|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
У гэтым годзе салезіяне ўсяго свету адзначаюць 200 гадоў з дня нараджэння святога Яна Боска, заснавальніка Таварыства святога Францішка Сальскага, Таварыства салезіянскіх супрацоўнікаў, сузаснавальніка Кангрэгацыі Дачок Найсвяцейшай Панны Успамогі Хрысціянаў і перадусім добрага айца і настаўніка моладзі, які выратаваў ад беднасці і даў добрую адукацыю і выхаванне тысячам занядбаных падлеткаў, распрацаваўшы для іх уласную педагагічную сістэму. Ян Боска (Giovanni Bosco) нарадзіўся 16 жніўня 1815 года ў беднай сялянскай сям’і ў Бэккі, недалёка ад Турына, у італьянскай правінцыі П’емонт. Яго бацькі Францішак Боска і Маргарыта Ак’ена пры хрышчэнні далі свайму малодшаму сыну два імя: Ян Мельхіёр. У сям’і Боска было ўжо двое старэйшых сыноў: Антоній, сын Францішка Боска ад першага шлюбу, і Юзаф, сын Францішка і Маргарыты. Калі Яну было 2 гады, бацька памёр і выхаваннем дзяцей пачала займацца адна маці, якая прывівала дзецям пабожнасць і працавітасць. Ян з дзяцінства вельмі жадаў стаць святаром, але толькі ў 16 гадоў ён змог пачаць навучанне ў лацінскай школе, пры гэтым самастойна зарабляючы на жыццё. У 1835 годзе Ян паступіў у семінарыю ў К’еры і праз шэсць гадоў атрымаў святарскае пасвячэнне, менавіта тады абраўшы для сябе ў якасці дэвізу словы святога Францішка Сальскага, якія пазней сталі дэвізам усіх салезіянаў: «Da mihi animas, cetera tolle» — «Дай мне ду́шы, усё астатняе забяры». Акрамя святога Францішка Сальскага, Ян лічыў узорам для наследавання святога Філіпа Нэры і святога Альфонса Марыя дэ Лігуоры. У семінарыі Ян Боска пазнаёміўся з ксяндзом Юзафам Кафасса, які стаў яго духоўным настаўнікам і вельмі паўплываў на духоўную фармацыю маладога семінарыста. Захаваліся сведчанні, што яшчэ ў дзевяцігадовым узросце Ян убачыў сон, які паўплываў на ўсё яго наступнае жыццё. Яму прыснілася шмат бедных, занядбаных хлопчыкаў, якія разам гулялі і блюзнерылі. Тады нейкі велічны чалавек сказаў Яну: «Пакорай і любоўю табе належыць прыцягнуць гэтых тваіх сяброў», а нейкая такая ж велічная дама дадала: «Стань пакорным, дужым і моцным. У свой час ты ўсё зразумееш». Таму, калі пасля святарскага пасвячэння ў 1841 г. малады ксёндз Ян Боска прыехаў у Турын, ён ужо думаў пра тое, як пачаць працу з гарадскою беднатою і асабліва з моладдзю. Ян быў адораны прыроднымі здольнасцямі захапляць маладых людзей і весці іх за сабою: ён быў надзвычай абаяльны, дасціпны, артыстычны, любіў музыку, спевы і спорт і быў вельмі моцны фізічна, што спалучалася з глыбокаю пабожнасцю, лагоднасцю і здольнасцю да спачування. Ян уявіць не мог, якую галечу і адчай ён убачыць на гарадскіх ускраінах! Ксёндз Кафасса параіў маладому ксяндзу прайсціся па горадзе і агледзецца. Ян Боска сустрэў на вуліцах нікому не патрэбных дзяцей, якія гулялі на грошы па закутах, — на іх тварах была жорсткасць, а ў вачах — рашучасць любым коштам займець поспех у жыцці. Яны збіраліся ў сапраўдныя банды. Побач з галоўным гарадскім рынкам Ян Боска ўбачыў жахлівы рынак дзіцячай працоўнай сілы. Пазней ён пісаў: «Бліжэйшая да Порта Палацца частка горада кішэла вандроўнымі гандлярамі, гандлярамі запалкамі, чысцільшчыкамі ботаў, камінарамі, памочнікамі конюха, разносчыкамі ўлётак, памочнікамі рыначных гандляроў. Усе гэтыя бедныя дзеці існавалі на сродкі ад падзённай працы». Ніякай адукацыі яны не атрымлівалі і часта, каб выжыць, ішлі на злачынствы. Занядбаныя падлеткі на турынскіх вуліцах сталі своеасаблівымі «адкідамі вытворчасці» прамысловай рэвалюцыі, якая крочыла па Еўропе. Прамысловая рэвалюцыя прынесла людзям нябачаны раней дабрабыт, і ў той жа час за яе прыйшлося заплаціць жахлівую цану чалавечымі жыццямі: у гарадах рэзка павялічылася колькасць насельніцтва, многія заставаліся без працы, цэлыя сем’і жабравалі і ў невыносных умовах жылі на гарадскіх ускраінах. Разам з ксяндзом Юзафам Кафасса Ян Боска стаў наведваць гарадскую турму. Цёмныя калідоры, чорныя сырыя сцены, сумны і варты жалю выгляд зняволеных глыбока ўсхвалявалі маладога святара. Убачыўшы за кратамі падлеткаў, ён быў незвычайна ўзрушаны: «Я ўбачыў шмат падлеткаў ад 12-ці да 18-ці гадоў, здаровых, моцных, разумных; і ўбачыў, як яны нічога не робяць, як іх пажыраюць паразіты, як яны церпяць голад па духоўным і матэрыяльным пасілку. Мяне ахапіў жах». Ксёндз Боска стаў наведваць турму. Ён спрабаваў размаўляць з хлопцамі, не толькі катэхізуючы іх, але і проста па-сяброўску. Спачатку падлеткі рэагавалі рэзка, але паступова некаторыя станавіліся болей даверлівымі і распавядалі пра сваё жыццё, пра жорсткасць і прыніжэнні, з якімі сутыкнуліся. Звычайным злачынствам для іх быў крадзеж, і найчасцей яны кралі таму, што былі галодныя, таму, што ім хацелася атрымаць больш, чым жабрацкі заробак за непамерную працу, якую яны мусілі выконваць. Грамадства нічым не змагло ім дапамагчы, а цяпер трымала іх за кратамі. Хлопцы сядзелі на чорным хлебе і вадзе, у агульных камерах, дзе мацнейшыя станавіліся настаўнікамі жыцця для малодшых і слабейшых. Выйшаўшы на волю, яны заставаліся нікому не патрэбнымі і неўзабаве зноў апыналіся ў вязніцы. Сям’і ў іх або не было, або бацькі ад іх адмовіліся, лічачы, што турма запляміла іх назаўсёды. Ян Боска піша: «Я казаў сабе: у гэтых хлопцаў павінен быць на волі сябар, які б паклапаціўся аб іх, дапамагаў ім, навучаў іх, а па нядзелях вадзіў да касцёла. Тады б яны не вярнуліся ў турму». Яго «катэхізацыю за кратамі» слухалі з усё большай ахвотай: «Я вучыў іх разумець, што такое чалавечая годнасць. Яны атрымлівалі ад гэтага задавальненне і вырашалі стаць лепшымі». Пазнаёміўшыся з турмамі і гарадскімі ўскраінамі, ксёндз Боска падвёў першыя вынікі: моладзі была патрэбная школа і праца, з дапамогаю якіх яна магла б спадзявацца на больш надзейную будучыню. І больш за ўсё моладзі патрэбна было сустрэцца з Богам, каб распазнаць сваю чалавечую годнасць. Такім чынам ксёндз Боска распачаў сваю апостальскую дзейнасць. З першым падлеткам, які прыйшоў да яго, Барталамеа Гарэллі, ён пазнаёміўся 8 снежня 1841 года; праз тры дні прыцягнутых дабрынёю маладога святара хлапчукоў стала ўжо дзевяць, праз тры месяцы — дваццаць пяць, а ўлетку 1842 года — восемдзесят. Так узнік араторый — дом малітвы — месца, дзе падлеткі праводзілі час у навучанні, гульнях і малітве, дзе яны маглі паесці і атрымаць дапамогу ў пошуках працы. Спачатку ксёндз Боска проста шпацыраваў са сваімі выхаванцамі па іх улюбёных мясцінах, служыў для іх Імшу, спавядаў і тлумачыў Евангелле, разам з імі абедаў, прыдумваў для іх забавы і рабіў падарункі. Аматар музыкі, ён нават арганізаваў з іх удзелам струнны аркестр. Падлеткі доўгі час збіраліся пры капліцы св. Францішка Сальскага, дзе працаваў ксёндз Боска, там жа ён адкрыў для іх вечаровую школу. Многіх людзей не задавальняла, што ён збірае пры касцёле беспрытульную моладзь, і араторый доўга пераязджаў з месца на месца. Нарэшце на паўночнай ускраіне горада, у раёне Вальдокка, было знойдзенае сталае памяшканне для араторыя. Па суседстве быў публічны дом і закінутыя могілкі, а з іншага боку пачыналіся палі. У сваіх «Успамінах» ксёндз Боска апісвае працу араторыя ў Вальдокка: «Рана на світанні адчыняўся касцёл і пачыналася споведзь. Яна працягвалася да самай Імшы. Імша распачыналася а восьмай гадзіне, але, каб задаволіць усіх, хто хацеў паспавядацца, яна часта пераносілася на дзявятую гадзіну. <...> Пасля да поўдня была школа». Праз гадзіну пачынаўся адпачынак, які нярэдка працягваўся ўжо да самага вечара. Ян Боска «падыходзіў да кожнага хлопчыка, і аднаму раіў быць больш паслухмяным, іншаму прапаноўваў прыйсці паспавядацца, і гэтак далей…» Ксёндз гуляў з хлапчукамі, рабіў з імі акрабатычныя трукі, але перш за ўсё ён быў святаром і духоўным настаўнікам для іх. Праца араторыя не завяршалася ў нядзелю. Ян Боска шукаў працу для тых, у каго яе не было, дамагаўся для хлопцаў лепшых працоўных умоваў, дадаткова займаўся з самымі разумнымі.
Многім хлопцам вечарам не было куды ісці, яны начавалі або пад мастом, або ў брудных начлежках. Ксёндз Боска імкнуўся дапамагчы бяздомным. У маі 1847 года ён даў прытулак у кухні каля агню хлапчуку, які прыйшоў да яго з Вальсэзіі, пасля з’явіліся яшчэ шасцёра бяздомных. У 1852 годзе ён прыняў ужо 35 чалавек, у 1854 — 115; у 1860 — 470, і гэтак далей, пакуль не дайшло да памежнай магчымай колькасці — 800 падлеткаў. Каб утрымліваць іх, ксяндзу Боска патрэбныя былі грошы і дапамога. Першаю памочніцаю стала яго маці, бедная, непісьменная 58-гадовая сялянка, якая пакінула свой дом у вёсцы і прыйшла да сына, каб стаць кухаркай і прачкай для гарэзаў, якіх падбіраў ксёндз Боска. У першыя, самыя цяжкія дні, каб накарміць хлопцаў, яна прадала што мела, нават свой заручальны пярсцёнак. Гарадскія ўлады сталі разумець значэнне працы Яна Боска, і ён атрымаў падтрымку. Сталі з’яўляцца дабрачынцы. Увосені 1853 г. у араторыі пачалі працаваць абутковая і кравецкая майстэрні, дзе першым настаўнікам быў сам ксёндз Боска. Потым адчыніліся майстэрні пераплётчыкаў, цесляроў, друкароў і кавалёў, а таксама школы вакальнай і інструментальнай музыкі. У 1862 г. араторый наведвалі ўжо 1200 дзяцей, большасць з якіх там жа жылі. Да Яна Боска пачалі далучацца першыя паслядоўнікі, многія з яго былых выхаванцаў выбіралі шлях святарства і ішлі дапамагаць свайму настаўніку. Тады ж Ян Боска заснаваў ў Вальдокка семінарыю для святароў з бедных слаёў насельніцтва. Нарэшце з паслядоўнікаў ксяндза Яна Боска ў 1857 г. утварылася Таварыства святога Францішска Сальскага. Да смерці заснавальніка, у 1888 г., арганізацыі салезіянскай сям’і выпусцілі больш за 100 тысяч выхаванцаў, сярод якіх былі святы Дамінік Савіа (1842–1857) і святы Луіджы Арыёнэ (1872–1940). Ян Боска быў вельмі адкрытым для прагрэсу сваёй эпохі. Ён стаў першым святаром, які падрыхтаваў экспазіцыю для нацыянальнай прамысловай выставы, стаў першым святым, які даў інтэрв’ю газеце. Ён выдаў 204 выпускі «Бібліятэкі італьянскага юнацтва», пісаў школьныя падручнікі і распрацаваў наватарскую педагагічную сістэму выхавання моладзі, якую назваў прэвентыўнаю. Яна стала самай вялікай справай, якую ксёндз Боска пакінуў для Касцёла. Сістэма была заснаваная на прынцыпах добрасумленнасці і любові, свабоды ад прымусу і здольнасці заахвоціць вучняў да радаснага дабравольнага супрацоўніцтва. Калі дарослыя не пагражаюць, а разважаюць, калі «гаспадар дома» — Бог, калі падлеткі не баяцца, а любяць выхаваўцаў, а тыя любяць іх, тады і ўзнікае сям’я. Ксёндз Боска апісаў сутнасць сваёй сістэмы ў брашуры «Прэвентыўная сістэма выхавання юнацтва», якая выйшла ў 1876 годзе. Вось некаторыя вытрымкі з яе: «Гэтая сістэма цалкам заснаваная на розуме, веры і добразычлівасці. У ёй выключаюцца гвалт і пакаранне; у ёй імкнуцца не выкарыстоўваць нават лёгкія пакаранні. Дырэктар і асістэнты — як любячыя айцы: яны гутараць, служаць кіраўнікамі, даюць парады і выпраўляюць з любоўю. Выхаванца не прыніжаюць, ён становіцца сябрам выхавацеля. У асістэнце ён бачыць дабрадзея, які імкнецца зрабіць яго лепшым, выбавіць яго ад непрыемнасцяў, ад пакарання, ад ганьбы. Практыка гэтай сістэмы цалкам заснаваная на словах апостала Паўла, які казаў: “Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая; усё пераносіць, на ўсё спадзяецца”. Таму толькі хрысціянін можа з поспехам выкарыстоўваць гэтую сістэму. Розум і вера — вось тыя метады, якія павінен пастаянна ўжываць выхавацель. Дырэктар павінен цалкам прысвяціць сябе сваім выхаванцам, павінен заўсёды знаходзіцца са сваімі выхаванцамі, нават калі яны адпачываюць. Выхавацель павінен імкнуцца, каб яго любілі, а не баяліся». Як бачна, прэвентыўная педагогіка ксяндза Боска выключала пакаранне, а выкананне правілаў дасягалася развіццём у дзецях шчырага пачуцця абавязку і ўніканнем найменшых прычынаў, якія маглі б прывесці да непаслухмянасці. Ніводзін высілак, скіраваны на дабро, не заставаўся без пахвалы. У слабасці характару дзіцяці ён вінаваціў перш за ўсё яго выхавацеляў, якія прымушаюць дзіця спаборнічаць з аднагодкамі і выкарыстоўваць уласную абаяльнасць, каб заслужыць пахвалу. Ян Боска лічыў, што перш за ўсё трэба фармаваць у дзіцяці сілу волі і характар. Ён пісаў: «Настаўленне — гэта толькі падвеска, гульня, самі сабою веды ніколі не чыняць чалавека чалавекам, бо не закранаюць сэрца напрамую. Веды дапамагаюць служыць дабру або злу, але самі па сабе яны, як рычаг, які трэба павярнуць». Ксёндз Боска імкнуўся ў кожным вучні выхоўваць добры музычны густ, лічачы, што музыка моцна ўплывае на фармаванне асобы, чыніць яе больш выскароднаю. Апроч таго, ён заўжды вывучаў здольнасці і памкненні вучняў, і таму хутка пранікаў у сэрцы дзяцей. У сваіх настаўленнях ён пісаў: «Частая споведзь, частая Камунія, штодзённая святая Імша — вось на што абапіраецца выхаванне», і сам цэлыя дні праводзіў з вучнямі: выслухоўваў іх, гуляў з імі, спавядаў. Гульню ён лічыў адным з асноўных педагагічных прынцыпаў, здольных выклікаць у дзіцяці зацікаўленасць у навучанні, а таксама давяраў у выхаванні словам святога Філіпа Нэры: «Я не буду табе перашкаджаць, што б ты ні рабіў, пакуль ты не грашыш». Сакрэт святога Яна Боска быў у глыбокай самаадданай любові да даручаных яму Божым Провідам дзяцей, і гэтая любоў «выяўлялася ў словах, учынках і нават адбівалася ў вачах і на твары». У сваім лісце ён пісаў: «Ці ж недастаткова я люблю сваіх хлопцаў? Ты ведаеш, як я іх люблю. Ты ведаеш, колькі я адпакутаваў і выцерпеў дзеля іх за гэтыя сорак гадоў, і ведаеш, як я пакутую і цярплю цяпер. Колькі высілкаў я мусіў прыкласці, колькі прыніжэнняў і пераследаў мусіў ператрываць, колькі перашкодаў мусіў пераадолець, каб даць ім хлеб, дом, настаўнікаў, і асабліва, каб лячыць іх! Я зрабіў усё, што змог, для тых, каго любіў усё сваё жыццё… што ж яшчэ патрэбна? Трэба не толькі любіць дзяцей, трэба, каб яны ведалі, што іх любяць». Апошняе пасланне, якое ён незадоўга да смерці адрасаваў салезіянам, сведчыла пра тое, што назаўжды стала сэнсам яго жыцця: «Вашай апецы даручаю ўсе справы, якія Бог пажадаў даверыць мне <...>; найперш даручаю вам клопат аб беднай і пакінутай моладзі, якая заўсёды займала асаблівае месца ў маім сэрцы». Ксёндз Ян Боска адышоў у вечнасць 31 студзеня 1888 г. ва ўзросце 73-х гадоў. Папа Пій XI беатыфікаваў яго 2 чэрвеня 1929 года, а праз 5 гадоў, 1 красавіка 1934 года, кананізаваў. У сваім інтэрв’ю рэпарцёру газеты «Журналь дэ Ром» у 1884 годзе ён, сярод іншых, адказаў на наступныя пытанні: — Якім цудам Вы здолелі заснаваць столькі дамоў у розных краінах? — У мяне атрымалася зрабіць больш, чым я спадзяваўся, але як гэта сталася, я і сам не ведаю. Найсвяцейшая Дзева, якая ведае, што патрэбна сучаснаму свету, дапамагае нам. — Дазвольце нясціплае пытанне: Вы калі-небудзь чынілі цуды? — Я заўсёды думаў толькі пра тое, каб выканаць свае абавязкі. Я маліўся і спадзяваўся на Дзеву Марыю. — Што Вы думаеце пра сучаснае становішча Касцёла ў Еўропе і ў Італіі і пра яго будучыню? — Я не прарок. Прарокі — гэта вы, журналісты, таму трэба было б у вас спытацца, што адбудзецца. Ніхто, апроч Бога, не ведае будучыні. Тым не менш, паводле чалавечай логікі, будучыня абяцае быць змрочнаю. У мяне сумныя прадчуванні, але я нічога не баюся. Бог заўжды выратуе свой Касцёл... Падрыхтавала Юлія Шэдзько.
Паводле матэрыялаў салезіянскіх інфармацыйных крыніцаў,
Гл. таксама:
|
|
|
|