|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Біблія на Беларусі «пасялілася» з часоў з’яўлення на нашых землях паслядоўнікаў Добрай Навіны Хрыста, хрысціянаў і хрысціянства, якое мела розныя паводле паходжання і традыцый шляхі пранікнення: з Захаду — праз варага-рускія (нямецкія) дружыны, праз гандлёвыя стасункі з нямецкімі землямі і праз нямецкіх прапаведнікаў, якія прыходзілі з варажскімі дружынамі; з Усходу — праз паходы ў Візантыю, праз тыя ж гандлёвыя зносіны і прапаведнікаў з паўднёва-славянскіх земляў — Балгарыі і Сербіі1. Нягледзячы на тое, што да Х ст. хрысціянства было даволі пашыраным2, хрышчэнне Кіеўскай Русі ў 988 г. і прыняцце князем Уладзімірам хрысціянства з Візантыі аказала значны ўплыў на развіццё протабеларускіх плямёнаў3. Перад хрышчэннем Уладзімір адпусціў сваю жонку Рагнеду і сына Ізяслава ў Крыўскія землі, але да гэтага часу Рагнеда была ўжо хрысціянкаю, і, мабыць, яна, вярнуўшыся ў родную зямлю, абвясціла тут хрысціянства афіцыйнаю вераю, што прыпадала на 990 год4. Яна пастрыглася ў манахіні пад імем Анастасія і стала першаю манашкаю ў Старажытнай Русі5. Прыблізна з гэтым часам звязана і ўзнікненне пісьменнасці на нашых землях. Гэтаму паспрыяла тое, што ў ІХ ст. былі створаны: а) літаратурная мова (стараславянская, або царкоўнаславянская); б) першы славянскі алфавіт (глаголіца і кірыліца)6. З прыходам хрысціянства з’явіліся рукапісныя кнігі Бібліі, якія занялі самае пачэснае месца сярод новага культу. Як паказваюць даследаванні (акадэмік Яўхім Карскі і інш.), ужо з XI ст. робяцца спробы прыстасаваць кірыла-мятодаўскі пераклад да мясцовых асаблівасцяў мовы, яе царкоўна-літургічнага стылю, удакладнення тэксту і выпраўлення памылак перапісчыкаў на аснове старажытнагабрэйскага і старажытнагрэчаскага арыгіналаў7. Верагодна, перапісваннем біблійных кніг займалася Рагнеда ў Ізяслаўі (Заслаўе) у Х ст.8 Біблія распаўсюджвалася шляхам працаёмкага — адзін асобнік быў роўны па кошце гадавому даходу чалавека сярэдняга дастатку — перапісвання ў манастырскіх, царкоўных, княжацкіх майстэрнях-скрыпторыях, якія працавалі на беларускай зямлі амаль паўсюдна. Перапісчык пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую ўпіраў локцем у калена. Пісалі на пергаменце ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, кожная літара аддзялялася ад суседняй. Перапісчык павінен быў не толькі добра ведаць граматыку, але і мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі трэба было аздабляць арнаментам. Акрамя таго, кнігі часта ўпрыгожваліся адмыслова выпісанымі загаловачнымі літарамі, буквіцамі ці ініцыяламі і мініяцюрамі. За дзень можна было спісаць не больш за чатыры старонкі9. Свае скрыпторыі існавалі ў манастырах, пры епіскапскіх кафедрах. Пра сталую біблійную традыцыю сярэднявечнай Беларусі сведчаць высокамастацкія ілюстраваныя помнікі рукапісных Евангелляў: «А ў цэнтры храма, на спецыяльным прастоле, было месца кнігі — напрастольнага Евангелля — яго ўрачыста выносілі, яго цалавалі, як ікону, яму кадзілі, на Евангеллі прысягалі сведкі на судах»10. Магчыма, перапісваннем святых кніг займалася і Еўфрасіння Полацкая11. Менавіта перапісванне кніг магло быць адным з яе схімных зарокаў12. «Рэпертуар» рукапісных кніг складалі кнігі богаслужбовыя (кнігі Бібліі, Мінеі, Трыёдзі, Стыхірары, Ірмалоі, Кандакары, Служэбнікі), рэлігійныя чытальныя (Мінеі, Саборнікі, Пролагі, Залатаструі, Пацерыкі, агіяграфія і творы айцоў Царквы), свецкага зместу (Ізборнікі, Палеі, Хранографы, Летапісы, Ізмарагды і інш.). Найбольш вядомымі біблійнымі манускрыптамі былі Стары і Новы Запавет, Дзеі Апосталаў, Евангеллі, Псалтыры. Значную колькасць кніг складалі перакладныя Евангеллі13. Тэксты, хутчэй за ўсё, перапісваліся на старацаркоўнай мове — спадчыне вялікіх Кірылы і Мятода. Першым друкаваным выданнем Бібліі на мове, блізкай да тагачаснай беларускай, была Біблія Францыска Скарыны. Пераклад быў зроблены з Вульгаты св. Гераніма, перакладзенай на чэшскую мову, таму канон Святога Пісання цалкам супадае з заходняй каталіцкай традыцыяй, а мова перакладу была даступная нашым продкам. Выданнем біблійных кніг пазней займаліся Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Іван Фёдараў, Пётр Мсціславец, Канстанцін-Васіль Астрожскі, Стэфан Зізаній, Мялецій Сматрыцкі, Спірыдон Собаль, Максім Вашчанка і інш. З канца ХVІІІ ст. і да 20-х гадоў ХХ ст. біблійныя кнігі ў Беларусі не друкаваліся. За гэты час былі выдадзеныя толькі некаторыя кнігі рэлігійна-царкоўнага зместу, неабходныя для правядзення богаслужэнняў. Духоўнай літаратуры катастрафічна не хапала, асабліва — Бібліі на роднай мове. На працягу XVII–XIX стст. не было зроблена ніводнага перакладу на беларускую мову. Заняпад беларускай мовы пад польскім і расійскім уціскам, знішчэнне і страта шмат якіх даўнейшых выданняў фактычна пакінулі наш народ без Святога Пісання на ўласнай мове. Праблема перакладу Святога Пiсання на беларускую мову заставалася адной з найвастрэйшых i на працягу ХХ ст. Патрэба ў Кнiгах Старога i Новага Запавету, лiтургiчных і багаслоўскіх тэкстах, катэхiзiсе, малiтоўнiках i iншай рэлiгiйнай лiтаратуры на роднай мове з’яўляецца iстотным складнікам духоўнага адраджэння кожнага народа. Гэтая патрэба вынікае з неабходнасці карыстання бiблійнымі тэкстамі i з’яўляецца непасрэдным абавязкам апостальскай дзейнасцi. Выданне Бiблii па-беларуску сталася ў пэўным сэнсе актам самасцвярджэння, прызнання «хлопскай мовы», «нiзкай гаворкі», якой пагарджалi расейцы i палякi, сапраўднаю моваю, не толькi прыдатнаю для выказвання думак паэтычнага генiя, але i вартаю стацца сродкам данясення слова Божага народу Беларусi i ўсяму свету.
Пераклады Бібліі на родную мову ў ХХ стагоддзі Адным з першых сярод беларускага каталiцкага духавенства, хто звярнуў увагу на праблему перакладу Бібліі, быў бiскуп-суфраган Магiлёўскай архідыяцэзii Сцяпан Данiсевiч. У 1906 г. ён у Пецярбургу перавыдае «Elementarz dla dobrych dzietоk katolikаu». Бiскуп Данiсевiч заахвочваў беларускiх святароў пiсаць i выдаваць рэлiгiйныя кнiгi на беларускай мове i сам цэнзураваў некаторыя з iх перад тым як даць дазвол на друк, — да біблійных перакладаў на пачатку ХХ ст. звярнуліся многія каталіцкія святары. Пасля Першай сусветнай вайны першым выданнем, якое ўключала біблійныя ўрыўкі, стала «Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki» кс. Ільдэфонса Бобіча ў трох тамах. Нарадзіўся кс. Бобіч 22 студзеня 1890 г. у сям’і небагатага беларускага селяніна ў вёсцы Дзедзіна Дзісенскага павета, што на Віцебшчыне. Вучыўся ў Ковенскай гімназіі, якую скончыў у 1909 годзе14. У 1911 г. скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю. Вышэйшую духоўную адукацыю атрымаў у Рыме ў Collegium Germanicum (навучаўся з 1912 г.), стаў доктарам філасофіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 15 ліпеня 1915 года. Cлужыў вікарыем у Друі і пробашчам на Дзісеншчыне (1917–1920 гг.). У 1921–1923 гг. выкладаў Закон Божы ў Віленскай беларускай гімназіі. Падчас Другой сусветнай вайны быў арыштаваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Памёр неўзабаве пасля вызвалення з турмы (па іншых звестках — расстраляны фашыстамі). Пахаваны ў м. Іўе15. «Niadzielašnija Ewanhielii i nawuki» — фактычна найлепшы беларускі падручнік па евангельскай экзэгетыцы і касцёльным красамоўстве. У прадмове да кнігі яе рэдактар-выдавец кс. Адам Станкевіч робіць экскурс у пачатак ХVI ст., акцэнтуючы ўвагу на тым, што, як у часы Францыска Скарыны царкоўнаславянская мова была малазразумелай народу, так і цяпер Божае слова малазразумелае і малакарыснае на польскай мове, а там, дзе няма разумення Святога Евангелля, няма «а ні Богу ко чті», а ні «людзям посполітым к научэню». «Niadzielašnіja Ewanhielii i nawuki» І. Бобіча фактычна былі зборам казанняў (навукаў), складзеных паводле Новага Запавета і багаслоўскай думкі ў праекцыі на патрэбы духоўнага аднаўлення, таму былі настольнымі кнігамі святароў, якія прамаўлялі казанні на беларускай мове. Існуе меркаванне, што біблійныя тэксты, надрукаваныя ў гэтай кнізе, не з’яўляюцца перакладамі кс. Бобіча, а належаць кс. Адаму Лісоўскаму. Кс. Адам Лісоўскі нарадзіўся ў 1882 г. у вёсцы Каранды Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1903 г. скончыў Віленскую духоўную семінарыю, пасля навучаўся ў Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1907 годзе16. 31 мая 1922 г. быў арыштаваны савецкімі ўладамі і асуджаны на 5 гадоў. Адбываў пакаранне ў турмах Мінска, Масквы і Яраслаўля. 28 красавіка 1924 г. пасля абмену палітычнымі вязнямі трапіў у Польшчу. Служыў у Гарадзішчы каля Пінска і ў Віннай на Падляшшы. Выступаў за беларусізацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі17. Памёр 9 кастрычніка 1929 г., пахаваны ў Польшчы. Паводле сведчанняў біскупа Чэслава Сіповіча і Янкі Садоўскага, кс. Лісоўскім (прыблізна ў 1907–1922 гг.) былі перакладзеныя Апакаліпсіс св. Яна, Дзеі Апосталаў, Пасланні св. Паўла да Рымлянаў, Галатаў, Карынцянаў18. Язэп Германовіч выказаў меркаванне, што гэтыя тэксты былі выкарыстаныя Ільдэфонсам Бобічам і Адамам Станкевічам19. Тэксты перакладаў кс. Лісоўскага пакуль не знойдзеныя — Я. Германовіч лічыў іх страчанымі20. Варта сказаць пра вялікае адрозненне паміж лексікай, стылістыкай, моўнымі асаблівасцямі тэкстаў Бобіча і Станкевіча ў выкарыстаных і надрукаваных імі ўрыўках Святога Пісання. Фактычна кс. Ільдэфонс Бобіч стаў пачынальнікам адраджэння беларускай біблістыкі ў ХХ ст. У 1926 г. Вацлаў Ластоўскі здзейсніў пераклад кнігі Старога Запавету — «Цар Саламон. Песьні Песьняў»21 з царкоўнаславянскага тэксту, параўнанага з расійскім, украінскім, польскім і сербскім перакладамі22. В. Ластоўскі нарадзіўся 27 кастрычніка 1883 г. у засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губ. (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23 студзеня 1938 г. быў прыгавораны да расстрэлу «як агент польскай разведкі і ўдзельнік нацыянал-фашысцкай арганізацыі». Рэабілітаваны пасмяротна: па першым прысудзе — 10 чэрвеня 1988 г.; па другім — 16 верасня 1958 года. Памёр 23 студзеня 1938 года. У 1931 г. пабачыў свет поўны пераклад усіх кніг Новага Запавету і адной з кніг Старога Запавету (Кніга Псальмаў у перакладзе сп. Розэнберг)23. Лукаш Дзекуць-Малей супольна з жонкаю займаўся перакладамі паасобных Евангелляў на беларускую мову, выдаўшы іх спачатку маленькімі кніжачкамі, а пасля — пад агульнаю вокладкаю ў 1931 г. у Лодзі (афіцыйна — у Хельсінгфорсе); з грэцкім арыгіналам пераклад звяраў Антон Луцкевіч. «Новы Запавет і Псальмы» перавыдавалі некалькі разоў на эміграцыі24: у 1948 г. — Брытанскае і Замежнае Біблійнае Таварыства ў Лондане, у 1985 г. — Глабальнае місіянерскае радыёслужэнне ў Канадзе, і ў 1991 г. — Біблейскае грамадства. Нарадзіўся Лукаш Дзекуць-Малей 1 кастрычніка 1888 г. у Гарадзенскай губерні. Паходзіў з пратэстанцкай сям’і. Вучыўся на Першых беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні (1913 г.), працаваў настаўнікам. Служыў у расійскай арміі ў Беластоку, дзе пазнаёміўся з вернікамі царквы баптыстаў. З 1910 г. быў звязаны з пратэстанцкім рухам25. Памёр 20 студзеня 1955 г. у Гданьску26. Л. Дзекуць-Малей пісаў: «Разам з жонкай я ўзяўся за пераклад Эвангелля на беларускую мову. Не верачы ва ўласныя сілы, я звярнуўся па прафесійныя парады і папраўкі да знакамітага беларускага дзеяча і крытыка Антона Луцкевіча, які ахвотна дапамагаў у гэтай карыснай для народу працы»27. Адносна перакладу аўтар пісаў: «Я пераклаў некалькі брашураў, надрукаваных выдавецтвам «Компас» у Лодзі. З 1920 па 1924 гг. я сам пераклаў 17 кніжак з польскай ды расейскай на беларускую мову»28. У выдавецтве «Компас» (Лодзь) у 1926 г. было выдадзена Евангелле паводле Лукі і Евангелле паводле Яна, у 1927 г. — Евангелле паводле Мацвея, і ў 1928 г. — Евангелле паводле Марка. Дзякуючы класічнай адукацыі і літаратурнаму таленту Антон Луцкевіч стаў тым чалавекам, які вычытваў, выпраўляў і даводзіў да ладу пераклады Л. Дзекуця-Малея амаль з самага пачатку працы. Веданне грэцкай мовы дазваляла яму параўноўваць пераклад з крыніцамі, аднак былі, відаць, і іншыя людзі, заангажаваныя ў гэтую працу. Так, спадарыня Розэнберг (імя не ўстаноўленае), віленская габрэйка, незадоўга да смерці ў 1926 г. зрабіла варыянт перакладу псальмаў на беларускую мову, таксама пераклала некалькі кніг Старога Запавету, якія, на жаль, не захаваліся29. Антон Луцкевіч не цураўся абмеркаванняў і дапамогі ў працы не толькі ад такіх асобаў, як Браніслаў Тарашкевіч і Радаслаў Астроўскі, кс. Адам Станкевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі (які шмат часу ахвяраваў на працу над канчатковым варыянтам), але і ад настаўнікаў Віленскай беларускай гімназіі, у якой выкладаў. У пошуку жывых моўных сродкаў ён раздаваў фрагменты Новага Запавету сваім вучням як практыкаванні ў перакладзе. Некаторыя з такіх школьных спробаў выклікалі ўсмешку, таму невядома, у якой ступені ў агульнай працы быў скарыстаны плён гэтых «вандровак» у лінгвістычныя нетры30. У 1938 г. кс. Адам Станкевіч пераклаў і выдаў «Božaje Słova. Lekcyi, Evanelii i Pramovy na Niadzieli i Śviaty»31. Нарадзіўся будучы ксёндз 6 студзеня 1892 г. у в. Арляняты Ашмянскага павета32. Вучыўся ў Ашмянскім гарадскім вучылішчы, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914 г.), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918 г.). Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1914 годзе. Кандыдат кананічнага права (1918 г.). 3 1919-га выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. 7 снежня 1944 г. быў арыштаваны органамі НКУС, але неўзабаве адпушчаны. 13 красавіка 1949 г. арыштаваны другі раз па абвінавачванні ў антысавецкай дзейнасці. 31 жніўня 1949 г. быў асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, пасля ў Азерлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць), дзе і памёр33. Пахаваны 10 снежня 1949 г. на могілках Азерлагу каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага раёна34. Перавыданні адбыліся ў 2008 годзе35. З уступу да выдання 1938 г. вынікае, што аўтар за асноўны тэкст крыніцы перакладу ўзяў лацінска-польскую Біблію ў перакладзе кс. Вуйка.
У 1930 г. Новы Запавет часткова пераклаў на беларускую мову кс. Вінцэнт Гадлеўскі. У 1939 г. пабачыла свет яго выданне «Čatyry Evanelii i Apostalskija Dzіei»36. Нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі ў в. Шурычы Ваўкавыскага павета. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912 г.) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916 г). Адным з першых пачаў служыць у касцёле па-беларуску37. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Мінску ў ноч на 24 снежня 1942 года. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але кс. В. Гадлеўскі адмовіўся. Быў закатаваны ў Трасцянцы (пад Мінскам)38. У часе Другой сусветнай вайны беларускі грамадскі дзеяч, лекар, скарыназнаўца Вітаўт Тумаш здзейсніў пераклад кнігі прарока Ёны39. Магчыма, існуюць ці існавалі іншыя пераклады В. Тумаша, зробленыя ў нямецкім лагеры Ватэнштэт, як, напрыклад, пераклад кнігі Быцця, ад якога ў лонданскім архіве засталася толькі першая старонка40. У замежжы здзейсніў пераклады некаторых псальмаў41 і чатырох Евангелляў а. Леў Гарошка. Нарадзіўся ён 11 сакавіка 1911 г. у вёсцы Трашчычы Наваградскага павета, памёр 28 ліпеня 1977 г. у Парыжы. Грэка-каталіцкі святар, архімандрыт, беларускі рэлігійны і грамадскі дзеяч, даследчык гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар, аўтар многіх артыкулаў, кніг; друкаваўся пад псеўданімамі Л. Іскра, Анатоль Жменя, Пракоп Каваль і інш.42 У перыяд з 1949-га па 1950 г. пераклады некаторых кніг Старога Запавету здзейсніў Леанід Галяк43. Нарадзіўся ён 31 кастрычніка 1910 г. у Вільні; памёр 3 красавіка 1980 г. у ЗША. Грамадскі дзеяч, юрыст44. Над перакладам працаваў у Ватэнштэце (Нямеччына). Машынапісы перакладаў былі дасланыя ў верасні 1973 г. біскупу Сіповічу ў Лондан у сувязі з ідэяй стварэння новага перакладу Бібліі. Шэсць кніг аўтарызаваныя самім перакладчыкам праз надпісы на тытульнай старонцы машынапісу і праз лісты да біскупа Сіповіча. Кніга прарока Сафоніі не ўзгадваецца ў лістах ад верасня 1973 г. і не мае тытульнай старонкі, але яна далучаная да перакладаў Л. Галяка (прычыны гл. у канцы перакладу кнігі прарока Сафоніі)45. Леанід Галяк узгадвае: «Перакладамі ў Ватэнштэце займаліся ў асноўным В. Тумаш, Хв. Ільяшэвіч і Л. Галяк. Перакладалі Свіфта («Гулівера») і іншых пісьменнікаў. У Л. Галяка была думка з Тумашам перакласці Біблію на беларускую мову. І яны нейкія часткі Бібліі пераклалі. Прыехаўшы сюды, у Нью-Ёрк, яны гэтую задумку далей працягвалі. Навязалі кантакт з выдатным нашым баптысцкім дзеячом Данілам Яськом, таму што патрэбны быў для перакладу Бібліі нехта, хто б ведаў добра габрэйскую мову. І сярод баптыстых быў такі выдатны знаток усходніх моваў, гэта валыняк Марцінкоўскі. Ён быў прафесарам ці дацэнтам Пецярбургскага ўніверсітэту. Марцінкоўскі згадзіўся быў узначаліць пераклад Бібліі. Але ў гэтым часе доктар Янка Станкевіч звязаўся таксама з іншай групай баптыстаў, і тыя яму дапамаглі. Адным словам, забралі ад Галяка і Тумаша гэтую справу і даручылі Янку Станкевічу. Такая вось была канкурэнцыя»46. У 1954 г. былі выдадзеныя «Sviataja Evanelija i Apostalskija dziei»47 ў перакладзе кс. Татарыновіча, пасля ў 1974 г. — «Listy śviatyсh apostalau»48 і ў 2008 г. — «Лісты Апостала Паўла да Тыматэя»49. Пётр Татарыновіч нарадзіўся 2 чэрвеня 1896 г. у вёсцы Гайнін Слуцкага павета Мінскай губерні. Пасля атрымання сярэдняй адукацыі ў Слуцку вучыўся ў каталіцкай семінарыі ў Петраградзе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю. 12 чэрвеня 1921 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Вучыўся ў Папскім інстытуце ўсходніх навук (1945–1949 гг.). Абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Святы Кірыла, біскуп Тураўскі, і ягонае вучэнне». З 1949-га па 1971 г. быў кіраўніком і асноўным аўтарам беларускіх перадач «Радыё Ватыкана». Займаўся выдавецкаю справаю. Памёр 3 верасня 1978 г. у Рыме. Пераклад здзяйсняў на аснове лацінска-грэцкага тэксту Новага Запавету, навукова апрацаванага і выдадзенага прафесарам Папскага Біблійнага Інстытута А. Аўгустам Мэркам у Рыме ў 1944 г., таксама выкарыстоўваў пераклад кс. Вінцэнта Гадлеўскага, карыстаўся выданнямі на італьянскай і французскай мовах50. Пачынаючы з 1959 г., Ян Пятроўскі перакладае і выдае паасобныя кнігі Старога Запавету — «Кнігу Руты. Кнігу прарока Еэля. Кнігу прарока Ёны»51, «Генезіс»52, «Кнігу Эклезіяста, або прапаведніка»53. У 1991 г. пабачыла свет ягонае Евангелле паводле Яна54. Ян Пятроўскі нарадзіўся 27 студзеня 1905 г. у Слуцку Менскай губерні. Напрыканцы 1920-х, яшчэ праваслаўным, трапіў на беларускае богаслужэнне ў метадысцкай царкве55 і неўзабаве стаў сябрам пратэстанцкага брацтва. Скончыў Біблійную школу метадыстаў у Кларысаве пад Варшаваю, з 1932 г. быў прапаведнікам у Дзярэчыне56. Памёр 19 студзеня 2001 г. у ЗША. З 1960 г. пераклады Евангелляў робіць малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч — яны захаваліся ў выглядзе рукапісаў57. Міхась Міцкевіч нарадзіўся 13 ліпеня 1897 г. у в. Мікалаеўшчына Стаўпецкага павета. З 1950 г. жыў у ЗША, быў актыўным дзеячам Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, сябрам парафіяльнай Рады катэдральнага сабора імя святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Некалькі гадоў працаваў рэдактарам газеты «Беларус», каля 15 гадоў — часопіса «Голас Царквы», займаўся перакладамі літургічных тэкстаў з царкоўнаславянскай на беларускую мову58. Памёр 25 кастрычніка 1991 г. у ЗША. У 1988 г. пабачыла свет Напрастольнае святое Евангелле59 ў перакладзе мітрапаліта Мацукевіча і «Богаслужбовы Апостал»60, у 1992–1995 гг. — «Парэміі»: збор 285-ці парэмій, якія чытаюцца на набажэнствах61. Вацлаў Пануцэвіч прычыніўся да перакладаў паасобных тэкстаў Святога Пісання62, здзейсніў пераклад літургіі св. Яна Залатавуста, якім карысталіся ў беларускай грэка-каталіцкай Спаскай царкве ў Чыкага. Кс. Язэп Германовіч ажыццявіў пераклады некаторых псальмаў, евангельскіх прыпавесцяў, біблійных гісторый63. Пасля Другой сусветнай вайны сярод беларускіх пратэстантаў на эміграцыі аднавіліся намаганні здзейсніць выданне беларускага перакладу Бібліі. Першы ў гэтай справе звярнуўся да Брытанскага і Замежнага Біблійнага таварыства доктар В. Тумаш у 1946 годзе. Да яго просьбы далучыліся некаторыя пратэстанцкія святары, якія, апрача гэтага, звярталіся і да амерыканскіх капеланаў, і да Сусветнай рады Цэркваў, і да шведскага Біблійнага таварыства. Брытанскае і Замежнае Біблійнае таварыства адгукнулася лістом да перадавых святароў праваслаўнага, каталіцкага і евангелісцкага веравызнанняў, у якім пыталася, ці патрэбны беларусам пераклад Св. Пісання на родную мову і колькі беларусаў знаходзіцца на эміграцыі64.
У 1970 г. быў выдадзены «Новы Закон»65 у перакладзе Янкі Станкевіча, а ў 1973 г. — поўная Біблія66 ў перакладзе з габрэйскай і грэцкай моваў у супрацоўніцтве з Майсеем Гітліным. Пераклад Бібліі быў ініцыяваны «Беларускім Біблійным камітэтам», створаным у 1965 г. у ЗША з мэтаю выдаць і распаўсюдзіць беларускую Біблію. У склад камітэта ўвайшлі М. Гітлін (дырэктар), Я. Станкевіч і Т. Сайка67. Пераклад быў зроблены паводле пратэстанцкага канону з арыгінала (Стары Запавет — з габрэйскай, Новы Запавет — з грэцкае мовы), тэкстуальна ён не саступае ў дакладнасці класічным перакладам. Адметнаю асаблівасцю перакладу з’яўляецца яго насычанасць архаічнымі старабеларускімі формамі і неалагізмамі. Доктар філасофіі Янка Станкевіч нарадзіўся 26 лістапада 1891 г. у сялянскай сям’і ў сяле Вурняняты (Арляняты) Крэўскай воласці Ашмянскага павета. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і Пражскі ўніверсітэт. Працаваў выкладчыкам у Варшаўскім і Віленскім універсітэтах. У творчай дзейнасці выступаў пад псеўданімамі Брачыслаў Скарынін, Ян Янушонак. Памёр 16 жніўня 1976 г. у ЗША68. На жаль, моўны пурызм Янкі Станкевіча зрабіў гэты пераклад цяжкачытэльным: падаецца, што Я. Станкевіч перш за ўсё быў заняты пошукамі «мэта-мовы», цікавай толькі вузкім спецыялістам. З 1970 г. распачынае працу над сваім перакладам кс. Уладзіслаў Чарняўскі. Плён ягонай працы пасля выдання паасобных кніг Старога Запавету і двух выданняў Новага Запавету аформіўся ў выглядзе поўнай Бібліі ў выданні Біблейскага таварыства69 ў 2012 годзе. Нарадзіўся кс. Уладзіслаў 14 студзеня 1916 г. у засценку Амружын Гарадзенскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і. Скончыў 4 класы ў Вішнеўскай школе, вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931–1933 гг. навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Барунах Ашмянскага павета70. Пад уплывам свайго дзядзькі кс. Францішка Чарняўскага паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары марыянаў. Пазней успамінаў: «Я ўжо з Друі быў сьведамым. Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Таму ня трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасць»71. Пасля сканчэння гімназіі ў Друі паступіў у навіцыят марыянаў. Падчас рэпрэсіяў польскіх уладаў супраць беларускіх ксяндзоў-марыянаў з’ехаў з мястэчка. Жыў у Вільні72. Кс. Уладзіслаў Чарняўскі атрымаў святарскае пасвячэнне ў кастрычніку 1944 г. з рук літоўскага біскупа Мечыслава Райніса. Першую Імшу цэлебраваў у Крэве на беларускай мове. Вярнуўшыся ў Вільню, пэўны час працаваў у касцёле св. Ігната. Пасля арышту кс. Адама Станкевіча разглядаўся як кандыдат на ягонае месца, але прызначэнне не адбылося. Некаторы час працаваў у літоўскіх касцёлах ва Укмэрге, Гегужыне, Ернішках, Варэне, Эйшышках, затым перавёўся ў Беларусь. Напачатку працаваў у Войстане на Смаргоншчыне, а з 1954 г. — у вішнеўскім касцёле на Валожыншчыне.
Разам з біскупам Чэславам Сіповічам кс. Уладзіслаў Чарняўскі прысутнічаў на аўдыенцыі ў папы Паўла VI. У часе размовы па-лацінску Папа сказаў, што хоча бачыць а. Уладзіслава беларускім біскупам, распытваў пра рэлігійную сітуацыю ў Беларусі, гаварылі і на іншыя балючыя тэмы73. У 1966 г. кс. Чарняўскі атрымаў ліст ад папы Паўла VI, у якім рабілася прапанова пасады адміністратара для ўсіх католікаў Беларусі, на што не пагадзілася савецкае кіраўніцтва. У 1967 г. кс. Чарняўскі наведаў Ватыкан па запрашэнні Кангрэгацыі абрадаў і атрымаў ад Паўла VI даручэнне заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову. Пераклаўшы сем кніг літургічных тэкстаў, кс. Уладзіслаў даслаў пераклады ў Рым і праз некаторы час атрымаў запрашэнне на аўдыенцыю ў Ватыкан, але савецкія ўлады не далі дазволу на выезд74. Памёр 22 снежня 2001 г. у Мінску. Пахаваны ў мястэчку Вішнева75. Кс. Чарняўскі ў сваім перакладзе выкарыстоўваў тэксты лацінскай Вульгаты, рускага Сінадальнага перакладу, польскіх — Бібліі Якуба Вуйка і Бібліі Тысячагоддзя. У арыгінальным тэксце перакладу — у аркушах, набраных на друкавальнай машынцы — напісаныя назвы паасобных раздзелаў, якія перакладчык падаў згодна з польскай Бібліяй Тысячагоддзя. У паасобных частках практычна цалкам захаваныя паслядоўнасць словаў, стылістыка і канструкцыя польскага тэксту. Згодна з лацінскай традыцыяй гучання, перакладчык падаў транскрыпцыю біблійных імёнаў уласных, а таксама геаграфічных назваў. Застаецца адкрытым пытанне адносна крыніцы перакладу а. Чарняўскага, хаця й верагодна, што асноўная частка Святога Пісання перакладзеная з польскай Бібліі Тысячагоддзя. Калі б не крыніцы, з якіх здзяйсняўся пераклад, можна сцвярджаць, што паводле лексікі (гаворка ідзе пра аркушы машынапісу, а не пазнейшыя варыянты, адрэдагаваныя да непазнавальнасці) і стылю — гэта адзін з найлепшых перакладаў Бібліі. Перакладчыку ўдалося ўзвесці своеасаблівы помнік пры дапамозе Божага слова жывой беларускай мове пачатку мінулага стагоддзя. Адценні лакальных гаворак і дыялектызмаў, багацце словазлучэнняў, выкарыстанне клічнага склону надаюць гэтаму перакладу асаблівую каштоўнасць, фармуюць пачаткі біблійнага стылю беларускай мовы, што не ўдалося зрабіць Я. Станкевічу з яго «мэта-моваю». Праца кс. Чарняўскага адметная натуральным, жывым сінтаксісам, якога не хапае сучаснай мове (і ў тым ліку перакладу Васіля Сёмухі). У другой палове 1990-х гг. група маладых вернікаў пад кіраўніцтвам Антонія Бокуна пачала працу над выданнем перакладу Бібліі, зробленага кс. Уладзіславам Чарняўскім. На працягу пяці гадоў была праведзена вялікая праца па рэдагаванні тэксту, параўнанні яго з тэкстамі на арыгінальных мовах і тэкстамі Бібліі на 7-мі розных мовах76. Гэтая праца мела вынікам выданне «Кнігі Роду»77 ў 1997 г., «Новага Запавету»78 ў 1999 г. і «Пяцікніжжа»79 ў 2002 годзе. Антоній Бокун таксама дапамог наладзіць кантакты прадстаўнікоў Беларускага Біблійнага таварыства з кс. Чарняўскім. Пазней да гэтае справы далучыліся а. Андрэй Абламейка і а. Сяргей Гаек80. Незадоўга да сваёй смерці напрыканцы 2001 г. кс. Уладзіслаў Чарняўскі перадаў Біблійнаму таварыству правы на выданне рукапісаў, і ў 2003 г. выйшла беларускае выданне Новага Запавету81. Цягам наступных гадоў вялася праца па рэдагаванні тэксту поўнай Бібліі, да якой былі прыцягнутыя навукоўцы-лаціністы Жанна Некрашэвіч-Кароткая і Таццяна Федасеева. Падчас іх працы тэкст кс. Чарняўскага звяраўся з Новаю Вульгатаю, быў набліжаны да сінадальнага перакладу і пазбаўлены дыялектызмаў з Гарадзеншчыны і Валожыншчыны, дзе кс. Чарняўскі нарадзіўся і пражыў значную частку жыцця. Выданне поўнай Бібліі82 паводле тэксту кс. Уладзіслава Чарняўскага адбылося на пачатку 2012 года. У перыяд з 1970-га па 2011 г. а. Аляксандр Надсан здзейсніў пераклады выбраных тэкстаў Старога і Новага Запаветаў83. У 2006 г. Евангеллі нядзельныя і святочныя — Апракос84, 9 песняў Святога Пісання і Псалтыр Давідавы — з’явіліся ў электронным выглядзе. А. Надсан пераклаў з грэцкай і славянскай моваў на беларускую значную частку ўсходніх літургічных тэкстаў, падрыхтаваў больш 250-ці навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ ст., а таксама малітоўнік «Госпаду памолімся» (2002), які з’яўляецца афіцыйным тэкстам богаслужэнняў Беларускай грэка-каталіцкай Царквы.
Кніга Эклезіяста і Песня Песняў85 Старога Запавету ў перакладзе Васіля Сёмухі пабачылі свет у 1990 г., у 1994 г. выйшла «Найвышэйшая песня Саламонава»86, перавыданне якой адбылося ў 2008 годзе87. Васіль Сёмуха нарадзіўся 18 студзеня 1936 г. на хутары Ясянец (цяпер у Пружанскім раёне)88. Скончыў Пружанскую сярэднюю школу № 2. Вучыўся на рамана-германскім аддзяленні філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта імя В. Ламаносава. Скончыў вучобу ў 1959 годзе. Васіль Сёмуха, які пачынаў працу над перакладам пры Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у 1995 г. здзейсніў уласны пераклад Новага Запавету і Псалтыра89 з рускай мовы. Відавочна, што пераклад паўстаў на глебе рускай Сінадальнай Бібліі, бо мае тыя ж самыя (ужо апісаныя ў навуковых працах) памылкі — як тэкстуальнага, так і багаслоўскага зместу. Мова перакладу В. Сёмухі вельмі багатая, але аўтар дазволіў сабе адвольнасць у перакладзе цяжкіх месцаў, дыялектнае напісанне біблійных імёнаў, часам — да страты іх запаветнай этымалогіі. Варта адзначыць, што гэтая спроба перадаць Святое Пісанне здзейсненая выключна праз прызму мастацкасці. Пераклад усёй Бібліі90 быў выдадзены ў 2002 г. у Мінску пад рэдакцыяй місіянера Юркі Рапецкага (Канада) з дапамогаю мітрапаліта Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Мікалая. Тэксты перакладаў В. Сёмухі, пачынаючы з 2006 г., былі выкарыстаныя ў шматлікіх выданнях прат. С. Горбіка (Львоў). Некаторыя тэксты Старога Запавета ў гэтых выданнях, адсутныя ў перакладах В. Сёмухі, пераствораныя самім а. Горбікам91. 23 снежня 1989 г. адбылося першае пасяджэнне Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы па перакладзе Св. Пісання на беларускую мову92. У першым складзе камісіі налічвалася 20 чалавек. Адным з першых да яе далучыўся протапрэсвітэр Віталій Баравы, навуковым кансультантам камісіі быў прафесар Канстанцін Лагачоў з Пецярбурга, вядомы спецыяліст па перакладах Св. Пісання. Цяперашні архіепіскап Пінскі Стэфан, тады рэктар Мінскай духоўнай семінарыі, прыязджаў на пасяджэнні камісіі з Жыровічаў, протаіерэй Сергій Гардун — са Слоніма. У склад камісіі ўваходзілі беларускія навукоўцы, літаратары і перакладчыкі Васіль Сёмуха, Адам Мальдзіс, Уладзімір Конан, Алесь Яскевіч, Сяргей Шупа, Міхаіл Дубянецкі, бібліёграф Валянціна Дышыневіч, агіёграф Аляксей Мельнікаў.
Пасля выдання ў 1991 г. першага з чатырох Евангелляў — Евангелля паводле Мацвея — праца над перакладам прыпынілася і аднавілася толькі ў 1995 годзе. Старшынёй камісіі па-ранейшаму застаўся Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, намеснікам быў прызначаны протаіерэй Георгій Латушка, сакратаром — прафесар Іван Чарота, адказным рэдактарам перакладу — протаіерэй Сергій Гардун. У склад камісіі ўвайшлі дацэнт педагагічнага ўніверсітэта Уладзімір Васілевіч, клірык барысаўскага Свята-Уваскрасенскага сабора іерэй Аляксандр Пачопка, выкладчык Мінскай духоўнай семінарыі Алесь Кароль, Таццяна Матрунчык. У такім складзе камісія працягвае сваю дзейнасць з 1995 г., праводзячы пасяджэнні ў прыходскім доме Свята-Петра-Паўлаўскага сабора93. На працягу гэтых гадоў былі перакладзеныя і выдадзеныя Святое Евангелле паводле Мацвея94, Марка95, Лукі96, Яна97, Евангеллі98, Дзеі Апосталаў99. Праца над перакладам працягваецца. Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла была створаная ў 1992 годзе. У яе склад увайшлі 4 святары (У. Завальнюк, А. Дзям’янка, В. Жыльветра, М. Сапель) і 5 свецкіх асобаў (І. Жарнасек, А. Жлутка, К. Лялько, А. Новікава, Я. Чапля). Старшынёю быў прызначаны кс. У. Завальнюк. Дэкрэт аб скліканні секцыі быў падпісаны арцыбіскупам Казімірам Свёнткам 5 мая 1992 года. У выніку працы секцыі былі здзейсненыя пераклады літургічных і біблійных тэкстаў, неабходныя для выкарыстання ў літургіі і ў рэлігійнай літаратуры. 5 мая 1995 г., беручы пад увагу пастанову Святарскай рады Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, кардынал Казімір Свёнтэк наноў склікаў секцыю, якая атрымала назву «Мітрапалітальная камісія па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры». У склад гэтай камісіі ўвайшлі кс. А. Дзям’янка, кс. В. Жыльветра, кс. Ф. Кісель, кс. Т. Крыштопік, кс. М. Сапель, І. Жарнасек, А. Жлутка, К. Лялько, А. Новікава, а таксама, у якасці кансультанта, кс. С. Гаек. З 1999 г. у працы камісіі дапамагала М. Пашук, а пазней — М. Гракаў і А. Кузьміч. Рашэннем ККББ ад 1 лютага 2000 г. старшынёю камісіі быў прызначаны кс. М. Сапель. У 2002 г. адбыліся змены ў складзе камісіі. Дэкрэтам ад 13 красавіка 2002 г. для працы ў камісіі былі прызначаныя кс. М. Сапель, кс. Ф. Кісель, кс. І. Лашук, кс. Я. Крэміс, а. А. Куляха, А. Жлутка, М. Пашук, М. Гракаў, К. Лялько, А. Новікава. Аднак пільнай патрэбай Касцёла стала стварэнне Лекцыянарыя на беларускай мове, паколькі былі неабходныя тэксты для святой Імшы, якая трансліравалася па радыё з архікатэдральнага касцёла ў Мінску. Спробы перакладу «Лекцыянарыя» былі ўжо ў 1997 г. Тады над гэтым працавалі А. Бяляцкі і А. Жлутка. Цяпер гэта было даручана А. Кузьмічу і М. Пашук. Куратарам працы спачатку быў кс. І. Лашук, а затым кс. Я. Крэміс. Дэкрэтам Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў верасні 2004 г. камісія была рэарганізаваная ў «Мітрапалітальную камісію па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла», а ў снежні таго ж года рашэннем ККББ у складзе Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў была створана Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Быў зацверджаны наступны склад секцыі: кс. Ян Крэміс (старшыня), кс. І. Лашук, кс. Ф. Кісель, кс. Ян Кучынскі, а. А. Куляха, М. Пашук, М. Барткова, А. Жлутка, А. Кузьміч (у кастрычніку 2007 года замест А. Жлуткі была ўключана А. Сухоцкая). З 1992-га па 2004 г. секцыяй было здзейснена шмат перакладаў літургічных і біблійных тэкстаў, распрацавана пэўная тэрміналогія.
У 2002 г. распачалася праца над падрыхтоўкаю «Лекцыянарыя». Пераклад быў здзейснены паводле прадпісанняў Касцёла з арыгінальных моваў з улікам лацінскага тэксту Новай Вульгаты. Пераклад быў параўнаны з іншымі сучаснымі перакладамі і стылістычна апрацаваны. Спачатку «Лекцыянарый» быў выдадзены ў форме 16-ці сшыткаў, а пазней — у форме 6-ці кніг. У 2012 г. было выдадзенае «Святое Евангелле»100, вядзецца праца над перакладам Новага Запавету. Перакладамі кнігі псальмаў і песняў Бібліі ў перыяд з 1993-га па 2002 г. займаўся протаіерэй Сергій Гардун. У электроннай версіі змешчаны пераклад поўнай кнігі псальмаў Міхаіла Астапчыка101. Працоўная група пад кіраўніцтвам кс. Уладзіслава Завальнюка102 ў 1997 г., а затым у 2007 г. выдала пераклад Евангелляў103. У 2010 г. быў выдадзены пераклад Евангелля паводле Яна104, здзейснены Эрнэстам Сабілам у супрацоўніцтве з Сяргеем Малахавым. Такім чынам, сёння беларусы маюць тры поўныя пераклады Святога Пісання — кс. Уладзіслава Чарняўскага, Янкі Станкевіча і Васіля Сёмухі. Маем таксама некалькі перакладаў Новага Запавету і некалькі дзясяткаў паасобных кніг Бібліі. На вялікі жаль, беларусы пакуль не маюць Святога Пісання, якое б адпавядала сучасным навуковым крытэрыям біблійнага перакладу: выкарыстоўванню арыгінальнага тэксту, захаванню навуковай метадалогіі з улікам усіх сучасных дасягненняў і напрацовак у галіне біблістыкі. Да таго ж пераклад творыцца з улікам нормаў літаратурнай мовы і высокага стылю біблійнага маўлення. Такая праца вымагае супрацоўніцтва і святароў, і навукоўцаў, і лінгвістаў — людзей, якія адчуваюць мову і добра ведаюць адрасата перакладу.
|
|
|
|