|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Надзея УСАВА
ВАНЬКОВІЧ — ПАРТРЭТЫСТ
Да 215-й гадавіны з дня нараджэння мастака
Імя Валенція Ваньковіча (1800–1842) стала больш вядомым шырокаму колу мінчанаў у 2000 годзе. Тады ў гонар 200-гадовага юбілею мастака ў драўляным доме па вул. Інтэрнацыянальнай, 33-а (былой Валоскай), што належаў кузену мастака Эдварду Ваньковічу, быў адкрыты філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — музей сям’і Ваньковічаў1. Музей, створаны як рэканструкцыя тыповай шляхецкай мінскай гарадской сядзібы найперш закліканы паказваць культуру пачатку ХІХ стагоддзя — убранне пакояў і вельмі цікавую калекцыю сядзібных партрэтаў Беларусі, напісаных мясцовымі і прыезджымі майстрамі, аднак творчасць знакамітага мастака-рамантыка Валенція Ваньковіча займае ў ім асаблівае месца. На жаль, яна прадстаўлена копіямі і фатаграфіямі з карцінаў, бо ўся маёмасць Ваньковічаў у Мінску, маёнтках у Калюжыцах і Смілавічах была вывезена гаспадарамі ў Варшаву ў 1918 годзе. У Беларусі мастак доўгі час быў забыты. Даследаванні аб гэтым жывапісцы з’явіліся праз стагоддзе пасля яго смерці, з сярэдзіны ХХ стагоддзя, спачатку ў Польшчы, Літве, Расіі, затым і ў Беларусі, але вялікая манаграфія пра яго — яшчэ справа будучыні2. Ваньковіч, які належаў да старадаўняга шляхецкага роду, атрымаў у спадчыну зямельную ўласнасць, што давала яму пастаянны даход і становішча ў грамадстве, і заняткі жывапісам не былі для яго адзінай крыніцай існавання. Жывапіс быў сардэчнай цягай, жыццёвым прызваннем, уласцівасцю яго тонкай душэўнай арганізацыі, схільнай да летуценнасці і рэлігійнага містыцызму. «У нас, на жаль, не разумеюць чыста мастацкія памкненні; мастак, як правіла, лічыцца свайго роду рамеснікам, а калі хтосьці, валодаючы сродкамі, прысвячае сябе мастацтву, то лічыцца анамальнай, унікальнай, нават экзальтаванай асобай», — пісала мастачка Зоф’я Шыманоўская ў сваіх успамінах3. Прыкладна гэтак жа ставіліся і да надзвычайнага жадання шляхціца Валенція стаць прафесійным мастаком, але яго бацька, адвакат Мельхіёр Ваньковіч, усё ж пагадзіўся паслаць сына пасля заканчэння Полацкага езуіцкага калегіума ў Віленскі ўніверсітэт, дзе была адкрыта кафедра жывапісу. Валенцій чатыры гады ўдасканальваў сваё майстэрства ў Пецярбургу ў Акадэміі мастацтваў, дзе атрымаў залаты медаль і права на пенсіянерства за мяжой, якім не змог скарыстацца з-за адсутнасці грошай у Віленскага ўніверсітэта. Ён вярнуўся дадому, дзе пражыў да 1839 года, калі, захапіўшыся філасофіяй месіянства Анджэя Тавяньскага і жадаючы даведацца пра мастацтва Еўропы, выехаў за мяжу, дзе і памёр ва ўзросце 42-х гадоў на руках у свайго сябра Адама Міцкевіча...
Ваньковіч да гэтага часу ўспрымаецца як мастак адной карціны. Гаворка, вядома, ідзе пра яго «Партрэт Адама Міцкевіча на скале Аю-Даг», пасля якога ён «прачнуўся знакамітым», бо сапраўды стварыў, па прызнанні сучаснікаў, лепшы рамантычны вобраз вялікага паэта. І сам мастак адчуваў сябе партрэтыстам. Менавіта за створаныя ім партрэты Акадэмія мастацтваў вылучыла яго на званне акадэміка і прапанавала пісаць сямейны партрэт на гэтае званне, але ён так і не атрымаў яго, хоць сямейны партрэт з жонкай Анэляй і дзецьмі быў напісаны двойчы — як «Святое сямейства» і «Майстэрня мастака». Валенцій Ваньковіч, як і яго настаўнік Ян Рустэм, любіў партрэты і з замілаваннем пісаў сваё бліжэйшае асяроддзе. «Шмат хто звяртаўся да яго з просьбай зрабіць партрэт. Ваньковіч быў заможным, акрамя таго, меў добрую падтрымку ад універсітэта ... Ён шукаў натуру, рады быў з яе пісаць, і партрэты ад яго атрымлівалі амаль дарма», — пісаў мастак Вінцэнт Смакоўскі4. Вядомыя яго партрэты маці і бацькі, братоў, сястры Станіславы Харноўскай, жонкі, дзяцей, некалькі аўтапартрэтаў, партрэтаў Адама Міцкевіча, легендарны партрэт Пушкіна, беларуска-літоўскіх шляхціцаў — Ліпіньскага, Пуслоўскага, параў Пясецкіх і Тавяньскіх, Юльяна Корсака, Станіслава Хамінскага, Антонія Радзівіла, Ваўжынца Ржавуцкага і яго жонкі, партрэт Александрыны Манюшкі («Дама за пасьянсам»), Генрыха Ржавуцкага, Аляксандра і Канстанцыі Сулістроўскіх, Віктара і Марцыяна Орды, Эвеліны Ганской-Бальзак, Марыі Шыманоўскай і яе дачок, Антона Гарэцкага і інш. Пісаў Ваньковіч таксама афіцыйных і гістарычных асобаў — мінскага губернатара графа С. Строганава (з натуры), французскага імператара Напалеона (сімвалічны). Дарэчы, ёсць у Ваньковіча вельмі цікавы вобраз Хрыста — ён называецца «Ecce Homo» (каля 1842 г., захоўваецца ў Варшаве). Яго партрэты шматстайныя і дзеляцца на некалькі тыпаў: пераважаюць сямейныя (шмат з якіх парныя), ёсць нешматлікія парадныя з сімвалічнымі фігурамі, даволі рэдкія — так званыя сармацкія, выкананыя ў традыцыях старога сядзібнага партрэта XVIII стагоддзя, і інтымныя — мініяцюрныя. Парадны партрэт у творчасці Ваньковіча прадстаўлены партрэтам знакамітай піяністкі Марыі Шыманоўскай. Партрэт знаходзіўся ў калекцыі сям’і піяністкі, затым у выдаўца «Віленскага альбома» Я.К. Вільчынскага (які прапаноўваў яго ў 1848 г. Польскай бібліятэцы за 25 дукатаў) і ў рэшце рэшт паступіў у Музей Адама Міцкевіча, адкрыты ў 1903 годзе ў Польскай бібліятэцы ў Парыжы. У 2015 годзе мінскім мастаком Віктарам Альшэўскім музею Ваньковічаў была падараваная зробленая з натуры ў Парыжы (пры падтрымцы «Прыёрбанка») копія з гэтага партрэта.
Прыгажуню Марыю Шыманоўскую мастакі любілі пісаць: акрамя старэйшай дачкі мастачкі Зафіі, яе малявалі французскі мастак Н. Жак, польскія — А. Какуляр, Р. Жукоўскі, беларускія — Е. Аляшкевіч і В. Ваньковіч. Сярод гэтага шэрагу партрэт работы Ваньковіча — самы эфектны. Ён напісаны ў Пецярбургу ў тым жа ўдалым для Ваньковіча 1828 годзе, што і «Міцкевіч на скале Аю-Даг», калі мастак быў акрылены стыпендыяльнай пенсіянерскай паездкай за мяжу. У 1828 годзе Марыя Шыманоўская, «першая фартэпіяністка іх Імператарскіх Вялікасцяў», жыла ў Пецярбургу і вяла музычны салон (яе вучаніцай была старэйшая дачка імператара Мікалая I Вольга). Салон Шыманоўскай наведвалі многія польскія і рускія арыстакраты і людзі мастацтва: князь П. Вяземскі, М. Глінка, В. Жукоўскі, А. Пушкін, М. К. Агінскі, А. Міцкевіч і іншыя. Ваньковіч з жонкай сябравалі з Шыманоўскімі, суседнічалі дачамі ў Паргалаве і часта сустракаліся вечарамі. З’яўленне гэтага партрэта было невыпадковым — Ваньковіч быў зачараваны абаяннем і талентам Марыі Шыманоўскай. Ён ўзяў за аснову кампазіцыю варшаўскага партрэтыста Аляксандра Какуляра, які адлюстраваў Шыманоўскую ў модным ўсходнім цюрбане за фартэпіяна. Ваньковіч трохі відазмяніў кампазіцыю, надаўшы ёй лёгкі ўсхваляваны рух, захоўваючы зялёную драпіроўку і інтэр’ер у духу італьянскага палаццо. Ваньковіч — праўдзівы рамантык — умела перакладае партрэт рэальнай жанчыны ў алегорыю, дапаўняючы кампазіцыю фігуркай Амура, які падае ёй кнігу з нотамі. Піяністка тут — «чароўная багіня музыкі», «царыца гукаў», як называлі яе Гётэ і Міцкевіч. Адна рука Шыманоўскай ляжыць на клавішах інструмента, нібы падбіраючы музыку, другой, задумаўшыся, яна прымае ноты. Мастак адлюстроўвае мадэль ва ўладзе натхнення, якое дадзена ёй вышэйшымі сіламі (што нехарактэрна для параднага партрэта). Ваньковіча часта папракалі за цёмны, «непрыемны», змрочны каларыт, але гэты партрэт вельмі эфектны па жывапісе: мастак выкарыстаў толькі адкрытыя яркія колеры без адценняў і валераў. Хто мог падумаць, што ўсяго праз 3 гады, у 1831 годзе, гэтая прыгажуня памрэ падчас эпідэміі халеры ў Пецярбургу ва ўзросце 41 года? Што праз 3 гады пасля яе смерці Адам Міцкевіч ажэніцца з яе малодшаю дачкою Цалінай, якой ён пісаў у дзявочы альбом жартаўлівыя вершы-мадрыгалы... Валенцій Ваньковіч пісаў і мініяцюрныя партрэты, пераважна членаў сваёй сям’і — сястры Станіславы Харноўскай і бацькі Мельхіёра Ваньковіча5. Нядаўна са збораў Дзяржаўнага Эрмітажа быў апублікаваны мініяцюрны (яго велічыня — 6,5×5 см) партрэт невядомай маладой жанчыны ў цёмна-чырвонай сукенцы, датаваны тым жа 1828 годам, што і партрэты Адама Міцкевіча і Марыі Шыманоўскай. На выгляд, мадэлі 16–17 гадоў. Яна напісана акварэллю ў васьмікутніку на гладкім шэрым фоне. Дзяўчына апранутая ў сціплую цёмную сукенку з «іспанскім» карункавым каўнерам, але прычасаная па модзе «а ля шынуа» паводле кітайскага стылю. Імя мадэлі застаецца невядомым, але можна выказаць здагадку, што Ваньковіч маляваў маладую жанчыну са свайго кола: сваю юную «архімілую» жонку Анэль «рафаэлеўскай прыгажосці», якая прыехала да яго ў Пецярбург у 1828 годзе пасля нараджэння першынца Адама, або малодшую дачку Марыі Шыманоўскай Цаліну. Партрэт выкананы найтонкім пункцірам (пуантэлью) — маленькімі кропкамі ці кароткімі рыскамі. Ваньковіч-мініяцюрыст не імкнуўся да глыбокага раскрыцця характару мадэлі, ён бачыў сваю задачу ў іншым — дакладна перадаць прыгажосць аксаміту і карункаў, падкрэсліць хараство дзявоцтва: пяшчотны румянец шчок, бляск вачэй, пругкасць кудзерак. Гэтая мініяцюра — вытанчаны шэдэўр па вытанчаным каларыце і па майстэрстве валодання тэхнікай жывапісу па косці. У мінскі перыяд творчасці Ваньковіч аддаў даніну і традыцыйнаму сармацкаму партрэту, які быў неад’емнай часткай шляхецкіх партрэтных галерэяў. Да такога тыпу партрэта належыць «Партрэт Аляксандры Манюшкі з Ржавуцкіх» з прыватнага збору ў ЗША. Аляксандра Ржавуцкая была жонкаю Аляксандра Манюшкі (1801—1836) са Смілавічаў, рана памерлага вучонага-гуманіста, які валодаў некалькімі старажытнымі мовамі, і да таго ж, як і сябар Ваньковіча Чэслаў Манюшка, быў мастаком-аматарам. Іх дачка Паўліна выйдзе замуж за Лявона Ваньковіча, прынёсшы ў пасаг Ваньковічам Смілавічы — багаты квітнеючы маёнтак. Такія партрэты ў творчасці рамантыка Ваньковіча сведчаць пра глыбокае ўкараненне сармацкіх традыцый і нават пра сармацкае адраджэнне, уласцівае 1830-м гадам. Рамантызацыя сармацкіх традыцый праявілася не толькі ў архаічнасці адзення, але і ў адсутнасці ідэалізацыі мадэлі, падкрэсленым партрэтным падабенстве і нават гратэскавасці вобразаў. Адкрыццём у партрэтнай творчасці Ваньковіча стаў партрэт паэта Тамаша Зана, прапанаваны ў 2014 годзе для куплі ў беларускія зборы прыватным калекцыянерам з Пецярбурга. Партрэт пад назваю «Мужчынскі партрэт з кнігай» трапіў у Рускі музей на экспертызу як праца рускага мастака Аляксандра Варнека, але пры раскрыцці ніжняй часткі палатна на цёмным фоне выявіўся подпіс Валенція Ваньковіча. Імя мадэлі, па вядомых партрэтах Я. Рустэма і Р. Жукоўскага, вызначыў пецярбургскі навуковец з Пушкінскага дома, доктар філалагічных навук і кандыдат мастацтвазнаўства Вадзім Старк6. Дапамог у яго атрыбуцыі мундзір Горнай тэхнічнай школы з характэрнымі гузікамі... Валенцій Ваньковіч пісаў і Тамаша Зана — сябра па Віленскім універсітэце, яшчэ падчас вучобы ў Вільні. Зан як актыўны член таварыства філарэтаў быў у 1824 годзе асуджаны царскім урадам на ссылку ў Арэнбург, дзе правёў 13 гадоў. Паэт, літаратуразнаўца, кандыдат філасофіі, доктар матэматыкі ў 21 год, ён і там вёў навуковыя даследаванні: сабраў калекцыю мінералаў, удзельнічаў як асістэнт-метэаролаг у даследаваннях акадэміка А.Гумбальдта, ездзіў у экспедыцыі па Кіргізіі і Урале. У 1837 годзе Тамаш Зан вярнуўся з ссылкі і атрымаў працу бібліятэкара ў Горнай тэхнічнай школе ў Пецярбургу. Менавіта падчас працы ў Горнай школе В. Ваньковіч напісаў партрэт свайго сябра. Тамаш Зан намаляваны за сталом, з раскрытай кнігай. Святлом вылучаныя яго твар і рукі... У 1841 годзе Тамаш Зан вярнуўся на радзіму, у Вільню, дзе працаваў у Корпусе горных інжынераў. У апошнія гады займаўся сельскай гаспадаркай у набытым для яго сябрамі ў складчыну маёнтку Кахачын у Сенненскім павеце (на Віцебшчыне), працягваў літаратурную дзейнасць, вывучаў фальклор. Набыццё такога ўзроўню партрэта ў карпаратыўную калекцыю «Белгазпрамбанка» стала знакавай падзеяй для мастацтва Беларусі. Цяпер гэты адзіны ў нас арыгінальны партрэт экспануецца ў Доме Ваньковічаў. Чатыры тыповыя для Ваньковіча партрэты — парадны, камерны, мініяцюрны і сармацкі — падкрэсліваюць разнастайныя грані таленту Ваньковіча-партрэтыста. За дваццаць з невялікім гадоў творчага жыцця ён напісаў каля паўсотні партрэтаў, частка з якіх вядомая па згадваннях ў літаратурных крыніцах і ўспамінах сучаснікаў, а захавалася іх каля 30-40 у зборах музеяў і прыватных калекцыях. Творы Ваньковіча разышліся не толькі па розных краінах, але і па кантынентах, і сабраць ды каталагізаваць іх разам можна толькі на выставе (рэальнай ці віртуальнай) або ў манаграфічным альбоме. Калі такое здарыцца, атрымаецца найцікавейшы групавы партрэт беларуска-літоўска-польскай шляхты — пакалення перыяду лістападаўскага паўстання 1830 года.
|
|
|
|