|
|
|
№
4(74)/2015
Юбілейны Год Міласэрнасці
Кансэкраванае жыццё
50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору
З жыцця Касцёла
Асобы
Музыказнаўства
Паэзія
Прэзентацыя
Успаміны
Проза
Асобы
З архіваў часу
На кніжнай паліцы
Мастацтва
|
Стагоддзе таму ў Вільні перастала выходзіць першая беларускамоўная каталіцкая газета «Biełarus». Калі ў 2010 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы я ўпершыню перагарнуў старыя, пажоўклыя старонкі «Biełarusа», адчуў, што пад маімі пальцамі далёкі свет, у якім сто гадоў таму жылі нашыя продкі. Мае студэнцкія перажыванні можна было параўнаць з эмоцыямі археолага-пачаткоўца, які знайшоў каштоўны артэфакт. Я асцярожна гартаў палосы і бачыў перад сабой франтавыя атакі, пажар у вёсцы, незнаёмага святога Кнуда, апекуна Даніі, будаўніцтва касцёла ў Вілейцы, вершы, жарты, загадкі — усё, што цікавіла не толькі інтэлігента, але і звычайнага беларускага хрысціяніна, селяніна, які хацеў ведаць, што адбываецца ў свеце. І калі прааналізаваць кожны 121 нумар газеты, якая выходзіла са студзеня 1913 года да жніўня 1915 года, можна лёгка скласці хроніку жыцця беларуса, адчуць праблемы, якія яго хвалявалі. У іх асвятленні, у тым ліку, была адна з задачаў выдання. «…і цяпер народ беларускі не мае чаго есці: голад у целе, голад у душы. Дзеля таго мы прыходзім да вас, мілые браты беларусы, і нясём вам страву хрысціянскую, — звярталіся да чытачоў у дэбютным нумары ад 13 студзеня 1913 года супрацоўнікі газеты. — Хочам знаць вашае гора, вашыя недастаткі, каб прыйсці з помаччу, з парадай… Дзеля таго людзі добрай волі пачынаюць друкаваць «Беларуса». А пачалася гісторыя газеты яшчэ задоўга да выхаду першага нумара. У 1904 годзе Віленскім біскупам прызначылі адукаванага прыбалтыйскага немца Эдварда Ропа. У Вільні ён адразу праявіў сябе цікавым чынам: нягледзячы на паходжанне, Эдвард Роп актыўна выступаў за ўвядзенне літоўскай і беларускай моваў у касцёльнае жыццё. Паводле Першага ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі, праведзенага ў 1897 годзе, значную частку Віленскай губерні складала беларускамоўнае насельніцтва (56%)1. І ідэя выдаваць беларускую каталіцкую газету ў той час ужо была, і ўзнікла яна менавіта ў біскупа Эдварда Ропа. Ксёндз Адам Станкевіч, якога празвалі рыцарам беларускага адраджэння, калісьці пісаў, што Эдвард Роп літаральна «насіўся з думкай выдаваць у Вільні народную каталіцкую газету па-беларуску». Праўда, аднаго запалу ў гэтай справе было мала. Зразумела, далёка не ўсе падтрымалі яго ідэю, а ў 1907-м актыўнага біскупа загадам міністра ўнутраных спраў наогул адхілілі ад кіраўніцтва дыяцэзіяй. Тым часам ужо распачала і завяршыла сваю дзейнасць «Наша Доля», неафіцыйны орган Беларускай сацыялістачнай грамады; друкавалася «Наша Ніва», каля якой трымаўся беларускі творчы асяродак. Пісалі ў гэтых газетах разнастайныя тэксты — ад літаратурных твораў да востра-сацыяльных артыкулаў, — але рэлігійныя пытанні, як сцвярджаў Адам Станкевіч, на старонках выданняў не закраналіся. Пры гэтым патрэба ў каталіцкай газеце з кожным годам узрастала. І Антон Бычкоўскі, будучы рэдактар «Беларуса», нават узяў дазвол на выхад газеты ў губернатара. Але выдаваць газету ён не спяшаўся. Патрэбны былі фінансавыя сродкі, і ён не хацеў, каб годная справа абмежавалася двума-трыма нумарамі. Дапамога ў выніку прыйшла ад супрацоўнікаў… «Нашай Нівы», выдання, якое ідэалагічна у многіх пытаннях адрознівалася ад канцэпцыі «Biełarusа». Справа ў тым, што нашаніўцы выдавалі газету ў двух варыянтах: на так званай гражданцы і лацінцы. Калі з грашыма стала зусім складана, яны засяродзіліся выключна на кірылічным варыянце, а лацінку вырашылі прапанаваць беларусам католікам — Антону Бычкоўскаму, якога атрымалася ўгаварыць пры пасрэдніцтве айца Баляслава Пачопкі. У выніку грошай хапіла толькі на першыя некалькі нумароў, і часам на палосах з’яўляліся вось такія аб’явы: «Хто яшчэ не заплаціў за перасылку «Беларуса», просім хутчэй прысылаць грошы, бо рэдакцыя сама дорага плаціць за перасылку газеты». Дапамогу аказвалі ксяндзы Францішак Будзька, Аляксандр Астрамовіч, а да самага закрыцця выдання пазыкі пастаянна закрывала вядомая мецэнатка беларускай справы княгіня Магдалена Радзівіл. Нягледзячы на фінансавыя праблемы, у рэдакцыі газеты, якая напачатку мясцілася ў арандаваных пакоях на вуліцы Сямёнаўскай, а пасля ў кватэры Баляслава Пачопкі, сабралася добрая каманда. Напрыклад, пэўны час працаваў у выданні Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), свае творы друкавалі Казімір Сваяк, Алесь Гарун, Стары Улас, Альберт Паўловіч, Андрэй Зязюля, Гальяш Леўчык, паэт-самародак з Вілейшчыны Альфонс Петрашкевіч. Рэдагавалі газету ўсё тыя ж Бычкоўскі і Пачопка. З часам справы выдання крыху палепшыліся і «Biełarus» нават выдаваў тэматычную літаратуру. Так, ксёндз Ільдэфонс Бобіч напісаў працу «Нашто беларусам газеты», якую можна лічыць першым дапаможнікам па журналістыцы ў нашым краі, кс. Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк) падрыхтаваў кнігу пад назвай «Алькаголь», а Баляслаў Пачопка пераклаў на беларускую мову «Жыццё Папежа Піюса Х» і інш.
У газеце былі пастаянныя рубрыкі: «Каляндар касцельны», «Пішуць да нас», «Ведамасці касцельныя», «Што чуваць», «Весткі з заграніцы», «Наша гаспадарка», «Свая пошта». Напрыканцы абавязкова друкавалі загадкі з адгадкамі, думкі, жарты і абвесткі. Выданне не абмяжоўвалася выключна рэлігійнымі тэкстамі, жыццяпісамі святых, казаннямі, малітвамі (падобныя матэрыялы рыхтавалі пераважна ксяндзы Баляслаў Пачопка, Францішак Будзька, Уладзіслаў Талочка, Антоні Шылініс), на старонках тыднёвіка ўзнімаліся грамадска-палітычныя, маральныя, эканамічныя і літаратурныя пытанні2. Адных толькі вершаў, надрукаваных у газеце, хапіла б на ладны зборнік. Шмат увагі надавалася распаўсюджванню і ўжытку беларускай мовы ў касцёлах. Цэнзура доўгі час абыходзіла газету. «…“Беларус” рабіў сваю работу ціха, нікому не напрыкаючыся і ворагаў сабе не робячы»3. Газета трымалася беларускіх нацыянальных пазіцый. Крытыкавала русіфікацыю і паланізацыю, аднак паважала суседзяў. Але, калі пачалася Першая сусветная вайна, на старонках газеты сталі з’яўляцца «белыя плямы» цэнзараў. Да завяршэння вайны выданне, на жаль, не дажыло. Гутарка аб закрыцці газеты ў апошнім нумары, які выйшаў 30 ліпеня 1915 г., не вялася, прычым у студзені 1915 г. Баляслаў Пачопка пісаў: «…у варунках нашых пратрымацца хай бы і адзін год — гэта ўжо шмат значыць». Вядома, што напрыканцы вайны Баляслаў Пачопка хацеў перадаць выданне каму-небудзь са святароў, а пасля завяршэння баявых дзеянняў разам з ксяндзом Антонам Шышкам спрабаваў аднавіць газету ў Беластоку, але зрабіць гэта не атрымалася. Нягледзячы на тое, што выданне перастала існаваць, а на яго месца прыйшлі новыя («Беларуская крыніца»), яно пакінула значны след у нашым друку і назаўсёды застанецца менавіта першым беларускамоўным выданнем для католікаў, з якога ўсё пачыналася, — ад яго ўсё пайшло, на яго пасля раўняліся. Аб чым пісала газета? Працытуем некалькі ўрыўкаў, захаваўшы тагачасную арфаграфію.
29 жніўня 1913 года. «Ужо больш дзясятка гадоў, як агромнай хваляй кінуўся беларускі народ на перасяленне ў Сібір, — піша ксёндз Антоні Жукоўскі ў артыкуле «Патрэба апекі». — Дома ў родным краі цяжка жыць: тут ніхват зямлі, а там зямля худая, пяскі, падзол, то зусім балота. Хлеб родзіць кепска, так часам бывае, што хлебароб насення не верне. Усё гэта паслужыла прычынай, што сяляне пачалі шукаць прывальнейшай і лепшай зямлі, пачалі ехаць у Сібір. Сярод каталікоў-перасяленцаў найбольш беларусаў і латышоў. <...> У Сібіры паўстала некалькі вясковых парафій. Больш усяго паўстала парафій у Томскай губерні, дзе зямля роўная, як стол, а не гарыстая, як у ўсходняй Сібіры. Так у прошлым дзясятку гадоў пабудавана шмат касцёлаў і капліц: сяло Спаское, Цімофееўка, Беластоцкі пасёлак, Малішэўскі пасёлак, Барокаўка і Крастоўка. Пры ўсіх гэтых касцёлах ужо жывуць ксяндзы і ідуць з духоўнай памоцай к гэтым загнаным бядой у далёкі край католікам».
5 верасня 1913 года. Суды Выйшлі два мальцы за сяло і знайшлі пад дрэвам арэх. — Гэта мой арэх, — кажыць Пранук, — мой, бо я першы яго ўгледзіў. — Не! — крычыць Юзік, — не, не твой ды мой, бо не ты, а я яго падняў. І пайшла паміж імі вялікая сварка за гэты арэх. — Я вас паміру, — кажыць гаспадар, каторы якраз міма праходзіў. Сеў сабе ён паміж Прануком і Юзікам, узяў арэх, разлупіў, вылушчыў дый кажыць: — Адна палавіна лускі належыць таму, хто першы гэты арэх угледзіў; другая да таго, хто яго падняў. І аддаў Прануку і Юзіку па палавінцы лускі. А ядро сам з’еў. — Бо ядро, — кажа. — Належыць мне ў заплату за суд і прыгавор… Такі бывае канец судоў. Дзе двое сварацца, там трэці карыстае. Тлумачыў Пётра Просты.
26 верасня 1913 года. «Што чуваць. Крошын. Мінск. губ. Новагр. п. Тутэйшыя сяляне папрасілі кс. А. Боўтуця, свайго пробашча, пасвяціць іх палі. Кс., вядома, паслухаў, але праязджаючы нідалёка іспраўнік убачыў на полі сялян з ксяндзом і падумаў, што гэта працэсія, без пазвалення; пацягнулі ксяндза Б. у суд і засудзілі на 10 днёў у адседку. Ракаў. Мінск. губ. Ужо кончылі зусім устройства касцёла ў сярэдзіне. Касцёл гэты збудавалі між 1906 і 1908 г. коштам парафіі, кс. пробашча і п. Ратынскага, каторы ў прошлым гаду справіў да касцёла арганы за 4000 р.».
7 жніўня 1914 года. Пішуць да нас. З Свянцяншчыны. Віленскай губерні. Богу дзякаваць, Вера Хрыстусовая ўсё глыбей, мацней і разумней усочываецца ў наш народ беларускі, не бачучы на тыя адпадкі, якія спраўляюць нам шырыцелі бязбожнасці. Аднак ня ўсюды так ёсць. Дужа многа ёсць у нас людзей цёмных «даўнейшых», што мяшаюць яшчэ рэлігію з забабонамі, вераць усялікім старым дурноцтвам, думаючы, што не працівяцца Веры ў Бога. Тымчасам гэта пахнець паганствам <...>. А ёсць-жа ў нас поўна розных чараў, замоваў, каторыя маюць памагаць ад хваробы, дзякуючы толькі пустой брэдні шаптуна, або яго смешнай малітве. Захварэе дзіця, — матка нясе яго да такога махляра, каторы змерыць дзіцянё ніткай, возьме заплату і скажа: «Будзе здаровае». <...> Шаптунства, замовы, варажба, чараўніцтва — путаюцца па цёмных галовах. Каб гэта цемра чымхутчэй кончылася, трэба пільна старацца ня прымешваць да забабонаў ніякіх мадлітваў, бо між мадлітвай і забабонамі німа нічога супольнаго — як між агнём і вадой — а з другой стараны, дзе гэта смяхота забабонаў знайдзіцца, трэба або зусім яе касаваць, або змяніць на гульню, забаву, каб ні знаку там не было таго няразумнаго спадзеўку.
28 жніўня 1914 года. Конклаў. Помню я, што як быў малы, сяляне мне расказвалі, як гэта выбіраюць новага Папежа, і казалі, што ўсе кардыналы збяруцца ў касцёл св. Пётры ў Рыме і там моляцца, і датуль, покуль не станецца цуд, пакуль Дух святы з’явіцца пад відам галуба і сядзе на плячо катораму з кардыналаў. Той тады і лічыцца выбраным праз Духа святога на Папежа. Думаю, што і цяпер ні адзін з братоў сялян не ведае праўды аб тым, як адбываецца Конклаў або збор для выбару Папежа <...>. Як памрэ Папеж, усе кардыналы павінны явіцца на 11-ты дзень па яго смерці ў Рым і там збіраюцца ў капліцы Сікстынскай (пры базіліцы св. Пётры), у каторай каля бочных сцен устрояны бываюць троны для ўсіх кардыналаў. Часць палацу, дзе ўстройваецца Конклаў замыкаецца і нават замуроўваецца. Нават вокны замуроўваюцца і толькі ў вярху пакідаецца крыха не замураванай дзеля святла. <...> Дзеля падавання кардыналам яды робіцца 8 акенцаў, пры каторых пры кожным ставіцца на варту пралат. Каб быць выбраным, дык трэба, каб на таго было пададзена 2 трэці ўсіх галасоў. Вось калі пакажэцца, што ніхто не адзяржаў патрэбнага ліку, галасаванне паўтараецца па абедзе, і так штодзень па два разы, а картачкі тыя спальваюцца ў сумысля зробляным комінку, с каторага дым выходзіць на двор так, што людзі, каторых вельмі шмат збіраецца ў гэты час на плацы Ватыканскім, увідзіўшчы дымок, ведаюць, што Папежа яшчэ не выбралі. Калі-ж хто с кардыналаў дастане патрэбны лік галасоў, тады кардынал дзекан і з двума іншымі кардыналамі падыходзіць да выбранага і пытаецца, ці прымае выбар… Папеж Бенедыкт XV. За трэцім галасаваннем у чацвер 21 жніўня Конклаў выбраў на Папежа кардынала Якуба дэла К’еза, каторы прыбраў сабе імя Бенедыкт XV. <...> Дык няхай жыве і шчасліва кіруе касцёлам святым Бенедыкт XV. Ніхай згінуць пад яго панаваннем усе недаверствы і адшчапенствы, ды па ўсім свеце настане адзін Пастыр і адно стада, няхай увесь свет зразумее, што як адзін ёсць на небе Бог, так адна можа быць на свеце праўдзівая вера, каторая проста вядзе людзей да збаўлення».
18 верасня 1914 года. «Пакажыце мне хоць аднаго вялікага чалавека, каторы бы мог сказаць: «Усё спазнаў, усё ведаю, усё умею», — звяртаецца да чытачоў у матэрыяле «Мае думкі» Казімір Сваяк. — Німа такога. І дзеля таго вялікія вынаходцы, вялікія філозафы, астраномы, дабрачынцы прызнавалі, што многа яшчэ да пазнання, да навукі, да паправы. Ніводзін з іх не быў высокага здання аб сабе. Толькі тыя, што ўзапраўду не сталі на высокасці духовай, думалі іначэй. Прагледзьця жыццё людзей святых. Яны часта прызнавалі сябе за горшых з найгоршых. А Хрыстус? Ён паміма сваей найвялікшай годнасці Бога-Чалавека, умыў ногі сваім вучням пры Апошняй Вячэры, каб паказаць, што тыя людзі, каторыя на гэтым свеце прызнаюць сябе за паследніх, будуць на другім — першымі. І хоць сам быў Безгрэшны і Найсвяцейшы, не цураўся ногі мыць грэшнікам. «Каб тое, што я вам учыніў — і вы рабілі бліжнім сваім». Ці можна сказаць, што пакора паніжае годнасць людзкую? Ніколі. Падвышае на вышыню роўную анёлам, да каторай здатны толькі чалавек, што верыць у дзівы ласкі Божай на зямлі і дзівы дараў Боскіх у небе. «Бо хто паніжаецца, падвышаны будзе». Тарас Шчыры
|
|
|
|