Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Крыстына ЛЯЛЬКО

Дзеля духоўнага абнаўлення Еўропы

У рэдакцыі часопіса «Наша вера»

Міжнародная канферэнцыя «Рэлігійны дыялог і прымірэнне праз мастацтва», якая прайшла ў снежні мінулага года ў памяшканні Экзархата Беларускай праваслаўнай Царквы (гл. «Ave Maria», № 1 за 2004 г.), сабрала шмат гасцей і ўдзельнікаў з Германіі, Расіі, Беларусі. Сярод іх быў таксама доктар філалагічных навук, намеснік дырэктара «Renovabis» Герхард Альберт з Фрайзінга. На канферэнцыі д-р Альберт выступіў з дакладам пра ролю мастацтва ў жыцці Касцёла і пра мастацтва як сродак міжканфесійнага дыялогу. Пасля канферэнцыі д-р Герхард Альберт і Марцін Бушэрмюле наведалі выдавецтва «Pro Christo» і рэдакцыю часопіса «Наша вера». Прапануем увазе нашых чытачоў гутарку з доктарам Герхардам Альбертам, якая адбылася ў той дзень у рэдакцыі.

– Прыгожае лацінскае слова «Renovabis» у пэўным сэнсе стала магічным не толькі ў Беларусі, але, напэўна, і ў многіх краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Хацелася б даведацца, калі і як узнікла ваша арганізацыя і чаму менавіта «Renovabis»?

– «Renovabis» азначае «Ты абновіш». Гэтыя словы паходзяць з псальма 104 «Спашлеш свайго Духа і абновіш аблічча зямлі!». А гэта азначае, што «Renovabis» імкнецца садзейнічаць духоўнаму абнаўленню краінаў Еўропы, у першую чаргу Цэнтральнай і Усходняй, шляхам служэння Касцёлу і актывізацыі духоўнага жыцця. «Renovabis» з’яўляецца ў гэтым сэнсе адказам нямецкіх католікаў на вялікія змены, што адбыліся ў Еўропе пасля 1990-х гадоў, калі абрушыліся таталітарныя камуністычныя рэжымы і адкрыліся новыя магчымасці для свабоды, адначасова былі адкрыты граніцы паміж Усходам і Захадам. Тады ж з’явіліся магчымасці для сустрэч, для абмену вопытам, а таксама для матэрыяльнай падтрымкі і дапамогі. Акрамя таго, «Renovabis» меў таксама на мэце падтрымаць прапанову аб абмене дарамі, унесеную у 1991 годзе Першым еўрапейскім сінодам біскупаў. Таму ўсярэдзіне 1993 года па ініцыятыве свецкіх вернікаў Германіі і Канферэнцыі нямецкіх біскупаў быў створаны «Renovabis» — акцыя салідарнасці нямецкіх католікаў з людзьмі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. І для нас тут вельмі важны менавіта прыназоўнік «з». Гаворка ідзе пра партнёрства і пра аднолькавы, а не процілеглы погляд на гісторыю. У гэтым духу «Renovabis» хацеў бы дапамагаць у ажыццяўленні праектаў Касцёла, «Карытаса», у культурнай, выхаваўчай і іншых сферах дзейнасці.

– Цікава, якія асноўныя прынцыпы дзейнасці арганізацыі, якая за 10 гадоў дасягнула такіх поспехаў? Напэўна, ёсць нейкія асаблівыя сакрэты ў вашай працы?

З Мітрапалітам Філарэтам у Экзархаце Беларускай Праваслаўнай Царквы
– Ніякіх асаблівых сакрэтаў няма. Проста ў Каталіцкім Касцёле Германіі ёсць добрая традыцыя — дапамагаць Касцёлу ў свеце. Існуюць такія акцыі як «Mission», «Adveniat»... І ў гэтым шэрагу можна назваць таксама і «Renovabis». Гэта было не вельмі складана — пераканаць веруючых, што менавіта цяпер настаў той час, той гістарычны момант, калі трэба найперш падумаць пра нашых суседзяў на Усходзе, тым больш што спантанна ўзнікла шмат партнёрскіх сувязяў паміж рознымі таварыствамі, групамі вернікаў і парафіямі. Нямецкія біскупы арганізавалі ва ўсіх каталіцкіх касцёлах на свята Спаслання Святога Духа збор сродкаў у падтрымку «Renovabis». Гэта тыя наяўныя грошы, дзякуючы якім мы можам аказваць дапамогу. Потым, як вынік інфармацыйнай падтрымкі, якую мы праводзілі, адусюль сталі паступаць шматлікія ахвяраванні. Вялікую частку бюджэта складаюць фінансы, якія паступаюць ад Канферэнцыі нямецкіх біскупаў. Але ў канчатковым выніку ўсе грошы паходзяць ад вернікаў, бо біскупы маюць толькі тое, што ўносяць вернікі праз касцёльны падатак, які яны выплачваюць па месцы працы. Гэта вельмі важна, таму мы павінны з поўнай адказнасцю абыходзіцца з грашыма. Магу з радасцю сказаць, што ў гэтым сэнсе мы знаходзім паразуменне са сваімі партнёрамі з боку Касцёлаў у розных краінах, у тым ліку, і ў Беларусі.

– Што для «Renovabis» з’яўляецца найважнейшым крытэрыем падтрымкі праектаў, якія прапануюцца для разгляду?

– Існуе цэлы шэраг крытэрыяў. У першую чаргу, знешняе ўражанне, што праект добра спланаваны. Па-другое, яснае бачанне мэты праекту, сур’ёзная падтрымка з боку іншых арганізацый і ўстановаў. Мы часта просім партнёра, каб ён сам зрабіў нейкі свой уклад у праект. Уласна кажучы, кожны добры праект павінен быць свайго роду «дапамогаю для самадапамогі». Гэта — найважнейшыя знешнія крытэрыі. А для ўнутраных крытэрыяў, якія датычаць зместу праекта, існуе, несумненна, вельмі шырокі спектр магчымасцяў, абумоўлены становішчам Касцёла і краіны. Найчасцей нам хацелася б, каб усе праекты былі звязаныя з Касцёлам, таму мы просім агаворваць пазіцыю біскупа, але гэта не азначае, што кожная заяўка на праект павінна падавацца праз яго. Праекты могуць паходзіць ад законных супольнасцяў, ад розных хрысціянскіх таварыстваў альбо ад «Карытаса».

Доктар Герхард Альберт і Марцін Бушэрмюле ў час сустрэчы з каталіцкімі біскупамі Беларусі
– А якія найбольш важныя на сённяшні дзень кірункі дзейнасці «Renovabis»?

– Не буду казаць пра Касцёл ва ўсім свеце, абмяжуюся толькі агульнымі тэндэнцыямі, звязанымі з Цэнтральнай і Усходняй Еўропай. Тут мы заўсёды звяртаем увагу на адрозненні паміж асобнымі краінамі. Можна ўвогуле сказаць, што цяпер прыйшоў час, калі знешнія касцёльныя структуры больш альбо менш добра адноўленыя. Напрыклад, будынкі (якіх, можа, яшчэ і не хапае), арганізацыя дыяцэзій і парафій, адраджэнне законных супольнасцяў і іншае. Можа, гэтыя справы яшчэ і не завершаны, але ў параўнанні з камуністычнай эпохай зроблены вельмі вялікі крок наперад. Можна сказаць, што ўжо вельмі шмат камянёў пакладзена ў падмурак Касцёла і цяпер гаворка ідзе пра тое, каб змацаваць іх жывымі камянямі — вернікамі, якія адраджаюць гэты Касцёл. Я ўпэўнены, што ўвогуле (не толькі ў вашай краіне), больш увагі трэба надаваць фармацыі, адукацыі, паглыбленню духовага жыцця, прысутнасці Бога ў жыцці католікаў, а значыць і ў мясцовым Касцёле. У гэтым вялікую ролю адыгрываюць, напрыклад, сродкі масавай інфармацыі, якія вызначаюць умовы камунікацыі паміж людзьмі. У мінулым доступ Касцёла да сродкаў масавай інфармацыі быў забаронены, а цяпер і ў перспектыве тут можна многае зрабіць. Такімі прыярытэтамі і абумоўліваюцца кірункі дзейнасці «Renovabis».

– Як Вы лічыце, наколькі Касцёл адкрыты на сродкі масавай інфармацыі?

– Гэта цяжкі выклік, які пастаўлены перад Касцёлам. Але, думаю, што калі Касцёл усвядоміць сваё пасланніцтва і тое, што ён павінен сказаць, то яму не трэба будзе баяцца сустрэчы з мас-медыя, а наадварот, выкарыстоўваць іх як мага больш для евангелізацыі і катэхізацыі, стасуючы ў сваёй працы новыя формы, сродкі і метады. Думаю, што тут таксама павінен існаваць абмен інфармацыяй паміж Усходам і Захадам, абмен вопытам дзейнасці ў гэтай сферы. Тады будзе сапраўдны плён.

– Калі мы гаворым пра партнёрства, мяне ўвесь час непакоіць пытанне, як гэтае партнёрства рэалізуецца ў выпадку з Усходняй Еўропай, бо тут жа яно, на жаль, нераўнапраўнае?

– Там, дзе людзі сапраўды сустракаюцца дзеля агульнай справы, гаворка ідзе не пра нейкае павучанне альбо перавагі, a пра перайманне іншага вопыту, іншай ідэнтычнасці. Тады ўсё ўдаецца. У нас ёсць шмат прыкладаў партнёрства паміж рознымі групамі, паміж рознымі краінамі. Мы правялі даследаванні ў гэтай сферы. Паводле ацэнкі, у Германіі толькі ў Каталіцкім Касцёле прыкладна 40 тысяч вернікаў праяўляюць актыўнасць у такога роду партнёрстве, пры гэтым пераважна неафіцыйна. І гэта вельмі важнае сведчанне. Відавочна, што Заходняя і Усходняя Еўропа адрозніваюцца матэрыяльным становішчам. Гэта можа пашкодзіць абмену, скіраваць яго не ў той бок. Але хрысціяне маюць агульны фундамент, які не залежыць ад матэрыяльнай няроўнасці. Як паказвае наш вопыт, гэта вельмі добрая перадумова для партнёрства.

– Радуе такі хрысціянскі падыход да праблемы...

– Зразумела, што ў рэальным жыцці зноў і зноў узнікаюць якія-небудзь цяжкасці, нельга сказаць, што ў касцёльных колах усё так гладка. Зазначу, што ў першую чаргу трэба мець цярплівасць. Як паказвае вопыт, у вялікім працэсе еўрапейскай інтэграцыі менавіта да касцёльнага партнёрства прад’яўляюцца абсалютна новыя патрабаванні. Нам не хацелася б дапусціць, каб пасля ўваходу ў Еўрапейскую супольнасць цэлага шэрагу краін узнік свайго роду «Drang nach Europa» («націск на Еўропу»). Вялікая Еўропа – гэта ў першую чаргу Еўропа хрысціянская.

– У каталіцкім свеце шырока вядомыя кангрэсы «Renovabis», якія праводзяцца ў Фрайзінгу з 1997 года. Якая мэта гэтых кангрэсаў і што найбольш уплывае на выбар іх тэматыкі?

– На працягу ўсяго года мы падтрымліваем партнёрскія кантакты з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, аналізуем іх палітычную і эканамічную сітуацыю і заўсёды стараемся знайсці актуальныя пытанні. Напрыклад, у 2003 годзе тэма кангрэса была звязана з міграцыяй у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Міграцыя – гэта шырокі і шматбаковы працэс, які вызначае жыццё вялікай колькасці людзей, і мы як хрысціяне павінны зразумець, што нам рабіць з гэтай вандроўкай чалавецтва. На 2004 год тэма яшчэ не сфармулявана канчаткова, але яна будзе датычыць моладзі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Гэта вельмі актуальная тэма, якая закранае праблемы вялікай групы людзей. Калі мы думаем пра будучыню ўвогуле ці пра духоўную будучыню народаў, мы спадзяёмся на моладзь. Але мы надаем такую вялікую ўвагу гэтай тэме таксама і ў сувязі з тым, што ў 2005 годзе ў Кёльне будзе праходзіць Сусветны дзень моладзі, на які ўжо сёння запрошаны Святы Айцец. Мы чакаем шматлікіх гасцей з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і таму будзем рады загадзя абмеркаваць некаторыя пытанні па гэтай праблеме на нашым кангрэсе.

– Як было сказана на пачатку гутаркі, ужо сама назва «Renovabis» звязана з дзеяннем Духа Святога. Чаму ваша арганізацыя такую вялікую ўвагу надае менавіта ролі Духа Святога?

– Відаць, такі быў Божы Провід. У Германіі здаўна вядомая старажытная малітва, якая чыталася ў час паміж Унебаўшэсцем і спасланнем Духа Святога. Мы задаволеныя тым, што дзякуючы «Renovabis» у многіх мясцовасцях гэтая малітва адноўлена. Кожны год мы стараемся выдаць спецыяльныя сшыткі — малітоўнікі для супольнасцяў і парафій, дзе змешчаны традыцыйныя малітвы народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама разважанні, якія вынікаюць з вопыту працы «Renovabis». Гэтыя невялічкія сшыткі з малітвамі карыстаюцца вялікай папулярнасцю, і для нас гэта вельмі важна, бо мы рыхтуемся да свята Спаслання Духа Святога, падчас якога адбываецца збор сродкаў. Але найперш мы рыхтуемся праз своеасаблівыя духоўныя практыкаванні. У нас стала добрай традыцыяй збірацца ў гэты перыяд на сваіх працоўных месцах перад абедам, каб прачытаць малітвы навэнны да Духа Святога.

– Вядома, што «Renovabis» мае таксама сваю прэсу. Наколькі важная яе роля ў вашай дзейнасці?

– Гэта перш за ўсё квартальнік «Ost – West: europische Perspektiven» («Усход — Захад: еўрапейскія перспектывы»). Яго мэта аналагічная той мэце, якую маюць кангрэсы: гэта орган дыялогу паміж рознымі краінамі і паміж хрысціянамі з розных краін Еўропы, але таксама інфармацыя пра краіны і пра актуальныя праблемы іх развіцця. Часопіс адрасаваны ўсім зацікаўленым — палітыкам, эканамістам і шырокаму чытацкаму колу. Думаю, што дзякуючы яму мы можам садзейнічаць ліквідацыі таго недахопу ведаў у гэтай сферы, які адчуваецца ў нас, на Захадзе, куды рэдка даходзяць звесткі з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Пра гэты часопіс ужо некалькі разоў паведамлялася ў галоўнай нямецкай міжрэгіянальнай газеце «Frankfurter Allgemeinen Zeitung». У часопісе мы імкнемся таксама высвятляць перспектывы, якіх можна чакаць пасля аб’яднання Еўропы. Наш кантынент валодае незвычайнымі багаццямі і рэсурсамі, мае вялікія магчымасці, у тым ліку духоўныя, якія мы павінны адкрыць нанава. Еўропа вельмі разнастайная. У нашых суседзяў узнікаюць шматлікія ініцыятывы адносна таго, як еўрапейцам можна лепш пазнаць сябе. Такое рэдка сустракаецца ў іншых краінах свету. Нам трэба толькі быць адкрытымі на дзеянне Духа Святога.

– Па ініцыятыве Канферэнцыі нямецкіх біскупаў узнік таксама Фонд паяднання. Якія мэты гэтага фонду?

– Каб лепш іх акрэсліць, трэба вярнуцца на тры гады назад, у 2000 год. Тады ў Германіі разгарнуліся моцныя дэбаты адносна выплаты намі кампенсацыі тым, хто пацярпеў у час Другой сусветнай вайны (на прымусовых работах). Сярод веруючых вялася дыскусія адносна таго, ці павінны абодва Касцёлы (маецца на ўвазе Каталіцкі і Пратэстанцкі, два самыя шматлікія па колькасці вернікаў у Германіі) прымаць удзел у выплаце гэтых кампенсацый. Дыскусія была звязана з тым, што прымусовыя работы адбываліся таксама ў касцёльных установах (напрыклад, сельскагаспадарчыя работы пры кляштарах альбо праца ў прытулках, дапамога ў хатняй гаспадарцы, праца ў бюро). Гэта быў свайго роду рахунак сумлення для Касцёла, бо да гэтага часу ўвогуле было невядома альбо, магчыма, забыта, што такія людзі працавалі таксама і ў касцёльных структурах. Праўда, звярталася ўвага на тое, што працаваць у сельскай гаспадарцы і касцёльных установах было лягчэй, чым на заводах. Але факт застаецца фактам: людзі пакінулі сваю радзіму пад прымусам, былі вывезены ў Германію, іх жыццё не прыносіла ніякага плёну, бо яны не атрымлівалі ў гэты час ніякага даходу. Гэтыя меркаванні нечакана з’явіліся падчас тых дэбатаў, і каталіцкія біскупы адгукнуліся на іх прапановаю заснаваць уласны фонд. Евангельская Царква рабіла выплаты ў дзяржаўны фонд, а Каталіцкі Касцёл разважаў крыху інакш: мы маглі б зрабіць не толькі нейкія невялічкія выплаты, але яшчэ і персанальна сустрэцца з пацярпелымі. І, акрамя такой матэрыяльнай кампенсацыі за цярпенні, зрабіць нешта і ў іншым кірунку — у кірунку паяднання паміж народамі. Быў створаны фонд, які павінен падтрымліваць праекты, звязаныя з арганізацыяй сустрэч, канферэнцый па гэтых пытаннях, са зборам адпаведнай дакументацыі. У першую чаргу гэта датычыла адносінаў паміж Германіяй і Польшчай, Германіяй і Чэхіяй, але таксама праектаў з беларускімі партнёрамі. Напрыклад, некаторыя дыяцэзіі, а таксама асобныя людзі знайшлі магчымасць запрасіць людзей з многіх краін у Германію і неаднаразова сустракацца, цешачыся дарам паяднання. Былі арганізаваны паездкі на прыроду, біскупы сустракаліся з людзьмі. І такія праекты падтрымліваліся Фондам паяднання. Некалькі сотняў людзей, часам ужо ў пажылым узросце, мелі магчымасць такім чынам наведаць Германію. Для многіх гэта была апошняя магчымасць для прабачэння і паяднання.

– Другі Ватыканскі Сабор і асабліва Папа Ян Павел ІІ адводзяць вялікую ролю свецкім вернікам у жыцці Касцёла. Вядома, што гэтая роля вельмі актыўна праяўляецца ў Касцёле Германіі ў той час як у Беларусі ды й у іншых краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы свецкіх часта называюць «спячым веліканам». Як Вы лічыце, з чым гэта звязана, у чым прычына такой розніцы?

– У Германіі гэта звязана з даўняй традыцыяй. Каб яе зразумець, мы павінны вярнуцца ў ХІХ ст., калі католікі ўсвядомілі, што яны складаюць пэўную частку народаў Германіі. Яны не хацелі адчуваць сябе людзьмі другога класа і ў той жа час не хацелі ўтвараць нейкую апазіцыю, але імкнуліся ўнесці значны ўклад у развіццё грамадства, у культуру і ў пошукі ўласнай ідэнтыфікацыі. Гістарычныя прычыны былі заўсёды розныя, але я думаю, што тыя трансфармацыі, якія адбываюцца ў наш час, трэба разумець у гэтай сувязі як указанне на месца, дзе павінна ажыццяўляцца служэнне католікаў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць людзей ахрышчаных, якіх вядзе Дух Святы, усведамляюць, можа, нават мацней, чым да гэтага часу, сваё пакліканне ўносіць уклад у развіццё краіны і Касцёла на карысць грамадству, сумесных пошукаў і шляхоў для гэтага, распрацоўкі агульнай мовы і агульнай платформы. Святы Айцец выдаў геніяльны, як лічаць многія, Апостальскі ліст «Christifideles laici» (аб пакліканні і місіі свецкіх у Касцёле і ў свеце), які натхняе католікаў ва ўсіх краінах зыходзіць са сваёй асабістай адказнасці, чэрпаць сілы ва ўласнай веры. Я лічу, што гэты Апостальскі ліст у першую чаргу павінны вывучаць свецкія разам са святарамі, іншымі духоўнымі асобамі, біскупамі і рабіць адпаведныя высновы. У вас у Беларусі таксама. Гэта дапаможа больш ясна зразумець усю важнасць ролі свецкіх у адраджэнні Касцёла і грамадства ўвогуле.

Не апошнюю ролю ў гэтым пытанні мае таксама кансалідацыя намаганняў свецкіх вернікаў з розных краінаў. Я пераканаўся ў гэтым, сустракаючыся з нашымі партнёрамі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Таксама падчас гэтага прыезду ў Беларусь я з радасцю ўбачыў плён нашай сумеснай працы: ён відавочны ўсюды. І тут не ў апошнюю чаргу трэба назваць тое, што я даведаўся пра нашу сумесную дзейнасць з выдавецтвамі і каталіцкай прэсай, якія так добра развіваюцца і якім я хацеў бы і надалей пажадаць плённай і благаслаўлёнай працы.

– Вялікі дзякуй!

Размаўляла Крыстына Лялько.

Пераклад з нямецкай мовы
Карнэля Консэка і Ірыны Бурак.
Фотаздымкі К. Консэка і М. Новікава.

Глядзі таксама
Геральд АЛЬБЕРТ. РЭЛІГІЙНЫ ДЫЯЛОГ І ПРЫМІРЭННЕ ПРАЗ МАСТАЦТВА


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY