|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Анатоль ТРАФІМЧЫК
МАРЫЯ КАНАПНІЦКАЯ ПРА ТАДЭВУША КАСЦЮШКУ ПА-БЕЛАРУСКУ
Maria Konopnicka o Tadeuszu Kościuszce i Insurekcji wierszem
Летась у Варшаве пабачыла свет не зусім звычайнае выданне — «Maria Konopnicka o Tadeuszu Kościuszce i Insurekcji wierszem» (вершы Марыі Канапніцкай пра Тадэвуша Касцюшку і паўстанне). Яго нязвыкласць — перадусім у двайным перакладзе — на рускую і беларускую мовы, выкананым берасцейкамі Марынай і Ганнай Панішавымі. Ініцыятарам праекту і яго рэдактарам выступіў старшыня Касцюшкаўскага фонду Марак Лешак Кшэсняк. Усяго ў кнізе сабрана 42 вершы вядомай польскай пісьменніцы, размешчаных паводле храналогіі разгортвання падзеяў. Фактычна гэта перавыданне, бо яшчэ ў далёкім 1904 г. творы выходзілі ў зборніку пад назваю «Гістарычны спеўнік», прычым аўтарка тады схавалася за псеўданімам Ян Сава. Новая кніга адметная лаканічнай, але змястоўнай аналітыкай вершаў аўтарства Лёнгіны Ордан, якую можна часткова прымяніць і да перакладаў, пададзеных побач з кожным ператлумачаным творам (праўда, іх нельга назваць перастварэннем, бо гэта рамесніцкі падрадкоўны пераказ інфармацыі без версіфікатарскіх інтэнцый і кангеніалізацыі паэтыкі). У якасці паказальнага прыкладу прывядзём не самыя горшыя ў сэнсе перакладу строфы з верша «Рэзь Прагі» (с. 177–179):
Таму не будзем засяроджвацца на эстэтычных вартасцях перакладаў. Між тым, даробак Панішавых можа стаць добрым падмуркам для сапраўдных мастацкіх перастварэнняў, бо знаходзяцца творы, якія, несумненна, былі б па-свойму цікавымі для беларускага і расійскага дыскурсаў — як з гледзішча мастацкага, так і гістарычнай рэцэпцыі падзеяў, якія для кожнага народа (для беларускага таксама!) прынцыпова розняцца. Так, той самы вобраз галоўнага героя інсурэкцыі Тадэвуша Касцюшкі для польскага народа выступае на ўзроўні сакралізацыі, без нейкіх лішніх канатацый нацыянальнага апостала. Беларускае мастацтва, у тым ліку паэзія, не схільнае абсалютызаваць такі вобраз Касцюшкі і вызнае яго як патрыёта-ліцвіна — інакш кажучы, протабеларуса (пацвярджэннем таму — вершы Д. Бічэль, В. Жуковіча, А. Белага, В. Шніпа і інш.1), хоць і з некаторымі агаворкамі. Кардынальна супрацьлеглую ролю Касцюшка сыграў для расійскай гісторыі, што знайшло сваё адлюстраванне і ў літаратуры. Возьмем для прыкладу творчасць Аляксандра Пушкіна, які не пакінуў па-за ўвагай фігуру Тадэвуша Касцюшкі як знакавую для свайго часу. Знамянальна, што ў вершы «Клеветникам России» (1931) пііт спачатку гаворыць пра «волнения Литвы» (а не Польшчы), называючы падзеі «спором славян между собою» (гэтым самым расійскі класік выяўляе ўспрыманне ліцвінаў не як сучасных нам літоўцаў, а значыць — як беларусаў)2. А яшчэ раней, звяртаючыся, як можна разумець, да аднаго з патэнцыяльных такіх «клеветников» — графа Густава Алізара (польскага паэта і грамадскага дзеяча) А. Пушкін спрабуе нівеляваць непрыемныя для Расіі палітычныя перыпетыі, бо, маўляў, «глас поэзии чудесной // сердца враждебные дружит». Пры гэтым ён апелюе да таго факту, што барацьба праходзіла з пераменным поспехам:
Як бачым, для расійскага паэта, які inter alea нібыта «милость к падшим призывал», маніякальна-брутальныя забойствы немаўлятаў — даволі трывіяльная з’ява, якая не павінна па яркасці пераўзысці «глас поэзии», «улыбку муз», «сладкие звуки вдохновенья». Такім чынам, А. Пушкін фактычна прызнае жорсткасць з расійскага боку і называе яе час — шляхам спасылкі на паўстанне пад кіраўніцтвам Касцюшкі, штандары якога тапталіся «в кровавый прах». Сапраўды, як сказаў яшчэ адзін расійскі літаратар, С. Даўлатаў, «его (А. Пушкіна. — А. Т.) литература выше нравственности»4. Пры параўнанні выяўляецца розніца ў рэцэпцыі і разуменні гістарычнай постаці Касцюшкі і падзей з яго ўдзелам: нават англійскія паэты (Джордж Байран, Сэмюэл Тэйлар Колрыдж, Джэймс Генры Лі Хант, Уолтэр Сэвадж Лэндар) узвышана адносіліся да героя (а ён жа ваяваў супраць Вялікабрытаніі! пазбаўляў яе зямель, дзе яна сцвердзілася); у той жа час расійскі творца бачыў нармальным жорсткае падаўленне збройнага чыну, якім адстойвалася яшчэ не заваяваная суседзямі-агрэсарамі дзяржава. Але вернемся да згаданага выдання. Распачынаецца яно вершамі пра зараджэнне настрояў супраціву — «Песня надзеі», «Трэцяга мая». Далей ідзе фактычна вершаваная гісторыя другога і трэцяга падзелаў Рэчы Паспалітай, расказаная, натуральна, праз прызму польскага патрыятызму. Многія назвы — характарыстычныя: «Пад Дубенкай» (пра першую значную перамогу Касцюшкі над расійскім агрэсарам 18 ліпеня 1792 г.), «Таргавіца» (пра здрадніцкі акт Таргавіцкай канфедэрацыі супраць прагрэсіўных рэформаў), урэшце «Другі падзел» і г. д. Асноўная маса твораў прысвечана непасрэдна паўстанню 1794 г. — яны складваюцца ў своеасаблівы эпас, наяўнасць якога зрабіла б гонар любой нацыянальнай літаратуры і любому народу. Заключныя вершы — пра паражэнчае завяршэнне збройнага чыну — маюць надзвычай высокую ступень экспрэсіі, прасякнутую шчымлівым болем: «Маскоўская паводка», «Страшныя дні», «Рэзь Прагі» і інш. У сучасным выданні кожны верш суправаджаецца гістарычнаю даведкаю, таму кнігу лёгка чытаць нават не пасвечаным у падзеі, а надзвычай багатая ілюстраванасць сучаснымі графічнымі малюнкамі Гражыны Кастаўскай і Пятра Шалкоўскага здольная яшчэ і дапамагчы ў фарміраванні ўяўлення вобразаў, якіх можа бракаваць у перакладах. Напрыканцы дадамо, што гэта — не адзінае выданне, якім Польшча ўганаравала памяць пра героя двух кантынентаў і свайго абаронцы да леташняга 220-га юбілею інсурэкцыі. Толькі згаданы на пачатку рэдактар Л.М. Кшэсняк расстараўся на дзве кнігі, прычым яшчэ адну напісаў сам, стварыўшы цэлую паэму пра трагічную для палякаў бітву пад Мацеёвіцамі — «Dokąd tak śpieszysz, Panie Generale» (Варшава, 2013). Мусім толькі павучыцца такому патрыятызму... Анатоль Трафімчык
|
|
|
|