Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(87)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Інтэрв’ю
Гутарка Тэрэсы КЛІМОВІЧ з а. Віктарам ЖУКОМ
ДЗЕЛЯ БОЛЬШАЙ ХВАЛЫ БОЖАЙ
Постаці
Мастацтва
Постаці
Мастацтва
Культура

НАША САКРАЛЬНАЯ КУЛЬТУРА
З архіваў часу
In memoriam

ПАМЯЦІ СЯБРА

ПРАЎДЗІВЫ ГІСТОРЫК
На кніжнай паліцы

«РАССЕЯНЫХ ЗБІРАЦЬ»
Успаміны
Паэзія

ВЕРШЫ

БЕЛАРУСКІ РУЖАНЕЦ
Літаратура

ТОЛЬКІ СЛОВЫ...
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Мастацтва

У ФАРБАХ ЛЮБОВІ І БОЛЮ
Асобы
Культурны праект

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Юлія ШЭДЗЬКО

МАСТАЦТВА БАЧЫЦЬ

Уражанні ад наведвання выставы творчасці Пітэра Брэйгеля Старэйшага

Канец мінулага 2018-га і пачатак 2019 года былі адзначаны адной з найцікавейшых культурных падзеяў — у музеі гісторыі мастацтва ў Вене прайшла выстава творчасці Пітэра Брэйгеля Старэйшага.

Выстава анансавалася як «Experience of a lifetime» («Перажыванне на ўсё жыццё»). Гучыць даволі пафасна, чаго не чакаеш ад аўстрыйцаў, але падзея і сапраўды з тых, што не паўтараюцца, — першая выстава творчасці мастака, якою адзначана 450 гадоў з часу яго смерці. Пітэр Брэйгель, пражыўшы ўсяго 44 гады (1525–1569), пакінуў надзвычай багатую спадчыну, аднак раней яго працы ніколі не экспанаваліся асобнай выставай: мастак рабіў малюнкі для гравюрнай майстэрні і шмат пісаў на замову багатых аматараў мастацтва, таму ў асноўным яго працы раскіданыя па адной-дзве па музеях усёй Еўропы і ў ЗША. У Вене, дарэчы, калекцыя самая вялікая — шэсць палотнаў. Магчыма, менавіта таму венскі музей быў выбраны для правядзення выставы, на якую ўдалося сабраць каля 2/3 усёй творчай спадчыны Брэйгеля: каля 30 палотнаў і больш за паўсотні графічных працаў. Некаторыя творы, на жаль, не ўдалося прывезці, напрыклад, «Жніво» з музея Метраполітэн у Нью-Ёрку або вядомых «Сляпцоў» з музея Кападзімонтэ ў Неапалі. Што датычыць апошняй, на венскай выставе ёй быў прысвечаны вялікі інтэрактыўны раздзел. Неабходна сказаць, што выстава складалася не толькі з карцінаў і малюнкаў, але і ўключала вялікую гісторыка-культуралагічную частку, дзе распавядалася пра эпоху, мастацкія тэхнікі і матэрыялы, якія выкарыстоўваў Брэйгель, этапы працы рэстаўратараў, аналіз карцінаў з дапамогаю сучасных ультрагукавых і спектральных высокатэхналагічных даследаванняў. Пітэр Брэйгель Старэйшы, апроч іншага, быў наватарам у тэхніцы жывапісу. Каб «ажывіць» сваіх сляпцоў, ён пісаў іх проста на палатне, не выкарыстоўваючы грунту, каб шурпатасць і няшчыльнасць фактуры матэрыялу зрабіла твары сапраўднымі, рэалістычнымі. Аднак гэта не дазваляе перавозіць карціну — занадта рызыкоўна, слой фарбы можа асыпацца. Каб убачыць яе, давядзецца ехаць у Неапаль!

Выстава стала надзвычай паспяховым культурным праектам, паказаўшы, што людзі гатовыя ехаць за тысячы кіламетраў толькі для таго, каб трапіць у музей. За тры з паловаю месяцы выставу наведала каля 408000 чалавек. Квіткі былі раскупленыя хутка, хоць музей некалькі разоў дадаваў гадзіны наведвання. У апошнія дні выстава працавала да гадзіны ночы, але ўсё адно колькасць людзей, якія жадалі яе наведаць, была такой, што музейныя касы былі завешаныя аб’явамі: «Квіткі на выставу Брэйгеля скончыліся. Зусім скончыліся. Нават па абанементах. Ніякіх квіткоў няма, прабачце». Побач з намі ў музеі гучала, напэўна, абсалютная большасць еўрапейскіх моваў і ў дадатак шмат азіяцкіх. Мне думаецца, што апроч велізарнай працы, зробленай маркетынгавым і медыйным аддзеламі музея, галоўная прычына такой папулярнасці выставы — асоба Пітэра Брэйгеля Старэйшага і незвычайны, ні на што не падобны свет яго карцінаў і малюнкаў.

На час выставы Вена, прынамсі яе цэнтр і музейны квартал, стала «акном» у Нідэрланды XVI стагоддзя. Персанажы Брэйгеля «выйшлі» на вуліцы з рэкламных плакатаў і вельмі добра там прыжыліся. Дзіўна было назіраць, як увечары стомленыя жыхары горада ідуць з працы следам за гэткімі ж стомленымі паляўнічымі, якія нарэшце вяртаюцца дамоў пасля няўдалага палявання, або як Вавілонская вежа ўпісваецца ў гарадскі краявід так, нібы тут яе сапраўднае месца, або як на падыходзе да музея вас сустракае сам кароль Німрод са світаю. Усё гэта, на маю думку, сведчыць пра адну з найважнейшых рысаў творчасці Пітэра Брэйгеля — універсальнасць. Яго працы — пра нас. Краявіды, касцюмы, час — знешняе, а мы, людзі, тыя ж — і ў часы Вавілонскай вежы, і ў нідэрландскай вёсачцы часоў Брэйгеля, і сённяшнія мы, якія прыйшлі паглядзець выставу.

Свет Брэйгеля ўліўся ў штодзённае жыццё Вены, а мы мелі магчымасць увайсці ў ягоны свет. Упершыню я была так блізка да карцінаў, ад іх амаль нічога не аддзяляла, адлегласць да палотнаў — сантыметраў у 30–40, а да графічных працаў за тонкім шклом можна было амаль прыціснуцца носам, каб разгледзець усё ў падрабязнасцях. Без гэтага выстава не мела б сэнсу, бо Брэйгель Старэйшы — гэта найперш дэталі. Ён маштабны мініяцюрыст — на вялізных палотнах прапісаныя найменшыя дробязі краявіду і персанажаў, не кажучы пра графіку. Некаторыя дэталі амаль немагчыма разгледзець і ацаніць, і тут музей падрыхтаваў для наведнікаў і ўсіх аматараў творчасці мастака яшчэ адзін сюрпрыз. Да адкрыцця выставы на сайце музея (Kunst Historisches Museum Wien) з’явіўся інтэрактыўны праект «Inside Bruegel» — палотны Пітэра Брэйгеля, якія знаходзяцца ў сталай экспазіцыі ў Вене, былі сфатаграфаваныя ў фармаце макраздымкаў, і любую частку палатна можна разгледзець з павелічэннем да сантыметра. Дэталізаванасць карцінаў агаломшвае, з такой неверагоднай любоўю выпісаны кожны фрагмент! Так на працах раскрываецца незаўважнае, нябачнае чалавечаму воку. Гэта таксама выразная рыса творчасці Пітэра Брэйгеля і яго мастацкай філасофіі. Ён гаворыць нам: «Людзі вельмі многае не здольны разгледзець». Праблема слепаты вельмі важная для мастака: мы ўсе бываем сляпыя да таго, што адбываецца побач. Мы не ўмеем прыглядацца, не валодаем мастацтвам бачыць. У той жа прасторы, дзе існуе чалавецтва, адбываюцца цудоўныя рэчы, а бачаць і разумеюць іх адзінкі. Нездарма цяжка ўбачыць на карцінах Брэйгеля людзей з выразна напісанымі, расплюшчанымі, удумлівымі вачыма. Асноўная маса яго герояў — сляпыя ў прамым сэнсе слова або ў пераносным, бо цалкам занурыліся ў свае клопаты.

Пры гэтым самі твары на карцінах і малюнках дзівяць. Майстар дробных дэталяў звяртае на выпісванне партрэтных рысаў неверагодна мала ўвагі — большасць з іх размытыя, як плямы, нібыта зробленыя пад капірку. Часам, калі б не касцюм, немагчыма было б зразумець, хто гэта: мужчына, жанчына ці дзіця. Часта галоўныя героі наогул стаяць да гледача спінаю. Чаму? Бо для ідэі, якую жадае данесці да нас Брэйгель, гэта неістотна. Кожны твар з кожнага палатна і малюнка можа аказацца тварам нашага суседа, знаёмага, брата, вашым тварам і маім уласным. Часу не існуе, усё адбываецца цяпер, і ўсе мы — героі гэтых сюжэтаў. Часам мастак кажа пра гэта амаль напрамую, напрыклад, у малюнку «Кожны» («Elck»). Складаная кампазіцыя малюнка паказвае аднаго і таго ж чалавека з барадою і ў акулярах у некалькіх чaсавых адрэзках: вось ён шукае нешта ў агромністай кучы рэчаў, трымаючы ліхтар, вось змагаецца з самім сабою за нейкую анучу, вось ён у бочцы, а вось у мяху. А малюнак на сцяне красамоўна гаворыць: «Ніхто не ведае сябе самога»…

Пітэр Брэйгель жадае навучыць нас бачыць. Мастак нібы гуляе з гледачом: ніколі сапраўдны змест яго карцінаў не раскрываецца з першага погляду. Калі не чытаць назвы, можна наогул не здагадацца, што адбываецца на палатне або малюнку, як найчасцей не бачаць гэтага і самі героі: жаўнеры не бачаць, як Саўл упаў з каня, а Боскае святло, якое ўразіла яго, ледзь заўважнае сярод раскошы навакольнага краявіду («Навяртанне Саўла»); жыхары нідэрландскага мястэчка выбіраюць на кірмашы свіней, цэдзяць піва з вялізных бочак, цягнуць мяхі з таварам, дзеці катаюцца на лядзянках, і ніхто не бачыць сціплую пару людзей, якія прыйшлі здалёк запісацца ў мясцовую імправізаваную кантору («Перапіс у Бэтлееме»)... Кожны твор — загадка. Брэйгель нібы ставіць перад гледачом задачу ўбачыць сапраўднае, схаванае, але дае падказкі, якія патрабуюць уважлівасці і засяроджанасці. Ён пераварочвае ўсё з ног на галаву: дзеці на карціне могуць аказацца зусім не дзецьмі, лоўчыя на птушак — ахвярамі гэтых птушак, паляўнічыя — зусім не паляўнічымі, тры каралі-мудрацы — зусім не мудрымі… А нехта адзін заўсёды глядзіць знутры карціны проста на гледачоў, нібыта вачыма самога мастака, і ацэньвае нас, пытаецца: «А ты бачыш? А ты здагадаўся?».

Ёсць мастацтва і Мастацтва — тое вялікае, што паварочвае развіццё чалавецтва ў іншы бок, моцна ўплываючы на наступныя пакаленні творцаў і гледачоў, адгукаючыся ў далёкай будучыні, раскрываючыся новымі сэнсамі, нязменна трывожачы сэрцы. У музыцы мне найпрасцей прывесці такі прыклад — ёсць найцудоўнейшыя кампазітары, неверагодныя, вельмі таленавітыя, якія пакінулі незабыўныя творы, а ёсць Ёган Себасцьян Бах. І можна больш нічога не казаць, таму што Бах — гэта Мастацтва. І музыка падзяляецца на дзве часткі: да Баха і пасля яго. Гэтак жа, мне падаецца, і з Пітэрам Брэйгелем Старэйшым. Глядзіш на яго творы — і бачыш мноства алюзій, колераў, герояў з наступных эпохаў.

Брэйгель і сам вучыўся і перапрацоўваў досвед папярэдніх часоў, найперш італьянскага Рэнесансу. Глыбока ўражаны творчасцю Іераніма Босха, у ранніх працах ён у многім капіяваў стыль свайго суайчынніка, выкарыстоўваў падобную да ягонай сімволіку. Працуючы ў майстэрні гравюраў Іераніма Кока ў Антвэрпене, ён дасканала распрацаваў майстэрства малюнку. Асабліва цікава разглядаць самі малюнкі і тут жа побач — гравюры, зробленыя паводле іх. Неверагодныя «Сем грахоў» і «Сем цнотаў» — мора сімвалаў і зместаў, якія раскрываюцца ўсё большым багаццем, пакуль іх разглядаеш. Вось Зайздрасць з’ядае ўласнае сэрца, а Гнеў труціцца атрутаю, якую нясе ў руках, агідная рапуха паказвае брыдкасць Сквапнай душы, а манах папярэджвае Ляноту, што час мінае вельмі хутка. Апроч зразумелых сімвалаў, Брэйгель дадае іранічныя, а часам загадкавыя метафары: сярод бурнага мора тоне карабель, і марак імкнецца да Надзеі, якая стаіць на якары, а тут жа на беразе рыбак спакойна сядзіць з вудаю, не звяртаючы ўвагі на шторм; гравюра, якая ўвасабляе Справядлівасць, поўная выяваў катаванняў і караў, а на заднім плане — сцэна Хрыстовага ўкрыжавання: мастак нібы пытаецца, няўжо справядлівасць павінна быць такая?

Ён сам уважліва ўглядаецца ў рэальнасць, шукаючы праўды, імкнучыся яе зразумець. Гэтая тэма мастацкага пошуку асабліва выяўляецца ў малюнку «Мастак і заказчык-знаўца». Выяву мастака на ім нельга назваць аўтапартрэтам, і наогул, дакладных патрэтаў Брэйгеля Старэйшага не захавалася, але гэты вобраз — засяроджаная фігура перад мальбертам з пэндзлем у руцэ, з глыбокім задумлівым позіркам уважлівых вачэй пад густымі бровамі — можна смела лічыць духоўным аўтапартрэтам. Кантрастам да яго выступае фігура заказчыка з даўганосым, у акулярах тварам. Ён цягнецца наперад, каб праз плячо мастака разгледзець ягоную працу. Уся яго постаць — увасабленне неразумення і невуцтва, і з першага погляду ясна, што гэты «знаўца» не ведае нічога.

Можа таму, Брэйгель Старэйшы, працуючы ў асноўным на замову, хоць і быў вельмі запатрабаваным мастаком, не браў замовы на партрэты, а ўсім вядомыя, класічныя, замоўленыя яму сюжэты ператвараў у зусім незвычайныя, часам вельмі дзёрзкія, часам глыбока філасофскія, але ўбачыць гэта можа толькі вельмі ўважлівы глядач.

У 1563 г., прыблізна ў 38 гадоў, Брэйгель з сям’ёю перасяляецца ў Брусэль і там цалкам раскрываецца як жывапісец. Там ён піша вядомыя палотны «Пакланенне мудрацоў», «Шлях на Галготу», жывапісны цыкл «Поры года», «Вясковае вяселле», «Вясковы танец», «Зімовы краявід з канькабежцамі і птушынай пасткай», абедзве «Вавілонскія вежы» (у дакументах сучаснікаў узгадваецца яшчэ і трэцяя, мініяцюра, але яна не дайшла да нашых часоў) і іншыя.

З усіх гэтых палотнаў яшчэ выразней гучыць пасланне мастака: «Усё важнае схавана ў глыбіні, быць побач — не тое самае, што бачыць і разумець. Будзь уважлівы, чувай, каб не прапусціць цуд, каб адгадаць загадку гэтага свету, і памятай, што галоўнае не заўсёды бывае на пярэднім плане».

Звернем увагу на палатно «Шлях на Галготу»: фігуру Хрыста, які знаходзіцца ў самым цэнтры палатна, цяжка заўважыць сярод натоўпу, які Яго атачае. Усе занятыя сабою, усе бягуць, каб хутчэй паглядзець на відовішча — пакаранне смерцю трох злачынцаў. Толькі адзін жаўнер запытальна глядзіць на нас з карціны: маўляў, а вы заўважылі? На першым плане сярод плачучых фігураў Багародзіцы, святога Яна і жанчынаў вылучаецца яшчэ адна — з шырока расплюшчанымі чорнымі вачыма стаіць, учапіўшыся ў слуп для калесавання, невядомы вучань Хрыста, па выглядзе — сучаснік мастака. Ён — сярод тых нямногіх, хто разумее, што адбываецца на карціне, і таму яго бледны напружаны твар і позірк так пужаюць. Натоўп віруе ў даліне, а над ім на скале маўклівым сведкам узносіцца вятрак. Ветракі часта паказаныя на малюнках і палотнах Брэйгеля як сімвалы кругаверці прыроды і часу. Тое, што адбывалася на крыжовым шляху на Галготу, адбываецца і цяпер: кола часу паварочваецца, а гэтая Ахвяра застаецца, як і натоўп, што атачае Яе.

Пітэр Брэйгель Старэйшы — мастак, які сярод іншага вызначыўся і тым, што на сваіх карцінах замест прывычнага перанясення гледача ў рэальнасць біблійных падзеяў пераносіць самі падзеі ў нашую рэальнасць. Пра гэта — адна з маіх улюбёных яго працаў, «Пакланенне мудрацоў у снезе», якая знаходзіцца ў экспазіцыі маленькага музея ў Вінтэртуры, у Швейцарыі. Зімовая вёска патанае ў свежых гурбах, а яе жыхары — у сваіх зімовых справах. Галоўнае ў Брэйгеля ніколі не бывае ў цэнтры, на паверхні, вось і тут вялікія падзеі адбываюцца ў самым ніжнім кутку карціны. Укрыты снегам дах, некалькі схіленых фігураў, светлы, поўны ззяння жаночы абрыс з Дзіцем на руках — усё гэта ледзь заўважна, бо прастору палатна засыпаюць вялізныя пульхныя камякі снегу. Брэйгель, імаверна, першы з мастакоў так намаляваў снег. І адчуваецца, што гэты снег, у адрозненне ад большасці людзей, «разумее» значнасць падзеі і нібы імкнецца суцішыць, упрыгожыць, асвятліць свет, у які прыйшло Хрыстовае Нараджэнне… І мы, гледзячы на яго, таксама пачынаем гэта разумець…

Жывапіс Брэйгеля, думаецца мне, так блізкі і таму, што ягоная зіма — гэта нашая вясковая зіма са снегам, катаннем на каньках, зімовымі паляваннямі і смаленнямі вепрукоў, і лета Брэйгеля — гэта нашае лета, не італьянскае і тым больш не палестынскае. Фантастычнасць і рэальнасць у яго творах дзіўным чынам пераплятаюцца і зацягваюць у сябе, змушаюць уважліва ўглядацца і следам за мастаком шукаць сапраўдны сэнс таго, што адбываецца навокал, вучыцца бачыць і разумець.

Фота аўтара і Дзмітрыя Косава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY