|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Міхась СКОБЛА
БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты.
Панарскі лес пад Вільняй заслугоўвае мець гісторыка-мемарыяльны статус: ён апеты ў знакамітай паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». У тым лесе ладзіліся княскія паляванні і баляванні, асабліва любіў выязджаць туды легендарны заснавальнік Вільні, што і засведчана ў радках вялікага паэта: «Калісьці Гедымін, палюючы ў Панарах, // адпачываў на шкуры пры агні на нарах // і гладзіў поўсць мядзведжую, // закалыханы шумам вячыстых дрэў» (пер. Я. Семяжона). У тым лесе бываў і сам Міцкевіч — яшчэ студэнтам Віленскага ўніверсітэта, на філамацкіх патаемных сходках. Таму панарскія ўзгорыстыя краявіды настальгічна ўспаміналіся яму і ў далёкім Парыжы, дзе «Пан Тадэвуш» і прыходзіў на свет, дзе так жадана летуцелася пра «краіну дум сваіх», — наваградска-віленскую Літву. А яшчэ ў Панарскім лесе, у адзінокай глінабітнай хатцы, больш за паўстагоддзя пражыла Зоська Верас (1892–1991) — збіральніца словаў і зёлак, ахвярная працаўніца на маларасцяробленых лядах беларускай культуры ды гісторыі. Не маючы ў паслужным спісе ўніверсітэцкіх дыпломаў, закончыўшы ўсяго толькі гімназію і агародніцка-пчалярскія курсы, яна, тым не менш, ні ў якой справе не выглядала дылетантам — пісала вершы і апавяданні, перакладала п’есы для школьных тэатраў, склала запатрабаваны і сёння «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік», рэдагавала часопісы «Заранка», «Пралескі» і «Беларуская борць» (апошні — спецыялізаваны, для пчаляроў). Яе, рухавую і энергічную, чакалі ў Лукішкаўскай турме з прадуктовымі перадачамі, на віленскім паштамце — з пакункамі беларускіх перыёдыкаў, з неадменнай гатовасцю да працы ў рэдакцыях грамадаўскіх газетаў, дзе яна была і адміністратарам, і бухгалтарам, і кальпартэрам. І так — у гушчыні падзей — Зоська Верас пражыла ладную частку жыцця. Таму для пакаленняў пазнейшых яна была найперш жывой сведкай нашай гісторыі, і як жа добра, што Бог падараваў ёй так багата гадоў. Усё, што ведала, усё, што памятала, яна паспела сказаць для будучыні, асабліва ёй рупілі ці не самыя сфальшаваныя ў савецкай гістарыяграфіі гады — 1917–1920-я .
Пад спакойны пошум Панарскага лесу пісаліся ўспаміны: пра Гарадзенскі гурток беларускай моладзі, пра Першы Усебеларускі з’езд у Мінску, пра Максіма Багдановіча, Гальяша Леўчыка, Аркадзя Смоліча, братоў Луцкевічаў і братоў Родзевічаў… Успаміны пісаліся, але мінскія рэдакцыі ставіліся да іх насцярожана — у друк праходзіла толькі самае «бяскрыўднае». Часцей Зоську Верас друкавалі беластоцкія выданні — беларускія календары і тыднёвік «Ніва», але і там тэксты былой нашаніўкі (пра гэта ведалі ўсе) і сяброўкі Рады БНР (пра гэта ведалі хіба ў адпаведным ведамстве) часам ляжалі гадамі.
І тады Зоська Верас пра ўсё, што помнілася, пачала расказваць у прыватным парадку — у лістах. Ахвотнікаў ведаць праўдзівую гісторыю знайшлося нямала: у Мінску і Гародні, у Зэльве і Пружанах, у Германавічах на Віцебшчыне і Гудзевічах на Гарадзеншчыне, на Беласточчыне за заходняй мяжой і на Стаўрапольшчыне за мяжой усходняй, у Варшаве і Маскве. Сама аўтарка пазней спрабавала падлічыць колькасць тых лістоў-успамінаў — выходзіла больш за 6 000. З іх пакуль што апублікавана каля 800 (улічваючы і эпісталярны раздзел гэтай кнігі), і з іх, нібы з мазаічных шкельцаў, паступова складаецца вялікая панарама беларускага жыцця ХХ стагоддзя. Сярод адрасатаў Зоські Верас былі людзі знаныя, а таму калісьці дойдзе чарга і да зваротнай карэспандэнцыі, акуратна спарадкаванай і зберажонай у той прыцягальнай для многіх Лясной хатцы. О, яе гаспадыня ведала, з кім ліставалася, разумела каштоўнасць таго эпісталярыя! Як на добры лад, яго і публікаваць варта было б асобнымі выданнямі: у адным томе — перапіска з паэткай Ларысай Геніюш, у другім — з гісторыкам Юрыем Туронкам, у трэцім — з этнографам Арсенем Лісам, у чацвёртым — з літаратуразнаўцам Аляксеем Пяткевічам.
Гэтыя працяглыя эпісталярныя дыялогі (толькі ў архіве Л. Геніюш захоўваецца 309 лістоў Зоські Верас) не заўсёды з’яўляюцца пытаннямі з разгорнутымі адказамі. У іх абмен інфармацыяй ідзе з абодвух бакоў, старэйшая векам рэспандэнтка проста штосьці ўдакладняе, падказвае, далікатна падштурхоўвае ў правільным кірунку. Напрыклад, з падказкі Зоські Верас прафесар ГрДУ А. Пяткевіч займаўся даследаваннем дзейнасці Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі (1909—1914), апублікаваў у альманаху «Краю мой — Нёман» (1986) артыкул «З кагорты пачынальнікаў» — пра аднаго з актывістаў таго гуртка паэта Язэпа Лявіцкага (літаратурны псеўданім Юрка Снапко). Зоська Верас цаніла ў сваім гарадзенскім сябру глыбокія, сапраўды энцыклапедычныя веды па гісторыі Гарадзеншчыны, адчувала ў ім блізкую душу, бо сама цягам усяго жыцця стварала ўласную (рукапісную!) энцыклапедыю, якая складалася з жыццяпісаў забароненых за савецкім часам дзеячаў: Аркадзя Смоліча, Станіслава Грынкевіча, Францішка Грышкевіча, Міхася Забэйды-Суміцкага… Уяўляю, як яна парадавалася б, калі б паспела пабачыць «энцыклапедыю Пяткевіча» — дыхтоўны біяграфічны даведнік «Людзі культуры з Гарадзеншчыны», які пабачыў свет у 2000 годзе. Сучасныя сродкі камунікацыі дазваляюць імгненна перадаваць на любыя адлегласці любую інфармацыю (тэкставую, фота, аўдыё і відэа). А ў часы Зоські Верас адзіным перадатчыкам была звычайная, надзвычай марудная пошта. Лісты з Панарскага лесу ішлі тыднямі — можна здагадвацца, як чакалі іх усе тыя, хто стала карэспандаваў з гаспадыняй Лясной хаткі. Ніводзін ліст не пакідала яна без адказу. Гісторыку Юрыю Туронку Зоська Верас дасылала звесткі пра ягонага бацьку, вядомага ў Заходняй Беларусі лекара Браніслава Туронка, пра братоў Іваноўскіх, якія ўзбагацілі сваёй дзейнасцю тры культуры — беларускую, польскую і літоўскую. Паэтцы Дануце Бічэль падказвала, як найпаўней і змястоўней паказаць жыццяпіс Максіма Багдановіча ў яго гродзенскім музеі. Дырэктару Мінскага абласнога музея (знаходзіўся ў Маладзечне) Генадзю Каханоўскаму расказвала пра свайго прадзеда Ігната Кулакоўскага, педагога і асветніка, які яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя дамагаўся ад царскіх уладаў вывучэння ў школах беларускай мовы… А колькі ў Лясную хатку прыходзіла лістоў удзячнасці! Краязнавец з вёскі Германавічы Шаркаўшчынскага раёна Клімент Кожан пісаў: «Я ў сваім жыцці закончыў два ўніверсітэты — Беларускі дзяржаўны і Універсітэт Зоські Верас». Вольным слухачом таго «ўніверсітэта» быў і Уладзімір Караткевіч, які з удзячнасцю за падказаныя спрадвечна беларускія назвы раслінаў аднойчы, звяртаючыся да Зоські Верас, эмацыйна ўсклікнуў: «Вы наш батанічны бог!».
А як палічыць усіх наведнікаў Гудзевіцкага этнаграфічнага музея, якія практычна скарысталіся з рэцэптаў, і сёння даступных у экспазіцыі «Лекавыя зёлкі», што стваралася пад цярплівую «дыктоўку» Зоські Верас… На жаль, пры жыцці яна заставалася як бы за спінамі сваіх вялікіх сучаснікаў — найперш Максіма Багдановіча, гербоўнік гонару якога быў яе заўсёдным і першачарговым клопатам. І гора было тым, хто з тых ці іншых прычынаў кідаў на яго цень, пляміў няпраўдай. І трэба прызнаць: шмат у чым той Багдановіч, якога мы сёння ведаем і прымаем, увідочніўся для нас дзякуючы Зосьцы Верас. Каб сабраць усё напісанае ёю пра паэта, атрымаўся б важкі дадатак да персанальнай энцыклапедыі «Максім Багдановіч», ідэя якой узнікала і акрэслівалася ў двух месцах адначасова: у выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» (дзе працаваў яшчэ адзін энцыклапедыст — Янка Саламевіч) і ў той жа Лясной хатцы. Сталася так, што мемуарыстка засланіла сабой паэтку, аўтарку арыгінальных празаічных імпрэсій, друкаваных яшчэ ў «Нашай Ніве» і пазнейшых заходнебеларускіх перыёдыках. Прачытаўшы іх, чалавек з трыма вышэйшымі адукацыямі і добрым літаратурным густам Аркадзь Смоліч усклікнуў: «Няхай Вам Найвышні дае сілаў! Тое, што робіце і зрабілі Вы ў гэты глухі час, доўга памятаць будуць беларусы, для будучыні яно будзе прыкладам». Прыкра пра гэта гаварыць, але ўдзячнай памяці, у якой быў так упэўнены аўтар першай геаграфіі Беларусі, хапіла толькі на тоненькую, з выгляду як вучнёўскі сшытак, кніжачку «Каласкі», якая выйшла ў свет у 1985 годзе, прынёсшы мала радасці пісьменніцы. Праўда, яе тут жа прынялі ў Саюз пісьменнікаў, прызначылі пенсію, прапанавалі рыхтаваць другую кнігу. Але замест яе Зоська Верас падрыхтавала кнігу Фабіяна Шантыра — свайго першага мужа, таленавітага публіцыста, расстралянага бальшавікамі яшчэ ў 1920 годзе… У выніку ні Шантыр, ні Зоська Верас у мінскія выдавецкія планы больш не траплялі. Пражыўшы без малога цэлае стагоддзе, яна так і адышла ў лепшы свет аўтаркай адзінай, замаскаванай у выдавецтве «Юнацтва» пад дзіцячую, кніжкі. І гэта пры тым, што пісала, пакуль бачылі вочы. Ужо на самым схіле жыцця імкнулася дагаварыць недагаворанае, дапісаць недапісанае. Амаль страціўшы зрок, на адмыслова разлінееных аркушах, звяртаючыся да аднаго з сяброў, навослеп выводзіла: «Чуюся вельмі дрэнна, але стараюся яшчэ сёе-тое зрабіць, пакуль рука пяро трымае». Мала хто з беларускіх літаратараў так напоўніцу адпрацаваў дадзены яму звыш талент — самаахвярна, з пачуццём адказнасці перад будучыняй. Зоська Верас і тут паказала прыклад. У дзевяноста чатыры гады яна яшчэ пісала пранікнёныя элегічныя вершы!
Людская ўдзячнасць нярэдка позніцца, але момант ісціны позна ці рана абавязкова настае. Такім момантам ісціны ў адносінах да Зоські Верас бачыцца мне вялікі том яе спадчыны, выдадзены ў серыі «Гарадзенская бібліятэка» ў 2013 годзе. З’явіліся водгукі ў друку, пра пісьменніцу ці не ўпершыню загаварылі як пра самадастатковую фігуру на айчынным Парнасе. Тэлеканал «Белсат» зняў пра Зоську Верас, асабліва не трывожачы ценяў яе вялікіх сучаснікаў, дакументальны фільм. Са здымачнай групай мы наведалі тады дзве дарагія для гераіні фільма мясціны: фальварак Альхоўнікі, што на паўдарозе паміж Гародняй і Беластокам, і той Панарскі лясок, які на віленскіх мапах чамусьці пазначаны як вуліца Рэвоню. У Альхоўніках Людвіка Сівіцкая (дзявочае імя Зоські Верас, па мужу — Войцік) засынала малою пад беларускія калыханкі, прачыналася дзяўчынай пад выбухі Першай сусветнай, там яна гадавала свайго першынца Антося, адтуль выхапіў яе і панёс у шырокі свет вір імклівага грамадскага жыцця. А Панарскі лес, затулены ад гаманлівага горада прыўзнятым «каўняром» чыгункі, стаў зацішнай прыстанню, дзе добра думалася і пісалася без аглядкі на ідэалагічныя павевы, ад якіх пісьменніку за савецкім часам схавацца было дужа няпроста. У замежных Альхоўніках з захаванымі старымі будынкамі акурат рыхтаваліся да жніва: там дбайна гаспадарыў фермер і пчаляр Рыгор Кульмачэўскі — праўнук Антона Кульмача, які амаль сто гадоў таму набыў фальварак у Сівіцкіх. За мураванай стадолай у расквітнелай грэчцы гула шматвуллевая пасека. (Вось бы парадавалася колішняя рэдактарка часопіса «Беларуская борць» і заснавальніца таварыства «Пчала»!). А ў такім жа замежным (толькі за другой мяжой) Панарскім лесе мы ледзьве адшукалі тую мясціну, дзе калісьці стаяла Лясная хатка. Яна згарэла ў 1990 годзе, калі гаспадыня ў ёй ужо не жыла, мы пра гэта ведалі, але каб так змяніўся памятны для многіх ландшафт! Здзічэлы, змізарнелы сад, паляна перад хатай, ледзь бачныя пад крушнямі закуранай цэглы падмуркі — усё было захоплена лесам. Самотныя яблыні частавалі нас гаркаватымі яблыкамі, колішняга падворка было не пазнаць, перыметр хаты (якой прасторнай яна здавалася мне ў 1987 годзе!) пад наступам змрочных ялінаў сціснуўся і выглядаў нерэальна маленькім. А прайшло ўсяго нейкіх дваццаць пяць гадоў… Стоячы на парэштках ганка, я пераказаў сваім спадарожнікам баладу Бертольда Брэхта «Пра людзей Картэса», у якой па-майстэрску апісана, як густы паўднёваамерыканскі лес за ноч захапіў у палон і праглынуў, як кіт Ёну, цэлую экспедыцыю іспанскіх каланізатараў. Запозна спахапіўшыся, яны не паспелі прасекчы выхад у наступаючай з усіх бакоў мярэжы галінаў… Так, любы лес (лацінаамерыканская сельва ці беларускі мяшаны) — захопнік, ён не любіць пустэчы. І што яму з таго, што пад той секвояй спыняўся Картэс, пад тым дубам начаваў Гедымін, у тым хвойніку чытаў вершы Адам Міцкевіч, а ў той лагчыне стаяла хатка Зоські Верас. Ён шматствольна і рашуча ідзе ў наступ, пашыраючы сваю жыццёвую прастору. Адзняты відэаматэрыял ужо мантажаваўся, калі спатрэбіўся нейкі вобраз, які перадаваў бы галоўную сутнасць гераіні фільма. Кадры з ім і мусілі пачынаць стужку. І неяк сам па сабе ў нашай калектыўнай памяці праявіўся вобраз пчалы. Курсы пчалярства, пасека ў Альхоўніках (дзядоўскіх і сучасных), таварыства «Пчала», часопіс «Беларуская борць», кніжка «Мёдадайныя расліны», выдадзеная ў міжваеннай Вільні… Пчаліны рой трапіў нават на экслібрыс Зоські Верас! І самае галоўнае — яна ўсё жыццё працавала, як тая пчала, у поце чала свайго. Дабрачынна і самаахвярна, без гарантаваных заробкаў і ўласцівых творчым людзям амбіцый. Чорнарабочай беларускай культуры назваў яе ў белсатаўскім фільме Арсень Ліс, чыё маленства было асветленае Верасавай «Заранкай». За чатырыста з гакам гадоў да тае яснай «Заранкі» над Вільняй узышло сонца маладзіковае Францішка Скарыны. Калі нашаму слаўнаму першадрукару ў прадмове да кнігі «Юдзіф» спатрэбіўся вобраз-сімвал адданасці роднаму краю, ён таксама ўзгадаў пчолаў, што бароняць вуллі свае. Нездарма ў той прадмове сказана: птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы адчуваюць віры свае, а пчолы свае вуллі — бароняць. Зоська Верас — яшчэ і бараніла. Цягам амаль цэлага ваяўнічага ХХ стагоддзя. І за гэта мы ёй у стагоддзі ХХІ павінны і за гарою пакланіцца. Так, паводле народнай мудрасці, выяўляецца найвялікшая людская ўдзячнасць. Аўтарка гэтай кнігі такую ўдзячнасць, без сумневу, заслужыла.
|
|
|
|