Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

Сын Браніслава Туронка

Да 75-годдзя з дня нараджэння

Больш чым праз паўвекавую ростань cын і бацька спаткаліся на старонках «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Цяпер яны побач… У першай кнізе шостага тома можна прачытаць: «Туронак Браніслаў (22.6.1896, фальв. Пестуны Новапагосцкай вол. Дзісенскага пав. — 19.9.1938), беларускі культурна-грамадскі дзеяч, публіцыст... Бацька Ю.Б. Туронка...». Аднолькава як і пра нашчадка: «Туронак Юры Браніслававіч (26.4.1929, мяст. Дукшты Свянцянскага пав. .....), польскі даследчык беларускай гісторыі, культуры, асветы...»1.

Што да сына-юбіляра, якому сёлета спаўняецца 75 гадоў, патрэбны ўдакладненні. Па-першае, ягоны дзень нараджэння прыпадае на 27 красавіка. Па-другое, назваць Юрыя Туронка «польскім даследчыкам»не зусім, хіба, правільна. Мне лепш бачыцца фармулёўка «беларускі даследчык у Польшчы». (Не кажам жа мы пра Сакрата Яновіча, што ён «польскі празаік, які піша па-беларуску...»; зрэшты, аніякага персанальнага артыкула ў ЭГБ Сакрат «не заслужыў», быццам і не пісаў гістарычнай аповесці «Сярэбраны яздок» і слыннага на ўсю Польшчу эсэ «Беларусь, Беларусь»).

Як і бацька Браніслаў, палова жыцця якога сплыла па-за межамі тагачаснай дзяржаўнай Беларусі, сын Юры, таксама жывучы ў іншай краіне, заўсёды носіць Беларусь у сваім сэрцы. Гэтак лёс распарадзіўся не з аднымі Туронкамі. Мільёны беларусаў, выгнаныя з родавых котлішчаў жахлівымі катаклізмамі першай паловы ХХ стагоддзя, не вярнуліся на Бацькаўшчыну.

Радзімыя вытокі Туронкаў — блакітнавокая азёрная Дзісеншчына. Там, на Мёршчыне і Браслаўшчыне, ёсць вёскі Пестуны і Дзянісы — дзедаўшчына і прадзедаўшчына юбіляра. Адтуль паходзілі бацька Браніслаў, дзед Сцяпан — беззямельныя сяляне. Продкі па кудзелі, Марылі Рэшацянкі (1905-1983) — з лясной Беласточчыны, дзе ў вёсцы Рушчаны каля Харошчы апроч яе нарадзіліся яшчэ дзве сястры і тры браты. Найстарэйшы, Язэп Рэшаць (1890—1958), стаў святаром і вядомым нацыянальным дзеячам.

Сам Юрка гадаваўся ў мястэчку Дукшты колішняга Свянцянскага павета, дзе асталявалася сямейка маладажонаў (шлюб маладыя бралі 31 студзеня 1928 г. у віленскім касцёле св. Якуба, каля Лукішак). Сюды Браніслаў здолеў прыехаць на сталае жыхарства пасля заканчэння медыцынскага факультэта Віленскага універсітэта (1924), атрымаўшы пасля двухгадовай стажыроўкі ў «Літоўскай клініцы» на вуліцы Віленскай дыплом лекара медыцынскіх навук (03.07.1926). Хоць на правінцыі лекару-неафіту хапала клопату, але «дукштанскія будні значна адрозніваліся ад віленскіх, поўных напружання і самаадданай грамадскай працы, якой карысць не вымяралася залатоўкамі»2 . У Дукштах нарадзіліся і малодшыя Туронкі: Андрэй (24.02.1931) і Міхась (20. 03.1935). Зрэшты, калі быць дакладным, усіх трох сыноў Марыля нараджала ў віленскай клініцы, куды ўладкаваць яе мужу-лекару не складала праблем (як ніяк — значна лепшы догляд і адпаведныя ўмовы для парадзіхі). Аднак лічыцца, што нарадзіліся яны ў Дукштах, дзе ў тамтэйшым касцёле ўсе трое і ахрышчаныя.

Вільня ж прыйшла ў лёс Юрыя ў ваеннае ліхалецце, калі ў 1942 годзе, закончыўшы Дукштанскую пачатковую школу, увосень сіратою давялося ўладкоўвацца ў летувіскую Віленскую гімназію № 1. Дырэктар, колішні знаёмец бацькі (Браніслаў Туронак памёр у верасні 1938 г., застудзіўшыся на возеры Дзісна), вызваліў Юрыя ад платы за навучанне. Потым была вучоба ў паваенных Беластоцкім і Ольштынскім ліцэях, у Шчэцінскай гандлёвай акадэміі і Варшаўскай галоўнай школе планавання і статыстыкі. Заканчваў яе Туронак у 1952 г., працуючы ўжо ў сталіцы Польшчы ў ЦІЭХу — Цэнтралі па імпарце і экспарце хімікатаў. На пачатку 1956 г. перавёўся ў Польскую знешнегандлёвую палату, якая праз год распачала выданне перыёдыка «Замежныя рынкі» («Rynki Zagraniczne»). Там і адпрацаваў каля 40 гадоў: выйшаўшы на пенсію ў 1994 г., не кідаў супрацоўніцтва з «Замежнымі рынкамі», гэтаксама як і з Інстытутам славістыкі Польскай Акадэміі Навук.

У кожнага чалавека свой шлях. Гэтым кожны з нас адметны і непаўторны. Здаецца, яно проста і нескладана: быць самім сабой. Ды не заўсёды ўдаецца ісці сваім шляхам, часта ён бывае мройліва-падманным, прыдуманым.

Шлях Туронка-хіміка, эксперта па хімічных таварах, таксама не зусім быў ягоным (як дэлегат ад Польшчы ў 1964–1986 гадах Юрка Туронак удзельнічаў у працы Камітэта хімічнай прамысловасці Еўрапейскай эканамічнай камісіі ў Жэневе). Усё гэта ён трываў найперш дзеля сям’і і дабрабыту ў матчыных Трыпуцях, дзе прападаў кожнае лета. Сямейна. З рупліваю і сімпатычнаю жонкаю Зінаю (настаўніцаю беларускай мовы з-пад Супраслі; з дому Бурыла) і дочкамі Наташай і Ганяй. Нават стаўшы аўтарам першай кніжкі «Польшча на міжнародным хімічным рынку» (1972), Юрка Туронак па-ранейшаму адчуваў глыбокую незадаволенасць: не так, не так пражываю дадзенае Богам жыццё! Цяпер, згадваючы з вышыні гадоў сваю «імпартна-экспартную» і «эканамічна-статыстычна распланаваную» маладосць, пан Юры невясёла прызнаецца: «...гэта было не тое, чаго хацелася: у першым выпадку — механічная чыноўніцкая праца і ў другім — казкі пра сталінскія планы пераўтварэння прыроды... Мяне вабіла сур’ёзная даследчыцкая праца»3 .

Пэўным адхланнем была грамадская чыннасць. Калі ў сярэдзіне 1950-х у СССР і яе саталітарным суседстве пацягнула паслясталінскай «адлігай», на беларускіх землях Польшчы, у Беластоку, узнікла Беларускае грамадска-культурнае таварыства. «І я звязаўся з гэтымі хлопцамі. 13 мая 1956 года быў заснаваны Варшаўскі аддзел БГКТ, і я адразу ўвайшоў у склад яго праўлення, а ў кастрычніку стаў старшынёю аддзела і быў ім аж да 1966 года». Але і дзесяцігоддзі грамадскай чыннасці (у 1970–1975 гг. Юрка Туронак цягнуў лямку старшыні Навуковага гуртка БГКТ) не прыносілі жаданага маральнага задавальнення. Высокае крэда «сур’ёзная даследчыцкая праца» па-ранейшаму заставалася няздзейсненым імператывам.

Што ж, кінь за плячыма — знойдзеш перад вачыма. Таленавіты чалавек нават за сухімі калонкамі лічбаў здолее пабачыць жывую тканку гісторыі. Перспектыўны хімік захапіўся гісторыяй Беларусі ХХ стагоддзя. Гісторыяй яшчэ неастылай, як прысак на радзімым котлішчы далёкай Браслаўшчыны. Гісторыяй, сведкам і ўдзельнікам якой стаў ягоны бацька Браніслаў ды й ён сам. Найбольшай удачай Туронка-малодшага трэба лічыць доктарскую дысертацыю, напісаную ім у Інстытуце гісторыі Польскай Акадэміі Навук пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Ласоўскага. Даследаванне «Białoruś pod okupacją niemiecką» вытрымала два выданні ў Польшчы (1989, 1993) і ў перакладзе на беларускую мову (1993). Толькі адзін прыклад у лічбах. Менавіта Юры Туронак сцвердзіў, што прапагандаваная нядаўняй савецкай агітацыйнай машынай лічба «2,2 мільёна ахвяр нямецкага генацыду» зляцела дзесь да 750 тысяч. У той час як лічба ахвяр сталінскага генацыду паднялася да 1,8 мільёна беларусаў4 . «Панішчаных — без віны, без права, без следу ў народнай памяці» (Васіль Быкаў).

Дзесяцігоддзі руціннай працы не прамінулі для Беларусі марна.

Гэта — што да высноваў відавочных, лічбавых. А пра генацыд духоўны? Паводле ацэнак калег, «аўтар не працаваў на загадзя вызначаныя, папярэдне прынятыя тэзісы, падбіраючы факты пад ідэю... Наадварот, Туронак стараўся перш за ўсё праз аналіз дакументаў вызначыць дэталі падзеяў і толькі на іх аснове даваць гістарычныя ацэнкі і фармуляваць высновы» (Г.Сагановіч). І вось адна з такіх высноваў: «Той факт, што ў зняволенай беларускай сталіцы працавалі толькія беларускія школы, а ў вызваленай — амаль толькі расійскія, дастаткова сімвалічны і не патрабуе каментарыяў»5 .

Вызваляць свядомасць людзей з палону хлуслівых прапагандысцкіх клішэ – гэта як разбіваць ланцугі на руках нявольнікаў. Юрка Туронак вярнуў у кантэкст нацыянальнай гісторыі не толькі імя свайго бацькі Браніслава Туронка, але і Вацлава Іваноўскага, якому прысвяціў манаграфічнае даследаванне «Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі»6.

Асаблівай увагай у Ю.Туронка карыстаецца гісторыя каталіцтва на Беларусі. Ёй прысвечаны шматлікія публікацыі на старонках часопіса «Наша вера»7 , у склад рэдкалегіі якога ён уваходзіць ад самага пачатку як мудры дарадца і актыўны аўтар. Тым самым працягваецца грамадская праца, якой у Заходняй Беларусі быў пазбаўлены ягоны бацька Браніслаў Туронак, адказны рэдактар «Крыніцы». Аднолькава, як і роднаму дзядзьку Браніслава, ксяндзу Ігнату Туронку не на ўсю моц удалося паслужыць сваім парафіянам. Падчас Першай сусветнай вайны ён апынуўся ў бежанстве і памёр у 1916 годзе ў Арэнбургу, куды быў прымусова вывезены.

Гэтаксама як і роднаму дзядзьку самога пана Юрыя, ксяндзу Язэпу Рэшацю, найстарэйшаму брату ў мамінай сям’і, які адно паспеў выдаць на радзіме «Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў» (1927), а таксама ўласныя драматычныя творы «Першыя ластаўкі» (1931) і «Зорка-Ідэя» (1933) перш чым з’ехаў у далёкую Амерыку і «прыняў законніцкае пасвячэнне, узяўшы імя Атаназы». Ён памёр у 1958 г. У адной з фінальных сцэнаў драматычнага твора кс. Я. Рэшаця дзед прароча цешыцца з патрыятызма ўнука: «Не загіне народ, не загіне! О святая пара лет маладых, ты пражываеш светлую хвіліну натхнення!... Дай жа, Божа, пекнага ўраджаю працы вашай на славу, на дабро народу беларускага!»8 . На справядлівасць і праўдзівасць асвятлення шляхоў беларускай нацыі.

Пасля зробленага і адкрытага Ю. Туронкам у гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя пісаць па-ранейшаму, як пісалася ў савецкія часы, ужо не выпадае. Вось чаму і раман В.Якавенкі «Надлом» (2003) чытаецца толькі ў кантэксце Туронкавай «Беларусі пад нямецкай акупацыяй».

У апошнія гады да ўсяго творча-захапляльнага ў жыцці няўрымслівага пана Юрыя дадаўся занятак не менш творча-пазнавальны: гадаванне ўнука Аляма, якога з сімпатычнай бабцяй Зінай прычакаў на 71-м годзе жыцця. («Унучак часта сядзіць на каленях, працуем разам, і можа таму работа не ідзе так хутка. Але без яго яшчэ горш. Нядаўна выехаў з Ганяй на тыдзень, то бабка і дзедка былі амаль хворыя»). Менавіта трэцяя квадра стагоддзя, ахвяраваная ў жыцці Юрыя Туронка на навукова-архіўную працу дзеля вывучэння гісторыі Беларусі, сталася для яго найбольш плённай. А хацелася б яшчэ гэтак працаваць і надалей! Кожная запаволенасць-замаруджанасць бачыцца недаравальна растрачаным імгненнем адзінададзенага Богам жыцця. Але, як ён сам прызнаецца ў адным з лістоў, на варштаце новыя тэмы — «пабачым, што атрымаецца...».

Што ж, хай шчасліва пішацца працавітаму і нястомнаму, стрыманаму і прынцыповаму, жартаўліваму і непахіснаму, як і належыць пракаветным інтэлігентам нашай зямлі, Юрыю Туронку на знакамітым паддашку хаціны ў Трыпуцях (з 1967 года сям’я Туронкаў праводзіць там кожнае лета) і ва ўтульнай кватэры высачэзнага варшаўскага хмарачоса на вуліцы Тамка, адкуль віднеецца ўся-ўсенькая Варшава і радзімая Беларусь – ад Дзісеншчыны да Беласточчыны, адкуль раскрываецца ўся шматпакутная гісторыя Бацькаўшчыны, якой ён прысягнуў, прыгадваючы словы незабыўнага Уладзіміра Караткевіча, «паслужыць мала ці многа, але да канца».

А працы тут па-ранейшаму багата, бо жніво беларускае вялікае, а жняцоў скупавата. Ды і тых спрабуюць закасаваць на палетках нашай нацыянальнай памяці, прыглушанай, вышчарбленай і перапісанай, каб дагадзіць чарговым валадарам. Так закасавалі на старонках апошняй універсальнай беларускай энцыклапедыі імя Браніслава Туронка (почырк той самы, як з Сакратам Яновічам у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»), пакінуўшы на самоце ягонага сына Юрыя, аднаго з слыннага роду9 .

Ды як сказаў яшчэ адзін наш сучасны паэта:
Каб нас не забылі, пакінем нашчадкам імёны
Пакінем імёны! – адно на мільён дастаткова,
Каб выспела Ніва, дзе будзе пасеяна Слова, —
А Слова кладзецца на Слова, як колас на колас
Кладуцца, каб выстаяць вецер
...
(У. Някляеў)

Выстаіць і нашая Бацькаўшчына. З усведамленнем, што застацца непадуладнай аніводнаму дыктату — гэта найвышэйшая Боская праява кожнай галіны чалавечай дзейнасці. У тым ліку і гістарычнай навукі. А постаці Туронкаў тут — невыпадковыя і такія важныя для беларускай гісторыі.


  1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. — Мн., 2001. Кн. 1. С. 543.
  2. Туронак Ю. Памяці Браніслава Туронка. Варшава–Ню-Ёрк., 1990. С. 51.
  3. Туронак Ю. Крыху пра сябе // Скарыніч: Літаратурна-навуковы гадавік. Вып. 4. — Мн., 1999. С. 196.
  4. Туронак Ю. «Кожны чацвёрты» і Курапаты // Кантакт: Шляхі беларускай думкі. 1989. № 1. С. 17-23.
  5. Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Пераклад з польскай В. Ждановіч. Мн.: Беларусь, 1993. С. 203.
  6. Turonek Jerzy. Wacіaw Iwanowski i odrodzenie Białorusi. — Warszawa, 1992. 148 s.
  7. Фармаваньне сеткі рыма-каталіцкіх парафіяў ў Беларусі (1387-1781) // Наша вера. 1995. № 1, Язэп Германовіч — сьвятар і пісьменнік // Наша вера. 1996. № 1; Да гісторыі беларускага каталіцкага душпастырства ў Мінску: Трагізм і загадкавасьць лёсаў // Наша вера. 1996. № 1-2; Канфесійныя трансфармацыі на Беларусі // Наша вера. 1998 № 2 (5); З пачыну пралата Стэфана Дэнісевіча // Наша вера. 2001. № 2; Падрэзаныя крылы // Наша вера. 2003. № 2 (24).
  8. Цыт. паводле: Харужы Вячаслаў. Ксёндз Юзаф (Атаназы) Рэшаць // Наша вера. 2000. № 2. C. 63.
  9. Беларуская энцыклапедыя. — Мн., 2003. Т. 16. С. 50.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY