|
Нарманскія ладдзі. Дыван з Баё. |
«Божа, ратуй нас ад нарманаў...» Па ўсёй Еўропе людзі, аб’яднаныя трывогай і страхам, узносілі гэтую малітву да Усявышняга. Магутную чалавечую стыхію, якая вырвалася з халоднага скандынаўскага вулкана, здаецца, немагчыма было спыніць. Варварская Поўнач абрынулася на еўрапейскі бераг і на працягу IX—XI стагоддзяў не давала спакою народам, якія толькі што пакінулі «цёмны век» ранняга Сярэднявечча. Знакаміты тканы манумент (інакш не скажаш)— дыван з французскага мястэчка Баё (паміж 1066—77 гг.)— разгортвае перад намі сцэны нарманскага нашэсця на Англію, што завяршылася бітвай пры Гасцінгсе ў 1066 г. і ўтварэннем нарманскай дзяржавы і дынастыі. Але гэты амаль 70-метровы гігант ёсць гістарычным дакументам усёй трохсотгадовай Інвазіі скандынаўскіх народаў. Падрыхтоўка да плавання, ладдзі ў моры і ўрэшце атакі і штурмы, перамогі, забойствы і дзікае святкаванне на скоранай зямлі... Пачаўшы ад імклівых набегаў у 791—830 гг., нарманы паступова перайшлі да сістэматычнага заваявання тэрыторый. Яны двойчы бралі ў аблогу Парыж, пагражалі Рыму, па некалькі разоў знішчалі найпрыгажэйшыя культурныя цэнтры (як знакаміты Келс у Ірландыі), а потым заснавалі свае дзяржаўныя ўтварэнні ў Ірландыі, Англіі, Францыі, Італіі, на Сіцыліі. Гэта быў перыяд ваяўнічай актыўнасці «паўночных людзей» (менавіта так перакладаецца тэрмін
«нарманы», які, дарэчы, застаўся ў выглядзе нацыянальнай саманазвы ў сучасных нарвежцаў – nordmenner).
Асобнаю старонкаю скандынаўскай экспансіі з’яўляюцца дачыненні экспансіяністаў з Беларуссю, іхняя роля ў нашай палітычнай і эканамічнай гісторыі, нашай культуры. Зусім нядаўна мы атрымалі сапраўдны падарунак – бліскучае навуковае даследаванне маладога гісторыка Андрэя Катлярчука «Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў» 1, дзе «ёсць усё» пра беларуска-шведскія стасункі і сляды скандынаўскай прысутнасці на нашай зямлі. Пра Рагвалода-Рагнвальда Полацкага, вікінга Тура, што заснаваў Тураў, Торвальда Падарожніка — першага хрысціянскага місіянера ў Беларусі, пра Шлях з варагаў у грэкі і пра пазнейшыя часы да цяперашняга перыяду адносін паміж дзвюма незалежнымі дзяржавамі. Эх, як хацелася б дажыць і пабачыць такія ж сінтэтычныя даследаванні гісторыі нашых дачыненняў з іншымі народамі і культурамі – Германіяй, Грэцыяй, Францыяй, Нідэрландамі, Італіяй..! Вось дзе шырокае поле дзейнасці для цэлага пакалення даследчыкаў, якія б лекавалі нашу гістарычную свядомасць ад царска-савецкіх комплексаў непаўнавартасці.
А. Катлярчук пачынае сваё даследаванне з эпіграфа першага раздзела: «Гістарычна Швецыя была павернута сваім тварам на Усход» (класік шведскай гістарычнай навукі Гаральд Ернэ). Мэтай дацкай і нарвежскай экспансіі быў Захад. А вось шведы прасоўваліся на Усход у землі тагачасных фінскіх і славянскіх плямёнаў. Хаця, на наш погляд, строгага падзелу сфераў уплыву не было. Так, напрыклад, датчане рэгулярна рабілі крыжовыя выправы ў Эстонію. І шведы плылі не толькі на Усход. Менавіта ў Заходняй Еўропе скандынаваў называлі нарманамі або вікінгамі (ад скандынаўскага слова «vik» – «затока», хаця ёсць таксама гіпотэза пра кельцкае паходжанне назвы). А вось у беларускіх крыніцах яны вядомыя як «варагі» («varjager», «varingar» — слова мае скандынаўскі корань «var» – клятва), «русь» (так іх першымі назвалі фіны, тэрмін «Routsi» вызначае Швецыю і ў сучасных фінскай і эстонскай мовах, а паходзіць ён ад назвы паморскай шведскай правінцыі Русьлаген — Roslagen) і «свеі» (саманазва аднаго з шведскіх плямёнаў; дагэтуль у шведскай мове жыве архаічная назва краіны – Svearike, якой карыстаюцца паэты). Дык вось адкуль (а, зразумела, не з Масковіі, якой тады не існавала) узнік тэрмін «Русь», што пазней прыжыўся як саманазва славянскіх плямёнаў. У першыя ж стагоддзі існавання Полацкага і Ноўгарад-Кіеўскага княстваў назоў «Русь» ніколі не змешваўся з назовам «Славяне». Так, збор законаў «Руская праўда» выразна адрознівае «Русь» ад «Славянаў». Усе імёны першых князёў і грыдзяў (чаляднікаў) у даўнейшых памятках былі выключна скандынаўскія. Наша палітычная эліта была, такім чынам, шведскай, як лічыць А. Катлярчук. Ён называе сябе прыхільнікам так званай «нарманскай тэорыі», якой прытрымліваецца абсалютная бальшыня сучасных гісторыкаў у адрозненне ад савецкай «антынарманскай» традыцыі, пабудаванай на міфах пра «русы люд», «раксаланаў» ды «рэчку Русь».
Сёння мы, аднак, накіруемся па Варажскім шляху ў адваротны бок, да вытокаў экспансіі – у саму Швецыю. Вядомы шведскі пісьменнік Вільгельм Мубэрг вызначыў раннегістарычны перыяд нацыянальнай гісторыі даволі аб’ектыўна: «Калі вікінгі прыбывалі ў цывілізаваныя краіны, іхнім вачам адкрываўся новы, дагэтуль чужы свет. Гэта была канфрантацыя паміж варварствам і культурай. Нашы продкі прывозілі дадому з сваіх выправаў не толькі матэрыяльныя рэчы. Самі яны зрабілі вялікі ўнёсак як заснавальнікі дзяржаў» 2. Культура, безумоўна, існавала і ў дагістарычны перыяд: у шведскіх музеях захоўваюцца багатыя зборы твораў эпохі неаліту, бронзы, жалеза. Але нас цікавіць менавіта хрысціянскае мастацтва Швецыі.
|
Карона святога Эрыка. |
Мубэрг вобразна называе працэс хрысціянізацыі далёкай еўрапейскай ускраіны — Швецыі — трохсотгадовай вайной. «Вайна вялася менш за ўсё зброяй, хаця зброя часам ужывалася як аргумент. То было галоўным чынам духоўнае змаганне. Пра аднаго паганскага конунга (караля) свеяў паведамляецца, што ён чыста дэмакратычна спытаў сваіх падданых, ці яны дазваляюць хрысціянскім місіянерам пашыраць іхнюю веру ў краіне. Але павольны працэс навяртання ў хрысціянства нашых продкаў на працягу трох стагоддзяў дэманструе, наколькі глыбока ў іхніх душах была ўкаранёная вера ў асы (багі скандынаўскай міфалогіі)».
3. Першым хрысціянскім місіянерам у Швецыі быў бенедыктынскі манах Ансгар, які прыбыў у краіну ў 829 г. Ад караля горада Біркі Б’ёрна ён атрымаў дазвол на свабоднае прапаведванне. Але гэта быў першы эпізод. Толькі ў X стагоддзі пачалася сістэматычная дзейнасць хрысціянскіх місій у Швецыі. Місіянеры прыбывалі ў асноўным з краін, якія актыўна падвяргаліся наездам вікінгаў – з каралінгскай дзяржавы і брытанскіх астравоў. Многія з іх сталі пакутнікамі. Ужо напрыканцы X – пачатку XI стагоддзя ў шэрагу шведскіх каралеўстваў былі прызначаны біскупы, але яшчэ доўга дзве рэлігіі жылі побач, і час ад часу ўспыхвалі канфлікты. Ёсць паведамленне з канца XI ст., што караля Інгэ прагналі з паседжання Свеацінга (шведскага веча), кідаючыся камянямі, бо ён не хацеў рабіць цырыманіяльнае паганскае ахвярапрынашэнне. Апошнім місіянерам быў нарвежскі кароль Сігурд Юрсалафар, які ў 1123 г. уварваўся з войскам у паўднёвую шведскую зямлю Смоланд, каб навярнуць апошніх паганцаў. Менавіта на пачатку XII ст. хрысціянства зацвердзілася як афіцыйная рэлігія. Патронам усяе Швецыі стаў святы Эрык, малады кароль, забіты наёмнымі забойцамі падчас Святой Імшы ў 1160 г. у касцёле горада Ёстра Арос (цяпер Упсала).
|
Рунічны камень з Энгэбю. |
Першыя знакі маладога шведскага хрысціянства — рунічныя камяні — з’яўляюцца найарыгінальнейшай праявай нацыянальнага мастацтва (як і ва ўсёй Скандынавіі). Такіх помнікаў няма больш нідзе. Іншыя формы мастацтва і архітэктуры развіваліся пад уплывам еўрапейскіх тэндэнцый, у Швецыі працаваў шэраг замежных, у асноўным нямецкіх майстроў, што ніяк не супярэчыць нацыянальнай адметнасці твораў. На наш погляд, штучнай з’яўляецца ўкаранёная ў мастацтвазнаўчай навуцы іерархія культур. Адны з іх лічацца «вялікімі» (італьянская, французская, нямецкая і г.д.), іншыя ж — нібыта «малыя» (у гэтым спісе і беларуская побач з шведскай). Несправядліва! Кожны народ узбагаціў чалавецтва непаўторнымі творамі. Праблема часам у іх сумарнай колькасці і сіле ўплываў на іншыя культуры, але кожны твор і кожная культура самакаштоўныя.
|
Асмунд Корэсон. Рунічны камень з Ёльсты. |
Камяні-помнікі з рунічнымі надпісамі з’явіліся ў Швецыі яшчэ ў дахрысціянскі час. Іх засталося шмат у музейных зборах і нават на месцах, дзе яны былі ўсталяваныя сотні гадоў таму. Формы гэтых стэлаў свядома незавершаныя, у іх засталося шмат ад дзікага стану каменя. Як правіла, гладкую паверхню мае толькі той бок стэлы, на якім разгарнуліся выява і надпіс. Руны ўзніклі пад уплывам лацінскай азбукі, з якою скандынавы былі знаёмыя здаўна. Эпоха Вялікага перасялення народаў толькі ўзмацніла кантакты Поўначы з Рымскім светам (у шведскіх музеях захоўваецца шмат аб’ектаў антычнай культуры: манеты, бронзавыя чашы, статуэткі). Рунічныя камяні ўсталёўваліся ў памяць магнатаў і іхніх подзвігаў, ваенных перамогаў, будаўніцтва мастоў. Часам скульптар падпісваў твор сваім імем. Як, напрыклад, Асмунд Корэсон — аўтар рунічнага каменя з Ёльсты (каля 1020-50 г.): «Б’ёрн, Ёдульв, Гуннар, Хольмдзіс усталявалі гэты камень дзеля Ульва, мужа Гінлёг. А Асмунд выразаў». Дарэчы, сённяшняга багажу шведскай лексікі мне не хапае, каб зразумець старашведскія надпісы. Справа ў тым, што скандынаўскія мовы толькі ў XIV стагоддзі падвергліся моцнай германізацыі. Камень з Ёльсты – хрысціянскі помнік. Роўнаканцовы крыж (блізкі па форме грэцкай традыцыі) з’яўляецца галоўным элементам выявы. Але на роўнядзі стэлы вольна разгулялася знаёмая нам з паганскіх часоў стыхія арнаменту. Паласа аблямоўкі з рунічным надпісам замыкае кампазіцыю і пераходзіць у дынамічнае хітраспляценне, што без усялякага імкнення да сіметрыі запаўняе паверхню. Ананімны майстар каменя з Энгэбю (XI ст.) ужо больш дысцыплінаваў кампазіцыю выявы, імкнуўся да люстранай адпаведнасці правай і левай частак, але майстар любіў масу глыбы і падпарадкаваў яе сілуэт лініі разьбы каменя.
|
Лунд. Сабор св. Лаўрэнція. |
Калі аддаляешся ад марскога берага і едзеш углыб Швецыі, то на працягу доўгіх кіламетраў не пакідае ўражанне, што знаходзішся недзе на роднай Гомельшчыне: сасновы лес, зямля пад покрывам моху, някідкая, нестракатая прыгажосць краявіду. І раптам з-пад зямлі ўздымаецца скальная парода, што нібыта чакае свайго рунічнага разьбяра... У мастацтве няма выпадковасцяў — гэта даўно заўважылі вялікія мысляры-эстэты.
|
Рэльефы паўднёвай брамы сабора ў Лундзе. |
Першыя касцёлы ў Швецыі былі пабудаваныя з дрэва. Засталіся іх выявы на тканых дыванах тае пары. А вось найгалоўнейшым помнікам раманскага стылю ў скандынаўскай традыцыі з’яўляецца сабор св. Лаўрэнція ў г. Лунд (1080—канец XII ст.) у цэнтры першай архідыяцэзіі ў Скандынавіі, заснаванай у 1103 г. Да сярэдзіны XVII ст. тэрыторыя цяперашняй паўднёвай Швецыі была пад уладай дацкага караля. І ў прынцыпе лундскі сабор — адна са старонак гісторыі дацкага мастацтва (як тут не прыгадаць нашы віленскія і смаленскія помнікі?). Але сабор ёсць сапраўды еўрапейскім творам з універсальнымі рысамі хрысціянскай культуры Сярэднявечча. Вядома імя італьянскага архітэктара, які да сваёй смерці каля 1135—40 гг. здолеў вызначыць агульны вобраз сабора – Донатус. Майстар прыехаў у Лунд з нямецкага горада Шпэер і пабудаваў план лундскага шэдэўра паводле тамтэйшага раманскага сабору. У архітэктурным і пластычным вырашэнні пабудовы адчуваюцца таксама ўплывы нямецкага і ламбардскага мастацтва. У Швецыі, дзе ў той час гарады былі маларазвітыя, насельніцтва небагатае, а хрысціянства яшчэ вяло барацьбу за панаванне, манументальны будынак лундскага сабора павінен быў ўражваць сучаснікаў і сведчыць пра магутнасць новай рэлігіі. Шэрая аграмадзіна святыні ўражвае і цяпер. Дзве прамакутныя ў плане вежы галоўнага фасада, трансепт, вялікая апсіда – у кожным з элементаў экстэр’ера перададзены выразны кантраст гладкіх паверхняў і паўцыркульных арак з калонкамі. Суровая гармонія архітэктуры ўзбагачана непаўторным пластычным афармленнем. У крыпце сабора здзіўляюць сваім некласічным стылем калоны, ствалы якіх пакрыты хвалепадобнымі рэльефнымі масамі. А дзве з калонаў маюць незвычайную кампазіцыю: чалавечыя фігуры «абдымаюць» ствол калоны і, здаецца, хітравата азіраюцца на нас. Спецыялісты па-рознаму датуюць і ідэнтыфікуюць гэтыя выявы. У народзе яны вядомыя як гігант Фінн і яго жонка. Прафесіяналы бачаць у барадатым волаце фігуру Самсона, які ў Старым Запавеце асацыятыўна ўвасабляе вобраз Хрыста. Рэльефы капітэляў калон і пластычнае афармленне брамаў сабора сведчаць пра ўплывы раманскай скульптуры Італіі. Галовы львоў, арлы, вінаградныя гронкі, фантастычныя і рэальныя жывёлы, упісаныя ў арнаменты, нагадваюць рэльефныя кампазіцыі сабораў Модэны, Вероны, Ламбардыі.
|
Сунтак. Касцёл. |
Але лундскі сабор – не правіла, а хутчэй, выключэнне. Дагэтуль захаваўся шэраг парафіяльных касцёлаў, пабудаваных сялянамі з квадраў мясцовага каменя (граніту, пясчаніка, вапняка). Ясныя ў сваёй простасці геаметрычныя формы касцёла ў мястэчку Сунтак (XII ст.) надаюць пабудове манументальнасць.
|
Хрысцільня з Хала. |
Арыгінальнай праявай раманскага стылю ў шведскай скульптуры з’яўляюцца хрысцільні. Яны, безумоўна, выкананы мясцовымі майстрамі. Іхняя пластыка нешматслоўная, але надзвычай выразная ў кампазіцыйных схемах і трактоўцы фігур. Хрысцільня з мястэчка Хала (XII ст., майстэрня Хэгвальда) мае тыповую для гэтага віда твораў форму вялізнай чашы (да 1,5 м вышынёй) на базе. І база, і сценкі чашы мадэляваныя рэльефамі. Фігуры святых, сцэны з Бібліі падзелены рэльефнымі выявамі арак.
|
Рэльефы касцёла ў Форсхэме. |
Рэльефы касцёла ў Форсхэме (XI ст.) таксама не вызначаюцца вытанчанасцю пластыкі, але як самастойна мысліў ананімны майстар-«правінцыял»! На ніжняй пліце, устаўленай ў сцяну касцёла, ён паказаў трох Марый каля Гроба Гасподняга. Анёл, які сустракае праведніц, сядзіць на троне, на яго галаве біскупская мітра, у руцэ — кадзільня. У правай частцы кампазіцыі фігура каранаванага Хрыста, які трымае крыж. У верхняй і ніжняй частках кампазіцыі распластаныя фігуры паснулых жаўнераў-ахоўнікаў з шчытамі і мячамі. Пры ўсёй наіўнасці трактоўкі фігур, перспектывы і тэмы ёсць у гэтым творы дзіўная архаічная выразнасць. На верхняй пліце – выява зняцця з крыжа. І тут таксама майстар спакойна парушыў натуральныя прапорцыі фігур, імкнучыся да большай вобразнай сілы.
|
Трыумфальнае Укрыжаванне з Трудэ. |
А вось вялікае Укрыжаванне з Трудэ (каля 1160 г.)
дэманструе развітую пластыку, пераканаўчую жыццёвасць і рэалізм не горш за тагачасныя кантынентальныя творы. Не выпадкова такі тып Укрыжавання называюць трыумфальным. Збаўца каранаваны не цярновым вянком, а сапраўды каронай. Ён не пакутуе на крыжы — Яго фігура і твар поўныя велічнага спакою. Гэта ёсць адлюстраванне Боскай сутнасці Хрыста, які ўвасабляе трыумф хрысціянства.
У манументальным жывапісе Швецыі раманскага перыяду мы робім для сябе нечаканае адкрыццё: адчуваюцца моцныя ўплывы візантыйскага і старажытнарускага мастацтва, якія ідуць як з рускіх княстваў, так і з Італіі і Германіі, дзе візантынізм атрымаў тады шырокае распаўсюджанне. Размалёўкі ў касцёле горада Вэ (1130-я гг.) узніклі пад уплывам аналагічных твораў, што ў той самы перыяд стваралі брэменскія жывапісцы ў паўночнай Германіі. Кампазіцыя Maestas Domini (Хрыстус у Славе) вырашана мастаком у адпаведнасці з візантыйскай іконаграфічнай традыцыяй. Фігура Божага Сына, які сядзіць на вясёлцы і нагамі абапіраецца на зямную сферу, заключана ў мандорлу. Сімвалы чатырох евангелістаў атачаюць Яго. Правая рука Хрыста паднятая ў жэсце багаслаўлення, і гэты рух паўтарае нібыта падхопленая парывам ветру тканіна Яго вопраткі – кампазіцыя набывае дынамізм і драматычнае гучанне.
|
Касцёл у Ронэ. |
Перагортваючы наступную старонку гісторыі мастацтва Швецыі, мы проста абавязаны наведаць востраў Готланд (Зямлю Готаў). Успомнім, што тэрміны «готыка», «гатычны стыль» узніклі значна пазней за саму з’яву. Іх прыдумалі ў XVIII стагоддзі асветнікі, якія лічылі дарэнесансавую эпоху часам варварства і цемрашальства, асацыіруючы культуру таго перыяду з варварамі-готамі, што ўварваліся ў Еўропу падчас Вялікага перасялення народаў. Нягледзячы на ўсю антыгістарычнасць такой трактоўкі, нават Гётэ дазваляў сабе кпіць з готыкі. Аўтарытэт сярэднявечнага мастацтва рэабілітавала ўжо наступнае пакаленне рамантыкаў у XIX стагоддзі.
|
Трыумфальнае Укрыжаванне ў касцёле ў Ёя. |
Готланд, за які вечна вялі барацьбу шведы, нарвежцы і датчане, разбагацеў на сваім стратэгічным становішчы важнага гандлёвага цэнтру і базы на марскіх шляхах. Але ў Новы час згубіў сваё значэнне, не перажыў індустрыяльную рэвалюцыю і звязаную з ёю мадэрнізацыю. Тут захаваліся дзесяткі аўтэнтычных помнікаў Cярэднявечча. Касцёл у Ронэ (XV ст.) характэрны для рэгіёна. Ён вызначаецца строгімі формамі спічастай вежы і корпуса. Гатычныя вокны ствараюць роўны і рэгулярны рытм на гладкіх паверхнях сценаў. Вежа касцёла служыла таксама маяком для мараходаў, і яны дагэтуль называюць яе па-прыяцельску — Доўгі Яку. У адрозненне ад стрыманай архітэктурнай лексікі скульптура на Готландзе дае прыклады развітых дэкаратыўных формаў. Трыумфальнае Укрыжаванне (канец XIII ст.), што ў касцёле вёскі Ёя, — шэдэўр гатычнай пластыкі. Стылістыка кампазіцыі блізкая да твораў саксонскай і вэстфальскай школаў нямецкага мастацтва. Разец невядомага майстра адкрывае кампазіцыю, як бутон кветкі (крывавая ружа – адзін з сімвалаў ахвяры Хрыста). Сілуэт крыжа амаль губляецца сярод трапяткіх формаў і сілуэтаў, ахопленых вянцом абрамлення. У ніжнім ярусе мастак паказаў сцэны грэхападзення і выгнання з Раю. Хрыстус (другі Адам) сваёй ахвярай адкупляе першародны грэх чалавецтва. Так, паводле традыцыі, мастак суаднёс старазапаветную і новазапаветную гісторыю. У верхнім ярусе, які сімвалізуе неба, сонмы анёлаў аплакваюць Хрыста. У клеймах на канцах крыжа — выявы сімвалаў евангелістаў, а ў цэнтры — фігура Збаўцы, вытанчаныя прапорцыі і лініі якой дэманструюць гатычны ідэал.
|
Унебаўзяцце Марыі. Размалёўка ў касцёле ў Рысінгэ. |
Готыка сцвердзілася і ў іншых рэгіёнах Швецыі. Манументальная размалёўка на тэму Унебаўзяцця Марыі (касцёл у Рысінгэ, пач. XV ст.) таксама мае складаную іконаграфічную праграму, пабудаваную на абодвух Запаветах. Уся кампазіцыя грунтуецца на суіснаванні сфераў з выявамі, што як планеты атачаюць цэнтр – фігуру Мадонны, якую анёлы нясуць у нябёсы да Яе Сына. Хрыстус прымае Маці са словамі пра прыход абранай нявесты з Найвышэйшай Песні Саламона (яны напісаныя на бандэролі). Хрыстус сімвалічна паказаны таксама ў вобразе пелікана, які ахвярна раздзірае свае грудзі, каб жывіць птушанятаў сваёю крывёю. Сімвалы евангелістаў і выявы Майсея (адна са скрыжалямі, другая перад палаючым кустом), сцэны жыцця і смерці святых запаўняюць сабой паверхню скляпенняў.
У сярэдзіне XVI ст., з укараненнем Рэфармацыі, шляхі развіцця выяўленчага мастацтва Швецыі гвалтоўна змяніліся, але гэты пераварот не даў тут такіх разбуральных для мастацкай культуры вынікаў, як у шэрагу іншых краінаў. Мноства твораў сакральнага мастацтва былі проста прыбраныя з храмаў, схаваныя, фактычна выратаваныя святарамі і вернікамі. У шведаў не паднялася рука на знішчэнне сваёй спадчыны. Творы захаваліся дагэтуль, многія з іх нават вернуты на месца і цяпер упрыгожваюць інтэр’еры касцёлаў.
Швецыя доўгія дзесяцігоддзі была закрытай для нас дзяржавай. Тады Чукотку і Таджыкістан лічылі «сваімі». А варажскі бераг, аказваецца, такі блізкі. Кароткая ноч на пароме — і вось ён набліжаецца. А потым вяртанне дадому. Паўтары гадзіны ў самалёце — і ўнізе ўжо праплываюць храмы Заслаўя. Азіраючы гістарычную рэтраспектыву, удумваючыся ў нашы лёсы, разумееш, што культурай і духоўнай традыцыяй ліцвіны і свеі нават больш блізкія, чым геаграфічна.
- Андрэй Катлярчук. Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў. Менск, «Энцыклапедыкс», 2002.
- Vilhelm Moberg. Min svenska historie. Första delen. Stockholm, 1970. P. 107.
- Тамсама, с. 115.