Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці

ЧАС МІЛАСЭРНАСЦІ

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Кансэкраванае жыццё

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

АГЕНТ ЕЗУСА ХРЫСТА
З жыцця Касцёла

У НАШЫМ ДОМЕ ХОЛАДНА

ШЛЯХІ ДА СЛОВА
Асобы

ПТУШКІ ЧУРЛЁНІСА
Музыказнаўства
Паэзія

МУЗЫКА АГІНСКАГА
Прэзентацыя

БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Успаміны
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва

Мар’ян ДУКСА

МУЗЫКА АГІНСКАГА


* * *

У сонечнай купаюцца лагодзе
палеткі навакольныя і лес.
З былога паўзабытага стагоддзя
цячэ крыніцай чыстай паланэз.
Душа жадае музыкі ягонай,
душа квітнее ад яго, як бэз.
Усё сціхае над зямлёй зялёнай,
калі гучыць тужлівы паланэз.
Чароўная мелодыя ліецца
і запаўняе наваколле спрэс.
І жаўрукі тутэйшыя, здаецца,
выконваюць нябесны паланэз.
Ах, колькі тут і роздуму, і жалю!
А можа, кампазітар уваскрэс
і сёння ў небе, нібы ў ціхай зале,
натхнёна грае ўласны паланэз.

* * *

Маўчанне зорак, ззянне сінявы,
шчаслівых птушак перазоў світальны,
дыханне ветру, пошумы травы —
усё ўвабраў наш творца геніяльны.
Усё, што красавала і расло,
усе былыя песні-адгалоскі...
І падарылі музыцы цяпло
святлістыя залескія бярозкі.
І аддала чуллівая зямля
ёй моц і гарт, каб вечна не сціхала.
І музыку пяшчотная Вялля
над залатым пяском ускалыхала.
Гады, як гусі, мчаць за небакрай —
няхай мацнее памяці падмурак...
Спявай і грай, увесь смаргонскі край —
калыска слынных вальсаў і мазурак.

* * *

Смычкі і струны, спавясціце хутка
пра радасць, што пануе, як ніколі.
О музыка, ты сонечнага смутку,
о музыка такой жаданай волі!
Ты будзь бравурнай ці жывой гарэзай,
з глыбінь душы на белы свет пазванай.
Усе былыя маршы й паланэзы —
вы галасы Айчыны зацуглянай.
Табой жывыя мроі-запаветы,
ты дыхаеш жаданым вызваленнем.
О музыка, з глыбіняў іншасвету
ты ўсім даеш святло і наталенне.
І ты людскія размываеш болі,
ты ў сонца нашу акунаеш скруху.
О музыка — ты сімвал нашай волі,
ты наш узлёт разбуджанага духу.

* * *

Вясенняя сімфонія дубровы,
саната апусцеласці палёў.
Ёсць найвялікшая на свеце мова,
што можа жыць і без будзённых слоў.
Гарачы голас утрапення й мукі,
і шчасця крык, і боль душэўных ран —
о сугалоссе, о кіпенне гукаў,
дзівосных гукаў сонечны фантан!
З самога сэрца, як з бяздоных нетраў,
ты рвешся ўверх, не знаючы мяжы.
І запаўняеш радасцю паветра,
о, незямная музыка душы!
У неба мчыш з-пад воблакаў астылых,
перад табой бездапаможны час.
Нясеш, нясеш на бессмяротных крылах
і далучаеш ты да Бога нас.

* * *

На міг замры халоднае шматслоўе,
варожасць чалавечая замры.
О музыка, ты дыхаеш любоўю,
лёд растапіць ты здольная знутры.
Тваё неспадзяванае з’яўленне
салодкім хмелем сэрца апляце.
Ты пасылаеш цёплае праменне,
якое ўсмешкай у вачах цвіце.
Умееш ты суцешыць занядбаных,
усіх шчаслівых адарыць хвалой.
А колькі раз ты юных закаханых
высока прыўзнімала над зямлёй!
І гэта паўтараю зноў і зноў я,
і нейкіх іншых не знаходжу слоў:
«О музыка, ты дыхаеш любоўю,
ты ўся як ёсць — найбольшая любоў».

* * *

Мінулае ў крыві людской не стыне,
яно не пераходзіць у дзірван.
І родны край наш — не пясок пустыні,
дзе выпадковы крочыў караван.

Багаты ён садамі і лясамі,
прыродай непаўторнаю сваёй.
І поўніцца былымі галасамі,
наблізь душу — і ажывуць у ёй.

Схапі, адчуй вось гэта шматгалоссе
сваім чуллівым сэрцам не малым —
спяванне птушак, ціхі звон калосся,
якое нарадзілася ў былым.

Калі ты ўсё ж былым зачараваны,
як продкаў скарб, яго ў душу прымі...
наш родны край наўсцяж спаласаваны
і шчодрымі, і добрымі людзьмі.

Ах, колькі іх, забытых, паўзабытых,
сышло паціху ўжо за небакрай.
Ах, колькі іх, людзей таленавітых,
за доўгі час пабачыў родны край!

Усіх сваіх ад Бога самародкаў
ці здольныя мы ўсё ж пералічыць?
У гонар іх усіх вялікіх продкаў
хай музыка Агінскага гучыць.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY