Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ

БОГ НЕ ПРЫМУШАЕ ДА ЗБАЎЛЕННЯ

Размова з айцом Леанардам Полахам

Бо гэта фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, якія ўдаюць з сябе апосталаў Хрыста.
I не дзіва, бо паколькі сам сатана ўдае з сябе анёла святла, то і слугі яго ўдаюць слугаў справядлівасці. Канец іх будзе паводле іх учынкаў.

2 Кар 11, 13–15

Маё знаёмства з айцом Леанардам адбылося ў складаным для ўсіх ковідным 2020-м — вясною, калі з прычыны эпідэміялагічных абмежаванняў апусцелі касцёлы ў старажытнай Познані, куды я трапіла па волі лёсу. Азіраючы падчас святой Імшы пустыя лаўкі ў касцёле Хрыста Збаўцы, на якіх на максімальнай адлегласці адзін ад аднаго, закрытыя па вочы ахоўнымі маскамі, туліліся чацвёра-пяцёра парафіянаў, слухаючы, як ксяндзы ў першую чаргу робяць абвесткі адносна абмежаванняў, я вельмі хутка звярнула ўвагу на святара сталага веку. Перад пачаткам набажэнства ён часцей за ўсё сядзеў у канфесіянале, удзяляючы сакрамэнт споведзі або молячыся. У пэўны момант набажэнства ён пакідаў канфесіянал, няспешным старэчым крокам рухаўся да алтара і знікаў у сакрыстыі. Пазней ён выходзіў, каб разам з іншым ксяндзом удзяляць святую Камунію. Я была ўражана тым, як час гэтай «вандроўкі» ад канфесіянала ў сакрыстыю і да алтара быў разлічаны заўсёды з дакладнасцю да секунды. Кожны ягоны рух дыхаў размеранасцю і спакоем, але перадусім — абсалютна ясным усведамленнем сваіх абавязкаў.

Пазней я даведалася, што імя гэтага святара — Леанард Полах, што ён служыць у парафіі Хрыста Збаўцы ўжо 40 гадоў, а ўвогуле святарскія абавязкі выконвае з 1960 года. Падчас урачыстасцяў у сувязі з 50-годдзем яго святарскага служэння я даведалася, што з 2008 года айцец Леанард аказвае паслугі дыяцэзіяльнага экзарцыста. Неаднаразова назірала, як да яго прыходзілі людзі розных узростаў — ад патлатых, бунтарскага выгляду юнакоў да набожных, сталага веку сужэнцаў. Так узнікла ідэя інтэрв’ю з айцом Леанардам для «Нашай веры».

Слова «інтэрв’ю» (wywiad) у маёй прапанове здзівіла святара. «А гэта навошта? І хто гэта будзе чытаць? Чаму менавіта я?..» Ён яўна не адчуваў сябе чалавекам, якому пасавала амплуа медыйнай асобы. Таму надалей я ўжывала слова «размова». Размаўляць мы вырашылі на тэму, мала знаёмую мне самой: пра ўсё, што звязана з дзейнасцю экзарцыста. На маю вялікую радасць, паступова ксёндз Леанард скіраваў нашу размову ў найбольш аптымальны для мяне фармат: сам фармуляваў магчымыя пытанні, так што мне заставалася толькі тое-сёе ўдакладняць…

 

— Вы маглі б мяне спытаць наогул пра апанаванасць дэманам, а таксама пра магчымасць пазбыцца яе. Пра апанаванасць дэманам можна гаварыць толькі ў выпадку граху, звязанага з парушэннем першай запаведзі: не май іншых багоў, апроч Мяне. Можаце спытаць яшчэ, ці можна ўбачыць дэмана. Не, дэмана ніхто не можа ўбачыць, паколькі гэта дух, які ўзбунтаваўся супраць Бога і хоча падпарадкаваць сабе чалавека. Калі людзі распавядаюць, што яны быццам бы бачылі дэмана, — гэта плён іх уражлівасці, фантазіі. Людзям здаецца, што яны бачаць дэмана, але насамрэч гэта немагчыма.

Гэтаксама мы не можам бачыць Анёла Ахоўніка. Некаторыя святыя мелі магчымасць кантакту з Анёлам Ахоўнікам, але гэта вельмі рэдкія выпадкі. Тое, што людзі бачаць, атрымліваючы відзенні, — гэта іх індывідуальная справа. Відзенні былі, напрыклад, у сястры Фаўстыны Кавальскай. Гэта была яе ўнутраная духоўная візія, пра што яна пісала ў сваім Дзённіку. Гэта было ёй дадзена, і гэта мае дачыненне да яе асабістага досведу. Што ж да нас, то мы можам пра гэта ведаць і нават прыняць, але не абавязаны ў гэта верыць, бо аб’яўленне Бога, якое было дадзена праз Бога, скончылася са смерцю святога Яна Евангеліста. Наступнае аб’яўленне будзе ў часе другога прыйсця.

Вельмі важна адрозніваць рэальнае ад уяўнага. Дэман не мае ўласнага голасу, бо ён — дух. Значыць, калі чалавеку здаецца, што ён чуе галасы дэманаў, — гэта праявы псіхічных адхіленняў або захворванняў. Дэман можа прамаўляць толькі ў тым выпадку, калі апануе кагосьці. Тады ён уваходзіць у цела чалавека, і чалавек робіцца залежным ад дэмана, дзейнічае пераважна ў адпаведнасці з яго «парадамі». Тым не менш, дэман не пазбаўляе чалавека свабоды цалкам, і ён не можа ведаць нашых думак да таго часу, пакуль чалавек чагосьці не скажа. Да таго ж, Бог мацнейшы за дэмана, таму заўсёды ёсць магчымасць пазбыцца апанаванасці, што і адбываецца пры экзарцызме. Фактычна ў гэты час ідзе змаганне з дэманам.

 

— У каго ж можа ўвайсці дэман? Ці можа гэта быць дзіця? Калі дарослы, ці ёсць нейкія катэгорыі людзей, да якіх дэман найбольш ахвочы?

— Пра дзяцей у выпадку апанаванасці наогул не ідзе размова. Экзарцызм можна ўдзяляць толькі па дасягненні 15-гадовага ўзросту. Прычым да 18 гадоў пры гэтым дзеянні абавязкова прысутнічаюць бацькі. Што ж датычыць сітуацыі, калі малое дзіця моцна крычыць, не спіць уначы, паводзіць сябе вельмі неспакойна, пакутуе праз нейкія страхі, — гэта асаблівасці псіхічнага развіцця дзіцяці, з імі трэба звяртацца да дзіцячага псіхолага. Такія паводзіны дзіцяці не маюць нічога агульнага з апанаванасцю дэманам. Дый нават у дарослым чалавеку не трэба спяшацца бачыць уздзеянні дэмана як прычыну нетыповых паводзінаў. Маючы немалы вопыт кантактаў з такімі людзьмі, магу сказаць, што з тых, хто да мяне прыходзіў, наракаючы на дэмана, рэальна апанаваным аказваецца адзін са ста.

 

— Якім жа чынам можна адрозніць, ці з’яўляецца чалавек рэальна апанаваным і, адпаведна, ім павінен займацца экзарцыст, ці гэта праява псіхічнага захворвання, і чалавеку можа дапамагчы ўрач?

— Гэта можна высветліць толькі ў працэсе размовы з патэнцыйна апанаваным. Яшчэ раз паўтару: пра апанаванасць дэманам можна гаварыць толькі ў выпадку дэкларатыўнага парушэння першай запаведзі. Праўда, апроч апанаванасці, ёсць іншыя формы ўздзеяння злога духа на чалавека. Гэта могуць быць спакусы з яго боку, пераслед. Аднак не трэба пераацэньваць моцы дэмана. Да мяне нярэдка прыходзяць людзі, якія ўжо навярнуліся да Бога. Гэта значыць, што яны першапачаткова паддаліся дэману, але потым пайшлі шляхам навяртання. Яны проста збочылі з правільнага шляху, у такім выпадку лічыцца, што да рэальнай апанаванасці не дайшло і чалавек сам справіўся з гэтай праблемай. Аднак калі ўжо дэман знайшоў кантакт з чалавекам, дакрануўся да яго, ён будзе прыкладаць усе намаганні, каб ізноў вярнуць чалавека на дарогу граху. Найчасцей людзі прыходзяць да экзарцыста менавіта ў такой сітуацыі, але часта прыходзяць людзі з нервовымі або псіхічнымі хваробамі. Яны не хочуць прымаць лекаў, а хочуць, каб экзарцыст дапамог ім у гэтай сітуацыі. Але ў выпадку хваробы экзарцыст не дапаможа.

Бываюць таксама вельмі ўражлівыя людзі, якія гатовы тлумачыць любыя негатыўныя праявы жыцця ўздзеяннем дэмана. Тут трэба быць вельмі асцярожнымі, бо насамрэч далёка не заўсёды гэта так. Ёсць дэман, ён спакушае, але спакушае да граху. Ніякім іншым чынам дэман не можа ўздзейнічаць на чалавека, як толькі прымушаючы яго чыніць грэх. Часам дэман спакушае да самазабойства. Праўда, не варта самазабойства наўпрост атаясамліваць з вынікам дзейнасці дэмана. Ужо пасля Другой сусветнай вайны ў свеце медыцыны прызналі, што смерць у выніку самазабойства з’яўляецца вынікам хваробы. Чалавек сам не можа пазбавіцца ад гэтай хваробы і робіцца яе нявольнікам, таму ў выпадку самазабойства мы можам гаварыць хіба што пра ўплывы з боку дэмана. Для яго, канешне, вельмі пажадана, каб чалавек сам сябе пазбавіў жыцця. Аднак дэман не можа быць прычынай самазабойства. Чалавек учыняе гэта часта несвядома, у выніку псіхічных расстройстваў.

— Найчасцей узнікае думка пра ўздзеянне дэманічных сілаў, калі ідзе размова пра чараўніцтва. Фальклор і літаратура паспрыялі таксама замацаванню гэтай думкі. Якая сувязь паміж дэманічным уздзеяннем і чарамі?

— Тут трэба яшчэ разабрацца, што канкрэтны чалавек называе чарамі. Калі хтосьці моліцца, жадаючы здароўя хвораму чалавеку, то такія дзеянні нельга лічыць чараўніцтвам. У выпадку ж рэальнага чараўніцтва чалавек у пэўным сэнсе аддае сябе для паслугаў дэману. Але нават у гэтым выпадку магчымасць уздзеяння такіх чараў звязана з чалавечай ментальнасцю, бо калі чалавек ідзе дарогай Хрыста, Хрыстус будзе яму дапамагаць; калі чалавек ідзе дарогай дэмана, той яму не дапаможа, а будзе толькі шкодзіць. Сама па сабе шаптуха або варажбітка не можа зрабіць шкоды. Дэман дасягае сваёй мэты толькі ў тым выпадку, калі чалавек пачынае ненавідзець другога чалавека, калі ён праклінае кагосьці. І калі чалавек паддаецца гэтай «навуцы», гэтай школе нянавісці, ён вучыць ненавідзець таксама і іншых людзей. Сіла і моц дэмана заключаюцца ў нянавісці. Ён вельмі не любіць тых, хто любіць людзей. І наадварот — вельмі любіць таго, хто ненавідзіць іншых. Паколькі яго задача давесці чалавека да граху і не даць яму магчымасці збаўлення — ён заўсёды будзе дапамагаць у рэалізацыі праклёну. І часам узнікаюць вельмі цяжкія сітуацыі, калі такі праклён скіраваны, скажам, супраць здароўя чалавека. У 2011 годзе да мяне прыходзіла студэнтка, якая прасіла зняць з яе пракляцце. Мама расказала ёй, што бабуля пракляла дзяўчынку, сваю ўнучку, у трынаццацігадовым узросце і жадала ёй хваробы. Тая дзяўчынка пачала хварэць і не магла вылечыцца аж да заканчэння сярэдняй школы, а потым і ў ліцэі. Тым не менш, яна паступіла ва ўніверсітэт і аднойчы пасварылася з сяброўкай, а пасварыўшыся, пажадала ёй хваробы. Нечакана сяброўка той дзяўчыны пачала хварэць, некалькі разоў ляжала ў шпіталі, але ўрачы не маглі вызначыцца з дыягназам. Дзяўчына хварэла на працягу ўсяго навучальнага года. І якраз тады да мяне прыйшла яе сяброўка, якую пракляла бабуля. Калі пракляцце было знята, паправілася і першая, і другая дзяўчына. Гэта значыць, што праклён можна спыніць, бо Бог пануе над дэманам. (Ксёндз Леанард зрабіў паўзу, падчас якой асабліва заўважнай зрабілася цішыня, што панавала ў яго маленькай сціплай кватэры, у якой не было ні тэлевізара, ні радыёпрыёмніка, ні мабільнага тэлефона.)

Уздзеянне дэмана найвыразней пазнаецца ў супастаўленні з дзейнасцю добрых анёлаў, якіх Бог стварыў як сваіх памочнікаў, але дэманы — гэта тыя духі, якія ўзбунтаваліся, хоць першапачаткова прысягнулі Богу ў паслухмянасці. За свой бунт дэманы былі выдалены з неба і пачалі дзейнічаць супраць чалавека. Вы можаце спытаць, чаму. Таму што Бог узвысіў чалавечую натуру, перадусім праз Найсвяцейшую Панну Марыю. І тады чалавек атрымаў адкупленне праз ахвяру Хрыста, а дэманы не могуць быць адкупленымі, не могуць быць уратаванымі, і яны зайздросцяць людзям і ўсімі сіламі цягнуць іх туды, дзе ім, дэманам, вызначана месца, — у пекла. Пекла прызначана менавіта як пакута для дэманаў, якія лічаць сябе супернікамі Бога, але туды ж пойдуць і ўсе, хто шануе дэмана. Сам жа Бог нікога не выпраўляе ў пекла. Чалавек заўсёды мае магчымасць выбару, і Бог заўжды шануе свабоду чалавека. Таму нярэдка ў Бога, так бы мовіць, звязаны рукі, паколькі вялікае значэнне мае свядомае рашэнне самога чалавека, яго вольная воля. Бог не парушае гэтай волі і не змушае чалавека да збаўлення. Калі чалавек выбірае пекла, Бог яму ў гэтым не перашкаджае. Чалавек сам павінен рабіць свой выбар. Такім чынам, у пекла трапляюць толькі тыя, хто ідзе следам за дэманам. Пра гэта шмат разважала сястра Мірыям1. У прыватнасці, яна разважала пра тое, што ёсць у небе, а што ў пекле. Паводле яе словаў, у пекле можна сустрэць не толькі недахопы, але і цноты — усе, акрамя пакорлівасці. А ў небе можна сустрэць не толькі цноты, але і недахопы — усе, акрамя пыхі. Таму і дэман ёсць менавіта дэманам пыхі. Калі чалавек робіцца напышлівым, пакорлівасць пакідае яго, і чалавек непазбежна змяняецца на сваю супрацьлегласць. Але не забываймася, што, апроч неба і пекла, ёсць яшчэ і чысцец. Туды трапляюць душы, якія прызначаны для неба. Душы ў чыстцы ўжо збаўленыя, толькі патрабуюць ачышчэння. Ксёндз Аляксандр Возьны2 звяртаў увагу на тое, што адмысловы суд адбываецца ў момант смерці чалавека. Тады не Бог, а чалавек ацэньвае сам сябе. У час смерці мы ўбачым самі сябе і зможам сябе ацаніць. І калі чалавек адчуе, што ён яшчэ не адпакутаваў за свае грахі на зямлі, ён сам не захоча пайсці ў неба, а захоча ў чысцец. У неба ж ідуць толькі пакорлівыя душы. Дэман не можа быць пакорлівым. Ён хоча быць роўным Богу, таму ён так упарта выступае супраць Бога. Існуюць рознага кшталту абрады, традыцыі, заняткі, якія ствараюць брамкі для пранікнення дэмана. Першая — атэізацыя. Другая — падпісанне цырографаў, у якіх чалавек выракаецца Бога і прызнае шатана сваім валадаром. Трэцяя брамка — варажба, наведванне варажбітаў. Чацвёртая — культ дэмана, далучэнне да сатанінскіх сектаў. Пятая — выкліканне духаў, спірытычныя сеансы. Шостая — акультызм. Сёмая — усходнія духоўныя практыкі, так званыя методыкі самааздараўлення, да якіх належаць рэйкі, ёга, сільва. Восьмая брамка — удзел у канцэртах музыкі heavy metal. Дзявятая брамка — шматгадовае жыццё ў грахах, без споведзі.

Найважнейшы сродак супраць злога духа — малітва. Пад уздзеяннем малітвы дэман павінен выйсці з апанаванага чалавека. Часам даводзіцца маліцца вельмі доўга, асабліва ў тым выпадку, калі апанаваны не хоча супрацоўнічаць з экзарцыстам. Найгорш — калі няма духоўнага ўзаемадзеяння. Чалавек нібыта хоча пазбыцца дэмана, але не ўключаецца ў малітву і не далучае да малітвы членаў сваёй сям’і, а гэта вельмі важна, каб уся сям’я ўдзельнічала ў справе навяртання. У экзарцызме важная не толькі малітва, але і пост усіх членаў сям’і апанаванага.

 

— Да пакорлівасці, як да галоўнай цноты, адносіцца і здольнасць дараваць грахі?

— Святая Тэрэза Авільская неяк спытала свайго духоўнага настаўніка, якім чынам падчас аб’яўленняў можна адрозніць Хрыста ад злога духа? Той раіў святой спытаць таго, хто з’явіўся, ці памятае ён, пра якія грахі яна распавядала ў часе апошняй споведзі. Хрыстус, які ўжо дараваў грахі, адразу ж забываецца пра іх і нічога не раскажа. Дэман жа будзе ва ўсіх дэталях і падрабязнасцях прыпамінаць найдрабнейшыя з іх…

Распавяду вам гісторыю пра пробашча, які выконваў паслугі экзарцыста, а пры ім служыў касцельны, пан шаноўнага ўзросту, і ён заўсёды прасіў дазволіць яму прысутнічаць падчас экзарцызму. Пробашч доўга не дазваляў, бо гэта справа прыватная і нават інтымная, але перадусім з тае прычыны, што касцельны быў вядомы сваёй схільнасцю да пляткарства. Тым не менш, касцельнаму ўдалося нейкім чынам пераканаць пробашча, і той дазволіў прысутнічаць пры экзарцызме, але толькі пры адной абавязковай умове: калі дэман раптам пачне размаўляць, то касцельны павінен слова ў слова паўтараць усё следам за пробашчам. Касцельны з радасцю пагадзіўся. «Добра, бяры вядзерца са святою вадой, хадзем!» І калі яны ўвайшлі ў пакой, у якім чакаў апанаваны дэманам, дэман пачаў прамаўляць праз апанаванага: «О, святы прыйшоў і хоча мяне выгнаць. А я не дам сябе выгнаць!» Тады ксёндз-пробашч кажа: «Я не святы, але буду рабіць усё магчымае, каб святым зрабіцца». Тады дэман звяртаецца да старога касцельнага: «А гэты стары ідыёт навошта сюды прыйшоў?». Касцельны хуценька адказаў: «Я не ідыёт, але буду рабіць усё магчымае, каб ідыётам зрабіцца». (Ксёндз спыніў свой аповед і хітравата зірнуў у мой бок. Пачуўшы маё хіхіканне, ён, задаволены, працягваў.)

Часам я распавядаю гэтую гісторыю ў касцёле пад канец набажэнства. І ўявіце сабе, пры поўным касцёле крыху больш за дзесяць чалавек смяюцца, астатнія не рэагуюць, бо яны не слухаюць. Седзячы ў канфесіянале, я нярэдка заўважаю, што людзі прыходзяць на святую Імшу і быццам выключаюцца. Не слухаюць казання, не слухаюць чытанняў. Між тым дэман баіцца малітвы, бо малітва — гэта тое, што напісана ў Святым Пісанні, гэта тое, што сказаў Хрыстус. Маці Божая ў сваіх павучаннях не раіць нам рабіць нічога новага ў параўнанні з тым, пра што казаў Яе Сын. Таму, калі мы чытаем пра аб’яўленні Божай Маці розным людзям, не трэба чакаць, што Багародзіца раскажа штосьці прынцыпова новае. Яна заўсёды робіць гэтаксама, як і падчас шлюбу ў Кане Галілейскай, калі сказала гасцям: зрабіце ўсё, што Ён вам скажа. Маці Божая толькі дапамагае Хрысту ў нашым навяртанні.

 

— Айцец Леанард, Вы ўвесь час у несупыннай дзейнасці і падпарадкаваны свайму працоўнаму распарадку, але ў свае 88 гадоў нібыта нікуды і не спяшаецеся, і ніколі не марнуеце часу. Як Вы ўсё паспяваеце?

— Галоўны дэман неяк выпраўляў сваіх падначаленых да людзей, пытаючыся, якім чынам яны будуць рабіць людзям шкоду. Першы дэман сказаў, што будзе вучыць людзей выракацца Бога. «Шэф» пахваліў яго. Другі дэман сказаў, што будзе выхваляць перад людзьмі ўсе радасці гэтага свету — грошы, славу, цялесныя асалоды. «Шэф» пахваліў гэтага другога яшчэ больш. А трэці сказаў: «А я навучу людзей заўсёды адкладваць усё на заўтра». І «шэф» у захапленні прамовіў: «Несумненна, ты даб’ешся найбольшага поспеху»…

 

* * *

…Здаецца, што, седзячы ў канфесіянале, пры адсутнасці жадаючых прыступіць да сакрамэнту споведзі, айцец Леанард цалкам засяроджваецца ў малітве ружанцовай. Таксама мне здавалася, што, ідучы праз касцёл, ксёндз не вельмі зважае на парафіянаў. Магчыма, думала я, праз адпаведны ўзросту слабы зрок. Аказалася, што гэта не зусім так. Аднойчы ў касцёл прыйшлі маладыя сужэнцы з маленькай дзяўчынкай, якой зусім не хацелася сядзець, і яна гарэзавала, бегаючы між лаўкамі, час ад часу набліжаючыся да канфесіянала і з цікавасцю зыркаючы ў бок ксяндза. Той толькі захоўваў нязменны ўраўнаўважаны і прыветлівы выраз твару. Калі ж айцец Леанард выйшаў з канфесіянала ў вызначаны і яму аднаму вядомы момант, ён гэткай самай нетаропкай хадой скіраваўся наўпрост да малой. Святар схіліўся да дзіцяткі, благаслаўляючы яго, і толькі пасля гэтага ў прывычным для яго тэмпе рушыў да алтара. Я зразумела, што ксёндз бачыць людзей, але ўмее таксама не заўважаць іх неразумных учынкаў, захоўваючы ў душы шчырую веру і бясконцую любоў да чалавека…

Восенню 2020 года, калі ў Познані праходзіў чарговы гучны пратэст супольнасцяў ЛГБТ і феміністак, групка маладзёнаў у чорным адзенні падчас набажэнства зайшла ў касцёл праз цэнтральны ўваход. Яны ўвайшлі ў Божы дом з адзінай мэтай — прайсці на другую вуліцу праз сакрыстыю, бо вуліца Фрэдры кіпела пратэстоўцамі. Толькі адзін хлопец укленчыў перад алтаром, астатнія моўчкі прайшлі следам за ім у сакрыстыю… Гэткі дзёрзкі ўчынак не зрабіў аніякага ўражання на айца Леанарда. Ён якраз цэлебраваў святую Імшу, і калі «барацьбіты за дэмакратыю» праходзілі каля святара, ён працягваў маліцца, моўчкі праводзячы постаці ў чорным адзенні спакойным позіркам задуменных вачэй…


  1. Мірыям / Марыям Баоўардзі, у манастве — Марыя Езуса Укрыжаванага (1846–1878) — святая каталіцкага Касцёла, сястра Ордэну босых кармэлітак, містычка, носьбітка стыгматаў.
  2. Аляксандр Возьны (1910 — 1983) — польскі ксёндз Познаньскай архідыяцэзіі, прапаведнік, слуга Божы Каталіцкага Касцёла, вязень канцэнтрацыйных лагераў у Бухенвальдзе і Дахаў у ваенны час, а таксама лагераў сталінскага рэжыму ў пасляваенны час.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY