|
|
№
3(97)/2021
У свеце Бібліі
Ксёндз доктар Сяргей СУРЫНОВІЧАСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ Інтэрв’ю
Постаці
Андрэй ШПУНТ
АРЦЫБІСКУП МАГІЛЁЎСКІ КАСПЕР КАЗІМІР КАЛОНА-ЦЕЦІШОЎСКІ, МІТРАПАЛІТ РЫМСКА-КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА Ў РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні
Духоўная літаратура
Юлія КОСАВА
СКАРБ ЖАНОЧАЙ ДУХОЎНАСЦІ — ТЭРЭЗА АВІЛЬСКАЯ Святая Тэрэза Авільская ШЛЯХ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ Літаратурныя шэдэўры
Паэзія
Літаратуразнаўства
Ірына БАГДАНОВІЧ
«ХЛЕБА БУДНЯГА ДАЙ НАМ СЁНЕКА!», АБО ХРЫСЦІЯНСКІЯ АКОРДЫ «СКРЫПКІ БЕЛАРУСКАЙ» АЛАІЗЫ ПАШКЕВІЧ Да 145-годдзя з дня нараджэння Інтэрв’ю
Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ
Размова Элы ДЗВІНСКАЙ з беларускім культуролагам Аляксандрам СУШАМ Прэзентацыя
Мастацтва
|
Бадай кожны мастак цягам свайго творчага жыцця выпрабоўвае сябе сюжэтам «Апошняй Вячэры». Вядома, існуе доўгая класічная традыцыя стварэння карцін на гэты сюжэт, і ёсць свая прычына існавання гэтай тэмы, якая праходзіць праз амаль усе мастацкія стылі мінулых стагоддзяў. Безумоўна, існаванне гэтага сюжэта па-за часам, па-за моднымі плынямі магчымае толькі таму, што спаконвечны сюжэт высвечвае нешта сутнасна важнае ў самаспазнанні чалавека… Пра сябе магу сказаць, што да гэтай тэмы я доўгі час прыглядаўся на дыстанцыі, з павагаю, разважаючы гэтак: калі брацца за «Апошнюю Вячэру», то як жа канкрэтна пісаць Апосталаў, а тым больш самога Хрыста? Займацца стылізацыяй пад барадатых, засмяглых ад сонца тыпажоў Блізкага Усходу? І я не мог нават у думках пераадолець залішняй «экзатычнасці» задачы… Выйшла так, што пэўны час, па вечарах, у 2006–2007 гадах, я бавіўся маляваннем сангінай на «паперы» сваіх рук, бо гэта «натура» заўсёды з табой, адпачываць не просіцца, і заўсёды цікавая праз сваю пластыку. Яшчэ важна тое, што ты малюеш руку, абсалютна ўсведамляючы ўнутраны рух, які прымае тую ці іншую форму, то бок, у руху, які ты ўкладаеш у гэты набор костак-мышцаў-сухажылляў, ты дакладна ведаеш драматургію гэтага пластычнага вобразу. Мабыць, калі я быў ужо перанасычаны збіраннем розных мікракамаў пазіцый са сваіх рук, неяк ранкам я прачнуўся разам з працінаючай думкай: а што, калі намаляваць «Апошнюю Вячэру» толькі праз рукі, пазбягаючы пакутлівай стылізацыі твараў? Так, гэта магчыма праз кампазіцыю, калі рукі будуць бачныя, а твары застануцца «за кадрам». Натуральна, гэта погляд зверху на ўмоўны стол, за якім і разгортваецца гэты сюжэт. Прыблізны накід кампазіцыі быў зроблены адразу, заставалася толькі шукаць характар сілуэта масы рук і іх узаемадзеянне…
* * * Падзеі біблейскай гісторыі заўсёды падаюцца мастакамі як бы збоку, звонку, і мы прывыклі думаць, што Апосталы, евангелісты, цары біблейскія — гэта персанажы ў другой або трэцяй асобе. Я абраў тып першапланнай кампазіцыі ад аўтара, які дае парадаксальны погляд на евангельскія падзеі ад першай асобы. Гэта нібыта я адракаюся па слабасці ад Настаўніка, гэта я не веру Яго з’яўленню пасля Уваскрасення, гэта я Яго вучань, а не нейкі старонні персанаж, на якога я паглядаю збоку. Гэта «я» персанальнага выпрабавання і выбару. «Я» першай асобы, адзіночнага ліку, роду чалавечага… Выбар першапланнай кампазіцыі з рукамі Апосталаў дапамог мне пераадолець шматлікія бар’еры: дыстанцыі часу — літаральна прымусіўшы пагрузіцца ў падзеі двухтысячагадовай даўніны; межы асобы — правакуючы ўбачыць намаляваныя рукі як уяўны працяг сваіх; жанравыя (літаратурныя) бар’еры — калі прадметы ў кампазіцыях яшчэ не атрыбуты, але рэчы катакомбных першахрысціянаў, з якіх толькі трэба будзе пабудаваць складаны і глыбокі свет хрысціянскіх сімвалаў…
У іканапіснай традыцыі твар называецца абліччам, або лікам, і вось цікавая дэталь: у паняцце «аблічча» ўваходзяць другасныя органы выразнасці, маленькія «асобы» нашай істоты — рукі і ногі. У традыцыйнай карціне галоўная ўвага засяроджана, як правіла, на тварах; рукі вырашаюцца мастакамі хутчэй у якасці другаснага сродку паказу. Звужаючы задачу толькі да выявы рук, мы «дазваляем» рукам у гэтых карцінах быць самадастатковымі і выразнымі. Кампануючы і прапісваючы гэтыя рукі, я ўвесь час адчуваў выразы твараў Апосталаў і тое, як гэтыя выразы мяняліся ад драбнюткіх змяненняў нават становішча пальца. Праз выяву рук атрымалася перадаць усе адценні перажыванняў Апосталаў, тое, як я змог іх зразумець у сваёй душы… Серыя работ, аб’яднаных ідэяй прадставіць вучняў Хрыста, стваралася цягам шасці месяцаў, са жніўня 2007 г. па студзень 2008-га. Раскажу пра ўсіх Апосталаў коратка. Вось найгалоўнейшы з іх — апостал Пётр (Сымон), які раптам гаворыць: «Клянуся, не ведаю Гэтага Чалавека!» Рукамі адмаўляючыся ад жаху смерці, раптам усведамляю сабе, што ж я сказаў! У круглых ад страху вачах ужо стаяць едкія слёзы раскаяння — Настаўнік жа сам усё ведаў… Падкрэслю вядомае: святы апостал Пётр, брат апостала Андрэя, быў адным з любімых вучняў Езуса. У ноч пасля арышту Езуса Пётр, як і прадказваў Настаўнік, праявіў слабасць і, баючыся наклікаць на сябе ганенні, тройчы адрокся ад Яго. Але пазней Пётр шчыра пакаяўся і быў прабачаны Езусам, які шматзначна тройчы прасіў Пятра заявіць пра сваю любоў да Яго і толькі тады даверыў яму пасвіць авечак і ягнятаў Яго… Вось апостал Андрэй, Першы пакліканы, які сцвярджае, што праца ідзе спорна, і душа радуецца на досвітку новага дня; багатым будзе ўлоў, бо сам Настаўнік паклікаў і навучыў святой і духоўнай працы. І нібыта я разам з ім лёгка цягну сеткі для лоўлі чалавекаў у новым шалёным свеце… Святы апостал Андрэй быў родным братам апостала Пятра, рыбаком, як і Пётр. Евангелісты Мацвей і Ян па-рознаму апісваюць сустрэчу Андрэя з Езусам. У Евангеллі ад Яна гаворыцца, што Андрэй ўпершыню ўбачыў Збавіцеля, калі святы Ян Прадвеснік паказаў на Езуса Хрыста і вымавіў: «Вось Ягнё Божае». Пачуўшы гэта, Андрэй пакінуў Хрысціцеля і пайшоў за Хрыстом. Мацвей жа апавядае пра тое, як Збаўца сустрэў Андрэя і яго брата Сымона Пятра на беразе Генісарэцкага возера, дзе браты лавілі рыбу, закідваючы сеткі ў ваду. Езус звярнуўся да іх са словамі: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі чалавекаў». І яны пайшлі за Ім, пакінуўшы свае сеткі… Што можна дадаць для тлумачэння гэтага кроку?.. Дарэчы, у Пісанні шмат дзеясловаў, якія перадаюць рух, хаду, крочанне — Апосталы ўвесь час ідуць, і я выразна бачу іх хаду — найперш іх ногі, іх рукі… Я выразна бачу рукі апостала Яна Багаслова, які гаворыць: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова». Словы натхнення як бы прыходзяць самі, выяўляюцца на пергаменце, і кнігу са словамі Святой Праўды, беражліва ахапіўшы рукамі, ужо я сам прыціскаю да сваіх грудзей... Святы апостал Ян разам са старэйшым братам Якубам з’яўляюцца сынамі Забэдэя і Саламіі, дачкі святога Абручніка Юзафа. Апосталу традыцыйна прыпісваецца аўтарства пяці кніг Новага Запавету: Евангелля ад Яна, 1-га, 2-га і 3-га пасланняў Яна і Адкрыцця Яна Багаслова (Апакаліпсісу). Імя Ян Багаслоў Апостал атрымаў з-за наймення Езуса Хрыста — Слова Божага. …«Навошта Настаўнік прывёў нас уночы да гары гэтай? — пытаецца апостал Якуб Забэдэеў Старэйшы. — Ноч... Як спаць хочацца! Але ж Ён паўтараў, прасіў не спаць, а з Ім быць!.. Колькі зорак... Павекі цяжэюць. Нешта важнае казаў Настаўнік, але што?..» Такімі мне чуюцца яго словы, і я ўжо сам вусцішна думаю: няўжо самае важнае ў жыцці маім праспаў я?.. Святы апостал Якуб Забэдэеў са сваім братам і апосталам Пятром — адны з самых набліжаных вучняў Езуса. Разам з Пятром і Янам Якуб стаў сведкам ўваскрашэння дачкі Яіра. Толькі іх Езус зрабіў сведкамі свайго Перамянення і гетсіманскага змагання…
І вось у думках маіх ужо апостал Філіп, які пакутліва разважае: «Дзе ж узяць столькі хлябоў, каб накарміць усіх? Не хопіць гэтых пяці хлябоў ячменных і дзвюх рыбаў, каб кожнаму з пяці тысяч хаця б патроху дасталося. Але сказаў Настаўнік дзяліць тое, што ёсць. Дзялю я хлеб Жывы, і цудоўным чынам не змяншаецца Ён, і ўсе насычаюцца…» Святы апостал Філіп быў родам з Бэтсаіды, з аднаго горада з Андрэем і Пятром, і быў пакліканы за імі трэцім. Філіп прывёў да Езуса Натанаэля (Барталамея). На старонках Евангелля ад Яна Філіп з’яўляецца яшчэ тройчы: ён гаворыць з Езусам пра хлеб для мноства людзей, прыводзіць да Езуса Элінаў (элінізаваць юдэяў), просіць Езуса на Апошняй Вячэры паказаць Айца. …І вось у гэтым жывым коле за сталом я ўжо выразна бачу рукі апостала Барталамея, які гаворыць: «Праца рэзніка пачэсная, нож мой служыць добра свяшчэннаму забою жывёлаў... Лязо вострае, але холад яго я ўжо прадчуваю ў целе маім». І я сам скаланаюся ад гэтых словаў… Святы апостал Барталамей, як вядома, адзін з першых вучняў Хрыста, які быў пакліканы Ім чацвёртым, услед за Андрэем, Пятром і Філіпам. Вераемна, ён быў сваяком або блізкім сябрам Філіпа, бо менавіта Філіп прывёў Барталамея да Езуса, і ў спісах Апосталаў яны згадваюцца побач. Яго ўкрыжавалі, але перад гэтым з яго злупілі скуру нажом мясніка, і ён ведаў пра гэта загадзя, прадчуваў… «Не варты я, Пане, нават рукі ўскласці на стол трапезы Тваёй. Баюся і саромеюся за грахі свае, але святло слова Твайго прыцягвае неадольна, чапляюся за слова, як за край стала, з усяе сілы шукаючы паратунку», — такімі чуюцца мне словы апостала Мацвея, які па традыцыі лічыцца аўтарам Евангелля ад Мацвея. Адзіны дакладны факт, як паведамляе Евангелле, тое, што Левій Мацвей быў мытнікам, то бок, зборшчыкам мыты. У тэксце Евангелля ад Мацвея Апостал названы словамі «Мацвей мытнік», што, магчыма, паказвае і на яго пакорлівасць, бо юдэі пагарджалі мытнікамі… А я ўжо набліжаюся да апостала Тамаша і нібы чую яго словы, і таксама бачу асляпляльнае святло! І гэта я разам з Тамашам затуляю вочы далонню, нібы ад яркага сонца, а другую руку з асцярогай і недаверам цягну да раны, амаль уклаўшы ў яе напаўсагнуты ад трывогі сярэдні палец. А раптам і сапраўды гэта Ён — уваскрослы Настаўнік?.. Святы апостал Тамаш, па адной з версій, быў вонкава падобны да Езуса — яго называлі «Дзідзім» (на старагрэцкай — «блізня»). Адзін з момантаў евангельскай гісторыі, звязаны з Тамашам, — так званае «ўпэўненне Тамаша». Тамаш не паверыў аповеду пра ўваскрэсенне Езуса, пакуль не ўбачыў на ўласныя вочы і не крануў рукою ранаў ад цвікоў і дзіды... І я выразна ўбачыў яго рукі… «Збожжа свеціцца на сонцы, жменяй чэрпаю — і кідаю, чэрпаю — і кідаю, зямля зачакалася, і збожжа падае ў яе кропелькамі святла, і кожнае прынясе сам-дзесяць»... Хто гэта гаворыць? Часам забываюся, і падаецца мне, што гэта я разам з апосталам Якубам сею святло. Простая і святая справа… Святы апостал Якуб Алфееў, брат апостала Мацвея, прыняўшы з іншымі апосталамі Духа Святога, выправіўся да паганцаў прапаведаваць Хрыста і настаўляць аблудных на шлях выратавання. Праз сваю падзвіжніцкую дзейнасць ён набыў сабе новае імя — «насенне Боскае», бо ён сеяў у сэрцах чалавечых слова Божае, саджаў веру і гадаваў пабожнасць.
…І вось я ўжо разглядаю рукі апостала Тадэвуша (Юда Лявей). «Брат мой Якуб лічыць — як можна чалавека гэтага па свеце пусціць? І свой кавалак зямлі ён раздзяліў з ім, кажучы: „Вось табе, браце, палова надзелу, бяры і працуй на ім, а мне другой паловы даволі будзе“… Сорам мне праз маю слабасць! Як жа можна мне цяпер лічыць Езуса за зводнага брата майго?! Я толькі цень Якуба, брата майго, велікадушны рух яго зрушыў маё жыццё ў новае рэчышча...» Святы апостал Юда — сын праведнага Юзафа ад яго першай жонкі. У пачатку зямнога служэння Езуса сыны Юзафа, у тым ліку Юда, не верылі ў Яго Боскую сутнасць. Калі Юзаф, вярнуўшыся з Егіпта, стаў дзяліць паміж сынамі сваю зямлю, ён пажадаў вылучыць частку і Хрысту. Браты ўспрацівіліся гэтаму, і толькі старэйшы з іх, Якуб, прыняў Езуса ў сумеснае валоданне сваёй доляй, і за гэта быў названы братам Пана. Праз гэтую прычыну сам Юда Лявей не асмельваўся называць сябе братам Пана. Памяць аб сваёй слабасці не пакідала яго ўсё жыццё, мацуючы ў служэнні запавету любові да бліжняга. …Цяпер я ўжо ўсведамляю, што цалкам уключаны ў гэтую евангельскую драму-дзею-падзею. І стол, і рукі на ім бачацца мне як на планетарнай сцэне — містэрыя ўключыла і мяне ў сябе, і мая размова з Апосталамі працягваецца, і ў гэтай драме за сталом настае чарга апостала Сымона Зілота (Кананіт). «Што гэта — прахалодная і шурпатая гліна збана, вада бяжыць з яго, але ў кубак не вада ўліваецца, а быццам віно! Цёмна ў склепе, мабыць, святло ваду падфарбавала... але на вуснах чую я даўкі смак віна — смак цуду ад Святла спрадвечнага…» Святы апостал Сымон Зілот — сын святога Юзафа, зводны брат Пана (паводле падання). Першы цуд, які ўчыніў Збаўца, — перамяненне вады ў віно, адбыўся менавіта ў доме Сымона. Уражаны цудам, Сымон усім сэрцам і душой увераваў у Езуса і, усё пакінуўшы, рушыў услед за Ім. …І вось апошні, хто сядзіць за сталом Апошняй Вячэры, паклаўшы на яго рукі: апостал Юда Іскарыёт. «Калі б ведаў я, што так будзе... і няма больш сілы па зямлі хадзіць, і няма мне даравання за кроў нявінную. Цана ёй — жыццё…» Апостал Юда Іскарыёт — адзіны, хто выдаў Хрыста. Пасля таго як Езус быў асуджаны на ўкрыжаванне, Юда, які выдаў Яго, вярнуў 30 срэбнікаў першасвятарам і старэйшынам, спытаўшы: «Ці зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную?». А яны сказалі яму: «Што нам да таго?». І, кінуўшы тыя срэбнікі ў храме, Юда пайшоў і павесіўся… Драма закончаная, і драма працягваецца, і мы таксама яе вечныя ўдзельнікі, бо сярод нас ёсць і святыя, і Юды, і ад нашых рук таксама залежыць, як гэтая вечная драма будзе разгортвацца далей у нашай рэальнай прасторы… Я крочу, хачу крочыць, разам з Апосталамі, узяўшыся з імі за рукі… А вы?
|
|
|