Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(97)/2021
У свеце Бібліі

АСНОЎНЫЯ ПАНЯЦЦІ ЛЮБОВІ, ЛАСКІ І МІЛАСЭРНАСЦІ Ў СТАРЫМ ЗАПАВЕЦЕ
Інтэрв’ю
Постаці
Кантэкст
Мастацтва
Нашы святыні

БУДСЛАЎСКІЯ «ПАМЁНТКІ»
Духоўная літаратура
Літаратурныя шэдэўры

ПЕРАКЛАСЦІ ДАНТЭ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства
Інтэрв’ю
ПАЭТЫЧНЫ ЛЕТАПІСЕЦ

Культура
ХРЫСЦІЯНСТВА І НАЦЫЯНАЛЬНАЕ ПІСЬМЕНСТВА ЯК АПОРА АРМЯНАЎ СУПРАЦЬ АСІМІЛЯЦЫІ

Прэзентацыя

ЦУД ЯНА БОСКО Ў БЕЛАРУСІ
Мастацтва

ВЫПРАБАВАННЕ СЮЖЭТАМ...

Ірына БАГДАНОВІЧ

«ХЛЕБА БУДНЯГА ДАЙ НАМ СЁНЕКА!»,

або

ХРЫСЦІЯНСКІЯ АКОРДЫ
«СКРЫПКІ БЕЛАРУСКАЙ»
АЛАІЗЫ ПАШКЕВІЧ


Да 145-годдзя з дня нараджэння

У ліпені гэтага года споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння вельмі яркай беларускай паэткі і грамадскай дзяячкі пачатку ХХ ст. Алаізы Пашкевіч, вядомай у літаратуры пад хрэстаматыйным псеўданімам Цётка (03.07.1876–05.02.1916).

Прамяністая змагарная постаць Цёткі злучае ў сабе не толькі высокі палёт творчай думкі і энергію барацьбы — барацьбы за праўду і справядлівасць, за волю і годнае жыццё свайго народа — але яшчэ і напаўняе абодва гэтыя чыннікі святлом хрысціянскай веры, святлом Духу, атрыманым падчас каталіцкага хросту. На працягу жыцця, у змагарнай маладосці і ў творчай сталасці, менавіта гэты Дух кіраваў думкамі і ўчынкамі Цёткі, напаўняў яе верай у перамогу дабра і справядлівасці, надзеяй на адраджэнне роднага краю і любоўю да бліжняга, якому служыла палымяным паэтычным словам, рупнасцю ў справе асветы і выхавання, сястрой міласэрнасці ў тыфозным бараку. На ўсім жыццёвым шляху, ва ўсіх выпрабаваннях і справах служэння, у рэалізацыі ўсіх сваіх пакліканняў Цётка мужна і годна несла свой крыж — крыж міласэрнасці. Менавіта так трапна — «Крыж міласэрнасці» — назвала ў 1988 г. свой раман пра Алаізу Пашкевіч таленавітая пісьменніца сучаснасці, якая таксама заўчасна адышла ў вечнасць, Валянціна Коўтун (06.04.1946–30.04.2011).

Згадаем жа ў нашых юбілейных нататках некаторыя старонкі жыцця і творчасці Цёткі, якія сведчаць пра яе не толькі як пра паэта-пасіянарыя, актыўнага дзеяча беларускага адраджэнскага і рэвалюцыйнага руху, але і пра тое, што ўсе гэтыя якасці яе асобы былі знутры асвечаны промнямі хрысціянскай каталіцкай веры, што змагарныя струны яе Беларускай Скрыпкі гучаць хрысціянскімі акордамі.

У станаўленні асобы Алаізы Пашкевіч важную ролю адыгралі акалічнасці яе выхавання: спачатку — хатняга, потым — у Віленскай прыватнай гімназіі В. Прозаравай, на курсах П.Ф. Лесгафта ў Пецярбургу. Гэта былі самыя першыя гады ХХ ст., а ў Пецярбургу ў той час існавала даволі вялікая беларуская супольнасць: моладзь з беларускіх шляхецкіх засценкаў ехала ў паўночную сталіцу імперыі па адукацыю, стварала зямляцкія таварыствы, шукала еднасці і магчымасці з набытым вопытам годна паслужыць адраджэнню свайго ўжо больш за стагоддзе паняволенага краю. Там, у Пецярбургу, у гэты час быў закладзены і дзейнічаў пры ўніверсітэце гурток студэнтаў беларусаў «Круг беларускай народнай прасветы», у які ўваходзілі браты Вацлаў і Юрка Іваноўскія, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ф. Умястоўскі; апекаваўся ж дзейнасцю гуртка прафесар Б.І. Эпімах-Шыпіла, які да таго ж быў выкладчыкам старажытных моваў у Рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі, а праз гэта меў уплыў на будучых беларускіх каталіцкіх святароў, навучэнцаў акадэміі, выхоўваючы іх у беларускім патрыятычным духу.

Алаіза Пашкевіч, трапіўшы ў Пецярбург, апынулася ў самым віры гэтай грамадскай нацыянальнай актыўнасці і далучылася да яе з усім маладым імпэтам творчай натуры і патрыёткі…

Са спадам рэвалюцыйнага руху і пачаткам рэпрэсій Цётка мусіла эміграваць: яна на пэўны час спыняецца ў Львове, становіцца вольнай слухачкай філасофскага факультэта Львоўскага ўніверсітэта. У 1908–1909 гг. жыве ў Кракаве, дзе працягвае адукацыю на гуманітарным аддзяленні Ягелонскага ўніверсітэта. Так несупынна дзейнічала ў ёй прага ведаў, жаданне заглыбіцца ў гуманітарную думку, быць адпаведнай свайму часу, шукаючы адказы на вострыя пытанні, а перадусім на пытанні вызвалення чалавека і роднага краю з-пад улады чужога гвалту і насілля, адраджэння тых каштоўнасцяў праўды, свабоды, справядлівасці, якія спрадвеку запісаныя для чалавека ў Божым законе і абвешчаныя праз прарокаў і ўцелаўлёнае Слова.

У той рэальнасці зло мела канкрэтныя імёны і твары: гэта былі царызм, імперыя і ўсе яе прыслужнікі. І Цётка паўстала на барацьбу з цемраю і злом, адчуўшы сябе пакліканай стаць дабравесцем свабоды. Тыя вершы-ўлёткі, якія былі напісаны ў час змагання, ды іншыя неўзабаве складуць два яе зборнічкі вершаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», выдадзеныя ўжо на эміграцыі, у 1906 г. у мястэчку Жоўква пад Львовам у друкарні славутага базыліянскага кляштара. Зборнічкі, як і ўлёткі, былі выдадзеныя кірыліцаю і лацінкаю, а падпісаны былі адпаведна варыянтамі псеўданіма: Гаўрыла з Полацку і Гаўрыла. І ўжо гэта было першай вельмі важнай алюзіяй — нацыянальнай і хрысціянскай. Раскрыць яе сутнасць можна, задаўшыся пытаннем: а чаму менавіта Гаўрыла, а чаму з Полацку?

Згадаем жа, якой адукаванай асобай была Цётка! Яна была інтэлектуалкай еўрапейскага ўзору і ўзроўню! З кім яе — жанчыну — можна ў гэтым сэнсе параўнаць? Прыходзіць на думку — са Скарынам! Так, з нашым славутым доктарам Францішкам Скарынам з Полацку! Ці не таму яна, шляхетная каталічка з Лідчыны, назвалася Гаўрылам з Полацку, што мела перад сабой такі годны пераймання ўзор? Ды й шляхі вучобы былі ў іх падобныя: настаўніца шырокага гуманітарнага профілю і спецыяліст у медыцыне (пасля курсаў Лесгафта) — не доктарка, але ж прафесійная медсястра, фельдшарка, якая практычна прымяніла свае навыкі падчас Першай сусветнай вайны і фактычна, менавіта ў біблійным сэнсе, аддала жыццё за бліжняга, заразіўшыся падчас свайго медычнага служэння, дапамагаючы хворым на роднай Лідчыне. Ці ж гэта не выкананне волі Божай ва ўсёй паўнаце сэнсу нясення крыжа — крыжа міласэрнасці?..

А перад гэтым — ахвярнае служэнне ў слове, слове паэтычным, дзе праз вобразныя асацыяцыі ў палымяных радках таксама прагаворваўся сэнс Божых запаведзяў любові — любові, якая не прымае гвалту і насілля; любові, паўната якой у свабодзе і праўдзе; шлях да якіх пралягае праз цярпенні, пакуты, выпрабаванні. Але ж ён, гэты шлях любові, кліча і да змагання, да адпору насіллю і гвалту, супраціву, які вымагае ахвяраў і крыві — крыві, якая асвячае змаганне, гэтак, як у вершы Цёткі «Пад штандарам»…

Учытаемся ж у вершы Цёткі, нават самыя змагарныя, самыя рэвалюцыйныя, каб яшчэ раз пераканацца, што мы не знойдзем там нічога, што б разбурала ў ёй асобу з хрысціянскім стрыжнем, з хрысціянскай верай, з хрысціянскай маральнасцю. Наадварот, яе вера ўмацоўвала дух, давала сілу ў барацьбе і разуменне праведнасці змагарнага шляху. Гэта быў вымушаны шлях, але ж гэта было права народа адказаць на несправядлівасць і гвалт, калі іншыя шляхі не прыводзілі да выніку. У кнізе Святога Айца Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць» у раздзеле «Гісторыя» ёсць вельмі важныя для кантэксту нашых разважанняў думкі пра зямное вымярэнне гісторыі народаў як шляху ў гісторыі збаўлення. Папа цытуе ў гэтым раздзеле свой паэтычны твор «Калі думаю пра Айчыну» і папярэджвае цытаванне вострым пытаннем: «Ці можа гісторыя „паплысці супраць цячэння сумлення?“ Гэтае пытанне я задаваў сабе шмат гадоў таму ў сваім творы „Калі думаю пра Айчыну“. А ўзнікла яно з роздуму над паняццем народа і патрыятызму. У тым самым творы я імкнуўся таксама даць адказ…» [4, с. 83]. Далей святы Ян Павел ІІ цытуе фрагмент свайго твора: «Волю ўвесь час трэба здабываць, нельга яе толькі мець! // Яна прыходзіць як дар, а трымаецца змаганнем. Дар і змаганне запісваюцца на лістах патаемных і ўсё ж такі яўных. // Усім сабою плаціш за волю, а таму й называй гэта воляю за тое, што можаш, плацячы, увесь час нанава мець сябе. // Платаю гэтаю ў гісторыю ўваходзім і да эпох яе дакранаемся. // <...> Слабы народ, калі пагаджаецца з сваёю бядою, калі забывае, што быў пасланы, каб чуваць, пакуль прыйдзе яго гадзіна. Гадзіны ўвесь час вяртаюцца на вялікім шчыце гісторыі. // Вось літургія гісторыі…» [4, с. 83–84].

Як можна пераканацца з думак Святога Айца, гісторыя зямной барацьбы народаў за сваё вызваленне ўпісваецца ў гісторыю збаўлення без супярэчнасці хрысціянскім маральным запаведзям. Гісторыя народаў асвячаецца барацьбой і ахвярамі гэтай барацьбы, калі гэта не барацьба за чужыя землі пад выглядам нейкай «вялікай ідэі», а барацьба за вызваленне з нявольніцтва, за права годнага самастойнага развіцця. Менавіта з гэтых пазіцый варта ацэньваць і так званыя рэвалюцыйныя творы Цёткі ў зборніку «Хрэст на свабоду» (1906), пафас якіх, нават пры апісаннях «бурнага, страшнага мора» як выяўлення народнага гневу (верш «Мора»), усё ж не плыў «супраць цячэння сумлення», але прыўносіў сваю трагічна-гераічную беларускую ноту ў «літургію гісторыі».

У лютым 1905 г. для Цёткі «літургія гісторыі» гучала «як бы з неба», свістам царскіх куляў, што «хрысцілі на свабоду» і клікалі народ на шлях барацьбы:

…Цар навуку даў народу,
Паказаў ім, як бы з неба,
Што больш цара не патрэба! [3, с. 63].

Асаблівае месца ў змагарнай лірыцы Цёткі займае верш «Пад штандарам», напісаны, як і верш «Мора», у кастрычніку 1905 года. У ім апісваецца трагічная смерць хлопца Вінцуля, які са штандарам выйшаў насустрач царскім кулям і быў забіты па загадзе капітана. Яго ахвярна пралітая кроў «Як крапідлам людзей // Ахрысціла кругом», — піша Цётка [3, с. 68]. Мала таго, той капітан, які аддаў загад страляць у мірных дэманстрантаў, маючы ўсё ж сумленне, адчуў маральную адказнасць, віну за свой учынак. Ён пакаяўся, не вытрываўшы пачуцця віны, скончыў жыццё самагубствам. Кроў Вінцуля, піша Цётка, не была пралітая марна: салдаты сталі пераходзіць на бок народу і адмаўляліся выконваць загады афіцэраў страляць па дэманстрантах. «Я народу сын, брат», — гаворыць у яе вершы «неслухмяны» вайсковец [3, с. 69]. У такой салідарнасці і братэрскім яднанні паэтцы бачылася народная сіла, здольная перамагчы тыранію, якая сама не адступіць, калі не будзе народнага адпору і гатоўнасці да ахвяраў.

У кантэксце нашых разважанняў цікава выглядае яшчэ адзін верш Цёткі, якім заканчваецца зборнік «Хрэст на свабоду», і на які крытыка амаль не звяртае ніякай увагі. У вершы, які мае назву «Ласы», апісана, як невыносныя ўмовы жыцця, самадурства царскіх чыноўнікаў прыводзяць да нарастання народнага гневу і жадання супраціву, жадання адгукнуцца на заклікі «сацыялістаў» — актывістаў грамадскага руху, і рыхтавацца да змагання за свае правы на годнае жыццё. У вершы апавядаецца пра аднаго з такіх прадстаўнікоў народа, Петрука, якога за прыдуманую правіну «казакі ссеклі», і які апынуўся ў астрозе. Пасля, калі быў выпушчаны, ён расказаў, што ў астрозе сярод зняволенага народу быў таксама ксёндз: «І добры быў чалавек — // Не забуду век!» — падкрэсліў Пятрук і распавядаў далей:

После мяне выпусцілі, а ксёндз дык там застаўся,
З слязьмі ён са мною развітаўся,
Навучаў, прасіў, крычаў нат услед:
«Не гультуй, Пятрук, помні, на той свет
Гані, каго трэба,
Бо не ўбачыш неба,
Бо мы табе станем сніцца,
Калі не будзеш мсціцца» [3, с. 73].

Дзіўна — ксёндз заклікае да помсты! Ці не ёсць гэта той самы маральны дысананс і плыццё «супраць цячэння сумлення»? Ці можа гэта менавіта тая неабходная «плата за волю», якою творыцца «літургія гісторыі» і пракладаецца шлях народа ў гісторыю збаўлення? З улікам таго, што прамоўленыя ў вершы словы належаць святару, іх можна трактаваць у рэчышчы цытаваных вышэй думак Святога Айца Яна Паўла ІІ і ўспрымаць як «новае прыказанне», як пацверджанне таго, што «волю ўвесь час трэба здабываць, нельга яе толькі мець», што народ мае маральнае права змагацца з гвалтам, з беззаконнем, мае святое, небам дадзенае права на паўстанне, калі не застаецца іншых сродкаў барацьбы, і быць гатовымі да ахвяраў.

У снежні 1905 г. Цёткаю быў напісаны яшчэ адзін верш вызваленчага пафасу «Добрыя весці», у якім адгукнуліся вобразы і думкі двух слынных вершаў Уладзіслава Сыракомлі (аднайменнага «Добрыя весці» і «Ўжо птушкі пяюць усюды…»). Творчасць Сыракомлі, як і творчасць Францішка Багушэвіча, таксама нязменна натхняла Цётку, давала грунт для алюзій і асацыяцый. Наследуючы свайго славутага папярэдніка, які ў 1848 г. паэтызаваў заходнія «добрыя весці», і нібы звяртаючыся да яго як да лірычнага адрасата, яна пісала:

Ах, браце родны, нясуцца весці,
Ўжо граюць маршы там на усходзе,
Над кожнай хатай, у кожным месцы
Шчабечуць птушкі нам аб свабодзе.
<...>
Ах, браце, крэпка сіла ў народзе!
Добрыя весці зусюль ідуць,
Бо то мільёны разам у згодзе
Да лепшай долі смела ідуць.

Ах, браце, важны момант прыходзіць,
Важну ахвяру прыдзецца даць:
На небе сонца шчасця усходзіць
Толькі патрэбна хмары прагнаць [3, с. 73].

У гэтым вершы паэтызуецца «добрая навіна» аб змаганні за свабоду «на ўсходзе». На змаганне выйшлі (або вітаюць яго) людзі з «кожнай хаты» і з «кожнага месца»«мільёны разам» смела, у згодзе ідуць да шчаслівай долі, разумеючы, што за гэта «важну ахвяру прыдзецца даць…» Такім чынам, тут праяўлена чарговае «дабравесце» як працяг «літургіі гісторыі», і карані «дабравесця» як мастацкага вобразу ў вершах Сыракомлі і Цёткі трэба шукаць у евангельскай праўдзе. І тут слушна яшчэ раз вярнуцца да Цётчынага псеўданіма Гаўрыла з Полацку.

У Прадмове да зборніка «Скрыпка беларуская» ёсць выразнае сведчанне аб тым, што сваёй паэзіяй аўтарка працягвае справу Мацея Бурачка (псеўданім Францішка Багушэвіча, пад якім быў выдадзены яго зборнік «Дудка беларуская»). Цётка такім чынам аб’яўляла сябе спадкаемніцай ідэяў і вобразаў яго паэзіі ў справе абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў. Гэтак яна адгукалася на сваё пакліканне, пацвярджала, што прымае гэтае пакліканне і гатовая да выканання сваёй высокай місіі. Таму зашыфравала сваё імя Алаіза Пашкевіч псеўданімам Гаўрыла з Полацку, і гэта менавіта ягоным голасам яна ў Прадмове дэкларавала: «Дзякуй табе, Мацей Бурачок! Чэсць і слава тваему слову! А ты, „Дудка“, грай і мне голас дай. З таго дня пачаў і я майстраваць інструмант. Выйшла з-пад рук „Скрыпка“. Цяпер кручу „Струны“» [3, с. 5].

…Цікавае назіранне зрабіў у свой час даследчык літаратуры Ігар Запрудскі ў артыкуле «Евангелле ад Мацея, або Таямніцы творчасці Францішка Багушэвіча», звязаўшы выбар паэтам сваіх псеўданімаў (Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава) з жаданнем наследавання імёнаў аднаго з евангелістаў (Мацвея) і Сымона Кірынэйца [1, с. 24].

Паглядзім жа і мы на адметнасць карыстання псеўданімамі Цёткаю. Як ужо падкрэслівалася, абедзве яе кнігі былі працягам Багушэвічавай традыцыі, што засведчана ёю самой у Прадмове. Якой жа традыцыі? Традыцыі дабравесця аб беларусах як народзе, які набыў самасвядомасць, стаў на шлях змагання за сваё вызваленне, далучыўся да «літургіі гісторыі». У гэтай сувязі абранне ў якасці псеўданіма імя Гаўрыла таксама ўпісваецца ў біблійную традыцыю і выклікае асацыяцыю з місіяй арханёла Габрыэля (Гаўрыіла), імя якога азначае «моц Божая», і які з’явіўся з дабравесцем для Найсвяцейшай Панны Марыі, што і паклала пачатак новай гісторыі свету. У Бібліі з’яўленне гэтага Арханёла звязана з тлумачэннем прароку Даніэлю сэнсу яго месіянскіх візій. Такім чынам, абранне Цёткаю псеўданіма Гаўрыла з Полацку для сваіх кніг, у якіх яна працягвала паэтычнае прароцтва аб лёсе роднага народа, таксама не выпадковае: яно сведчыць аб прасякнутасці творчасці Цёткі святлом хрысціянскай веры, аб тым, што ў «літургіі гісторыі» яе «інструманты» — «Скрыпка беларуская» і «Струны» (першапачатковая назва зборніка «Хрэст на свабоду») — гучаць хрысціянскімі акордамі. Гэтыя акорды ўплятаюцца ў бунтарныя гукі барацьбы і надаюць зямному змаганню за чалавечыя правы і волю духоўнае вымярэнне; яны ўпісваюць гісторыю народа ў гісторыю збаўлення свету сведчаннем таго, як можа дзейнічаць Провід Божы ў рэальнай прасторы і часе.

Асэнсоўваючы тыя акцэнты, якія надаваліся раней творчасці Цёткі, хочацца таксама звярнуць увагу і на думку ксяндза Адама Станкевіча, які, пішучы пра Цётку, падкрэсліваў памылковасць меркавання пра яе выключна як пра «сацыялістку-марксістку». Ён слушна адзначаў, што яе «рэвалюцыйнасць» была «толькі другараднай, неістотнай часткай яе народных імкненняў і ідэалаў» [2, с. 469]. У якасці галоўнага чынніка яе натуры, які ўплываў на ўсе сферы яе дзейнасці, кс. Адам Станкевіч вылучаў менавіта яе рэлігійнасць. І сёння мы пераконваемся, наколькі гэта слушная характарыстыка яе асобы і як доўга яна не прымалася пад увагу. Так, менавіта моцная прасякнутасць хрысціянскім духам уплывала на ўсе справы, да якіх мела дачыненне Цётка, а яна, апрача ўсяго, дбала і пра духоўнае адраджэнне свайго народа. Адам Станкевіч прыводзіць таксама сведчанні таго, што Цётка рупілася пра справу адраджэння уніі на Беларусі, што яна ў 1906 г. уклала «Малітаўнік для беларускіх дзетак», рукапіс якога захоўваўся таксама ў Жоўкве, але, верагодна, так і застаўся нявыдадзеным [2, с. 469].

Звярнуўшыся да асветніцкай, выхаваўчай дзейнасці Цёткі, мы яшчэ больш пераканаемся ў тым, што яна мела моцны хрысціянскі дух і кіравалася ім у штодзённай рэчаіснасці. Разумеючы важнасць асветы і выхавання дзяцей на роднай мове, Цётка была складальніцаю чытанак для дзяцей-беларусаў і ўкладальніцай ужо згаданага малітоўніка. Чытанкі, як і малітоўнік, былі складзены ў 1906 г.: дзве з чытанак былі выдадзены неўзабаве ў Пецярбургу суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца», чаму, відавочна, паспрыяў Б.І. Эпімах-Шыпіла, з якім Цётка была знаёмая з часу сваёй вучобы і пазней ліставалася па справе адраджэння уніі. Трэцяя чытанка ў гэты ж час была выдадзена ў Жоўкве пад назваю «Гасцінец для малых дзяцей» з пазнакаю, што гэта «пералажэнне з украінскай мовы на беларускую» і зрабіў яго «Тымчасовы» (яшчэ адзін з Цётчыных псеўданімаў).

«Гасцінец…» адкрываецца цудоўным апавяданнем «Хлеба будняга дай нам сёнека!», што кранае сваёй шчырасцю і прастатой, у якіх увасобленыя глыбіня і сэнс хрысціянскай адкрытасці на Бога. У апавяданні мы бачым маладога пана, які «ішоў быстрымі шагамі да места». Ужо ўпоцемку каля рынку ён убачыў у адчыненым акне маленькую, гадкоў пяці, дзяўчынку: «Кашулька расхрыстана, валосікі растрапаліся па плячах. Ручкі зложаны, як для малітвы. Сядзіць, галоўку падняўшы ў неба, углядаецца. Заблішчала адна зорка, после другая, трэцяя, і скора ўвесь кусочак неба над галоўкаю дзіцяці загарэўся агнямі» [3, с. 163]. У гэты момант малады пан пачуў малітву дзяўчынкі: «Божачка мілы, Божачка адзіны, Ты і святыя зорачкі, і ты, ясны месячык на небе, дайце кусочак хлеба будняга. Мы сёнека нічога не елі. Ужо трэці дзень не елі, ужо трэці дзень, як матуля шукае работу. Мы галодны, мы ўміраем!…» Па сініх вочках пакаціліся слёзкі і паплылі па шчочках. Першая малітва, што так прарэзала сэрца маладому пану… Ён стаяў і глядзеў і гнаўся за малітваю дзіцяці. Ён думаў, што малітва неба праб’е…» [3, с. 163]. Не будзем далей пераказваць гэты кранальны аповед. Скажам толькі, што малітва дзіцяці была выслухана Небам і праз разважлівы ўчынак маладога пана быў здзейснены цуд: цуд перамянення сэрца, якое становіцца прыладаю для выканання волі Божай. Вось на чым палягала выхаваўчая праграма Цёткі — на евангельскіх праўдах веры. Як жа гэта патрэбна і ў нашым сённяшнім дні!

Літаратура:

  1. Запрудскі, Ігар. Евангелле ад Мацея, або Таямніцы творчасці Францішка Багушэвіча // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта. Выпуск першы. — Мінск, 2001. — С. 21–31.
  2. Станкевіч, Адам. З Богам да Беларусі: Збор твораў / Уклад. нав. рэд., прадм. і камент. А. Пашкевіча і А. Вашкевіча. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008.
  3. Цётка. Выбраныя творы / Уклад., прадм. В. Коўтун; Камент. С. Александровіча і В. Коўтун. — Мінск: «Беларускі кнігазбор», 2011.
  4. Ян Павел ІІ. Памяць і самасвядомасць / Пераклад з польскай мовы К. Лялько. — Мінск: «Про Хрысто», 2006.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY