Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Святая Тэрэза Авільская

ШЛЯХ ДА ДАСКАНАЛАСЦІ

Раздзел VII
У якім апавядаецца пра сутнасць духоўнай любові
і даюцца некаторыя парады, каб яе дасягнуць

1. Дзіўная рэч, якой жарсцю палае каханне! Колькі слёз яно каштуе! Колькі пакаянняў і малітваў! З якім клопатам прадмет кахання даручаецца малітвам кожнага, хто, як лічыць закаханы, здабыў блізкасць да Бога і можа заступіцца перад Ім за яго! Закаханага не пакідае жаданне, каб каханая асоба з кожным днём станавілася лепшаю, і ён пазбаўлены радасці, калі гэтага не бачыць. Калі закаханаму здаецца, што каханая асоба становіцца лепшаю, а пасля раптам робіць крок назад, ён, здаецца, не мае задавальнення ў жыцці; не есць, не спіць, але ў трывозе і страху думае, што моцна каханая душа можа дайсці да згубы, і што, калі яны мусяць развітацца назаўсёды (зямная смерць для закаханага — гэта нішто), ён не жадае чапляцца за тое, што адзіным павевам ветру можа вырвацца з рук, прасыпацца скрозь пальцы. Гэта, як я ўжо сказала, любоў, якая не мае ні найменшай уласнай карысці: усё, чаго жадае і прагне закаханы, гэта ўбачыць каханую душу ўзбагачанай нябеснымі дабротамі. Гэта і ёсць сапраўдная прыязнасць і любоў, а зусім не нашыя ўбогія пажадлівыя ўпадабанні, я не кажу нават пра злыя жарсці — ратуй нас ад гэтага, Божа! — бо яны і ёсць само пекла. Нават найменшая з гэтых жарсцяў нясе вялікае зло, а мы мусім нястомна выкрываць зло. Нават у размовах, сёстры, давайце не будзем узгадваць пра такое грэшнае каханне, нават думаць не будзем пра тое, што яно існуе ў свеце, не будзем слухаць пра яго ні жартаў, ні праўдзівых аповедаў, і не згаджаймася, каб у нашай прысутнасці ўвогуле ўзгадваліся падобныя размовы. Гэта не прывядзе да дабра, і шкодна нават слухаць падобныя гісторыі; аднак, як я ўжо казала, існуе і годная любоў, якую мы праяўляем адно да аднаго, да сваіх сваякоў і сяброў. Уся яна ў тым, каб каханая асоба не памерла: калі ў яе баліць галава, у нас, здаецца, сама душа баліць. Калі бачым каханую асобу ў трывозе, мы і самі трацім спакой, і гэтак далей. Духоўная любоў не такая. Вядома, спачатку ў нас можа перамагаць прыродная слабасць, але пасля розум змушае задумацца пра тое, што цярпенне, магчыма, прынясе карысць каханай душы і ўзбагаціць яе ў дабрадзейнасці, задумацца пра тое, як каханая душа пераносіць гэтыя цярпенні, і тады маліць Бога дадаць ёй цярплівасці і зрабіць плённымі яе пакуты. Закаханы, убачыўшы, што каханай асобе стае цярплівасці, зусім не маркоціцца, а радуецца і суцяшае яе, хаця з большаю ахвотаю узяў бы на сябе ўсе яе пакуты, каб не бачыць, як яна пакутуе, калі б толькі пры гэтым заслугі і карысць ад гэтых пакутаў мог перадаць ёй. Але ж гэта немагчыма, таму не варта пра тое турбавацца.

2. Яшчэ раз паўтару, што гэтая любоў мае падабенства і пераймае тую любоў, якою любіць нас Езус. Яна нясе нам столькі дабра і карысці, таму што напаўняе жаданнем з ахвотаю прыняць усе цярпенні іншых, каб ім замест гэтага засталося толькі насалоджвацца іх добрым плёнам. Таму шмат дабра здабудуць тыя, хто мае такую прыязнасць, іх сябры разумеюць, што або пакінуць гэтае сяброўства, або ў рэшце рэшт з Божаю дапамогаю зробяць так, што сябар пойдзе з імі адным шляхам, у адну зямлю, як і атрымалася ў святой Монікі са святым Аўгустынам. Сэрца іх не дапусціць крывадушнасці ў дачыненні да сяброў, яны не стануць маўчаць, калі ўбачаць, як сябры памыляюцца, і паправяць іх, калі гэта на карысць. Жаданне бачыць сваіх сяброў багатымі ў цнотах не дасць ім прамаўчаць. Чаго яны толькі не зробяць дзеля гэтага, не зважаючы на ўвесь астатні свет! Інакш яны не могуць чыніць, яны не ліслівяць з сябрамі, не хаваюць ад іх нічога. Тым застаецца або выправіць памылку, або сябры іх пакінуць, бо не змогуць гэтага цярпець. Ды і як можна гэта цярпець? Абое будуць бясконца ваяваць. Чалавек можа не зважаць, што адбываецца ў свеце, хто там служыць Богу, а хто — не, бо ў гэтым толькі пра сябе ён мусіць дбаць. Аднак немагчыма на гэта не зважаць у сяброўстве, яно адкрывае ўсё, як на далоні, самыя дробныя недахопы. Цяжка несці гэты крыж. Шчаслівыя душы, якіх так любяць! Шчаслівы той дзень, калі яны сустрэліся!

3. О мой Божа! Няўжо Ты не адорыш мяне такою ласкаю, каб знайшлося шмат тых, хто мяне гэтак палюбіць? Праўда, Пане, я з вялікаю ахвотаю выберу такую долю замест таго каб мяне любілі ўсе каралі і валадары свету; і справядліва, бо такія сябры ўсімі шляхамі будуць імкнуцца ўчыніць нас здольнымі валадарыць над светам і не быць падданымі зямных рэчаў. Калі нехта з вас, сёстры, пазнаёміцца з такімі людзьмі, няхай маці настаяцелька з усіх сіл дбае пра тое, каб вы падтрымлівалі гэтае сяброўства. Стаўцеся да такіх людзей з моцнаю любоўю, на якую вы толькі здольныя, пакуль яны такія. Пэўна, мала ёсць падобных людзей, але Пан Бог пакідае іх ад нас укрытымі, жадаючы, каб мы іх пазнавалі. Калі нехта набліжаецца да дасканаласці, то яму дадуць зразумець, што для яго ўжо няма патрэбы ў такіх людзях, а дастаткова толькі Бога. Добры спосаб наблізіцца да Бога — пасябраваць з Яго сябрамі, ад гэтага заўсёды бывае вялікая карысць, мне гэта вядома па ўласным досведзе. Тым, што я не ў пекле, пасля Пана Бога я абавязаная менавіта падобным людзям, якіх я ахвотна прасіла скіраваць мяне да Бога, і імкнулася следаваць іх парадам. Але давайце вернемся да тэмы нашай размовы.

4. Я б хацела, каб сярод нас панавала менавіта такая любоў. Нават калі спачатку яна будзе далёкая ад дасканаласці, Бог з цягам часу будзе ўдасканальваць яе. Пачнем з таго, у чым яна можа выяўляцца. Любоў гэтая можа выяўляцца і ў пэўнай пяшчоце, і гэта ёй зазвычай не шкодзіць. Так, часам бывае добра і неабходна паказваць сваю пяшчоту і перажываць пяшчотнае пачуццё, спачуваць клопатам і хваробам сясцёр, нават калі яны зусім несур’ёзныя. Часам здараецца, што нейкая дробязь прычыняе такое вялікае гора аднаму чалавеку, як іншаму — вялікая бяда. Ёсць людзі па прыродзе такія, што іх моцна прыгнятаюць малыя беды. Калі ў вас натура трывалейшая, падтрымайце слабейшых. Не палохайцеся, што гэта будзе шкодна, бо, магчыма, злы дух уклаў у гэтыя дробязныя беды столькі сваёй моцы, што баляць яны так моцна, як вам баляць вялікія беды і клопаты. Магчыма таксама, што Пан Бог жадае пазбавіць нас гэтых цяжкасцяў і рыхтуе нам іншыя, якія нам будзе няпроста перажыць, аднак для тых, каго мы толькі што суцяшалі, гэтыя цяжкасці з’яўляюцца зусім нязначнымі.

5. Таму давайце не судзіць пра падобныя рэчы толькі па сабе. Узгадайце сябе не ў тыя хвіліны, калі Пан Бог без ніякіх высілкаў з вашага боку дадае вам моцы, а ў тыя хвіліны, калі вы бываеце найбольш бездапаможнымі. Гэтая парада вельмі важная для таго, каб вучыцца спачуваць цярпенням і клопатам бліжніх, якімі б малымі яны ні былі. Важна, каб на гэта звярнулі асаблівую ўвагу душы, пра якія напісана вышэй: гэтыя душы так жадаюць цярпець, што ўсё даецца ім лёгка. Ім неабходна заставацца пільнымі і не забываць, якімі яны бывалі раней у часы немачы, памятаючы, што і цяпер іх сіла паходзіць не ад іх саміх. Калі пра гэта забыцца, то злы дух паволі астудзіць у нас міласэрнасць да бліжніх і змусіць лічыць дасканаласцю тое, што насамрэч з’яўляецца грахом. Трэба захоўваць асцярожнасць і заўсёды чуваць, бо злы дух не дрэмле, і тыя, хто наблізіўся да дасканаласці, павінны асцерагацца больш, бо ім ён шле самыя падступныя і прыхаваныя спакусы, бо нічога іншага яму не застаецца. Папярэджваю, што, забываючыся пра асцярожнасць, мы паддаемся спакусам і пачынаем усведамляць прынесеную шкоду толькі тады, калі справа ўжо зроблена.

6. Такім чынам, трэба нястомна чуваць і маліцца, бо няма лепшага спосабу, чым малітва, каб выкрываць хітрыя д’ябальскія спакусы і бачыць яго ўплыў. Старайцеся таксама праводзіць час, прызначаны для адпачынку, разам з сёстрамі. Няхай гэта ўвойдзе ў вашыя звычкі, нават калі гэта вам не па душы. Падобная ўважлівасць з вашага боку — ясная праява дасканалай любові. Няхай у гэтым доме і сярод нас не будзе адносінаў, якія супярэчаць гэтай любові. А каб падтрымліваць іх годнымі, на карысць і дабро, як я кажу, трэба ад самага пачатку трымацца такой любові, як апісана. Я думала сказаць пра гэта больш, удакладніць і паглыбіцца ў гэтую тэму, але для нас, пры нашым ладзе жыцця, гэта будзе залішне, і таму я спынюся на тым, што ўжо сказала, і спадзяюся, што з Божаю дапамогаю ў нашым доме не будзе іншага спосабу выяўляць узаемную любоў, нават калі мы не здолеем дасягнуць у гэтым поўнай дасканаласці. Такім чынам, вельмі добра, калі вы прыслухоўваецеся да патрэбаў адна адной. Сачыце толькі, каб не перакрочыць межы сціпласці і далікатнасці, бо гэта супярэчыць паслухмянасці. Нават калі загады маці настаяцелькі будуць здавацца вам занадта суровымі, не дэманструйце гэтага і нікому не намякайце, апроч самой маці настаяцелькі, сказаўшы ёй усё з належнаю пакораю, інакш вы ўчыніце шмат шкоды. Навучыцеся разумець, у чым вашым сёстрам патрэбнае спачуванне і шкадаванне, а таксама вучыцеся заўважаць іх памылкі і недахопы. Добраю праяваю і практычным вынікам нашай любові будзе ўменне цярпець гэтыя недахопы і не палохацца іх. Гэтак жа будуць чыніць іншыя ў адносінах да вашых недахопаў і памылак, якіх, улічваючы тыя, пра якія вы самі не ведаеце, можа быць нашмат больш. Шчыра давярайце сястру з яе недахопамі Пану Богу і ў сваю чаргу імкніцеся ўдасканаліць у сабе цноту, супрацьлеглую грахам, якія вы бачыце ў ёй, прыкладайце шмат высілкаў, каб даць гэтай сястры добры прыклад, бо, магчыма, усялякае іншае навучанне, словам ці пакараннем, не будзе ёй карыснае.

7. Вельмі лёгка пераймаць добры прыклад, бачачы, як пэўная цнота ззяе ў іншым чалавеку. Гэта добрая парада, не забывайце пра яе. Як цудоўна і праўдзіва выяўляецца любоў у сястры, якая робіць нешта на карысць усіх іншых, не думаючы пра ўласную карысць, бо гэтак яна здолее ўдасканаліцца ва ўсіх цнотах і дасканала трымацца Рэгулы! Гэта дасканалае сяброўства, лепшае за ўсе пяшчотныя словы, якія так часта кажуць людзі адзін аднаму. Не звяртайцеся ў гэтым доме адна да адной словамі кшталту: «Жыццё маё!», «Душа мая!», «Радасць мая!». Захавайце ўсе гэтыя ласкавыя словы для свайго Жаніха, бо вы так часта павінны прабываць з Ім сам-насам, каб усё іх мноства вам прыдалося, бо гэта даспадобы Яго Велічы. Калі ж прамаўляць пяшчотнасці занадта часта, яны ўжо не будуць так моцна кранаць Пана, а без гэтага ў іх няма сэнсу. Падобныя паводзіны вельмі ўласцівыя жанчынам, і мне не хацелася б, каб мае дочкі іх пераймалі і хоць нечым нагадвалі такіх жанчын; няхай лепш у праявах пачуццяў яны нагадваюць моцных мужчын. Калі яны зробяць усё, што ў іх сілах, Пан Бог учыніць іх такімі мужнымі, што самі мужчыны здзівяцца. Гэта вельмі лёгка для Яго Велічы, бо і нас саміх Ён стварыў з нічога.

8. Яшчэ адна цудоўная праява любові — імкнуцца вызваліць іншых ад працы, узяўшы на сябе хатнія абавязкі і розныя іншыя справы, і гучна праслаўляць Пана, бачачы, як сёстры ўзрастаюць у цнотах. Усё гэта само па сабе прыносіць шмат дабра і карысці і, апроч таго, спрыяе супакою і згодзе ў нашым асяродку, як мы цяпер убачылі па досведзе дзякуючы Божай ласцы. Маліце Божую веліч заўжды ўмацоўваць вас у гэтым, бо жахліва было б бачыць адваротнае. Надзвычай непрыемна было б, калі б мы, невялікая купка сясцёр, не здолелі жыць разам у згодзе. Няхай гэтага не дапусціць Бог. Таму, каб нам не страціць усё дабро, якое прыходзіць да нас з рук Божых, няхай між нас не будзе такога вялікага зла. Калі з прычыны нейкіх словаў узнікне сварка, адразу ж выправіце гэта і добра памаліцеся разам. Гэта ж датычыць і ўсіх звадаў і крыўдаў, і варажнечы, і жадання ўзвысіцца над іншымі, і любых, нават найменшых праяваў пыхі. У мяне кроў стыне ў жылах, калі я пра гэта пішу, ад адной думкі пра тое, што да гэтага можа дайсці, бо ў гэтым я бачу найбольшае зло для кляштараў. Калі нешта падобнае адбываецца, лічыце, што вы ўжо адданыя пагібелі. Падумайце і зразумейце, што праз гэта вы выганяеце свайго Жаніха з дому і змушаеце Яго ісці шукаць сабе іншы прытулак, бо Ён становіцца выгнанцам з уласнага дому. Маліце Ягоную Веліч, імкніцеся выправіцца, бо калі не дапаможа частая споведзь і Камунія, бойцеся, што сярод вас з’явіцца Юда. Барані Божа, няхай маці настаяцелька не дазволіць, каб падобнае адбывалася, і спыніць гэтае зло ў самым пачатку, пакуль яно не прынесла шмат шкоды. Каб гэтага пазбегнуць, тую сястру, якая парушае спакой, лепш накіраваць у іншы кляштар, і няхай Бог дапаможа ўзнагародзіць тых, хто яе прыме да сябе. Пазбаўляйцеся ад падобнай пошасці, зрэжце ўсе яе парасткі, а калі гэтага будзе замала, выкарчуйце карані. Калі ж гэта немагчыма, няхай вінаватая ў падобных рэчах не пакідае сваю келлю. Гэта лепш, чым калі ўсе сёстры заразяцца гэтаю невылечнаю пошасцю. Гэта вельмі вялікае зло! Няхай Бог не дазволіць, каб яно ўвайшло ў кляштар! Лепш замест гэтага няхай кляштар ахопіць агнём і мы ўсе згарым у ім. Думаю, што далей я яшчэ звярнуся да гэтай тэмы, бо яна для нас вельмі важная, але цяпер не буду працягваць далей размову. Скажу толькі адно: я вельмі хачу, каб вы любілі адна адну, любілі з вялікаю пяшчотаю, любілі дзейсна. Нават калі вашая любоў не будзе такою дасканалаю, як я тут апісала, няхай наследуе яе і не дапускае ніякага разладу між вамі. Няхай гэтага не дазволіць Пан Бог, дзеля Ягонай Велічы. Амэн. Я малю нашага Пана, і вы таксама маліцеся, сёстры, каб Ён вызваліў нас ад падобных турботаў, што могуць выйсці з вашых рук.

Пераклад з іспанскай мовы
Юліі Косавай.
Паводле: «Santa Madre Teresa
de Jesus. Camino de perfeccion»,
biblioteca virtual Miguel de Cervantes,
http://www.cervantesvirtual.com.

Гл. таксама:
ЮЛІЯ КОСАВА :: СКАРБ ЖАНОЧАЙ ДУХОЎНАСЦІ — ТЭРЭЗА АВІЛЬСКАЯ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY