|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
На тэрыторыю сучаснай Беларусі салезіяне прыехалі каля 1920 года і ў 1922 годзе пачалі працу ў мястэчку Дварэц на Наваградчыне, дзе адкрылі інтэрнат і школу. Каб умацаваць каталіцтва на гэтых тэрыторыях, князёўна Марыя Радзівіл (з Завішаў) пажадала ахвяраваць якой-небудзь манаскай супольнасці свой палац у Дварцы, 250 гектараў зямлі і 1000 гектараў лесу, каб законнікі заняліся адукацыяй і прафесійным выхаваннем мясцовай моладзі, што расла ў беднасці і занядбанасці. Яна выбрала для гэтага нядаўна заснаваную супольнасць салезіянаў, пра дзейнасць якіх пачула за мяжой. Арганізатарам беларускай салезіянскай супольнасці стаў ксёндз Людвіг Гастыла SDB. Палац быў перабудаваны, да яго была далучаная капліца, а побач узніклі будынкі сірочага дома, школы і інтэрната для студэнтаў-рамеснікаў. Пляцоўка атрымала назву ў гонар святога Юзафа, прачыстага абранніка Найсвяцейшай Дзевы — гэтак заснавальнікі імкнуліся паказаць вучням постаць гэтага святога як узор працавітасці, цнатлівасці і мужнасці. У Дварцы салезіяне вучылі і выхоўвалі хлопцаў, а таксама давалі ім прафесійную адукацыю па цяслярстве і вырабе абутку. Адразу навучанне пачалі 24 вучні, хлопцы-сіроты, пасля іх колькасць вырасла амаль у дзесяць разоў. Вучыцца ў салезіянскай школе лічылася вельмі прэстыжным, вучні атрымлівалі добрую адукацыю і майстэрства ў прафесіі. Школа ў Дварцы працавала да верасня 1939 г., калі савецкая армія ўвайшла ў мястэчка і заняла тэрыторыю школы, канфіскаваўшы ўсю маёмасць салезіянаў, спаліўшы багатую бібліятэку і архівы, выкінуўшы з інтэрната выхаванцаў.
Гісторыя салезіянаў на нашых землях аднавілася толькі напрыканцы ХХ стагоддзя, і цяпер у Беларусі служаць прадстаўнікі 4-х галінаў салезіянскай сям’і: салезіяне ксяндза Боска (SDB), Дочкі Марыі Успамогі Хрысціянаў (FMA), Асацыяцыя салезіянаў супрацоўнікаў (ACS) і Супольнасць св. Міхала Арханёла (CSMA). На сённяшні дзень у Беларусі працуе 15 сабратоў салезіянаў, якія абслугоўваюць 10 парафій. На этапе фармацыі знаходзяцца яшчэ 5 маладых сабратоў. Асноўныя салезіянскія цэнтры знаходзяцца ў Мінску, Смаргоні, Бараўлянах і Дзятлаве. Таксама салезіяне працуюць у Барунах, Жупранах, Раўбічах.
Мінск
Рымска-каталіцкая парафія святога Яна Хрысціцеля ў Мінску заснаваная салезіянамі ў 1991 годзе. Яе прыналежнасць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага Касцёла, згодна з запісам у статуце, была зацверджана 21 лістапада 1991 г. кардыналам Казімірам Свёнткам, арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. Дзяржаўную рэгістрацыю парафія атрымала 18 красавіка 1996 года. 24 чэрвеня 2000 года адбылося асвячэнне зямлі пад будаўніцтва святыні і ўсталяванне крыжа. Асвяціў зямлю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кірыл Клімовіч. Гэта быў першы пасля 1910 года зямельны надзел, асвечаны ў Мінску для будаўніцтва каталіцкай святыні. Будаўніцтва капліцы распачалося ў жніўні 2001 года, і ўжо 24 чэрвеня 2002 года капліцу асвяціў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кірыл Клімовіч. Першую святую Імшу ў ёй 23 чэрвеня 2002 года ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Іван Юркавіч. Цяпер парафія таксама будуе новую святыню ў гонар заснавальніка салезіянаў — святога Яна Боска. Пры парафіі працуе моладзевы цэнтр імя святога Яна Боска. За гады яго існавання выкарыстоўваліся розныя метады працы з дзецьмі і моладдзю: арганізаваныя разнастайныя суполкі па інтарэсах, праводзяцца вакацыі для дзяцей і моладзі і разнастайныя мерапрыемствы на працягу года, у цэнтры працуе спартыўная зала. Цэнтрам апякуюцца святары і семінарысты Таварыства святога Францішка Сальскага, законныя сёстры Кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Панны Успамогі Хрысціянаў, а таксама група аніматараў з салезіянскай моладзі. Цэнтр адкрыты не толькі для вернікаў, яго наведвае і няверуючая моладзь.
Смаргонь Вялікім цэнтрам дзейнасці салезіянаў на Беларусі з’яўляецца таксама Смаргонь. Салезіяне пачалі працаваць у парафіі св. Міхала Арханёла ў 1993 г., неўзабаве пасля таго, як святыня была аддадзеная вернікам. Святыня ў Смаргоні, выбітны помнік архітэктуры рэнесансу, была ўзведзена ў 1606-1612 гг. Мікалаем Багуславам Зяновічам як кальвінскі збор, а ў 1621 г., дзякуючы Сафіі Зяновіч, будынак збору быў перададзены пад каталіцкі касцёл і асвечаны ў гонар Святой Тройцы. У 1655 г. касцёл быў моцна пашкоджаны, аднак вернікі за ўласныя сродкі аднавілі яго. У 1866-1921 гадах будынак касцёла належаў праваслаўным і быў перайменаваны ў Міхайлаўскую царкву. Католікі вярнуліся ў сваю святыню толькі ў 1926 г., а ў 1947 г. яе зачынілі камуністычныя ўлады і прыстасавалі пад выставачную залу. Касцёл быў ізноў вернуты католікам у 1990 годзе. У 1989 г. адзіным месцам у Смаргоні, дзе магла збірацца каталіцкая моладзь, быў падвал у касцёле. Менавіта там пачаў квітнець салезіянскі араторый святога Яна Боска. Спачатку там, а пасля ў новым будынку для моладзі арганізуюцца катэхетычныя заняткі, сустрэчы, забавы. 5 верасня 2004 года адбылося адкрыццё новага цэнтра для моладзі, якая прагне жыць з Богам і праслаўляць Яго сваім штодзённым жыццём.
Баруны Салезіяне апякуюцца старажытнай парафіяй святых Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Баруны. Цудоўны абраз Найсвяцейшай Багародзіцы, які сёння ўшаноўваюць у барунскім касцёле, шмат гадоў быў ва ўладанні базыліяніна Язафата Бражынца, які праз яго цудоўную моц чыніў шматлікія цуды. Пасля яго смерці абраз перайшоў у спадчыну Мікалаю Песляку, сваяку ўніяцкага манаха, якому ён даручыў апеку над каштоўным скарбам і перад смерцю заклікаў яго, каб абраз быў выстаўлены для агульнай пашаны. Мікалай Песляк, аднак жа, не паслухаў айца Язафата і схаваў святыню ў скрыню ў сваім фальварку ў Казякоўшчыне. Неўзабаве Мікалай цяжка захварэў, а ў агоніі раптам аб’явілася яму Марыя са словамі: «Чаму не дбаеш аб належным месцы для Майго абраза, які атрымаў ад Майго вернага слугі Бражынца? Прагну, каб людзі, якія просяць дапамогі ў Майго Сына, атрымоўвалі яе пры Маім абразе». Марыя сама паказала месца, дзе павінна разлівацца Яе святая ласка — барунскі лес. Напалоханы Мікалай Песляк змясціў абраз у невялікай драўлянай капліцы на дрэве каля месца аб’яўлення. У 1692 г. на гэтым месцы на ягоныя сродкі была пабудаваная ўніяцкая драўляная царква. У 1700-1707 гг. на месцы драўлянай была ўзведзеная мураваная царква, пазней знішчаная пажарам, а ў 1715 г. адноўленая ўніяцкім мітрапалітам Лявонам Кішкам. У 1747-1757 гадах па праекце архітэктара А. Асікевіча была пабудаваная новая мураваная царква (дабудаваная ў 1760-1770 гг.). У 1778-1793 гг. каля святыні быў пабудаваны каменны кляштарны корпус айцоў базыліянаў, рэканструяваны ў канцы XIX стагоддзя. У 1793 г. пры кляштары адкрылася школа, а ў 1920 г. тут пачала працаваць беларуская настаўніцкая семінарыя. У 1833 г. ва ўніятаў адабралі кляштар і аддалі праваслаўным. Святыню пасля рэканструкцыі назвалі ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, але ўжо ў 1922 г. царква была перададзеная католікам лацінскага абраду і цяпер з’яўляецца рыма-каталіцкай.
Жупраны Першы драўляны касцёл у Жупранах быў пабудаваны каля 1550 года. Пад канец XVI стагоддзя каталіцкую святыню прыстасавалі пад кальвінскі збор. У 1854 г. па фундацыі графа А. Чапскага распачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла. У працах прымаў удзел беларускі пісьменнік Францішак Багушэвіч. З-за недахопу грошай і паўстання 1863 г. будаўніцтва было прыпынена. У 1875 г. святыню дабудавалі і асвяцілі ў гонар святых Апосталаў Пятра і Паўла. У 1900 г. у касцёле была цэлебраваная жалобная Імша па святой пямяці Францішку Багушэвічу. Яго магіла і сёння знаходзіцца на могілках за касцёлам. У 1901 годзе ў сцяну святыні была ўмуравана памятная пліта з партрэтам беларускага песняра, выкананая скульптарам Янам Арасімовічам.
Дзятлава Дзятлаўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пабудаваны ў 1646 г. Казімірам Львом Сапегам. У 1743 г. будынак касцёла быў моцна пашкоджаны пажарам. У гэтым жа годзе па фундацыі Мікалая Фаўстына Радзівіла пачынаецца аднаўленне святыні архітэктарам Аляксандрам Асікевічам. У 1882 г. яшчэ адзін пажар знішчыў дах святыні. У 1900 г. касцёл звонку быў абнесены мураванай сцяной з брамаю і вуглавымі капліцамі. На жаль, ні брама, ні сцяна з капліцамі да нашых часоў не захаваліся.
Раўбічы У 1650 г. на ўзгорку над ракой Ушачай аб’яўляецца абраз Маці Божай Карміліцы (Lactasti Sacro Ubere), які падчас навальніцы ўратаваў шляхціца Лукаша Халеву, уладальніка вёскі Халяўшчына. Хвою, на якой быў знойдзены абраз, «акружылі 8-кутнай капліцай, а яе крона стала купалам». Са з’яўленнем абраза звязвалі заканчэнне вайны са шведамі: Маці Божая абараняла людзей ад розных бедстваў, эпідэмій і інш. У сярэдзіне XVIII ст. абраз быў выкрадзены, і неўзабаве падчас ляснога пажару святыня згарэла. У 70-я гг. XVIII ст. выкрадальнік вярнуў абраз, і гэта натхніла жыхароў на будаўніцтва новай, таксама драўлянай, святыні. У 1858-1862 гг. на месцы драўлянага быў узведзены мураваны касцёл. У ліпені 1866 г. было прынятае рашэнне аб перадачы святыні праваслаўным. Будынак значна пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны і стаяў без рамонту да 1970-х гадоў, усё ўнутранае ўбранне было страчана. У цяжкі для святыні час абраз «Раўбіцкай Карміліцы» схаваў адзін з мясцовых жыхароў і след яе згубіўся. У 1976 г. у касцёле быў адкрыты музей народнага мастацтва. Католікі намагаюцца вярнуць святыню. У Раўбічах зарэгістраваная парафія святога Мацвея, побач з касцёлам будуецца капліца.
Бараўляны 10 верасня 2000 г. кардынал Казімір Свёнтэк сваім дэкрэтам абвясціў аб заснаванні парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах. 13 сакавіка 2001 г. парафію зарэгістраваў Мінскі абласны выканаўчы камітэт. Пад будаўніцтва будучай капліцы і касцёла была выдзелена пляцоўка памерам 0,8 га на прыгожым узгорку на паўночнай ускраіне пасёлка Лясны, які знаходзіцца ў цэнтры Бараўлянскага сельскага савета Мінскага раёна. На месцы будучай каталіцкай святыні быў усталяваны крыж, які асвяціў Апостальскі нунцый Іван Юркавіч. Парафія паступова павялічвалася. Пачаўся збор сродкаў на будаўніцтва капліцы, і ўжо ў красавіку 2002 года пачалося яе ўзвядзенне. Праца ішла хутка. Як толькі на будынку ўзвялі дах, набажэнствы пачалі цэлебраваць у новай капліцы. 9 мая 2004 г. Апостальскі нунцый Іван Юркавіч урачыста асвяціў капліцу ў гонар Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. У 2006 г. пры парафіі распачалося будаўніцтва араторыя імя святога Дамініка Савіа. 20 верасня 2014 г. адбылося яго святочнае адкрыццё. У бараўлянскі парафіяльны цэнтр уваходзяць дом для салезіянаў, катэхетычныя класы, араторый для моладзі, спартыўная зала. У 2015 годзе адбылася яшчэ адна значная падзея для беларускіх салезіянаў: ксёндз Аляксандр Яшэўскі SDB рашэннем папы Францiшка быў прызначаны на пасаду дапаможнага бiскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказнага за пастырскую дзейнасць у Магiлёве i Магілёўскай вобласцi. 5 лiпепя ў магiлёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi i св. Станiслава адбылася ўрачыстая святая Імша і прадстаўленне новапрызначанага біскупа. Гэта новая старонка гісторыі Каталіцкага Касцёла на Магілёўшчыне і новая старонка гісторыі салезіянскага таварыства на Беларусі. Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле матэрыялаў
Гл. таксама:
|
|
|
|