|
|
№
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Паэзія
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Пераклады
Memoria
Нашы святыні
Юбілеі
Проза
Музыка
Вандроўкі
|
Уладзімір ДЗЯНІСАЎ
Вiзiтнае апiсаннеСвята-Троіцкага Залатагорскага,з-га класа, фарнага касцёла, што знаходзіцца ў горадзе Мінску літоўскім І. Гістарычны нарыс Горад Мінск літоўскі калісьці складаў частку правінцыі Вялікага Княства Літоўскага, а пасля аб’яднання Літвы з Польшчай на Гарадзельскім сойме ў 1413 годзе ўвайшоў у склад Мінскага ваяводства. Пачатак каталіцтва ў Мінску і ўвогуле ў цяперашняй Мінскай губерні належыць да глыбокай даўніны. З суседняй Польшчы, якая прыняла каталіцтва ў 965 годзе, сюды прыходзілі прапаведаваць манаскія ордэны францішканцаў і дамініканцаў, а з нямецкіх земляў – рыцарскія ордэны мечаносцаў, крыжакоў і інш. Гістарычна, напрыклад, вядома, што літоўскі князь, уладальнік Мінска Міндоўг, замак якога, дарэчы, знаходзіўся каля Наваградка Мінскай губерні, прыняў каталіцтва разам з жонкай, двума сынамі і некаторымі з блізкіх да яго людзей ад хелмінскага біскупа Генрыха Армакана ў Кярнове ў 1252 годзе. Але больш трывалы пачатак каталіцтву даў тут кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў II Ягайла. Прыняўшы ў 1386 годзе каталіцтва і ажаніўшыся з польскай каралевай Ядвігай, Ягайла пачаў рупліва прымушаць сваіх падуладных, якія былі язычнікамі, прымаць каталіцкае вучэнне і будаваў храмы. Першы з такіх каталіцкіх храмаў Ягайла пабудаваў з дрэва паміж 1386 і 1390 гадамі ў Мінскай губерні ў мястэчку Гайна Барысаўскага павета, а потым і ў прадмесці горада Мінска, званым Траецкай гарой, ім быў узведзены першы тут касцёл, які каля 1460 года ўжо атрымаў у дар ад польскіх каралёў фальварак Чурылавічы, або Плебанец, што знаходзіцца ў Мінскім павеце і парафіі, за тры мілі ад горада, і пазней адышоў у фундуш мінскага капітула. Дакладны час дару гэтай фундацыі невядомы, але з даўнейшых працэсаў бачна, што да 1560 года мінскія плябаны гэты фундуш згубілі. Пазней гэты фальварак адшукаў мінскі плябан Мікалай Морыс паводле рашэнняў, прынятых у асэсарскім судзе. Аднак невядома, адбылося гэта ў тых самых межах, як было падаравана польскімі каралямі, ці колькасць зямлі зменшылася. Паводле Візітнага апісання 1796 года ў фальварку Чурылавічы паказана 25 валокаў зямлі. З выпіскі ад 15 мая 1589 года, выдадзенай з рэвізорскіх кніг рэвізіі горада яго каралеўскай міласці Мінска, бачна, што гэты ж мінскі плябан Мікалай Морыс скардзіўся таксама рэвізору і маршалку, мінскаму старосце Дзмітрыю Скумін-Тышкевічу, на патравы і заборы касцельных земляў, якія ўчынялі суседзі. Вышэйзгаданы першапачатковы Свята-Троіцкі фарны касцёл фундацыі Ягайлы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны з дрэва на Траецкай гары ў горадзе Мінску на месцы, якое сёння займае земская бальніца, бліжэй да Ягор’еўскай вуліцы. Ён быў некалькі разоў перароблены і адрамантаваны, а ў пачатку 1700-х гадоў яго цалкам нанава перабудаваў мінскі плябан Карл-Пётр Панцяржынскі, пазней рыма-каталіцкі віленскі біскуп. Касцёл быў пабудаваны з дрэва ў выглядзе кавалерскага крыжа «Distinctorium Смоленской епархии» з круглым купалам пасярэдзіне. Калі ісці на цвінтар ад брамы, па баках касцёла былі пабудаваны дзве невялікія чатырохгранныя вежы з аздобленымі шарамі жалезнымі пазалочанымі крыжамі наверсе. Непадалёку ад касцёла знаходзілася драўляная званіца з трыма званамі. Галоўны алтар меў абраз Святой Тройцы, якая карануе Найсвяцейшую Панну ў сярэбраных шатах, і тут жа знаходзіліся дзве драўляныя пазалочаныя статуі святых апосталаў Пятра і Паўла. Па баках касцёла былі пабудаваны чатыры капліцы. А за крокаў 50 ад касцёла знаходзілася драўляная плябань з халоднымі пабудовамі. Зямлі пад гэтымі пабудовамі, гародамі і садамі, а таксама пад цвінтаром было каля трох моргаў.
20 чэрвеня 1814 годаМінская гарадская камісія выдала мінскаму плябану і каноніку ксяндзу Яну Харэвічу пасведчанне пад № 10 на будаўніцтва каменнага фарнага касцёла, фасадам да Траецкай (сёння Паліцэйскай) вуліцы, і новай плябані з парафіяльнай вучэльняй на землях плябані – 1320 квадратных сажняў, архірэйскай і манахіняў бенедыктынак – 419 квадратных сажняў; а ўсяго пад гэтыя пабудовы было адведзена 1739 квадратных сажняў, у межах па вуліцах: Аляксандраўскай – 35 сажняў 1 аршын, Траецкай – 51 сажань, Георгіеўскай – 35 сажняў 1 аршын і ад мяжы траецкіх сясцёр базыльянак – 48 сажняў з умовай, што калі канонік Харэвіч на працягу двух гадоў не пабудуе на гэтым пляцы вучылішча і плябань, а фарны касцёл, як дазволіць час, не ўзвядзе, дык можна будзе гэты пляц, на падставе законаў, прадаць з публічных таргоў або перадаць у валоданне іншаму без усялякіх прэтэнзій з боку плябана. План пабудоў і касцёла быў зацверджаны паводле вызначэння Мінскага губернскага праўлення 30 чэрвеня 1814 года пад № 13956.
Калі 19 ліпеня 1832 года з’явіўся ўказ пра скасаванне некаторых рыма-каталіцкіх кляштараў, у тым ліку і мінскіх дамініканцаў, біскуп мінскі ксёндз Матэвуш Ліпскі, жадаючы захаваць дамініканскі касцёл, ператварыў яго ў парафіяльны Св. Тройцы, бо пасля пажару там не быў пабудаваны касцёл, і перанёс сюды з катэдры набажэнства для парафіянаў. Мінскі дамініканскі кляштар і пры ім касцёл св. Тамаша Аквінскага пачала будаваць з дрэва ў 1600 годзе Соф’я з роду Завішаў, удава інфлянцкага ваяводы Крыштофа Слушкі. З-за недахопу сродкаў будаўніцтва гэтае зацягнулася на некалькі гадоў. Польскае рыцарства, якое ў 1604 годзе вярталася з-пад Масквы праз Мінск з багатай здабычай, убачыўшы няскончаныя сцены кляштарных пабудоў, вырашыла зрабіць паміж сабою складчыну ад колькасці коней, названую «капытковым зборам», і ахвяравала яе на гэтыя пабудовы, так што касцёл і кляштар былі хутка скончаны, і ўжо на генеральнай капітуле 1605 года ў Рыме ордэн дамініканцаў прыняў іх як дар. Пасля гэтага фундатарка выпісала сюды з Вільні манахаў, якія тут і пасяліліся. Неўзабаве мінскі ваявода Пётр Тышкевіч прыкупіў пляц на рагу Высокага рынка (Саборнай плошчы) на скрыжаванні вуліц Валоскай (Крашчэнскай) і Дамініканскай (Петрапаўлаўскай) і пачаў у 1615 годзе будаваць для дамініканскага ордэна мураваны касцёл і пры ім гэткі ж двухпавярховы кляштар. Касцёл даўжынёй 63 локці, шырынёй 48 і вышынёй 30 локцяў пакрыты гонтай, а ўсярэдзіне сцены абапіраюцца на шэсць філяраў. У 23 локцях ад фронту касцёла пабудавана мураваная званіца з дзвюма вежамі, а ўнізе была зроблена брама для ўваходу і ўезду на кляштарны цвінтар. З правага боку ад уваходу касцёла паміж філярам і сцяной ёсць капліца фундацыі Завішаў, на сценах якой намаляваны Мукі Панскія. Усёй зямлі пад касцёлам і кляштарам мелася два моргі 58 прэнтаў і 15 прэнцікаў. Апрача Пятра Тышкевіча, фундатарамі дамініканцаў былі: Марцаліна з князёў Карэцкіх, у першым шлюбе Глябовіч, а ў другім – Букоўская, жонка віцебскага ваяводы; ксёндз Якаў Пацэвіч з Оршы; Юрый Завіша і Ян Волек, які ў 1640 годзе ў мінскім гродзе прызнаў акт даравання дамініканцам свайго маёнтка Румніцкае; апрача таго, мінскім дамініканцам належаў у Мінскім павеце фальварак Ваўкаўшчызна.
На беразе ракі Свіслачы паблізу сённяшняга лаўскага маста (на Траецкай юрыдыцы) былі плябанскія лазні, арандаваныя яўрэямі і спале- ныя ў 1812 годзе французамі. Зямля, што была пад лазнямі, ператворана ў набярэжную вуліцу. Тут нельга не прыгадаць некаторых з былых пробашчаў Свята-Троіцкага касцёла. Каля 1590 года плябанам быў ксёндз Мікалай Морыс, вядомы па судовых працэсах у абарону касцёльнай маёмасці. У 1700-х гадах ксёндз Карл-Пётр Панцяржынскі, пры якім заснавана брацтва «шчаслівай смерці», пазней віленскі біскуп у 1724—1730 гадах. З 1761 года быў сапраўдным плябанам ксёндз Уладзіслаў Ваньковіч, пратэгаваны каралём польскім Аўгустам III, а каад’ютарам – ксёндз Тэадор Ваньковіч з 1781 года. З 1809 года пробашчам быў пралат і кавалер ксёндз Ян Харэвіч, капітульны сеньёр, які памёр 30 мая 1844 года ва ўзросце 67 гадоў і пахаваны на Залатагорскіх могілках біскупам намінатам Равам. Потым пробашчамі былі: ксёндз Фелікс Мараўскі (1844—1847); ксёндз Ігнат Сабалеўскі (1847—1856), пры ім быў вікарным ксёндз Яўток у 1853 годзе; ксёндз Міхал Тэраевіч (1856—1865); ксёндз Пётр Валіцкі (1865—1866); ксёндз Піліп-Мікалай Тамашэвіч (1866—11 ліпеня 1869), пры ім вікарным быў у 1869 годзе ксёндз Антоній Граковіч; ксёндз А. Валентыновіч і ксёндз Браніслаў Заусцінскі ў 1870 годзе; ксёндз Ян Юзафовіч (1870—1871); ксёндз Фердынанд Сенчыкоўскі (1871—1879), які памёр у 1907 годзе ў Омску, ксёндз Сенчыкоўскі ўвёў рускую мову ў дадатковае набажэнства і ў трэбнік, а таксама пабудаваў вучэльню арганістаў з мэтай узмацнення новага парадку; у 1879—1900 гадах пробашчам быў ксёндз Сямён Макарэвіч, пры ім руская мова ў дадатковым набажэнстве і трэбніку, забароненая дэкрэтам Святога Пасаду ад 11 ліпеня 1877 года, заменена лацінскай паводле цыркулярнага распараджэння кіраўніка Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі біскупа суфрагана Сымона ад 20 мая 1897 года пад № 1121, і ў гэтым жа годзе зачынена школа арганістаў; ксёндз Леанард Гашынскі выконваў абавязкі пробашча (1900—1902); а з 17 снежня 1902 года пробашчам і мінскім дэканам служыў ксёндз Казімір-Мікалай Усцінавіч Міхалькевіч, кандыдат багаслоўя, пры ім адноўлены ранейшы парадак, які існаваў да 70-х гадоў, як у дадатковым набажэнстве, гэтак і ў трэбніку, пры ім у 1903—1907 гадах вікарным быў ксёндз Юзаф Зноска, а з 13 студзеня 1907 года вікарным з’яўляецца ксёндз Ян Эйсмант. ІІ. Апісанне існуючага мураванага касцёла
У дольным касцёле знаходзяцца катакомбы, у якіх пахаваны фундатары гэтай святыні Сямён і Юзэфа Леановічы, Барбара Сабецкая, Ігнат Лясковіч і іншыя, у тым ліку Пацейка, Нарэйка, Марцінкевіч, Стафанія Гашынская. Тут жа пахаваны Яўстафій і Марыя Сенчыкоўскія паводле ўказа Віленскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі ад 1 снежня 1876 года пад № 10491, якім загадана таксама ўнесці ў вопіс свабодную катакомбу для іх сына каноніка ксяндза Фердынанда Сенчыкоўскага. 9 лістапада 1903 года парафіяне Свята-Троіцкага касцёла пад кіраўніцтвам пробашча ксяндза Міхалькевіча абралі камітэт з дзесяці парафіянаў для хадайніцтва перад урадам аб праве на пашырэнне касцёла з прычыны яго малых памераў, якія не задавальняюць парафіянаў. Потым быў складзены другі акт 25 верасня 1905 года ўжо на падставе Маніфеста 17 красавіка 1905 года аб узвядзенні асобнага будынка касцёла на Залатагорскай плошчы замест пашырэння старога касцёла. Планы гэтага будынка, складзеныя інжынерам Дзеконскім у гатычным стылі, ухвалены ў 1906 годзе ўрадам, і камітэт распачаў цяпер збор ахвяраванняў на будаўніцтва. ІІІ. Драўляная капліца
IV. Могілкі Залатагорскія парафіяльныя могілкі ў межах Захар’еўскай і Даўгабродскай вуліц займаюць 2 дзесяціны 2243 квадратныя сажні зямлі і з усіх чатырох бакоў абнесены драўляным плотам. Адкрылі і асвяцілі іх у 1796 годзе. Ад Захар’еўскай вуліцы аж да самых могілак прымыкае неабнесены плотам пусты ўчастак зямлі, які належыць касцёлу і завецца Залатагорскай плошчай; на ім спыняюцца парафіяне, што ў святочныя і нядзельныя дні прыязджаюць з суседніх вёсак. Гэтая плошча цяпер здаецца ў арэнду, і на ёй мяркуецца пабудаваць новы касцёл. На могілкі ад Захар’еўскай вуліцы насупраць касцёла вядзе каменная брама ў гатычным стылі з дзвюма веснічкамі, пабудаваная ў 1893 годзе Бжазіцкім; дзверы ў іх жалезныя. Могілкі гэтыя паводле распараджэння мясцовых губернскіх уладаў у 1893 годзе зачынены і хаваюць на ім толькі ў фамільных склепах з дазволу начальніка губерні. Крокаў за 50 на паўночны ўсход ад Залатагорскіх могілак на зямлі памешчыка Ваньковіча знаходзяцца асобныя неадгароджаныя каталіцкія могілкі, так званыя Халерныя, на якіх хавалі памерлых ад халеры; яны займаюць каля 500 квадратных сажняў зямлі. Тут пахаваны вядомы філантроп Дамінік Манюшка, які памёр 24 жніўня 1848 года, Пётр Ганіч і інш. […] VIII. Парадак набажэнства Апрача агульных святаў, пазначаных у календары, у Залатагорскім касцёле з асаблівай урачыстасцю «Cum expositione S.S. Sacramenti» святкуюцца наступныя дні: Звеставанне, Нараджэння Панны Марыі, Беззаганнага Пачацця Найсвяцейшай Марыі Панны, Кармэльскай Панны Марыі ў першую нядзелю пасля 16 ліпеня, Найсвяцейшай Тройцы, Божага Цела, 2 жніўня Найсвяцейшай Марыі Панны Анёльскай «Porcyunkula», св. Роха (16 жніўня), перанясенне статуі св. Роха 1 мая і Ружанец. 3, 4 і 5 лістапада адбываюцца жалобныя набажэнствы за супакой душаў памерлых фундатараў і дабрачынцаў гэтага касцёла. Напярэдадні нядзельных і святочных дзён а 5-й гадзіне вечара адбываюцца нешпары. Потым раніцай а 9-й гадзіне Імша, пасля заканчэння якой спяваецца «Святы Божа», «Sanctum Ergo» і прысутны люд благаслаўляецца Найсвяцейшым Сакрамантам. Роўна а 11-й гадзіне раніцы акрапленне (asperges), потым працэсія вакол касцёла і тады ўрачыстая Імша, пасля заканчэння якой набажэнства за Папу, гасудара імператара і біскупа, а далей казанне і а 5-й гадзіне папалудні нешпары. Казанне і ўсё дадатковае набажэнства адбываюцца па-польску. Штодня раніцай, у палудзень і ўвечары ў касцёле б’юць званы на малітву. Увесь май і кастрычнік адбываюцца асаблівыя вячэрнія службы ў гонар Найсвяцейшай Марыі Панны. У час святочных і нядзельных набажэнстваў у касцёле спявае змешаны аматарскі хор, які складаецца з 30 чалавек. IX. Апісанне парафіі ІІІ. Драўляная капліца
У склад залатагорскай парафіі ўваходзяць частка губернскага горада Мінска, размешчаная на левым беразе ракі Свіслачы, і паўночна-ўсходняя частка Мінскага павета з валасцямі: Сёмкава-Гарадзецкай, Заслаўскай, Сенніцкай, Бяларуцкай і Астрашыцка-Гарадзецкай. Такое абмежаванне парафіі зроблена на падставе булы Папы Пія IX, выдадзенай у 1848 годзе. Да Свята-Троіцкай парафіі далучана ў 1866 годзе частка былой халяўскай парафіі з былым філіяльным і пазней ператвораным у праваслаўную царкву касцёлам, скасаваным паводле распараджэння галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга Краю ад 5 кастрычніка 1865 года пад № 2343 на імя мінскага губернатара. Першапачатковы халяўскі касцёл быў пабудаваны з дрэва каля 1650 года, а потым у 1862 годзе на гэтым самым месцы, у прыгожай узгорыстай мясцовасці, узведзены на сродкі графаў Тышкевічаў новы мураваны касцёл, які меў цудатворны абраз Божай Маці, напісаны на меднай блясе, і адну валоку зямлі, ахвяраваную Халявамі. Цяпер у гэтай мясцовасці ў 1904 годзе адкрыты халяўскія рыма-каталіцкія могілкі і ў 1908 годзе тут пабудавана драўляная капліца, асвечаная ксяндзом Міхалькевічам 24 чэрвеня 1908 года. У 1907 годзе памешчык Франц Лянтоўскі атрымаў дазвол на арганізацыю могілак і капліцы ў яго маёнтку Вішнёўка. У мястэчку Сёмкаў-Гарадок, цяпер залатагорскай парафіі, быў драўляны філіяльны касцёл, у 1791 годзе перабудаваны мінскім ваяводам Адамам-Міхалам-Станіславам Хмарам ў новы мураваны касцёл, якому гэты ж Хмара запісаў паводле дакумента, паказанага ў Мінскім Галоўным судзе 2-га дэпартамента, ад 18 снежня 1802 года чатыры дзесяціны 800 квадратных сажняў. Касцёл з могілкамі пры ім закрыты паводле распараджэння галоўнага начальніка Паўночна-Заходняга Краю ад 10 жніўня 1866 года пад № 1092 і ператвораны ў царкву, а парафія далучана да гэтага Свята-Троіцкага касцёла і часткова да заслаўскага касцёла. Па прапанове міністра ўнутраных спраў ад 22 верасня 1854 года пад № 2563 на імя Рыма-каталіцкай калегіі графіні Марыі Тышкевіч дазволена пабудаваць у яе маёнтку Гарадок араторыю [капліцу], у якой часам адбываюцца набажэнствы. У 1868 годзе да гэтай парафіі далучана і частка заслаўскай парафіі, размешчаная на левым беразе ракі Свіслачы, з прычыны скасавання ў Заслаўі касцёла. У парафіі маецца шмат каталіцкіх крыжоў, у тым ліку на рагу Белацаркоўнай і Захар’еўскай вуліц, у Плябанскім завулку, на Міхайлаўскай вуліцы, за семінарыяй на Слабодцы — стоўп у гонар св. Роха і інш. На самай вялікай адлегласці ў парафіі ад Залатагорскага касцёла, больш чым за 30 вёрстаў, знаходзяцца вёска Бяларучы, засценак Буцэвічы, Вадапой і інш. У парафіі, апрача прасёлкавых дарог, існуюць тракты: Віленскі, Лагойскі, Барысаўскі і Даўгінаўскі. Праходзіць Маскоўска-Брэсцкая чыгунка ад станцыі Мінск да станцыі Калодзішчы і яшчэ крыху далей, але ёю пры выкладанні адпраў карыстацца даводзіцца вельмі рэдка. Пры Залатагорскім касцёле ёсць парафіяльная школа на 120 дзяцей абодвух полаў. У ёй пад наглядам пробашча вывучаюць: Закон Божы, рускую мову, арыфметыку, чыстапісанне і польскую мову. […]
Пераклад з польскай мовы Н. Мазоўкі
Глядзі таксама
|
|
|