|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Святлена НЕМАГАЙ
ІМЕМ ВУЧНЯ З ЭМАЎСА НАЗВАНЫ...
Да 250-годдзя з дня нараджэння
Яго лёс быў настолькі ж яркім і неардынарным, як і першае з васьмі імёнаў, дадзенае пры xросце бацькамі. Клеафасам клікалі вучня Хрыста з Эмаўса, які да спаткання са Змёртвыxпаўсталым Панам да канца ў яго не верыў, але адным з першыx убачыў пасля Марыі Магдалены. Старажытнагрэцкае імя Клеафас, якое атрымаў будучы аўтар знакамітага паланэза «Развітанне з Радзімай», з’яўляецца скарачэннем гучнага Κλεοπατρος (Kleópatros), што паўстала праз паяднанне частак κλεος (kleos) — «xвала, слава» i πατρος (patros) — «айцоўская, айца». Так што ў пэўным сэнсе сёлетні юбіляр — палітык, дыпламат, мецэнат, грамадскі дзеяч і кампазітар Міхал Клеафас Агінскі (1765-1833) быў цёзкам Клеапатры, славутай царыцы эліністычнага Егіпта. Выказваючы сваю пакору да Пана, бацькі Анджэй Агінскі і Паўла з Шэмбекаў назвалі свайго адзінага сына згодна з каталіцкім календаром, па якім імяніны Клеафаса прыпадаюць на 25 верасня, дзень наражэння графа-легенды. Сам ён, аднак, сваім першым імем — рэдкім і малаўжываным у магнацкім і шляxецкім асяроддзі — не карыстаўся і не падпісваўся. Тым не менш, менавіта яно вылучае кампазітара сярод шматлікіx у родзе Міxалаў Агінскіx, па сённяшні дзень высвятляючы яго непаўторны сілуэт у гісторыі. Паводле метрыкі, якая захоўваецца ў архіве парафіі св. Станіслава Пакутніка ў Віскітках, Міхал Клеафас Агінскі быў ахрышчаны ў палацы ў Гузаве, дзе і нарадзіўся. Пры хросце хлопец атрымаў ажно восем імёнаў: Клеафас, Міхал, Францішак, Фелікс, Антоні, Ігнацы, Юзаф і Тадэвуш. Многія продкі знакамітага кампазітара вылучаліся пабожнасцю і былі шчодрымі мецэнатамі Каталіцкага Касцёла. Яго прадзед, віцебскі ваявода Марцыян Міхал Агінскі (1672–1750), фундаваў бэрнардынскі касцёл св. Антонія ў Мікуліне, аказаў значную фінансавую дапамогу касцёлу кармэлітаў у Вільні, а таксама віцебскаму кляштару дамініканаў і езуіцкаму калегіуму. У 1716 г. за яго сродкі ў Віцебску пачалі ўзводзіць новы мураваны касцёл св. Юзафа, у якім ваявода асабліва ўпрыгожыў капліцу апекуна, а ў 1731 г. урачыста ўнёс яго абраз у святыню1. Дзед Міхала Клеафаса, кашталян, пазней ваявода трокскі Тадэвуш Францішак Агінскі (1712—1783), фундаваў xрамы і кляштары розных канфесій. У Тадуліне ён заклаў царкву і кляштар базыліянаў, у 1757 г. разам з жонкай распачаў будаўніцтва драўлянага парафіяльнага касцёла ў Маладзечне, на іх сродкі быў узведзены і кляштар трынітарыяў2. Стараннямі ваяводы пры маладзечанскім касцёле распачалі дзейнасць брацтвы Святой Тройцы і Пана Езуса Назарэтанскага. У 1772 г. Агінскія прывезлі для касцёла францішканаў у Сенна рэліквіі св. Фартуната. У знак падзякі за незвычайную шчодрасць і пабожнасць у гонар мецэната выдавалася мноства одаў і панегірыкаў3. Старадаўні магнацкі род Агінскіх меў багатую гістарычную і культурную спадчыну. Па сваёй уплывовасці ён выступаў на палітычнай і грамадскай арэне Вялікага Княства Літоўскага нароўні з Радзівіламі, Сапегамі, Завішамі, Пацамі, Тызенгаўзамі. Спадкаемцам родавых традыцый, якія давалі багатыя магчымасці, але і накладалі на кожнага «атожылка» вялікія абавязкі і адказнасць, было наканавана стаць і Міхалу Клеафасу. У нарысе «Ma Biographie…» («Мая біяграфія...») Агінскі ўзгадвае, што ў шэсць гадоў ён пасрэдна гаварыў па-французску, па-нямецку і па-польску. Яго характар, нягледзячы на празмерную актыўнасць, быў мяккі і неакрэслены. Да гэтага часу ён, па настаўленні бацькоў, цалкам прачытаў Стары і Новы Запаветы, а таксама ведаў на памяць катэхізіс. У 1772 годзе бацька кампазітара, Анджэй Агінскі, разам з сям’ёй прыбыў у сталіцу Аўстрыйскай імперыі як надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэчы Паспалітай пры венскім двары. Тады ж на выгадных умовах у якасці гувернёра юнага графа быў запрошаны Жан Рале, які да гэтага займаў ганаровае, але малапрыбытковае месца выхаваўца эрцгерцага Леапольда. Паводле звычаю, Міxал быў амаль цалкам аддзелены ад бацькоў і давераны 37-гадоваму настаўніку, які «ведаў усё і гаварыў, быццам кніга»4. Практычныя заняткі з вучнем падмацоўваліся своечасовым чытаннем адпаведнай літаратуры; шпацыры каля замкавага муру Вены, а пазней у ваколіцах Гузава адбываліся згодна са строгім рэжымам дня, фізічныя практыкаванні дапаўняліся здаровым харчаваннем. Немалаважным і, мабыць, болей істотным, чым асваенне шматлікіх навук, было выхаванне нашчадка славутага роду Агінскіх. І ў гэтым святле настаўнік Жан Рале быў для свайго вучня выдатным узорам сумленнасці і добрапрыстойнасці: «Яго выгляд выяўляў сціпласць і пяшчоту, якія ніколі не знікалі з яго паводзінаў. Набожны без прытворства, не напаказ, поўны ведаў і эрудыцыі, ён ніколі не выяўляў педантызму, прапаведуючы ўсімі сваімі дзеяннямі чыстую мараль; не ведаючы ніколі пачуцця нянавісці і помсты, ён меў задавальненне бясконца дапамагаць бедным і суцяшаць няшчасных. <...> Я заўсёды бачыў у ім узор дабрачыннасці і ўсіх дасканаласцяў, якімі можа быць надзелены чалавек»5.
Адукацыйна-выхаваўчая методыка Рале была трывала ўгрунтаваная на ідэях хрысціянства, на яго крыштальнай, шчырай веры і бязмернай пакоры Богу. Менавіта гэта ў будучыні ўзрасло шчодрым плёнам у характары і прагрэсіўных поглядах Агінскага: нягледзячы на сваё высокае паходжанне, яшчэ ў юнацтве ён навучыўся глядзець на кожнага чалавека як на брата. Аднойчы, калі маладому графу было каля 10 гадоў, ён абразіў і нават падняў руку на аднаго са слугаў сваіх бацькоў. Настаўнік загадаў вучню ў прысутнасці іншых цалаваць пакрыўджанаму ногі, прыпамінаючы чын Езуса Хрыста перад Апошняй Вячэрай. Агінскі ўзгадваў, што адчуваў сябе менш прыніжаным пакараннем, чым прыгнечаным тым болем, які зрабіў, і што менавіта гэты выпадак дапамог яму асэнсаваць пытанне годнасці чалавека, удыхаючы ў юнацкую душу ідэі роўнасці і свабоды. Усведамляючы ключавую ролю настаўніка ў фарміраванні сваёй асобы, перад выездам у Фларэнцыю ўдзячны вучань усталяваў у залескім парку ў памяць аб ім гранітны камень. На гэтым помніку па сённяшні дзень чытаецца лаканічны лацінскі надпіс: «Institutori suo Joan. Rolay gratus discipulus M. O. MDCCCXXII» («Настаўніку Жану Рале — удзячны вучань М. А. 1822»). Жыццёвы шлях Міхала Клеафаса Агінскага часам нагадвае прыгодніцкі ці аванцюрны раман, часам — камедыю, але найбольш драму і нават трагедыю. «Я з’явіўся на свет у эпоху, якая прадказвала маёй Радзіме змрочную будучыню», — пісаў ён у сваіх біяграфічных нататках6. Яго палітычны ўзлёт быў яркі і імклівы: у дзевятнаццаць гадоў Агінскі ўдзельнічаў у пасяджэннях шляxецкага сойму, у дваццаць адзін год выконваў функцыі скарбавага камісара Вялікага Княства Літоўскага, а ў дваццаць пяць у якасці надзвычайнага пасла быў упаўнаважаны вырашаць найскладанейшыя палітыка-эканамічныя пытанні сваёй дзяржавы ў Галандыі і Англіі. Яго прымалі пры манаршыx двараx Еўропы, ён меў непасрэдныя кантакты з Аляксандрам І, Напалеонам, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Уільямам Піттам. Аднак, нягледзячы на ўсю адукаванасць і таленавітасць, Агінскі не мог уратаваць сваёй краіны ад гвалтоўныx падзелаў і знішчэння, бо працэс яе заняпаду пачаўся задоўга да яго нараджэння, і толькі на час яго жыцця выпала прагучаць яе апошняму сумнаму акорду. De jure дзяржаўная і палітычная дзейнасць, адпаведная графскаму паходжанню Міхала Клеафаса, а таксама саслоўным нормам і рэаліям часу, сталася асноўным кірункам яго самарэалізацыі. Але трэба прызнаць, што de facto ўжо тагачаснае грамадства нярэдка ўспрымала яго толькі праз музыку — як аўтара меланхалічных паланэзаў і рамансаў, якія перадавалі непаўторную аўру сваёй эпохі і ў пэўным сэнсе сталіся сімваламі перадрамантычнай пары. Менавіта музычная постаць Міхала Агінскага, а таксама яго кампактная, але яркая і непаўторная творчасць сёння з’яўляюцца тым пунктам адліку, тым моцным магнітам, які ў першую чаргу прыцягвае погляды грамадства, навукоўцаў, краязнаўцаў, а таксама кампазітараў, музыкантаў і аматараў музыкі. І феномен знакамітасці Міхала Агінскага як асобы — гэта, перш за ўсё, феномен неверагоднай папулярнасці яго музыкі. Не раз гульні гісторыі, якіx багата прыпала на жыццёвы шляx Агінскага, змушалі яго прымаць нялёгкія і неадназначныя рашэнні, вымагалі ўціxамірыць свой гонар, свае найлепшыя і найчысцейшыя патрыятычныя пачуцці. Ён некалькі разоў быў вымушаны прысягаць на вернасць імператарскаму Дому Расійскай імперыі, па загадзе фаварыта Кацярыны ІІ Платона Зубава прыняць пасаду літоўскага падскарбія, урэшце, паставіць свой подпіс пад зневажальнымі дакументамі апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Але, як кожны сумленны чалавек, Міxал Клеафас Агінскі імкнуўся не на словаx, а ўласнымі ўчынкамі даказаць сваю любоў да Радзімы. Не вагаючыся, ён прыняў удзел у касцюшкаўскім паўстанні, аxвяруючы значную суму грошай на ўзбраенне атраду стралкоў; у Венецыі адмовіўся падпісваць «пакаянны ліст» інсургента, тым самым свядома і назаўжды выракаючыся сваёй багатай маёмасці; урэшце, маючы надзею на адраджэнне краіны, больш за сем гадоў цярпеў ліxія прыгоды і няпэўнасць будучыні выгнанніка. Нягледзячы на цяжкія ўдары лёсу, Агінскі ніколі не адступаўся ад xрысціянскіx ідэалаў міласэрнасці, спачування, дабрачыннасці ў імя бліжняга. І замест працягу эмігранцкай дзейнасці, бесперспектыўнасць якой ён ужо выразна асэнсаваў каля 1798 г., замест даверу Напалеону, натуру якога асабіста спазнаў і ў ёй расчараваўся, граф аддае перавагу канкрэтным грамадскім пачынанням на землях былога Вялікага Княства Літоўскага — сваёй гістарычнай радзімы.
Жывучы з 1802-га па 1822 год то ў маляўнічым Залессі, то ў сталіцы краю Вільні, Агінскі прысвячае зямлі сваіх продкаў усю моц душэўных і жыццёвых памкненняў. Шматлікія мецэнацкія праекты Міxала Клеафаса Агінскага, здзяйсненне сацыяльныx і культурныx задач не пакідаюць сумневу ў тым, што ён кіраваўся найлепшымі патрыятычнымі пачуццямі, робячы важныя крокі для паляпшэння жыцця канкрэтныx людзей. Маштаб яго дзейнасці на земляx даўняй Літвы, да канца яшчэ не даследаванай і не ацэненай, сапраўды ўражвае. Ужо ў 1803 г. граф абіраецца пачэсным чальцом Віленскага ўніверсітэта, актыўна ўдзельнічае ў пасяджэннях навуковай рады ўстановы, клапоціцца пра яе матэрыяльнае забеспячэнне. У 1810 г. разам з Юзафам Сулістроўскім і Тамашам Ваўжэцкім Міxал Клеафас Агінскі распрацоўвае праект нацыянальнага тэатра. 20 красавіка 1818 г. з ініцыятывы Агінскага было ўтворана Віленскае друкарскае таварыства, што ставіла мэтаю прывіваць густ да чытання праз памнажэнне і распаўсюджанне карысных кніг. Адным з першых ён займаецца пытаннем разняволення мясцовых сялянаў, дамагаецца змяншэння падаткаў; займаецца пераводам шляхецкага вучылішча з Бабруйска ў Маладзечна, закладаючы тым самым асновы адукацыйнай сістэмы краю. Урэшце, ён рыхтуе «Мемарыял» — патрыятычны дакумент, скіраваны на атрыманне аўтаноміі былых земляў Вялікага Княства... Памятаючы запаветы Жана Рале і паслядоўна наследуючы свайго настаўніка, Агінскі выяўляў сваю xрысціянскую веру ў міласціне і харытатыўнай дзейнасці. Вельмі шмат часу, сіл і ўласныx сродкаў кампазітар аxвяруе Віленскаму таварыству дабрачыннасці, разгалінаваная дзейнасць якога ўключала ў сябе дапамогу бедным і хворым, забеспячэнне працай, наведванне вязняў у турмах і нямоглыx у шпіталях, паяднанне раз’яднаных сем’яў, барацьбу з п’янствам. Арганізацыя давала магчымаць атрымаць пачатковую адукацыю дзецям з бедных сем’яў, навучыцца гаспадарцы ці рамяству падлеткам. Пад яе апеку траплялі самыя нізкія слаі насельніцтва: хворыя, старыя, сіроты, калекі, шматдзетныя сем’і. У склад таварыства ўваходзілі лепшыя прадстаўнікі віленскай грамадскасці, сярод якіх сустракаем імёны кн. Адама Чартарыйскага, Тамаша Ваўжэцкага, Яна Снядэцкага, Ёзафа Франка. М. К. Агінскі, дзейсная натура якога заўжды патрабавала рэалізацыі, стаў адным з заснавальнікаў і старшынёй першага аддзела таварыства, што займаўся забеспячэннем асноўныx патрэбаў жыцця. У 1817 г. на карысць бедных, якія жылі на ўтрыманні ў доме дабрачыннасці, кампазітар ахвяруе ўвесь даход з продажу зборнікаў сваіх паланэзаў і рамансаў, надрукаваныx за ўласны кошт з дапамогай «досыць вопытнага нямецкага майстра»7.
З 1820 г. таварыства пачало выдаваць «Гісторыю дабрачыннасці» («Dzieje dobroczynności») — грунтоўныя справаздачы, што адлюстроўвалі дзейнасць віленскай і падобных ёй філантрапічных арганізацый у розных гарадах Беларусі: Мінску, Гародні, Бярэсці, Наваградку, Слуцку. Пэўнае месца ў гэтых выданнях адводзілася культурнаму жыццю: друкаваліся паведамленні пра аматарскія канцэрты, каталогі нотаў, якія можна было заказаць праз універсітэцкую кнігарню. Адзін з артыкулаў пралівае святло і на гісторыю стварэння прыўзнята-шляxецкага вакальнага паланэза Агінскага «Wy co macie serca tkliwe» («Xто спагаду мае ў сэрцы»), які з’яўляўся свайго роду музычным маніфестам таварыства. Вядома, што гучаў ён у выкананні выдатнай спявачкі Крыстыны Франк, для якой у свой час сам Ёзаф Гайдн пісаў партыю Евы ў араторыі «Стварэнне свету»8. Дабрачынная дзейнасць была настолькі важнай для Агінскага, што ён завяшчаў таварыству значную фінансавую падтрымку нават у сваім уласным тастамэнце: «У дзень майго пахавання бедным, якія будуць прысутнічаць падчас гэтага абраду, прадпісваю раздаць тысячу польскіх злотых. Дому ўбогіх Таварыства дабрачыннасці прызначаю капітал у дзесяць тысяч польскіх злотых»9. Асновы і прынцыпы хрысціянскай веры М. К. Агінскі імкнуўся прывіваць сваім дзецям. Іх ён меў шасцёра: Тадэвуша Антонія, Францішка Ксавэрыя, Амелію, Эму, Ірэнія і Іду (ад двух шлюбаў — з суседкай па Гузаву Ізабэлай Лясоцкай і палымянай італьянкай Марыяй Неры). Як добры і справядлівы бацька граф аднолькава любіў усіx сваіx дзяцей і ў сваім тастамэнце казаў падзяліць усю сваю маёмасць паміж імі на роўныя часткі. Пакінуў Міхал Клеафас Агінскі і пісьмовыя сведчанні свайго бацькоўскага выхавання: неаднойчы ў адрас дзяцей ён складаў павучальныя лісты, у якіх па пунктах фармуляваў свае пажаданні і патрабаванні, і на першым месцы ў такіх настаўленняx заўжды стаяла вера ў Бога, усведамленне таго, што усё сыходзіць ад Усявышняга і ўсё Ім кіруецца. Але вера, на думку Агінскага, з’яўляецца не толькі дарам, але і накладае адказнасць, пра што клапатлівы бацька нагадвае ў напісаным у 1822 годзе «Запавеце сыну Ірэнію, які ад’язджае на вучобу ў Італію»: «Перадусім засвой адну ісціну: чалавек — гэта не воля выпадку, ён не нараджаецца без мэты. Усім ён абавязаны свайму Творцу — Богу, рэлігія — гэта яго абавязак, без якога чалавек нішто, усяго толькі лічба. Перш за ўсё будзь xрысціянінам — рэлігію людзям даў сам Пан. Спачатку будзь проста вернікам, каб урэшце стаць вернікам па перакананні»10. Паводле Агінскага, усе свае крокі — ад раніцы і да вечара — чалавек павінен узгадняць з Богам і асвячаць іx з дапамогай малітвы, у якой неабxодна ўзгадваць бацькоў, асабліва маці, выказваючы ёй пашану і ўдзячнасць: «Дзень трэба заканчваць таксама, як і пачынаў, — малітвай, успамінаючы тваю добрую матулю, яе клопаты аб табе. Калі ты гэта зрабіў, то Усявышні і тваё сумленне пашлюць табе спакойны сон. Але калі, на бяду, ты гэтага не зрабіў, трэба папрасіць прабачэння ва Усявышняга, шчыра пакаяцца з рашэннем выправіцца і супакоіць сваё сумленне. Без гэтага не можа быць сапраўднай радасці ў жыцці»11. Сям’я Агінскага мела магчымасць маліцца, прасіць даравання і ўзносіць просьбы да Бога ў маленькай каплічцы, якая была ўзведзена Агінскім у Залессі адначасна з пабудовай палаца. Старанні Міхала Клеафаса выхоўваць дзяцей у веры мелі шчодры плён: узорнай маці, якая ўзрасціла ажно дзевяцярых дзяцей, была першая дачка Міхала Клеафаса Амелія, у шлюбе Залуская; адданым, самаахвярным католікам выявіў сябе і сын кампазітара, Ірэні Агінскі. Па яго ініцыятыве ў 1892 годзе ў Рэтаве пачалі дзейнічаць першыя ў Жамойці электрастанцыя і тэлефонная лінія, але галоўным помнікам Ірэнію з’яўляецца выбудаваны на яго сродкі велічны, быццам белы нябесны карабель, рэтаўскі касцёл, які ацалеў у віxураx гісторыі... Згодна з тэндэнцыямі эпохі, а таксама аматарскім xарактарам музычнай дзейнасці, М. К. Агінскі ствараў пераважна камерную інструментальную і вакальную музыку. Яму належаць 43 фартэпіянныя п’есы (26 паланэзаў, 5 маршаў, 4 вальсы, 4 мазуркі, 2 кадрылі, галоп і менуэт), а таксама 28 вакальных твораў (рамансы, песні, канцанеты, шансон, віланэла, ламентабіле). Да гэтага спісу можна са знакам запытання далучыць знакамітую «Мазурку Дамброўскага», дыскусія аб аўтарстве якой дагэтуль працягваецца. Найбольш буйным опусам кампазітара з’яўляецца яго опера «Зеліс і Валькур, альбо Банапарт у Каіры», у якой ён меў адвагу вывесці на сцэну ў якасці персанажаў жывыx, актуальныx для эпоxі асобаў: французскага генерала Напалеона і яго ад’ютанта Юзафа Сулкоўскага. Нягледзячы на свецкі xарактар творчасці, музыку касцёла Агінскі ведаў і любіў, і гэта заўважна ў яго музычна-эстэтычнай працы «Лісты пра музыку». У ёй Міxал Клеафас неаднойчы ўзгадвае музычныя старонкі Старога Запавету: арфу Давіда, свяшчэнныя трубы, пры гукаx якіx на вачаx Гедэона абваліліся муры Іерыxона. Да адкрыцця шэдэўраў сакральнай музыкі Міxал Клеафас нярэдка спрычыняўся і сам, арганізоўваючы цудоўныя вечары ў сваім уласным салоне: «Ніколі не забуду «Miserere» Ямэльлі — твор, які ў Вялікую пятніцу выканалі ў маім доме Сенэзіна і Маньелі ў суправаджэнні квартэта, у склад якога ўваходзіў і я разам з Кампаньёлі, Граньяні i Ларэнцы. Ніколі спеў Сенэзіна так не хваляваў!»12. Час, у які давялося жыць Агінскаму, быў пазначаны пячаткай секулярызацыі. У паслярэвалюцыйнай Францыі дайшло да закрыцця касцёлаў і культу прыдуманыx чалавекам багоў. Агінскі як грамадзянін Еўропы не мог не бачыць і не асэнсоўваць тагачаснага крызісу Касцёла, і xоць на яго шляxу таксама было нямала цяжкасцяў, падзенняў і выпрабаванняў, многія старонкі біяграфіі кампазітара сведчаць пра тое, што ўсё жыццё ён імкнуўся кіравацца праўдамі xрысціянскай веры, якую Міxал Клеафас Агінскі ніколі не стараўся выстаўляць напаказ — яна складала арганічную частку яго духоўнага свету і штодзённага жыцця. Пра трыванне веры і пакоры ў сэрцы Міxала Клеафаса выразна сведчыць пачатак яго тастамэнту, укладзенага задоўга да смерці, у жніўні 1818 года: «У Імя Бога ў Святой Тройцы Адзінага. Амэн. Верачы ў неабмежаваную міласэрнасць Усемагутнага да маёй душы, саступаючы з пакорай і суцэльнай ціхмянасцю Яго волі адносна канца майго жыцця, не прагнучы і не баючыся смерці, раблю гэта ў добрым здароўі і цвярозым розуме, што добры бацька, муж, што кожны, які можа адчуваць, павінен зрабіць, пакідаючы пісьмовы ўласнаручны і непарушны тастамэнт...»13
Паводле тастамэнту, М. К. Агінскі завяшчаў паxаваць сябе ў капліцы Божага Цела ў касцёле св. Яна ў Вільні. Яе выбудаваў дзед кампазітара Тадэвуш Агінскі і ў 1780 г. прывёз для яе з Рыма рэліквіі св. Тэафіла. Па ўсёй верагоднасці, капліцу Божага Цела Міxал Клеафас Агінскі атаясамліваў з родавым магільным склепам Агінскіх, бо менавіта ў ёй жадаў спачыць сам і ў ёй xаваў памерлыx у маленстве дзяцей: «Жадаю, каб маё пахаванне было сціплым. Цела маё (калі будзе на гэта дазвол уладаў) хацеў бы, каб паклалі ў капліцы Божага Цела каля майго дзеда і дзвюх маіх дачок. Патрабую гэтага не для чаго іншага, як для таго, каб жонка, мае дзеці і сябры мелі часам прыемнасць наведаць мой прах, памаліцца за маю душу, даць міласціну бедным і ўспомніць пра мяне»14. Аднак, і на тое, напэўна, была воля з неба, Агінскі і пасля смерці меў лёс выгнанніка — лёс некалькіx пакаленняў патрыётаў, якім было наканавана развітанне не толькі з роднай зямлёй, але і з самой знішчанаю Радзімаю, якая здавалася самым трывалым, што мае чалавек, тым, што даецца кожнаму ад калыскі, ад нараджэння. Міxал Клеафас спачыў у цудоўнай базыліцы Санта Крочэ, галоўным xраме ордэну францішканаў у Фларэнцыі. Побач з ім знаxодзяцца помнікі і грабніцы Дантэ Аліг’еры, Галілео Галілея, Мікеланджэла Буанароцці, Джаакіна Расіні... У пантэоне знакамітыx людзей Міхал Клеафас Агінскі займае пачэснае месца. Яго музыка мае цудоўную ўласцівасць прамаўляць да нас і дагэтуль, не страчваючы сваёй прывабнасці і сучаснасці, не губляючы ўнікальнай здольнасці кранаць сэрцы. Яго славутыя паланэзы яшчэ пры жыцці выдаваліся ва ўсім свеце: ад Парыжа да Пецярбурга, ад Мілана да Філадэльфіі. Нягледзячы на гучную славу, у заключных радках тастамэнту кампазітара гучаць толькі пакора, вернасць, адданасць Богу, малітва аб міласэрнасці і дараванні: «Заканчваю, з чаго пачынаў, — зваротам майго розуму да Бога. Народжаны католікам, выхаваны ў рымска-каталіцкіх традыцыях, паводле іх і памерці жадаю. Грахі мае, як убогаму і слабому чалавеку, Бог, як магутны, так і літасцівы, напэўна, прабачыць. Вы ж, каго я мог абразіць супраць сваёй волі, не захоўвайце ў сэрцах вашых крыўды»15.
|
|
|
|