|
Бог чакаў,
калі мае вочы адкрыюцца…
Любоў
Любоў – што свечкі язычок
Пад золкім ветрам:
Сабою разганяе змрок
Жыццёвых нетраў.
Яна і кліча, і вядзе,
Прынадна ззяе.
У весялосці і бядзе
Не пакідае…
|
***
Лістоў апалых шалясценне
Заваражыла.
Малюся, стаўшы на калені,
За ўсё, што міла.
За ўсё, што дорага да болю,
За што баюся…
Чаму не здраджвала ніколі,
За то й малюся.
|
***
Ўсё з Божай волі
і Божай ласкі:
На полі – колас,
на лузе – краскі.
Сняжок цярушыць
альбо імжыць –
Цяпельца знойдзеш –
і можна жыць.
А як шчэ сонца прыгрэе –
знай,
Што гэта маем
зямны наш рай.
|
***
Лепей не валодаць,
чым згубіць,
Лепей адысці,
чым заняволіць.
Лепей прыхапіць чужога болю,
Чымся свой
на некага ўзваліць.
|
***
Як цяжка знаходзіцца
«тут і цяпер»!
Кідаецца думка,
як злоўлены звер,
Бясконцы з сабою вядзе дыялог…
А як бы пачуць,
што гаворыць мне Бог.
|
Дзе ёсць Бог
Бог у нараджэнні і скананні,
Бог у перамогах і паразах.
У далейшых – па жыцці – пытаннях,
А яшчэ, вядома, – у адказах.
|
Калі...
Калі мы не можам
пазбыцца віны?
Калі адчуваем,
што мы не адны?
Калі над грудочкам
высочвае нас
Няўмольны
і ўсё-ткі паблажлівы Час?
Калі у наступнае
ладзім масты?
На Радаўніцу і на Дзяды.
|
З дарогі
Пашанцавала:
ў свеце пабывала,
Дзе дух ракою горнаю бруіцца.
Каб стаць свабоднай,
гэтага замала.
Затое дастаткова,
каб змяніцца.
|
***
Калі бяда пастукаецца ў дзверы,
Тады выратаваннем
лічыш крыж.
Расце неверагодна градус веры,
І ў Божы дом не крочыш,
а ляціш.
|
Дачакаліся
Бог чакаў,
калі мае вочы адкрыюцца.
Б’юць анёлы-ахоўнікі радасна ў ладкі.
Колькі год перад тым
я хадзіла на мыліцах,
А былі ж мае ногі
ў поўным парадку.
|
|
|