Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці

ЧАС МІЛАСЭРНАСЦІ

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Кансэкраванае жыццё

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

АГЕНТ ЕЗУСА ХРЫСТА
З жыцця Касцёла

У НАШЫМ ДОМЕ ХОЛАДНА

ШЛЯХІ ДА СЛОВА
Асобы

ПТУШКІ ЧУРЛЁНІСА
Музыказнаўства
Паэзія

МУЗЫКА АГІНСКАГА
Прэзентацыя

БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Успаміны
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва

Данута БІЧЭЛЬ

АЛЯКСЕЙ КАРПЮК
І ВАСІЛЬ БЫКАЎ

У Скідзелі, на вечары, аб якім я ўжо расказала ва ўспамінах пра Валодзю Караткевіча, павячэраўшы, выйшлі з памяшкання. Ішоў дождж. Васіль падаў мне руку і кажа: «Хадзі на мой голас...».

Я ішла на яго голас усё жыццё. І цяпер іду, хоць голас гэты чую толькі ў памяці. Пасля таты гэта быў самы вялікі чалавек майго жыцця, найбольшы ўплыў зрабіў ён на маю творчасць, на спосаб пераносіць усе выпрабаванні спакойна, не рвацца наперад, не захварэць на хваробу пыхі. Ён мяне вучыў таму, чаму ўсіх людзей вучыць Езус. Ці жыў гэтак сам? Часам цяжка ўтрымацца ад гэтага «дзявятага валу» славы, ён жа таксама быў чалавек...

Я любіла Васіля сястрынскай любоўю, і ён мяне любіў, як брат. Алесь Адамовіч мог сказаць, што Васіль нікога і нічога не баіцца — ні настырных журналістаў, ні сакратароў партыі, толькі Дануты — што яна падумае і скажа яму пра той ці іншы яго ўчынак. Ён і бярог мяне, як сястру. Калі прыязджалі ў Мінск, сталічным паэтам хацелася трапіць у пакой да Дануты, але Васіль і перапыняў кампанію, якая праводзіла мяне да гатэля.

Чаму я не памятаю, як першы раз убачыла яго, якое ўражанне ён на мяне зрабіў? Мусіць таму, што жылі ў адным горадзе. Аляксей Карпюк прыбег у аўдыторыю, дзе мы чакалі выкладчыка, і, не трацячы часу, аддаў Вандзе Шоцік, якая была ў нас галоўнай з прычыны свайго шляхецкага паходжання, даволі ёмкую папку з аповесцю пра дачку генерала, якая пакахала беларускага хлопца з вёскі… Дарэчы, сёння гэта выглядае абсурдным — не магла выхаваная паненка спароць такой дурноты! Але тады мы верылі: пісьменнік піша праўду. Сам Карпюк прынёс нам гэты твор не для таго, каб мы яму дапамагалі, а для таго, каб нас «купіць» як чытачоў, можа нават «перахапіць» у Васіля Быкава, якога мы яшчэ не ведалі, — Быкаў не меў спрыту бегаць па аўдыторыях да першакурсніц.

Я наведвала літаб’яднанні, калі збіраліся ў доме Элізы Ажэшкі. У сапраўдным, не перабудаваным. Але не памятаю, хто кіраваў тымі аб’яднаннямі. Затое памятаю, як хлопцы мяне там вучылі правільна па-беларуску пісаць. Не толькі ў педінстытуце, у горадзе было шмат моладзі, якая спрабавала пісаць вершы і апавяданні. Магчыма, я звяртала ўвагу на тых, хто пісаў на мове, здаецца, што такіх было больш.

Васіля я добра запомніла з літаб’яднання, якое сабралася ў цяперашнім будынку выдавецтва, — там была рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда». На другім паверсе ў вялікай зале са стэлажамі, на якіх ляжалі стосы газет, сабралася шмат людзей, чакалі Быкава. Ён прыйшоў — такі незямны. У пачатку быў нейкі ўступ, ён назваў імёны, якія рыхтаваліся на абмеркаванне. Не памятаю, каго абмяркоўвалі,— гэта было надта востра, бязлітасна. Магчыма, гэта былі смелыя рускамоўныя паэты, якіх я зусім забыла. Ніколі не асмелілася прапанаваць свае вясковыя, пераспяваныя з маміных песняў, рыфмаванкі на абмеркаванне тых шматлюдных сходаў. Але да Быкава пачала заходзіць з дзяўчатамі з інстытута. Галоўнай паэткай у нас тады славілася Жэня Сідаровіч. Вучылася на чацвёртым, калі я была на першым. Большасць яе выпуску ўладкаваліся працаваць у абкамах, гаркамах, дырэктарамі школ, засталіся выкладаць у інстытуце. Жэня выйшла замуж і паехала з мужам у Рыгу.

Данута Бічэль, Васіль Быкаў,
Аляксей Карпюк.

І Жэня, і ўсе дзяўчаты, якія пісалі вершы, былі добрымі сяброўкамі.

Мы хадзілі да Васіля Быкава ў рэдакцыю са сваімі вершыкамі, папярэдне прачытаўшы іх адна другой. Ён нас сустракаў ветліва, браў нашы аўтографы, пасля або друкаваў іх на літаратурных старонках, не папраўляючы, або ў аглядах маладых у газеце называў тую ці іншую аўтарку. Яго агляды, магчыма, былі фармальнымі, але для моладзі надта важнымі, таму што яго імя ў савецкай і беларускай літаратуры адразу ўзышло над усімі імёнамі, яго адначасна друкавалі ў Маскве і Мінску, ды хутка і ва ўсім свеце. Яго захвальвалі і знішчалі — адначасна з розных бакоў. Але не замоўчвалі. Ён ведаў з ваеннага вопыту, што калі пайшоў у атаку, то па дарозе спыняцца нельга. І пісаў кожны год новы твор.

Такі гадкі быў час для творцы — трэба было працаваць у газеце, па графіку дзяжурыць у выдавецтве, зрэдку можна было нешта прыдумаць, каб раней пайсці з кабінета, у якім побач з пісьменнікам сядзелі яго «ахоўнікі», таксама журналісты.

Ахоўвала яго сяброўка Ірына Міхайлаўна Суворава, якая адбіла яго ўрэшце ў Надзеі Андрэеўны, маці яго сыноў — Сярожы і Васіля. Пра іх адносіны я даведалася, калі была на чацвёртым курсе і ў мяне нарадзілася дачка Віка.

Неяк мы да нараджэння нашай таленавітай дачушкі не падрыхтаваліся. У раддом я пайшла з інтэрната, а Эрык у той час працаваў у Астрыне ў школе кінамеханікаў. Трэба было або кідаць інстытут, або кідаць працу. Ён знайшоў у Гродне працу ў шырокафарматным кінатэатры, пакуль я была ў раддоме, наспех знайшоў кватэру ў драўляным прыватным доме за могілкамі — прахадны пакой, злая гаспадыня.

Я не спраўлялася з абавязкамі маці і жонкі. А тут яшчэ інстытут! І зайшлі праведаць мяне Васіль Быкаў і Ірына Суворава. З таго, як яна сябе паводзіла і як размаўляла, было відаць, што яны — каханкі. Лепш, каб я гэтага не ведала. Ды наша сяброўства з Васілём было ў духоўнай сферы, яно толькі пачыналася. Эрык раўнаваў мяне і да Быкава, і да Карпюка, і да Караткевіча, і да ўсіх пісьменнікаў — жывых і памерлых. Я ў той час найболей шукала сустрэч або магчымасці паразмаўляць па тэлефоне з Быкавым. Ды ён і сам тэлефанаваў мне, прапаноўваў спаткацца на «нашым месцы», каля помніка палітруку Гарнавых перад мостам. Калі мы выходзілі з хаты па званку, ён з вуліцы Кашавога, пасля Свярдлова, я з Паповіча, то якраз там сыходзіліся. Там, на прывязі, як сабачкі, стаялі лодкі. Аднойчы ён пакатаў мяне ў сваёй лодачцы, а для храбрасці ўзяў з сабой Чэкіна. Гэта быў стратэгічны ход — каб не раўнавалі жанчыны. Паехалі на Мяловыя горы. У лодцы прыхавана было прыстасаванне, каб варыць каву, — керасінка і турачка. Кава была з дымам. Потым мы вячэралі ў тым ціхім дамку, які называлі «Сосны», дзе са столі крынічка цурчэла, музыка грала. Мне заўсёды было ўсё роўна, што елі і пілі, я слухала Быкава. Перад той вылазкай мяне запрасіў паразмаўляць Валодзя Кудзінаў з часопіса «Нёман» — ён і прапанаваў разам зайсці да Быкава. Васіль частаваў нас «лісцікамі» з хлеба і вяндліны.

Аляксей Карпюк заўсёды быў нашым начальнікам, нават калі партыя здымала яго з пасады сакратара аддзялення СП. Фармальна тады выбіралі Быкава, але нават зарплату Быкаў аддаваў Карпюку — да пэўнага часу, пакуль не ўмешваліся жонкі. Карпюк выклікаў мяне ў аддзяленне на размову і патрабаваў справаздачы: «Што ты за лета напісала? Пачытай!». Я чытала некалькі вершыкаў, але ён ніколі не казаў, што добрыя. «Ты ўсё пра кветачкі ды пра ягадкі. А калі будзе пра жыццё?»

Карпюк рэгулярна збіраў абласных пісакаў на сходы і выклікаў з Мінска бухгалтара Алу Валяр’янаўну з грашыма. Уся гэта «машына» з яўнымі і тайнымі рухавікамі трымалася на таленце Алы Валяр’янаўны.

Данута Бічэль, Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў
пасля выступлення ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 г.
Фота Ю. Голуба.

Шмат куды мы разам ездзілі і размаўлялі ў дарозе. Усе нашы лакальныя паездкі прыдумваў Аляксей Карпюк. Так мы паехалі да Ларысы Геніюш, каб пазнаёміцца. Галоўным у нашай сустрэчы было ўгаварыць яе прыняць грамадзянства і ўступіць у Саюз пісьменнікаў. Але ніхто ёй пра гэта ў той вечар нічога не казаў, можа, Карпюк сам-насам, дзе-небудзь на кухні. Я не чула. Я сядзела каля халоднай кафельнай печкі на ўслончыку і слухала, як Марыя слухала Езуса, пакуль «Марта» — Ларыса Геніюш — стаўляла на круглы стол, засланы бялюткім абрусам з паяском праз увесь круг, розную смакату. Чарадзейка наша святая! Янка з Васілём размаўлялі, а Карпюк мучыўся — ён увогуле не меў цярпення на застоллі. Гаспадыня бегала туды-сюды, як маладая. А я ёй не дапамагала. Гэта была гістарычная, знакавая сустрэча для нас усіх, а мы нібы не адчувалі гэтага.

У наступны раз мы ездзілі выступаць у Зэльвенскую школу-інтэрнат, а Юрка Голуб, які вучыўся ў дзявятым класе, сфатаграфаваў нас са снапкамі бэзу — Васіля, Ларысу, Карпюка і мяне.

Калі Юрка Геніюш быў пакалечаны нейкім псіхам у Гарадку і яму зрабілі аперацыю, Ларысе прыслалі тэлеграму, завераную лекарамі, — па такіх тэлеграмах афармлялі і адпускалі за мяжу, але Геніюш не адпусцілі, у яе быў пашпарт «без гражданства». Пасля ўсіх цяжкіх паходаў па канторах яна захацела зайсці да Быкава. Ён нас паіў гарбатай. Жылі яны ў кватэрцы па вуліцы Алега Кашавога (цяпер Траецкай). На развітанне вывеў нас на вуліцу Савецкую, пацалаваў Ларысу, а яна адразу неяк павесялела і кажа: «Пацалуй і Данусю!». А ён: «Другім разам».

Васіль быў дэпутатам абласнога савета і браў нас на сустрэчы з тымі, хто яго выбіраў. Гэта было ў Шчучынскім раёне. Я чытала там нейкія рыфмаванкі, ён таксама пра нешта ім з трыбуны казаў. Нам паказвалі ферму, а пасля нас кармілі ў вясковай хаце або на ўскрайку лесу.

Ездзілі з сустрэчамі па мясцінах, што блізка да пушчы, да мяжы з Беласточчынай. Карпюк тады пісаў раман «Вершалінскі рай». Карпюк любіў сустрэчы з чытачамі, яго ведалі і паважалі настаўніцы ва ўсім нашым памежжы. Ён жартаваў, прыдумваў розныя смешныя здарэнні, сам рыхтаваў сабе пытанні і раздаваў іх настаўніцам. Гэта сапраўды было займальна. Мы з Васілём яго «разыгрывалі» — таксама задавалі яму адно і тое ж пытанне: «Якія жанчыны яму падабаюцца — бландзінкі ці брунэткі?». Карпюк чытаў пытанне ўголас, пасля паварочваўся у наш бок і казаў: «А, дык гэта вы!». Карпюк трымаў сваімі смешнымі апавяданнямі школы, сабраныя ў кінатэатрах. Толькі аднойчы ён «спёкся», калі нас запрасілі на дыскатэку, а ён думаў, што гэта звычайная вечарынка, як у вёсцы. Я папярэджвала яго, што гэта небяспечна, але дзе там! Каб Карпюк не справіўся з аўдыторыяй?! Але моладзь была залішне ўзбуджанай, я пачытала ім некалькі кароткіх вершыкаў.

Быкаву ўдаваліся выступленні перад разумнымі, ён гаварыў стрымана, на пытанні адказваў скупа. Калі былі дні польскай літаратуры па ўсёй Беларусі, а пасля ўсе з’ехаліся ў Навагрудку і на Свіцязі, Васіль быў далёка ад мяне, яго «захапілі» польскія пісьменнікі, якія перакладалі яго на польскую мову; пры мне сядзеў Мацей Юзаф Канановіч, — ён, дарэчы, бываў на Свіцязі ў дзяцінстве са сваімі бацькамі, іх з братам Маркам адна пані з дзяўчаткамі запрасіла пакатацца на лодцы, было цёмна, і яны заблудзілі, але ён пра гэта не ўспамінаў, усё выпытваў у мяне, «як тэн Александэр?» (гэта Анін малы сын, які напомніў яму пра Анінага бацьку Аляксандра).

За мяне там падымалі тосты, называючы пані Ажэшкаю. Мне гэта было непрыемна, але я трывала. Чамусьці нам трэба было пакінуць усіх у Навагрудку і паехаць у Гродна. Мы ехалі ў вялізным атобусе ўтраіх. Карпюк спяваў, ад суму я падпявала яму пісклявым голасам. Быкаў сказаў: «Звычайна, калі ў людзей у галаве пуста, яны спяваюць». Тады Карпюк сказаў: «Хочацца паглядзець на лонданскія туманы, даўно не быў у Лондане». Маўчанне. Паўтор: «Даўно не бачыў лонданскіх туманоў».

Маўчанне… Карпюк ускоквае: «Чаму вы не пытаеце, калі я быў у Лондане?». — «Ведаем, што ніколі не быў».

А цяпер я думаю, чаму мы не спыталі ў яго, калі ён быў у Лондане? Калі мы прыехалі дадому, Васіль выйшаў там, дзе жыла Суворава.

У іх у горадзе ў кожнага былі свае знаёмыя «персанажы». Напрыклад, у Быкава быў дзядок-цырульнік, лекар, які рабіў мяшанку ад астмы на ўзроўні чарадзейства. Абодва былі знаёмыя з тым старым бібліятэкарам, які пад канец жыцця хадзіў па вуліцы Ажэшкі ў нешнураваных чаравіках, у акулярах з пабітымі шкельцамі. І яны хадзілі па вуліцах, а сустрэчныя спынялі іх, каб паразмаўляць. У Быкава на ўсіх хапала часу. Карпюк размаўляў хутка, ён заўсёды спяшаўся пісаць.

Аляксандр Ліпень успамінаў, як ён на сваім агародзе выразаў з дрэва Леніна, а з другога агароду праз плот глядзеў на яго работу Васіль Быкаў, таксама скульптар па прафесіі. Быкаў пытае: «А чаму вы яго выразаеце, няўжо вам гэта падабаецца?». А Ліпень яму кажа: «Хачу трапіць на выстаўку народных майстроў, а без яго не бяруць». Быкаў ведаў гэта, але ж трэба было неяк пазнаёміцца з суседам праз агарод...

Таня Маліноўская расказала, што яны жылі ў адным доме каля вакзала і летам Карпюк збіраў усіх малых і вадзіў на пляж. У яго былі простыя шляхі. Ішоў хутка, а ўся дзятва бегла за ім, ніхто не плакаў, бо не возьме наступным разам. Калі над ім адбываўся суд праз публікацыю камуніста Ледзянёва, які абазваў яго «здраднікам», на судзе былі сведкамі яго старыя знаёмыя, яны размаўлялі на прыгожай страшаўскай мове. Асабліва запомніўся адзін дзядок, які працаваў на чыгунцы. Хлопцы з «Паходні» стаялі ў пікетах у абарону Карпюка. Ён выйграў суд і хадзіў героем.

Усіх сваіх персанажаў — бабулю, якая хацела, каб называлі яе «дзевушкай», дурненькую дзяўчынку, якая ўпала ў люк на стадыёне і сядзела там тры дні, але булачку маме зберагла, — Карпюк спісваў з жыцця. Трымаў ён сувязь з сябрамі па партызанцы, па вучобе ў інстытуце, дапамагаў іх дзецям уладкавацца ў інстытуты. Збіраў па Гродзеншчыне маладых творцаў, вазіў іх і іхнія творы ў сталіцу, уладкоўваў на працу і «выбіваў» кватэры. Усіх уладкаваў у спецпаліклініку. І сабраў пры музеі атэізму і гісторыі рэлігіі даволі працаздольную кампанію. Увесь час знаходзіў такую працу, каб можна было пісаць сваё. Увесь час пазычаў грошы, але аддаваў і выручаў, калі нехта быў у бядзе.

Вельмі хацеў, каб паставілі яго п’есу, каб зрабілі фільм па яго творах. Але гэтае шчасце дасталося Быкаву. Васіль паехаў у Мінск, пасля ў далёкі свет. А Карпюк захварэў. Калі трэба было рабіць аперацыю на страўніку ў Мінску, хірург адмаўляўся, маўляў, не вытрывае наркозу — у Карпюка ад ранення ў Берліне не было чатырох рабрын і правага лёгкага. Быкаў угаварыў хірурга: калі ён пражыў без лёгкага жыццё, то варта рызыкнуць яшчэ раз. Карпюк пажыў ад восені да 14 ліпеня 1992 года. Пакутаваў, але жыццё ён любіў. У пакутах напісаў аповесць «Развітанне з ілюзіямі». Аддаваў у музей Багдановіча лісты з фронта да маці, лісты ад сяброў і дзяўчат, запіскі ад студэнтаў, ад слухачоў на сустрэчах, партызанскі дзённік. Паміраў цяжка, без сакрамэнту пакуты. А можа, Іна мне не сказала пра царкву праўды...

Васіль патэлефанаваў 3 снежня 2003 года, павіншаваў з днём нараджэння. Ён быў хворы, але мне аб гэтым не сказаў. Ён ведаў, што болей не будзе са мной размаўляць. Я не ведала. Я не знайшла сілы, каб паехаць у Мінск развітацца з Быкавым — гэта было залішне балючае выпрабаванне.

Пра іх напісаны мае ўспаміны ў кнізе «Хадзі на мой голас», але гэтыя згадкі я напісала, не гледзячы ў кнігу, — гэта тое, пра што думала сёння. Жыццё доўгае. Шмат у ім адбывалася светлага і змрочнага. Я пра светлае напісала...

Я ім удзячная за тое, што яны прынялі мяне, такую бездапаможную, у сваё сяброўства, спрыялі мне, як маглі, ім таксама гэта было чамусьці патрэбна. Былі яны розныя па характарах, Бог няроўна надзяліў іх літаратурным дарам, але яны захоўвалі суседскія адносіны і не перашкаджалі адзін другому працаваць і жыць, а нават дапамагалі.

Чацвер, 27 жніўня 2015 года.
Гродна.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY