Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Вольга СЕДАКОВА

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ


У 2020 г. як прадвеснік юбілею аднаго з найбольш значных паэтаў у гісторыі, Дантэ Аліг’еры, у Санкт-Пецярбургу выйшла невялікая, але вельмі важная кніга «Перакласці Дантэ», якая стала вынікам шматгадовай працы паэткі і перакладчыцы Вольгі Седаковай па стварэнні першага рускамоўнага празаічнага перакладу «Боскай камедыі». У кнігу ўвайшлі пераклады і каментары да трох песняў «Чыстца» і «Раю».

У прадмове да кнігі аўтарка гаворыць пра немагчымасць зразумець і ацаніць геній Дантэ Аліг’еры без як мага больш дакладнага, нават літаральнага перакладу, бо шматслойнасць сэнсаў гэтага найгрунтоўнейшага твора страчваецца пры любой, нават самай таленавітай спробе зрабіць вершаваны пераклад. З гэтым цяжка спрачацца, бо кожны перакладчык паэзіі ведае, што яго праца — гэта перастварэнне. Да таго ж, старажытная еўрапейская традыцыя Lectura Dantis, чытання Дантэ, патрабуе, каб перад кожнай песняй ішоў уступ і каментар, якія дапамагаюць зразумець тэкст. Як тлумачыць перакладчыца, «ужо самыя першыя чытачы, выдаўцы і перапісчыкі „Камедыі“ цудоўна ўсведамлялі гэты яе статус commentada. Лацінскія заўвагі, зробленыя сынам Дантэ, П’етро дзі Дантэ, адкрылі шматвяковую гісторыю парадковага каментавання твора. Не трэба думаць, што гэта праца завершаная. Многія месцы застаюцца не да канца зразумелымі, адносна многіх дагэтуль няма агульнага меркавання». Вольга Седакова здолела вельмі глыбока пераасэнсаваць «Боскую камедыю», стварыць не толькі вельмі грунтоўны каментар, але і вельмі паэтычны натхнёны, а яшчэ гэта каментар праўдзівага хрысціяніна, чалавека, які падтрымлівае асабістыя адносіны з Богам.

Згадваючы 700-годдзе з дня смерці Дантэ Аліг’еры, мы, з дазволу аўтаркі, прапануем увазе чытачоў урыўкі з яе даследавання ў перакладзе на беларускую мову.

 

Чысцец. Песня 1. Уступ.

Не ведаю, ці можна адчуць усю моц Першай песні «Чыстца», калі пачынаць з яе. Трэба было б дайсці дасюль разам з Дантэ. Гэта значыць: прайсці ўсе трыццаць чатыры песні Першай кантыкі, усе гэтыя чорныя, выпаленыя, замарожаныя, выдзьмутыя пякельнаю віхураю ландшафты, наслухацца «рыфмаў, што раняць», брахучых галасоў і крывацечных прамоваў, нацярпецца жахаў і бязлітаснага спачування1. Тады б мы ацанілі тое, што адбываецца ў першых вершах «Чыстца».

Каб бегчы па лепшых водах, узнімае ветразі
Ўжо карабель майго генія,
Што пакідае ззаду такое жорсткае мора2.

Пачынаецца нешта зусім іншае. Усё лёгка, адкрыта, бясстрашна. За караблікам, які гатовы «бегчы па лепшых водах», бачны яшчэ адзін вобраз: птушкі, што рыхтуецца ўзляцець і выпроствае крылы (ветразі ў лацінскай паэзіі лёгка становяцца крыламі, і Дантэ падхоплівае: con l’ali e coi remi — на крылах і вёслах, гэта значыць «з усіх сілаў» (PURG XII, 5). Імгненне перад пачаткам бегу, якое, магчыма, мацнейшае за сам бег. Звернем увагу на цяперашні час дзеяслова «пакідае», а не «пакінуў». Турма застанецца ззаду. Боль застанецца ззаду. Ды што там: смерць застанецца ззаду. А гэта была вечная смерць, вечны боль, вечнае зняволенне. І бясконцая вайна ўсяго з усім. Яна таксама застанецца ззаду. Цяпер — супакой. <...>

Мы зноў тут, на зямлі, але мы тут па-іншаму. Жыць пасля скасавання пагібелі — гэта, напэўна, самы пяшчотны і ўдзячны від шчасця, вядомы чалавеку. У гэтым шчасці зусім няма пыхі. Выратаваны ведае, што яму няма чым ганарыцца. А дантаўскі Чысцец — прастора выратавання. Пыхліўцы на першай тэрасе Чыстца спяваюць малітву «Ойча наш…» з такою зменаю: замест «штодзённага хлеба» яны просяць «штодзённай манны». Пасля збаўлення ад пагібелі мы не тое каб разумеем, а скураю адчуваем, што «простае жыццё», «зямное жыццё» або, як называе яго Дантэ ў першым радку «Камедыі», «наша жыццё», — гэта не штодзённы хлеб, а штодзённая манна з нябёсаў, цуд і выключны дар. Усё гэта — зрок, слых, свабода руху — было ў нас і раней, але цяпер яно прыйшло іншым: уваскрослым. <...>

Вяртанне да жыцця пачынаецца з бачнага неба. Атрымліваецца, што першая справа «зямнога жыцця», «нашага жыцця» — бачыць неба. Таму што яно прыгожае, і кожны яго колер адначасова ёсць святлом; таму што яно высокае, а высокая далечыня патрэбная больш за ўсё; таму што яно хуткае і зменлівае, як малое дзіця (параўнанне Дантэ), а зямля за ім не паспявае; таму што яно — вобраз высакароднасці душы, і ў законах яго руху запісаныя нейкія найважнейшыя пачаткі жыцця, і фізічнага, і духоўнага (я зноў пераказваю Дантэ). І яшчэ таму, што ўзіранне ў яго адцягвае ад жарсцяў і грахоў. І наадварот: грэх адцягвае ад неба, ганьба граху не дазваляе падняць вочы ў неба. <...>

Пекла, апраметная таму і называецца «сляпым царствам», бо там няма неба і, адпаведна, няма святла (толькі нейкі дзіўны і таямнічы свяцільнік гарыць для высокіх душаў старажытнасці ў Лімбе). Пякельныя душы заўсёды сляпыя. Але душы на сямі прыступках Чыстца не бачаць неба: ім гэта не дазваляе грэх, які зняволіў іх. Кожны грэх асляпляе па-свойму. Абсалютна сляпыя пыхліўцы; дротам зашытыя павекі ў зайздроснікаў; гняўлівыя нічога не бачаць за непрагляднаю цемраю і дымам, якія іх атачаюць; знуджаныя тугою нічога не бачаць за мітуснёю і спешкаю, якая захапіла іх; хцівыя (сквапныя і марнатраўныя) не бачаць, бо ляжаць, уткнуўшыся тварамі ў зямлю; падобныя да шкілетаў абжоры сваімі ўпалымі вачыма бачаць толькі ўпрагнёныя і недасяжныя для іх яблыкі; распуснікі не бачаць, бо зняволеныя ў полымі… На гэтых прыступках (у адрозненне ад Перадчыстца) Вергілію даводзіцца нагадваць Дантэ: глядзі ў неба! Менавіта за гэта — за тое, што перастаў глядзець у неба, захапіўшыся жарсцямі свету, — Дантэ прыносіць пакаянне перад Беатрычэ ў Зямным раі. «Я іду наверх, каб больш не быць сляпым», per non esser più cieco, — Дантэ дае адказ цікаўным ценям у коле распуснікаў (PURG XXVI, 58).

Першая песня ўводзіць нас у Чысцец, і таму я вельмі коратка апявяду пра гэтую дантаўскую прастору ў цэлым. <...> Аб тым, чым ёсць гэтая трэцяя магчымасць, не пекла і не рай, існуе шмат меркаванняў. Я прывяду два самыя распаўсюджаныя.

Першае заключаецца ў тым, што чысцец — нейкая сярэдняя зона, не зло і не дабро, не пагібель і не выратаванне. Але гэтае меркаванне памылковае: чысцец (і ў Дантэ, і ў каталіцкай дактрыне ўвогуле) належыць да прасторы выратавання. Чыстцовыя душы — шчаслівыя душы, гэтак да іх звяртаецца Дантэ. Яны не святыя: святымі яны мусяць стаць, падняўшыся на вяршыню «святой гары» ачышчэння. Тады яны будуць годныя «ўзысці ў нябёсы», бо нішто нячыстае і несвятое не можа ўвайсці туды. Але важна вось што: ачышчэнне душаў не толькі ў тым, каб пазбавіцца ад нечага, нават зусім не ў тым. У Чыстцы адбываецца вызваленне ад грахоў, «разблытванне іх вузлоў», расплата за іх, ацаленне ад ранаў граху, змыванне грахоўнага бруду, выпростванне пасля прыніжанасці, у якую кідае грэх. Прыніжанасць – пастаянны матыў чыстцовых мукаў; але гэта не тая прыніжанасць, якую накладае звонку на душу нейкая сіла, караючы іх: гэта відавочнае прыніжэнне годнасці чалавецтва ў сабе, якое здзяйсняе сам грэшнік. Цікава, што ў «Пекле» ні разу не заходзіць гаворка аб прыніжэнні: для гэтага павінна захоўвацца памяць пра годнасць, якая там страчана. Аднак уся гэтая адмоўная праца — не мэта Чыстца. Гэта толькі першапачатковая і неабходная sine qua non, умова выратавання. Само ж выратаванне заключаецца ў тым, каб у душы ўваскрэсла ці вызвалілася іншая воля, «воля да лепшага парогу» (я пераказваю Дантэ), гэта значыць жаданне быць з Богам, і «гэтае жаданне прыносіла б радасць». Чысцец — гэта прастора цяжкага дасягнення свабоды і самавызначэння. Але ўжо для таго, каб увайсці туды, неабходна мець пэўную свабоду. Гэткім чынам, Анёл-перавозчык бярэ ў свой човен таго, хто гэтага сапраўды захацеў, як тлумачыць Дантэ ягоны сябар, музыка Казелла, а іншым даводзіцца чакаць, пакуль гэтыя жаданне і воля ў іх прачнуцца (PURG. ІІ, 99). Воля да лепшага прыгнечана грахом, яе нялёгка вызва­ліць. А пакуль у чыстцовых душах дзейнічае іншая воля, воля пакутаваць, і гэтыя пакуты, тлумачыць Дантэ ягоны сябар Фарэзэ, і ёсць для іх шчасцем (PURG. ХХІІІ, 72–75). Дантэ аказваецца сведкам поўнага вызвалення адной душы: гэта адбываецца з паэтам Стацыем у ХХІ Песні. Раптоўнае вызваленне душы выклікае надзвычай моцны землятрус. Уся гара здрыганулася, і ўсе чыстцовыя душы заспявалі анёльскі гімн Божага Нараджэння: «Хвала на вышынях Богу». Вызваленне адной чалавечай душы малюецца як сусветная падзея, адначасова нараджэнне (гімн анёлаў) і ўваскрашэнне Боскага ў чалавеку (душа Стацыя, што ўзнімаецца ўверх, параўноўваецца з аб’яўленнем Хрыста ў Эмаўсе). Супольны хор душаў апавядае пра тое, што раз’яднанасць Пекла скончаная: ва ўрачыстасці ўдзельнічаюць усе, нават тыя, каму яшчэ доўга чакаць свайго часу. Гэтая падзея належыць усім.

І сама воля быць выратаваным — не толькі асабістая справа. Чыстцовыя душы «моляцца толькі аб тым, каб маліліся іншыя»:

quell’ombre che pregar pur ch’altri prieghi,
sì che s’avacci lor divenir sante.

Гэтыя цені, што маліліся толькі аб тым,
                                          каб маліліся іншыя,
каб яны хутчэй сталі святымі.

PURG. VІ, 26–27.

Неацэнная дапамога жывых, іх удзел у гэтым ачышчэнні. Сатэрыялагічны (збаўленчы. — Заўв. пер.) аспект узаемнай сувязі людзей нідзе не вылучаецца так ясна, як у «Чыстцы». <...> Сувязь жывых і памерлых дзейнічае ў абодва бакі: жывыя моляцца за памерлых, але і чыстцовыя душы моляцца за жывых. Гэтак пыхліўцы працягваюць чытаць «Ойча наш…» з апошнім заклікам «І не ўводзь нас у спакусу…», хаця сама гэтая сітуацыя для іх ужо немагчымая (новых спакусаў не будзе). Аб гэтым яны просяць для тых, хто на зямлі. Яны моляцца a sé e noi, «за сябе і за нас».

Вольга Седакова ў Фларэнцыі.

Другое распаўсюджанае ўяўленне аб чыстцы <...> — гэта «інферналізацыя чыстца». Чысцец бачыцца «аблегчаным варыянтам пекла»: тыя самыя пакуты, тое самае пакаранне за грахі; розніца толькі ў тым, што гэтыя пакуты лягчэйшыя і не назаўсёды. З усяго, пра што мы гаварылі раней, — пра вольную волю ў імкненні да збаўлення, пра надзею, пра салідарнасць — вынікае, што гэта непаразуменне. Душы «Чыстца» церпяць пакуты, бо хочуць гэтага. «Гэтак жа, як ёсць воля грашыць, ёсць воля пакутаваць», — тлумачыць Дантэ яго суразмоўца ў «Чыстцы». Так прыстойнаму чалавеку хочацца аддаць свае даўгі, і не таму, што яго прымушае да гэтага знешняя сіла: яму без гэтага не будзе добра. На новыя прыступкі душы ўзыходзяць не са стогнам, а з песняю.

Што датычыць саміх грахоў і пакарання за іх, «Пекла» і «Чысцец» у Дантэ ўвасабляюць розныя сістэмы. Сістэма пякельных грахоў будуецца на аснове класічнай этыкі. Грахі, ад якіх ачышчаюцца ў «Чыстцы», размяркоўваюцца па схеме сямі смяротных грахоў. Кожнаму з гэтых грахоў супрацьпастаўляецца новая цнота, невядомая ў класічнай этыцы. Іх дэманструюць вершы з Казання на гары, якія гучаць кожны раз, калі ачышчаная душа выходзіць з кола ачышчэння ад чарговага граху: гэтак убоства духу супрацьпастаўляецца ганарыстасці («Шчаслівыя ўбогія духам…»), благаслаўлёны плач («Шчаслівыя засмучаныя…») — тузе; міратворчасць і лагоднасць («Шчаслівыя міратворцы…», «Шчаслівыя лагодныя…») — гневу; прагненне праўды («Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці…») — адразу двум грахам, прагавітасці (тыя, хто шукае зямных дабротаў і славы, прагнуць іншага) і абжорству (ненасытнаму, у той час як «прагнучыя справядлівасці будуць насычаны»); чысціня сэрца («Шчаслівыя чыстыя сэрцам…») — распусце.

Аднак нашмат важней за адрозненні дзвюх гэтых складаных, разумна і тонка пабудаваных сістэмаў, важней за любую класіфікацыю злачынстваў і адпаведных ім пакаранняў нешта іншае. Гэта высвятляецца ў першых жа песнях «Чыстца». Каб выратавацца, самаму страшнаму грэшніку дастаткова аднаго: усёю душою звярнуцца да Бога, нават у апошнюю, перадсмяротную хвіліну. «Праз адну слязінку» — per una lagrimetta! — гаворыць д’ябал, абураны тым, што анёл адбірае ў яго грэшную душу гвельфа Банконтэ Монтэфельтра (PURG. V, 107). Такія душы, што па розных прычынах прынеслі пакаянне толькі ў апошнюю хвіліну, апынаюцца ў Антыпургаторыі (Перадчыстцы), чакаючы магчымасці пачаць узыход да «шчаслівых пакутаў», martiri. <...>

Пры гэтым Дантэ, «ратуючы» ў сваім «Чыстцы» вялікіх грэшнікаў, якія адклалі пакаянне і навяртанне на апошнюю хвіліну, не выспавядалі свае грахі святару і не атрымалі адпушчэння грахоў, і — што выглядае зусім скандальна — тых, каго Касцёл пракляў і пахаваў a lume spento «пры згашаным святле» (па старажытнай традыцыі, пры пахаванні чалавека, адлучанага ад Касцёла, пры яго труне гасілі свечкі і неслі іх да магілы перавернутымі. — Заўв. пер.), не адступае ад вучэння Касцёла. Любы грэх несувымерны з Божаю міласэрнасцю: гэта вучэнне Касцёла. Гісторыі душаў у Антыпургаторыі — гэта, па сутнасці, мноства варыяцый на тэму прыпавесці пра марнатраўнага сына (гл. Лк 15, 20). Манфрэд у адказ на збянтэжанасць Дантэ датычна таго, як жа можа выратавацца адлучаны і пракляты чалавек, прамаўляе цудоўныя вершы:

Orribil furon li peccati miei;
ma la bontà infinita ha sì gran braccia,
che prende ciò che si rivolge a lei.

PURG. ІІІ, 121–123.

Жудасныя былі мае грахі; // аднак у бясконцай міласэрнасці такія вялізныя рукі, // што яна прымае таго, хто да яе звяртаецца.

<...>

Невядомы фларэнційскі майстар.
«Алегарычны партрэт Дантэ
на фоне гары Чысцец»,
канец 1530-х гг.
Нацыянальная галерэя
мастацтва ў Вашынгтоне (ЗША).

Чысцец «Камедыі», яго геаграфія, тыпалогія, структура, увесь сэнсавы вобраз, цалкам створаныя Дантэ. Калі ў «Пекле» ён ішоў па слядах візіянерскіх «хаджэнняў па муках», а ў «Раі» (куды ніхто не «хадзіў») абапіраўся на духоўна-астранамічныя чарцяжы багасловаў, то мапу Чыстца ён склаў сам. Геніяльная сама ідэя Дантэ злучыць Чысцец (які па народных вераваннях размяшчаецца пад зямлёю) з зямным раем (які найчасцей размяшчаецца на недасяжным востраве). Зямны, або першы рай, недасяжны для чалавека пасля грэхападзення (пра месца, дзе ён знаходзіцца, існавала мноства версій), у Дантэ знаходзіцца на вяршыні гары ачышчэння. Гэтая гара паднялася на іншым краі зямлі, калі падзенне Люцыпара ўтварыла ўпадзіну пекла. З Пекла ў Чысцец Дантэ з Вергіліем праходзяць праз цэнтр зямлі. Сэнс ачышчэння, узыходу ўверх па гары пакутаў, такім чынам заключаецца ў тым, каб вярнуць сабе першапачатковую годнасць чалавека, Адама, якім яго задумаў Бог.

Там, у Зямным раі, Дантэ сустрэне Беатрычэ, там яму будуць адкрытыя апакаліптычныя таямніцы гісторыі, там яго «паспавядаюць», «адпусцяць грахі» (пагрузіўшы ў Лету) і «ўдзеляць Камунію» (вадою Эўноі). Сама гэтая гара знаходзіцца на востраве, а востраў — у Паўднёвым паўшар’і, паўшар’і водаў (паводле сучасных для Дантэ геаграфічных уяўленняў), адразу насупраць Ерузалема. І сама гара, і Зямны рай знаходзяцца на зямлі, дзень і ноч ідуць там адно за адным, але ў гэтай прасторы дзейнічаюць іншыя, непрыродныя законы. Відаць, такія законы дзейнічалі на створанай зямлі да грэхападзення чалавека.

<...>

Узгадаю яшчэ тры найважнейшыя кампаненты сэнсу і стылю, якія ёсць у «Чыстцы». Гэта, па-першае, палітычная тэма: самыя моцныя інвектывы Італіі гучаць менавіта ў «Чыстцы». Яшчэ гэта этычныя дыскусіі, абмеркаванне паняццяў розуму і веры, зла і пакутаў, міласці і справядлівасці, вольнай волі і наканавання (у Пекле, як вядома, «дабро розуму», il ben de líntelletto, страчана, таму весці размовы на агульныя тэмы там проста немагчыма). І, нарэшце, гэта абмеркаванне паэзіі, якое займае непараўнальна значнае месца ў Чыстцы. Пачынаючы з ХХІ Песні, вызвалення Стацыя, які прабыў пяцьсот гадоў у коле сквапнікаў і марнатраўцаў, спадарожнікамі Дантэ аказваюцца адны паэты, якія выясняюць гісторыю новай паэзіі.

У Зямным раі, ужо выходзячы за межы ўласна «Чыстца», гучыць новая тэма: выкрыццё сучаснага Дантэ Касцёла і прароцтва аб яго ўваскрашэнні.

Аднак нічога з гэтага яшчэ не вядома ў Першай песні. Мы ідзем за Дантэ, які ўпершыню апынаецца ў гэтым новым свеце, і атрымліваем асалоду ад заканчэння жаху і з’яўлення неапаганенай зямлі і чыстага неба, у чаканні шчаслівага працягу.

<...>

Каб бегчы па лепшых водах, уздымае ветразі
карабель майго генія,
пакідаючы за сабою страшэнную прорву.
І я буду спяваць пра другое валадарства,
дзе чалавечы дух ачышчаецца
і становіцца годным узысці ў нябёсы…

PURG. І, 1–6.

Пераклад з рускай мовы
Юліі Косавай.


  1. M’apparecchiava a sostener la guerra / sì del cammino e sì de la pietate — я рыхтаваўся вытрымаць вайну // і з дарогаю, і з тугою (або: са спачуваннем) (INF. II 4–5). Вайну са спачуваннем (або з тугою) розныя каментатары тлумачаць па-рознаму.
  2. Тут і далей больш літаральны пераклад, чым будзе прапанаваны пазней.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY