|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Першыя раздзелы Бібліі, як вядома, прысвечаны таямнічаму працэсу стварэння свету. І з першых радкоў мы разумеем, што гэты працэс быў вельмі дынамічным, бо «Дух Божы насіўся над вадою». Шматразова паўторанае «і» («і сказаў Бог...», «і назваў Бог...» і г.д.) хутка напаўняе душу спакоем, і асабліва цешыць шматразова паўторанае: «І ўбачыў Бог, што гэта добра...». Цікава, што ў мностве мастацкіх выяваў да Бібліі, насычаных людскімі натоўпамі, гэты першасны бязлюдны працэс не адлюстраваны, і толькі ў Чурлёніса ў цыкле «Стварэнне свету» можна амаль фізічна адчуць, як ціхім кароткім подыхам з зямной цвердзі вырастаюць дзівосныя кветкі, і чамусьці здаецца, што яны маюць свае дзівосныя галасы-шэпты, бо свет у Чурлёніса запалонены музыкай і зоркамі, таму што сказаў Бог: «Няхай будуць свяцілы на цвердзі нябеснай для аддзялення дня ад ночы і для знаменняў, і часоў, і дзён, і гадоў...». У музеі Мікалоюса Канстанцінаса Чурлёніса ў Каўнасе мне пашчасціла пабываць у маладосці, падчас працы ў музеі Янкі Купалы. Тады ж быў набыты і альбом рэпрадукцый. Далёка не лепшага друку, ён меў на мяне нейкае магічнае ўздзеянне, бо адразу запаўняў усё мігатлівым цьмяным святлом агеньчыкаў і зорак, ціхім шумам вады і лесу, чыстым, прахалодным дыханнем наіўных кветак і спакоем ад сузірання рознакаляровых фігурак з вялікімі крыламі (на карціне «Рай»). І калі ў гэтую восень у Мастацкі музей у Мінску прывезлі карціны Чурлёніса з Каўнаса, я пабегла ў музей, як на спатканне, але была трошкі расчараваная і пакрыўджаная за мастака: у новых прасторах музея з высачэзнымі столямі і халоднымі сценамі яго работы, заціснутыя ў доўгім вузкім адсеку, выглядалі сіратліва. Нібы зразумеўшы мой незадаволены позірк, музейная наглядчыца паднялася са свайго месца і ўключыла музычнае суправаджэнне...
Будучы творца нарадзіўся 22 верасня 1875 года і быў названы двайным імем, але блізкія звалі яго менавіта другім: Костак, Кастукас. Хлопчык сядзеў з бацькам за піяніна ўжо з шасці гадоў, аднак не вельмі хацеў вучыць ноты — любіў імправізацыю, а творы Баха, якія найчасцей гучаць у касцёле, іграў па памяці, без нотаў. Бацька Чурлёніса Канстанцінас служыў касцёльным арганістам у Друскінінкаі, а маці — Адэля-Марыя-Магдалена Радманайтэ — вяла хатнюю гаспадарку і гадавала дзяцей — пяцёра сыноў і чатырох дачок. Сям’я Чурлёнісаў сябравала з доктарам Маркевічам, а ён быў добра знаёмы з братамі Агінскімі, адзін з якіх, князь Міхал, унук знакамітага аўтара «Паланэза», жыў у маёнтку Плунге, куды і запрасіў музычна адоранага Кастукаса ў сваю аркестравую школу. У маёнтку была багатая бібліятэка, і Кастукас пачаў стыхійна маляваць: ён рабіў алоўкам замалёўкі парку, забудоваў маёнтка, цікавых яму твараў, кветак — усяго, што звычайна малююць дзеці. З дапамогаю М. Агінскага, які стаў на некалькі гадоў апекуном таленавітага юнака, Кастукас скончыў Варшаўскі музычны інстытут і ўжо ў 20 гадоў быў вядомы як кампазітар. Са студэнцкіх гадоў Чурлёніса захаваўся сшытак, на старонках якога адлюстраваная праца яго розуму і яго зацікаўленасці: слоўнікі еўрапейскіх моваў і старажытныя пісьмёны халдзеяў, фінікійцаў, асірыйцаў, алфавіт уласнага вынаходніцтва; звесткі па геалогіі і геаграфіі; табліцы хімічных спалучэнняў, апісанні фізічных уласцівасцяў цвёрдых целаў, вадкасцяў і газаў — за ўсім гэтым відавочнае жаданне Чурлёніса спасцігаць сутнасць з’яваў жывой і мёртвай прыроды. У 1899 г., заканчваючы інстытут, Чурлёніс у якасці выпускной працы піша кантату «De profundis» («З бездані»), якая спяваецца падчас каталіцкай пахавальнай службы на вершы псальма, што пачынаецца словамі: «З глыбіні заклікаю...». Амаль адначасова ён прысвячае Міхалу Агінскаму ўрачысты паланэз, а той, расчулены, дарыць Чурлёнісу цудоўнае піяніна. Найбольш вядомы музычны твор Чурлёніса — сімфанічная паэма «У лесе», якую ён напісаў у 1901 г. усяго за 11 дзён для конкурсу сярод маладых польскіх выканаўцаў. Пераможцу конкурсу абяцалася прэмія ў тысячу рублёў, а гэта азначала, што можна было аплаціць вучобу ў Лейпцыгскай кансерваторыі. Яго твор быў ухвалены, але прэмію ўвогуле вырашылі не даваць — вучобу ў Лейпцыгу аплаціў Міхал Агінскі. Чурлёнісу ў гэты час было ўжо 25 гадоў — «ужо», таму што жыць яму заставалася ўсяго 10 гадоў, і ён нібы прадчуваў гэты сыход, як прадчувалі свой сыход усе геніі, якія паспелі зрабіць столькі, быццам жылі цэлую вечнасць — яны ўваходзілі ў яе кароткім высокім палётам... Варшаўская філармонія так і не выканала за гэтыя 10 гадоў яго сімфанічную паэму, нанёсшы маладому кампазітару вялікую траўму. Да таго ж неўзабаве памёр Міхал Агінскі, і не прыстававаны да заробку грошай Чурлёніс часам хадзіў галодны і нават адмарозіў пальцы на руцэ, бо не меў пальчатак. З кансерваторыі яго выключылі за нявыплату грошай, але сябры назбіралі патрэбную суму і яго аднавілі. Вярнуўшыся ў Варшаву, Чурлёніс узяў на сваё ўтрыманне трох малодшых братоў, і гэта вельмі расчуліла яго маці. Ён быў у сям’і першым і адчуваў сябе амаль бацькам. У Варшаве Чурлёніс займаўся маляваннем у мастацкай школе, якую ўсе называлі акадэміяй — яе арганізаваў Казімір Стаброўскі, вядомы як таленавіты мастак і педагог. Творчая атмасфера ў акадэміі моцна кантраставала з лейпцыгскім кансерватызмам, і гэта вельмі падабалася Чурлёнісу. Як і ўсе геніі, Чурлёніс меў свой адметны духоўны свет і марыў увасобіць яго ў вялікім цыкле са ста карцінаў. Сёння пад назваю «Стварэнне свету» вядома ўсяго 13 яго твораў. Разглядаючы іх, міжволі пачынаеш шукаць паслядоўнасць у касмічным працэсе нараджэння свету, і калі бачыш усе выявы і надпіс па-польску «Niech będzie!» («Няхай будзе!»), адразу згадваеш першыя радкі Бібліі, бо зразумела, Каму належыць рашуча выцягнутая рука і твар, якія сімвалізуюць Разумны Пачатак, пакладзены ў аснову сусвету. Дарэчы, сам Чурлёніс, задумваючы цыкл, гаварыў не пра біблейскае стварэнне свету, а іншага, свайго, фантастычнага свету. А як магло быць інакш у творчага чалавека? Адметна, што створаны ім вобраз Разумнага Пачатку — фігура ці толькі твар з каронаю становяцца лейтматывам многіх яго работ. Часам ён дае гэтаму каранаванаму вобразу назву «Rex», што азначае «Кароль». Можна ўслед за савецкімі мастацтвазнаўцамі гаварыць пра тое, што Чурлёніс ва ўсіх створаных ім вобразах проста ішоў за міфамі і літоўскімі казкамі, у якіх жылі каралі і каралеўны, існавалі каранаваныя сосны і вежы, а можна глядзець і бачыць інакш. У цэлым пасля знакавага «Няхай будзе!» разумееш, бачыш з яго твораў, што ўжо ўсё ёсць, існуе, дыхае, радуецца, бо свету дадзена жыццё, і разам з ім усюды разлітая яго ўрачыстасць — жыццё быццам зноў і зноў стварае, узнаўляе само сябе ў мностве формаў, ліній, фарбаў, гукаў. На пяці лістах цыклу «Стварэнне свету» пануе ціхая радасць вольных імправізацый мастака, які, нібы дзіця, захоплены сваім уласным будаўніцтвам на жаданай яго душы планеце. І таму ў яго прасторы ўзвышаюцца велічныя спакойныя арфы і арганныя трубы ці проста цягнуць увысь свае сцяблінкі мілыя, чыстыя кветкі. Чурлёніс дазваляе нам бачыць і думаць як заўгодна, а бясконцыя пытанні-загадкі каля яго твораў яшчэ раз пацвярджаюць, што мастацтва — гэта цуд. У вузкім адсеку нашага Мастацкага музея, які, на маю думку, не вельмі ўдала змясціў творы вольна-касмічнага Чурлёніса, побач са мною хадзіла жанчына, якая, выдыхнуўшы з сябе захапленне, сказала: «Я нічога не разумею, але мне ве-е-льмі падабаецца!..» А мне згадалася, як усе мы ў дзяцінстве любілі глядзець на аблокі, наперабой даючы назвы іх зменлівым формам, а яшчэ любілі маляваць на пяску і «будаваць» свае розныя хады і «замкі»... Дарэчы, да таго, што не ўсімі разумеецца і прымаецца ў Чурлёніса (асабліва веруючымі людзьмі), належыць цыкл яго работ «Знакі задыяка». Гэтая назва зацвердзілася ўжо пасля смерці мастака, як і назвы карцін у адпаведнасці са знакамі: «Вадалей», «Рыбы» і г. д. Сам жа Чурлёніс даў сваім творам іншыя назвы, якія сведчаць, што яго работы звязаныя з астраноміяй, а не з астралогіяй: «Сонца ўваходзіць у знак Вадалея», «Сонца ўступае ў знак Рыбаў». З даўніх часоў людзі заўважылі сузор’і, падобныя да розных выяваў, пераважна звярыных (ад грэц. «zoon» — жывёла, звер). Па гэтых сузор’ях у сваім гадавым цыкле праходзіць Сонца. Па гэтым жа коле рухаюцца Месяц і ўсе планеты. Выява знака задыяка — гэта не само сузор’е, а яго астранамічны сімвал — пра гэта лепш расказаў бы айцец Аляксандр Шымбалёў, які, будучы протаіерэем Праваслаўнай Царквы, выкладае ў БДУ астраномію. Незразумелыя мне і рэплікі пра тое, што ў Чурлёніса шмат язычніцкага. Літоўцы, з маленства ўзгадаваныя на сваім багатым фальклоры, можа менавіта дзякуючы гэтаму «язычніцтву» не страцілі свайго нацыянальнага аблічча. Адны толькі песні могуць моцна трымаць народ разам, нездарма ж сказана, што песня — душа народа. Дарэчы, Чурлёніс зрабіў цудоўныя апрацоўкі многіх старадаўніх народных песняў, увёўшы іх у рэпертуар свайго хору, створанага ў Вільнюсе. У яго тонка арганізаванай душы нібы ўвесь час гучалі шолахі, вятры, званы і ціха ўздыхалі нясмелыя дзьмухаўцы — яго карціна пра гэтыя кранальныя вясновыя кветачкі так і называецца — «Цішыня». Усяго толькі дзьмухаўцы, але колькі ў іх спакою, цяпла і святла… …«Сусвет уяўляецца мне як вялікая сімфонія, а людзі — як ноты», — пісаў Чурлёніс. Хіба ж не такою была Божая задума? Мы — ноты! І гэтым нотам, паводле Ньютана, адпавядаюць свае фарбы: напрыклад, «до» — чырвонае. На жаль, гэтай фарбы ўсё больш і больш у «вянцы стварэння» — чалавеку. Чурлёніс быў вельмі далікатны з фарбамі, а чырвонае ў яго пераважна плямкавае, кропкавае, хоць, здавалася б, стварэнне свету павінна перадавацца мастаком у чырвані, бо ўсё плоцевае нараджаецца ў крыві. Найбольш часта ў карцінах Чурлёніса паўтараюцца вобразы сонца, дзьмухаўцоў, рукі, ахвярніка, птушкі, званоў і званіцаў, дзіцяці. Цікава, што яны як бы кантактуюць паміж сабою: сонца і дзьмухавец, рука і сонца, птушка і званіца, дзіця і птушка, дзіця і дзьмухавец і г. д. На карціне з біблейскаю назваю «Вестка» намалявана цёмная гара, з-за якой ззяюць сонечныя промні, і з імі да нас ляціць агромністая птушка. Гара — гэта сімвал перашкоды, але яе няма для Божага святла, і таму ў ім да людзей ляціць добрая вестка… Промні і птушкі ляцяць на многіх карцінах Чурлёніса і «ўзятыя» яны, хутчэй за ўсё, з народных літоўскіх песняў і проста з жыцця — птушкі заўсёды побач з намі, але мы ўжо перасталі іх заўважаць. На жаль, яны бываюць трывожнымі, грознымі, цёмнымі, як на карціне з цыклу «Казка...», дзе вялізная птушка амаль сядае на безабароннае голенькае дзіцятка, якое працягвае ручкі да сонечнага дзьмухаўца; у варожую сонцу чорную птушку скіроўвае свой лук Стралец у «Знаках задыяка». Але ўсё перамагае белая птушка — біблейскі сімвал духу. Менавіта яна вянчае кампазіцыю ў «Санаце зорак». Дарэчы, і сваю каханую Зосю, Зосітэ, Чурлёніс называў белай птушкай, а перажыўшы дэпрэсію, казаў, што ад яго адляцела «птушка цемры». Свой подпіс ён таксама рабіў знакам, падобным да крылаў птушкі. Можна сказаць, што белая птушка ў Чурлёніса тоесная анёлу, і ў гэтым у яго творчасці выявіліся фальклорныя паданні і песні пра перасяленне душы ў птушку. У адным з лістоў да брата Чурлёніс пісаў: «Душа чалавека не павінна змінаць свае крылы ў ракушцы ўласнага „я“. Тады ёй цяжка, але чым шырэй яна раскіне крылы, чым шырэй зробіць круг, тым лягчэй, тым шчаслівейшы чалавек». Вобразы белай птушкі дабра, крылатай душы, «анёла як лепшага чалавека» (Ю. Славацкі) складаюць сваё роднаснае кола і супрацьпастаўляюцца ў Чурлёніса вужу з нізінаў, ценям і ночы, птушкам цемры і дэманам. Усе гэтыя сілы Чурлёніс, напэўна ж, бачыў як рэальныя, і яго дзіцятка пад крыламі змрочнай птушкі і дзіцятка ў пагоні за райскімі птушкамі — гэта і ён сам. Некалькі працаў Чурлёніса — і ў мастацтве, і ў музыцы — прысвечана вясне, лету і зіме. У музыцы гэта «Саната Сонца» і «Саната Вясны». Рэдкі мастак, пішучы вясну, звязвае яе з гукамі званоў — так проста перадае Чурлёніс абуджэнне зямлі. Вясковая званіца, вецер, аблокі і тонкія галінкі лазы, якія, цягнучыся да званоў, нібы звіняць просьбаю: «Гучы, вясна, жыві вясна!». Так і хочацца сказаць: «Радуйцеся», бо вясна — гэта ж яшчэ і Пасха... Напэўна, самае галоўнае ў творах Чурлёніса — гэта думка. І яго думка пра мудрае адзінства ўсяго жывога, і нашы думкі, народжаныя яго карцінамі і музыкай, бо важна не тое, што намалявана, а тое, што знаходзіць дарогу да сэрца і розуму. І тады не будзе пытанняў пра тое, чаму каралева на карціне апынулася на вяршыні гары і хто гэтыя людзі, якія ідуць у гару і навошта, і чаму на далонях каралевы ззяе хутарок з дзвюх хатак і г.д. Трэба проста паверыць, як у дзяцінстве мы верылі казкам, а стаўшы дарослымі, верым, што раніцаю аднаўляецца Божая міласэрнасць, бо мы зноў бачым і чуем... Сваім карцінам санатных цыклаў Чурлёніс даў назвы ў адпаведнасці з часткамі музычнага жанра санаты: «Алегра», «Андантэ», «Скерца», «Фінал» (хіба не так рухаецца наша жыццё?). Як вядома, фінал у кожнага свой. У Чурлёніса — і ў творчасці, і ў жыцці з яго раннім фіналам — трагічны і велічны. На яго карціне «Фінал» намаляваны цэнтр, да якога сышліся празрыстыя ніці кругавога павуціння. За павуціннем — цёмнае, у рэдкіх агеньчыках зорак неба, пад якім на прыступках-п’едэсталах сядзяць, схіліўшы галовы, каранаваныя фігуры, а ўсю верхнюю частку прасторы займае звон. Відаць, што ён даўно нерухомы, бо на ніжнім яго краі вісіць павуцінне, але ў велічным рэквіеме фіналу ціха ззяе надзея на новае жыццё — на зване абуджаецца маленькае прамяністае сонейка... Глядзіце — і ўбачыце... Чурлёнісу заставалася некалькі гадоў жыцця, а ён, як дзіця, хацеў... у Афрыку, Егіпет, Індыю, Аўстралію, каб потым назаўсёды вярнуцца ў Літву. Але лёс ткаў сваю нітку. Увосень 1903 года Чурлёніс прыехаў з выставаю сваіх твораў у Пецярбург і моцна пасябраваў з Мсціславам Дабужынскім, які першы з буйных мастакоў захоплена прыняў творчасць сціплага літоўца, зацікавіўшы ім А. Бенуа, Е. Лансэрэ і С. Макоўскага (рэдактара часопіса «Апалон»). Дарэчы, на выставе ў Пецярбургу Максіміліян Валошын назваў Чурлёніса дылетантам і дадаў, што Бог дылетантаў не любіць. На гэтую рэпліку Аляксандр Бенуа, усміхнуўшыся, адказаў: «Відаць таму, што Бог сам дылетант...». Сапраўды, ствараючы свет, Бог не меў вопыту падобнай працы, таму даводзілася дзесьці быць дылетантам. Міжволі згадваецца анекдот пра Эйнштэйна, які, трапіўшы пасля смерці да Бога, папрасіў Яго накрэсліць формулу светабудовы і, убачыўшы памылкі, прамовіў: «Але ж, Божа...» І Усявышні, уздыхнуўшы, адказаў: «Так, Я ведаю...» У апошнія месяцы напружанай працы Чурлёніс пераходзіць ад абагульненых ідэяў, выразна праяўленых у яго касмічных санатах, да пазнавальных выяваў: піша начны горад, скрозь які імчыць прывідны вершнік, што нагадвае літоўцам пра іх старажытны герб, малюе жамайційскія крыжы, якія людзі здаўна ставілі пры дарогах, каля хатаў, на могілках. Ён разрываўся паміж нястрымным жаданнм працаваць (ствараць!) і неабходнасцю рэальна адказваць за блізкіх людзей. У апошнія гады ён жыў не толькі паміж Пецярбургам і Літвою, але паміж рэальным і нерэальным, і ў 1910 годзе апынуўся ў клініцы для душэўнахворых. Хвароба то адступала, то зноў душыла, прыгнечвала... Ён дажыў да сваёй любімай пары года — вясны. І пайшоў на апошняе спатканне з ёю. Надыхаўшыся ўволю свежым паветрам, Чурлёніс вярнуўся ў палату і злёг з запаленнем лёгкіх. Ён памёр 10 красавіка 1911 года. У апошні год сваёй творчасці — 1909, Чурлёніс намаляваў карціну «Ахвяра», у аснову якой пакладзены вядомы біблейскі сюжэт. На фоне бязмежнай прасторы неба на ўзвышэнні, падобным да піраміды, намаляваны ў выглядзе доўгага цёмнага дыму абрысы чалавека, які схіляецца, каб прынесці сваю ахвяру. Побач з ім, засланяючы яго, стаіць з узнятаю ў неба галавою анёл, які мяккім жэстам рук нібы ўлагоджвае трывогу: «Няхай будзе так...». Насустрач цёмнаму дыму-чалавеку ўзнімаецца белы дым, які рассякае чорны і атуляе ім галаву чалавека — змаганне святла і цемры бясконцае... Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс быў пахаваны ў Вільні на могілках Росы. У развітальным слове на яго пахаванні Фердынанд Рушчыц сказаў: «Мы, якія бачылі станаўленне яго таленту ад яго першых нечаканых праяўленняў да апошніх, з такой нецярплівасцю чаканых намі шэдэўраў, развітваемся з чалавекам крыштальнай чысціні, з сябрам, які быў напоўнены высакароднымі памкненнямі, і мы захаваем у памяці яго трагічна абарваную песню. Ёсць у Чурлёніса добра вядомая вам карціна. З абуджанага святла на ёй узлятае птушка і, абагнуўшы вяршыню шырокім узмахам сваіх крылаў, ляціць удалячынь. Гэта карціна „Вестка“. З такою весткаю прыйшоў Чурлёніс. Ён быў прарокам новага маладога мастацтва, якому даў кірунак, а сваёй зямлі і сваім суайчыннікам ён абвясціў пра абуджэнне ў іх саміх прыгажосці вясны». * * * «... я нібы вольная птушка (без крылаў)», — пісаў Чурлёніс.
Прыслухайцеся — птушкі ў небе выгукваюць яго імя: «Чурлі, чурлі, чурлі...».
Выкарыстаная літаратура
|
|
|
|