|
|
№
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Паэзія
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Пераклады
Memoria
Нашы святыні
Юбілеі
Проза
Музыка
Вандроўкі
|
Паводле паданняў першая мінская каталіцкая парафія была заснавана яшчэ ў XIV стагоддзі. Большасць аўтараў публікацый па гісторыі Мінска і яго касцёлаў, што з’явіліся ў XIX ст., сцвярджае, што першы касцёл быў пабудаваны ў горадзе каля 1390 г. паводле фундацыі вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага і караля Польшчы Ягайлы, але гэтыя меркаванні не пацвярджаюцца пісьмовымі крыніцамі. На самай справе, як высветліў вядомы польскі даследчык Ежы Ахманьскі ў сваёй грунтоўнай працы, прысвечанай гісторыі Віленскага біскупства, першая каталіцкая святыня ў Мінску была фундаваная ў 1508 г. вялікім князем ВКЛ Жыгімонтам Старым 1. Гэты драўляны касцёл быў пабудаваны на Траецкай гары, што знаходзілася на левым беразе Свіслачы. Дарэчы, гэтая частка горада заўсёды лічылася адной з самых старажытных і ўжо ў першай палове XVII ст. называлася «Старым горадам», а першы фарны касцёл у некаторых дакументах згадваецца як Траецка-Мінскі. У пісьмовых крыніцах у 1537 г. згадваецца мінскі плябан Ян Мікалаёвы Андрушовіч, які пазней стаў Луцкім біскупам. У сярэдзіне XVI ст. мінская парафія лічылася адной з самых багатых у Вялікім Княстве Літоўскім. Мінскі фарны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны і св. Міхала Арханёла, што знаходзіўся на Траецкай гары, мае складаную гісторыю. Ён неаднаразова знішчаўся падчас пажараў, але зноў і зноў аднаўляўся. На пачатку XVIII ст. дзякуючы намаганням мінскага ксяндза Карла Пятра Панцяржынскага быў узведзены новы драўляны будынак храма. У XVIII ст. у галоўным алтары святыні знаходзіўся абраз Св. Тройцы, таму ў адным з дакументаў 1782 г. мінскі фарны касцёл памылкова названы пад тытулам Св. Тройцы. Гэтая святыня праіснавала да пачатку XIX ст. і падчас вялікага пажару 1809 г. была цалкам знішчана. Адначасова загінулі і найбольш старажытныя дакументы, якія захоўваліся ў касцёльным архіве. Пасля пажару набажэнствы былі перанесены ў катэдральны касцёл на Высокім Рынку. У 1832 г. мінскім парафіяльным касцёлам становіцца храм былога кляштара дамініканцаў пад тытулам св. Тамаша Аквінскага. Пасля таго як будынак былога касцёла дамініканцаў рэканструявалі пад каталіцкую семінарыю, набажэнствы перанеслі ў старую драўляную капліцу, якая знаходзілася на каталіцкіх могілках на Залатой Горцы і пасля рамонту ў 1842 г. атрымала тытул Св. Тройцы. Новы мураваны парафіяльны касцёл Св. Тройцы на Залатой Горцы, які захаваўся да нашых часоў, быў пабудаваны ў 1861–1864 гадах. Найбольш каштоўнымі крыніцамі па гісторыі самай старажытнай мінскай парафіі з’яўляюцца візіты і інвентары XVII – пачатку XX стагоддзя, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі2. Самы стары дакумент датуецца 1632 годам . Вялікую цікавасць уяўляюць візіты XVIII–XIX стагоддзяў, але самым падрабязным і грунтоўным з іх з’яўляецца «Візітнае апісанне мінскага Св. Троіцкага-Залатагорскага касцёла 1908 года» 4. Аўтар гэтага каштоўнага дакумента — пробашч касцёла Св. Тройцы Казімір Міхалькевіч. Біяграфічных звестак пра яго захавалася няшмат. Паводле фармулярнага спісу, складзенага ў кастрычніку 1900 г., Казімір-Мікалай Міхалькевіч сын Юстына нарадзіўся 1 лютага 1865 года. Ён паходзіў са шляхты Ковенскай губерні. У 1884 г. паступіў у Магілёўскую каталіцкую семінарыю, якая знаходзілася ў Пецярбургу. Пасля заканчэння семінарыі ў 1888 г. Казімір Міхалькевіч служыў у віцебскім парафіяльным касцёле св. Антонія, а з 1890 г. у розных парафіях Віцебскай губерні. У 1896 г. яго прызначылі на пасаду пробашча Кранштацкага рыма-каталіцкага ваенна-марскога касцёла і адначасова ваеннага капелана марскіх і сухапутных войскаў Расійскай імперыі 5. У 1900 г. Казімір Міхалькевіч стаў пробашчам мінскага касцёла Св. Тройцы 6. Ён адразу пачаў актыўна займацца гаспадарчымі справамі і ў першую чаргу рамонтам парафіяльных будынкаў. Менавіта па ініцыятыве ксяндза Казіміра ў 1903 г. у горадзе стварылі спецыяльны камітэт, які распачаў працу па падрыхтоўцы будаўніцтва навага парафіяльнага храма на Залатой Горцы. Для распрацоўкі праекта новай святыні з Варшавы быў запрошаны вядомы архітэктар Юзаф Дзеконьскі. Новы касцёл планавалася пабудаваць на Залатагорскай плошчы побач са старымі каталіцкімі могілкамі. У 1906 г. праект касцёла быў зацверджаны будаўнічым аддзяленнем Мінскага губернскага праўлення. Адначасова быў атрыманы дазвол на пабудову ад Дэпартамента духоўных спраў. Пачаўся збор добраахвотных ахвяраванняў, але пачатак будаўніцтва зацягнуўся. У 1908 г. ксёндз Казімір Міхалькевіч быў пераведзены з Мінска ў Вільню . У 1914 г. пачалася вайна, потым да ўлады прыйшлі бальшавікі... Праект будаўніцтва новага касцёла так і не быў здзейснены. Але перад ад’ездам з Мінска ксёндз Казімір паспеў скончыць працу над візітным апісаннем касцёла Св. Тройцы. Гэты дакумент падзелены на 18 раздзелаў. Спачатку даецца гістарычны нарыс, потым — апісанне касцёла, драўлянай капліцы на могілках, саміх старажытных могілак, а таксама парафіяльных дамоў. У асобныя раздзелы выдзелена апісанне зямельнай маёмасці і капіталаў, а таксама рухомай маёмасці. Вызначаны межы парафіі, пералічаны ўсе мясцовасці Мінскага павета, жыхары якіх былі парафіянамі касцёла Св. Тройцы (агульная колькасць парафіянаў складала 11 918 чалавек). Спецыяльны раздзел прысвечаны апісанню і раскладу набажэнстваў і святаў. На асобных аркушах прыкладзены адбіткі пячатак, што захоўваліся ў касцёле ад самай старажытнасці і да пачатку XX стагоддзя. Ёсць і пералік найбольш каштоўных архіўных дакументаў, кніг і гэтак далей. Падчас складання візіты была зроблена падрабязная фотафіксацыя знешняга выгляду святыні, а таксама яго інтэр’ераў і найбольш каштоўных рэчаў, пры гэтым былі сфатаграфаваны ўсе алтары, каплічка, пабудаваная ў 1901 г. на месцы разабранай старажытнай драўлянай капліцы св. Роха. Тэкст дакумента надрукаваны на машынцы, фотаздымкі наклеены на асобныя аркушы.
Глядзі таксама
|
|
|