|
|
№
1(87)/2019
Вялікія містыкі
Інтэрв’ю
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура
З архіваў часу
In memoriam
На кніжнай паліцы
Успаміны
Паэзія
Літаратура
Проза
Мастацтва
Асобы
Культурны праект
|
Было на расейскім тэлебачанні такое апытанне: «Назавіце імёны найбольш папулярных, найярчэйшых асобаў савецкага часу». Найчасцей людзі называлі імёны Сталіна («зачем рабам поля свободы»?..), маршала Жукава і Юрыя Гагарына. А што сказалі б беларусы? Купала, Машэраў, Васіль Быкаў? Між тым, ёсць такое ганаровае званне — «Чалавек ХХ стагоддзя», і ў 1993 годзе гэтым званнем па рашэнні Міжнароднага біяграфічнага цэнтра ў Кембрыджы быў уганараваны Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка. Беларус. Чаму ў Англіі? Відаць таму, што космас мастацтва, яго святло і боль, яго фарбы належаць сусвету, і вельмі важна, каб у гэтым космасе мастак адбыўся як чалавек сусвету, як чалавек Божы, бо без гэтага няма сапраўднага творцы. Вашчанка — адбыўся. Яго любоў і боль супалі і з прастораю сусвету, і з гісторыяй краіны, з яе мінулым і сучаснасцю. Ён адбыўся праз «Баладу пра мужнасць» (1974), праз трыпціх «За зямлю і волю» (1983) пра паўстанне Кастуся Каліноўскага, праз «Грунвальдскую бітву» (1985) і «Салдацкі хлеб» (1985). У 1970-я ён умудрыўся паставіць Кастуся Каліноўскага на сваім насценным роспісе «Асветнікі» побач з манахамі-асветнікамі і там жа намаляваў у німбе сонца настаўніцу з хлопчыкам, якая асацыіруецца з Божай Маці. Яго «Цыкламены» (1966) купіла Траццякоўская галерэя, і наш любімы Караткевіч захапляўся яго краявідамі Палесся, але творчым прарывам мастака, яго ўзыходжаннем сталі евангельскія сюжэты, да якіх ён прыйшоў праз пакутлівае асэнсаванне драмы Чарнобыля. «Радыяцыя» (1987) — так коратка, ёмка, канкрэтна ён назваў сваё палатно, якое, убачыўшы раз, забыць ужо немагчыма, таму што гора, якое калечыць, адбірае жыццё ў зямлі і людзей, невымерна большае, чым памяць пра бурштынавае шчасце. Але на палатне — не людзі, а коні (метафара людскога натоўпу), і яны шалёна імчаць па ўсёй прасторы выцягнутага ўздоўж палатна, як працяглы крык, — яны ўцякаюць ад вогненна-карычневай навалы воблакаў радыяцыі, якая ўжо ахапіла зямлю, зглушыўшы яе бурштынавыя фарбы, умомант зрабіўшы яе смяротна хвораю, і запаланіла неба, пакінуўшы ў кутку зацемнены лапік святла — нетрывалага, але яшчэ спалучанага і адначасова раздзеленага з зямлёю на кароткай лініі дагляду. У зламана-выгнутых абрысах коней, у шалёнай скачцы тых, што нібыта ўжо даімчалі да выратавальнага лапіку святла — адчай, жах, роспач. Уратуй, Божа... Адхілі ад бурштынавай зямлі гэты страшны келіх!.. Пашлі з нябёсаў свайго анёла, які спыніць гэты адчай і суцешыць надарваныя сэрцы... Да свайго «Малення аб чашы» (1999), да свайго вобразу Хрыста, сваіх мастакоўскіх малітваў Гаўрыла Вашчанка ішоў менавіта праз палотны аб чарнобыльскай трагедыі. Сваю малітву ў фарбах любові і болю ён скіраваў уверх, у Неба — паглядзі, Божа, будзь міласэрны да нас, не пакінь нас... Шлях мастака да «Малення аб чашы» быў высцелены і яго ўласным душэўным болем, бо яго родны дом у вёсцы Чыкалавічы на Брагіншчыне апынуўся ў «зоне адчужэння». Яго «Чарнобыльскія яблыні» (1991) падобныя да ядзерных узрываў, і безабаронна-трывожны ружовы колер узмацняе гэтае падабенства. Гэта былі рэальныя, пасаджаныя ім дрэўцы, на якіх праз гады галіны хіліліся пад цяжарам яблык, але яны былі атручаныя радыяцыяй... «Час такі» (1989) — менавіта гэтак бездапаможна назваў мастак адну са сваіх чарнобыльскіх працаў... Пра творчасць мастака напісана добрая манаграфія Наталлі Шаранговіч «Гаўрыіл Вашчанка. Народжаны Палессем» (2008) і аповесць Віктара Карамазава «Брама» (2006), а сёння мы найперш звернемся да яго палатна «Маленне аб чашы», выява якога змешчана на вокладцы нашага часопіса. Згадаем, што ў 2017 годзе, у першым нумары, у перыяд Вялікага посту, на вокладцы нашага часопіса быў змешчаны фрагмент карціны Яна Дамеля «Малітва ў садзе Аліўным», пра рэстаўрацыю якой у артыкуле пад назваю «НДФ – 2207» нам напісаў Аркадзь Шпунт. ...Калі быць дакладнымі і ў дэталях, і ў вобразах, якія маюць важную сэнсавую нагрузку і ў евангельскіх тэкстах, і ў мастацкіх палотнах, трэба падкрэсліць, што Ян Дамель кіраваўся Евангеллем паводле Лукі — адзіным, дзе гаворыцца пра з’яўленне на Аліўнай гары анёла. Вось гэты тэкст: «Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні. Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: „Маліцеся, каб не паддацца спакусе“. А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся, кажучы: „Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца“. З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго. І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю» (Лк 22, 39–44). Трагічная адзінота Хрыста падкрэсленая Янам Дамелем густою цемраю за Яго спінаю. З Ім няма Яго вучняў, але над галавою ёсць залацістая выява анёла з тужліва-самотным тварам і келіхам у руках. На палатне Гаўрылы Вашчанкі «Маленне аб чашы» Хрыстус абсалютна адзін. Мастак паказвае той момант, калі Збаўца, стоячы, склаўшы рукі ў малітоўным жэсце, магчыма, ужо ў трэці раз звяртаецца да Бога Айца, паўтараючы тыя самыя словы: «Ойча Мой, калі не можа келіх гэты абмінуць Мяне, каб Мне не піць яго, няхай станецца воля Твая» (Мц 26, 42). Вертыкальна выцягнутая ўверх фігура Хрыста супадае ў імкненні ўверх зацемненых дрэваў Аліўнага саду. За спінаю Хрыста няма цемры — за Ім, на ўсю вышыню палатна, ад самай зямлі, упёршыся ўверх, узвышаецца выява непазбежнага келіха, паказанага не прадметна, а празрыста-ценева, сімвалічна, і фігура Хрыста зліваецца з ім у адзінай вертыкалі, у гатоўнасці прыняць яго. Езус па сутнасці становіцца часткаю келіха, які паказаны мастаком як шлях у Неба — спачатку вузкі, а потым, уверсе — шырокі. Уверсе на выяве келіха празрыста свеціцца крыж, вертыкаль якога амаль дакранаецца да галавы Хрыста, нагадваючы меч, якім будзе працятае Яго цела. І келіх, і вертыкальныя прагалы паміж дрэвамі Аліўнага саду намаляваныя ў крыштальна-празрыстым зялёным колеры, і гэтая светлая крыштальнасць стварае перспектыву Нябеснага Валадарства — яго няма на палатне рэальна, але яно існуе ў нябачным кантэксце палатна, у далейшай гісторыі Унебаўшэсця Езуса. Бліжэйшыя крывава-пакутныя хвіліны гэтай гісторыі — Укрыжаванне Езуса — перададзеныя крывава-барвовымі фарбамі Яго адзення, і фарбы гэтыя настолькі густыя і набрыняла-свежыя, што адчуванне крывавай мукі, дакладней — самой крыві Езуса, становіцца амаль рэальным. Выбар крыштальнай зялёнай фарбы спачатку бянтэжыць (зялёны край — зялёная туга?), а потым успрымаецца як палёгка: мастак выбірае колер Радзімы, і крыштальная празрыстасць дамінуе, пакідаючы радасную надзею. Вашчанкаў Хрыстус спакойны, нібыта ўжо адбылося Яго Унебаўшэсце, хоць Ён яшчэ на зямлі, на Аліўнай гары, і Яго яшчэ чакаюць нясцерпныя мукі ўкрыжавання. На Езусе — доўгае адзенне, цяжкія складкі якога ўнізе ўжо гатовыя да руху і кантрастуюць з замерлым у малітве Езусам, які праз імгненне расплюшчыць свае вочы і, вярнуўшыся да вучняў, спакойна скажа: «...наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы выдаецца ў рукі грэшнікаў. Устаньце, пойдзем» (Мц 26, 45–46). Гаўрыла Вашчанка робіць нас сведкамі найважнейшай падзеі ў гісторыі чалавецтва — сведкамі часу Гетсіманіі. Ад ціхай малітвы Хрыста ў Аліўным садзе да Яго балючага стогну на Галгоце застаецца зусім няшмат часу, і мы яшчэ раз востра разумеем, што гэты кароткі час назаўсёды змяніў свет, бо здзейснілася вялікая Ахвяра, і нішто не можа параўнацца з яе ўсёабдымнай Любоўю — рукі, яшчэ нядаўна складзеныя ў малітоўным жэсце, будуць па Яго ўласнай волі наскрозь прабітыя цвікамі, каб, разгарнуўшыся ў крылы, назаўсёды абняць увесь свет... Безумоўна, тое, што мы рэальна бачым на Вашчанкавым палатне, вельмі важна, але не менш важна і тое, што вяло мастака да яго стварэння, — праца душы, энергетыка нараджэння твора. Тут не скажаш, як пра паэзію, «когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда». Відавочна, што зварот да евангельскіх сюжэтаў не быў для мастака проста «тэмаю рэлігіі». Праз 10 гадоў пасля «Малення аб чашы» (1999), ён яшчэ раз увасобіць свой роздум пра Ахвяру Хрыста ў палатне «Тайна Гефсіманскага саду» (2009), а перад гэтым будуць напісаныя працы «Звеставанне» (1992), «Ростані» (1995), «Дыялогі» (1995), «Анёл» (2005), «Чаша» (2006) і іншыя творы. ...Благаслаўлёныя палотны, расчыненыя, нібы вокны, у сады Гетсіманіі, благаслаўлёныя рукі мастака, які фарбамі тварыў сваю малітву за беларускія сады... У хрысціянстве лічыцца недарэчным задаваць пытанне «за што?», бо нікому не пазбегнуць свайго келіха, свайго ўласнага крыжа, дадзенага і кожнаму чалавеку, і кожнаму народу. У палотнах Гаўрылы Вашчанкі гэтага пытання няма, у іх дамінуюць прыманне і пакора. Ужо ў чарнобыльскіх творах яго героі, змешчаныя ў верхняй частцы палатна, прымаюць вертыкаль Хрыста — такою паказана босая жанчына, якая туліць да сябе дзіця, узнёсшыся над пакінутым жытлом («Чорная быль», 2002), і гаротная кабета ў хустцы, якая прытуляе да грудзей... пеўня, і немалады мужчына, які стаіць на каленях, але ўжо гатовы выпрастацца («Вяртанне», 2000). Хрыстова вертыкаль пераважае і ў серыі палотнаў пад назваю «Крылы» (1994), праз якія мастак далучае нас да свайго роздуму пра чалавечую крылатасць і бяскрыласць, пра анёльскае і не анёльскае ў чалавеку, пра наша імкненне да вышыняў і пра няздольнасць адарвацца ад зямной зняволенасці, каб пайсці ўслед за Ім і Яго запаветамі. ...Раздумваючы пра тое, хто з творцаў найбольш вольна, незалежна адчувае сябе ў сваёй працы, я вырашыла, што гэта кампазітары, але найбольш шчаслівыя, радасныя — мастакі, асабліва пейзажысты, бо яны, як дзеці, перапэцканыя фарбамі, усё жыццё робяць тое, што ім падабаецца, і раптам успомніла адзін з аўтапартрэтаў Гаўрылы Вашчанкі («Сон. Калядны аўтапартрэт», 1995), які можна было б назваць словамі «Адчай», «Роспач», «Выгаранне» — знясілены, змучаны і, здаецца, безнадзейны, і над ім, пахіленым, шэрым, уверсе такія ж бездапаможна-самотныя анёлы. Міжволі згадаліся радкі Булата Акуджавы: «В земные страсти вовлечённый, // я знаю, что из тьмы на свет // однажды выйдет ангел чёрный // и скажет, что спасенья нет, // но, простодушный и наивный, прекрасный, как благая весть, // идущий следом ангел белый прошепчет, что надежда есть». І, гледзячы на гэты шчымліва-балесны аўтапартрэт, канчаткова разумееш, чаму беларускі мастак быў названы «Чалавекам ХХ стагоддзя»... І яшчэ пра адну працу Гаўрылы Вашчанкі хочацца сказаць — яго вітражы (1971–1974) у мінскім касцёле святых Сымона і Алены, якія ствараліся не для касцёла, а для Дома кіно, бяздумна змешчанага ўладамі ў слыннай каталіцкай святыні, збудаванай Эдвардам Вайніловічам на пачатку ХХ ст. у памяць пра сваіх памерлых дзяцей. Гаўрыла Харытонавіч, безумоўна, ведаў, каму павінен належаць гэты будынак, і можа таму, яго вітражы атрымаліся такімі па-анёльску прамяніста-сонечнымі, быццам ён і сам далучыўся праз іх да ўшанавання памяці бязвінных дзетак Вайніловіча. Вітражы цудоўна супалі з энергетыкаю святыні, але, на жаль, захаваліся яны толькі часткова. ...На экскурсіях па гомельскай Карціннай галерэі народнага мастака Беларусі (1988) Гаўрылы Вашчанкі супрацоўнікі галерэі часам расказваюць, што маці будучага мастака прадавала на рынку тое, што вырошчвала на сваім агародзе. Аднойчы яна ўзяла з сабою і малога сына (гэта было яшчэ да вайны), але, вяртаючыся дамоў, яна аддала амаль усё, што нагандлявала, бедалагам, якія прасілі міластыню каля царквы. На пытанне сына, чаму яна так зрабіла, маці адказала: «Дай Бог, сынок, каб ты ў сваім жыцці толькі даваў...» Гаўрыла Вашчанка пакінуў пасля сябе багатую мастакоўскую спадчыну, і недзе там, у Небе, лунае над намі яго светлая душа, якую ён дарэшты аддаваў роднай зямлі, малюючы яе ў бурштынавых фарбах любові і болю, аддаваў нашым слынным продкам, навекі змясціўшы іх на сваіх палотнах, аддаваў сваім сучаснікам, вучням, сябрам, паплечнікам, а цяпер ужо і нашчадкам. Выкарыстаная літаратура
Рэпрадукцыі карцін для публікацыі прапанаваў
|
|
|