Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Данута БІЧЭЛЬ

ВЫГАН. АЗЕРЦА З МАЙГО СНУ

Хата дзеда Адама, якая так і стаіць Загасцінцам.

Мяне пусцілі ў гэты свет, але я да гэтага свету быццам не належу, матэрыяльнага нічога тут не маю: не атрымала ў спадчыну, не прыдбала, не нажыла.

Толькі словы…

А што мелі мае продкі, дык гэта хату, якую пабудаваў тата сваімі рукамі: спачатку як зруб на дзедавым пляцы, пасля неяк уціснуў паміж Гойдавымі і Кяньцямі. Там, у вёсцы, я нарадзілася і перазімавала. Хату талакой перанеслі Загасцінец (так мы называлі выселкі, не па правілах мовы).

Перада мной на сцяне вісіць кручок, якім зашчаплялася знутры акенца, я яго падняла на папялішчы нашай хаты…

Хата прадзеда Юркі і прабабулі Франусі, з маленькімі вокнамі, цаглянай падлогай — у ёй пражылі жыццё дзед Вінцук з бабуляй Канстанцыяй, і тут нарадзіліся іх дзеці: Яська, Яхім, Мікодым, Марыля, Стась… У ёй нарадзілася мая сястра Рэня. Гэтая прадзедава хата прастаяла да лета 2017-га. Мясцовы начальнік загадаў адрамантаваць дах. Сыны Мікодыма Юзік і Віця ў вёсцы не жывуць, грошай на рамонт хаты не мелі. Юзік сказаў: «Разбірайце, хто хоча, нашу хату на дровы!». Этнаграфічную хату нашага прадзеда Юркі Галя Шнакова перабудавала сабе на лазню.

  
Мама Марыля з сястрой Рэняй. Цётка Броня з дзядзькам Вінцуком.

З гэтай хаты пачыналася вёска Біскупцы. Я то ў ёй не жыла… Аднойчы дзядзька Мікодым папрасіў мяне пабыць нянькай пры яго сынах. Тады і паскакала я па жоўтых цаглінках у класікі, каленкі пабіла.

Дзед Вінцук пакінуў на гаспадарцы Мікодыма. Яська, старэйшы сын, сам пайшоў у самастойнае жыццё. Яхіма аддалі ў прымы да шматдзетнай удавы ў Мялёгава, у іх нарадзіўся яшчэ адзін сын — Казік. Марылю аддалі замуж у Галенава за ўдаўца Валодзю Лебедзя, у яго былі дзеці, і цётка Марыля выхавала іх, нарадзіла і выхавала яшчэ чацвёра сваіх. На днях Казік Лебедзь мне пазваніў з Мінска (тэлефон узяў у гродзенскіх пілігрымаў у Будславе). Ён расказаў, што старэйшы брат Валодзя Лебедзь жыў у Нальчыку, памёр у мінулым годзе вясною, там засталіся два яго сыны — Валера і Паўлік. Казімір мае сям’ю: сыну 50 гадоў, і дачку, якая не замужам. Сястра Ядзя ў Томску, замужам за вайскоўцам. Малодшы брат Генік працаваў і жыў у Мінску, але мае сядзібу ў Тарасаве, дзе цяпер на пенсіі і жыве…

Вернемся ў дзедаву хату. Малодшы сын Вінцука, мой хросны тата Стась, знайшоў шляхцянку ў Старчанятах і пайшоў у Армію Краёву… Пасля вайны адпрацаваў у Казахстане на шахце каля дзесяці гадоў, пасля вызвалення жыў і памёр у Польшчы. Да нас заехаць яму не дазволілі.

У Біскупцах Бічалёў было шмат. Бічалі падзяляліся на Бічалёў, якіх абзывалі мянушкай Петрашы. Гэта наша дрэва. Усе Петрашы пайшлі ад Францішкі і Юркі. Калі Юрка памёр, Францішка збегала ў Вільню да біскупа і выпрасіла сабе ў дапамогу прыгоннага чалавека, які працаваў на гаспадарцы, але пры нагодзе ўцёк у Расею са сваёй жанчынай, а нашаму роду пакінуў брудную мянушку, бо ён быў хворы на жывот.

Хутчэй за ўсё, мы былі грэка-католікамі, бо наш драўляны касцёл у Гаўі пабудаваны быў як уніяцкі. У пакаленні бацькоў, на пачатку ХХ стагоддзя, Петрашы падзяліліся на католікаў і праваслаўных. Тата сябраваў з праваслаўным, малодшым за сябе, Мішам, любіў яго, як роднага брата, за яго майстэрства — Міша быў столярам. Пеця Паўлюкоў быў маім лепшым сябрам і абаронцам на вясковых забавах, я была маладзейшай за яго, а прыходзілася яму цёткай.

Амаль уся радня на вяселлі ў Галіны Супрэн і Пятра Ліхарада
ў маі 1972 года.

Былі Бічалі бедныя, не Петрашы, напрыклад, Юрка і Іллюк, якога называлі Шнок. Былі Бічалі багатыя, іх сядзіба злева, як едзеш з боку Ліды, там цяпер жыве Алік з жонкай… Яго тата Алёшка, самы гаваркі Бічэль, які ўсё пра ўсё ведаў, самы мудры, перайшоў у каталіцтва, закахаўшыся ў каталічку Алінку з Чараўкоў. На іх мармуровых помніках — гравіраваныя абразы Езуса і Марыі. Дом гэтых багатых Бічалёў быў пабудаваны на два канцы, у другім канцы жыў старэйшы брат Ладзік з сям’ёй. Маці Стэпка, родная цётка майго швагра Мікалая Супрэнавага, таксама жыла ў той хаце пры сынах. Другую хату на тым вялікім двары пабудаваў яшчэ адзін сын багатых Бічэлёў — Мікалай. Ён ажаніўся з Веркай, у дзявоцтве Войдак, маёй хроснай мамай. Мікалай Бічэляў утапіўся ў тым месцы, дзе Гаўя ўпадае ў Нёман. Там усе топяцца, хто правярае свой спрыт,— у Гаўі і Нёмане розная хуткасць і глыбіня, розная тэмпература вады, дваістае дно, там утвараюцца віры і зацягваюць тых, хто не ведае, як з іх выплысці…

На Павалоках жылі Антосевы Бічалі, галіна ад нашага прадзеда Юркі. Але іх чамусьці Петрашамі не называлі. А Іллюк Пятраш жыў у хаце, ад якой пачынаецца вулачка з пералазкай. У Іллюка было трое сыноў і дзве дачкі. Здаецца, найлепей уладкавалася Геня, у якой на плячах быў горбік. Яна паехала ў Ліду, служыла ў хворай жанчыны, а пасля яе смерці выхоўвала ў той жа сям’і свайго сына, муж хворай жанчыны пасля яе смерці ажаніўся з Геняй. Яна з сынам прыязджала ў вёску, як пані. Ганьця выйшла за хворага на туберкулёз Франка Пілсудскага. Гэнюсь і Валюсь ажаніліся і пераехалі ў Ліду. Эдзік пайшоў служыць у міліцыю.

Усе Петрашы хварэлі на ногі…

Быў яшчэ Стась Пятраш. Ён пайшоў у Жыжму ў прымы, пакінуўшы ў Біскупцах няшлюбную дачку, якой апекавалася яго сям’я з Жыжмы …

Я пералічыла не ўсіх Бічалёў…

З вёскі я забрала словы і сны…

Дзявочае прозвішча мамы — Бурнос. Бурносаў у Біскупцах таксама было шмат. І яны таксама былі католікі і праваслаўныя. А яшчэ за лесам над Нёманам стаіць вёсачка Бурносы, і там жывуць людзі з гэтым прозвішчам.

Я сню хату дзеда Адама Бурноса, у якой нарадзілася Франя, дачка цёткі Броні. Хата дзеда Адама стаяла каля сцяжынкі справа, калі ісці паміж платамі Іллюка Петрашовага і Ганны Габрусёвай. Броня з Вінцуком ужо без дзеда Адама, але з мачыхай пераносілі хату Загасцінец. У іх доўга не было дзяцей, таму да нараджэння Франі Броня з Вінцуком прытулілі сіротаў Вацюка і Маню. Маня яшчэ жыве, аслепла, але мае надта добрага мужа, які яе даглядае. Ёй было чатыры месяцы, як памерла яе маці. Цётчына хата, з садам, з крынічнай студняй, стаіць Загасцінцам, як сведка ўсіх гістарычных падзеяў. Праз доўгія сені — прасторная камора. У каморы «раслі цукеркі»… Так думала Галька, дачка маёй сястры Рэні. Калі Галька прыходзіла ў гэтую хату, Броня казала: «Пайду ў камору, можа, там цукеркі выраслі…». І прыносіла Гальцы жменю цукерак. У цётчынай студні вада жыватворная, крынічная, найсмачнейшая на ўсім абшары, а мне здаецца — на ўсім зямным шары…

Мне сніцца і цётчына сядзіба, але часцей азерца на тым выгане — такое круглае, з гразкім тарфяным берагам, акаймаванае асакой і аерам, бяздоннае. Падзеі ў снах з азерцам адбываюцца нібы ўначы, але бачу, як гадаўё віжуе ў мутнай вадзе. Вуж у сне — нечаканыя грошы. Толькі грошай мне і сны не падкідаюць… Правальваюся ў азерца, і сон заканчваецца.

Сніцца мне і тое месца, дзе стаяла наша хата каля Гойдавых, у якой на Божае Нараджэнне святкавалі мой хрост. Пра гэта мне расказала сястра Рэня. Я ўяўляю сваіх прыгожых хросных — Верку Гойдаву і Стася, малюся за іх, як і за родных бацькоў.

Пералажу праз вузкі лаз у жываплоце ад нашай да Гойдавай хаты, а не было мне году, як мы перасяліліся Загасцінец…

Думала я, думала пра ўсё гэта і вось да чаго дадумалася: як у школе савецкія настаўнікі расказваюць гісторыю ад Кастрычніцкай рэвалюцыі, так і я пачынаю свае ўспаміны ад Загасцінца. А трэба ад пачатку ўспамінаць...

Жыццё маё пачыналася ад мамы, бо яна мяне нарадзіла. А маму нарадзіла Франуся Саўкава, з Заполля. Да Франусі дзед быў жанаты з яе старэйшай сястрой. Калі першая жонка памерла, ён пакінуў дзвюх сіротаў маёй прабабулі ў Заполлі, ажаніўся з Франусяй. І нарадзілася Броня. Дзед пакінуў Франусю з Броняй і паехаў у Амерыку, бо ўсе казалі, што ў Амерыцы даляры сыплюцца з неба. Дзед вярнуўся з Амерыкі без даляраў, і адно за другім пасыпаліся дзеці — Марылька, Яніна, Костусь, Янка… Шосты дзіцёнак памёр у лоне Франусі, якая пешкі схадзіла ў Заполле, прастудзілася, пакашляла на печы і памерла… Янка памёр у прытулку… Астатнія выраслі.

Мама часам хвалілася: «Я са сваім татам хадзіла ў Бурдукі ў сваты!» Дзед Адам ажаніўся трэці раз са старэйшай дзяўчынай Юляй, у яе быў пасаг — швейная зінгераўская машынка. Дзед падумаў, што яна будзе людзям шыць на машынцы сукенкі і нагавіцы ды зарабляць на яго дзяцей. Глухая мачыха ўгаварыла дзеда завезці сіротаў, як шчанятаў, у Ліду, пакінуць пад прытулкам. Броня засталася на гаспадарцы… Калі згадваць прыпавесць пра блуднага сына (Лк, 15, 11–32), то ў нас цётка Броня — гэта «старэйшы сын»… А блудны сын — гэта наш дзед Адам… Завёз ён сваіх дзяцей пад прытулак у Ліду, дзе Марыльку, а пасля і Яніну людзі забралі ў нянькі. Костусь застаўся ў прытулку, а пасля дочкі першай Запалянкі забралі яго да сябе ў Лодзь, а яго долю гаспадаркі Броня прымерала да сваёй… Спраўляліся яны з Вінцуком. Да свайго і Костусевага надзелу Броня з Вінцуком далучылі зямлю Вацюка і Мані… Калі ж выраслі сіроты, дзядзька Вінцук адправіў іх жыць у сваю хату, але дапамагаў гаспадарыць.

…А я сню тое месца, дзе спее любоў, якая ўзвышае да запаветных нябёсаў.

Азерца заўсёды было поўнае слёз. Хаты стаялі цесна, дзеці плакалі, і гэтае іх кугаканне злівалася ў адзін плач. Азерца перапаўнялася, і вада перацякала на выган за вёскаю.

— Не на выган, — падказвае ў сне бабуля Франуся, — а праз брукаваную вуліцу на поле…

А я думаю, што на поле сыпаліся слязінкі з неба, а горкая ад слёз вада сцякала на выган — там гусачкі траву горкую шчыпалі, спутаныя конікі пасвіліся. Каровак з выгану пераганялі ў Масцішчы, у Перакопы і на Шырыню. За гразкім выганам віднеліся палеткі асаднікаў. Я ніколі не дайшла да тых узгоркаў, толькі здалёк глядзела на іх сонечную прыгажосць. У сне бачу поле на горцы, бывае, у сне выган ператвараецца ў глыбокае возера...

А крынічка шчаслівых слёз бруілася міма хаты дзеда Вінцука. Там Яська пра Марыльку думаў, чакаў вечара, каб яе ўбачыць. Сустрэліся яны на Яна, калі яна са службы ў Шайбаках вярталася, а ён яе ў Лідзе знайшоў і праз балота падвозіў. А пажаніліся яны праз тры месяцы — 25 верасня 1928 года. Крынічны ручаёк разбураў старадаўні брук, і якраз у тым месцы ўтвараўся такі пясчаны чысты вірок, што аж хацелася там паплюскацца басанож. У дажджлівыя дні пераходзіць ручай пасярод вясковай вуліцы дзяўчатам у палатняных вятроўках на драўлянай падэшве было нязручна, але мосцік пракласці ніхто не дадумаўся.

…Я толькі цяпер зразумела, што ў азерцы не вужы віжавалі, а рыбка такая, што па-навуковаму называецца мінога, але ў нас яе называлі ўюн. Дзеці лавілі ўюноў кошыкамі, смажылі і на вогнішчы, і дома на патэльні. Рыбка марская, але жыве ў нашых гразкіх рэках і ручаінах. Гэтак жа, як марскія келбы жывуць толькі ў Нёмане і Дзвіне, а нераставаць вяртаюцца ў Балтыйскае мора.

Зусім блізка ад гэтага месца стаяла яшчэ адна хацінка, нібы не з дрэва, а з труску-пяску, як у казцы, і жыла там ціхая шчырая малітоўная душа, імя яе ніхто не памятае. Пад восень хатка хавалася ў жоўтых вяргінях, якія не баяцца марозу. Я палюбіла асеннія сціплыя вяргіні на высокіх сцяблінках, якія турбуюцца самі за сябе. Яны перасяліліся ў Горадню пад маё акно.

Цётка з дзядзькам і Франяй.

…Франя мне расказвае пра тую святую душу, якая жыла за вяргінямі, адну гісторыю, а Галька расказвае зусім іншую… Франя расказвае, як у Стэпкі Дукавай аднойчы абнавіліся абразы. Яна перадала «па басаногаму тэлеграфу» ад хаты да хаты, каб збіраліся ранкам як найхутчэй паглядзець на цуд Боскі. Усе прыбеглі і паглядзелі. Абразоў у хаціне было шмат, у прыгожых рамках, у акладах, святыя лікі зіхацелі. Усе паверылі, што абразы абнавіліся. Нават пісаць пра тое, сумняваючыся, што ніхто ўважліва не аглядаў Стэпчын іканастас да абнаўлення, як бы грэх… Жанчыны шчыра памаліліся — кожная пра сваё. Дзеці спалохана паглядзелі. У Стэпкі Дукавай была бібліятэка, я з той бібліятэкі прачытала адну прыгожую кнігу — «Жыціе святых».

Галька ўспамінае, што ў той хаціне жыў вандровец з Адэсы, якога Гальчына баба Юля шторанку карміла блінамі за малітву. На Юліну заўвагу, што ён моліцца няправільна, вандровец адказваў: «Ты молішся правільна, з цябе Бог і спытае, а я малюся, як умею, Бог такую малітву ад мяне і прымае!»

Першы сухі пост у Біскупцах, са шчырымі малітвамі, адбыла наша цётка Броня перад Вялікаднем 1929 года… Прасіла Езуса, каб Вінцук прыйшоў да яе ў прымы. Так 10 лютага 1930 года яны і пажаніліся.

Франя мне расказвае пра свайго тату Вінцука. Ралец — гэткай мянушкай называлі яго дзеда, таму Вінцук, адпаведна, называўся Ральцаў, а прозвішча ў дзеда было Сымановіч. Дакудава падзяляецца на вёску і мястэчка. Франін тата нарадзіўся ў вёсцы Дакудава. Франя ўспамінае татаву маці, бабулю Агатку, якую яна надта любіла. Агатка была дробненькая, невялічкая, але спрытная. А нарадзіла Вінцука дзяўчынаю. Яна пакінула сына сваім бацькам і выйшла замуж у Залейкі за Аседача. Нарадзілася ў іх васьмёра дзетак, але выжылі толькі Яня, Мікалай, Стась, Геня, Франак… Кожнаму з іх Бог даў сваё жыццё, свой лёс. Мікалай быў жанаты два разы, Стася Карабанова пайшла на траіх дзяцей ад першай жонкі і выхавала іх. Стась малым парэзаўся аб шкло, быў інвалідам. Калі яго першая жонка памерла, паехаў у Растоў, там ажаніўся, памёр ад рака вуснаў, там цяпер жыве яго дачка. Франака немцы забралі ў Германію, калі вызвалілі, ён застаўся ў Польшчы, там ажаніўся. Франак з сям’ёй прыязджаў у госці да Вінцука і Броні. Геня выйшла замуж у Іўе за лекара і выехала з ім у Расею, ніколі не прыязджала ў Залейкі і нікому не пісала лістоў. Яня жыла ў бацькавай хаце, пры ёй дажывала руплівая і рухавая Агатка. З усёй Франінай па тату радні на сумных урачыстасцях я сустракаю Мікалаевых і Стасіных дзяўчат — Гэльку і Ірку …

Дзядзька Вінцук у Залейкі да маці Агаты хадзіў у госці. Ён быў запісаны на прозвішча дзеда, з іменем па маці — Сымановіч Вінцэнты Агатавіч (бацькі ў яго як бы і не было!). Калі ён падрос, прыйшоў служыць у Біскупцы, бліжэй да Агаткі. Галоўная ў нашым родзе цётка Броня выбрала яго за працавітасць, памяркоўнасць, дабрыню, за найлепшыя чалавечыя рысы характару. Дзядзька ўмеў шыць хамуты, усё ён умеў рабіць і не ленаваўся.

Я не ведала, дзе ў вёсцы стаяла Адамава хата, не спытала ў старэйшых, а можна было і самой здагадацца, бо калі я плакала, то Рэня страшыла, што памяняе мяне на Метка Бічэлевага,— хата Метакавага бацькі Стасюка стаяла крыху ніжэй, злева ад сцяжынкі, якраз там, дзе ззяла маё азерца са сну… Стасюкова сястра Алена выйшла замуж у Дакудава, але хутка ўцякла з замужжа, жыла ў хаце Ганны Габрусёвай, а пасля ў ёй жылі Метак з настаўніцай Лідзіяй.

Дзіўна пралягала тая сцяжынка-вулка паміж хатамі. Там, дзе мая малая мамачка тулілася да свае матулі, на тым месцы, на градцы, заўсёды кветкі цвілі — канюшынка, рамонкі, званочкі, слёзкі, сардэчнік; сліўкі спелі за драўляным плоцікам, і загарадка была на вулцы-сцяжынцы паміж сядзібамі. Нізенькую габляваную брамку ніхто не адчыняў, хіба жанчыны ў доўгіх андарачыках ды дзяўчаты, якія сябе бераглі; дзеці пераскоквалі праз яе, хлопцы пераступалі. А я тую брамку пералятала, як ластаўка. І зрэдку залазіла ў гарох і сліўкі. У школку хадзілі, дык куды мы толькі не заходзілі! Напрыклад, да Кенцявых — да Альвіны і Мальвіны… Мне мроіцца, што ў іх быў бліскучы самавар, і яны мяне частавалі гарбатай з малінавым варэннем, а Франя ўспамінае ўрок малявання ў Альвінінай хаце. Мужа Альвіна не мела, ён загінуў на нейкай вайне, мела дзвюх дочкаў; адна ўзяла з Альхоўкі прымака Вацю, другая выйшла замуж у Альхоўку— гэтая вёска за Нёманам.

Насупраць нашага дзеда Вінцука жылі Паўлюк і Стэпка, праваслаўныя Бічалі-Петрашы, у іх было трое сыноў… Пра іх успамінаць — трэба трылер пісаць.

Каля іхняга гумна стаяла маленькая хатка Аляксандра Мястоўскага. Называлі яго Мястоўскім, а прозвішча яго было Аблажэвіч. У гэтую малюпасенькую хацінку ён і прывёз з войска Хахлушку. Вядома, было ў Хахлушкі імя, ды не прыходзіла ў галаву з ёю знаёміцца. Размаўляць па-біскупску Хахлушка так і не навучылася, але ўсё разумела і неяк тлумачылася на ўласнай мове.

Гэта мне Франя расказала. Зямлі ў Аляксандра не было, а ён, служачы ў войску, абмануў дзяўчыну, што мае лаўку і млын. «А дзе ж твой млын? А дзе ж твая лаўка?» — спытала Хахлушка, калі ён прывёў яе ў тую хаціну.

А ён паказвае ёй услончык і жорны: «Дык вось жа, гэта ж і ёсць лаўка. А гэта — млын… Я цябе не абманваў». І сенажаці яны не мелі, але кароўку і коніка трымалі. Хахлушка восенню ездзіла па навакольных вёсках жабраваць сенца. Загасцінцам Аляксандра паставіў прасторную хату побач з нашай, толькі бліжэй да пясчанага гасцінца. Яна пакуль што так і стаіць — пустая. У ёй жыла Маня Мажэйкава (прозвішча ў пашпарце Арэхва). Дачка забрала Маню ў Ашмяны.

Аляксандра быў таленавіты апавядальнік, выдумшчык, казачнік і паэт. Ён апавядаў, а ўсе слухалі, смяяліся да слёз. І Хахлушка слухала і смяялася. Наслухаўшыся Аляксандравых прыпавесцяў, маё азерца напаўнялася вясёлымі слёзкамі.

Загасцінцам у зімовыя вечары Аляксандра прыходзіў да таты паразмаўляць. Спачатку яны размаўлялі ўдвух, пасля Аляксандра «ўваходзіў у экстаз» — апавядаў усялякія драматычныя і смешныя гісторыі, а тата паціху хаваўся пад коўдру. Аляксандра размаўляў сам з сабой да світання. Няёмка пісаць, па якой прычыне Аляксандра пакідаў нашу хату. Ён выходзіў ад нас, пералазіў праз шчыліну ў частаколе пад вясёлы трэск, нібы ў войску на пабудку.

Жылі яны ў сваёй хаце доўга, але дзяцей не мелі. Перажылі вайну. Праўда, калі вайна пачалася, Аляксандра змайстраваў на ўсялякі выпадак труну і паставіў на гарышчы. Калі адчыніліся межы і можна было ехаць куды хочаш, Хахлушка вырабіла дакументы і павезла мужа на сваю радзіму. На развітанне ён плакаў і цалаваў калгасную зямлю… Памятаю адну Аляксандраву «прыпавесць»: «Каб я быў панам, то еў бы сала з салам, мякка-прамякка спаў бы, аж па вокны саломы наслаў бы!»

Перабрала ў сваім сэрцы сціплыя «незабудкі» пра тое, што памятаю і люблю, пра што мае сны… Пра сціплых вясковых людзей, у маім разуменні — пра святых.

У тым часе, у той мясціне, дзе я падрастала, не страчвалася адчуванне свайго месца ў родавым гняздзе, на дрэве роду. Дужы сам браў увесь цяжар на свае плечы, увесь клопат на сваю галаву. У сям’і Адама такой была цётка Броня, а Вінцук ёй дапамагаў. У маёй сям’і дужым павінен быў стаць тата. Ён быў мудрым і добрым, але ў натуры таты было зашмат таго, што пасля перайшло да мяне, — паэзіі, а па-вясковаму — гультайства. Галоўнай у сям’і была Рэня. Мікалай прыйшоў у нашу сям’ю з гаспадаркі, ды незаўважна стаў нашым. Мая сям’я адчувала маё прадвызначэнне быць паэткаю, уладаркаю азерца са слёз. Тата, мама, Рэня і Мікалай не мелі паняцця, як дапамагчы мне, каб змагла засяродзіцца толькі на слове. Тым не менш, дапамагалі — і маральна, і духова, і матэрыяльна, бо забяспечылі мне маю волю, таму азерца не перасыхала. Цёткі і дзядзькі, як маглі, далучаліся да іх…

Я марнавала свае дні на пошукі словаў, а яны ўсе бераглі маё азерца.

13.03–03.07.2018


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY