Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

* * *

Скача дождж па лісці нашай памяці,
па лісці, якое ці можам памятаць —
разам з залевай дзяцінства,
калі дзень, два, тры
падзенне кропляў вады разразала прастору,
адольваючы супраціўленне паветра.

Бывае памяць як вечны фон,
калі жывеш — і не забываешся:
прысутнасць не страчвае значнасці,
адсутнасць не страчвае значнасці.

Крывяносная сістэма —
карэненосная сістэма,
носіць увесь час па целе
спалучэнне генаў
— дарункі геніяў —
нашую спадчыну.
Што мы такое? Мы — гены,
што памятаюць.

Можа быць таму
мы пішам пра мінулае,
што шукаем там апірышча для будучыні,
што шукаем у мінулым трываласці?

Можа быць таму,
што мы выраслі ў Беларусі,
а не між «руінамі» і «нідзе»,
у Беларусі, якая была сапраўднай,
якая памятала сябе самую,
хоць пра многае хацела забыцца?

Можа быць таму
я абяцаю сабе зноў і зноў
не пісаць пра мінулае,
а яно вяртаецца,
так упарта, так жыва,
прыводзіць за сабою людзей,
якіх даўно ўжо няма.

Каб я ведала, што я не адна.

* * *

Pamiątka Służby Wojskowej, Toruń.
(Надпіс на дзедавым фотаздымку.)

Партрэт Пілсудскага,
аэрапланы ў дымным небе,
анёлак побач з бомбаю і шабляй —
у гэтых нескладаных атрыбутах
зашыфраваныя маршруты міжваенных
шляхоў і нечаканых паваротаў лёсу.
Пра што не дадзена даведацца напэўна,
а можна хіба толькі здагадацца…

Ўявіць туманны ранішні гасцінец,
плячыстых хлопцаў, што ідуць на захад,
каб дзесьці потым у далёкім краі
чужой радзіме прысягаць на вернасць.
І слаць лісты, і памятаць пра мову
сваю, адзіную, якой няма замены,
і без якой забудзешся навечна
пра тое, хто ты ёсць на гэтым свеце.

…Стаю насупраць торуньскіх казармаў,
інакшым шляхам і з інакшай мэтай,
так выпадкова і зусім невыпадкова
праз час і праз жыцця закальцаванасць
прачытваю гісторыю па лёсах
маіх дзядоў, што на мяне з нябёсаў
глядзяць з прасветленай усмешкай тых,
хто змог вярнуцца да бацькоўскай хаты…

…жаўнеры Войска Польскага...
              …Чырвонай арміі салдаты…

Архіпелаг

Хлеб — круглая выспа,
зямля, што плыве
ў тумане маёй памяці.

Адломваю ад яе лусты ўспамінаў
і апускаю побач, а пасля,
калі паабедзенная цішыня
распускаецца ў гарачым паветры,
падарожнічаю па гэтым архіпелагу.

Хлеб — круглая выспа,
дзе жывуць
самыя смачныя ўспаміны:

…плошча ў мястэчку,
стары аўтобус кранаецца з месца,
за акном праплывае замак з чырвонай цэглы,
у нашых руках — хлеб з крамы ля аўтакасы…

…дарога з музычнай школы,
галодныя вочы і хлеб,
ад якога даволі хутка
нічога не застаецца…

Лусты ўспамінаў,
адламаныя ад гэтай выспы, —
архіпелаг, што ўзвышаецца
над марнасцю быцця.

Фота Аксаны Данільчык

Дарога да Васілісы

Напэўна вясна, напэўна
пялёсткі ігрушаў-дзічкаў
леглі ланцужкамі ўздоўж дарогі,
выцягнуліся аж да самага лесу,
у нетрах якога прарастае трава-кісліца,
а мурашкі выбудоўваюць новыя хаткі.

Тэпайце-тэпайце, ножкі малыя,
спасцігайце радасць жыцця
разам з апалонікамі,
што мільгаюць у чыстай вясновай вадзе.

Дзве жанчыны —
старэйшая і маладзейшая,
лесам, лесам, а там за лесам —
хутар у квецені саду.

І сонца будзе высвечваць
кожную плямку на шыбе вакна,
насычаць фіранкі залатым пылам,
потым пыл закруціцца па хаце,
калі швачка Васіліса
дастане з-пад швейнай машыны
скарбы тканінаў,
аддасць гатовую сукенку
і россыпы лапінкаў.

Назад ізноў праз лес,
праз жаўруковыя палеткі,
з пагорка відаць замкавыя вежы,
а наперадзе яшчэ дваццаць год
жыцця разам.

* * *

Марыне

Як мы марылі пра каханне!
Такое, каб на ўсё жыццё,
каб ніхто і ніяк, каб непарушна,
не ўмелі зазірнуць
далей за бліжэйшы лясок,
аднак былі ўпэўненыя
ў магчымасці адзінства душаў.

Як мы марылі пра каханне!
Перапісвалі вершы ў тоўстыя сшыткі,
насілі іх адна да адной,
пыталіся: «Я прыгожая?» — «Ага, вельмі…»
— «А я?» — « Ты таксама…» —
быццам бы прыгажосць і каханне — сінонімы.

Спасцігалі свет эмпірычным шляхам,
не зважалі на босыя ногі, парэзаныя аерам,
і радасць існавання была з намі кожны дзень,
мы кожны дзень сустракалі даверам…

(Тут, напэўна, я павінна напісаць,
што жыццё разбіла нашыя мары ўшчэнт,
што мы сталі дарослымі
і больш не верым і не марым.
Але гэта не так.)

Паміж мною і мною адлегласць
можна вымераць цэлым жыццём,
што бліжэй, што далей — я сама
іншым разам не адчуваю…
Як мы марылі пра каханне!
Гэтых мараў шчаслівае адкрыццё
і да сёння няіснай зоркай
нам пражытыя дні асвятляе.

На замкавым возеры

Светлай памяці Зоі Іванаўны Ёч
(Карпінскай).

Наплакацца на беразе тваім
За тых усіх, каго вада забрала,
За тых усіх, каго вайна забрала,
Каго ніколі болей не пачую,
Наплакацца і за сябе самую,
За ўсё, што згадкаю ў імгле растала,
Але ёсць Мір, і гэта ўжо нямала,
Але ёсць cонца па-над сподкам срэбным,
Ёсць штосьці важнае, што для мяне нязменным,
Было заўсёды, і заўсёды будзе.

І ўсе мы, раскіданыя па свеце,
Калісьці вернемся да нашых родных хваляў,
Да глыбіні адчайнай і празрыстай,
Куды плывуць адлюстраванні вежаў.
Зямлі маёй душа і незалежнасць,
Маё карэнне і мае нябёсы —
У гэтых замках, што паўсталі проста
Сярод палёў ахоўнымі мурамі,
І што заўсёды і паўсюль ідуць за намі.

Ля іх — маё святло і мой ратунак,
А некалі — апошні мой прытулак.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY