Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці

ЧАС МІЛАСЭРНАСЦІ

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Кансэкраванае жыццё

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

АГЕНТ ЕЗУСА ХРЫСТА
З жыцця Касцёла

У НАШЫМ ДОМЕ ХОЛАДНА

ШЛЯХІ ДА СЛОВА
Асобы

ПТУШКІ ЧУРЛЁНІСА
Музыказнаўства
Паэзія

МУЗЫКА АГІНСКАГА
Прэзентацыя

БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Успаміны
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва

Арсень ЛІС

ВЕРШЫ АДНОЙ МАЛАДОСЦІ


* * *

Так зажадалася вясны:
Пралесак, сонечных праменняў.
Ўдыхаць жывічны дух лясны,
Вады рачной зачэрпнуць жменяй,
Трывожным нечым летуцець,
Далёкім шляхам утаміцца,
Над стромаю рачной запець,
У абдымках нечых утапіцца.
А потым зноў — да працы той,
Якой і дні і парыванні.
І для Яе, Яе адной,
Жыць да апошняга дыхання.

1957 г.

* * *

Я коньмі кіраваў. У іхніх чорных грывах
Грымела, пела медзь, і танцаваў віхор
Ў тваіх вачах зарніцай палахлівай
Успыхаваў і згасаў без слоў дакор.
Насустрач беглі родныя імшары,
Ахутаныя сіняю смугой,
І захад скрозь марозлівым пажарам
Заняўся па-над белаю зямлёй.
Ты прыхінулася і змоўкла. Коні-птахі
Капытам ледзь краналі звонкі дол,
Над шляхам распласталіся з размаху,
Усё кружылася і тонула наўкол.
.................................................................
Даўно замоўкла бомаў тых трымценне,
З шляхоў далёкіх коней не вярнуць,
Няздзейсненыя мары, летуценні,
Як хмары разарваныя, плывуць.

Над возерам у Докшыцах

Праз стаў бяжыць дарожка серабрыстая,
А пад нагамі — хісткія чаўны,
Прыйшла з-за лесу цішыня ўрачыстая,
За ёй крадуцца ліпеньскія сны.

Зарчаты купал, пошаст птушкі соннае
Усё адной мелодыяй гучыць...
Аж крыкнуць хочацца ў цішыню бяздонную
— Як добра жыць, якое шчасце жыць!
Дзіўная ноч вярнула зноў юначае,
Дзе летуценні і жыццё — адно,
І бачанае стала зноў нябачаным —
Шырока ў свет расчынена акно.

* * *

Што гэта? Сумам ізноў апавіты
Мары і дні.
Ці ў туманах ён асенніх разліты,
Ці ў крыві?
Сэрца, хоць ты страпяніся,
Жывое,
Сум прагані.
Страчанае і навек дарагое —
Песню вярні.
Я ж прад радзімай,
Зямлёй маёй роднай —
Вечна ў даўгу:
Выснаваць песню,
Імя яе годнай,
Ўсё не магу.

1954, Вётхава.

* * *

Над грамадамі вуліц, дамоў,
На суках расахатых у скверы,
Над званіцаю, што без званоў,
Легла тонкай наміткаю шэрань.
Тчэцца думак будзённы уток...
Дзе ты, сонцам заліты, бераг?
Эх, каб выпаў хоць белы сняжок
І прыкрыў гэту прыкрую шэрасць.

1962 г.

Імпрэсія

У сініх далях дрэмле восень.
Ці праўда, ці мне так здалося —
К табе дарогі ўсе чыста
Кляновым пурпуровым лісцем
Свавольнік-вецер пазаносіў.
Іду, бяскрылае трапеча,
Садзіцца голубам на плечы,
Кранае сэрца нараканнем...
Ды ведаю, вясновым раннем
Зноў зашуміць зялёным вечам.
Сцяжына падае ў лагчыну,
Дзе вецер тушыць жар калінаў,
Пагорак пасам абвівае
І дзесь пад сінім зводам тае,
Як шнур адлётны жураўліны.
Ад хаты з-за кляноў маўклівых
Твой голас звонкі і смяшлівы
У неба жаўранкам сігае,
Даліну рэхам аклікае
І нікне над спусцелай нівай.
І ты ў гэты дзень асенні
Уся парыў і летуценне,
Мелодыя бяскрайняй шыры.
Здарожаны, жадаю шчыра
Табе навек душы гарэння.

У вечаровым Горадні

Аж заходзяцца, стракочуць конікі,
Нібы не муры тут, а палі.
Вуліцы вячэрнія зялёныя
Ціха, плаўна к Нёмну паплылі.
Тут з-за павароту ён, разгоністы,
Прыпадае к Замкавай гары,
Каб сцішэлай хваляй ціха звонячы,
З ёй аб нечым вечным гаварыць.
Мо пра дзеі-справы, леты Вітаўта,
Што ўзвёў тут грозныя муры,
Каб хіжак-крыжак нам лёс не вытаптаў —
Край, дзе нам наканавана жыць.
А мо ўбачаным з ёй ціха дзеліцца:
Як шчыруе люд наш на палях,
Што ў душы яго таемна дзеецца,
Ці не траціць ён адвечны шлях?


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY