|
|
№
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Паэзія
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Пераклады
Memoria
Нашы святыні
Юбілеі
Проза
Музыка
Вандроўкі
|
Атрымала ліст за 24.08.2003 г. ад дачкі М.Ю. Канановіча – Гражыны, у якім яна адказала на маё пытанне пра верш «Czarna Madonna»: «Мілая Дануся, верш «Czarna Madonna» тата напісаў на конкурс фонду «Sacrosong», які праходзіў 17-18 мая 1969 года ў Лодзі ў касцёле св. Тэрэзы. Музыку да татавых словаў стварыў лодзкі кампазітар Ежы Баўэр. Конкурс праходзіў пад патранатам кардынала Караля Вайтылы, які кіраваў Ганаровым камітэтам (...). Песня таты атрымала першую ўзнагароду, яму ўручылі вітраж з Маці Божай Чэнстахоўскай, дыплом з аўтографамі кіраўнікоў конкурсу (...)». У вёсцы Дубраўна на Шчары жылі ў адным доме на два канцы браты: Аляксандр і Антось, які меў жонку Марыю і шасцёра дзяцей. Да іх у госці ўлетку прыязджаў з Польшчы трэці брат Франак з сям’ёй. Вайна параскідала вялікі род Канановічаў.
Яго дачцы Ані было тады чатыры гады. Аня вырасла, скончыла філалагічны факультэт Гродзенскага педінстытута. У 1968 г. памерла яе маці Марыя. Праз год Аня паехала ў Польшчу да Канановічаў. Яна ведала, што яе стрыечны брат Мацей Юзаф – пісьменнік, і таму павезла яму ў якасці сувеніра свае любімыя кніжкі. Паміж наведваннем гарадоў і гістарычных мясцінаў Аня ўслых чытала Мацею Юзафу «Новую зямлю» Якуба Коласа, «Птушкі і гнёзды» Янкі Брыля, вершы Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча, а ён усё гэта запісваў на касеты. Так М.Ю. Канановіч запісваў на голас усе творы, якія перакладаў, каб лепш зразумець змест, адчуць рытміку, ведаць, дзе стаіць націск у слове.
Увосень 1969 г. Мацей напісаў Ані ліст, у якім расказаў пра сустрэчы з Янкам Брылём. «Быў на ХІІ з’ездзе пісьменнікаў у Гданьску, які праходзіў на караблі «Баторый». Сустрэў там Янку Брыля і Алеся Ганчара, пасябраваў з абодвума... З Янкам Брылём выпілі на брудэршафт на першым падвячорку з каньяком. Не ўяўляеш, Аня, як жа ён усцешыўся, калі я пачаў гаварыць пра яго новую кнігу. Ніяк не мог паверыць, што я чытаў яе – яна ж не перакладзена на польскую мову. Калі даведаўся, што гэта ты прывезла яе мне і прачытала, то надта пра цябе распытваў. Сказаў, што напіша табе з Мінска. Вёску Азярніцу, у якой твая школа, ён добра ведае. Калі запросіш яго на аўтарскае спатканне ў школу, то прыедзе. Як я і думаў, Янка Брыль вучыўся ў Наваградскай гімназіі, у нас ёсць агульныя знаёмыя, якія цяпер жывуць у Польшчы. Перакладу на польскую мову адну з яго кніжак, аб гэтым ужо маю дамову з дырэктарам выдавецтва. Абяцаў Янка запрасіць мяне ад Саюза пісьменнікаў афіцыйна прыехаць у Мінск, Гродна, Наваградак. Хацеў бы прыехаць з Крыстынай і Оляй, калі атрымаецца...» (Крыстына – жонка пісьменніка, Оля – малодшая дачка). Янка Брыль запрасіў Мацея Юзафа Канановіча, які прыехаў і, акрамя названых гарадоў, наведаў вёскі свайго маленства – Дубраўку і Галубы. З ім прыехалі дачка Гражына і сын Тадэвуш. Яны палюбілі Беларусь з першай сустрэчы. Гражына, у якой не склалася сям’я, бывала тут часта. У пачатку кастрычніка 1970 г. Янка Брыль удзельнічаў у сусветным з’ездзе перакладчыкаў у Варшаве, зноў яны спаткаліся, гасцявалі з жонкай Нінай Міхайлаўнай у Канановічаў у Лодзі, дзе сабраліся сябры; калі ўключылі радыё, пачулі апавяданне Янкі Брыля ў выкананні польскіх актораў, чым вельмі ўсхвалявалі госця. Так двое сяброў пачалі рабіць тое, чаго не хацелі рабіць палітыкі суседніх краінаў... Думаю, што Канановіч і Брыль не мелі ніякіх праектаў, рабілі ўсё, кіруючыся любоўю. Яны і раней займаліся перакладамі. Брыль перакладаў з польскай мовы класікаў. Паступова ён пачаў уцягваць у пераклады сваіх сяброў і ўсю пісьменніцкую эліту. У Мінску выйшла кніга прозы М.Ю. Канановіча «Імёны любові» ў перакладзе Янкі Брыля.
Укладаючы зборнікі прозы ці паэзіі, тэматычныя анталогіі, Канановіч і Брыль кіраваліся толькі мастацкім густам і гэтым ламалі ўсталяваную партыйную піраміду, у якой лепшым лічыўся той аўтар, які славіць партыю і яе правадыроў. Колькі ж можа зрабіць сяброўства двух таленавітых людзей, якія, аднойчы сустрэўшыся, адразу зразумелі, што яны і ёсць духоўныя браты ад нараджэння да смерці! Асобнымі томікамі ў Лодзкім выдавецтве выходзілі вершы Купалы, Багдановіча, Танка. Толькі Васіль Быкаў меў сваіх перакладчыкаў у Варшаве, яго творы перакладалі з маскоўскіх выданняў з расейскай мовы. Напэўна, Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль мелі свае дарогі ў выдавецтвы Варшавы. Астатняя літаратура нашага Краю ў 1970-1980-я гг. ішла ў Польшчу праз рукі М.Ю. Канановіча. Яго дарадчыкамі былі Янка Брыль і стрыечная сястра Аня Канановіч. Мацей сам рассылаў лісты аўтарам у Мінск і Гродна, дзе паведамляў пра той ці іншы праект і пра тэрмін да якога аўтар павінен паспець у кнігу пра Касцюшку, пра Міцкевіча, пра іншых, агульных для абодвух народаў, пісьменнікаў і выдатных людзей. У Канановіча быў дрэнны зрок, высокі зрокавы ціск, насіў акуляры з вельмі тоўстымі шкельцамі. Мы яму куплялі і вазілі лек, здаецца, пантакрын – выцяжку з рагоў аленяў. На мяне ён звярнуў увагу, вядома ж, дзякуючы Янку Брылю. Вось і першы ўспамін у лісце да Ані за 27.09.1970 г.: «Мушу напісаць лісты Дануце Бічэль і Аляксею Карпюку. Дануце пераслаць вершы, якія пераклаў для польскага радыё, у Карпюка запытаць пра некаторыя месцы з «Пушчанскай адысеі». Не маю адраса, думаю, калі напішу «аддзяленне пісьменнікаў па вул. Э. Ажэшка ў Гродне», такі ліст дойдзе...». Але хутка не ліст, а сам Канановіч прыехаў на Беларусь. Яго суправаджалі Аня і сын старэйшай Анінай сястры Стасі – Ромка. Я іх прымала, як магла. Размаўлялі мы так, нібыта раслі на адной вуліцы. Мацей Юзаф хваліў мае вершы, казаў, што ў Польшчы іх будуць чытаць людзі, якія сумуюць па пясчаных берагах Нёмана. Аня цяпер так патлумачыла: «Вы тады былі такая прыгожая, што ён такім чынам гаварыў Вам кампліменты». Ішоў час. У Гданьску расстралялі рабочых, у Польшчы быў аб’яўлены ваенны рэжым, інтэлігенцыя пакідала радзіму і выязджала на эміграцыю. У Гродне ішла першая праграма польскага тэлебачання, мы мелі магчымасць таксама слухаць радыё. М.Ю. Канановіч па-ранейшаму жыў у Лодзі, а працаваў у выдавецтве РАХ у Варшаве і запрашаў мяне прыехаць у Польшчу. Сам і арганізаваў гэту паездку. Трэба было ехаць праз Маскву, дзе ў Саюзе пісьменнікаў выдавалі замежны пашпарт і білет на самалёт. Я спазнілася ў аэрапорт на гадзіну, але і самалёт затрымаўся з-за нялётнага надвор’я таксама на гадзіну. Сустрэлі мяне ў Варшаве браты Мацей Юзаф і Марак Канановічы. Завезлі ў выдавецтва РАХ на прэс-канферэнцыю. Я была ў шоку: што ведала, і тое забылася ад страху. Размаўляць па-польску не ўмела. У канцы побыту размаўляла «mięką grodzieńską polszczyzną», але ўсе ў РАХе былі такія мілыя і ласкавыя, адорвалі мяне зборнічкамі паэзіі, а пасля павезлі ў нейкі багаты модны рэстаран... Браты Канановічы паказвалі мне горад сваёй маладосці, дзе яны ўдзельнічалі ў Варшаўскім паўстанні, дзе паміралі іх сябры, дзе пасля вучыліся, кахалі... Яны хадзілі побач са мною і ўспаміналі... Пасля Вільні, у якой было добра, як дома, такім месцам для мяне магла быць Варшава, «старэ място». Мяне захаплялі яе помнікі. Мы наведвалі выставы. Добрых тэатраў летам у Варшаве не было, таму мы хадзілі ў кіно. Аднойчы, калі ў зале згасла святло, М. Юзаф устаў і спакойна выразна прамовіў: «Pan inrzynier Tadeusz Kościuszko jest nazawsze w naszych sercach». На вуліцах ён звяртаўся да прыгожых дзяўчат з пытаннем, як даехаць да вуліцы Касцюшкі. У дзяцей пытаўся, калі нарадзіўся Касцюшка. Першы кілішак заўсёды выпіваў за Касцюшку. Казаў, што гэта сямейная традыцыя – ад дзеда-прадзеда. Апавядаў, як ён недзе за мяжою на літаратурным фестывалі таксама гаварыў пра Касцюшку... У Варшаве мы заходзілі ў касцёлы. Як бы выпадкова, але маліліся на Святой Імшы ад пачатку да канца. У нядзелю падвечар на вуліцах было ціха. Мы зайшлі ў касцёл, дзе маладыя якраз бралі шлюб. Цёпла, шчыра і прыгожа маліўся ксёндз і ўсе родныя маладых. Я на нейкі час пасля таго шлюбу ўвогуле зрабілася нямою, хацелася плакаць... Да Лодзі мы ехалі на машыне РАХа. Па дарозе заехалі ў Чэнстахову. Быў чэрвень 1978 г. Заставалася тры з паловаю месяцы да абрання Яна Паўла ІІ на Пятрову Сталіцу. У Чэнстахове нас сустрэлі так, як бы даўно чакалі. Як жа: Мацей Юзаф Канановіч – аўтар песні «Czarna Madonna»! Экскурсію па Яснай Гары правяла мілая пані Рэгіна Мулка, якая прыехала з Луцка вывучаць мастацтва і засталася ў Чэнстахове. У яе быў адзін клопат – на Украіне пакінула бацьку, якога пакуль што не магла забраць. Пасля мы з Рэгінай ліставаліся да сярэдзіны 1990-х гадоў. Яна ахвяроўвала на Святыя Імшы за мяне і маіх продкаў і паведамляла мне пра гэта паштоўкамі... У музеі на Яснай Гары я ўпершыню ўбачыла прыгожы вялікі слуцкі пояс... Але самы вялікі скарб – цудоўны абраз Маці Божай. Моладзь пад гітару славіла Яе ў касцёле, усе чакалі, калі адслоняць цудатворны абраз перад вячэрняю Імшою. Пасля мы ехалі ў Лодзь познім вечарам. У святле месяца прывідна стаялі сухія лясы: вялікія абшары хваёвага лесу без іголак (вінаваты ў тым былі шахты...). У вялізнай кватэры Мацея Юзафа і Крыстыны Канановічаў ў цэнтры Лодзі я начавала ў пакоі іх дачкі Олі, якая тады была ў дзіцячым летніку ад РАХа. Акно на ўсю сцяну. У кожным пакоі ў цэнтры стаяў бюст Касцюшкі або вісеў яго партрэт... Мне не паказвалі ў Лодзі ніякіх гістарычных помнікаў, але затое на некалькі дзён мы з’ездзілі ў Кракаў. Пачалося зрокавае вывучэнне нашай агульнай гісторыі з замка на Вавелі, з наведвання таго падзямелля, дзе спяць вечным сном нашы агульныя Міцкевіч, Касцюшка, Стэфан Баторы. Мае гіды – Мацей, Крыстына і Гражына не забывалі пра гэта час ад часу нагадваць. Да нас далучыўся ў вольны час пісьменнік Владзімеж Внук, сябра Мацея. Яны мне паказалі ўсё: ад узвышша Касцюшкі да слядка каралевы Ядвігі на цагліне, абнесенай агароджай каля касцёла... Мацей і Владзімеж хацелі пазнаёміць мяне з Віславай Шымборскай, але не ўдалося. З Кракава, памятаю, выбраліся ў Новую Гуту, дзе на сродкі вернікаў быў пабудаваны касцёл. Уразіла сучасная архітэктура святыні – карабель з мачтай -крыжам. Да касцёла вяла алея званоў, самы высокі называўся Лех (у гонар Валенсы). У вялікай зале адбываліся набажэнствы і канцэрты духоўнай музыкі. Перад маім ад’ездам у Беларусь мы з Мацеем схадзілі ў Лодзі ў кляштар, дзе манахі лячылі людзей зёлкамі. Каля брамы стаяў натоўп, але мы зайшлі з другога боку. Манах, які нас сустрэў, надта ўсцешыўся, што вітае «пані з Гродна». Распытваў пра горад Элізы Ажэшкі. Распытаў пра хваробу майго мужа Эрыка і праз нейкі час прынёс мяшок духмянага, дробна пасечанага сенца. Гэты мяшок выклікаў немалое здзіўленне ў мытнікаў: едзе такая з-за мяжы і вязе «сена» і кнігі (вярталася я цягніком праз Беласток). ...Мацей сам выбраў мае вершы для кнігі «Ty to ty». У адным лісце ён так пісаў пра нашы справы: «Падабаюцца табе ці не падабаюцца пераклады вершаў – мяне гэта мала трывожыць, абы мае пераклады падабаліся польскаму чытачу, якога я лепей ведаю. Мая задача – дакладна і добра перадаць твае вершы на польскай мове». Каб паэзія малавядомай беларускі была для польскага чытача больш прыемнай, Мацей дапісваў за мяне ў некаторых вершах пачатак або канец, здаралася, цэлыя строфы... Зборнічак «Ty to ty» – гэта мая самая прыгожая кніга. Канановіч сам рассылаў яе: Танку, Брылю, Калесніку... Мы сустрэліся зноў на днях польскай літаратуры ў Беларусі. Групы з усіх рэгіёнаў з’ехаліся разам ў Наваградак. На Свіцязі нас частавалі вячэрай. У вялікай сталоўцы санаторыя мы сядзелі побач. Мацей быў вельмі стомлены і ціхі. Ён увесь час распытваў пра сястру Аню і яе сям’ю, асабліва пра сына, які ў яе нядаўна нарадзіўся і якому Аня дала імя свайго бацькі – Аляксандр. «Ну, як той Аляксандр?» – пытаўся Мацей. А думаў, відаць, пра дзядзьку Аляксандра са свайго дзяцінства... Яшчэ раз з Мацеем Канановічам мы сустрэліся па званку Янкі Брыля... У яго зборнік выбранай лірыкі «Мой гай дубовы», які выйшаў у Беларусі ў 1986 г., не ўключаны каталіцкія вершы, але ўся паэзія Канановіча – каталіцкая, светлая, чыстая. Яго партрэт у маім пакоі вісіць побач з партрэтам Святога Айца Яна Паўла ІІ і абразом Маці Божай. Часам я размаўляю з ім. Чую яго словы: «Дануся, не паддавайся смутку».
Глядзі таксама
|
|
|