Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці

ЧАС МІЛАСЭРНАСЦІ

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Кансэкраванае жыццё

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

АГЕНТ ЕЗУСА ХРЫСТА
З жыцця Касцёла

У НАШЫМ ДОМЕ ХОЛАДНА

ШЛЯХІ ДА СЛОВА
Асобы

ПТУШКІ ЧУРЛЁНІСА
Музыказнаўства
Паэзія

МУЗЫКА АГІНСКАГА
Прэзентацыя

БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Успаміны
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва

Андрэй ШПУНТ

«ДЫК ІДЗІЦЕ І НАВУЧАЙЦЕ ЎСЕ НАРОДЫ...»

…Напрыканцы 1837 года стомленыя ад зімовага недахопу святла і фарбаў жыхары Апостальскай Сталіцы здзіўлена назіралі, як у напрамку Квірынальскага палаца незямной прыгажосці, не інакш арабскіх крывей, конь нясе адпаведнага сабе, такога ж статнага, высокага вершніка ў цюрбане, з-пад якога спадаюць на плечы русыя валасы. У яго бледны вузкі твар з правільнымі рысамі, што яшчэ больш адцяняе надзвычай выразныя, нябеснага колеру вочы; вялікія «сармацкія» вусы і доўгая «ўсходняя» барада; залаты плашч, люлька, жоўтыя туфлі з загнутымі насамі і дамаская шабля. Грыгорый XVI сардэчна вітаў свайго старога знаёмага, якога пажадаў бачыць менавіта ў гэтым «працоўным» строі. Прымаючы рэляцыю пра розныя справы на Блізкім Усходзе, Святы Айцец бачыў маляўнічыя вобразы амаль з казак «Тысячы і адной ночы», ён мог нават дакрануцца да матэрыяльных сведчанняў загінуўшай цывілізацыі — пячатак, клінапісных таблічак і іншых рарытэтаў старажытнага Бабілёна, прывезеных для папаўнення збораў музея Ватыкана.

Ад Святога Айца Апостальскі візітатар у Месапатаміі а. езуіт Максімільян Станіслаў Рыла выйшаў членам Папскай археалагічнай Акадэміі і накіраваўся ў Кангрэгацыю веравучэння, дзе прадставіў вялікія планы Ad majorem Dei Gloriam, у прыватнасці, стварэння цэнтральнага калегіума ў Бейруце ці Алепа. Далейшы побыт у Рыме прайшоў у шматлікіх клопатах у розных ватыканскіх кангрэгацыях, пошуку ахвярадаўцаў для ўсходніх місій і планаванага калегіума, працы місійнай і рэкалекцыйнай. Атрымаўшы значныя паўнамоцтвы і падтрымку, 3 чэрвеня 1839 г. ён ад’ехаў з Рыма праз Мальту ў Канстанцінопаль, а адтуль — у Бейрут.

Таксама чэрвеньскім днём, за тры гады дагэтуль, пад прозвішчам Пятра Ролі ён уступаў у поўнае прыгодаў і небяспекі служэнне на Усходзе як дыпламат і місіянер. Шляхі вялі праз Егіпет, Ліван, Сірыю, Арменію, Грузію. Сярод мноства цяжкасцяў то ў турэцкім, то ў курдскім строі, конна, з узброеным эскортам дабраўся да Дамаска, а адтуль праз Хомс, Хаму, Алепа, Урфу ў раён Тыгра і Еўфрата да Багдада, дзе апроч шматлікіх кантактаў з прадстаўнікамі Усходніх цэркваў знаходзіў час для археалагічных даследаванняў…

 

Яго ведала і любіла ўся Італія, называючы padre Rillo, а ён жартаўліва перарабіў сябе ў Grillo (па-італьянску — «цвыркун»). Узгадваў яго і папа Леў ХІІІ, які добра ведаў кс. Максімільяна ў часы сваёй маладосці.

 

Ва ўсіх сведчаннях, успамінах, запісах, дзе сустракаецца імя кс. Максімільяна, адзначаюцца яго славутыя гаміліі і рэкалекцыі. Адзначаецца прастата і моц яго слова (валодаў арабскаю, мальтыйскаю, італьянскаю, ангельскаю, польскаю мовамі, а таксама лацінаю), прасякнутага любоўю да Бога і бліжняга, падкрэсліваюцца шырокі кругагляд, глыбокае веданне людзей, нейкая туга аб лепшым, несмяротным жыцці, што спалучалася з сапраўдным запалам мужчынскай сілы, якую немагчыма адолець. Як сведчыла польская пісьменніца Клементына Хофманава з Таньскіх, якая сустракала а. Максімільяна ў Рыме ў 1845 г., ён ніколі не запісваў свае гаміліі.

Айцец Рыла праводзіў рэкалекцыі ў Рыме, Фларэнцыі, Неапалі і іншых гарадах. Працаваў паўсюдна і для ўсіх — сярод святарства, папскіх гвардзейцаў, вязняў, галернікаў, з якіх не аднаго скіраваў на адзіна сапраўдны шлях. Не ўстаяла перад ім нават старажытная Фларэнцыя, жыхары якой вылучаліся асаблівай рэлігійнасцю, а тым больш — любоўю да езуітаў. На працягу месяца ён прамовіў у гэтым горадзе 100 гамілій.

 

Кс. Ігнацы Галавінскі ў кнізе «Пілігрымка ў Святую Зямлю» (Вільня, 1842) піша, як у Канстанцінопалі, вяртаючыся ад арцыбіскупа Гіляро, убачыў статнага мужчыну, які ўпэўнена і хутка крочыў у турэцкім строі — вялікі сіні кутас чырвонай фескі калыхаўся ў тым хуткім руху і пераплятаўся са светлымі валасамі, што прыгожа спадалі на плечы; шырокі, сталёвага колеру бекіш (палатняная верхняя адзежа) прыкрываў цёмны доўгі кафтан з прыгожым пасам багдадскага шаліка, які шчыльна абхопліваў зграбны стан, а чырвоныя вастраносыя туфлі маляўніча вылучаліся пры белых панчохах. Кс. Галавінскі крыху занепакоіўся, бо гэтая незвычайная постаць рухалася проста на яго, а потым у захопленым мусульманамі горадзе выразна прагучала: «Пахвалёны Езус Хрыстус!». Гэта быў а. Максімільян...

 

Папа Грыгорый XVI.

Вядома, як цяжка бывае, спрабуючы здзейсніць учынкі міласэрнасці для душы бліжняга, настаўляць грэшнікаў ці вучыць тых, хто нічога не ведае, імкнучыся ў рэшце рэшт павялічыць статак хоць бы яшчэ на адну авечку. Айцец Максімільян вельмі хутка ўваходзіў у знаёмствы і заваёўваў сэрцы. Сур’езныя, складаныя рэчы ён мог даносіць проста і зразумела, а калі адчуваў неабходнасць — радасна і дасціпна. У Канстанцінопалі еўрапейскія купцы, сярод якіх былі і людзі, што знаходзіліся ў палоне бязбожнага Асветніцтва, у вольны час вялі розныя дыскусіі, у тым ліку і на рэлігійныя тэмы. Айцец Максімільян цярпліва выслухоўваў нейкую лухту, а потым холадна казаў: «Si, signiore — так панове, але...», і далей ішло выкладанне навукі Касцёла, прычым кожнае «так, але» не пакідала ніякіх шанцаў апанентам, якіх потым можна было бачыць ці пры канфесіянале, ці падчас прыняцця св. Камуніі.

Вышэйшыя грамадзянскія і ваенныя саноўнікі мусульманскіх краінаў на Блізкім Усходзе прымалі а. Максімільяна вельмі добра. Адзін чалавек, у якога ён затрымаўся, загадаў у пятніцу (у іх гэта як для нас нядзеля) гатаваць госцю посныя стравы, другія давалі ўзброеную ахову і ўсяляк садзейнічалі. Аднак не толькі ружамі быў высланы яго шлях — даводзілася цярпець і холад, і голад, і небяспеку.

 

У Ерузалеме кс. Максімільян пазнаёміўся з польскім паэтам Юліўшам Славацкім і пазней спавядаў яго (яны пасябравалі, вялі частую перапіску, але яна не захавалася). Уначы з 14-га на 15 студзеня 1837 г. Славацкі прыслугоўваў падчас св. Імшы пры Гробе Пана, якую цэлебраваў а. Максімільян. Там жа пры Гробе быў выстаўлены герб Расейскай імперыі. Славацкі ўспамінаў, як а. Максімільян прыкрыў маскоўскага арла, бо ён асацыіраваўся ўжо не з Візантыяй, а з гвалтам і агрэсіяй. Праз некалькі гадоў падчас візіту Мікалая І у Рым айцец Максімільян хадайнічаў перад Святым Айцом аб заступніцтве за ўніятаў, якіх расейскія ўлады сілай заганялі ў праваслаўе.

 

Дзіўная рэч, піша гісторык езуітаў у Рэчы Паспалітай кс. Станіслаў Заленскі, але Максімільян Рыла, які спачатку не меў асаблівых сімпатыяў да ордэну, рэзка змяніў сваё стаўленне менавіта пад уплывам яго пераследу расійскімі ўладамі, калі сакавіцкім Указам 1820 г. дзейнасць Таварыста Езуса была забароненая. Разам з прафесарамі Полацкай езуіцкай Акадэміі ён пакінуў межы Расейскай імперыі і праз Львоў і Вену 15 жніўня 1820 г. прыбыў у Рым, дзе 15 верасня ўступіў у Таварыства Езуса. Але каб стаць сапраўдным езуітам, спатрэбілася 18 гадоў напружанай падрыхтоўкі...

Гэта быў час, калі ордэн, як пісаў на пачатку ХХ ст. нямецкі гісторык Генрых Бёмэр: «зноў пачаў ірвацца ў бой, гатовы на ўсе ахвяры; ён зноў здабыў сваю былую баявую гатоўнасць і палітычнае майстэрства. Больш за ўсіх зрабіў для рэарганізацыі ордэну генерал Ян Філіп Ротган. Гэты сур’ёзны, халодны і непахісны галандзец <...> на працягу дваццаці чатырох гадоў (1829–1853) кіраваў ордэнам <...> з такім майстэрствам, што з часоў яго генеральства рымскі народ пачаў называць генерала езуітаў чорным папам». І гэта адбылося пасля ўдару, які, здавалася, быў канчатковым — забароны ордэну і выгнання яго членаў з Расейскай імперыі. Але менавіта тыя 358 выгнаннікаў сталіся падмацаваннем, дзякуючы якому ордэн здолеў узнавіць сваю дзейнасць у Еўропе і Амерыцы і нават у традыцыйна пратэстанцкіх краінах.

Айцец Максімільян Рыла — натура дзейсная, засумаваў сярод італьянцаў — ён ірваўся на Радзіму, у Літву, якая засталася «глыбока ў сэрцы яго і памяці». Хаця пасля паўстання 1831 г. душпастырская праца ў былым ВКЛ стала немагчымай, ён звярнуўся да расейскага амбасадара Буценева з просьбаю выдаць яму пашпарт: «Я быў непаўналетні, калі выехаў з краю з езуітамі, але грамадзянства не страціў і маю права на вяртанне». Аднак Буценеў пашпарта не даў. Тады а. Рыла пачаў хадайнічаць перад генералам Ротганам, каб дазволіў ехаць без пашпарта: «Я бы ўлез у вакно, калі б мне дазволілі, не тое што ў дзверы». «Супакойся сын, — адказваў той, — калі б толькі ваконца было нам адчыненае…». Пасля гэтага а. Максімільян зацікавіўся місіямі на Блізкім Усходзе. Што было далей, мы ўжо ведаем, да таго моманту, калі ў чэрвені 1839 г. ён ад’ехаў з Рыма ў Бейрут.

 

Падчас місіі на Усходзе а. Максімільян канчаткова ўмацаваўся ў думцы, што для пашырэння святла Евангелля неабходна стварыць вялікі калегіум, дзе айцы езуіты выкладалі б навукі па-арабску на такім жа ўзроўні, як гэта рабілася ў Еўропе. Святы Айцец паставіўся да гэтага з разуменнем, і ў сакавіку 1840 г. генералу Ротгану быў прадстаўлены падрабязны план «Collegium Asiaticum» у Бейруце на 100 навучэнцаў з друкарняй, бібліятэкай, рознымі майстэрнямі і музеем. Хутка ўзведзены будынак ужо ў лістападзе наступнага года часткова быў гатовы да працы. Адбылося гэта дзякуючы айцу Максімільяну, яго «літоўскай стойкасці», бо ў сваіх пачынаннях ён не аднойчы сутыкаўся з рознымі цяжкасцямі.

Складанае палітычнае становішча, ваенныя канфлікты, рэлігійнае супрацьстаянне ў Малой Азіі — вось тыя абставіны, у якіх здзяйснялася служэнне а. Максімільяна, і гэтыя падзеі зацягнулі яго ў свой вір. Падчас турэцка-егіпецкага супрацьстаяння за панаванне над Ліванам ён рашуча прыняў турэцкі бок, але французскі урад падтрымліваў Егіпет і асцерагаўся, што «Collegium Asiaticum» пры такіх настроях прынясе шмат клопату. У Кангрэгацыю веравучэння пайшлі пратэсты, і ў ліпені 1841 г. генерал ордэну адклікаў а. Максімільяна на Мальту.

 

23 кастрычніка 1841 г. а. Рыла сышоў з парахода «Great Liverpool», каб на працягу амаль двух наступных гадоў аддана несці службу ў гэтай ангельскай калоніі. Кажуць, што «адзін у полі не воін», але а. Максімільян абвяргае гэтае выслоўе, бо ён быў адзіным езуітам на востраве, і ён быў сапраўдным воінам. Тое, што ён убачыў, магло прывесці ў адчай не аднаго душпастыра: уплыў пратэстантызму адчуваўся паўсюдна, адукацыя знаходзілася на вельмі нізкім узроўні.

Яшчэ падчас свайго першага прыезду а. Максімільян арганізаваў у касцёле св. Джэймса ў Валеце Катэхетычны інстытут — першую каталіцкую навучальную ўстанову на Мальце. Штодня ён прамаўляў па дзве гаміліі. Па нядзелях праводзіліся рэкалекцыі, тэмы якіх ахоплівалі многія сферы (тэалогію, філасофію, іншыя навукі, сацыяльныя і грамадскія праблемы і г. д). Гэта была сапраўдная школа жыцця. Касцёл св. Джэймса быў заўсёды перапоўнены. Айцец Максімільян як геніяльны прапаведнік і езуіт разумеў, што з гэтай аўдыторыяй, заражанай пратэстантызмам, было б рызыкоўна гаварыць аб праўдах каталіцкай веры. І таму рабіў гэта далікатна, паступова, але штодзённа, каб урэшце абрынуць іх на падрыхтаваную глебу ва ўсёй сваёй трыумфальнай моцы...

У выніку з часам жадаючых уступіць у Таварыства Езуса выстраілася цэлая чарга. Тады айцец Максімільян адабраў 20 найлепшых і адправіў іх у Рым. Цяпер пабудова калегіума напрошвалася сама сабою.

Сваёю актыўнасцю (а план адкрыцця навучальнай установы, здаецца, быў апошняю кропляю) а. Рыла выклікаў незадаволенасць ангельскіх уладаў, пратэстантаў і іншых ліберальных антыкаталіцкіх, і асабліва антыезуіцкіх, колаў. Пасыпаліся абвінавачванні, якія чэрпаліся з некаторых гамілій кс. Максімільяна (з 14 лістапада 1841 года да 3 сакавіка 1842 г. ён прамовіў 200 гамілій), дакладней, іх інтэрпрэтацый. Так, аднойчы разглядалася пытанне адносна супраціву, на які могуць пайсці прыгнечаныя мальтыйцы. Пытанне разглядалася на абстрактным і чыста спекулятыўным узроўні, але падавалася як заклік да паўстання супраць ангельцаў. У выніку варожых захадаў у сакавіку 1842 г. а. Максімільяну было забаронена прапаведаваць, а 26 траўня губернатар Мальты атрымаў петыцыю, пад якою стаяла 1170 подпісаў, сабраных за чатыры дні ў абарону «самага годнага апостальскага місіянера ў гэтай калоніі».

Час вымушанага маўчання а. Максімільян цалкам прысвяціў душпастырскай працы і напісанню каментараў да «Духоўных практыкаванняў» св. Ігнацыя Лаёлы.

Нарэшце пратэсты прынеслі вынік. У траўні 1843 г. Кангрэгацыя па надзвычайных справах зняла з а. Максімільяна ўсе абвінавачванні. Адначасова, па рэкамендацыі кангрэгацыі, генерал ордэну скіраваў яго на Сіцылію, дзе з верасня 1843-га да чэрвеня 1844 г. нястомны місіянер прамовіў звыш 360-ці гамілій і правёў столькі ж рэкалекцый.

У снежні 1845 г., «пакуль іслам не паспеў пашырыць свае пазіцыі», Кангрэгацыя веравучэння стварыла Апостальскі вікарыят Цэнтральнай Афрыкі, у склад якога, як знаўца Усходу і арабскай мовы, увайшоў а. Максімільян. Згодна з планам пашырэння веры ў Афрыцы, прадугледжваўся ўдзел езуітаў, але генерал Ротган прапанаваў папярэдне правесці даследаванні гэтага рэгіёну, і ў кастрычніку 1846 г. а. Максімільян пакінуў Рым і 16 красавіка 1847 г. дасягнуў Александрыі. Шлях праходзіў праз Мальту, дзе ён наведаў ім заснаваны калегіум, Бейрут, дзе ён дапамог ордэну сёстраў св. Юзафа і выступіў пасярэднікам у набыцці каштоўных рукапісаў для Бібліятэкі Ватыкана.

У ліпені 1847 г. у суправаджэнні чатырох асобаў а. Максімільян скіраваўся ў Каір, але там ён захварэў на цяжкую дызентэрыю. Пасля невялікай затрымкі, нягледзячы на хваробу, напрыканцы верасня а. Максімільян вырушыў уверх па цячэнні Ніла. Шлях быў доўгі і цяжкі — на лодках, плытах і часткова, абыходзячы парогі, на вярблюдах.

11 лютага 1848 г. экспедыцыя дасягнула Хартума, дзе цалкам змучаны кс. Максімільян здолеў здабыць для місіі невялікі дом з агародам.

10 красавіка з Хартума ў Кангрэгацыю Прапаганды ў Ліёне і Парыжы будзе скіравана вялікая справаздача пра заснаванне новых паселішчаў на берагах Ніла.

Хвароба не адступала. Перад смерцю а. Максімільян прасіў паведаміць у Апостальскай Сталіцы аб поспеху экспедыцыі і прыслаць большую колькасць місіянераў…

У пятніцу 25 жніўня 1848 г. касцёл езуітаў у Валеце сустрэў сваіх парафіянаў зацягнутым у чорнае, а пры галоўным уваходзе была прыбіта табліца, лаканічная лаціна якой увабрала ў сябе ўвесь зямны шлях нашага суайчынніка, таму (і «але»), post festum, асмелімся паправіць айцоў езуітаў, бо замест «Polonorum» мусіла было быць «Litvinorum»:

Stanislao Maximiliano Ryllo S.I.
Nobilissima Polonorum Familia
Qui Pietate Doctrina Animi Ingenvitate Vniversalem
Existimationem Sibi Conciliavit Melitensivm Amantissimvs
Collegivm S. Pavli In Vrbe Notabili Inchoavit Perfecit
Varias Nationes Sacris Expeditionibvs Illvstravit
Animabvs Lvcrandis Cvpidissime Inhians Christiano Nomini
Propagando Remotissimas Infidelivm Regiones Peracravit
Laboribvs Supra Modvm Qvam Cviqve Credibile Est
Immanibvs Confectvs Pie Obiit Khartvm in Africa
Penitissima XV Kal. Ivlias An. MDCCCXLVIII Aetatis
Svae An. XLVI Religiosae Professionis An. XXVIII
Melitenses Amici
Sacerdoti Spectatissimo Oratori Eximio
Viro Incomparabili De Se Optime Merito
Cvm Lacrimis Parentant

Станіславу Максімільяну Рылу
з Т(аварыства) Е(зусавага),
з найшляхетнейшай польскай сям’і,
які пабожнасцю, вучонасцю
і высакароднасцю душы
здабыў сабе сярод усіх добрую славу.
Самы любімы з усіх мальтыйцаў, ён заснаваў
і завяршыў калегіум святога Паўла
ў славутым горадзе (Медыне).
Прасвятліў розныя народы падчас
святых выправаў,
жадаючы і прагнучы здабыць душы
для хрысціянскай веры,
Пашыраючы яе, ён прайшоў найдалейшыя
краі няверных.
Стомлены неймавернымі высілкамі
і празмернаю працаю,
пабожна адышоў у вечнасць у Хартуме
ў Цэнтральнай Афрыцы
ў 15-й календы ліпеня 1848 г. на 46-м годзе
свайго жыцця і на 28-м годзе пасля давання
манаскіх абяцанняў.
Мальтыйскія сябры са слязьмі складаюць
гэтую ахвяру
выдатнаму святару, цудоўнаму прамоўцу,
мужу, непараўнальнаму ў сваіх заслугах.

Максімільян Станіслаў Рыла нарадзіўся 31 снежня 1802 г. у Падароску Ваўкавыскага павета. Паходзіў з абяднелай, але старой шляхты герба «Вянява», якая жыла на Слонімшчыне, Браслаўшчыне, Віленшчыне, Лідчыне, Полаччыне. Сярод прадстаўнікоў роду найбольш вядомы Максімільян Рыла (+1793) — уніяцкі біскуп Пжамыскі, Саноцкі і Самборскі (1785), добры і вучоны пастыр, фундатар уніяцкай семінарыі ў Хелме (1759).

Пачатковую адукацыю атрымаў у павятовай школе ў айцоў місіянераў.

Прыблізна з 1817 г. вучыўся ў Полацкай езуіцкай Акадэміі, дзе стаў магістрам філасофіі, потым вывучаў медыцыну ў Віленскім універсітэце.

Прайшоў двухгадовы навіцыят пры касцёле св. Андрэя на Квірынале ў Рыме і гадавы курс рыторыкі. З 1823-га да 1834 г. вывучаў у розных навучальных установах граматыку, філасофію, паэтыку, тэалогію. Адначасова быў настаўнікам семінарыстаў і выкладчыкам паэтыкі (1826 — 1827).

Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 снежня 1833 года.

2 лютага 1838 г. даў чатыры манаскія абяцанні.

Быў генеральным вікарыем апостальскага дэлегата арцыбіскупа Вілардэла, а таксама кіраўніком езуіцкай місіі, якая ў лістападзе 1839 г. працавала сярод маранітаў, мелькітаў і армянаў католікаў.

4 жніўня 1844 г. быў прызначаны папам Грыгорыем XVI рэктарам Калегіума прапаганды (Collegium Urbanum), які рыхтаваў будучых місіянераў.

Працаваў старшынёю камісіі па запісах сведчанняў маці Макрыны Мечыслаўскай (лістапад 1845 г.). Гэтыя сведчанні былі надрукаваныя пад назваю «Opowiadanie Makryny Mieczysławskiej, ksieni bazylianek mińskich o ich siedmioletnim prześladowaniu za wiarę, z woli Grzegorza XVI papieża, przez ks. M.Ryłłę, Aleksandra Jełowickiego, ks. Ałojzego Leitnera spisana...» і вытрымалі шмат перавыданняў у розных краінах.

Служыў апостальскім правікарыем афрыканскай місіі і кіраўніком экспедыцыі ў Хартуме (да 22 красавіка 1847 г.).

Памёр і пахаваны ў Хартуме 17 чэрвеня 1848 года. У 1900 г. прах а. Максімільяна быў перанесены на езуіцкія могілкі ў Каіры.

«Collegium Asiaticum» на 100 вучняў, заснаваны кс. Максімільянам, цяпер — адзін з лепшых на Блізкім Усходзе Універсітэт імя св. Юзафа ў Бейруце, дзе вучацца 11 тыс. студэнтаў і працуюць 1800 выкладчыкаў на 12-ці факультэтах і ў 22-х спецыялізаваных школах і інстытутах, а таксама Музеі ліванскай першабытнай гісторыі.

Юліуш Славацкі ўшанаваў светлы вобраз а. Максімільяна, зрабіўшы яго адным з герояў свайго твора — «Preliminaria peregrynacji do Ziemi Swiętej J.O. Księcia Radziwiłła Sierotki» (1840–1841).

ЛІТАРАТУРА

  1. Бёмер Г. История ордена иезуитов/ Пер. с нем. Н. Попова. — Смоленск, 2002.
  2. Григорий XVI (Бартоломео Альберте Каппеллари) — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: www.hrono.ru/biograf/bio_g/grigory16.php. Час доступу: 05.04.2014.
  3. Университет святого Иосифа — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://ru.wikipedia.org/w/index.php?title=Университет святого Иосифа&oldid=57578552. Час доступу: 29.03.2014.
  4. Bystroń J. Wspomnienia syryjskie. Bejrut–Palmira–Damaszek–Warszawa–Kraków–Lublin–Łódź–Paryż–Poznań–Wilno–Zakopane, 1928.
  5. Galea M. The Padre Ryllo Affair from Contemporary Journals//Melita Historica. 9 (1985) 2 (133—134). (Journal of the Malta Historical Society). — [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: www. melitensiawth.com/Melita Historica.html. Час доступу: 11.03.2014.
  6. Grzebień L. Ryłło Maksymilian Stanisław//PSB. T. XXXIII/4 zeszyt 139. — Wrocław—Warszawa—Kraków, 1992.— S. 504—506 .
  7. Hołowiński I. Piełgrzymka do Ziemi Świętej. T. II. — Wilno, 1842.
  8. Hoffmanowa z Tańskich K. Pamiętniki. T. III. — Berlin, 1849.
  9. Reychman J. Podróżnicy polscy na Bliskim Wschodzie w XIX w. — Warszawa, 1972.
  10. Smolikowski P. Historya zgromadzenia zmartwychwstania Pańskiego. T. II. — Kraków, 1893.
  11. Uruski S. Ryło//Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XV. — Warszawa, 1931. — S. 351.
  12. Zalęski S. Jezuici w Polsce porozbiorowej. T. V. cz. II. 1820—1905 — Kraków, 1906.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY