Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці

ЧАС МІЛАСЭРНАСЦІ

ДАВЕРЫЦЦА БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
Кансэкраванае жыццё

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору

АГЕНТ ЕЗУСА ХРЫСТА
З жыцця Касцёла

У НАШЫМ ДОМЕ ХОЛАДНА

ШЛЯХІ ДА СЛОВА
Асобы

ПТУШКІ ЧУРЛЁНІСА
Музыказнаўства
Паэзія

МУЗЫКА АГІНСКАГА
Прэзентацыя

БАРАНІЦЬ ВУЛЛІ СВАЕ...
Успаміны
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва

Юлія ШЭДЗЬКО

«DA MIHI ANIMAS, CAETERA TOLLE»

Кароткі нарыс пра гісторыю Таварыства
святога Францішка Сальскага

З лацінскай мовы гэтыя словы перакладаюцца так: «Дай мне ду́шы, усё астатняе забяры». Гэта дэвіз Таварыства святога Францішка Сальскага, больш вядомага як салезіяне ксяндза Боска (SDB), і ў ім заключаная сутнасць духоўнасці і харызмы супольнасці. Гэтыя словы паходзяць з кнігі Быцця (гл. Быц 14, 21). Кароль Садома звяртаецца да Абрама, які захапіў ягонае каралеўства, кажучы: «Аддай мне людзей, а маёмасць вазьмі сабе», маючы на ўвазе, што падданыя значаць для яго больш, чым назапашанае багацце. Святы Францішак Сальскі ўпершыню ўжыў гэты выраз, крыху змяніўшы: «Дай мне душы, усё астатняе забяры», каб паказаць сваё захапленне Хрыстом, які жадае збаўлення кожнай душы, а ксёндз Ян Боска, жадаючы ахвярна наследаваць святога, зрабіў гэтыя словы дэвізам заснаванага ім манаскага таварыства.

Гэтыя словы сталі ўлюбёнай малітвай ксяндза Боска, і цяпер кожны салезіянін па прыкладзе свайго святога заснавальніка звяртаецца да Нябеснага Айца гэтымі словамі, просячы, каб Ён з іх дапамогай дазволіў як мага большай колькасці маладых душаў увайсці ў брамы вечнага Валадарства.

Таварыства святога Францішка Сальскага было заснаванае ў Італіі ў 1859 годзе святым Янам Боска, які ўсё сваё жыццё прысвяціў працы для дабра маладых людзей, выхоўваючы з іх сумленных грамадзянаў і добрых хрысціянаў. Выхаванцы святога Яна Боска сталі першымі членамі заснаванага ім Таварыства святога Францішка Сальскага, каб працягваць справу гэтага Настаўніка моладзі. Святы Ян Павел ІІ так пісаў пра яго: «Ян Боска, дзякуючы асаблівай глыбокай любові, нават у самых вялікіх цяжкасцях цалкам аддаваў сябе моладзі. Ён мог гэта чыніць дзякуючы той унутранай моцы, якая неразрыўна яднала ў ім любоў да Бога і любоў да бліжняга. Такім чынам ён змог стварыць сінтэз евангелізацыі і выхавання» (Ліст на сотую гадавіну смерці св. Яна Боска, 31 студзеня 1988 года).

У другой палове XIX стагоддзя Італія пакутавала ад разбуральных наступстваў атэістычных вучэнняў, занесеных у краіну падчас Французскай рэвалюцыі. Адукацыя і рэлігія ў краіне засталіся ў нечуваным заняпадзе. Не стаў выключэннем і Турын, дзе распачаў сваю працу святы Ян Боска.

Турын — горад са старажытнай гісторыяй і культурай, заснаваны каля 28 г. да нараджэння Хрыста. Ён стаў адным з найважнейшых цэнтраў хрысціянства: у турынскім саборы Яна Хрысціцеля захоўваецца і ўшаноўваецца найкаштоўнейшая рэліквія: цудоўная Плашчаніца Хрыста, пахавальная тканіна, у якую, як кажа традыцыя Касцёла, было загорнутае цела Езуса Хрыста пасля Яго пакутніцкай смерці. Турын з’яўляецца значным цэнтрам еўрапейскай адукацыі, ён вядомы сваім універсітэтам, заснаваным у XV стагоддзі. У XIX стагоддзі горад стаў важным эканамічным, прамысловым, гандлёвым і палітычным цэнтрам Еўропы. У 1861 г. Турын стаў сталіцай аб’яднанай Італіі і сталіцай Савойскага дому — кіруючай дынастыі Каралеўства Італія.

Аднак ксёндз Ян Боска сутыкнуўся на вуліцах Турына з нястачай, галечай і занядбанасцю. Ён бачыў моладзь без адукацыі і працы, многія, не маючы магчымасці зарабляць на жыццё, вымушаныя былі красці. Ён вырашыў дапамагчы юнакам, чым можа, і ў 1845 г. у адным з раёнаў горада заснаваў першы араторый, а пасля школу і працоўныя майстэрні. Ён вёў душпастырскую працу з беспрытульнымі, вучыў юнакоў маліцца, удзяляў сакрамэнты споведзі і Камуніі, выхоўваў іх у духу Евангелля, вучыў служыць Богу і бліжняму ў грамадстве і ў Касцёле.

Ініцыятыва ксяндза Боска атрымала вялікую папулярнасць, і апрача школы ў Вальдокка, у 1847 г. была адкрытая яшчэ адна ў Порта Нуова, а ў 1849 г. — у Ванкільё. Але аднаму немагчыма было весці такую вялікую працу, і таму Ян Боска сабраў самых таленавітых вучняў, навучаў іх італьянскай, лацінскай і французскай мовам, матэматыцы і пасля накіроўваў працаваць у новыя школы. Старэйшыя вучні Яна Боска станавіліся яго супрацоўнікамі ў справе выхавання, ім даручалася правядзенне заняткаў з малодшымі і клопат пра іх. Многія выхаванцы ксяндза Боска адкрывалі ў сабе пакліканне да святарства і, прыняўшы сан, працягвалі дапамагаць яму ў школьных справах. Пачаў стварацца прафесійны педагагічны калектыў.

Не ўсе ўхвалялі ініцыятыву святога Яна Боска, але тагачасны арцыбіскуп Турына Луіджы Франзоні спрыяў ксяндзу Боска, як і кароль Карл-Альберт. У 1852 г. было скончана будаўніцтва касцёла, які асвяцілі ў гонар святога Францішка Сальскага. Побач пачалося будаўніцтва прасторных будынкаў школы і рамесных майстэрняў. Прыкладна тады ж ксёндз Боска ўсвядоміў неабходнасць кансалідаваць і ўмацаваць сваю місію і стаў думаць пра стварэнне манаскай кангрэгацыі. У 1857 г. ён склаў першы статут таварыства, а на наступны год наведаў Рым, каб атрымаць раду і падтрымку ад папы Пія IX. У 1859 г. быў скліканы першы з’езд кангрэгацыі, падчас якога афіцыйна было заснавана Таварыства святога Францішка Сальскага.

Ян Боска недарэмна выбраў апекуном новай манаскай супольнасці святога Францішка Сальскага (1567–1622). Жыццё гэтага святога было надзвычай багатае на розныя падзеі і праходзіла ў часы, падобныя да тых, у якія давялося працаваць самому ксяндзу Боска. Святы Францішак Сальскі ў часы Рэфармацыі быў біскупам Жэневы. Ён супрацьстаяў уплыву кальвінізму і спрыяў адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне, займаўся духоўнай і інтэлектуальнай фармацыяй духавенства, рэфармаваў кляштары, прапаведаваў у савойскіх і французскіх гарадах, вёў вуснае і пісьмовае духоўнае кіраванне, выступаў на багаслоўскіх дыспутах, палемізаваў з кальвіністамі ў пытаннях веры. Захавалася каля 2100 яго лістоў, каштоўных сваім тэалагічна-аскетычным зместам. Дзякуючы яго працы вернікі пачалі масава вяртацца ва ўлонне Каталіцкага Касцёла. Разам са сваім сябрам сенатарам Антоніем Фаўрам святы Францішак Сальскі заснаваў «Фларымантанскую Акадэмію», якая аб’яднала інтэлектуальную і мастацкую эліту рэгіёна і разглядала навуковыя пытанні ва ўзаемасувязі з пытаннямі хрысціянскай веры. Разам са святой Жаннай Франсуазай дэ Шанталь ён заснаваў жаночую кангрэгацыю Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, кангрэгацыю сясцёр візітантак, якія спалучаюць кантэмпляцыйнае жыццё з працаю з беднымі і хворымі.

Святы Францішак стаў папярэднікам сучаснага душпастырства, стварыўшы новую школу духоўнасці. За час сваёй дзейнасці ён напісаў вялікую колькасць тэалагічных твораў і лістоў, якія разам складаюць 14 тамоў. Найбольш значнымі з яго працаў з’яўляюцца «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця» (1609 г.) і «Трактат аб любові да Бога» (1616 г.).

У 1662 г. папа Аляксандр VІІ беатыфікаваў Францішка, а ў 1665 г. кананізаваў яго. У 1877 годзе папа Пій ІХ абвясціў яго доктарам Касцёла, а ў 1923 г. папа Пій ХІ назваў святога Францішка Сальскага апекуном пісьменнікаў, рэдактараў, каталіцкай прэсы і журналістаў.

Ян Боска жадаў, каб члены заснаванага ім таварыства наследавалі святога Францішка Сальскага ў яго ахвярнай працы, прапаведаванні, адданасці і любові да людзей, каб яны прытрымліваліся духоўнасці святога Францішка. Той любіў казаць: «На кроплю мёду злятаецца мухаў больш, чым на бочку воцату», і прытрымліваўся гэтага прынцыпу ў адносінах з людзьмі. Яго духоўнасць вызначалася цвярозасцю і далікатнасцю, ён лічыў, што «любоў вымяраецца бязмернасцю», і казаў: «Ці ёсць на свеце што-небудзь лепшае за дабрыню? Калі б было, Езус Хрыстус навучыў бы нас гэтаму. Але Езус дае нам толькі два ўрокі: “Вучыцеся ад Мяне, — кажа Ён, — бо Я ціхі і пакорны сэрцам”».

Новаствораная кангрэгацыя пачынае хутка развівацца. У 1863 і 1864 гг. адкрываюцца салезіянскія каледжы ў Мірабэлла, Манферата і Ланца. Гэта быў крок наперад для справы ксяндза Боска, таму што да гэтага часу кангрэгацыя працавала выключна ў межах Турына і толькі з беднымі падлеткамі.

У 1874 г. папа Пій IX зацвердзіў канчатковы варыянт Статута і Канстытуцый Таварыства святога Францішка Сальскага, пасля чаго салезіяне занялі сваё месца сярод іншых манаскіх супольнасцяў Касцёла. У 1875 годзе ў Ніцы адкрыўся першы салезіянскі дом за межамі Італіі.У тым жа годзе першая група салезіянскіх місіянераў накіравалася ў Паўднёвую Амерыку; былі створаны салезіянскія дамы ў Буэнас-Айрэсе, у Аргенціне.

У 1872 г. святы Ян Боска і святая Марыя Дамініка Мадзарэла засноўваюць жаночую галіну салезіянскага таварыства на аснове духоўнасці ксяндза Боска — яна атрымлівае назву Кангрэгацыя Дачок Найсвяцейшай Панны Успамогі Хрысціянаў. Кангрэгацыя ў сваёй працы была пакліканая падтрымліваць пабудаваную на евангельскіх каштоўнсцях выхаваўчую сістэму ксяндза Боска, ахінаючы сваёй апекай маладых дзяўчат.

Святым Янам Боска была створаная яшчэ адна арганізацыя, якая аб’яднала свецкіх людзей, што жадалі дапамагаць дабрачыннай дзейнасці салезіянаў. Яна атрымала назву Таварыства салезіянскіх супрацоўнікаў. Ксёндз Боска задумаў стварыць такую грамадскую арганізацыю яшчэ ў самым пачатку сваёй дзейнасці, калі арганізоўваў першы араторый і яму была неабходная дапамога іншых людзей. Першай салезіянскай супрацоўніцай можна назваць яго маці Маргарыту, якая ва ўсім дапамагала сыну да самай сваёй смерці ў 1856 годзе. Папа Пій IX афіцыйна зацвердзіў Таварыства салезіянскіх супрацоўнікаў у 1876 годзе. Яго ўдзельнікі пакліканыя ў салезіянскім духу выконваць місію Касцёла, ажыццяўляючы апостальскую дзейнасць такім чынам, каб цалкам раскрыць сваё сямейнае і прафесійнае пакліканне, атрыманыя ад Бога таленты і здольнасці.

У 1877 г. былі адкрытыя салезіянскія каледжы ў італьянскай Спецыі, іспанскім Алмагра і ў сталіцы Уругвая Монтэвідэа. У гэтым жа годзе выйшаў першы нумар афіцыйнага часопіса кангрэгацыі — «Салезіянскі бюлетэнь», мэтаю якога было інфармаваць каталіцкі свет аб дабрачыннай працы таварыства і звяртацца па дапамогу ў добрых пачынаннях. Цяпер бюлетэнь выходзіць на васьмі мовах свету тыражом у 10 мільёнаў экзэмпляраў. У 1879 г. салезіянскія місіянеры былі пасланыя ў Патагонію, новыя каледжы ўзніклі ў іспанскай Наварры, французскіх Марсэлі і Сэн-Кіры. У 1880 г. была арганізаваная салезіянская місія ў В’едме, у Аргенціне, а ў 1883 г. быў адкрыты першы каледж салезіянаў у Нітэроі, у Бразіліі, з’явіліся місіі на Вогненнай Зямлі і Фалклендскіх астравах. У 1887 г. быў адкрыты першы каледж у Трыесце, які тады належаў да Аўстра-Венгрыі, у тым жа годзе салезіяне пачалі дзейнасць у Лондане і вялікая група місіянераў была пасланая ў Эквадор.

У 1888 г., калі ксёндз Ян Боска памёр, ва ўсіх кутках свету існавала ўжо 250 салезіянскіх супольнасцяў, дзе выхоўвалася 130 тысяч дзяцей. Штогод салезіянскія школы і каледжы выпускалі 18 тысяч вучняў. У 1888 г. салезіянскае таварыства падрыхтавала ўжо больш за 600 святароў.

Пераемнікам ксяндза Боска, па жаданні яго самога, стаў благаслаўлёны Міхал Руа, які паспяхова працягваў і развіваў дзейнасць кангрэгацыі. Падчас беатыфікацыі ксяндза Руа папа Павел VI сказаў: «Ксёндз Боска быў пачынальнікам салезіянскай сям’і, а ксёндз Руа — яго пераемнікам. Па прыкладзе святога ён учыніў школу жыцця, з яго статута — духоўнасць, з яго святасці — узор. Ручай ён учыніў ракой». Пры ім былі адкрытыя новыя салезіянскія цэнтры ў Францыі, Іспаніі, Італіі, Бельгіі, Партугаліі і Лацінскай Амерыцы. У 1889 г. з’явіліся салезіянскія каледжы на Святой Зямлі і на Афрыканскім кантыненце. У 1894–1911 гг. салезіяне пачалі працу ў Мексіцы, Тунісе, Венесуэле, Партугаліі, Балівіі, Калумбіі, Парагваі, ЮАР, Чылі, Сальвадоры, Перу, Індыі і Кітаі. Цяпер у свеце працуюць больш за 15 000 членаў таварыства, на 5-ці кантынентах, у 132-х краінах.

Нягледзячы на тое, што галоўнай мэтай салезіянскага таварыства з’яўляецца хрысціянская адукацыя і выхаванне моладзі, асабліва з ніжэйшых і сярэдніх слаёў грамадства, яно не адмаўляецца ні ад якой дабрачыннай дзейнасці. Сёння салезіяне працуюць у школах, дзе дзеці пачынаюць навучанне з пачатковых класаў і могуць, па жаданні, завяршыць яго ў семінарыі, рыхтуючыся да святарства. Салезіянскае таварыства займаецца таксама нядзельнымі школамі і школамі для тых людзей, якія ў сталым узросце жадаюць стаць святарамі, вядзе адукацыйныя курсы для працаўнікоў. Салезіяне працуюць у друкарнях і выдавецтвах рэлігійнай літаратуры, арганізуюць шпіталі і прытулкі, апякуюцца хворымі і зняволенымі. У Паўднёвай Амерыцы і Азіі яны займаюцца місіянерскай дзейнасцю.

Салезіяне працягваюць справу святога Яна Боска і імкнуцца заставацца вернымі харызме, якую ён ім пакінуў: «Быць для моладзі знакам Божай любові». Прынцыпамі працы салезіянаў з’яўляюцца найперш патрэбы моладзі і грамадскага асяроддзя, жаданне дзейнічаць у адзінстве з Касцёлам і ад яго імя, прагненне збудаваць больш справядлівы і братэрскі свет у Хрысце.

Падрыхтавала Юлія Шэдзько.

Паводле матэрыялаў
салезіянскіх інфармацыйных крыніцаў.

Гл. таксама:
Юлія ШЭДЗЬКО :: НАСТАЎНІК МОЛАДЗІ — СВЯТЫ ЯН БОСКА ::
Юлія ШЭДЗЬКО :: ДЗЕЙНАСЦЬ ТАВАРЫСТВА СВЯТОГА ФРАНЦІШКА САЛЬСКАГА НА БЕЛАРУСІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY