|
Э. Казіміроўскі. «За чытаннем. Ксёндз Міхал Сапоцька» (фрагмент карціны). 1934. Палатно, алей. 106х80. НММ РБ. Атрыбуцыя А. Міцкевіч, К. Дасько. Рэстаўратар К. Ісаева.
|
У лютым 2019 года на рэстаўрацыйнай выставе «Адкрыццё сапраўднага» да 80-годдзя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’явілася карціна «За чытаннем» польскага мастака Эўгеніюша Казіміроўскага. Яна дэманстравалася як прыклад атрыбуцыі, ажыццёўленай у працэсе рэстаўрацыі (быў зняты пажоўклы лак). Да рэстаўрацыі ні аўтар, ні мадэль, ні дата стварэння твора былі не вядомыя. Карціна паступіла ў 1944–1947 гадах у Дзяржаўную карцінную галерэю, пра што сведчыла наклейка на падрамніку. Магчыма, яна знаходзілася ў даваенным зборы галерэі. У 1954 годзе спецыяльная камісія пастанавіла ўвесці карціну ў інвентар галерэі, што было зроблена чамусьці толькі ў 1963 годзе пад назваю «Мужчына ў крэсле-качалцы за чытаннем кнігі» (1940). Крыніцы паступлення карціны былі адзначаны няпэўна — «ад розных асобаў і ўстановаў». Так звычайна пісалі, калі зусім не было версій аб паходжанні твора, што было не рэдкасцю ў першыя пасляваенныя гады, калі ўлік яшчэ не быў наладжаны альбо здатчык не хацеў называць сваё прозвішча. Многія мінчане пасля вайны прыносілі карціны ў галерэю з нумарамі даваенных збораў.
У кнізе паступленняў было пазначана, што «подпіс мастака нечытэльны». Сапраўды, подпіс мастака ў правым ніжнім куце твора моцна размыты, росчыркам змазана дата і пасаджана пляма, падобная да кляксы. Візуальныя спробы яе прачытання беспаспяхова прадпрымаліся яшчэ ў 1990-я гады, але толькі ў 2018 годзе пры зверцы фондаў захавальніку Кацярыне Дасько і кандыдату біялагічных навук, загадчыцы сектара фізіка-хімічных даследаванняў Анжаліцы Міцкевіч з выкарыстаннем моцнага мікраскопа пад рознымі ракурсамі асвятлення ўдалося разабраць подпіс шляхам падбору літараў па сэнсе для вызначэння прозвішча: Eug. Kazimirow (s) ki (?) V (W) iln (o), 1933 (31 (4). У Вільні ў 1930-я гады сапраўды працаваў мастак Марцін Эўгеніюш Казіміроўскі (1873–1939). Подпісы на іншых яго творах падобныя з наяўнаю на карціне. Звестак пра гэтага мастака было дастаткова ў інтэрнэце, бо ў 2014 годзе ў Вільні і Беластоку прайшла яго рэтраспектыўная выстава «Эўгеніюш Казіміроўскі: Вільня–Беласток», на якой дэманстравалася 40 твораў. Хто ж такі Казіміроўскі?
Ён нарадзіўся ў невялікім гарадку Выгнанка на Падоле, вучыўся ў Мюнхене ў школе Ашбэ, у Кракаве — у знакамітага Вычалкоўскага, працаваў у Львове, Вільні і скончыў сваё насычанае жыццё ў Беластоку. Нядзіўна, што гэты мастак вядомы ў Польшчы і Літве, дзе захоўваецца большасць яго твораў, і зусім не вядомы ў Беларусі, хаця галоўны твор ягонага жыцця, сусветна вядомы «Езус Міласэрны» (1934), мае да Беларусі непасрэднае дачыненне: з 1956-га да 1986 года абраз знаходзіўся ў касцёле св. Юрыя ў вёсцы Новая Руда Гродзенскага раёна.
Карціна «За чытаннем» (1934) — адзінае палатно Казіміроўскага ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Яно вельмі каштоўнае, бо на ім, як высветлілася нядаўна, намаляваны заказчык і фундатар карціны «Езус Міласэрны» — ксёндз з Валожыншчыны Міхал Сапоцька (1888–1975).
Пытанне ўстанаўлення імя мадэлі пры наяўнасці аўтара было вырашана па ўскосных дадзеных: пры ўважлівым разглядзе карціны высветлілася, што на ёй намаляваны не проста мужчына, а ксёндз, пра што сведчаць чорная сутана і каларатка — жорсткі белы каўнерык з падшытай да яго манішкаю, які ксяндзы звычайна адзяваюць пад сутану, а таксама кніга з чырвонаю закладкаю — Брэвіярый. Здагадка, што гэта ксёндз Міхал Сапоцька, пацвердзілася пры параўнанні фотаздымкаў і іншых выяваў святара (напрыклад, партрэта пэндзля Пятра Сергіевіча 1947 года) і дазволіла захавальніку фондаў Кацярыне Дасько вызначыць імя мадэлі і нават месца напісання карціны — Вільня, вуліца Расу, 6 (цяпер 4-a). Мастак і ксёндз, па звестках літоўскіх даследчыкаў, жылі па гэтым адрасе ў адным доме ў розных яго паловах. Каб канчаткова пераканацца ў атрыбуцыі, па просьбе Кацярыны Дасько супрацоўніца музея Янкі Купалы Марыя Барткова наведала гэты дом і пераканалася ў тоеснасці інтэр’ера.
Ксёндз Міхал Сапоцька прыцягнуў вопытнага прафесійнага мастака Эўгеніюша Казіміроўскага да стварэння важнага рэлігійнага палатна. Задача была няпростая: трэба было ўвасобіць вобраз Езуса Міласэрнага («Езу, давяраю Табе») па візіях сястры Фаўстыны Кавальскай, спаведнікам якой быў Міхал Сапоцька. Гэтае палатно стваралася ў яе прысутнасці ў майстэрні Эўгеніюша Казіміроўскага ў 1934 годзе. Тады ж, верагодна, і быў напісаны партрэт фундатара і заказчыка — ксяндза Сапоцькі, які назіраў за працаю мастака. Выкананая тады карціна з цягам часу зрабіла Казіміроўскага па сутнасці «мастаком адной карціны», пакінуўшы ў ценю іншыя яго творы.
|
Абраз Езуса Міласэрнага пэндзля Э. Казіміроўскага. 1934 г.
|
Віленскі перыяд — самы працяглы ў творчасці Казіміроўскага. Да гэтага ў Львове Казіміроўскі зрабіў некалькі дэкаратыўных пано для вакзала, у Кракаве напісаў на замову шмат вытанчаных партрэтаў у стылістыцы «Млодэй Польскі». У Вільню ён пераехаў на пачатку Першай сусветнай вайны і працаваў выкладчыкам у настаўніцкай семінарыі ў Троках, а таксама дэкаратарам у мясцовых тэатрах — Польскім і Летнім. Казіміроўскі пражыў у Вільні амаль 22 гады, быў знаёмы з многімі мастакамі горада, у тым ліку з Фердынандам Рушчыцам, якога вельмі паважаў. «Калі я і магу пратрымацца ў Вільні, то толькі дзякуючы Вам... Бо менавіта Вы прышчапілі Вільні патрэбу звяртацца да мастакоў», — запісаў Рушчыц у сваім дзённіку ў 1917 годзе адказ Казіміроўскага на сваё пытанне, як яму жывецца ў Вільні. Ён быў сябрам дзвюх супольнасцяў мясцовых мастакоў — Асацыяцыі мастакоў і Віленскай асацыяцыі незалежных мастакоў, з якой ён прымаў удзел у выставах як партрэтыст і пейзажыст. У гэты ж перыяд ён піша некалькі партрэтаў вядомых дзеячаў, у тым ліку віленскага ваяводы Стэфана Кіртыкліса (1931), рэктара Віленскага ўніверсітэта Марціна Здзіхоўскага (1932), пазней — партрэт маршалка Юзафа Пілсудскага (1937). Вядомыя і больш раннія яго партрэты — партрэт рэктара кракаўскай Акадэміі, прафесара-механіка Сарыюша Бельскага, партрэты рабінаў і звычайных гарадскіх жыхароў.
Магчыма, мастак падарыў гэтую карціну сваёй мадэлі або перадаў яе Віленскаму ўніверсітэту імя Стэфана Баторыя, пра што сведчыць прымацаваная да карціны металічная бірка са скаротамі назвы Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя і шыфрам яго фондаў.
Партрэт ксяндза Міхала Сапоцькі адрозніваецца ад многіх іншых асаблівай цеплынёю і немудрагелістасцю, хоць і мае налёт правінцыйнай традыцыйнасці. У ім дамінуе жывапіс, а не малюнак, як гэта было раней. Рэнтгенаўскія здымкі паказваюць працэс працы над карцінаю: мастак перапісаў галаву, спыніўшыся на профільным ракурсе. Ён наогул любіў няпростыя профільныя партрэты, як, напрыклад, партрэт генерала Стэфана Папелаўскага. Казіміроўскі напісаў не проста партрэт, а партрэт-карціну, у якой асоба, не выходзячы на першы план, пагружаная ва ўтульную атмасферу ўласнага дома. Інтэр’ер служыць тут сімвалічнай характарыстыкаю мадэлі: нездарма так старанна намаляваны пакой з высокаю столлю — былым касцёльным памяшканнем. Мастак адлюстроўвае заглыбленага ў чытанне ксяндза контражурам у профіль у крэсле-качалцы на фоне акна з запаленаю лямпаю і белаю фіранкаю, раслінамі ў жбанках, якія пераплятаюцца паміж сабою. Падрабязна паказана сціплая абстаноўка дома — плеценая з лазы этажэрка з кнігамі, утульнае крэсла, просты драўляны стол са сціплым букецікам палявых кветак. Усе гэтыя дэталі падкрэсліваюць просты, амаль аскетычны побыт ксяндза, запаволены час, цішыню вечара і засяроджанне на чытанні. Вядома, што патаемным жаданнем кс. Сапоцькі было цалкам прысвяціць сябе філасофіі рэлігіі, багаслоўскім заняткам, якім ён мог аддавацца толькі ўвечары. Адчуваецца, што знаёмства мастака і мадэлі было не толькі суседскім: іх звязвалі і агульныя інтарэсы, і захапленні, і шчырае сяброўства. Нездарма мастака называлі «сябрам святога ксяндза». Яны пазнаёміліся, верагодна, у 1924 годзе, калі ксёндз Міхал прыехаў у Вільню, дзе кіраваў Галоўнай семінарыяй і выкладаў на тэалагічным факультэце ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. У 1934 годзе ксёндз Міхал атрымаў званне дацэнта ў пастырскай тэалогіі і быў прызначаны пробашчам касцёла св. Міхала, у кляштарным крыле якога размяшчалася Віленскае краязнаўчае таварыства, куды ўваходзіў і Казіміроўскі.
Увосень 1935 года пасля закрыцця семінарыі ў Троках Казіміроўскі перасяліўся ў Беласток, дзе жылі яго сябры і прыяцелі на чале з ваяводам горада. У 1937 годзе ён прыняў удзел у выставе ў Дзяржаўным прафесійна-тэхнічным вучылішчы, дзе паказаў больш за 85 працаў у тэхніцы пастэлі — партрэты, пейзажы, кампазіцыі на рэлігійныя сюжэты. Мясцовая крытыка лічыла яго мастаком адыходзячага пакалення, «кансерватарам і традыцыяналістам яшчэ даімпрэсіяністычнай эпохі з вельмі старанным малюнкам і вельмі асцярожнаю каларыстыкаю». Даўнім яго захапленнем было краязнаўства, і ён з задавальненнем яму аддаваўся: шмат фатаграфаваў, пісаў даклады, напісаў даведнік па Беластоку і ваколіцах, чытаў мноства лекцый па гісторыі горада. У 1939 годзе стаў старшынёю праўлення Беластоцкага аддзялення Польскай турыстычнай асацыяцыі, сам быў гідам. Казіміроўскі раптоўна памёр ад запалення лёгкіх у верасні 1939 года, праз тыдзень пасля ўваходу ў горад войскаў Чырвонай Арміі...
Ксёндз Сапоцька заставаўся ў Вільні ў гады Другой сусветнай вайны. Ён мужна выступаў у абарону ад фашыстаў габрэяў, але і сам быў вымушаны два гады хавацца ад гестапаўцаў. У 1947 годзе ён перабраўся ў Беласток, дзе і памёр у 1975 годзе.
У 2000 годзе сястра Фаўстына Кавальская была кананізаваная, а ў 2008 годзе быў беатыфікаваны ксёндз Міхал Сапоцька. Аднак імя сціплага мастака, які ажыццявіў іх задуму, намаляваўшы абраз Езуса Міласэрнага, у Беларусі, на жаль, мала каму вядомае, хоць ён працаваў у суседняй Літве, ва Украіне і ў Польшчы. Яго спадчына знікла ў гады вайны. «Парадокс Казіміроўскага — амаль забыты мастак, па сутнасці, вядомы ўсім...» — сказаў дырэктар Падляшскага музея Анджэй Ляхоўскі на адкрыцці выставы, прысвечанай 80-й гадавіне стварэння абраза Езуса Міласэрнага. Некаторыя даследчыкі лічаць гэты абраз пэндзля Казіміроўскага, які разышоўся ў тысячах копій і варыяцый іншых мастакоў па ўсім свеце, самай значнай карцінай Польшчы ХХ стагоддзя. Па сённяшні дзень гэта самы распаўсюджаны вобраз Езуса Хрыста ў выяўленчым мастацтве. Атрыбутаваная карціна ў мінскіх зборах стане яшчэ адной данінай памяці двум выбітным дзеячам каталіцкай сакральнай культуры — мастаку Эўгеніюшу Казіміроўскаму і ксяндзу Міхалу Сапоцьку.
Выказваю падзяку аўтарам атрыбуцыі карціны Э. Казіміроўскага «За чытаннем» Анжаліцы Міцкевіч і Кацярыне Дасько за кансультацыі і рэстаўрацыйныя матэрыялы.