AVE Мадонна
з болю Мадонна
Богу пакорна
клічуць на AVE песняй і звонам
росаў дыван рассцілаюць на AVE
цені бярозаў кленчаць у травы
AVE Мадонна
ночы Мадонна
чорная зорна
цемру прабіла з рускай іконы
шнары на твары ценем закрыла
свету яснота AVE Марыя
AVE Мадонна
чорная зорна
утоена небам
будзь праслаўлёна струнамі спевам
градам перкусій і бляскам гонгаў
золатам трубак чорных армстронгаў
AVE Мадонна
сэрвус Мадонна
Дубраўка
Янку Брылю
маю свой дубовы гаёк
з двух бакоў сярпом шчары абняты
абкружаны двума агнямі блакіту
двума агнямі зорак
двума агнямі чаек
двума агнямі рэха
мая дуброва
месца спатканняў таемных
месца з сонцам у дні зацменняў
месца маіх спатканняў з цішай
і з самім сабой з успамінаў
мой дубовы гаёк зелянее
у сакаўным мурагу
дзе няма ні мурашніку ні павуціння
ні жамяры камарынай
у чыстым мурагу
перамытым дажджом і расой
учасаным грэбенем ветру
і рухомым ценем аблокаў
у дуброве маёй
дубы імянныя гербовыя
як калоны карынскія
выдзеўбаны перуном і пяском
трымаюць лісцевы дах
з камінамі гнёздаў бусліных
мой дубовы гаёк невялікі
і ўсяго за пяцьсот вёрст адгэтуль
адчынены толькі мне
і цяпер і заўсёды
калі толькі па ім засумую
да маёй дубровы іду
за кругагляды шлагбаўмаў
без пашпарту
праз зялёныя межы сноў
гукаў і словаў
мой дубовы гаёк такі маленькі
што змяшчаецца пад павекамі
у рэквіеме вечаровым па бацьку
які пакінуў мне гэты гай
* * *
вербы
старыя рахітныя расахатыя
згінаюць карані-калені
у надрэчнай траве
у кадзіле імглы
узіраюцца вачамі соваў
з-пад хусцінак бабінага лета
на самую крайнюю
якая над пупком дупла
на разарваных перуном грудзях
медалік драўляны каплічкі трымае
чакаюць калі зорка пазвоніць на нешпар
на манстранцыі захаду
вецер пачынае малітву
языкі лістоў шэпчуць ружанец
перабіраюць пацеркі птушак
на тэлеграфным дроце
падвячорак з дзяцінства
Маці
пад салодкім наркозам аеру і сена
апускаецца вёска ў цішу
крумкаюць жабы ў далёкіх сажалках
асіна з цікавасці выбягае на горку
страсае з сябе залатыя дукаты
ластаўкі ў небе востраць крыло
аб залаты асялок хмаркі
цяжка ў тое паверыць
што зафіксаваў абразок у памяці
калі гладзіў аксамітную руку Маці
а Яна схілялася нада мною
* * *
у цэнтры цывілізацыі хрысціянскай
не вырваў ты з мяне ані слова
не выціснуў ніводнага імя
не выдушыў ні позірку ні руху
аж да апошняга патрона
аж да вечнага маўчання
перадаём адзін аднаму знак супакою
гнаўся за мной прыбліжаў мяне біноклемL
разглядаў мяне вокам пісталета
да апошняга спуску
да апошняга патрона
перадаём адзін аднаму знак супакою
перастаўляў дарожныя знакі на міннае поле
сачыў за мной стваламі артылерыі
з танка з самалёта з бункераў
да апошняга зарада
да апошняга патрона
перадаём адзін аднаму знак супакою
біў мяне нагайкай і кулакамі
звязваў калючым дротам
абліў бензінам і падпаліў
паставіў пад мур з чорнаю хусткай на вачах
з гіпсам у роце апошняга з роду
да апошняга патрона
перадаём адзін аднаму знак супакою
аж да новай вайны
* * *
прабачаюць
прабачаюць з дабрыні
прабачаюць з гонару
прабачаюць таму што так трэба
прабачаюць са страху
прабачаюць з надзеяй на ўзаемнае прабачэнне
прабачаюць з надзеяй на ўдзячнасць
найцяжэй і найрадзей прабачаюць з любові
Максімільян Кольбэ
маліся за нас
Мадонна Ізраэлю
Старажытная з Кіпру
ад святога Лукі
Яснагорская з болю
са шнарам на твары
як польскае поле...
|
(Р. Брандстаэтэр
«Гімн Мадонне»)
|
1
тут смерць збірае свае плёны
з пакутнікаў і іх забойцаў
тут з папялішчаў пляж быў чорны
з крыві нявіннай пляж чырвоны
у гарадку Непакалянаў
касцёльны звон арыштаваны
падклалі столькі дынаміту
каб узляцеў да зор Давіда
2
у польскім Язафата доле
святыя паўставалі з дыму
вятрыска з шыбеніц крылатых
страсае душы Асвенціму
на папялішчы рунь рунее
нявінных спаленых мільёнаў
зярняты ў каласах жывыя
як быццам вочы немаўлятаў
на скрутках чалавечай скуры
з жывых людзей спаласаванай
чырвонай фарбаю з цыстэрнаў
запісвалі пакутаў псальмы
і толькі вольныя нябёсы
з высокім у блакіце сонцам
глядзяць на дно нібы праз шкло
задымленае ў час зацмення
3
як рыба на пяску гарачым
пачвяртаваная гадзюкай
як дрэва што пярун ударыў
жыве у пасках чалавек
ружанца шэпт і акуляры
малітва чыстая на твары
а смерць як першы звон на AVE
як выбух бомбы ў Нагасакі
жыве ў адкупленым мужчыне
святым Максімільянам Кольбэ
ў Асвенціме праз Евангелле
ахвяра споўнена была
Пераклад з польскай мовы
Дануты Бічэль
|