Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці

ЧАС МІЛАСЭРНАСЦІ

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Кансэкраванае жыццё

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

АГЕНТ ЕЗУСА ХРЫСТА
З жыцця Касцёла

У НАШЫМ ДОМЕ ХОЛАДНА

ШЛЯХІ ДА СЛОВА
Асобы

ПТУШКІ ЧУРЛЁНІСА
Музыказнаўства
Паэзія

МУЗЫКА АГІНСКАГА
Прэзентацыя

БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Успаміны
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва

Уладзімір СІЎЧЫКАЎ

З НІЗКІ
«УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»

З Аляксеем Марачкіным у дольнай зале
касцёла св.Сымона і Алены. Вясна 2006 г.
Фота Хрысціны Сіўчыкавай.

Цудадзейная крыніца

Гасцяваў напрыканцы лета ў колішняга аднагрупніка па Мінскай мастацкай вучэльні, патомнага інтэлігента Алеся Лася — мастака, этнакультуролага, дудара, майстра па вырабе народных інструментаў — на ягоным хутары за Ракавам, пры поплаве ля рэчкі Яршоўка.

Нават не верылася, што могуць быць такія запаветныя мясціны ўсяго за сорак кіламетраў ад сталіцы. На хутар той да колішняга гаспадара не раз наведваўся Якуб Колас, а навакольныя лясы, поўныя таксама бружмелю, занесенага ў «Чырвоную кнігу Беларусі», лічыць сваёю «бацькаўшчынаю» вялізная рысь!

У прасторнай хаце ў Алеся месцяцца і майстроўня, дзе выштукоўвае ён музычныя інструменты, і студыя аўдыязапісу, дзе на кампакт-дыскі кладзецца занатаваны ім па вёсках ды апрацаваны аўтэнтычны мелас: «Ліра. Лірніцкія песьні, псальмы і канты», «Традыцыйная смыковая музыка Беларусі. Грае капэля Аляксандра Лася» дый іншыя.

На гарышчы можна агледзець разнастайны сельскагаспадарчы ды цяслярскі рыштунак, а ў падмурку, у глыбокіх сутарэннях, хаваецца прысыпаны пілавіннем ляднік, ад якога і спякотнымі летнімі днямі павявае прахалодаю.

А вось ваду Алесь прынагодна набірае ў запас са знакамітае ракаўскае крыніцы, што бруіцца непадалёк ад шашы ў капліцы з 500-гадовай гісторыяй. Легенды мясцовыя цвердзяць, што крыніца — адно з шасці месцаў на Беларусі, якое наведала Маці Божая.

Нібыта адному слепаку быў сон з Паннай Марыяй і пажаданкаю выкапаць ямку пад высокім дрэвам. Той выканаў прыснёнае і стаў відушчым, калі прамыў твар цудадзейнай вадою, што пачала бруіцца з ямкі. Пабачыў ён і абраз Божае Маці дый паставіў па-над крыніцаю драўляную каплічку.

Вада з той крыніцы, як дазналіся і пацвердзілі пазней навукоўцы, папраўдзе лекавая для вачэй, бо ўтрымлівае багата іёнаў срэбра.

Пры цяперашняй каменнай капліцы мімаволі прыгадваюцца словы майго колішняга ўніверсітэцкага выкладчыка, прафесара і паэта Алега Антонавіча Лойкі: «Ракаў — гэта людзі. Ракаў — гэта беларусы, але гэта такія беларусы, што бывалі не толькі ў Ракаве, але і ў Кракаве, а ў іх гасцявалі не толькі людзі з Кракава, але і з Варшавы і Кіева, Прагі і Львова, Беластока і Вільні... Ды, зрэшты, быць у Ракаве — гэта, можа, больш экзатычна, чым у Кракаве».

Ракаўцы прымацавалі на капліцы і шыльду з біблійнай цытатаю, са словамі з «Паслання святога апостала Паўла да Галатаў», якія не могуць не ўражваць: «З Бога не насмяешся... Гал 6, 7».

Прыгаломшаны, параўнаў, выверыў той верш дома найперш па Бібліі, перастворанай намаганнямі Васіля Сёмухі: «Ня крывіце душою: Бог паганьбёны ня бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне».

Во ўжо папраўдзе здараецца часам, што кладуцца на душу радкі, нібыта высечаныя на камені:

«З Бога не насьмяешся!
Праўда ходзіць нацянькі,
З ёй не разьмінешся!»

3 верасня 2007 года.

 

Вітайма неафітаў!

Аднаго зімняга дня на Радзе Саюза беларускіх пісьменнікаў «уступіў» у нашу творчую суполку двух кандыдатаў, якія не займелі ўхвалы Прыёмнай камісіі, — Наталлю Г. і Севярына К.

Апеляваў да радцаў некалькімі лічбамі.

У Шведскім саюзе пісьменнікаў працуюць чатыры секцыі: літаратуры для дзяцей і юнацтва, мастацкай літаратуры, літаратуры non-fiction і перакладчыкаў мастацкай літаратуры, якія аб’ядноўваюць больш за тры тысячы творцаў. У Беларусі ў двух пісьменніцкіх саюзах менш за тысячу сяброў пры колькасці жыхароў, сувымернай з насельніцтвам скандынаўскай краіны.

«Ну дык што, — агучыў я рытарычнае пытанне, — шведы ўтрая таленавіцейшыя за беларусаў? Альбо ў нас занадта строгія правілы і празмерна жорсткія крытэрыі да кандыдатаў? У той самай Швецыі выпуск дзвюх кніжак дае права на аўтаматычнае, без усялякіх рэкамендацый, уваходжанне ў Саюз пісьменнікаў, а ў нас і з пяццю кнігамі ды трыма рэкамендацыямі можна не трапіць!»

Адказам сталася дружнае падняцце рук сяброў Рады, якія амаль што аднадушна, горача прагаласавалі за новых сяброў, прынялі іх сваёй уладаю.

10 снежня, на Сусветны дзень правоў чалавека.
2013 год.

З ксяндзом Уладзіславам Завальнюком
на свяце польскай песні ў Мінскім палацы
культуры чыгуначнікаў. 2 мая 2010 г.
Фота Раісы Шастак.

Дарога на пленэр

Па просьбе малодшай дачкі Хрысціны цэлай кампаніяй выправіліся на эцюды, на мастакоўскі пленэр на берагі Плісы, у маё роднае Жодзіна, каб даў там майстар-клас па тэхніцы акварэлі.

Амаль што на ўездзе ў горад зарулілі налева, па праспекце з адметнай французістай назваю Веніс’е, да касцёла Божай Маці Фацімскай.

Храм гэты даволі малады. Першы камень у падмурак быў закладзены ў лістападзе 1996 года, а будаўніцтва скончылася праз шэсць гадоў. У верасні 2003 года касцёл быў кансэкраваны кардыналам Казімірам Свёнткам, а напрыканцы 2007 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, асвяціў касцёльныя званы...

На клумбах пры храме завіхаліся маладыя парафіянкі. Кінуў палівачны шланг, падышоў пазнаёміцца ксёндз пробашч Міхал Цвячкоўскі. Прыязна пагутарылі, а потым нам ахвотна адчынілі касцёл.

Ва ўсім убранні найперш кінулася ў вочы копія з палатна Эль Грэка «Апосталы Пётр і Павел». У грэка-іспанца, імя якога Дамінікас Тэатокапулас пірэнейцы вымавіць не маглі, адзін з вучняў Хрыста выдае на рахманага сузіральніка, а другі — на заўзятага прапаведніка, але абодвух яднае агульнае ўнутранае перажыванне і глыбокая душэўная прыгажосць.

А вось адзін з нашых пленэрыстаў, паляк Славамір Л., паводзіўся ў касцёле на дзіва індыферэнтна, раўнадушна. Калі я спытаўся пра ягоную абыякавасць, ён прастадушна прызнаўся, што не верыць у Бога, што здаўна ёсць атэістам.

Гэтае Славамірава прызнанне чамусьці не толькі здзівіла і збянтэжыла, але і засмуціла. Як гэта — паляк, чалавек з амаль што стоадсоткава каталіцкай краіны і раптам не тое што не каталік, але і ўвогуле бязверца?

12 траўня 2014 года.

З Арленам і Людмілай Кашкурэвіч
у Мінскім палацы мастацтва. 5 ліпеня 2003 г.
Фота Хрысціны Сіўчыкавай.

Паштоўкі ў вечнасць

Мне пашчасціла не адзін дзясятак гадоў ведаць нашага найвыдатнейшага графіка Арлена Міхайлавіча Кашкурэвіча, пісаць пра яго, удзельнічаць разам у мастацкіх выставах. Неацэннай раскошаю было гасцяваць у яго ў кватэры ў Доме мастакоў на пятым паверсе, а таксама наведвацца ў «святая святых», у майстэрню, што мясцілася ў тым самым пад’ездзе, але на дзявятым паверсе, пад сонцам ды аблокамі.

Апошнія гады былі найболей багатыя на сустрэчы, бо паводле выдавецкіх замоваў аздобіў ён том «Літаратура ад старажытнасці да пачатку эпохі рамантызму» Лявона Баршчэўскага, выбраныя творы нашых класікаў, «Інтымны дзённік» Максіма Багдановіча і «Руны Перуновы» Рыгора Барадуліна, анталогію вершаў і песняў пра каханне «Яна і Я», а таксама зборнік «Крэмень і крэсіва», які, на вялікі жаль, пакуль што не патрапіў на друкарскі варштат.

У маёй калекцыі твораў мастака ёсць выкананыя ў змешанай тэхніцы, ёсць афорты, а таксама шматлікія малюнкі тушшу, сепіяй ды сангінаю. Ёсць і некалькі, на першы погляд, някідкіх, зусім невялікіх па памеры аркушаў. Кажу пра паштоўкі, якія выконваў ён цягам сарака гадоў дый падпісваў, раздорваў і адсылаў калегам, сябрам і блізкім. Гэта былі лінагравюры — выявы, выразаныя на лінолеуме, а потым аддрукаваныя на паперы.

Трыма заўсёднымі складнікамі на тых паштоўках былі выявы П’еро, сэрцаў, а таксама адно з лацінскіх крылатых выслоўяў.

На маёй любімай паштоўцы, што дзевяць гадоў ляжыць навідавоку, пад празрыстай накладкаю на працоўным стале, П’еро імчыць на матацыкле, а лацінскі афарызм — «Semper in motu» («Заўсёды ў руху»). Тры сэрцайкі на ёй падфарбаваныя чырвоным алоўкам. Гэтаксама алоўкам, але простым ці чорным, прастаўлена аўтарская манаграма АК.06. На звароце подпіс, які час ад часу з прыемнасцю перачытваю:

«Дарагі Ўладзімір!

Сардэчна віншую Вас і Вашу сям’ю з Новым годам ды Калядамі!

Няхай усё будзе добра ў Новым годзе і заўсёды!

Шчыра Вашы Арлен і Людміла К.»

Здавалася б, усё проста і немудрагеліста, але не магу тут не пагадзіцца з малодшым сынам генія кніжнай і станковай графікі Тодарам, таксама мастаком. Сапраўды, гэта не быў капрыз або хобі — паштоўкамі-лінагравюрамі Арлен Міхайлавіч цягам многіх гадоў нагадваў найперш творцам-паплечнікам, што беларуская культура па вызначэнні ёсць культураю еўрапейскай, што ёй павінен быць уласцівы пэўны еўрапейскі шарм. Несумненна, што П’еро — вобраз еўрапейскі, а на латыні, на лацінскай традыцыі ў многім і сёння трымаюцца еўрапейская культура і навука. Мне прыемна ўсведамляць, што дзякуючы ўніверсітэцкай філалагічнай адукацыі меў радасць прычасціцца ад тае крыніцы, гэтаксама, як і многія іншыя філолагі, гісторыкі, юрысты дый медыкі. Па меншай меры спецыялісты ў гэтых чатырох кірунках чалавечай дзейнасці не лічаць лацінскую мову нежывой, як і святары Рымска-каталіцкага Касцёла.

У гэтым рэчышчы трэба прызнаць саракагадовы цыкл паштовак за адзін з мастакоўскіх подзвігаў Арлена Міхайлавіча, мінчука ў чацвёртым пакаленні! Паштоўкамі-лінагравюрамі, як і сваімі станковымі творамі, ілюстрацыямі да такіх шэдэўраў еўрапейскай літаратуры як «Атамная станцыя» Хальдаўра Лакснеса і «Фаўст» Гётэ, ён натхнёна і настойліва ўводзіў заходнееўрапейскую фактуру ў нашыя культуру і мастацтва.

25 сакавіка 2015 года.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY