|
|
|
№
2(60)/2012
SUMMARY
Благаслаўлёныя Крыжам
У ПОШУКАХ ПРАЎДЫ
З гаміліі Яна Паўла ІІ з нагоды кананізацыі Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыты Штайн) 11 кастрычніка 1998 г. Пераклады
Галерэя
У святле Бібліі
Паэзія
Інтэрв’ю
ГАЛАСЫ З МІНУЛАГА
З Антоніем Лібэрам размаўляе Ганна Сасноўская Літаратурная спадчына
Мастацтва
ФРЭСКІ ВУЧАЦЬ БЕРАГЧЫ ЧАС
З Уладзімірам Кандрусевічам гутарыць Ірына Жарнасек Постаці
Мастацтва
Прэзентацыя
Нашы святыні
|
Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011.
V. ШТО ТАКОЕ МЕТАФІЗІКА — Гэты этап нашых разважанняў падаецца асабліва цяжкім; гэта парог, праз які мы мусім перайсці, каб лепей зразумець усё, што будзе сказана далей. Ён будзе цяжкім яшчэ і таму, што цяпер мы павінны ўвайсці ў самае сэрца філасофіі. Але не трэба губляць імпэту перад абліччам пэўных моўных цяжкасцяў ці нейкай нечаканай навізны падыходаў. Калі ішла гаворка пра адносіны філасофіі, і ўвогуле навукі, да веры, нам неаднаразова даводзілася звяртацца да таго, што называецца метафізікай. Цяпер давайце задумаемся над тым, што складае сутнасць філасофіі, сутнасць таго, што мы называем філасофскім сузіраннем, і што, з увагі на гэта, складае таксама сутнасць метафізікі, якая з’яўляецца ядром, самым сэрцам і нібы найістотнейшым «будынкам» філасофскага мыслення. Вельмі па-рознаму глядзелі на гэта цягам стагоддзяў, давалі розныя адказы на гэтае пытанне, і ўжо шмат стагоддзяў у нашай еўрапейскай культуры акалічнасці складваюцца так, што няма яснага меркавання пра тое, што грэкі назвалі філасофіяй і што як філасофія перайшло ва ўсю нашую культурную спадчыну. Больш за тое — у апошнія стагоддзі, і пра гэта трэба памятаць, у гісторыі філасофіі акрэслілася мэтанакіраваная і сістэматычная тэндэнцыя, якая сёння ў пэўных асяродках вельмі выразная, тэндэнцыя да скажэння і прыніжэння вартасці філасофіі ўвогуле, і асабліва метафізікі. Важна, каб мы ўсведамлялі гэта. Калі гаворка ідзе пра маладое пакаленне, то напэўна яно сутыкнулася з цэлым шэрагам меркаванняў, згодна з якімі метафізіка ёсць сінонімам ірацыянальнасці, нейкага неразумнага, далёкага ад усялякай навуковасці, займання рэчамі, якія нельга спраўдзіць. Кажуць, што заняткі метафізікай падобныя да выклікання духаў, ці да спірытычнага «вярчэння столікаў». Ужо Кант абвяшчаў, што метафізік — гэта чалавек, які сузірае духаў, ein Geisterseher. Гэтае зласлівае і небяспечнае перакручванне сэнсу азначэння «метафізіка», пераіначанне таго, чым сапраўды з’яўляецца філасофія ў найлепшым і найбольш глыбокім значэнні гэтага слова, на вялікі жаль, укаранілася. Калі гэтак сфармавалася меркаванне ў колах адукаваных людзей, калі гэтак падаецца тое, што акрэсліваюць як метафізіку, то філасофія, якая называецца навуковай, у выніку была абмежаваная да веды, зразуметай мінімалістычна. Пры такім падыходзе філасофія зводзілася б да даследаванняў над функцыянаваннем, дзейнасцю нашага розуму, нашай мовы, да парадкавання паняццяў, якімі мы аперуем, і перадусім — да крытыкі нашых пазнавальных магчымасцяў. Працэс развіцця еўрапейскай філасофіі ў апошнія стагоддзі складваўся так, што філасофія перастала засяроджвацца на тым, што мы называем метафізічнай праблематыкай у класічным разуменні гэтага слова; з цягам часу метафізіка робіцца ўсё больш пагарджанаю, яе ўсё часцей высмейваюць, а на яе месца ў цэнтр філасофіі змяшчаецца філасофская дысцыпліна, якая называецца тэорыяй пазнання. У такім разуменні філасофія павінна была б займацца не рэчаіснасцю, а нашым пазнаваннем рэчаіснасці. Гэтая перастаноўка надзвычай важная, яна прывяла да таго, што філасофія ў еўрапейскай культуры нашых стагоддзяў стала нашмат менш культуратворчай, у меншай ступені вызначальнай для аблічча духовай культуры нашага свету белых людзей, чым гэта было раней, калі метафізіка была яе цэнтрам. Такім чынам, метафізіка ўсё яшчэ мае кепскую славу, займацца ёю не рэкамендуецца, згодна з сённяшнім разуменнем гэтага слова. Калі сёння яе не ўспрымаюць ужо як штосьці накшталт спірытычных сеансаў, ці выклікання духаў, то вельмі часта можна пачуць меркаванне, што людзі, якія займаюцца філасофіяй, а менавіта тыя, хто займаецца метафізікай, аддаляюцца ад рэальнага, уцякаюць ад рэчаіснасці. Не раз чуваць закід, што ўсё ж у філасофіі існавання св. Тамаша паняцце існавання — гэта нешта надта далёкае ад рэчаіснасці, што калі мы займаемся метафізікай, то замест таго, каб лепей пазнаць рэчаіснасць, насамрэч ад яе адрываемся і ўцякаем ад яе. Таму чалавек, які займаецца метафізічнай філасофіяй быў бы супрацьлегласцю рэаліста, быў бы чалавекам, які замест таго, каб мець кантакт з рэальнымі рэчамі, з той рэчаіснасцю, што атачае нас, займаецца абстракцыямі, гэта значыць, творамі нашага ўяўлення, нашай думкі. Такімі часта з’яўляюцца погляды на тэму філасофіі, і прызнаймася самі сабе, што часта і мы гэтаксама думаем пра філасофію. Калі сцвярджаем, што метафізіка, самае сэрца філасофіі, ёсць філасофіяй існавання, без больш разгорнутага каментара гэта няшмат нам кажа. На пытанне, што такое існаванне, часта чуецца адказ: існаванне — гэта чыстая абстракцыя, бо ані гэта, ані тое, на што пазіраем, яшчэ не ёсць існаванне, якое мы шукаем. Задумваючыся над гэтым пытаннем і над адказамі на яго, мы паступова даходзім да сутнасці, да спробы адказу на тое, што такое ўрэшце існаванне, што такое тая рэчаіснасць, якой мы займаемся ў метафізічнай філасофіі. Задавальняючы адказ на пытанне, якое нас цікавіць, даў бадай толькі св. Тамаш. Аднак, каб зразумець ягоны адказ, трэба правесці штосьці накшталт філасофскай медытацыі. Звернем увагу на нейкі прадмет, усё роўна, ці будзе гэта расліна, жывёла, нейкі твор: стол, крэсла ці штосьці іншае. Дык вось, калі глядзім на гэты прадмет, мы можам думаць пра яго, пытаючыся: што гэта? Калі ж мы даем адказ на такое пытанне, мы ўказваем тое, што адрознівае дадзены прадмет ад усіх іншых і што яго найбольш поўна характарызуе, — мы звяртаем увагу на сутнасць (essentia) гэтага прадмету. Мы дабраліся тут да вельмі важнага філасофскага тэрміна: сутнасць. На сутнасць рэчы мы ўказваем заўсёды, калі пытаем, чым яна з’яўляецца, што гэта такое. Зусім іншая справа, калі, сузіраючы нейкі прадмет ці разважаючы пра яго, мы пытаемся: ці гэты прадмет існуе? ці існуе? а не: чым ён з’яўляецца? што гэта такое? Толькі: ці ёсць? ці існуе? Нас тады цікавіць зусім іншы аспект, іншы бок гэтага прадмету: існаванне. Гэткім чынам мы прыходзім да фундаментальнага ў філасофіі разрознення сутнасці і існавання. Маем тут як бы два бакі, два аспекты, два абліччы той жа самай рэчы: яе сутнасць, якую называем таксама прыродай ці натурай гэтай рэчы, а таксама факт яе існавання. Акцэнт робіцца тут на факт, што штосьці існуе, што гэта не толькі прадмет сноў, уяўлення ці жаданняў, але што гэта нешта рэальна існуючае. Адметна тое, што св. Тамаш, уласна кажучы, адзіны філосаф, які выразна і ясна паставіў пытанне пра першынство існавання. Існаванне ва ўсіх рэчах непараўнальна больш важнае, чым іх сутнасць. Калі ў філасофіі мы абмяжоўваемся разважаннем над сутнасным бокам рэчы, калі займаемся сутнасцю з розных бакоў, нібы абмінаючы праблему існавання, тады мы дапускаем памылку, якая ў філасофіі называецца эсэнцыялізмам (ад лацінскага essentia — сутнасць). Мы бачым, як лёгка ў гэтым эсэнцыялізме можна адысці ад рэчаіснасці, сцерці межы паміж рэальным светам існуючых незалежна ад нас бытаў і бытаў толькі памысленных, альбо ўяўленых, ці г.зв. бытаў мысленных, што насяляюць наш унутраны разумовы свет. Для св. Тамаша сама сутнасць нават найдасканалейшых рэчаў, сутнасць, пазбаўленая існавання, проста нішто ў параўнанні з існаваннем нават самых нікчэмых рэчаў. Гара золата ці гара брыльянтаў — не існуючая — куды менш вартая як быт за існаванне найдрабнейшай пылінкі ці нейкай частачкі атама, калі яна сапраўды ёсць. Гэта падаецца наіўным і настолькі відавочным, што не варта пра тое і казаць, аднак жа для філасофіі гэта рэч фундаментальная. З цэлага натоўпу філосафаў на працягу стагоддзяў бадай ніхто, і ніхто гэтак моцна, як Тамаш, не звярнуў на гэтую справу ўвагі і не падкрэсліў яе значэння. Пра гэтую нібы дробязь, пра гэтую фундаментальную ролю існавання філосафы найчасцей забываюць, а гаворка ідзе пра вельмі прынцыповы ў філасофіі аспект рэчаіснасці быту. Св. Тамаш не толькі разрознівае сутнасць (essentia) і існаванне (esse) у кожным быце, але прымае таксама, што гэта разрозненне рэальнае, гэта значыць, што яно сапраўды і незалежна ад нашых пазнавальных намаганняў уласцівае рэчам. Паглядзім цяпер на тое, як св. Тамаш разумее схаваную ад пачуццёвага досведу ўнутраную будову ўсіх рэчаў. Паводле Тамаша, кожная рэч, матэрыяльная яна ці духовая (бо існуюць быты чыста духовыя, анёлы, пра існаванне якіх мы ведаем на падставе веры), канстытуяваная з двух чыннікаў. Адзін з гэтых чыннікаў — магчымасць (potentia). У маленькага, толькі што народжанага немаўляці, ёсць магчымасць стаць дарослым, развітым, сталым, мудрым, святым, вялікім альбо вельмі кепскім чалавекам. Гэта — магчымасць. Кожнае насенне ў магчымасці мае ўсё, што калісьці разаўецца з гэтага насення. Гэтая магчымасць — кажа св. Тамаш — не нейкае паняцце, гэта штосьці вельмі рэальнае, гэта моц, схаваная ў рэчах. Гэта не толькі лагічная мажлівасць. Не блытайма ніколі магчымасці з мажлівасцю; мажлівасць — гэта тое самае, што і несупярэчнасць, а магчымасць — гэта рэальная здольнасць стаць чымсьці, чым яшчэ не ёсць. Ва ўсім, у кожным з нас — будзе гэта малое дзіця, ці стары чалавек, ці гэта будзе маленькае насенне, ці расліна, ці якая-небудзь рэч на нейкім этапе яе часава-прасторавага развіцця — у кожнай з гэтых цялесных і духовых рэчаў ёсць паяднанне магчымасці з яе здзяйсненнем. Гэтая магчымасць здзяйсняецца этапамі. Здзяйсненне (actus) — гэта другі элемент, які ўзаемадзейнічае і суіснуе з першым. Potentia і actus — названыя на лаціне — гэта два чыннікі, якія канстытуююць кожны быт і якія мы акрэсліваем як магчымасць і здзяйсненне. Але ці павінен быў св. Тамаш, працягваючы, зрэшты, думку Платона і Арыстоцеля, прыняць гэткі склад кожнага быту? Ён мусіў прыняць яго таму, што інакш (гэта можа здацца на першы погляд дзіўным) не мог бы пераканаўча абгрунтаваць, што сапраўды існуе мноства розных рэчаў, і паказаць істотную розніцу паміж рэчамі рэальнымі і творамі нашага розуму. Быў такі погляд, які называўся манізмам ці пантэізмам (ад гр. pan — усё, theos — бог), паводле якога існуе толькі адзін быт, а ўся разнастайнасць існасцяў — гэта толькі розныя праявы аднаго па сутнасці быту. Гэта погляд пантэістычны, у якім увесь свет атаясамляецца з Богам, а ўсё, уся разнастайнасць гэтага свету, — гэта толькі мноства рысаў адзінага Божага быту. Пра гэты погляд яшчэ будзе гаворка. Таму, калі мы хочам заняць пазіцыю, да якой прыводзіць нас досвед, а менавіта, што існуе мноства рэальных, розных рэчаў, — мы мусім, паводле св. Тамаша, прыняць у кожным быце спалучэнне магчымасці і здзяйснення. Гэта таксама неабходна, калі мы хочам бачыць і зразумець розніцу, якая існуе паміж рэальнымі рэчамі і творамі нашай псіхікі. Самым агульным для ўсіх рэчаў спалучэннем магчымасці і здзяйснення з’яўляецца спалучэнне сутнасці і існавання, бо гэтае спалучэнне выступае як у цялесных бытах, гэтак і ў духовых існасцях. Сутнасць выконвае ролю магчымасці, а існаванне ёсць яе здзяйсненнем. Для Тамаша гэта — не гіпотэза і не мысленная канструкцыя, але штосьці рэальнае, чаго, праўда, мы не можам пабачыць, бо мы бачым і пацвярджаем пачуццёва толькі канкрэтныя рэчы, але ўбачыць, успрыняць, дакрануцца да іх глыбіннай структуры не можам; не можам рассячы рэч і аддзяліць магчымасць ад здзяйснення, як не можам рассячы чалавека і сказаць, што тут — цела, а тут — душа. Мы будзем яшчэ звяртацца да гэтай апошняй праблемы, бо разрозненне магчымасці і здзяйснення будзе для нас істотным пазней пры разглядзе філасофіі чалавека. Гэтае спалучэнне ўнутранае, якое мы мусім прыняць, калі разважаем над рэчаіснасцю, бо інакш упадаем у абсурд. Такой ёсць структура філасофскага мыслення. Вось жа, тэорыя магчымасці і здзяйснення не з’яўляецца гіпотэзай у сціслым значэнні гэтага слова, не з’яўляецца адвольнай інтэлектуальнай структурай, якую хтосьці выдумаў «каля зялёнага століка», але яна ёсць спробаю глыбокага зразумення і высвятлення таго, што сапраўды хаваецца ў рэчах. Пяройдзем да некалькіх тэкстаў св. Тамаша. Гэтыя тэксты прыгожа гучаць на лаціне. Пастараймася перакласці іх на нашу звычайную і зразумелую мову. Тамаш — насуперак агульнапрынятаму ў яго часы філасофскаму погляду — кажа, што не нейкая самая складаная структура існасці ці яе багата і разнастайна сфармаваная прырода ёсць самым каштоўным, але найдасканалейшым чыннікам у кожнай рэчы ёсць існаванне. Esse est actualitas omnium actuum et propter hoc est perfectio omnium perfectionum — гэтую формулу нельга перакласці ў яе сціслым выглядзе (Questio disputata De Potentia VII, a. 2, ad 9). Значыць: існаванне, — бо esse ў св. Тамаша амаль заўсёды належыць перакладаць як «існаванне» — ёсць (можна так сказаць) здзяйсненнем усіх здзяйсненняў — actualitas omnium actuum, спаўненнем усіх дасканаласцяў. Бо мы казалі, што існаванне ёсць здзяйсненнем магчымасці, а значыць: магчымасці здзяйсняюцца дзякуючы існаванню, дзякуючы гэтаму esse ...est perfectio omnium perfectionum — яно ёсць удасканаленнем усіх дасканаласцяў, усё, што дасканалае, г.зн. усе дасканаласці, усё, што ёсць дасканалым ці здзейсненым, выкананым у кожнай рэчы, ёсць гэткім дзякуючы існаванню. Паказальна, што ўвогуле ўсе вялікія хрысціянскія мысляры, тэолагі і філосафы цалкам абмінулі гэты бок рэчаіснасці. У другога вялікага сярэднявечнага філосафа і тэолага, у пэўным сэнсе «канкурэнта» св. Тамаша, пазнейшага за яго, а менавіта ў францішканца Дунса Скота, існаванне трактуецца як адна з апошніх, найменш важных рысаў у кожным быце. А ў «Суме тэалогіі» (I q.8 a.l c.) св. Тамаш кажа: Еsse autem est illud quod est magis intimum cuilibet et quod profundius omnibus inest cum sit formale respectu omnium quae in re sunt — другую частку сказа цяжка перакласці, але першая — вельмі важная: Esse autem est illud... — існаванне ж ёсць тое, што найглыбейшае, найбольш інтымнае, найбольш сягаючае да глыбіняў: ...intimum cuilibet ...magis intimum... Для Тамаша кожная рэч праз існаванне лучыцца з Богам; існаванне — гэта тое, што звязвае і найменшую пылінку, і найвялікшы, найдасканалейшы быт з Богам. Таму існаванне — гэта тое, што ў кожнай рэчы, як кажа св. Тамаш: ...est magis intimum et profundius omnibus... найглыбейшае, глыбейшае за ўсё, што аздабляе, напаўняе, узбагачае яе прыроду, усе рысы рэчы — знешнія ў адносінах да таго найглыбейшага кораня, якім ёсць існаванне. Другая частка сказа цяжкая, бо вымагае, уласна кажучы, поўнага зразумення таго, што значыла ў тагачаснай філасофска-тэалагічнай мове азначэнне «forma» — formale: ...cum esse sit formale respectu omnium ąuae in re sunt. Formale ў тагачаснай схаластычнай мове азначала «тое, што ўяўляе найглыбей», найістотней дадзеную рэч, што ёсць нібы выразам яе наістотнейшага зместу. Вось жа, існаванне ёсць тым, што ёсць найпаўнейшым выразнікам дадзенай рэчы. Памятайма, што тое, што існуе, заўсёды канкрэтнае; гэта канкрэтны прадмет, канкрэтная рэч. Не існуе «чалавек» увогуле, не існуе «конь» увогуле, існуе вось гэты чалавек, існуе вось гэты конь і вось тая кветка. Таму, калі мы робім акцэнт у філасофіі і ў быце на існаванні, то з неабходнасці, нягледзячы на тое, якія ёсць меркаванні пра метафізіку, яна робіцца філасофіяй канкрэтнага, філасофіяй найбольш канкрэтных рэчаў, яе прадметам ёсць канкрэтнае, тое, што існуе рэальна, а не абстрактна. Абстракцыя неабходная, каб зразумець шмат якія рэчы, бо без абстрагавання мы ўвогуле не можам філасафаваць, але тое, чым мы займаемся ў філасофіі, гэта, уласна кажучы, канкрэтныя рэчы, а абстракцыя — толькі метад. У сучаснай філасофскай плыні, якая вельмі модная і называецца экзістэнцыялізмам, часта блытаюць гэтыя паняцці, бо «існаванне» неаднаразова называецца на лаціне, не гэтак, як у св. Тамаша, — esse, але як у пазнейшай лаціне — existentia. І хаця гэтае слова «экзістэнцыя» значыць тое ж самае, што існаванне, у экзістэнцыялістаў existentia — нешта цалкам іншае, чым у св. Тамаша. Калі Тамаш ужывае esse, то гаворка ідзе пра існаванне, якое ёсць найстотнейшым канстытутыўным элементам быту, у той час як у экзістэнцыялістаў пад азначэннем existentia разумеецца лёс чалавека, а гэта ўжо цалкам іншая справа. Экзістэнцыялізм ёсць філасофіяй чалавека, філасофскай антрапалогіяй, і займаецца праблемай трагічнасці, цяжкасці, велічы чалавечага лёсу, г.зн. цалкам іншымі аспектамі рэчаіснасці, чым тыя, якія цікавяць метафізіку. Таму Жак Марытэн меў рацыю, калі ў 1947 г. у Рыме сказаў: «У найдакладнейшым значэнні экзістэнцыялістам ёсць св. Тамаш, хаця ён экзістэнцыяліст у зусім іншым сэнсе, чым сучасныя экзістэнцыялісты». Калі мы будзем разглядаць праблему чалавека, тады зразумеем лепей, што існаванне не ўдаецца ўвасобіць у паняццях; паняццева мы можам перадаць толькі прыроду рэчы, у паняццях мы выказваем, чым ёсць штосьці, што гэта такое. Калі ж мы канстатуем існаванне, то сцвярджаем яго альбо шляхам пачуццёвага досведу (проста бачу, чую, што штосьці існуе, дакранаюся да яго), альбо ў экзістэнцыйным суджэнні: «А ёсць» — ці існуе. Гэта важна, бо часта справа падаецца так, што філасофія цікавіцца толькі тым, што можа быць укладзена ў паняцці, а існаванне выбіваецца з паняццевых укладаў і таму не можа быць прадметам філасофскай рэфлексіі. Інакш выглядае гэта ў св. Тамаша, для якога існаванне выконвае цалкам прынцыповую ролю ва ўсёй філасофіі, і асабліва ў метафізіцы. Тое, што мы ўжо ведаем пра Тамашаву філасофію існавання, дазваляе нам перайсці да праблемы, якая ёсць асноўнаю для св. Тамаша і вынікае з ужо пазнаных прынцыповых яго тэзаў. Яна з’яўляецца нібы асноваю ўсёй яго філасофіі і тэалогіі — і гэта праблема Бога як самаіснага Існавання.
Пераклад з польскай мовы
Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
|
|
|
|