Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Андрэй ШПУНТ

АРЦЫБІСКУП МАГІЛЁЎСКІ
КАСПЕР КАЗІМІР КАЛОНА-ЦЕЦІШОЎСКІ,
МІТРАПАЛІТ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА
Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

Арцыбіскуп Магілёўскі і мітрапаліт Касцёла
ў Расійскай імперыі
Каспер Казімір Цецішоўскі.
XІХ ст. Аўтар невядомы.

У XVIII ст., багатым на людзей неардынарных, вельмі цікавых і вельмі няпростых, нават сярод каталіцкага духавенства часам цяжка было знайсці «нармальнага» чалавека. Дастаткова прыгадаць біскупа Масальскага ці арцыбіскупа, мітрапаліта Богуша-Сестранцэвіча, які амаль тры дзесяцігоддзі быў арцыбіскупам Магілёўскім і ўзначальваў Касцёл у Расійскай імперыі, пачынаючы з кацярынінскіх часоў на нашых шматпакутных землях. Ягонае кіраванне на тле плённай дабрачыннай, выдавецкай, навуковай дзейнасці вызначалася, на жаль, лавіраваннем паміж Санкт-Пецярбургам і Апостальскай Сталіцай, у выніку чаго ў рэшце рэшт ён стаў больш сябрам расійскіх манархаў, чым біскупаў Рыма. Пасля раптоўнай смерці арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча на кароткі час яго пераемнікам стаў іерарх, які, па словах біскупа Міхала Гадлеўскага «ў шматлікім і цёмным арэапагу станіславаўскіх біскупаў належаў да нязначнай жменькі пастыраў, якія пабожным жыццём дабратворна ўплывалі на вернікаў».

 

Паходжанне

Род Цецішоўскіх (або Цецішэўскіх) герба «Пяжхала» (спачатку «Рох», але ў XVI ст. быў зменены) належаў да шматлікай старажытнай фаміліі з Мазовіі, што ўзяла сваю назву ад вёскі Цецішэва ў Чэрскім павеце. Сярод першых прадстаўнікоў можна згадаць Станіслава з Цецішава, падстолія чэрскага, вядомага з дакументаў 1350 года. Адам Банецкі радавод пачаў з 2-й пал. XV ст. Да XVIII ст. перад намі паўстае вялікая галерэя постацяў — службовых асобаў, уладальнікаў маёнткаў, святароў, якія жылі, неслі службу, уступалі ў маёмасныя і гаспадарчыя зносіны, удзельнічалі ў грамадскім жыцці пераважна ў Чэрскім і Ліўскім паветах. Сустракаюцца назвы Цецішэў Вялікі, Цецішэў Малы, Сломчын, Новодвур, Калушын і г.д. Нарэшце, прадзіраючыся скрозь радаводныя нетры, на даляглядзе з’яўляюцца ўладанні Азараў (ці Ажараў) — месца нараджэння нашага героя Каспера Казіміра, які ўбачыў гэты свет у 1745 г. у сям’і Дамініка, падчашага ліўскага, і Марыяны з Суфчынскіх, кашталянкі люблінскай. У Дамініка былі яшчэ два старэйшыя сыны — Ігнацый, у будучыні падкаморы ліўскі (1788) і кавалер ордэна св. Станіслава, а яшчэ сакратар Адукацыйнай камісіі і пасол на Соймы 1764 і 1782 гг., і Адам, лоўчы ліўскі (1773), пісар вялікі каронны і кавалер ордэна св. Станіслава (1780), а таксама дачка Антаніна, у шлюбе за Францішкам Шалютам, падчашым рэчыцкім.

 

Герб «Пяжхала».

Пакліканне

У раннім дзяцінстве Каспер Казімір адчуў пакліканне да святарства, таму ва ўзросце 15-ці гадоў быў адпраўлены ў Рым, дзе ўступіў у семінарыю Свяшчэннай Кангрэгацыі распаўсюджвання веры, што была заснавана ў 1627 г. папам Урбанам VIII для падрыхтоўкі будучых місіянераў. Па дарозе ў Вечны горад адбыўся выпадак, які ўмацаваў падлетка ў прыняцці гэтага важнага рашэння. У тыя часы падарожжа па Еўропе не мела сённяшняга камфорту і бяспекі, а шлях, што пралягаў праз Швейцарыю, яшчэ не меў дарогаў, прабітых праз горы, галерэй, мастоў і агароджаў. І вось ва ўмовах дрэннага надвор’я карэта, у якой знаходзіўся малады Каспер Казімір са сваімі спадарожнікамі, абрынулася ў адну з цяснінаў. Калі ўсе прыйшлі ў прытомнасць, убачылі, што карэта, дакладней тое, што ад яе засталося, захрасла ў каранях аграмаднага буку, што ўзвышаўся на схіле. Але гэта было яшчэ не выратаванне, бо так і віселі б на ім, паміраючы ад холаду і голаду, пакуль, зноў жа цудоўным чынам, на іх не натрапіў паляўнічы, які прывёў выратавальнікаў, што з вялікімі цяжкасцямі выцягнулі падарожных на цвёрдую глебу. Адразу ж усе пачалі ўзносіць гарачую падзяку Пану Богу за цудоўнае выратаванне, а Каспер Казімір з таго часу ўжо цвёрда вырашыў прысвяціць сваё жыццё Пану.

 

Кар’ера

Накіроўваючыся ў Рым, Каспер Казімір разлічваў на рэкамендацыйныя лісты да двух кардыналаў, але, як высветлілася, прыдомак Калона каштаваў усіх рэкамендацый і адкрываў усе дзверы, бо жыхары Вечнага горада бачылі ў яго носьбіце нашчадка славутай фаміліі, што зрабіла ўплыў на лёс іх Радзімы.

З руплівасцю аддаючыся вывучэнню тэалогіі і моваў, у чым дасягнуў вельмі значных поспехаў (ведаў французскую, нямецкую, італьянскую, лацінскую, габрэйскую і фарсі) бачыў сябе ў будучыні членам ордэну трынітарыяў ці Ордэну Найсвяцейшай Тройцы, што быў заснаваны ў 1198 г. у Францыі ў эпоху крыжовых паходаў для выкупу палонных хрысціянаў у мусульманаў. Сваёй пабожнасцю і поспехамі ў вучобе клерык падлетак звярнуў на сябе ўвагу самога Клімэнта ХІІІ. Святы Айцец меў доўгую размову з будучым місіянерам, выказаўшы сваё задавальнне і пажаданне, каб стаў свецкім святаром і ажыццяўляў сваю місію на Радзіме. Гэтае пажаданне цалкам супадала з тымі, што былі ў лістах ад родных, якія пісалі пра небяспеку філасофіі Асветніцтва, пра сапсаванасць нораваў, бязвер’я, што, як эпідэмія, накрываюць Рэч Паспалітую. Атрымліваючы з рук Папы ў 1764 г. святарскае пасвячэнне, Каспер Казімір пачуў з вуснаў Пантыфіка ці то наказ, ці то прароцтва: «Маю прадчуванне, што будзе той малады чалавек адным са стаўпоў святога Касцёла нашага ў тых далёкіх краях…». Гэты каштоўны аванс падмацоўваўся імклівай касцёльнай кар’ерай, што пачалася яшчэ падчас навучання ў Рыме, калі Каспер Казімір стаў адначасова ў студзені 1768 г. канонікам варшаўскім, а праз пару гадоў пасля вяртання ў Рэч Паспалітую ў 1775 г. быў прызначаны каад’ютарам біскупа Кіеўскага Францішка Асалінскага і тытулярным біскупам Тэбастыйскім (in part. inf.), стаўшы адным з самых маладых іерархаў Касцёла, мабыць, не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ў свеце. Пакідаючы пакуль па-за ўвагай іншыя кар’ерныя дасягненні цяпер ужо біскупа Цецішоўскага, скажам, што пасля смерці біскупа Асалінскага, як пераемнік, ён склаў сенатарскую прысягу Станіславу Аўгусту, і 16 сакавіка 1785 г. адбыўся яго ўрачысты інгрэс у катэдру ў Жытоміры.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына ІІ вырашыла стварыць на землях Луцкай, Кіеўскай і Камянецкай дыяцэзій два новыя біскупствы — Пінскае і Латычоўскае, з прызначэннем біскупа Цецішоўскага біскупам Пінскім з рэзідэнцыяй у Жытоміры, аднак гэтае прызначэнне не было ўхвалена Апостальскай Сталіцай. Б. Савінкаў, аўтар біяграфіі біскупа, змешчанай у 1901 г. у Рускім біяграфічным слоўніку, канстатуючы, што: «Цецішоўскі, нягледзячы на гэта, не пакінуў кіравання справамі, а прысягнуў у вернасці расейскаму ўраду», ужывае словы «нягледзячы на гэта». Можна было б запярэчыць — а што яшчэ заставалася рабіць? Ды й навошта апраўданні, калі прысяга відавочна складалася не без прымусу, а паства рызыкавала застацца без пастыра. Больш за тое, падчас наступу тарговіцкай канфедэрацыі, што апанавала краіну расейскімі штыкамі, новыя ўлады прымушалі грамадзянаў далучацца да гэтага згуртавання. Біскуп адмовіўся. Дайшло да Кацярыны ІІ, якая прапанавала паставіць подпіс праз пасярэдніка. У адказ пачула, што ні сам, ні праз пасярэдніка не зробіць таго, што абражае яго грамадзянскія пачуцці. Біскуп Цецішоўскі быў гатовы адправіцца следам за біскупам Кракава Каэтанам Солтыкам на выгнанне. Нават выклікаў сваякоў, каб развітацца, і зрабіў апошнія распараджэнні наконт маёмасці. Так, у няпэўным чаканні, ішоў час, які біскуп праводзіў з роднымі ў Бярдзічаве, калі аднойчы з’явіўся кур’ер з Санкт-Пецярбурга і ўручыў ліст ці, хутчэй, пэўнай вагі бандэроль у грубай паперы, што змяшчала пасланне новага імператара, а да яго, цалкам нечакана — інсігніі ордэна св. Аляксандра Неўскага «за заслугі і набожнае жыццё». Яшчэ адзін ліст быў ад сенатара Ілінскага, блізкага да імператара чалавека. У лісце ён паведамляў аб тым, што адразу ж па смерці Кацярыны ІІ у яе асабістай канцылярыі быў знойдзены загад аб адпраўцы біскупа Цецішоўскага ўглыб Расеі, які нябожчыца не паспела падпісаць.

Пасля смерці Кацярыны ІІ, калі Апостальскі нунцый кардынал Ларэнца Літа накіроўваўся ў Санкт-Пецярбург, біскуп сустрэў яго ў ваколіцах Менска і прадставіў патрэбы Касцёла. У выніку сустрэчы было заснавана Луцка-Жытомірскае біскупства, што паўстала з аб’яднання Кіеўскай і Луцкай дыяцэзій, першым пастырам якога і стаў біскуп Цецішоўскі. Інгрэс адбыўся 26 верасня 1798 г.

 

Папа Клімэнт ХІІІ.
Антон Рафаэль Менгс (1758),
палатно, алей. Нацыянальная пінакатэка ў Балоньі.

На касцёльнай і грамадскай ніве

Акрамя цяжару кіравання дыяцэзіяй, біскуп Цецішоўскі, як сенатар Рэчы Паспалітай, павінен быў перыядычна на працяглы час ад’язджаць у Варшаву на соймавыя пасяджэнні, але, хоць, як сам сціпла прызнаваўся, не быў «ні дзяржаўным дзеячам, ні палітыкам», будучы сапраўдным грамадзянінам не стаяў убаку ад бурлівых працэсаў у краіне, прыкладваючы пэўныя намаганні, каб зрабіць яе «моцнай і квітнеючай». У дапамогу абраў сабе сакратаром ксяндза Яна Вароніча, які рэдагаваў соймавыя прамовы і пастырскія лісты.

Паслугі біскупа Цецішоўскага на грамадзянскай ніве ў 1786 г. адзначыў Станіслаў Аўгуст, узнагародзіўшы іерарха ордэнам Белага Арла за працы ў складзе вайсковага дэпартамента, аб чым 24 кастрычніка таго ж года біскупам была прадстаўлена працяглая справаздача.

Прымаючы актыўны ўдзел у Чатырохгадовым сойме, біскуп Цецішоўскі падаваў, па акрэсленні Урускага, выдатныя праекты па пытаннях духоўных фундацый, уніі, талеранцыі, «аховы веры» і г.д.

У красавіку 1792 г. па прапанове біскупа Цецішоўскага быў скліканы сойм для разгляду праектаў рэформаў у падначаленай дыяцэзіі, якія былі падтрыманы каралём і пасля ажыўленых дэбатаў ухвалены дэпутатамі. Было вырашана: «пабудаваць 24 новых касцёлы ў Кіеўскім і Брацлаўскім біскупствах; на пабудову кожнага з іх адпусціць па 3000 зл.; біскуп сам павінен абраць паселішчы, у якіх трэба пабудаваць касцёлы, таксама ўказаць плошчы для іх, для могілак, плябаній, школ і г.д.; на працягу першых шасці гадоў даход з новых парафій цалкам павінен ісці на падтрымку іх добраўпарадкавання; па сканчэнні гэтага тэрміну 20% штогод адлічваецца ў скарб; дзесяцінаў не спаганяецца ніякіх». Аднак з праекта нічога не атрымалася, бо неўзабаве, акурат на гадавіну Канстытуцыі 3 траўня, расейскія войскі парушылі дзяржаўныя межы і ў выніку хуткацечнай вайны захапілі значныя тэрыторыі. Трэба адзначыць, што біскуп Цецішоўскі быў гарачым прыхільнікам Канстытуцыі 3 траўня, у якой бачыў гарантыі адраджэння краіны, і, выдаўшы пастырскі ліст 10 траўня 1791 г., прадпісваў маліцца ў яе інтэнцыі.

Як мы ўжо ведаем, у верасні 1798 г. біскуп Цецішоўскі стаў на чале Луцка-Жытомірскага біскупства, кіраванне якім належыць, па акрэсленні біскупа Гадлеўскага «да найпрыгажэйшых старонак яго жыцця». У 1825 г., калі ўрачыста адзначаўся залаты юбілей на біскупскай катэдры, падзяку складалі на дзяржаўным узроўні. З’ехаліся біскупы з усёй былой Рэчы Паспалітай. Ад Пія VIII быў уручаны віншавальны ліст. Ад імператара Аляксандра, які вельмі паважаў юбіляра і заўсёды наведваў яго падчас візітаў у краіну, быў падараваны біскупскі крыж са смарагдамі і брыльянтавыя інсігніі ордэна святога Андрэя Першазванага. Але не гэтыя падарункі былі найдаражэйшымі: з Бярдычава прыбыў вялікі равін з дэлегацыяй, каб ад імя габрэйскага насельніцтва скласці пажаданні юбіляру і выказаць удзячнасць за дапамогу падчас эпідэміі 1787 г., і тады ж двацццаць сыноў Ізраіля пажадалі прыняць хрост.

Часы кіравання Луцка-Жытомірскай дыяцэзіяй добра характарызуюць словы расійскага дзяржаўнага дзеяча і гісторыка, графа Дзмітрыя Андрэевіча Талстога (1823–1889), які быў у розныя гады обер-пракурорам Сінода, міністрам асветы, міністрам унутраных спраў і шэфам жандараў і г.д., аўтара кнігі «Римский католицизм в России» (1864), занесенай у Індэкс забароненых кніг (1866) з рэдкай атэстацыяй «opus praedamnatum», словы, якія з вуснаў гэтага чалавека можна лічыць найлепшай характарыстыкай: «Цецішоўскі быў самым выдатным з каталіцкіх біскупаў у цараванне Аляксандра І; ён адрозніваўся строгім жыццём і клопатам пра сваю паству, але быў вельмі схільны да езуіцтва, таму і паважаўся езуіцкім ордэнам».

Папа Леў ХІІ.
Джорджо Палавічыні.

Па смерці арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча Указам Сената ад 27 сакавіка 1827 г., як старэйшы з біскупаў, Цецішоўскі быў прызначаны арцыбіскупам Магілёўскім і мітрапалітам Касцёла ва ўсёй Расійскай імперыі. На гэтае прызначэнне Леў ХІІ казаў, звяртаючыся да аднаго з прадстаўнікоў былой Рэчы Паспалітай: «Маеце цяпер намінаванага арцыбіскупа вялікіх заслугаў і цнотаў, пры якім «Касцёл можа спадзявацца на ўсялякае дабро». Сапраўды, гледзячы на ўзорнае кіраванне Луцка-Жытомірскай дыяцэзіяй, можна было «спадзявацца на ўсялякае дабро», калі б гэтых надзей, па словах ксяндза Станіслава Урсына Шантыра, не руйнавала выкліканая яго ўзростам і цярпеннямі боязь хуткай страты. Арцыбіскуп і сам не жадаў узвальваць на сябе гэты крыж, калі б не неабходнасць падпарадкавацца волі імператара. Са згоды Святога Айца арцыбіскуп Цецішоўскі не стаў пераязджаць у Санкт-Пецярбург, а й надалей заставаўся ў Луцку. Пасля бадзёрага і актыўнага да самага заўчаснага канца Богуша-Сестранцэвіча прыйшоў аслеплы, слабы ў нагах старац. Фактычна кіраванне дыяцэзіяй было ўскладзена на вікарнага біскупа Юзафа Грабоўскага, а пасля яго смерці на Апостальскага Адміністратара Яна Шчыта.

 

1831-ы

Да фізічных цярпенняў далучыліся маральныя пакуты. Калі пачалося паўстанне 1831 г., Мікалай І уласнаручна напісаў ліст да мітрапаліта, выказаўшы жаданне, каб аддаў анафеме паўстаўшых. Мітрапаліт адпісаў, што імператар жадае немагчымага, што наша вера абапіраецца на любоў, а не на праклёны, што паўстанне ні ў чым не парушае праўдаў веры, а ёсць справай палітычнай і г. д. Аднак «за пару месяцаў перад смерцю, паводле біскупа Міхала Гадлеўскага, з’явіўся паклёп, нібыта калісьці Цецішоўскі «прыступаў да тарговіцы», і нібыта на загад Мікалая агалосіў пастырскі ліст, якім асуджалася паўстанне. Тыя паклёпы мелі толькі выгляд праўды, бо Цецішоўскі, аслеплы пад старасць, падпісаў акт, асуджаючы паўстанне, падсунуты яму нягодным канонікам Скярнеўскім, які прачытаў іншы дакумент. Адчуваючы набліжэнне канца, здзейсніў «голасную» споведзь за ўсё жыццё і па споведзі ў прамове да прысутных цалкам апраўдаўся ад зробленых яму абвінавачванняў, пасля чаго памёр 28 красавіка 1831 года.

 

Гуга Калантай.
Юзаф Пешка, палатно, алей.
Каралеўскі палац у Варшаве.

На ніве міласэрнасці

У станіславаўскія часы намеснікі Апосталаў у сваёй большасці не былі пазбаўленыя тых заганаў, на якія хварэла пануючае грамадства Рэчы Паспалітай, і на гэтым цьмяным тле толькі ярчэй вылучаліся, паводле аўтарытэтнага сцверджання біскупа Міхала Гадлеўскага, «мізэрная жменька пастыраў, якія пабожным жыццём уплывалі на вернікаў». Звяртаючыся да пачатку касцёльнай кар’еры арцыбіскупа і мітрапаліта Каспера Казіміра Цецішоўскага, прыгадаем, што ў 1780 г. ён стаў афіцыялам Варшаўскім і княства Мазавецкага, а ў 1781 г. абатам мехаўскім і пробашчам збучынскім у Кракаўскай дыяцэзіі, але неўзабаве адмовіўся ад гэтых месцаў, якія служылі крыніцай лёгкіх і вельмі вялікіх даходаў, што ў сваю чаргу дэманструе яго рэдкую бескарыслівасць.

Пасля ўступлення на жытомірскую катэдру ў 1785 г. новы біскуп меў канфлікт з кракаўскім канонікам і актыўным дзеячам Адукацыйнай камісіі, а яшчэ рэктарам Кракаўскага ўніверсітэта, які прыклаў шмат намаганняў для яго рэфармавання ў асветніцкім кірунку — Гуга Калантаем. У сваім клопаце пра ўніверсітэт Калантай зайшоў вельмі далёка, выклапатаўшы ў Сойма, каб даходы з мехаўскага абацтва ішлі на яго ўтрыманне. Біскуп Цецішоўскі, магчыма, быў бы не супраць падтрымкі вядомай ва ўсім свеце навучальнай установы, але толькі не за кошт убогай Кіеўскай дыяцэзіі, у сваю чаргу дамогшыся кампенсацыі ў 25 тыс. злотых, што пайшлі на вядомыя мэты. Дарэчы, кіруючыся пастановамі Трыдэнцкага Сабору, біскуп Цецішоўскі забараняў падначаленаму духавенству мець больш за адну бенефіцыю.

У сваёй дабрачыннасці біскуп Цецішоўскі ішоў яшчэ далей, калі ў 1785–1787 гг. у Кіеўскай дыяцэзіі здарыўся голад: ён карміў народ на ўласныя сродкі і ўвогуле праяўляў клопат пра маламаёмных — учынак, які на Сойме ў красавіку 1792 г. быў зафіксаваны для нашчадкаў у актах як прыклад, годны пераймання. Таксама ён штогод прызначаў значныя сумы са сваіх даходаў на патрэбы бедных і калекаў.

Як пастыр дабіраўся да самых аддаленых куткоў дыяцэзіі, гадзінамі прамаўляў да народу і ўваходзіў у самыя падрабязныя дэталі духоўных патрэбаў сваёй паствы. Дбаў пра падрыхтоўку маладога святарства, атачыўшы асабліваю апекаю адчыненую ў 1785 г. жытомірскую семінарыю. Нястомна візітаваў касцёлы і плябаніі. Нават калі праяўляў строгасць да нягодных пастыраў, рабіў гэта заўсёды па-айцоўску, у духу любові.

 

Божы чалавек

Пералік усіх цнотаў і добрых учынкаў годнага прыкладу жыцця аднаго з нашых арцыпастыраў наўрад ці змесціцца ў рамках артыкула, таму ў якасці заканчэння прывядзем словы біскупа Міхала Гадлеўскага: «Муж непахіснай веры і апостальскага запалу, для сябе суровы аскет, але нястрогі для іншых, прывабнасцю сваёй пакоры, прастаты і евангельскай лагоднасці заваёўваў людскія масы. Яго называлі Божым чалавекам, айцом народа, прасілі яго аб малітвах, якім прыпісвалася цудадзейная моц». Так, падчас трохмесячнай засухі ў 1781 г. дождж пайшоў адразу ж пасля набажэнства, што ўзначальваў біскуп. У 1783 г., калі ён загадаў на працягу чатырох тыдняў цэлебраваць набажэнствы ў інтэнцыі выкаранення бязвер’я, яны суправаджаліся працяглымі навальніцамі. У 1787 г. падчас вялікага пажару ў Жытоміры, калі полымя ўжо ахоплівала рынак, біскуп з манстранцыяй у руках у атачэнні духавенства падышоў да самай мяжы агню, і ў гэты момант моцны вецер, што рабіў вогненны ўраган, пачаў слабець і агонь не пайшоў далей…

Згадваючы святой памяці арцыбіскупа і мітрапаліта Каспера Казіміра Цецішоўскага, можна канстатаваць, што яго жыццё было сапраўдным прыкладам найважнейшых хрысціянскіх учынкаў — малітвы, посту і міласціны.

Быў усім для ўсіх.

 

ЛІТАРАТУРА

  1. Емяльянчык У. Калантай Гуга // ЭГБ. Т. 4. — Мінск, 1997. — С. 16.
  2. Савинков Б. Цецишовский (или Цецишевский) // РБС. Т. 21 — СПб, 1901. — С. 517–520. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://ru.wikisource.org/wiki. Час доступу: 05.03.2021.
  3. Толстой Дмитрий Андреевич [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://https://ru.wikipedia.org/w/. Час доступу: 24.03.2021.
  4. Цецишовский Каспер Казимир [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://ru.wikipedia.org/wiki. Час доступу: 05.03.2021.
  5. Цецишовский или Цецишевский // ЭСБЕ. Т. XXXVIII — СПб, 1903. — С. 337–338. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://ru.wikisource.org/wiki. Час доступу: 05.03.2021.
  6. Bodzantowicz K. Kasper Cieciszowski, arcybiskup mohilewski, metropolita całej Rosyi // Biblioteka Ossolińskich. Poczet nowy. T. VI. — Lwów, 1898. — S. 91–148.
  7. Boniecki A. Cieciszowscy v. Cieciszewscy h. Kolumna // Herbarz polski. T. III. cz. I. — Warszawa, 1900. — S. 164–170.
  8. Godlewski M. Cieciszowski Kacper Kazimierz // PSB. T. IV. — Kraków, 1938. — S. 38–39.
  9. Szantyr S. Wiadomości do dziejów Kościoła i religii katolickiej w krajach panowaniu rosyjskiemu podległych. cz. 1. — Poznań, 1843.
  10. Uruski S. Cieciszewski v. Cieciszowski h. Kolumna // Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. II. — Warszawa, 1905. — S. 301–304.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY