|
|
№
1(87)/2019
Вялікія містыкі
Інтэрв’ю
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура
З архіваў часу
In memoriam
На кніжнай паліцы
Успаміны
Паэзія
Літаратура
Проза
Мастацтва
Асобы
Культурны праект
|
«Смерць» Туронка… Смерць і радзіны — не выбіраюць гадзіны. Так, гэта першы юбілей, які мы сустрэнем без яго — сонечнага, усмешлівага Юрыя Туронка. Яму не хапіла лічаных месяцаў, каб гэтаксама сонечна, годна, з дасціпнымі жартамі адсвяткаваць важкі свой 90-гадовы юбілей. У коле крэўных, сяброў і паплечнікаў — у мілых ягонаму сэрцу падбеластоцкіх Трыпуцях, куды літасцівы лёс прыводзіў і аўтара гэтых радкоў не раз. Зрэшты, даводзіцца ясна ўсведамляць, што лёс навукоўца быў адмысловы, пераважна спрыяльны. Бо Юры Туронак годна распарадзіўся адзінададзеным Богам жыццём практычна напоўніцу. І мог бы з гонарам, з вечнай усмешкай на вуснах, дасціпна паўтарыць словы вялікага ўкраінскага дзеяча-думанніка XVIII стагоддзя Рыгора Скаварады: «Жыццё лавіла мяне, але не спаймала». Так. Лёс, жыццё супраціўляліся, не паддаваліся Туронку, ладзілі пасткі і спрабавалі падсунуць зманлівыя шляхі. Наогул усё ў яго іначай скласціся магло. Не толькі ў раннім сіроцтве без бацькі… Не толькі ў віхуры ваеннага ліхалецця, калі малец з Дукштаў (старадаўняга мястэчка на гістарычнай блакітнавокай Браслаўшчыне) неадольна цягнуўся да ведаў, але і ў паваенным невыразным жыцці падсавецкай Польшчы (з аўтабіяграфічных нататак: «Пачатковая адукацыя прайшла ў Дукштах, а сярэдняя — у Вільні, Беластоку і Олыштыне, дзе атрымаў атэстат сталасці ў 1947 г. За гэты час давялося вучыцца на польскай і літоўскай мовах, а таксама „перажыць“ шматлікія палітычныя рэжымы»). І як вынік — нецікавая канстатацыя пра «нацыянальную» адукацыю: «Такім чынам, у беларускай школе не давялося вучыцца ні адной гадзіны». Калі б не гэтая «юбілейная» нагода гаворкі пра выдатнага чалавека і не клопат напісаць пра Туронка са жменяй новых фактаў, а не збітых перакалькаваных агульнавядомых сентэнцый, перапісаных адзін у аднаго гісторыкамі-журналістамі-публіцыстамі-папулістамі (а па тыя факты трэба пайсці ў архівы), — не адкрыў бы, што я ўжо меў у жыцці выпадак «пахаваць» Юрыя Туронка яшчэ ў… 1986 годзе! Болей за 30 гадоў таму… «31.01.1986 г. 01:25 ночы. Мінск. Паважаны Сакрат, я пачуў (не ведаю, на колькі дакладную) чутку пра смерць Юркі Туронка. Калі гэта так, дужа хацеў бы Вас прасіць паклапаціцца адносна матэрыялаў, звязаных з Ул. К-ічам». З гэтага ўласнага аўтографа-ліста, адшуканага мною ў сталічным Архіве-музеі літаратуры і мастацтва (у фондзе пісьменніка Сакрата Яновіча), магу патлумачыць толькі адно: што значыць «Ул. К-ічам» — Ул[адзімірам] К[араткев]ічам. Бо я акурат тады, у 1984–1985 гады, распачаў збіраць успаміны пра незабыўнага класіка нашага прыгожага пісьменства ХХ стагоддзя. Рэшту… Не магу анічым вытлумачыць, бо не выцягну з памяці прычыну такога трывожнага пачатку майго начнога ліста да С. Яновіча. Містычны пачатак — да неверагоднага. Што азначаў адчайны ўступ? Хто распускаў у метраполіі беларускай такія смяротныя почуткі пра нашых суайчыннікаў, замежных беларусаў Беласточчыны, па жывым адрэзаным дзяржаўнай мяжой ад грудзей зямлі-маткі Беларусі сталінскім загадам паваенных перакройванняў еўрапейскай мапы народаў? А потым яшчэ, ужо ў «народнай Польшчы», дзеленых і падзеленых на «польскіх шавіністаў» і «польскіх камуністаў», рэкрутаваных у абодва «абозы» з тых самых беларусаў Беласточчыны. Калі да адных падсылаліся «беларускія пісьменнікі»-агенты (адзін з такіх мінскіх «паэтаў» з пазыўным «Буран», прыстаўлены апекавацца Туронкам, вядомы з архіўных матэрыялаў), а другія, абалваненыя беларускай савецкай прапагандай, ужо ў познія часы «Салідарнасці», у званні прафесараў не расставаліся з нажом за пазухай, збіраючыся, маўляў, як найдаражэй прадаць жыццё ў змаганні з польскімі «антысаветчыкамі». А пакуль што самі былі забойцамі на дзяржаўным узроўні. Згадайма хоць бы трагічны лёс закатаванага святара Юрыя-Ежага Папялушкі; у тыя ж гады мой стрыечны дзядзька-журналіст, Павел Касовіч, таксама быў знойдзены мёртвым у Зялёнай Гуры, за некалькі дзясяткаў метраў ля свайго жылля-«блёку». І калі б нешта падобнае насамрэч здарылася з Туронкам тады — ці ведалі б мы ТАКОГА Гісторыка ў беларускім нацыянальным жыцці?
«Вытрымаем i тое...» Зрэшты, усе адрэзкі жыццёвага шляху выдатнага беларускага вучонага патрабуюць у будучыні пільнага вывучэння. У беларускіх (і беластоцкіх) выданнях Юры Туронак пачаў друкавацца ў 1950-я гады. Найболей публікацый прыпадае на 1970-я гады. Відавочна, былі яны і раней, калі пасля вучобы ў Шчэцінскай гандлёвай акадэміі і Варшаўскай галоўнай школе планавання і статыстыкі (апошнюю юнак скончыў у 1952 годзе, працуючы ўжо ў сталіцы Польшчы ў ЦІЭХу — Цэнтралі па імпарце і экспарце хімікатаў), на пачатку 1956 г. перавёўся ў Польскую знешнегандлёвую палату, якая праз год распачала выданне перыёдыка «Замежныя рынкі» («Rynki Zagraniczne»), дзе Туронак працаваў рэдактарам. Гэты прамежак пакуль найменш вывучаны ў біяграфіі шматграннага дзеяча. Застаюцца для высвятлення і паасобныя эпізоды супрацоўніцтва Туронка з беластоцкім штотыднёвікам «Ніва». Яно не было ружовым і бесклапотным. У лісце да Мар’яна Пецюкевіча (16 лістапада 1978 г.) чытаем: «Паважаны і дарагі пане Пецюкевіч! Гадавiк Торуньскага этнаграфічнага музея і Вашае пісьмо атрымаў, за што сардэчна дзякую… Для цікавасці паведамляю, што ў Лондане апублікавалі англамоўны пераклад „Тараса на Парнасе“. Напісаў аб гэтым беспрэцэдэнтным здарэнні ў „Ніву“. Пабачым, ці надрукуюць. Больш асабліва цікавых навін няма. Хіба тое, што Міністэрства ўнутраных спраў зняло з „Беларускага календара“ на 1979 год мой чарговы артыкул пра беларускае школьніцтва на Беласточчыне!.. Вытрымаем i тое…» Дзіўнавата чытаць пра цэнзурныя захады і зняццё з друку гэтага артыкула пачынаючага даследчыка, калі ўжо за два гады да таго ён выйшаў асобнаю брашуркаю «Беларускае школьніцтва на Беласточчыне ў пасляваенны перыяд» (Беласток, 1976). І выклікаў цікавасць не толькі пільных наглядных органаў «народнай» Польшчы. Лепшыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі ў далекаватай (бо за мяжою ад Туронка) метраполіі захапляліся нечаканымі даследаваннямі 50-гадовага хіміка-гісторыка. «Шаноўны Юры Туронак! Дзякуй Вам вялікае за ўвагу і Вашу работу аб беларускім школьніцтве на Беласточчыне. Прачытаў з вялікай цікавасцю. Што ж, у нас амаль гэтаксама, з некаторымі хіба асаблівасцямі… З прывітаннем Васіль Быкаў». Можна толькі ўявіць, як, атрымаўшы такую падтрымку ад волата беларускай літаратуры, варшаўскі адрасат быў на сёмым небе… Падтрымка ад аўтарытэтных сучаснікаў ва ўмовах падсавецкага існавання была ой як патрэбная. Бо і ў пазнейшым біяграме, складзеным на замову Аляксея Каўкі, таксама сустракаем горкае прызнанне навукоўца: «Два, на мой погляд, нядрэнныя артыкулы: „На зары Народнай Польшчы“ (пра аднаўленне бел[арускіх] школ на Беласточчыне 1944 г.) i „Непакорная Вера“ (пра Маслоўскую) дзякуючы старанням паважаных органаў засталіся ў машынапісе». Аднак спыніць Туронка — гэта як спрабаваць спыніць-затрымаць нашую адвечную «Пагоню». Немагчыма. Гісторык крочыў сваім абраным шляхам, пашыраючы і пашыраючы абсягі ўласных навуковых зацікаўленняў. «А ведаеце, хто яшчэ цікавіцца гуртком і яго аднаднёўкай „Колас беларускай нівы“? Юры Туронак — супрацоўнік беластоцкай „Нівы“. Мы неяк пачалі сёлета з ім перапісвацца», — прызнавалася ў лісце да гарадзенскага прафесара Аляксея Пяткевіча адна з піянераў нацыянальнага адраджэння Зоська Верас у лісце з Вільні (23 кастрычніка 1978 г.)1. А праз некалькі месяцаў (28 лютага 1979 г.), турбуючы выдатнага айчыннага энцыклапедыста Янку Саламевіча, апраўдвалася: «Дарагі Іван Уладзіміравіч. Адна просьба — не мая асабістая. Ю. Туронак паміж цэлай літаніяй пытаньняў да мяне пытаецца аб псэўдонімы, якія спатыкаліся ў беларускіх календарах 1910–1914 гадоў пад гаспадарчымі артыкуламі. Гэта: Юрка Бусел з-пад Слуцка, Лемеш, Крэмень, Борысовіч, Чело… Ці ёсць яны ў Вашым зборніку? Калі што маеце, калі ласка, напішыце мне, а я яму перашлю разам з іншымі весткамі» (тамсама, с. 158). Не ва ўсіх архівах пакуль дазваляюць даследаваць спадчыну Гісторыка Туронка (нецікавую пальму першынства трымае тут акадэмічная бібліятэка імя Якуба Коласа НАНБ). Таму яшчэ не ведаю, якія «запытальныя літаніі» дасылаў легендзе нацыянальнага руху даследчык Туронак. Але як прыклад прывяду немалы спіс ягоных запытанняў у лісце да айца Аляксандра Надсана. Рыхтуючыся да ўдзелу ў працы Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук («з якім крыху супрацоўнічаю»), дзе была запланаваная праца «Біяграфічны слоўнік беларускіх рэлігійных дзеячаў XX ст.» (духоўных і свецкіх усіх канфесій), «якія зрабілі нешта для беларускай культуры і нацыянальнай свядомасці», варшаўскі Гісторык звярнуўся па належны матэрыял да айца Надсана. Да карэспандэнцыі з Варшавы ад 18 сакавіка 1999 г. быў далучаны доўгі спіс канкрэтных пытанняў: 1. Калі і дзе памёр арх. Філафей? 2. Які правільны загаловак кніжкі В. Унука (Антона Падзявы)? Паводле а. Журні («БШ» Нмр 132, пазіцыя 132) «Добрым Бог памагае», а паводле Найдзюка (брашура пра друкарню Скарыны, с. 32) «Добраму і Бог памагае». 3. Хто аўтар «Даведкі з гісторыі аўтакефаліі Бел. Прав. Царквы», Мэльбурн, 1960 — гл. Журня, «БШ» нр 132, пазіцыя 8. 4. Ці лічыце мэтазгодным уключыць а. Журню ў наш «Біягр. слоўнік», i калi так, ці ёсць ягоная кароткая біяграфія ca здзяйсненнямі? 5. Цi лічыце мэтазгодным уключыць а[йца] К. Маскаліка, i калi так, напішыце, да якога году ён працаваў на Ватык[анскім] радыё, ці быў там толькі дыктарам ці таксама рэдагаваў перадачы? Ці жыве? 6. Патрэбны кароткі жыццяпіс («творчы») Г. Пікарды. Акрамя яго вядомых артыкулаў у «БШ» і «Журн. Бел. Студыяў», маю ягоны «Бел. Царк. Спеўнік. Св. Літургія», Лондан, 1979. Якія былі яго іншыя асобныя выданні (кніжныя)? 7. Пра айца А. Надсана можам скласці жыццяпіс на падставе «БШ» і інш., аднак калі ёсць гатовы, было бы добра атрымаць копію. У якім годзе выйшла Ваша кніга пра св. Кірылу Typaўскага i ці былі яшчэ іншыя Вашы аўтарскія выданні? 8. Ад каго можна атрымаць біяграфіі (сa здзяйсненнямі) найболь[ш] заслужаных для белар[ускай] культуры нашых баптыстаў (Гітлін, Ясько, Рэпэцкія, Пан[у?]цэвіч, Сахар, Сака і іншыя)? Можа ведаеце адрас Юркі Рэпэцкага? 9. Якія былі выдадзеныя на Захадзе працы а[йца] Ул. Чарняўскага? 10. Можа ёсць гатовая біяграфія В. Пануцэвіча? 11. Цi маеце «Касцельныя песні» В. Гожэльняскага, Петраград, 1917? Калі так, прашу ксеракс прадмовы і старонкі з імпрыматур. 12. Калі памёр а. Святаслаў Коўш? У «Беларусе» звесткі не заўважыў (чаму?), павінна быць у «Бел. Думцы» за 1993 г., нр 38 (якога ў мяне няма). 13. Штo вядома пра прот[аіерэя] Лукаша Голада, рэдактара часоп[іса] «Праваслаўная Беларусь», Вільня 1927–1928 гг.? Спынім, абарвём «літанію» Туронкавых запытанняў на гэтай 13-цы адмысловых пытанняў, каб зразумець, як няпроста было падтрымліваць карэспандэнцыю з варшаўскім Гісторыкам, які багаж ведаў павінен быў мець кожны адрасат, каму належаў гонар ліставацца з вялікім сучаснікам, каб нам усім зразумець, каго Хрысціна Лялько ўключыла ў склад рэдакцыйнай калегіі яркага духоўнага часопіса «Наша вера», і чаму спадар Юры быў там ад самага пачатку, і ўваходзіў у склад калегіі не ганаровым «вясельным сватам», а і сталым аўтарам. І каго мы страцілі… З такіх «запытальных літаній» выяўна бачыш, па кім сумаваў дух Янкі Купалы ў падсавецкім чаканні беспрасветнай бальшавісцкай хлусні: «Прыйдзе новы — а мудры — гісторык, // А ён прыйдзе — ужо ён ідзе — // І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак // І да зорак аб нашых прасторах, // Аб падзеях, людзях павядзе». Юрась Туронак, змалку звыклы пераадольваць сустрэчныя вятры ў спёку і ў мароз, калі тупаў у школу (ці не адсюль на ўсё жыццё засталася ягоная пастава: з нахіленай, нібы троху адвернутай ад сустрэчнай кругаверці з неба галавою, ён таропка, не збаўляючы хады, імкліва крочыў у абраным кірунку), ішоў да сваёй галоўнай кнігі жыцця: «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Напісаная па-польску і абароненая як навуковая дысертацыя, яна здолела пабачыць свет асобнай манаграфіяй у 1989 годзе. І здолела пашырыцца праз межы краіны, у якой Туронку пасля вайны было наканавана жыць.
Уварванне ў беларускую гістарычную навуку Так, іначай як неверагодным уварваннем (іншае слова цяжка й падабраць) прозвішча Туронка ў сонме імёнаў-даследнікаў беларускага жыцця пад акупацыяй цяжка і назваць. Але лёгка растлумачыць. Прасавецкіх «гісторыкаў» на абшарах былога СССР у паваеннай падсавецкай гуманітарнай навуцы нагрувасцілася тысячы. З іх можна было скласці паасобныя палкі і нават арміі ідэалагічных паслугачоў. «Партыйных коней на выпасе ідэй сацыялізму» (Ул. Някляеў). Аднак цяпер, каб прыгадаць іхнія філімоністыя імёны, даводзіцца добра такі напружыць памяць і пакалупацца ў даведніках, бо нават сусветная інтэрнэтная павуціна не ўсе іх утрымала. Толькі званні акадэмікаў ды пасады нядаўніх дырэктараў цэлых акадэмічных інстытутаў пакуль што трымаюць іх у абоймах энцыклапедычных даведнікаў, дазваляюць даведацца пра тэмы іхніх «доктарскіх» опусаў кшталту петрыкееўскіх «Советы депутатов трудящихся БССР и их роль в создании материально-технической базы коммунизма (1959–1965 гг.)» (1973) або «Забота Советской власти о здоровье трудящихся» (1976). І тут раптам… «Кніга Юрыя Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“ у нашай краіне выходзіць упершыню. З’яўленне яе ў другі час [стыль арыгінала. — Я. Я.] было б проста немагчымым. Кнігу не толькі б „прабуксавала“ наша „цэнзура“, але і наўрад ці якое з выдавецтваў адважылася б прыняць такі матэрыял для выдання. Аднак бяжыць час. Шмат чаго змянілася ў нашым жыцці, у палітычных поглядах кожнага чалавека. Прыйшоў час галоснасці. Бадай, яму мы абавязаны тым, што гэтая праца польскага гісторыка перакладзена на беларускую мову і ўбачыць свет, нягледзячы на сённяшнія эканамічныя праблемы дзяржаўных выдавецтваў» (з афіцыйнай прадмовы 1993 г.; пераклад манаграфіі на беларускую мову Валерыі Ждановіч). Такое і цяпер цяжка ўявіць: каб афіцыйнае дзяржаўнае выдавецтва («Беларусь») пайшло на выданне «антысавецкай» па сутнасці манаграфіі накладам у 5 (пяць!) тысяч паасобнікаў. Ды і тых тысячаў, відавочна, не хапіла згаладалым па гістарычнай праўдзе беларусам. Нават айчынным інтэлігентам. «Юрка! Калі ў цябе захавалася яшчэ „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“ — прышлі нам з Чобатам. Адну на дваіх. Бо ва ўсіх жлабоў што ляжыць мёртвым грузам, то і будзе ляжаць. А Чобат скарыстае. Данута». І не быў бы гэта Туронак-Гісторык, каб на аўтографе гарадзенскай паэткі Дануты Бічэль не аднатаваў таропкі, але каштоўны запіс: «Атрым[аў] 10. ІV.93» (з неапрацаванага архіва Ю. Туронка; захоўваецца ў ДАМЛіМ). Затое гэтак таропка раскідвацца-падпісвацца ўласнымі аўтографамі на падрыхтаваных Туронкам выданнях аўтар не быў аматарам. Маючы ў сваім ракаўскім хатнім біблітэчным зборы не адну тысячу кніг і, хіба, не адну сотку аўтографаў-прысвячэнняў на іх (пачынаючы ад легендарнага Уладзіміра Караткевіча), я пакуль не адшукаў у сябе аніводнага ад Туронка. Ну, калі не лічыць «аўтографам» нататку нейкай чужой рукой, уторкнутай, нібы закладка, між старонак: «Язэп Язэпавіч, гэтую кнігу прынёс Алег Гардзіенка, сказаў, што яе Вам перадаў Юры Туронак». Падарунак каштоўны, бо выданне досыць рэдкае (Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. Мінск, 2002). Памятаю толькі, бо моцна ў памяці маёй застаўся пільны позірк аўтара гэтага даследавання, над якім мы гаманілі ў ягонай варшаўскай кватэрцы. «Вам што, сапраўды цікавая гэтая кніга? І патрэбная?» — пытаўся, ведаючы, што я на стагоддзе «старэйшы» і цікаўлюся болей не эпохай 1939–1944, а хутчэй 1839–1864. Я вытрымаў пільны позірк старэйшага сябра, прамовіўшы коратка: — Так, мне такая кніга патрэбная… — Добра. Будзеце яе мець. Я дастану асобнік. І вось, як бачым, Гісторык слова стрымаў. Відавочна, спадар Туронак быў з тых аўтараў, які пісаў і выдаваў кнігі з адзінаю мэтаю: каб яго чыталі, а не дзеля таго, каб гэтыя кнігі падпісваць, смакуючы ды купаючыся ў промнях хуткаплыннай славы. На нейкім біблійным, падсвядомым пачуцці мудрасці Саламонавай з маленства спазнаў Юрачка гэты ўяўны самападман таннай папулярнасці і праз усё жыццё не паддаўся ёй... Прадмова да беларускага выдання, з адчувальным постсавецкім душком, тым не менш сканчваецца аб’ектыўным прызнаннем мэтазгоднасці прыгледзецца да падзеяў апошняй вайны на прасторах Беларусі з «несавецкага» пункту гледжання: «…Але ёсць і іншы дакументальны матэрыял, іншы погляд. Такі, як у аўтара. Яго нельга ўтойваць. Гэта матэрыял для роздуму. Аб яго абгрунтаванасці і каштоўнасці меркаваць гісторыкам і табе, чытач!» І чытач распарадзіўся сваім меркаваннем. Тое, што пры жыцці аўтара кніга «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» перавыдавалася паўдзясятка разоў — найлепшае сведчанне запатрабаванасці народа ў праўдзівым асвятленні свайго мінулага, хай сабе крывавага й жахлівага. У той самы час, калі пад пяром Ю. Туронка пачаткам 1980-х паўставала легендарная кніга, у падсавецкай Беларусі на змену петрыекеевым і філімонавым гадаваліся і прыходзілі іншыя маладзейшыя кадры, якія цяпер, у ХХІ стагоддзі, прадстаўляюцца «экспертамі Радыё „СВАБОДА“», хоць самі пад Саветамі не саромеліся абіраць, а пасля і бараніць кандыдацкія дысертацыі з тэмамі «Деятельность Компартии Беларуссии по пропаганде и внедрению достижений науки и передового опыта в сельскохозяйственное производство (1971–1980 гг.)». Такія «эксперты і аналітыкі» спачатку «внедряли» прапаганду пра дзейнасць камуністычнай партыі, а цяпер «внедряют» у галовы слухачоў радыё «Свабоды» — міфы-міражы, што вось-вось яшчэ крыху — і лад у нашай краіне сам (зверху) памяняецца да лепшага. Няма дзіва, што ад усіх такіх абслугачоў гісторык Туронак трымаўся здалёк, асабіста ведаючы, што іх хапае і ў беларускім палітычным жыцці Беласточчыны. Толькі праз Навуку і Культуру бачыў гісторык пэўны шлях змагання супраць духоўнага панавання розных акупантаў, хаця на самым пачатку 1990-х гадоў, шчыра верачы ў палітычныя зрухі раскатурханай Беларусі, матэрыяльна падтрымліваў палітычны рух. «Атрымаў ад Юр.Туронка трыста даляраў у фонд Беларускага Дэмакратычнага Аб’яднання. Сакрат Яновіч. 27 чэрвеня 1990 г.»2. Малавядомае БДА — палітычная партыя беларусаў у Польшчы, створаная ў 1990 г. пры чынным удзеле беларускага Гісторыка з Варшавы.
Кароткая прыпавесць пра гуску і пастушку З Варшавы на Усход ішоў малады вандроўнік. Чаму з Варшавы? Бо там ў яго нядаўна з’явілася добрая праца, як і належыць маладому спецыялісту з добрым атэстатам-дыпломам эканаміста. Маладзёна гэтак цанілі, што паабяцалі пазачаргова даць сталічнае жытло — рэч архіважную ў паваеннай разбомбленай Варшаве. Абяцалі, праўда, кватэрку халасцяцкую. Бо каб мець большую, ён павінен быў бы займець сям’ю. А гэта значыць найперш — спадарожніцу жыцця. А дзе яе лёгка ўхопіш? Паспрабаваў быў пазнаёміцца з адной-другой над Віслай-ракой — не дужа атрымалася. Не праз характар замкнёны свой, а таму што, даведаўшыся адкуль ён, полькі адмаўляліся з ім гаварыць. Бо з Усходу ён. А «хамамі з-за Бугу» радавітыя палякі пагарджалі. Дык і падаўся маладзён шукаць скарб свой туды, дзе было ягонае сэрца з роду ў род. На Усход. На сваю Бацькаўшчыну. Ну, не зусім у родныя мясціны найпрыгажэйшай старажытнай браслаўскай зямлі, бо яны апынуліся за «жалезнай заслонай». Аднак на Беласточчыне яшчэ жыла мама ўдава і чакала сына. Бо ён абяцаў ёй знайсці маладую гаспадыньку, падмену яе старэчым рукам. Ішоў маладзён улетку 1960 году. Раскоша жніўня ў палях і лагода жытняга паветра настройвалі на мінорны лад. І сустрэў дарогаю маладзён некалькі дзяўчат-маладзіцаў, і ўсе яны былі пастушкамі. Адна пасвіла кароў і ані не загаварыла з ім. Нават пугаю замахнулася. Другая пасвіла авечак і, каб адшыць назолу, пагрозліва паабяцала нацкаваць вартаўнічых сабак. І толькі трэцяя (а было ўжо тое пад Бельскам), ясная як сонейка, пасвіла белых гусей на аксамітнай сенажаці. Падышоўшы, спытаўся ў яе маладзён безнадзейна зусім іншае, пра што пытаўся ў іншых. — А скажы, калі ласка, калі ў дому ў гаспадарцы маеце гэтулькі гусей — дык пэўна, і гатаваці смачна ўмееш гуску? Зірнула пастушка на маладзёна. І быў ён гэткі прыгожы, што не толькі сэрцайка, але і калені раптоўна задрыжэлі ў яе. Ну як сказаць такому праўду? Як прызнацца, што яшчэ анічога ў жыцці яна сама не навучылася рыхтаваць, усё за бацькамі жывучы ў выгодзе… — Так, я гуску ўмею запекчы смачна. Толькі дроў трэба меці сухіх. І шмат. — А я з сякерай сябрую, — лёгка сказаў, як зманіў у адказ, блакітнавокі маладзён. І было тое ў жніўні, а праз месяцы два, у кастрычніку, распісаліся яны ў Бельску. А яшчэ праз месяцы два, 26 снежня 1960 году, узялі і шлюб перад Богам. У Варшаве, на вуліцы Мядовай, ва ўніяцкай святыні. Чаму ва ўніяцкай? Бо пастушка выявілася праваслаўнай, а род маладзёна — з католікаў. А на нашай зямлі, яшчэ задоўга да пабудовы Эўразвязу, экуменізм квітнеў у дзяржаве Міндоўга-Гедыміна-Ягайлы-Вітаўта і Вазаў. І была такая талерантнасць у нашай Айчыне, што ёй і дасюль зайздросцяць еўрапейскія палітыканы… І нарадзіліся ў новай беларускай экуменічнай сям’і дзве лябёданькі: Наталля (7 лістапада 1961 г.) і Гануля (3 траўня 1966 г.). А на парозе новага стагоддзя й тысячагоддзя бацяны з Беласточчыны пацешылі Туронкаў і ўнучкам Алянам (нарадзіўся 30 жніўня 2000 г.)…
Толькі калі спыніцца сэрца У апошняе дзесяцігоддзе, перанёсшы інсульт, Гісторык не мог ужо пісаць. Фізічна. Ані старонкі. Балюча было мне глядзець (падчас кароткіх наведванняў у Варшаве) на мужчынскія пальцы, пакручаныя сіняватым артрозам. Але надараліся хвіліны, калі гэтымі пальцамі Гісторык стукаў сабе ў скроні і прыгаворваў: «Кніга мая апошняя ўжо ў мяне напісаная. Яна вось тут, у галаве. Засталося адно перанесці на паперу. Каб толькі хто дапамог». З такіх прызнанняў у маёй душы выспявала перакананне, што спадар Юры Туронак не проста апантаны Гісторык, а найсапраўдны Творца, які ў сваёй дзейнасці спыніцца толькі тады, калі спыніцца ягонае сэрца. А сэрца Ю. Туронка працягвала біцца ў грудзях унука Аляна, якому дзедка Юрка спяшаўся перадаць усю сваю моц думак, глыбіню й дасведчанасць пражытага няпростага, незмарнаванага жыцця. І я разумею, чаму летась, падчас атрымання ўзнагароды, прызначанай спадару Юрыю з нагоды 100-годдзя абвяшчэння БНР, прамаўляў мовай бацькоў-дзядоў-прадзедаў унук Алян. І прамаўляў гэтак, што слёзы выступілі на вачох іншых лаўрэатаў. Бо яны, колішнія студэнты з Падляшша й Беласточчыны, у годнай паставе Туронкавага ўнука пабачылі саму будучыню справы, якой прысвяцілі свае жыцці ў надзеі на лепшае жыццё сваёй пакроенай межамі Бацькаўшчыны, калі самі, амаль у веку Аляна, у далёкія 1980-я гады вайсковага становішча ў Польшчы, каб адзначыць чарговыя ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі, хаваліся пакрыёма з бел-чырвона-белымі палотнішчамі… Нібы першыя хрысціяне, якія ў катакомбах праносілі сімвал Хрыста, гэтак юнакі з Беларускага згуртавання студэнтаў у Варшаве, якія лічылі Гісторыка Туронка сваім ідэолагам і духовым настаўнікам (бо карміў іх духовым хлебам), маглі падцягнуць за сіваватым, але гэткім маладым душой мужчыніскам, жыццесцвярджальны спеў: «У гушчарах, затканых iмглою, // Шэрым змрокам, на золку ў зару // Ахвяруем табе мы сабою // Кожны дзень, кожны час, Беларусь...». А ў роспачную хвіліну развітання над ягонаю магілаю ў студзені 2019 года на варшаўскіх праваслаўных могілках кожны з іх таксама мог сцвердзіць:
Гл. таксама:
|
|
|