|
|
№
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Паэзія
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Пераклады
Memoria
Нашы святыні
Юбілеі
Проза
Музыка
Вандроўкі
|
Дантэ Аліг’еры мы ведаем перш за ўсё як стваральніка «Боскай камедыі», а між тым у яго ёсць іншыя творы, якія заслугоўваюць не меншай увагі. Адным з іх з’яўляецца трактат «Пра народнае красамоўства» («De vulgari eloquentia»), прысвечаны пытанням мовы і паэтыкі. Згадаем, што менавіта ў ХІІІ ст. закладваліся тыя падмуркі, на якіх пасля расквітнела культура Рэнесансу. Гэта час актыўнага развіцця моў, што было асабліва важна для Італіі, бо лацінская мова, якая з 350 года стала афіцыйнаю моваю хрысціянскай рэлігіі, на Апенінскім паўабтоку захоўвала пазіцыі адзінай пісьмовай мовы даўжэй, чым у іншых еўрапейскіх рэгіёнах, і жывая гаворка насельніцтва заставалася ў становішчы так званага volgare, нявартага фігураваць на пісьме. Толькі выпадкова і быццам супраць волі аўтараў volgare пачынае трапляць у напісаныя лацінай дакументы канцылярый, статуты, прававыя акты натарыусаў і суддзяў, якія іншым разам дзе-нідзе ўключалі размоўныя формы або фразы з намерам падкрэсліць пэўнае сведчанне. Пачаткам гісторыі італьянскай мовы і італьянскай літаратуры лічыцца 960 год, калі быў зроблены першы запіс па-італьянску ў судовым дакуменце. Такім чынам, італьянская літаратура ў ХІІІ ст. была яшчэ вельмі маладой, але яна вызначалася развіццём лірычнай паэзіі трох школ – сіцылійскай, балонскай і тасканскай, кожная з якіх унесла ў фармаванне літаратурнай мовы свае дыялектныя рысы, і ўсё ж асновай італьянскай мовы стаў тасканскі дыялект. Напрыканцы ХІІІ ст. Фларэнцыя выдзялялася сярод іншых гарадоў Італіі як значны эканамічны і гандлёвы цэнтр, дзе развіццё гарадскога саслоўя адбывалася хутчэй, чым у іншых частках Італіі, а ў нядоўгім часе літаратурная традыцыя, што ўвасобілася ў школе dolce stil nuovo і мела вельмі таленавітых прадстаўнікоў, у тым ліку і маладога Дантэ, пакінула далёка за сабою і феадальную лірыку «сіцыліянцаў» – аматараў правансальскага стылю, і прадстаўнікоў навуковай лірыкі, і нават самога заснавальніка новага кірунку Гвіда Гвініцэлі з Балоньі. Мова твораў новай школы, і самога Дантэ ў прыватнасці, у аснове якой ляжала тасканскае маўленне, у значна большай ступені была італьянскаю, чым мова сіцылійскіх паэтаў з моцнаю сумессю правансальскіх і нават старафранцузскіх элементаў. У трактаце «Пра народнае красамоўства» Дантэ імкнецца ўсхваліць народную гаворку і выкласці правілы маўлення. Твор напісаны на лацінскай мове, каб пераканаць адукаваных людзей у вартасцях volgare, якім яны грэбавалі. Напачатку аўтар звяртаецца да біблейскай гісторыі ўзнікнення першай мовы, а пасля сумяціцы Бабілона – да яе раздзялення на мноства розных моў — такім чынам узнікаюць мовы «ок» (правансальская), «ойль» (французская) і «сі» (італьянская). Дантэ ўзняў перш за ўсё праблему літаратурнай мовы, маючы на ўвазе моўную разнастайнасць Італіі, дзе налічвалася 14 розных дыялектаў. Разглядаючы іх, ён прыйшоў да высновы, што ніводзін не можа прэтэндаваць на ролю volgare illustre, той мовы, паводле якой павінны вымярацца і выпраўляцца мясцовыя гаворкі. Паэт разумее, што бліскучай італьянскай мовай з’яўляецца тая літаратурная мова, якой карысталіся найбольш слынныя пісьменнікі, ад сіцылійцаў да тасканцаў, сярод якіх Дантэ мае на ўвазе і сваю сціплую асобу, згадваючыся пад імем «сябра Чына да Пістойя». Трактат так і застаўся незакончаным (ён перарываецца на сярэдзіне чатырнаццатага раздзела), аднак і ў такім выглядзе гэта праца мела вялікае значэнне для італьянскай культуры і літаратуры, асабліва для паэзіі. Рускі даследчык творчасці Дантэ А.М.Еўлахаў зазначыў: «Генію Дантэ мы абавязаны тым, што першая тэорыя раманскага мастацтва амаль супала з самім узнікненнем гэтага мастацтва ў Італіі. Факт небывалы!»1.
Глядзі таксама
|
|
|