Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Абраз св. Цэцыліі У. Кандрусевіча.
Святлана ШЭЙПА

Беларускае Таварыства
святой Цэцыліі

У ХІХ ст. у сферы каталіцкай музыкі адбываліся змены і рэформы ў межах руху, які меў назву ад імя апякункі музыкі і музыкантаў – св. Цэцыліі. Прыхільнікі цэцыліянскага руху выступалі за аднаўленне грыгарыянскага харалу, а таксама поліфаніі старых майстроў, дбалі пра спеў вернікаў і касцёльных хораў, клапаціліся пра арганістаў і іх выхаванне1. Цэцыліянскі рух на працягу ХІХ ст. набіраў моц: заваёўваў усё больш прыхільнікаў, пашыраў геаграфію сваёй дзейнасці і ў канцы ХІХ ст. зрабіўся магутным і ўплывовым ва ўсім свеце: у Італіі, Францыі, Швейцарыі, Югаславіі, Галандыі і Амерыцы дзейнічалі таварыствы св. Цэцыліі; у Чэхіі – таварыства св. Кірыла; у Польшчы – св. Войцеха. Таварыствы цэцыліянскага кірунку паўсталі таксама ў Венгрыі, Швецыі, Іспаніі, Англіі, Даніі, Аўстрыі, а на пачатку ХХ ст. цэцыліянскі рух атрымаў афіцыйную падтрымку найвышэйшай каталіцкай улады, што было адлюстравана ў энцыкліцы Папы Пія Х Motu proprio «Inter pastoralis offici» (1903 г.).

Не абмінуў цэцыліянскі рух і Беларусь. Больш таго, ён амаль на 30 гадоў апярэджваў дзейнасць польскіх таварыстваў цэцыліянскага кірунку2 і, як здаецца, меў характар эмацыйнай рэакцыі на агульнаеўрапейскія тэндэнцыі. Ён быў абумоўлены, з аднаго боку, вызначальным у тыя часы рамантычным стылем, а з другога – заняпадам, крызісам касцёльнай музыкі. На жаль, беларускае Таварыства святой Цэцыліі не мела магчымасці раскрыцца цалкам і больш ярка. Яго рэпертуарная стракатасць сведчыць пра тое, што ў Таварыстве святой Цэцыліі яшчэ не вызначыўся музычны прыярытэт, нават ідэал, які быў акрэслены і сфармаваны толькі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Беларускі цэцыліянскі рух, як пераходная форма, у ідэалагічным плане перарос несаспелы рух Адновы на нямецкіх землях (30–40 гг. ХІХ ст.), які адмаўляў творчасць Гайдна, Моцарта, Бетховена. Але ён не дасягнуў набыткаў агульнага цэцыліянскага руху, вянцом якога з’яўляецца энцыкліка «Motu proprio» Папы Пія Х, што прапагандавала грыгарыянскі харал і поліфанію старых майстроў і фармавала асноўныя патрабаванні да сапраўднай касцёльнай музыкі: «яна павінна быць святой, высокамастацкай і ўсеагульнай»2. На жаль, захавалася вельмі мала матэрыялаў і дакументаў пра арганізацыю і дзейнасць Таварыства св. Цэцыліі на тэрыторыі Беларусі.

Станіслаў Манюшка.
Першае і, хутчэй за ўсё, адзінае, афіцыйна ўтворанае Таварыства св. Цэцыліі на тэрыторыі Беларусі з’явілася ў Вільні ў 1854 годзе3. Галоўную ролю ў фармаванні і станаўленні беларускага цэцыліянскага руху адыгралі знакамітыя беларускія кампазітары і музычныя дзеячы С. Манюшка і Ф. Міладоўскі. Хоць кола кіраўнічай рады, як падаецца, не абмяжоўвалася некалькімі асобамі, на сённяшні дзень поўны спіс арганізатараў Таварыства св. Цэцыліі ў Вільні скласці не ўдалося.

Арганізатары Таварыства бачылі сваёй галоўнай задачай стварэнне і прапаганду «добрай і паважнай музыкі», г. зн. рэпертуару, вартага каталіцкага Касцёла, што адпавядала асноўнай ідэі цэцыліянскага руху. Адным з крокаў на шляху ажыццяўлення пастаўленых задачаў было выданне касцёльнага спеўніка, змест якога мог бы задаволіць усе патрэбы Касцёла4.

У паперах С. Манюшкі захаваўся сшытак з актам заснавання Таварыства і нататкамі, якія датычылі збораў, рэпетыцый і фінансавых спраў5, – так званай хронікай Таварыства св. Цэцыліі. У гэтым дакументе С. Манюшка акрэсліў мэты Таварыства і звяртаўся да музыкантаў і ўвогуле ўсіх людзей, якім неабыякавы лёс касцёльнай музыкі: «Віленскія музыканты і аматары ў справе свайго мастацтва з мэтай пашырэння добрай і паважнай музыкі, пажадалі аб’яднацца ў хор для выканання падчас набажэнстваў найлепшых твораў як замежных, так і мясцовых, якія рыхтуем і вучым падчас сваіх лекцый і рэпетыцый. Жадаем распачаць іх пад апекай св. патронкі Музыкі. З пакорай мы накіраваліся да біскупа Віленскай дыяцэзіі, каб папрасіць дазвол змясціць у касцёле св. Яна абраз св. Цэцыліі6.

Нотны рукапіс «Польскай месы» Ф. Міладоўскага, напісаны да адкрыцця Таварыства св. Цэцыліі ў Вільні ў 1854 г.
У дзень урачыстасці св. Цэцыліі, які прыпадае на 22 лістапада, пан Міладоўскі стварыў месу, якая будзе выканана ўсімі віленскімі аматарамі і артыстамі добрай волі. Такім чынам няхай усе, каму не абыякавы поспех музыкі, робяць добраахвотныя ахвяраванні. 6 лістапада 1854 года. Вільня7.

Пра музычную дзейнасць Таварыства св. Цэцыліі, якое яшчэ мела назву Таварыства аматараў касцёльнай музыкі, таксама вельмі мала звестак. Першае ўрачыстае выступленне хору адбылося 22 лістапада 1854 г. з нагоды адкрыцця Таварыства аматараў касцёльнай музыкі – была выканана меса Ф. Міладоўскага на чатыры галасы з арганам на словы У. Сыракомлі8. Пасля штогод у гэты дзень адбываліся канцэрты, прысвечаныя св. Цэцыліі, з удзелам хору, дзе спачатку выконваліся польскія месы9v. (Гэта не агульнавядомыя звесткі, інфармацыя пададзена ўпершыню.) З «малога календара»10С. Манюшкі вядома, што ў 1855 г. была выканана меса Ф. Міладоўскага, у 1856 г. – меса С. Манюшкі, а ў 1857 г. – меса Ю. Міцкевіча.

Традыцыйным для Таварыства было ладзіць штогадовыя канцэрты ў Вялікую Пятніцу. У лісце да Ю. Сікорскага С. Манюшка пісаў: «Мы тут адбылі вялікапятнічны канцэрт з поспехам. А ўсё таму, што сам галоўную ў ім іграў ролю»12. Захаваўся і спіс твораў, выкананых на гэтым канцэрце, які адбыўся 5/17 красавіка13 1857 г.: уступ да «7 словаў...»14 Гайдна (аркестр), меса на сапранавы і альтовы хор з суправаджэннем меладыкону15 – муз. Манюшкі, сл. Адынца, каваціна Барытона з кантаты С. Манюшкі «Мадонна»17, сл. Петраркі18 (Банольдзі)19, «Tulerunt Dominum meum» – дуэт Мендэльсона на сапрана і альт, выкананы проста выключна, «Zgadzanie się z wolą Bosą» – гімн, кс. С. Красінскага, муз. Манюшкі (Залескі20), арыя Баса з Паўлюса21 Мендэльсона (Банольдзі), «Sub tuum praesidium»22 для сола барытона муз. Манюшкі (Банольдзі),«Intende voci orationis meae»23 дуэт для сапрана і альта муз. Манюшкі. Да гэтага спісу далучаюцца яшчэ два творы, якія карысталіся поспехам: арыя Страдэлі «Pieta Signore» і арыя Савінскага з араторыі «Св. Войцех»25.

Як відаць, у рэпертуары хора Таварыства св. Цэцыліі былі творы розных жанраў і музычных стыляў. Барока пададзена італьянскім кампазітарам Алесандро Страдэла (1644–1682); класіцызм – найбуйнейшым і яскравым прадстаўніком сваёй эпохі і ў цэлым музычнай культуры – Ёзафам Гайднам (1732–1809), а рамантызм – самым лепшым, на думку С. Манюшкі, сучасным кампазітарам – Феліксам Мендэльсонам-Бартольдзі (1809–1847). Таксама Таварыствам выконваўся твор і досыць буйнога польскага кампазітара, піяніста, музычнага пісьменніка Войцаха Савінскага (1805-1880). В. Савінскі напісаў шэраг опер, рэлігійных твораў, камерна-інструментальных, фартэпіянных і вакальных кампазіцый, а таксама выдаў лексікон польскіх і славянскіх музыкантаў пад назвай «Старажытныя і сучасныя польскія і славянскія кампазітары: Слоўнік. З кароткім нарысам гісторыі музыкі» («Les musiciens polonais et slaves et modernes, dictionnaire etc. Précédé d’un résumé de l’historie de la musique») (1845), які пасля пашырыў у «Слоўнік польскіх музыкантаў» («Słownik muzyków polskich») (1874)23. Адасоблена стаяла творчасць «мясцовых» аўтараў – Ф. Міладоўскага, С. Манюшкі, Ю. Міцкевіча – чые кампазіцыі акумулявалі якасці ўсіх вышэй пералічаных музычных кірункаў з прыярытэтам рамантызму. Упершыню мы сутыкаемся з асобай Юзафа Міцкевіча, аўтара танцавальных твораў: полек, кадрыляў, галопаў. Менавіта яго С. Манюшка спрабаваў заахвоціць да напісання больш паважных і сур’ёзных кампазіцый24. І, як відаць, у яго гэта атрымалася.

Па перапісцы С. Манюшкі відаць, што звыклай для ХІХ стагоддзя з’явай не толькі для Еўропы, але і тэрыторыі Беларусі, былі польскія месы. У польскіх месах замест літургічнага лацінскага тэксту выкарыстоўвалася яго тлумачэнне – так званая польскамоўная парафраза. Яна адчыняла новыя перспектывы перад кампазітарам і натхняла яго на стварэнне новых музычных форм. Аўтарамі такіх парафразаў былі паэты К. Брадзінскі, А. Фелінскі, Ф. Венжык, Ё.Д. Місановіч, У. Сыракомля і інш. Склаў польскамоўныя тэксты таксама Антон Эдвард Адынец (1804–1885), беларускі паэт, перакладчык, мемуарыст і выдавец, які доўгі час жыў і працаваў у Вільні, дзе пасябраваў з А. Міцкевічам, Я. Чачотам, Т. Занам, І. Дамейкам, І. Ходзькам25. Згадаем, што музычнае жыццё Вільні другой паловы ХІХ ст. адрознівалася ад музычнага жыцця не толькі Еўропы ці сталіцы Рэчы Паспалітай Варшавы, а нават і самой Вільні пачатку стагоддзя. Пасля закрыцця Віленскага універсітэта ў 1832 г. адбылося значнае зніжэнне агульнага ўзроўню музычнай культуры. Асноўнай праблемай быў недахоп прафесійных музыкантаў, і таму кампазітары разлічвалі на канкрэтныя выканаўчыя магчымасці і абмяжоўваліся толькі імі.

У рэпертуары Таварыства св. Цэцыліі былі творы для сольных галасоў, хору і аркестра. Станіслаў Манюшка разлічваў на сваіх сяброў, салістаў Банольдзі, Залескага і, хутчэй за ўсё, пісаў свае творы спецыяльна для іх. Што датычыцца хораў, то С. Манюшка наракаў на тое, што ў лепшым выпадку мог сабраць каля сябе дваццаць чалавек. Але, на жаль, кампазітар у сваіх лістах не пісаў пра выканальніцкія магчымасці хору26. Больш пададзена звестак пра выканаўчыя магчымасці віленскага аркестра27. Вось якую характарыстыку яму даў сам С. Манюшка: «Аркестр наш неўкамплектаваны. Фаготу – ні паху, габой – адзін, і толку з яго... Кларнет такі фальшывы, што лепш, каб яго ўвогуле не было. Валторна вельмі слабая, трубы яшчэ слабейшыя, затое трамбон грае за ўсіх. Літаўры ў дасканальным стане, але няма таго, хто б на іх граў; квартэт28 болей чым пасрэдны... І пасля такіх тлумачэнняў ты мяне, безумоўна, запытаеш, якім чынам адбываецца канцэрт? Адказваю: пішу непасрэдна для нашага аркестра – ведаю ўсе слабыя месцы, «плыву» асцярожна і неяк мне ўдаецца. Тое, што пішу, прынамсі пры добрай дозе падрыхтоўкі, разумення і навыках, можна слухаць. А што б было пры добрым выкананні! Зрэшты да суправаджэння маёй музыкі яны здольныя, гралі з німі Ліпінскі29, Уле Буль (Olebul)30, Сэрвэ (Servais)31, Анры В’етан(Vieuxtemps)32...»33 Нататкі пра Таварыства С. Манюшка пісаў нерэгулярна, да 1863 года, калі цалкам скончыўся яго кантакт з Таварыствам, а само яно распалася34: з’ехалі галоўныя натхняльнікі – С. Манюшка паехаў працаваць у Варшаву (1858), Ф. Міладоўскі пераехаў на сталае жыхарства ў Францыю (1862).

* * *

Беларускі цэцыліянскі рух адлюстраваў агульнаеўрапейскія тэндэнцыі таго часу і зрабіў свой унёсак у развіццё паўсюднага цэцыліянскага руху. Адным з напрамкаў палітычнай дзейнасці Расійскай імперыі было жаданне адасобіць беларускі Каталіцкі Касцёл ад Еўропы і лакалізаваць яго, і музычны цэцыліянскі рух на Беларусі быў як раз тым звяном, які злучаў з захадам і не даў цалкам здзейсніцца гэтаму плану. Ва ўмовах, калі Вільня паступова губляла ролю беларускага культурнага цэнтра, а ў заняпад прыйшла беларуская сістэма адукацыі, Каталіцкі Касцёл быў тым адзіным інстытутам ва ўлонні якога захоўваліся музычныя традыцыі. Цэцыліянскі рух узбагаціў музычна-культурнае жыццё не толькі Вільні, але і ўсёй Беларусі. Ва ўмовах абмежаваных выканальніцкіх магчымасцяў ён здолеў стварыць якасна новы беларускі рэпертуар (творчасць С. Манюшкі, Ф. Міладоўскага, Ю. Міцкевіча) і надалей спрыяў яго фармаванню.


  1. Больш поўна пра цэцыліянскі рух можна прачытаць у артыкуле С. Шэйпы «Цэцыліянскі рух і рэформа касцёльнай музыкі пачатку ХХ стагоддзя» // Наша вера. № 4, 2001.
  2. Цэцыліянскі рух і рэформа касцёльнай музыкі пачатку ХХ стагоддзя // Наша вера. № 4, 2001
  3. Па звестках кс. Г. Мізгальскага (Podrкęyna encyklopedia muzyki kościelnej. Poznań, 1959), Таварыства св. Цэцыліі ў Вільні з’явілася ў 1853 годзе.
  4. Гл.: St. Moniuszko. Listy zebrane. wyd. W. Rudziński. Kraków, 1969. № 183, s. 200.
  5. Тамсама. Рэдактарскае дапаўненне В. Рудзінскага да ліста № 183, с. 201.
  6. Спецыяльна дзеля такой нагоды сябрам і выхаванцам С. Манюшкі мастаком Слядзінскім быў намаляваны абраз апякункі музыкантаў (фундаваны С. Манюшкам), змешчаны ў аддадзенай Таварыству капліцы св. Ганны. Разам з С. Манюшкам абраз св. Цэцыліі «пераехаў» у Варшаву і быў перададзены ў касцёл на Грыбаве, адкуль знік падчас вайны 1944 года // St. Moniuszko. Listy uebrane. wyd. W. Rudziński. Kraków, 1969. № 218, с. 237.
  7. W. Rudziсski. St. Moniuszko. Krakуw, 1955, s. 224.
  8. St. Moniuszko. Listy zebrane. wyd. W. Rudziński. Kraków, 1969. № 183, s. 200.
  9. Тамсама. Каментар В. Рудзінскага да «малога календара», с. 626. Польскімі называлі месы, у якіх замест літургічнага лацінскага (кананічнага) тэксту выкарыстоўвалася яго тлумачэнне – так званая польскамоўная парафраза. Практыка такіх месаў у ХІХ – пачатку ХХ ст. была досыць распаўсюджанай з’явай.
  10. St. Moniuszko. Listy zebrane. wyd. W. Rudziński. Kraków, 1969. № 813, s. 625. Назву гэтаму дакументу даў В. Рудзінскі.
  11. St. Moniuszko. Listy zebrane. wyd. W. Rudziński. Kraków, 1969. № 225, s. 245–246.
  12. Тамсама, № 225, с. 245–246.
  13. Маецца на ўвазе ўступ да араторыі «7 апошніх словаў нашага Збаўцы» Гайдна для 4 салістаў, змешанага хору і аркестра.
  14. Гэта меса e-moll «Пане, Пане змілуйся» («Panie, Panie zmiłuj się»), першая версія якой напісана ў 1855 г. для выканання 3-галосым жаночым хорам у суправаджэнні аргана, а другая – у 1870 г. для 3-галосага жаночага хору, струннага квінтэта і аргана // Encyklopedia muzyczna PWM, czкњж biograficzna. Kraków, 2000, s. 322.
  15. Кантата «Мадонна» для сола баса, хора і аркестра // Encyklopedia muzyczna PWM, część biograficzna. Kraków, 2000, s. 323.
  16. На тэксты санетаў Петраркі // Encyklopedia muzyczna PWM, część biograficzna. Kraków, 2000, s. 323.
  17. Юзаф Ахіл (Achilles) Банольдзі (1821–1871) – па паходжанні італьянец; спявак і літаратар. У 1842 г. Ю. А. Банольдзі прыехаў у Вільню, дзе выкладаў спевы ў Шляхецкім інстытуце. Ён пасябраваў з С. Манюшкам і пэўны час быў галоўным выканаўцам яго песняў, а таксама галоўнай партыі віленскай версіі оперы «Галька». Ён пераклаў лібрэта гэтай оперы на італьянскую мову. У выніку лістападаўскага паўстання Ю. А. Банольдзі вымушаны быў выехаць у Парыж, дзе і загінуў падчас падзеяў Парыжскай Камуны // Encyklopedia muzyczna PWM, część biograficzna. Kraków , 2000, s. 362.
  18. Ігнат Залескі – спявак, які спрабаваў сябе ў якасці кампазітара. У нотным дадатку «Музычнага руха» (№ 18, 1857) знаходзяцца дзве яго песні на словы У. Сыракомлі «Korale (бусы, каралы)» і «Кракавяк у Літве» // St. Moniuszko. Listy zebrane. wyd. W. Rudziсski. Kraków, 1969. № 222, s. 242.
  19. Так С. Манюшка называў араторыю «Павел» Ф. Мендэльсона-Бартольдзі.
  20. «Sub tuum praesidium» – песня для сола барытона, створаная ў 1846–1857 гг. у перакладзе Я. Хэнцінскага. Твор меў некалькі выканаўчых версій: для барытона з аркестрам, для барытона з арганам, для барытона з фартэпіяна // Encyklopedia muzyczna PWM, część biograficzna. Kraków, 2000, s. 321.
  21. Ks. G. Mizgalski. Podrкczna encyklopedia muzyki kościelnej. Poznań, 1959. s. 462.
  22. W. Rudziсski. St. Moniuszko.Kraków, 1955, s. 100, 267.
  23. Асветнікі зямлі беларускай. Мінск, 2001, с. 13.
  24. Z. Jachimecki. Muzyka kościelnej Moniuszki. Łodź, 1947, s. 2.
  25. Хутчэй за ўсё, гэта аркестр музычнага тэатра Вільні, які С. Манюшка як яго кіраўнік і далучыў да такой паважнай справы.
  26. Маецца на ўвазе струнная група аркестра.
  27. Караль Юзаф Ліпінскі (1790–1861) – скрыпач, кампазітар і педагог, які з вялікім поспехам канцэртаваў у Францыі, Германіі, Англіі, Аўстрыі, а таксама па ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Разам з Н. Паганіні ён граў на ўрачыстасцях, прысвечаных каранацыі Мікалая І (Варшава, 1829). К. Ю. Ліпінскім былі напісаны 3 сімфоніі, 4 скрыпічныя канцэрты, Rondo alla Polacca, 3 паланэзы, 2 экспромты і інш. Яго творы былі забытыя, бо не вылучаліся арыгінальнасцю кампазітарскай думкі і наватарствам. Пасля сябе К. Ю. Ліпінскі пакінуў збор каштоўных старых італьянскіх інструментаў, у тым ліку скрыпку Дж. Гварнеры, А. Амаці // Polski słownik biograficzny. Tom XVII. Wrocław–Warszawa–Kraków, 1972, s. 393–395.
  28. Уле Буль (1810–1880) – нарвежскі скрыпач, кампазітар, музычны фалькларыст, музычны дзеяч. Самабытны рамантычны выканаўчы стыль Уле Буля склаўся пад уплывам мастацтва Н. Паганіні, а таксама нарвежскага народнага выканання на хардынгфеле. Яго творы, запісы і апрацоўкі народных песняў садзейнічалі фармаванню нарвежскай кампазітарскай школы. Уле Буль з’яўляецца заснавальнікам першага нарвежскага тэатра «Нацыянальная сцэна» (Берген, 1850). Сярод яго твораў: канцэрт для скрыпкі з аркестрам, скрыпічныя п’есы, хоры, музыка да драматычных спектакляў // Музыкальный энциклопедический словарь. Москва, 1991, с. 86.
  29. Андрыен Франсуа Сэрвэ (1807–1866) – віяланчэліст, кампазітар і педагог.А. Ф. Сэрвэ – адзіны з найбуйнейшых віяланчэлістаў свайго часу. Ён выступаў у ансамблі са скрыпачамі А. В’етанам і Ю. Манарам, у супрацоўніцтве з якімі напісаў шэраг інструментальных ансамбляў. А. Ф. Сэрвэ напісаў 2 канцэрты, 16 фантазій для віяланчэлі і шмат інш. // Музыкальный энциклопедический словарь. Москва, 1991, с. 493.
  30. Анры В’етан (1820–1881) – бельгійскі скрыпач, педагог і кампазітар, адзін з найбуйнейшых скрыпачоў рамантычнага кірунку, які сцвердзіў сусветнае значэнне бельгійскай нацыянальнай скрыпічнай школы. Сярод твораў Анры В’етана 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам, п’ес // Музыкальный энциклопедический словарь. Москва, 1991, с. 118.
  31. Z. Jachimecki. Muzyka kościelnej Moniuszki. Łodź, 1947, s. 1–2.
  32. W. Rudziсski. St. Moniuszko. Kraków, 1955, s. 224.
  33. С. Шэйпа. Цэцыліянскі рух і рэформа касцёльнай музыкі пачатку ХХ стагоддзя // Наша вера, № 4, с. 47–48.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY