|
|
№
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы
Архіўная старонка
Паэзія
Бібліятэка часопіса «Наша вера»
Пераклады
Memoria
Нашы святыні
Юбілеі
Проза
Музыка
Вандроўкі
|
Гэнрыцы (Пікандэр)
ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯBWV 244
Poesia Dominum Henrici alias
|
ХОР І і ІІ Гляньце, сёстры мілажалю... Вось Ён! Хто? ... Ягня, Хрыстос. Гляньце, Ён! Хто? ...Жаніх зь нябёс! ХАРАЛ О Сын Божы бязьвінны, У цернях злое няпраўды. ХОР І і ІІ Вось Ён! Хто? Пакутнік Спас. ХАРАЛ На крыж прыбілі Сына, — О, колькі вынес пагарды! ХОР І і ІІ Глянь... На што? Ратуе нас; ХАРАЛ За грэх наш пакараны, За нас пакуты, раны. ХОР За любоў сваю да нас Крыж нясе, п’е мукаў шалю. (…) Сын Божы любы, чым Ты правініўся, За што суд жорсткі над Табой чыніўся? У чым віна? Ах, за якія дзеі — Цябе ў зладзеі? (…) О добры Збаўца мой, Калі мужам дурным няясна, Чаму Ёй час настаў Падрыхтаваць Хрыста Да савана заўчасна, Дазволь і мне на супакой Патокам слёз, вачэй бальзамам Табе ўслужыцца гэтаксама. Каяньне Рве пакутай сэрца мне; А Тваім збалелым ранам Пакаяньне ад мяне Будзе, Езус, хай бальзамам. Каяньне... (…) Сэрца о, крывёй сплывай! Ах! Дзіця, што Ты ўскарміла, Да грудзей сваіх туліла, Сьмерць табе нясе з сабою, Бо яно ўзрасло зьмяёю. Сэрца, о… (…) Я той, чый грэх бязьмежны, Душой і целам грэшны Я — пекла заслужыў! Няхай бы ўся навала На долю мне прыпала — Маёй зьняможанай душы! (…) Хоць сэрца ўсё сплыло сьлязой, Бо разьвітаўся мой Ісус са мной, Але праклаў нам сьлед у новы сьвет, Даў плоць і кроў — у запавет, Даў мне у спадчыну, як сонца. І хоць Яго прадажны сьвет на мукі Аддаў у злыя рукі, Ён палюбіў людзей бясконца. Дар Табе мой — сэрца, Спасе, Я ўвайду ў яго душой, Каб сама з Табой зраслася,— Ды малы Табе сьвет мой — Будзь Ты мне, Гасподзь, зямлёй, Сьветам будзь, Ісусе мой. Дар Табе мой... (…) Пазнай мяне, мой Пастыр, Пара к Табе, пара! Крыніца шчодрай ласкі, Ты столькі даў дабра. Карміў, паіў і собіў Салодкай пестай Ты, Твой дух мяне спадобіў Нябеснай мілаты. (…) Хачу стаяць з Табою, Мне Ты — нябесны дар! Хачу прыняць душою Апошні сэрца ўдар. Як толькі разарвецца Яно ў Тваіх грудзях, Сабе яго у сэрца Прыму як Твой працяг. (…) О боль! Аж сэрца з роспачы дрыжыць! Аж грудзі рве! На твары цень пакут! За што пакуты гэтыя прыпалі? Судзьдзя вядзе Яго на суд, — А праўды ані там, ні тут! Ах, то ж мае грахі прычынай сталі! За грэх чужы нясе цярніну І нашу сплачвае даніну. Ах, Божа Хрысце, я пакут прычына, Мая правіна! Ах, каб любоў к Табе мая Спыніць магла альбо пасобіць несьці Твае цярпеньні і балесьці, — Прыняў бы кару я! (…) Упаў у ногі Госпаду мой Збаўца, Каб так узвысіць нас да Бога З граху ліхога Туды, увысь, у ласку дацца. . Гатовы Ён, Піць горыч сьмерці з поўнай чары, Людскіх грахоў смярдзючы гной, Каб так ад нас адвесьці ўдары, Бо так Гасподзь управіў мой! Хачу душой скарыцца, Выпіць чару, з крыжам зьліцца, З чары Збаўцы прагну піць. Рот Яго Малаком крынічыць, мёдам Зь берагоў — Дапаможа перажыць Сорам, крыўду — з асалодай. Хачу душой… (…) Што хоча Бог, таму і быць, Ягонай волі згодна, Таму паможа ў ласцы жыць, Хто верыць богаўгодна, Не прападзе І ўцьвердзіў Бог, Ў ліхой бядзе,— Хто Бога ў сэрцы мае. Таго збярог, Таго не пакідае. (…) Вось майго Хрыста схапілі. Стойце! Каты! Гэта зло! Ноч, сьвятло У нямой жудзе застылі. Бо майго Хрыста схапілі. Стойце! Каты! Гэта зло! Вядуць Яго, Яго схапілі. Ці зьніклі грамы і маланкі у хмарах? Геена, — разьзеўры агністую пашчу; Разбуры, патрушчы, панішчы лядашча Як выбухам іх — Прадажніка злога, забойцаў ліхіх! (…) Твой грэх аплакаць час настаў, О люд! Нам Бог прыслаў Хрыста, Сына, да нас з вышыняў; З улоньня Дзевы ў сьветлы час Прыйшоў з ратункам Ён да нас, Прыйшоў Ён Божым Сынам. Памерлым Ён жыцьцё прынёс, І хворых ацаліў Хрыстос, Пакуль прыйшла часіна За нас, за нашыя грахі Прыняць пакутны скон ліхі — Зноў стацца Божым Сынам. Ах! Дзе ж мой Ісус цяпер! Куды ж Ён пайшоў, твой каханы, О красуня-жанчына? Бо Ягня, магчыма, знікла? Куды твой каханы пайшоў? Ах! Ягня у тыгра ў іклах! Ах! Куды ж Ісус пайшоў? Пашукаем Яго з табою. Ах! Што я скажу ў сваім сэрцы, Калі са страхам Яна папытае? Ах! Куды ж пайшоў Ісус? (…) Фальшывы суд зьвёў запавет Маной на глум, ілжывы сьвет Злавіць у сеткі хоча. Мой Бог вядзе мяне ў бядзе, — Крый нас ад фальшу, Ойча. (…) Маўчыць Ісус на злыя нагаворы, Каб тым адкрыць нам вочы, Што воляю сваёй суд скоры За нас гатовы Ён прыняць, Што мы ў часы ліхіх нягод За прыклад браць Яго Павінны і цярпець у моўчы. Цярпi! Цярпi! Языкоў ліхія жарты Бязь віны сваёй цярпi — Кпіны, зьдзек. Ах, мой Божа, чалавек За абразы помсты варты. Цярпi! Цярпi!.. (…) Хто так Цябе зьнявечыў. О Сыне Чалавечы, Хто так Цябе зглуміў? Ня грэшнік Ты на сьвеце, Як мы і нашы дзеці, Злачынства ня ўчыніў. (…) О, жалю дай, Мой Бог, за слёзы ўмілажалься! Глянь: душой, Сэрцам плачу прад Табой, Жалю дай, О, жалю дай, Мой Бог, за сьлёзы ўмілажалься! Ухіліўся ад Цябе я Да Цябе вярнуўся зноў; Толькі Сын Твой так умее Сьмерцю нас вяртаць, сыноў. А на мне ляжыць віна, Літасьцю Тваёй яна Зноў злагоджана і зьнята, І ў душы маёй зноў сьвята. (…) Я іду к майму Ісусу! Вось, — грашмі забойцам Ён Плаціць іх ганебны плён, Прахлую спакусу! Я іду к майму Ісусу!.. (…) Давер свае дарогі І ў сэрцы скрухі ўсе Таму, хто ўсе трывогі І болесьці нясе, Хто хмарам, ветру ў небе Указвае шляхі, Ён і ў тваёй патрэбе Апора для нагі. (…) Выдатны вынік кары чалавечай! Пастух цудоўны гіне за авечак; Віну ўзяў на сябе Ён, Справядлівы, За слуг шкадлівых! (…) Ён нам усім рабіў дабро. Сьляпым вярнуў здаровы зрок Расслабленым даў ногі; Айца Свайго нам слова даў, Нячысьцікаў прагнаў; Засмучаным даў светлы ўрок; Надзеяй грэшных прасьвятліў; І больш нічога не зрабіў. Карае Збаўцу псота злая, Хоць Сам ня ведае віны, Кара вечная людская, І асуда злой маны Мір душы не закранае. Карае Збаўцу... (...) Даруй, Гасподзь! Стаіць тут Збаўца бічаваны. О кроў Яго, о боль, о раны! Спыніце, каты, зьдзек! Няўжо у вас душы няма — Глядзець на боль Яго душы? Ах, так!? У вас яна Цьвярдзейшая, чым чалавек Расьпяты на крыжы. Спыніце, каты, зьдзек! Як сьляза ня мецьме сілы, Божа мілы, Сэрца мне крынічыць хай, Каб абмыць вадой гаючай Кроў цярпеньняў, ран балючых, Як з ахвярнай шалі — дай! (…) О голаў, што у ранах, Які Твой злы вырок, О голаў, што прыбрана, У церневы вянок, О голаў, як ты зьзяла У годнасьці, ў красе, Яна цяпер апала. А мне мілей за ўсе. О годнае аблічча, — Высокі сьвецкі суд Баіцца, і скавыча, І лье паскудны бруд. Ты бледны твар пад небам! Хто ж бляск вачэй Тваіх, Спаганіў так ганебна, Прыцьміў злачынна іх? (…) Ляж, добры крыж, ляж мне на плечы; Ісусе, дай яго; калі ж Ня ў змогу будзе мне Твой крыж, Тады цяжар яго палегчы. Ляж, добры крыж... (…) Ах, Голгата, ах, злашчасная гара! Гасподзь красы тут мусіў смерць прыняць ганебна, Яго, сьвятло і мір зямлі, На крыж з праклёнам паднялі. У Творцы неба, водаў, нетраў Забралі тут зямлю й паветра; Нявіннасьць тут за грэх памерла: Разьбілі скарбніцу дабра — Ах, Голгата, злашчасная гара! Гляньце: пад рукой Хрыста Вас чакае мілата, — Час! Куды? Хрысту у рукі, Там ратунак ваш ад мукі, Клічце! Што? Хрыстовы рукі. Пад Яго сьвятой рукой Сьмерць, жыцьцё і ваш спакой, Майце! Што? Хрыстовы рукі. (…) Як прыйдзе час расстацца, — Не пакідай мяне, Ці сьмерці ў рукі здацца, — Не пакідай мяне! Калі страх сьцісьне сэрца Што стане сьвет няміл, Дык дай мне моцы стрэцца З пакутай, дай мне сіл! (…) Халодным вечарам Адам Душу сваю на грэх аддаў. І Бог караў увечары няверных. На вечар час прыпаў галубцы З галінкаю вярнуцца ў дзюбцы. О шчасны час! О час вячэрні! І вось нам мір — мір з Богам даў Хрыстос, Бо Сам Свой крыж за нас панёс. Спакой Хрысту — ў душу. Ах! Добрая душа, прашу: Вось, цела мёртвага вазьмі з сабою, О гойны дар, о памяць зь мілатою! Сэрца, будзь у чысьціні,— Сам Хрыста я пахаваю. Бо цяпер Ён ува мне, Ён ва мне Свой спакой салодкі мае, Сьвет, пусьці, Хрыста прымі! Сэрца, будзь… (…) Цяпер здабыў Гасподзь спакой. Дабранач, Збаўца мой! Мінуўся час турбот ад грэшнасьці людской. Дабранач, Збаўца мой! О любасны Ісусе, Я каяньнем да ранаў узнясуся, Сьлязьмі адмыю грэх душэўны свой. Дабранач, Збаўца мой! І віну Пакутамі ты адхінуў, За нас ахвяраю душы сваёй. Дабранач, Збаўца мой! Душа твая ў спакой зьляцела. Мы кленчым, клічам са сьлязьмі: Сьпі у міры, зь мірам сьпі! Сьпі, зьнясіленае цела! Сьпі у міры, зь мірам сьпі! Гэты дол і камень Твой Служаць добраму сумленьню, Крэс кладуць Твайму цярпеньню, Мір даюць душы, спакой. Сьпі у міры, зь мірам сьпі! У любові сьветлы дух свой супакой! Душа малітвы... |
|
|