібліятэка Беларусі прымала ўдзел у гэтых акцыях з дакладамі, я выступаў там у 2018 годзе.

Сёлета была магчымасць камунікаваць з мясцовымі захавальнікамі старажытных рукапісаў і рэстаўратарамі, ацэньваць іх працу, дыскутаваць, прапаноўваць свае ідэі. Незвычайнае адчуванне, калі трымаеш у руках рукапіс V ці VII стагоддзя! Захапляюць таксама надпісы і тэксты на тэрыторыі замка Эрэбуні, датаваныя VIII cтагоддзем да нашай эры, адкуль пачынаецца гісторыя Ерэвана; там ёсць клінапісныя запісы, якія сведчаць пра з’яўленне горада. Створана копія вялікага каменнага дакумента ў выглядзе помніка. Клінапісная традыцыя часоў цывілізацыі Урарту вельмі цікавая! Здзіўляешся, як цывілізацыя існуе тут ужо тры тысячы гадоў.

Армянская дзяржава і армянскі народ надаюць шмат увагі захаванню сваёй кніжнай культуры. Нацыянальнае вызначэнне і будучыню краіны яны звязваюць з пісьменствам і культурай. Калі народ страціць сваю веру і свой алфавіт, здрадзіць справе продкаў, ён знікне. Таму армяне на працягу стагоддзяў застаюцца цэласным этнічным фарміраваннем, нягледзячы на тое, што побач жылі прадстаўнікі самых розных этнасаў, не толькі армяне, не толькі хрысціяне: яны застаюцца паўнавартаснай актыўнай нацыяй, захоўваюць сваю краіну.

— Вам пашчасціла трапіць у майстэрню да рэстаўратараў з Матэнадарана — культавай установы, якая займаецца захаваннем і вывучэннем кніжнай спадчыны Арменіі. Даследчыкі там працуюць над рукапісамі.

— Гэта адна з найлепшых установаў у сваім родзе не толькі ў Арменіі, але і ў свеце. Каштоўна, што я меў шанец убачыць унікальныя армянскія рукапісы V–XV стагоддзяў у вітрынах і патрымаць іх у руках, а таксама абмеркаваць з экспертамі, як яны іх рэстаўравалі і як сёння захоўваюць. Са мною былі эксперты з расійскага Эрмітажа, якія з такім жа захапленнем сачылі за кожным словам і дзеяннем армянскіх калег.

— Некалькі гадоў таму ў Мінску праходзіла маштабная выстава «Беларусь і Біблія». На ёй былі прадстаўлены рукапісы Евангелля з Арменіі, і вось Вы пабачылі Санасаранскае Евангелле падчас камандзіроўкі ў Ерэван…

— Так. І не толькі яго.

Матэнадаран у Ерэване і помнік Мясропу Маштоцу.

— Алесь Аляксандравіч, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе з сябе Матэнадарáн.

— Матэнадарáн, ці Інстытут старажытных рукапісаў Матэнадаран імя святога Мясропа Маштоца — гэта размешчаны ў Ерэване Навукова-даследчыцкі цэнтр пры ўрадзе Рэспублікі Арменія, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых сховішчаў рукапісаў у свеце (у тым ліку і старажытнаармянскіх), і галоўным цэнтрам рэстаўрацыі. Туды ездзяць вучыцца рэстаўратары з многіх краінаў свету, у тым ліку з Беларусі. Пры інстытуце створаны ўтульны музей для наведвальнікаў. Слова «матэнадаран» у перакладзе з армянскай мовы азначае «сховішча рукапісаў». Інстытут Матэнадаран быў створаны на базе нацыяналізаванай у 1920 годзе калекцыі рукапісаў Эчміядзінскага манастыра.

Пачатак стварэння гэтай калекцыі датуецца V cтагоддзем і звязаны з Мясропам Маштоцам (каля 361–440), стваральнікам армянскага пісьменства. Ужо ў V стагоддзі Лазар Парпецы паведамляў, што пры Эчміядзінскім манастыры існуе кнігасховішча. Эчміядзінскі матэнадаран быў абвешчаны дзяржаўнай уласнасцю 17 снежня 1929 года. У 1939 годзе калекцыя была перавезена з Эчміядзіна ў Ерэван. Сучасны будынак Матэнадарана быў пабудаваны ў 1959 годзе па праекце архітэктара Марка Грыгарана. У 1984 годзе быў выдадзены першы том агульнага каталога калекцыі Матэнадарана. Па стане на 2015 год фонды Матэнадарана маюць больш 17 тысяч старажытных рукапісаў і больш за 100 тысяч даўнейшых архіўных дакументаў. Разам з армянскімі рукапісамі (11 230 паўнавартасных і 2 200 фрагментарных) тут захоўваецца больш 2 000 рукапісаў на рускай мове, іўрыце, лаціне, арабскай, сірыйскай, грэчаскай, грузінскай, індыйскай, японскай, персідскай і іншых мовах. У фондах музея захоўваюцца 2 281 старадрукаваных (да 1800 года) кніг. У наш час калекцыя таксама папаўняецца — значны ўнёсак у яе пашырэнне робяць прадстаўнікі армянскай дыяспары ў Еўропе, ЗША.

Калекцыя Матэнадарана з’яўляецца каштоўнай навукова-гістарычнай базай для вывучэння гісторыі і культуры Арменіі, а таксама суседніх народаў Каўказа, Блізкага і Сярэдняга Усходу. У інстытуце захоўваюцца рукапісы V—XVIII стагоддзяў, а таксама ўнікальная калекцыя першадрукаваных і старадрукаваных армянскіх кніг XVI—XVIII стагоддзяў, творы старажытных і сярэднявечных армянскіх гісторыкаў, пісьменнікаў, філосафаў, матэматыкаў, географаў, лекараў, пераклады на армянскую мову працаў старажытнагрэчаскіх, сірыйскіх, арабскіх і лацінскіх навукоўцаў, у тым ліку творы, што не захаваліся на мове арыгінала. У музеі інстытута экспануюцца шматлікія ўзоры старажытнаармянскага пісьменства і кніжнай мініяцюры. Там створаны выдатныя ўмовы для захавання рукапісаў.

— Перад будынкам інстытута ўзведзены помнік вучонаму, асветніку, місіянеру Мясропу Маштоцу, заснавальніку армянскага алфавіта. Ён спрычыніўся да пашырэння хрысціянства ў Арменіі, заснаваў Вагаршапацкую семінарыю, быў далучаны да ліку святых Армянскай Апостальскай Царквы. Лічыцца, што менавіта ён паспрыяў захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці армянаў.

— Мясропа Маштоца можна параўнаць з Кірылам і Мятодам. Ён быў вучоным-мовазнаўцам, стваральнікам армянскага алфавіта, заснавальнікам армянскай літаратуры, нацыянальнай школы і педагагічнай думкі, перакладчыкам Бібліі, святым Армянскай Апостальскай Царквы і Армянскай Каталіцкай Царквы. Яму ўсталявана шмат помнікаў, яго імём названы вуліцы. Месца яго спачыну знаходзіцца недалёка ад гары Арагац, на якую мне давялося падняцца.Там стаіць помнік хрышчэнню Арменіі і створана вялікая кампазіцыя з выявамі літараў армянскага алфавіта. Дзякуючы дзейнасці Мясропа Маштоца армянскі народ атрымаў нацыянальнае пісьменства, армянская мова была абвешчана дзяржаўнай. Хрысціянства канчаткова замацавалася ў армянскім народзе і сумесна з пісьменствам стала апорай армянаў у барацьбе супраць асіміляцыі. Сучаснае армянскае пісьменства стала адным з апірышчаў Армянскай Апостальскай Царквы, якая аказала вялізны духоўны ўплыў на армянскі народ.

Старажытная армянская кніга.

— Вам давялося пабачыць кнігу армянскага друкара, які мог быць знаёмы з Францішкам Скарынам у Венецыі.

— Так. Першая кніга, надрукаваная на армянскай мове, — «Урбатагірк» («Пятнічная кніга»), выдадзеная Акопам Мегапартам у Венецыі ў 1512 годзе. Менавіта гэта дата ўзгадвалася ў 2012 годзе, калі на высокім міжнародным узроўні было арганізавана святкаванне 500-годдзя армянскага кнігадрукавання, на якое былі запрошаны таксама і беларусы. Перад гэтым абмяркоўвалася наданне Ерэвану статуса кніжнай сталіцы свету.

Тут шмат падобнага маем з беларускім кнігадрукаваннем і нашым Скарынам. Першадрукары абедзвюх традыцый пачыналі сваю выдавецкую працу ў замежных кніжных асяродках і абодва былі звязаныя з Венецыяй. Абодва працавалі амаль у адзін і той жа час у 1512 годзе; калі Акоп надрукаваў у Венецыі сваю першую кнігу, Скарына якраз у Венецыі, у Падуі здаваў экзамены на доктара медыцыны, а потым і сам заняўся кнігадрукам. Абодва друкавалі кнігі невялікага фармату, у дзве фарбы, з выключкай па шырыні, і аздаблялі іх гравюрамі-дрэварытамі. Для вырабу першых беларускіх і армянскіх кніг давялося «з нуля» ствараць новыя шрыфты. Першадрукі беларусаў і армянаў захаваліся ў вельмі невялікай колькасці, і сёння лічацца нацыянальнымі святынямі. Яны ўключаюць у сябе малітвы, у тым ліку рыфмаваныя, і набожныя тэксты, а таксама іншыя матэрыялы і звесткі. Так і напрошваецца думка: ці не мог Скарына бачыць у Венецыі нараджэнне армянскага кнігавыдання і пад яго ўплывам пайсці тым жа шляхам?

— Хрысціянская Апостальская Царква Арменіі вельмі старажытная. Пропаведзь веры пачалася з дзейнасці апосталаў Фадзея і Варфаламея. Арменія — адна з першых краінаў, якая прыняла хрысціянства.

— Сапраўды, першая, якая зрабіла хрысціянства дзяржаўнай рэлігіяй. Культура гэтай краіны найбагацейшая, традыцыя вельмі цікавая! На паўднёвым усходзе ад Ерэвана давялося ўбачыць адзін з найстарэйшых манастыроў Гегард. Там у першым тысячыгоддзі знаходзіліся кіраўнікі Армянскай Апостальскай Царквы да пераезду ў Эчміядзін. Гегард — знакаміты культавы духоўны цэнтр у гарах каля танюткай і вельмі прыгожай рэчкі; там засталіся храмы і пячоры, якім больш за тысячы гадоў. Там цудоўная, проста неапісальная акустыка! У пераважнай большасці манастыры складзеныя з туфавага каменю. Раніцай мы адправіліся на возера Севан. Над возерам на паўвыспе знаходзіцца манастыр Севанавак. Ён пабудаваны не з туфа, а з чорнага вулканічнага каменя; засталося некалькі храмаў. Там быў востраў, які стаў паўвостравам.

На пачатку ХХ стагоддзя нарадзілася ідэя часткова асушыць возера, каб вызваліць глебу для пасеваў, і гэта ідэя ледзь не прывяла да нацыянальнай трагедыі. У 1936 годзе тут пабудавалі шмат каналаў, гідраэлектрастанцый, і возера пачало мялець: кожны год на метр падала глыбіня. У выніку ў канцы 60-х гадоў яно магло быць страчаным. Розныя віды рыбаў пачалі выміраць, знакамітая севанская фарэль скарацілася ў колькасці, пачаў мяняцца колер вады. Армяне забілі ва ўсе званы: ініцыявалі праект адраджэння возера, спрабуючы з іншых рэк перакінуць ваду ў Севан. Для гэтага яны пачалі рыць шмат тунэляў, каб спусціць ваду ў возера з суседніх рэчак, і ўзровень вады пачаў паднімацца толькі ў 2014 годзе. Цяпер кожны год дабаўляецца па 40 сантыметраў вады. У выніку колішні высокі скальны востраў, на якім знаходзіўся манастыр — ён служыў абарончым мэтам — ператварыўся ў паўвостраў, куды можна прайсці пешкі. У манастыр высылалі мяцежных манахаў з Эчміядзіна. У мястэчку Гарні знаходзіцца храм часоў старажытнага Рыма.

— Як праходзіць жыццё ў сучасным Ерэване?

— У Ерэване не просты час: кавід разбурыў многія планы, спыніўся турызм. Нядаўна прайшла вайна, якая выклікала моцную дэпрэсію ў армянскім грамадстве. Тым не менш, армяне гасцінныя і адкрытыя, як ва ўсе часы. Нас сустракалі і нам дапамагалі валанцёры. Горад адметны нацыянальнай архітэктураю з выразнай стылістыкай. Армяне ганарацца сваёй культурай і сваёй спадчынай, і захоўваюць хрысціянскія святыні. Працуюць дзяржаўныя і недзяржаўныя мастацкія галерэі, гучыць жывая музыка, класічная і нацыянальная. Армяне робяць усё з любоўю і адкрытасцю…

— Дзякую Вам за аповед, жадаю поспехаў!

Гутарыла Эла Дзвінская.
Фота з архіва Алеся Сушы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY