Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Малюнак І. Андэрле.
Дантэ АЛІГ’ЕРЫ

Пра народнае
красамоўства

Кніга Першая

І. Паколькі нам невядома, каб хто іншы перад намі разглядаў калі-небудзь вучэнне пра народную гаворку1 , і мы лічым гаворку гэтую ўсім неабходнаю, бо не толькі мужчыны, але і жанчыны, і дзеці згодна з магчымасцямі сваімі імкнуцца да яе далучыцца, і жадаем неяк прасвятліць розум тых, хто блукае па плошчах быццам сляпы, часцяком прымаючы за тое, што наперадзе, тое, што ззаду, з дапамогаю Слова з Нябёсаў пасланага, пастараемся гаворцы простага люду карысці надаць не так наліваючы сок нашага розуму ў яе келіх, як скарбы яе збіраючы і ад іншых прымаючы, і злучым разам лепшае, каб стварыць найсаладзейшае пітво мядовае2 .

Але паколькі кожнае вучэнне не толькі апісаць трэба, але і раскрыць яго прадмет, каб стала вядома, што ёсць тое, чым яно займаецца, мы скажам, што пад народнаю гаворкаю разумеем тую, да якой далучаюцца дзеці, якіх яна атачае, калі пачынаюць адрозніваць першыя гукі; ці, карацей кажучы, пад народнаю гаворкаю мы разумеем тое, што без усялякіх правілаў ад карміцелькі цераз прыпадабненне засвойваецца. Існуе яшчэ іншая гаворка, якую Рымляне называлі граматыкай3 : і такую ж Грэкі маюць ды іншыя народы, але не ўсе: не многім дадзена авалодаць ёю, бо патрабуюцца час і пра- цяглае навучанне, каб спасцігнуць правілы яе і дактрыну.

З гэтых дзвюх гаворак паўсюдна больш высакароднай ёсць народная; і таму, што перш-наперш выкарыстоўваецца чалавечай істотай, і таму, што ўвесь свет ад яе асалоду мае, хоць і падзеленая яна на словы і выразы адрозныя; і таму, што для нас ёсць больш натуральная, тым часам як другая хутчэй штучная.

І намер наш аб больш высакароднай паразважаць.

ІІ. Яна нашай галоўнай гаворкай з’яўляецца: і я кажу нашай не таму, што існуюць іншыя гаворкі, апрача чалавечай; але сярод усіх істотаў толькі чалавеку слова было дадзена, як толькі яму неабходнае. Ні анёлам, ні звярам непатрэбна было слова, было б яно ім зусім без карысці, а Прырода адкідае тое, у чым карысці няма.

Калі ж мы захочам больш уважліва разгледзець да чаго імкнёмся ў размове, то ўбачым, што толькі да таго, каб выказаць іншым думкі розуму нашага. А паколькі анёлы для выяўлення сваіх добрапрыстойных думак надзвычайную хуткую разумовую здольнасць маюць, дзякуючы якой бачныя адзін аднаму або самі па сабе, або пасяродкам таго найсвятлейшага люстэрка4, дзе яны адбіваюцца ва ўсёй прыгажосці і прагна сябе сузіраюць, то зразумела робіцца, што не маюць яны патрэбы ні ў якім слоўным знаку. А калі нехта згадае якога з неба выгнанага, то ёсць два спосабы адказаць: па-першае, калі гаворка ідзе пра рэчы дабру неспрыяльныя, то няварта ўвагу на іх звяртаць, раз не захацелі яны даручыць сябе Божаму Провіду; па-другое, і гэта найлепш, тым дэманам, каб выявіць адзін перад адным сваю падступнасць, не патрабуецца ведаць нічога іншага, апрача таго, што яны ўжо добра ведаюць, бо спазналі адзін аднаго яшчэ да свайго падзення.

Гэтаксама і звярам, істотам ніжэйшым, што кіруюцца толькі інстынктам сваім, слова не было дадзена, бо тыя, што належаць да аднаго віду, маюць аднолькавыя паводзіны і звычкі і па ўласных могуць іншых пазнаць; а тыя, што да розных відаў належаць, не толькі ў слове патрэбы не маюць, але займелі б ад яго шкоду, бо няма паміж імі ніякіх прыязных зносінаў.

А калі хто запярэчыць нам, што змей, які размаўляў з першай жанчынай, і асліца Валаамава словы прамаўлялі, то мы адкажам, што праз асліцу анёл, а праз змея д’ябал дзейнічалі, каб жывёлы гэтыя рухалі сваімі органамі такім чынам, што ў выніку голас іх гучаў як сапраўдная гаворка, не зважаючы на тое, што моваю асліцы рык стаўся, і сіпеннем сталася мова змея. Калі ж хтосьці возьмецца супрацьлеглае даказваць, з таго зыходзячы, што Авідзій у V частцы «Метамарфозаў» гаворыць як сарокі5 размаўляюць, то мы адкажам, што гэта ён фігуральна кажа, іншае маючы на ўвазе. Калі ж настойваць будзе, што і цяпер сарокі ці іншыя птушкі размаўляюць, скажам мы, што дзеянне іх гэтае ёсць не мова, а пэўнае прыпадабненне голасу чалавечаму; бо прыпадабняюцца яны ў гучанні, а не ў слове. Там, дзе на слова «сарока» адказваюць таксама «сарока», адбываецца нішто іншае як гукавое ўзнаўленне ці імітацыя таго, хто першы сказаў.

Такім чынам відавочна, што слова было толькі чалавеку дадзена. А чаму яно для яго неабходным стала, паспрабуем коратка паказаць.

ІІІ. Дык вось, раз чалавек не прыродным інстынктам рухомы, а розумам, і розум здольнасцю разважаць ці меркаваць ці выбіраць у асобнага чалавека гэтак адрозніваецца, што кожны такой сваёй асаблівасцю задаволены, мы лічым, што ніхто не разумее іншага чалавека па сваіх уласных учынках і страсцях, як між жывёламі адбываецца. Але і пасяродкам духоўнага сузірання, як анёлы, не могуць яны адзін аднаго спасцігаць, бо дух чалавечы ў грубай і цёмный цялеснай абалонцы хаваецца6 .

Сталіся такім чынам неабходнымі для роду чалавечага пэўныя разумовыя і пачуццёвыя знакі для выказвання думак; таму што для ўспрымання ад розуму і для перадачы ў розум знак павінен быць разумовым, і калі не існуе іншай магчымасці для перадачы чагосьці ад аднаго розуму да другога іначай як праз пачуцці, то гэты знак павінен быць і пачуццёвым, бо калі б ён быў толькі разумовым, то не мог бы працінаць, а калі б толькі пачуццёвым, то ні з розуму не мог бы ўспрымацца, ні ў розум перадавацца.

І гэта ёсць пацвярджэннем высакароднасці прадмету, які намі разглядаецца, з той прычыны, што ён пачуццёвы, бо гэта гук, і разумовы, бо азначае што-небудзь адпаведна нашаму жаданню.

IV. Што толькі чалавеку мова дадзена была з вышэйсказанага вынікае. Цяпер, мы лічым, трэба паглядзець, хто з людзей яе найперш атрымаў і што ён найперш сказаў; і каму, дзе і калі, а таксама на якой мове першапачаткова выказаўся.

Згодна з тым, што гаворыцца на пачатку Быцця, там, дзе Святое Пісанне распавядае пра паходжанне свету, вынікае, што раней за ўсіх загаварыла жанчына, тая саманадзейная Ева, якая д’яблу спакусліваму адказала: «Давай пакаштуем плод дрэваў райскіх: але Бог забараніў нам есці плады таго дрэва, што пасярод Раю расце, і загадаў нам да яго не датыкацца, каб не ўмерці». Ды не зважаючы на тое, што ў Пісанні найперш жанчына загаварыла, мэтазгодна тым не менш лічыць, што першым загаварыў чалавек; і неразумна дапускаць, што такое цудоўнае дзеянне роду чалавечага распачыналася не ад мужчыны, але ад жынчыны. На падставе развагаў мы і лічым, што першапачаткова Адаму мова была дадзена Тым, хто і форму яму надаў.

А што пасля вымавіў голас першага размоўцы не павінна выклікаць сумненняў у кожнага мудрага чалавека: ім сталася слова «Бог» або Эль, ці ў якасці пытання ці ў якасці адказу. Сапраўды, неразумным і абсурдным здаецца, што хоць нешта магло быць названа чалавекам раней за Бога, які чалавека па сваім вобразе і падабенстве стварыў. Бо пасля грахоўнага падзення роду чалавечага ўсялякая гаворка стала пачынацца з «heu»7 ; і адсюль вынікае, што да гэтага кожная гаворка радасным словам пачыналася, а паколькі не існуе радасці па-за Богам, а толькі ў Ім, і сам Бог ёсць радасць, то і вынікае, што той, хто спачатку загаварыў, перш за ўсё сказаў «Бог».

Ды адсюль іншае сумненне нараджаецца: як мы раней казалі, чалавек загаварыў, каб даць адказ і, калі так і сталася, то адказваць ён павінен быў Богу: і раз ён адказаў, то падаецца, што першым Бог загаварыў, і гэта, здавалася б, пярэчыць таму, што мы раней казалі. І на сумненне гэтае мы запярэчым, што чалавек мог цудоўна адказаць на запытанні Бога без таго, каб Богу выказацца спатрэбілася на той мове, пра якую мы гутарку вядзем. І сапраўды, хто сумнявацца можа наконт таго, што ўсё схіляецца перад воляю Божаю, ад якой усе рэчы паходзяць, якой кіруюцца і захоўваюцца? І раз паветра рухаецца ўладаю ніжэйшай прыроды, служкаю і стварэннем Бога з такімі зменамі магутнымі, што грыміць громам, зіхаціць маланкаю, вадою паліваецца, снегам сыпле і градам грукоча, то ці не рухаецца яно па Божым загадзе, каб даць гучанне словам, якія раздзяляе Той, хто і найбольшыя рэчы раздзяліў? Хіба не так?

На гэта і на іншае, мы ўпэўнены, адказ дастатковы дадзены.

V. Мяркуючы тым часам не без рацыі, як па вышэйшых, так і па ніжэйшых рэчах, што да самога Бога першы чалавек звярнуў слова сваё, на ўсіх падставах мы кажам, што гэты першы носьбіт мовы загаварыў адразу пасля таго як Адухаўленчай Дабрадзейнасцю быў натхнёны. Аднак мы лічым, што ў чалавеку больш чалавечна пачутым быць, як слухаць; каб і яго пачулі і сам ён слухаў, бо чалавекам з’яўляецца. Відавочна, што раз той, хто ёсць Творца і ўсялякай дасканаласці Аснова і Прыхільнік, подыхам сваім першага чалавека дасканалым стварыў, то падаецца нам зразумелым, што высакародная істота найперш пачула, а потым была пачутая.

Калі ж нехта ў жаданні запярэчыць пакажа нам, што чалавеку патрэбы не было ў размове, бо самотны ён быў, а Бог без словаў спасцігае ўсе нашыя думкі раней за нас саміх, то мы з адпаведнай суджэнням аб Вечнай Волі пачцівасцю кажам, што, не зважаючы на тое, ведаў ці прадбачыў Бог – а для Бога гэта тое самае – нявыказаную думку першага размоўцы, Ён дазволіў яму загаварыць, каб у выяўленні такога вялікага дару праславіўся і Той, хто адарыў так шчыра. І таму верым мы, што па міласці Божай цешымся з упарадкаванага выяўлення пачуццяў нашых.

Адсюль можам мы вызначыць тое месца, дзе ўпершыню слова прагучала: бо калі чалавек адухоўлены быў па-за межамі Раю, то й прагучала яно па-за ім, калі ж у Раі, то там і ёсць месца першай гаворкі.

VI. Па той прычыне, што людзі ў стасунках сваіх шматлікімі мовамі карыстаюцца, з-за чаго многія і ў шматслоўі гэтак жа разумеюцца, як і без словаў, варта пашукаць нам такую мову, якой напэўна карыстаўся чалавек без маці, без яе малака, што ні дзіцёнкам ніколі не быў, ні дарослым.8

У гэтым, як і ў многіх іншых рэчах, айчынаю для большасці сыноў Адама стаўся вялікі горад Пьетрамала9. Аднак у кожнага розум бессаромны настолькі, што ён лічыць месца, дзе нарадзіўся, самым найлепшым месцам пад сонцам, і да таго ж кожны хваліцца сваёй гаворкай, гэта значыць матчынай мовай, перад усімі астатнімі, і такім чынам лічыць яе тою, на якой Адам гаварыў. Але мы, каму айчына – свет10 , як рыбам акіян, хоць перш як зубы займелі ваду з Арно пілі11, і ў нашых сэрцах так Фларэнцыю носім, што за любоў сваю пакутуем ад незаслужанага выгнання, больш на рацыі, чым на пачуццях грунтуем асновы нашага суджэння. І хоць для асалоды ці спакою сэрца нашага нідзе на зямлі няма месца прыгажэйшага за Фларэнцыю, але, пераглядаючы творы паэтаў ды іншых пісьменнікаў, у якіх свет апісаны цалкам і па частках, і разважаючы пра розныя часткі свету і пра іх размяшчэнне адносна палюсоў і экватарыяльнага круга, вызначаем і цвёрда вырашаем, што ў многіх краях і гарадах болей шляхетнасці і хараства, чым у Таскане і Фларэнцыі, сынам і грамадзянінам якой мне суджана быць, і мноства плямёнаў і народаў ужываюць куды больш салодкую і карысную за італьянскую мову.

Вяртаючыся цяпер да нашага прадмету, скажам, што пэўная форма маўлення12 была вынайдзена Богам разам з першаю душою. Я кажу «форма», маючы на ўвазе і назвы рэчаў, і пабудову словаў, і іх вымаўленне: і гэтую форму кожны, хто на мове гаворыць, ужываў бы, калі б па прычыне самаўпэненасці чалавечай, яна не знікла, як далей мы пабачым.

Гэтай формай маўлення Адам мовіў; і пасля ўсе яго нашчадкі аж да ўзвядзення вежы бабілонскай ці інакш кажучы «вежы змяшэння»; гэтую форму атрымалі ў спадчыну сыны Гэбера, што ад яго габрэямі называцца сталі. Пасля змяшэння яна толькі ў іх захавалася, каб Збавіцель наш, што па чалавекалюбстве сваім у іх павінен быў нарадзіцца, карыстаўся моваю міласці, а не змяшэння.

Сталася такім чынам габрэйская мова першаю, якую вусны чалавечыя стварылі.

VII. Сорамна, на жаль, прыгадваць цяпер ганьбу роду чалавечага! Дык калі мы не можам абмінуць яе, не зважаючы, што чырвань сораму на твар кладзецца і душа працівіцца, то закранём яе коратка.

О прырода нашая, вечна да граху схільная! О ад пачатку і заўсёды зладзейства поўная! Не сталася дастатковым для цябе пакаранне, калі ў скрусе пасля першага граху ты выгнаная была з радзімы радасці13 ? Ці не дастаткова, што з-за паўсюднай разбэшчанасці і жорсткасці роду твайго толькі адзіны дом уратаваны быў, а ўсё табе падуладнае ў патопе загінула, ды яшчэ за злачынствы твае звяры зямныя і нябесныя паплаціліся? Сапраўды гэтага было дастаткова. Але як прыказка гаворыць: «І траціны не пераскочыш», ты, няшчасная, на няшчасным кані скакаць вырашыла. Вось так, чытач, ці то забыўся чалавек, ці то важнаю не палічыў першую навуку і на сінякі не звярнуў увагі, але ў ганарлівай дурасці сваёй упарты трэці раз на біццё пайшоў.

І ў сэрцы сваім уявіў непакаяны чалавек, Нямбродам-веліканам падвучаны, што майстэрства яго не толькі пераўзыходзіць прыроду, але і самога Стварыцеля Бога, і пачаў узводзіць вежу на зямлі Сямнар, названай пасля Бабілонам, што значыць «змяшэнне», па якой да неба ўзысці спадзяваўся з намерам не толькі зраўняцца, але самога Творцу пераўзысці.О бязмежная міласць улады нябеснай! Які б бацька ад сына свайго столькі знявагаў выцерпеў? Але, уздымаючы на яго не варожую пугу, а бацькоўскую і другім разам да ўдараў звыклую, ён сына бунтоўнага міласэрным ды памятным урокам пакараў.

Род чалавечы ўвесь амаль сышоўся на гэтую нядобрую справу: адныя загады давалі, другія праектавалі, трэція муры будавалі, іншыя іх раўнялі, яшчэ іншыя тынкоўку клалі, каменне здабывалі, а іншыя яго то па зямлі, то па моры цягнулі, а іншыя розную другую работу рабілі, пакуль ударам з Неба не закруціла іх нечакана такое змяшэнне, што ўсе, хто адзінай мовай у працы карыстаўся, загаварылі на мностве адрозных моваў, працу спынілі і больш ужо згаварыцца не маглі. Бо толькі ў тых, хто тую ж самую работу рабіў, адна мова захавалася: свая ў дойлідаў, свая ў тых, хто каменне насіў, свая ў тых, хто яго апрацоўваў, і здарылася гэтак з усімі працаўнікамі. І колькі было розных асобных заняткаў для задуманай справы, столькі ж моваў і падзялілі з тых часоў род чалавечы, і чым высакародней занятак быў, тым горшая і немілагучная мова іх зрабілася.

Тыя ж, хто асвячоную мову захавалі, там не прысутнічалі і садзеенага не ўхвалялі, але з глыбокаю агідаю работнікаў асмейвалі. Ды былі яны колькасці меншай і, як мы лічым, паходзілі ад семені Сімава, трэцяга сына Ноя: ад яго пайшоў народ Ізраіля, што на самай старажытнай мове гаварыў да самага свайго рассялення. 14 распаўсюдзіўся род наш праз мноства розных адгалінаванняў, урэшце дайшоў і да краёў заходніх; тады, можа ўпершыню, разумныя вусны напіліся з усіх рэк Еўропы ці прынамсі з некаторых. Але ці ўпершыню яны як іншаземцы з’явіліся, ці вярнуліся ў Еўропу як тубыльцы, аднак людзі гэтыя прынеслі з сабою тры свае мовы: і адныя з іх абралі сабе паўднёвую частку Еўропы, другія паўночную; а трэція, якіх мы грэкамі называем, часткова Еўропу, часткова Азію занялі.

А пасля ад адной і той жа мовы, што выйшла ад пакарання змяшэннем, узялі пачатак розныя народныя гаворкі, як мы далей пакажам. Бо ўся прастора ад вусця Дунаю ці балотаў Меаційскіх15 амаль да заходніх межаў Англіі16 , Італіі, Францыі і Акіянам абмежаваная,– гэта прастора адной мовы; хоць урэшце праз славянаў, венграў, тэўтонаў, саксаў, англічанаў і мноства іншых народаў на розныя гаворкі разгалінавалася. Адзіная агульная прыкмета, якая толькі і засталася ў памянёных народаў, тая, што пры сцвярджэнні ўсе яны кажуць «йо».17 Пачынаючы ад гэтай мовы, інакш кажучы ад межаў Венграў на ўсход, другая гаворка заняла ўсю прастору, што адтуль Еўропай завецца і прасціраецца яшчэ далей.

А ўсю астатнюю частку Еўропы займае трэцяя мова, хоць сёння мы знаходзім яе ў трох выглядах: бо адныя, сцвярджаючы, кажуць «ок», другія «ойль» і трэція «сі`», а менавіта Гішпанцы, Французы ды Італьянцы, Відавочная прыкмета, што тры гаворкі гэтых народаў паходзяць ад адной і той жа мовы, ёсць у тым, што шмат чаго ў іх аднолькавымі словамі называецца: як «Deus», «celum», «amorem», «mare», «terram», «est», «vivit», «moritur», «amat» і мноства іншых. З гэтых народаў тыя, што вымаўляюць «ок», займаюць заходняю частку паўднёвай Еўропы, пачынаючы ад межаў Генуэзцаў. А тыя, што кажуць «сі`», займаюць паўднёвую ад гэтых межаў усходнюю частку, да таго мысу Італіі, якім пачынаецца Адрыятычнае мора, і да Сіцыліі. А тыя, што гавораць «ойль», робяцца для іх жыхарамі поўначы: бо з усходу маюць Германцаў, з поўначы і з захаду закрывае іх англійскае мора і аддзяляюць горы Арагона; на поўдні замкнёныя яны правансальцамі і схіламі Апенінаў.

ІХ. Цяпер мы павінны пацвердзіць выказаную намі думку, бо намер наш — тое даследаваць, наконт чаго няма ніякай аўтарытэтнай думкі, інакш кажучы, прасочым разыходжанні, якія адбыліся ў адзінай цэласнай мове. І, памятаючы, што надзейней і карацей ісці шляхам знаёмым, мы пагаворым аб нашай мове, астатнія ў баку пакідаючы: бо тое, што рацыянальна ў адной мове, гэткім жа ёсць і ў іншых.

Такім чынам, мова, пра якую мы гутарку вядзём, ёсць трыадзіная, як раней сказана было: таму адныя кажуць «ок», другія «сі`» і трэція «ойль». А тое, што гэта на пачатку змяшэння адзіная была мова (аб чым вышэй мы сказалі) ясна відаць з таго, што сыходжанні маюцца ў многіх словах, пра што знаўцы красамоўства сведчаць: такое падабенства не стасуецца з тым змяшэннем, якое з нябёсаў абрынулася на Бабілонскае будаўніцтва. І знаўцы ў многіх словах сыходзяцца, а найперш у слове «amor» (каханне). Гаральд дэ Брунэль18 :
Sim sentis fezelz amics,
per ver encusara Amor.19

Кароль Наварскі20 :

De fin amor si vient sen et bontč.21

Месэр Гвіда Гвініцэлі22 :
Né fč amor prima che gentil core
né gentil cor, prima ch’amor, natura.23

Цяпер высветлім, чаму на тры часткі гэтая мова першапачаткова падзялілася і чаму кожная з гэтых трох частак падзяляецца ўжо ў сабе самой, напрыклад, гаворка правай часткі Італіі адрозніваецца ад гаворкі левай (бо Пізанцы гавораць інакш чым Падуанцы); і чаму нават блізкія суседзі ў гаворцы адрозніваюцца, як, напрыклад, Міланцы і Веронцы, Рымляне і Фларэнтыйцы; а таксама тыя, хто да аднаго роду належыць, як Неапалітанцы і Гаэтанцы24 , Равэнцы і Фаэнційцы, і, што яшчэ больш дзіўна, грамадзяне аднаго і таго ж горада, як у Балоньі жыхары Прадмесця Святога Фелікса і жыхары Галоўнай Вуліцы25 . Усе гэтыя відавочныя адрозненні і адметнасці мовы зразумелымі робяцца, калі з аднаго і таго ж разважання зыходзіць.

Сцвярджаем мы, што ніводны вынік не існуе без пэўнай прычыны, таму што вынікам і з’яўляецца, бо ніводнае дзеянне не ўзнікае з нябыту. А ў такім разе ўся наша мова (апрача той, што Бог стварыў разам з чалавекам) згодна з воляй чалавека была пераапрацаваная пасля таго змяшэння, якое сталася нічым іншым як забыццём першапачатковай мовы, і паколькі чалавек істота вельмі няўстойлівая і зменлівая, то і мова не можа быць трывалай і непарушнай, і гэтак жа, як усё, што чалавек мае, як, напрыклад, звычкі і вопратка, павінна змяняцца ў залежнасці ад адлегласці, часу і месца. Такім чынам, не варта сумнявацца ў тым, што мова мяняецца «з цягам часу», а лепей, думаем мы, мець гэта на ўвазе: бо варта нам прыгледзецца да іншых нашых дзеянняў, як робіцца відавочным, што мы куды больш ад нашых старажытных продкаў адрозніваемся, чым ад самых аддаленых сучаснікаў. Таму смела можна сцвярджаць, што калі б цяпер уваскрэслі старажытныя жыхары Павіі, то адрозную ад сучасных яе жыхароў мову яны б выкарыстоўвалі. І няхай не здаецца тое, пра што мы гаворым, больш дзіўным, чым сустрэча з пасталелым юнаком, чыйго сталення мы не бачылі: бо незаўважнымі для нас застаюцца тыя змены рэчаў, што паступова адбываюцца, і чым больш часу патрабуецца для перамянення рэчы, тым больш нязменнай яна для нас застаецца. І таму не здзіўляемся мы, калі людзі, якія па развагах сваіх мала ад жывёлаў адрозніваюцца, лічаць, што грамадзяне аднаго і таго ж гораду заўсёды нязменнаю моваю карыстаюцца, бо змены ў мове аднаго гораду адбываюцца паступова, а жыццё чалавека па прыродзе сваёй вельмі кароткае. І калі, як мы сказалі, мова аднаго і таго ж народу з цягам часу паступова змяняецца і не можа яна нязменнай заставацца, то ў тых народаў, што асобна і аддалена адзін ад аднаго жывуць, яна безумоўна па-рознаму змяняцца павінна, падобна да таго, як змяняюцца іх звычкі і вопратка, што не ад прыроды і не ад грамадскай супольнасці паходзяць, але адпаведна мясцінам і густам людзей нараджаюцца.

Адсюль зыходзілі вынаходнікі граматычнай навукі, якая ёсць не што іншае як вучэнне пра нязменную тоеснасць, незалежную ад часу і мясцовасці. З таго моманту, як з агульнай згоды многіх народаў выпрацаваліся яе правілы, яна не падвяргаецца ўздзеянню волі асобнага чалавека, і ў выніку гэтага змяняцца не можа. А прыдумалі яе для таго, каб з-за зменлівасці маўлення, што па свавольстве асобных людзей адбываецца, ніякім чынам, нават часткова, не скажаліся меркаванні і дзеянні старажытных або тых, што ад нас месцам пражывання адрозніваюцца.

Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык

Працяг у №2(28) 2004 >>


  1. Дантэ карыстаецца традыцыйным прыёмам рытарычнага ўступу. Вядома, што ў Італіі ХІІІ ст. былі распаўсюджаны трактаты аб паэзіі правансальцаў, пытанні паэтыкі закраналі ў сваіх творах Брунэта Лаціні і Франчэска да Барбэрына, аднак задума паэта была шырэй , бо дытычылася пытанняў развіцця мовы.
  2. Сімвалізуе салодкасць праўды, якая павінна напоўніць душы тых, хто блукае, быццам сляпы.
  3. Доўгі час граматыкай у Італіі называлася лаціна.
  4. Нішто іншае як Бог.
  5. Міт пра спаборніцтва з Музамі дачок Піэра, тэсалійскага цара, пасля чаго яны былі ператвораны ў сарок.
  6. Згодна з вучэннем Тамаша Аквінскага ды іншых схаластычных мысляроў анёлы не маюць цела.
  7. На жаль; як шкада!
  8. Адам не быў ні дзіцёнкам, ні дарослым, паколькі стварыў яго непасрэдна Бог.
  9. Паселішча ў Апенінах пасярэдзіне шляху з Фларэнцыі ў Балонью іранічна згадвалася ў гаворках фларэнтыйцаў.
  10. Паколькі культура не мае межаў, Дантэ абвяшчае сябе грамадзянінам свету.
  11. У лацінскім тэксце Дантэ блытае, называючы Арно Сарно.
  12. Старажытнагабрэйская мова.
  13. Зямнога Раю.
  14. Такім чынам адбылося засяленне ўсіх ці амаль усіх земляў.
  15. Антычная назва Азоўскага мора.
  16. Г.зн.Ірландыі.
  17. Гэтае слова ёсць і сёння ў некаторых скандынаўскіх мовах.
  18. Вядомы трубадур другой паловы ХІІ ст. з Праванса, адзін з галоўных стваральнікаў так званага «trobar clus» —«замкнёнага стылю паэзіі».
  19. Калі пачуе верны сябар, павінен вінаваціць ён каханне.
  20. Ціба IV, граф Шампанскі (1201-1253), кароль Навары з 1234 года.
  21. Паходзяць ад высокага кахання і мудрасць, і дабро.
  22. Вядомы італьянскі паэт ХІІІ ст. з Балоньі, заснавальнік «новага салодкага стылю».
  23. Кахання няма без шляхетнага сэрца, Асобна яны не існуюць.
  24. Жывуць у адной частцы Італіі — Кампаньі.
  25. Некаторыя раёны вялікіх гарадоў гаварылі на розных гаворках, што тлумачылася перш за ўсё сацыяльнымі прычынамі.

Глядзі таксама
Аксана ДАНІЛЬЧІК. НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY