Малю...
Ойча Сьвяты, Недасяжны, Адзіны,
Дзякуй за гнеў і за ласку Тваю.
Згроб я грахі свае ўсе і правіны,
І перад карай жаданай стаю.
Кшчоны паганец
Я кайнасьць спатоміў –
Кленчыў нябёсам, кунежыў зямлю.
Што падабенства Тваё аскароміў,
Ойча, даруй мне, пахіла малю.
Ойча спагадлівы,
Ойча суровы,
Колісь пачутым быць сподзеў таю.
Покуль мяне не зракаюцца словы,
Дзякаваць буду за ўвагу Тваю...
Узводзьма!
Як бы пагрозна вятры ні гулі,
Звыклі ня чуць іх
Спакойныя хмары.
Нетрывалае ўсё
На халоднай зямлі –
Узводзьма ў сэрцах
Госпаду храмы.
Ведаў...
Ведаў Бог,
Які нам сьвет дарыць,
Каб маглі мы ўсе
Яго нявечыць,
Тужыцца скарыць і разбурыць,
Ці прасьцей сказаць –
Ачалавечыць.
Лічым, што за намі
Час бяжыць
І ад цьмянай радасьці
Нямеем.
Ані цямім,
Як на сьвеце жыць,
А сябе зжываць са сьвету
Ўмеем...
Цені крылаў
Не ўкрыжавалі –
Рукі разьвялі
Хрысту,
Каб вешчая душа ўзьляцела.
Нябеснае ня скорыцца зямлі.
Зямному прагнецца ўсяго ўсыцела.
І птушка –
Парабчанка вышыні
Крыжападобная ў сваім палёце.
Крыжуюцца
Сьняжынкі й прамяні,
І асака ў расчуленай самоце.
І на магілах
Цьмеюць не крыжы,
Утрапёных душаў –
Яны лятуць дамоў,
І сьвет чужы
не апаганіў іх і не адужыў...
Прыйсьці...
да ўкрыжаванае бяды
Прыйсьці і ўкленчыць ніцачола.
Хмурыніста крыло анёла
Клады жагнае на Дзяды.
Як сьмех адчаю,
Век людзкі.
Век памяці,
Як сон кароткі.
Зьбіраюцца маўкліва продкі
Свой лёс паслухаць гаваркі.
Я ціха пазнаю радню,
Хоць і не бачыў іх ніколі.
І мне іглінка вока коле,
Што маміну сасну сасьню.
На ўсіх хапае цішыні.
У вечнасьці свае хвіліны.
І варґяцеюць вершаліны.
Бяз памяці ўсыхаюць пні...
Падумай...
Безагляднік,
Да ўсіх і сябе глухі,
Запыніся,
Суцішся ў шалёным імпэце.
Як Бог не карае цябе за грахі,
Дык падумай,
Ці ёсьць ты на гэтым сьвеце?..
Як сястру...
А душа,
Покуль зноў зямная,
І ня ўспомніць, які ўжо раз
Сьвет знаёмы запамінае,
Дзе сябе пазычае час.
За начлег у часовым целе
Часу доўг душа аддае.
І куды б зоркі ні паляцелі,
Не забудуць паклікаць яе.
У нябёсаў свае падворкі.
Лёс ладзьбуе свой воз стары.
І душу пасылаюць зоркі
На зямлю,
Як сястру да сястры.
Суперніца
Гасподняй рукой
З невычэрпнай сяўні
Пасеянае ў бясконцасьць зярняці
Прарастае,
Каб ясьніць сьвятло дабрыні,
Суперніца сьмерці –
Маці.
Пачулася...
І мне пачулася:
«Ня бойся
Піць гора з поўнага каўша.
Зірні ў самотныя нябёсы,
Каб усміхнулася душа».
І на зялёныя адхоны
Спадаў спакой
З блакітных стром.
І вечарэў пагляд Ягоны.
І заікаўся першы гром.
Кайна ўдзячны...
Я вымольваю ў Бога дні,
Я выпрошваю ў Бога хвіліны.
Божа праведны, Божа адзіны,
За грахі ня дужа віні.
Я ў грахах,
Як елка ў суках.
Мне іх не абчасаць самому.
Кайна ўдзячны я
Духу Сьвятому
За няпэўнасьць быцьця,
За страх.
Божа, як хапае Цябе
Просьбы чуць ад сьвету жывога?
Бо жыцьцё –
Гэта й ёсьць трывога.
Мусіш жыць
Не ў хвальбе – ў мальбе.
Адасьню я зямны свой сон.
Ці пакіну хоць цень нявінны?
Божа праведны, Божа адзіны,
Дай яшчэ мне
Хоць жменьку дзён...
|