|
|
№
3(97)/2021
У свеце Бібліі
Ксёндз доктар Сяргей СУРЫНОВІЧАСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ Інтэрв’ю
Постаці
Андрэй ШПУНТ
АРЦЫБІСКУП МАГІЛЁЎСКІ КАСПЕР КАЗІМІР КАЛОНА-ЦЕЦІШОЎСКІ, МІТРАПАЛІТ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні
Духоўная літаратура
Юлія КОСАВА
СКАРБ ЖАНОЧАЙ ДУХОЎНАСЦІ — ТЭРЭЗА АВІЛЬСКАЯ Святая Тэрэза Авільская ШЛЯХ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ Літаратурныя шэдэўры
Паэзія
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ХЛЕБА БУДНЯГА ДАЙ НАМ СЁНЕКА!», АБО ХРЫСЦІЯНСКІЯ АКОРДЫ «СКРЫПКІ БЕЛАРУСКАЙ» АЛАІЗЫ ПАШКЕВІЧ Да 145-годдзя з дня нараджэння Інтэрв’ю
Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з беларускім культуролагам Аляксандрам СУШАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
Лідзія КАМІНСКАЯ
ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІПра кнігу кс. Артура Ляшнеўскага SDB«Ахопленыя надзеяй» (2021 г.)
У гэтай кнігі цудоўная назва, бо ў ёй ёсць слова «надзея» — тое, што вельмі патрэбна кожнаму чалавеку. Патрэбна ва ўсе часы, у кожную хвіліну, каб адбывалася і тое, чаго мы вельмі прагнем, і каб проста спаўняліся нашы жаданні, а па вялікім кошце, каб яшчэ і адбываўся цуд… Цудам ксяндза Яна Боско ў Беларусі аўтар кнігі, ксёндз Артур Ляшнеўскі, называе ахвярнае служэнне манахаў салезіянаў на нашых землях на працягу 70-ці гадоў: з 1921-га па 1991-ы. Менавіта іх працы прысвечана кніга, якая нядаўна ўбачыла свет ў каталіцкім выдавецтве «Про Хрысто». Гэтую кнігу без перабольшвання можна назваць не толькі важнай, незвычайнай, цікавай, але і ўнікальнай, бо ксёндз Артур Ляшнеўскі сапраўды выканаў тытанічную працу, даследуючы дзейнасць Таварыства святога Францішка Сальскага на Беларусі ў тры розныя гістарычныя перыяды — адпаведна і кніга складаецца з трох вялікіх раздзелаў, якія ахопліваюць канкрэтны час — не вельмі просты і для ўсёй Краіны, і для душпастырска-выхаваўчай дзейнасці салезіянаў. Назва першага раздзела — «Салезіянскія пляцоўкі і іх дзейнасць у перыяд Другой Рэчы Паспалітай». Другі раздзел — «Салезіянскае Таварыства ў Беларусі падчас Другой сусветнай вайны» — прысвечаны складанаму перыяду нямецкай акупацыі, які быў неадназначным і для ўсіх беларусаў, і для Каталіцкага Касцёла, бо спачатку немцы стваралі нібыта спрыяльныя ўмовы для рэлігійнага развіцця, адчыніўшы забароненыя савецкай уладай касцёлы, але пасля пераследавалі і забівалі каталіцкіх святароў, якія ўдзельнічалі ў «місіі Усход», арганізаванай арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім для душпастырскай апекі вернікаў ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі. Чацвёра салезіянаў у гэты час прынялі мучаніцкаю смерць за сваю веру. Большасць з іх пакінула ўсходнія землі, а тыя, хто застаўся, працавалі ў канспірацыі, штодзённа рызыкуючы жыццём. У трэцім раздзеле кнігі — «Умовы і характар працы салезіянаў падчас панавання савецкай улады» — аўтар кнігі доказна, з дапамогаю архіўных дакументаў і ўспамінаў сведкаў піша пра апантаную жорсткасць сістэмы да ўсяго, што было звязана з рэлігіяй, і словы «панаванне савецкай улады» трапна перадаюць тое, што ў сучаснай рускай мове акрэсліваецца выразным словам «беспредел». Асобныя старонкі ўспамінаў, дзе апісаныя здзекі са святароў, нават чытаць вусцішна… Трэці раздзел кнігі завяршаецца апісаннем дзейнасці ксяндза Юзафа Занеўскага — першага пасля гадоў атэізму салезіяніна з Беларусі. Менавіта яго прыезд у 1978 годзе ў БССР дапамог адраджэнню харызмы ксяндза Яна Боско на нашых землях, спрыяючы ўваскрашэнню Касцёла: ён адчыняў канфіскаваныя савецкімі ўладамі касцёлы, арганізаваў катэхізацыю моладзі, развіваў дабрачынную дзейнасць, і менавіта дзякуючы яго старанням салезіяне адрадзілі сваё душпастырскае служэнне ў Беларусі і ўкараніліся ў Расіі. Асобнай увагі ў кнізе заслугоўвае Дадатак, у якім аўтар рупліва сабраў і змясціў у табліцах звесткі пра ўсіх салезіянаў, якія неслі сваё служэнне ў Беларусі ў 1921–1991 гг. (імёны, прозвішчы, час і месца працы) — гэта ксяндзы пробашчы, каад’ютары, асістэнты, і мне было прыемна ўбачыць сярод іх прозвішча майго аднафамільца (а магчыма, сваяка?) клерыка Мар’яна Камінскага, які ў 1936–1937 гг. працаваў у доме св. Юзафа ў Дварцы. Тут жа змешчана інфармацыя пра ўсіх іерархаў, якія ўзгадваюцца ў кнізе, і на васьмі старонках даецца грунтоўная бібліяграфія, куды ўваходзяць і запісаныя аўтарам размовы са сведкамі ў 2013, 2015, 2016 гадах — сапраўды тытанічная праца, якою, пэўна ж, апекаваўся Святы Дух. Нізкі паклон ксяндзу Артуру Ляшнеўскаму, які ўсвядоміў неабходнасць такой важнай кнігі і ажыццявіў яе з’яўленне на свет у наш супярэчлівы час. Важнасць кнігі падкрэсленая ўступным словам і анатацыяй да яе дзвюх найаўтарытэтнейшых у каталіцкім свеце асобаў — арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Ганаровага мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, і польскага ксяндза Войцеха Жыцінскага SDB, прафесара, доктара габілітаванага. «Упэўнены, — піша Тадэвуш Кандрусевіч, — што кніга <...> будзе служыць жыхарам нашай Бацькаўшчыны, асабліва маладым, у іх належным хрысціянскім выхаванні ў наш час складаных маральных выклікаў, каб яны станавіліся ўзорнымі вернікамі, а таксама добрымі і сумленнымі грамадзянамі». У кнізе змешчаны і Уступ да яе самога аўтара, у якім ён тлумачыць свае задачы ў працы, апавядае пра змест і логіку яе будовы і між гэтым гаворыць вельмі важныя для кожнага даследавання словы: памяць, абавязак, скарб… і гэтым многае сказана. Мушу згадаць, што кніга перакладалася з польскай мовы, і пераклад гэты, добрасумленны, уважлівы, дэталёвы, зрабіла таленавітая маладая супрацоўніца выдавецтва «Про Хрысто» — Кацярына Дурко. Кніга выдатна ілюстраваная фотаздымкамі самога кс. Артура Ляшнеўскага, кс. Д. Барылы, кс. Ю. Занеўскага, А. Шчыглінскай, А. Яроменкі, У. Зарэцкага, Ю. Аблажэя, Ю. Дулевіча, здымкамі з архіваў (дзяржаўных і прыватных), з фондаў ЦНБ імя Якуба Коласа, Варшаўскай інспекторыі салезіянаў і іншых установаў і крыніцаў, і сярод гэтых фотаздымкаў ёсць унікальныя — памяць і скарб… У заключэнні аўтар кнігі піша пра тое, што даследаванні дзейнасці салезіянаў у Беларусі маюць перспектыву, «таму што Таварыства святога Францішка Сальскага і сёння актыўна служыць у Беларусі і плённа развіваецца. Грамадства і мясцовы Касцёл з вялікай пашанай ставяцца да душпастырска-выхаваўчай дзейнасці таварыства, якое служыць Беларусі і Касцёлу на гэтых землях ужо амаль 100 гадоў. Пачатак служэння і далейшыя падзеі былі разнастайнымі, а часам вельмі цяжкімі, аднак намаганні многіх манахаў, пра якіх ужо мала хто памятае, учынілі ў пэўным сэнсе цуд ксяндза Яна Боско ў Беларусі. Гэты цуд яшчэ не здзейснены цалкам, таму ён працягваецца». І няхай працягваецца на вякі вечныя… Лідзія Камінская
|
|
|