Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Генрык СЯНКЕВІЧ

Пойдзем за Iм!

I Кай Септым Цына быў рымскім патрыцыем. Маладосць яго прайшла ў легіёнах, у суровым лагерным жыцці. Пазней ён вярнуўся ў Рым, каб скаштаваць славы, раскошы і пакарыстацца вялікім, хаця ўжо крыху растрачаным багаццем.

У той час ён скарыстаў і злоўжыў усім, што толькі мог даць вялікі горад. Ночы Цына праводзіў на баляваннях у раскошных загарадных вілах; удзень бавіўся паядынкамі ў ланістаў1, размовамі з рытарамі2 ў тэпідарыях3, дзе вяліся дыспуты, а пры гэтым пераказваліся плёткі з горада і з усяго свету, бываў у цырках, на скачках або спаборніцтвах гладыятараў, сярод грэчаскіх лютністак, тракійскіх варажбітак і цудоўных танцорак, прывезеных з астравоў Архіпелага4. Сваяк па маці славутага некалі Лукула5, Цына атрымаў ад яго ў спадчыну схільнасць да вытанчанай ежы. На ягоных сталах падаваліся грэчаскія віны, вустрыцы з Неапаля, соні з Нумідыі і тлустая саранча з Понта6, тушаная ў мёдзе. Усё, што меў Рым, мусіў мець і Цына, ад рыбы з Чырвонага мора і ажно да белых курапатак з берагоў Барысфена7. Але ўжываў ён не толькі як звар’яцелы жаўнер, але і як пераборлівы патрыцый. Цына сам сябе пераканаў, а можа і сапраўды адчуў замілаванне да прыгожых рэчаў: статуэтак, знойдзеных на папялішчах Карынфа, эпіліхній з Атыкі, этрускіх або прывезеных з туманнага Серыкума8 вазаў, рымскай мазаікі, тканінаў з-над Еўфрата, арабскіх духмянасцяў і ўсіх тых асаблівых дробязяў, якія запаўнялі пустату патрыцыянскага жыцця. Да таго ж, ён патрапіў размаўляць пра іх, як знаўца і аматар, з бяззубымі старымі, што прыхарошвалі, сядаючы за стол, свае лысіны вянцамі з ружаў, а пасля балявання жавалі кветку геліятрапу, каб зрабіць дыханне духмяным. Ён адчуваў таксама прыгажосць цыцэронаўскага перыяду9, вершы Гарацыя10 або Авідзія11. Выхаваны рытарам-афінянінам, ён бегла гаварыў па-грэчаску, ведаў на памяць цэлыя ўрыўкі з «Іліяды» і ў час балявання мог спяваць песні Анакрэонта12 так доўга, пакуль не співаўся да непрытомнасці або не пачынаў хрыпець. Дзякуючы свайму настаўніку і іншым рытарам ён даведаўся пра існаванне філасофіі і разбіраўся ў ёй гэтак, што разумеў архітэктуру розных разумовых пабудоваў, узведзеных у Эладзе і ў калоніях; разумеў ён і тое, што ўсе яны ляжаць у руінах. Цына асабіста ведаў многіх стоікаў13, да якіх адчуваў антыпатыю, бо лічыў іх хутчэй палітычнай партыяй і, апрача таго, дзівакамі, ворагамі вясёлага жыцця. Скептыкі14часцяком сядалі за яго стол, абвяргаючы, паміж стравамі, цэлыя сістэмы і сцвярджаючы, з напоўненымі віном кратэрамі ў руках, што раскоша – гэта мізэрнасць, праўда – штосьці недасягальнае, і што мэтаю мудраца можа быць толькі мёртвы спакой.

Цына слухаў усё гэта, не ўдумваючыся ў сутнасць. Ён не трымаўся ніякіх прынцыпаў і не жадаў іх мець. У асобе Катона15 ён бачыў спалучэнне вялікага характару з вялікаю дурнотаю. Жыццё лічыў морам, на якім вятры разгульваюць у розных напрамках – і мудрасць, на яго думку, заключалася ў мастацтве ставіць ветразі такім чынам, каб злавіць спадарожны вецер. Апрача таго, Цына цаніў шырокія плечы, якія сам меў, здаровы страўнік, які сам меў, і пекную рымскую галаву з арліным профілем і выдатнымі сківіцамі, якую і сам меў. І ён быў перакананы, што, маючы ўсё гэта, можна неяк прайсці свой жыццёвы шлях.

Цына, не належачы да школы скептыкаў, быў скептыкам у жыцці, але адначасова і геданістам16, хаця ведаў, што раскоша не дае шчасця. Сапраўднай навукі Эпікура17 ён не зазнаў, але ў выніку сам лічыўся эпікурэйцам. Увогуле на філасофію ён пазіраў як на разумовы паядынак, не горшы за тыя, якім навучалі ланісты. Калі дыспуты яму надакучвалі, ён ішоў у цырк пазіраць, як льецца кроў.

У багоў Цына не верыў, гэтаксама як не верыў у цноту, праўду і шчасце. Верыў толькі ў варажбу і меў свае забабоны, апрача таго, яго цікавілі таямнічыя вераванні Усходу. Для рабоў ён быў добрым панам, калі толькі часовая нудота не даводзіла яго да шалёнай лютасці. Цына лічыў, што жыццё – гэта вялікая амфара, і чым лепшы гатунак віна яе напаўняе, тым вышэй яе каштоўнасць. Таму сваю амфару ён імкнуўся напоўніць як мага лепшым віном. Цына нікога не кахаў, але любіў шмат рэчаў, і сярод іншага – уласную арліную галаву з выдатным чэрапам і сваю зграбную патрыцыянскую ступню.

У першыя гады разгульнай эпохі ён любіў таксама здзіўляць Рым, і некалькі разоў яму гэта ўдалося. Пазней і да падобных рэчаў ён зрабіўся абыякавы.

II
У рэшце рэшт Цына разарыўся. Маёнтак расцягнулі крэдыторы, а Цыну засталіся толькі стомленасць, быццам пасля вялікай працы, перасыць і яшчэ адна, цалкам нечаканая рэч, а менавіта нейкі глыбокі неспакой. Але ж ён нацешыўся багаццем, нацешыўся каханнем, як яго разумеў тагачасны свет, нацешыўся вайсковаю славаю і зведаў сапраўдную небяспеку; спазнаў збольшага абсягі чалавечай думкі, сутыкнуўся з паэзіяй і мастацтвам, а таму мог меркаваць, што атрымаў ад жыцця ўсё, што толькі яно магло даць. А між тым цяпер у яго з’явілася адчуванне, быццам ён штосьці занядбаў – і да таго ж, штосьці найважнейшае. Цына, аднак, не разумеў, што гэта можа быць, і дарэмна ламаў галаву. Неаднойчы ён спрабаваў вызваліцца і ад гэтых думак, і ад гэтага неспакою, спрабаваў пераканаць сябе, што ў жыцці больш нічога няма і быць не можа. Але тады яго неспакой замест таго, каб зменшыцца, раптоўна ўзрастаў да такой ступені, што яму пачынала здавацца, быццам ён непакоіцца не толькі за сябе, але за ўвесь Рым. Ён зайздросціў скептыкам і адначасова лічыў іх дурнямі, бо яны сцвярджалі, што вакуум выдатна можна запоўніць нічым. У ім існавалі цяпер быццам бы два чалавекі, адзін з іх дзівіўся ўласнаму неспакою, а другі міжвольна прызнаваў яго цалкам слушным.

Неўзабаве пасля страты маёнтку, дзякуючы магутным сямейным уплывам, Цыну адправілі на службу ў Александрыю, у пэўнай ступені і з тою мэтаю, каб у багатым краі ён аднавіў сваё багацце. Неспакой разам з ім сеў на карабель у Брундызіі18 і спадарожнічаў яму ў моры. Цына спадзяваўся, што ў Александрыі службовыя справы, новыя людзі, іншы свет, новыя ўражанні вызваляць яго ад дакучлівага таварыша – і памыліўся. Прайшоў месяц, другі – і як зерне Дэметры19, прывезенае з Італіі, дае буйныя ўсходы на ўрадлівай глебе Дэльты, так і гэты неспакой з буйнога куста быццам бы ператварыўся ў разложысты кедр і цяпер кідаў яшчэ большы цень на душу Цыны.

Спачатку Цына спрабаваў заглушыць яго такім самым жыццём, якое ён раней вёў у Рыме. Александрыя была раскошным горадам, поўным грачанак з бялявымі валасамі і светлай скурай, якую егіпецкае сонца пакрыла празрыстым бурштынавым бляскам. Гэта ў іх абдымках ён шукаў суцяшэння.

Але калі ўсё аказалася дарэмным, Цына пачаў думаць пра самагубства. Шмат яго таварышаў пазбавіліся жыццёвых турботаў менавіта такім чынам і з прычынаў яшчэ менш сур’ёзных, чым у Цыны: часцяком толькі з нудоты, адчування пустэчы або з-за адсутнасці жадання цешыцца і надалей. Калі раб трымаў меч як след і дастаткова моцна, усё абрывалася ў адно імгненне. Цына схапіўся за гэтую думку, але калі ўжо амаль рашыўся, яго спыніў дзіўны сон. Яму прыснілася, што калі яго перавозілі цераз раку, ён убачыў на другім беразе свой неспакой у выглядзе змарнелага раба, які пакланіўся яму і сказаў: «Я выперадзіў цябе, каб сустрэць тут». І Цына ўпершыню ў жыцці спалохаўся, бо зразумеў, што калі і пра пасмяротнае існаванне ён думае з неспакоем, дык яны пойдуць туды ўдвух.

Даведзены да адчаю, Цына вырашыў зблізіцца з мудрацамі, ад якіх ажно раілася ў Серапеуме20, спадзеючыся ў іх знайсці вырашэнне загадкі. Тыя, праўду кажучы, ні ў чым не здолелі яму дапамагчы, але затое надалі яму тытул «tu museju», які надавалі звычайна высакародным і ўплывовым рымлянам. Гэта было невялікім суцяшэннем, і пячатка мудраца, дадзеная чалавеку, які не ўмеў адказаць сабе на тое, што хвалявала яго найбольш, магла здацца Цыну іроніяй. Аднак ён дапускаў, што Серапеум, магчыма, не адразу адкрывае ўсю сваю мудрасць, і таму не губляў цалкам надзею.

Самым дзейным сярод мудрацоў Александрыі быў шляхетны Тыман Афінскі, чалавек багаты і рымскі грамадзянін. Ён больш за дзесяць гадоў жыў у Александрыі, куды прыбыў, каб глыбей вывучыць таямнічую егіпецкую навуку. Гаварылі, што не было ніводнага пергамента альбо папіруса ў Бібліятэцы21, якія б ён не прачытаў, і што ён спазнаў усю чалавечую мудрасць. Да таго ж гэта быў чалавек лагодны і памяркоўны. Цына адразу вылучыў яго сярод мноства педантаў і каментатараў з застылымі мазгамі і неўзабаве завязаў з ім знаёмства, якое праз пэўны час ператварылася ў больш блізкія адносіны і нават у сяброўства. Маладога рымляніна здзіўляла яго дасведчанасць у дыялектыцы і красамоўстве, развага, з якою стары гаварыў пра рэчы ўзнёслыя, датычныя прызначэння чалавека і свету. Асабліва ўражвала ў ім тое, што гэтая развага спалучалася нібыта з нейкім смуткам. Пазней, калі яны зблізіліся, Цына неаднойчы хацеў спытаць старога мудраца пра прычыны гэтага смутку і адначасова расчыніць перад ім сваё сэрца. У рэшце рэшт так і здарылася.

III
Аднойчы ўвечары, калі пасля шумных дыспутаў пра вандроўку душаў яны засталіся сам-насам на тэрасе, адкуль было бачна мора, Цына, узяўшы Тымана за руку, адкрыта расказаў пра тое, што было найвялікшым смуткам яго жыцця і чаму ён стараўся зблізіцца з вучонымі і філосафамі з Серапеума.
— Прынамсі, у адным мне пашчасціла, — сказаў ён урэшце, — што я пазнаёміўся з табою, Тыман, і цяпер ведаю, што калі ты не вырашыш загадку майго жыцця, дык ніхто іншы не здолее зрабіць гэта.

Тыман пэўны час углядаўся ў роўную марскую тоню, у якой адбіваўся маладзік, а потым сказаў:
— Ці ты бачыў, Цына, чароды птушак, што ўзімку прылятаюць сюды са змрочнай поўначы? Ведаеш, чаго яны шукаюць у Егіпце?
— Ведаю. Цяпла і святла.
— Душы чалавечыя таксама шукаюць цяпла, што завецца любоўю, і святла, якое азначае праўду. Але птушкі ведаюць, куды ляцець па сваё дабро, а душы лётаюць па бездарожжах, заблуканыя, сумныя і неспакойныя.
— Але ж чаму, шляхетны Тыман, яны не могуць знайсці дарогу?
— Раней спачынак быў у багах, сёння вера ў багоў выгарэла, быццам алей у лямпе. Потым лічылі, што філасофія стане для душаў сонцам праўды, сёння – ты сам добра ведаеш – на яе руінах і ў Рыме, і ў Акадэміі22 ў Афінах, і тут сядзяць скептыкі, якія думалі, што яны прынеслі спакой, а на самай справе яны прынеслі неспакой. Бо адрачыся ад святла і цяпла – гэта значыць пакінуць душу ў цемры, якая і ёсць неспакоем. І вось мы, выцягнуўшы перад сабою рукі, шукаем навобмацак выйсце.
— Няўжо і ты яго не знайшоў?
— Шукаў і не знайшоў. Ты шукаў яго ў раскошы, а я ў філасофіі – і абодвух нас абкружае тая самая імгла; таму ведай, што не адзін ты пакутуеш і што ў табе пакутуе душа свету. А ці ты даўно ўжо не верыш у багоў?
— У Рыме іх яшчэ шануюць публічна і нават прывозяць новых з Азіі і Егіпта, але шчыра вераць у іх хіба толькі гандляры гароднінай, якія ўранку прыязджаюць з вёсак у горад.
— І толькі яны сапраўды жывуць у спакоі.
— Гэтаксама, як і тыя, што б’юць паклоны кошкам і цыбулі.
— Гэтаксама, як і тыя, што, як сытыя жывёлы, не прагнуць нічога іншага, апрача сну пасля ежы.
— Але ці варта тады жыць?
— Хіба мы ведаем, што прынясе нам смерць?
— Дык у чым тады розніца паміж табою і скептыкамі?
— Скептыкі пагаджаюцца з цемраю ці робяць выгляд, што пагаджаюцца, а я пакутую ў ёй.
— І не бачыш збавення?
Тыман змоўк на хвіліну, а потым няспешна, нібыта вагаючыся, адказаў:
— Я чакаю яго.
— Адкуль?
— Не ведаю.
Ён абапёр голаў на рукі і, быццам пад уплывам цішыні, якая напаўняла тэрасы, пачаў гаварыць таксама сцішаным голасам:
— Дзіўная рэч, але часам мне здаецца, што калі б у свеце не было нічога звыш таго, што нам вядома, і калі б мы не маглі быць нічым звыш таго, чым мы ёсць, дык не было б у нас гэтага неспакою… Вось так у хваробе я чэрпаю надзею на здароўе… Вера ў Алімп і філасофія памерлі, але здароўем можа стаць нейкая новая праўда, якой я не ведаю.

Нечакана размова гэтая прынесла Цыну вялікую палёгку. Пачуўшы, што хварэе не толькі ён, а хворы ўвесь свет, ён адчуў, быццам хтосьці зняў з яго вялізны цяжар і раскінуў яго на тысячы плячэй.

Пераклад з польскай мовы
Наталлі Мазоўкі

Працяг у №2(28) 2004 >>


  1. Ланіст – фехтавальшчык і трэнер гладыятараў.
  2. Рытар – прамоўца і настаўнік красамоўства.
  3. Тэпідарый – частка рымскай лазні (тэрмаў), невялікая ацепленая зала, па якой праходзілі пасля выйсця з басейнаў з халоднай вадой у памяшканні, дзе прымалі гарачыя ванны.
  4. Архіпелаг – Эгейскае мора.
  5. Лукул – Луцый Ліцыній Лукул, рымскі патрыцый, удзельнік войнаў са слынным царом Понта Мітрыдатам, якога ён перамог у 73 г. да н.э. У 74 г. да н.э. быў консулам. Пазней адышоў ад публічнага жыцця. Памёр у 56 г. да н.э. Набыў вялізныя багацці, якія ўвайшлі ў прымаўкі. Апекаваўся мастакамі і вучонымі, сам таксама пісаў па-грэчаску. Вёў раскошнае жыццё. У арганізацыі баляванняў параўнацца з ім не мог ніхто.
  6. Понт – дзяржава ў Малой Азіі ля ўзбярэжжа Чорнага мора, якое ў старажытнасці называлі Понтам Эўксінскім. Магутная ў часы Мітрыдата дзяржава Понт пасля працяглых войнаў з Рымам была заваяваная і далучаная Пампеем да Рымскай імперыі ў 63 г. да н.э.
  7. Барысфен – Днепр.
  8. Серыкум – краіна сераў ва усходняй Азіі, славутая сваітмі шаўковымі вырабамі. На поўдні край сераў межаваў з Індыяй.
  9. Цыцэронаўскі перыяд – прыгожыя, майстэрскія сказы ў лацінскай прозе, якія выкарыстоўваў у шматлікіх прамовах вялікі красамоўца і пісьменнік Марк Тулій Цыцэрон (106—43 да н.э.).
  10. Гарацый – Квінт Гарацый Флак (65—8 да н.э.), адзін з найбуйнейшых рымскіх паэтаў, аўтар слынных лірычных Песняў, а таксама Сатыраў і Лістоў.
  11. Авідзій – Публій Авідзій Назон (43 да н.э. – 18 н.э.), апошні з вялікіх рымскіх паэтаў, таленавіты элегіст.
  12. Анакрэонт з Тэаса – грэчаскі лірык сярэдзіны VI ст. да н.э., аўтар элегій, злосных ямбаў і лірычных песняў. У песнях апяваў каханне, віно, баляванні і разгульнае жыццё.
  13. Стоікі – прыхільнікі стаіцызму, філасофскай сістэмы, створанай каля 300 г. да н.э. у Афінах Зянонам з Кітыёна. Школа Зянона мясцілася ў галерэі, празванай Стоа Пойкіле – адсюль назва. Стаічная этыка абвяшчала прынцыпы жыцця чалавека згодна з прыродай і законамі сусвету. Этычным ідэалам для стоікаў было бясстраснае стаўленне (apátheja) да ўяўных дабротаў; пры гэтым рэкамендавалася выконваць абавязкі ў адносінах да іншых людзей.
  14. Скептыкі – прыхільнікі філасофскага кірунку, які ўзнік на мяжы IV і III стагоддзяў да н.э. і абвяшчаў немагчымасць пазнання. Назва кірунку паходзіць ад грэчаскага слова skeptikуs, што значыць – той, хто мае сумненні.
  15. Катон – Марк Порцый Катон, празваны (95—46 да н.э.), правадыр сенацкай партыі, непахісны абаронца рэспубліканскага ладу. Змагаўся з трыумвіратам, а потым выступаў супраць лагера Цэзара. Як прыхільнік Пампея прыняў удзел у грамадзянскай вайне супраць Цэзара, але не выявіў вялікіх вайсковых здольнасцяў. Не змог абараніць Сіцылію і, напэўна, не абараніў бы горад Утыку ў Афрыцы, дзе прыняў на сябе камандаванне пампейцамі. Атрымаўшы паведамленне пра паразу пампейцаў пад Тапсусам у Афрыцы і не жадаючы быць сведкам заняпаду рэспублікі, скончыў самагубствам ва Утыцы.
  16. Геданіст – прыхільнік геданізму, філасофскага кірунку, які абвяшчаў, што раскоша – гэта найвышэйшае дабро і галоўны матыў чалавечых дзеянняў.
  17. Эпікур (341—271 да н.э.) – грэчаскі філосаф, стваральнік філасофскага кірунку, які лічыў, што мэтай і законам жыцця з’яўляецца імкненне атрымліваць асалоду.
  18. Брундызій – партовы горад у паўднёвай Італіі, сучасны Брындызі.
  19. Зерне Дэметры – пшаніца. Багіня Дэметра ў грэчаскай міфалогіі была апякункай земляробства.
  20. Серапеум – храм Серапіса ў Александрыі, асяродак навуковага жыцця. Там знаходзілася багатая бібліятэка, у якой налічвалася каля 70 000 звіткаў папірусаў і пергаментаў. Гэты збор згарэў падчас заваявання Александрыі Цэзарам у 48 г. да н.э. Крыху пазней Антоній ахвяраваў царыцы Егіпта Клеапатры вялікія бібліятэчныя зборы з заваяванага Пергамона. З таго часу ў Серапеуме знаходзілася 200 000 звіткаў. Гэтыя зборы існавалі да V ст. н.э.
  21. Бібліятэка – Александрыйская бібліятэка, заснаваная Пталемеем I Сотэрам у IV ст. да н.э., была найвядомейшай у старажытнасці. Яе кіраўнікамі часта бывалі вучоныя і паэты. Зборы бібліятэкі налічвалі агулам каля 450 000 скруткаў (у тым ліку значную колькасць дублетаў).
  22. Акадэмія – філасофская школа ў Афінах, заснаваная Платонам у гаі Акадэмаса – адсюль назва. Афінская акадэмія існавала да VI ст. н.э. У 592 г. была зачынена паводле загаду візантыйскага імператара Юстыніяна I.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY