Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Крыстына ЛЯЛЬКО

Віншуем з юбілеем святарства!

Арцыпастыр католікаў Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк адзначае 65-гадовы юбілей святарства.

Нават калі ўзяць проста 65 гадоў чалавечага жыцця, то гэта немалы адрэзак часу, а што ўжо казаць пра такі стаж святарскага служэння. Калі ж улічыць, што большасць гэтых гадоў прыпала на складаны, драматычны, а часам і трагічны перыяд гісторыі, то можна сабе толькі ўявіць, якая ахвярнасць, сіла волі і якая вера пратрэбны былі для гэтага служэння...

65 гадоў назад, 8 красавіка 1939 г., выпускнік Пінскай духоўнай семінарыі Казімір Свёнтэк атрымаў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Казіміра Букрабы. І ўжо з гэтага першага года святарскай паслугі пачалося выпрабаванне новапрэзбітэра Свёнтка на вернасць Хрысту і абранаму шляху. А на гэтым шляху было ўсё: турмы НКВД у Мінску і камера смяротнікаў у Брэсце, дзесяць гадоў сталінскага Гулагу ў сібірскай тайзе і Паўночнай тундры, а пасля — доўгія гады святарскай працы ў атэістычна-камуністычнай сістэме, калі парафія лічылася не на душы, а на кіламетры, а да бліжэйшага ад Пінскай катэдры касцёла трэба было ехаць за 300 вёрст...

У 90-я гады пачалося адраджэнне Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, якое Папа Ян Павел ІІ вобразна назваў «вясною Касцёла». Ксёндз кардынал, як дбайны сейбіт, не шкадуючы ні сілы, ні часу, ад самага пачатку працуе на ніве гэтага адраджэння. Шчодры плён яго адданай працы — у адноўленай мінскай архікатэдры і ў шматлікіх узнятых з руінаў і нанова збудаваных святынях; у адроджанай духоўнай семінарыі ў Пінску; у Статутах Сіноду, па якіх сёння жыве і працуе Касцёл у Беларусі; у новых святарскіх пакліканнях і яшчэ ў многіх іншых падзеях актыўнага каталіцкага жыцця ў нашым Краі...

Недзе за месяц да юбілею святарства мы сустрэліся з Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам. Размова зайшла пра перажытае, і я спытала, што найбольш дапамагала яму пераадольваць тыя церні, якімі так шчодра быў усланы ўвесь яго святарскі шлях. Трэба было бачыць, як ксёндз кардынал горача запратэставаў супроць такой пастаноўкі пытання: «Якія церні? Гэта — ружы! Толькі колер у іх розны. Так, былі сярод іх чырвоныя, але былі таксама белыя і жоўтыя... Я не люблю, калі мяне называюць мучанікам, героем... Я ўсяго толькі выконваў свой святарскі абавязак і Божую волю. А якая розніца, дзе іх выконваць?! Я ні разу не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэты шлях. І калі б мне прапанавалі пачаць усё спачатку, я нічога не мяняў бы ў сваім лёсе...». І ў гэтым увесь ён — кардынал Казімір Свёнтэк. Божы слуга, чалавек глыбокай хрысціянскай веры, аптыміст і жыццялюб, перакананы абаронца традыцыі і шчыры паклоннік марыйнай пабожнасці.

Пан Бог даў яго ўсім нам як прыклад непераможнасці і ахвярнасці веры, як сапраўднага апостала Хрыстовае праўды. У яго трываласці і няскоранасці, як у люстэрку, адбілася трываласць і непераможнасць нашага Касцёла. І таму сёння ўсе мы дзякуем добраму Богу за 65 гадоў святарства нашага арцыпастыра, просячы для яго шчодрай Божай ласкі і нястомнай апекі Маці Божай, моцнага здароўя на яшчэ доўгія гады натхнёнага і шчаслівага служэння Каталіцкаму Касцёлу.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY